У Крычаве пабудавалі дамы ў стыле “хайтак” – столі працякаюць, тынкоўка асыпаецца, тратуары развальваюцца

Пракуратура Крычаўскага раёна выявіла вялікая колькасць дэфектаў будаўнічых работ шматкватэрных новабудаў горада, з-за чаго іх эксплуатацыя абцяжарана. Адзін такі новы дом №37 знаходзіцца па вуліцы Шчорса, а дамы №43 і 44 на мікрараёне Камсамольскім.

Так, у ходзе праверкі выяўлена: тынкоўка фасада і пад’ездаў, адмостка дома №44 разбураюцца, фарба фасада часткова адпластавалася, плітка на ўваходах у пад’езды і сутарэнні, а таксама паблізу іх часткова адсутнічае або асела. Тратуарная плітка на момант праверкі разабрана, з-за чаго немагчыма перамяшчэнне па ходніку, вакол дома раскідана будаўнічае смецце. Улічваючы, што побач з домам знаходзіцца дзіцячая пляцоўка, гэтае смецце і тратуарная плітка могуць стаць прычынамі траўміравання дзяцей.

Пакрыццё бетоннай дарогі каля дома таксама разбурылася і ўтварыліся шматлікія ямы. У некаторых кватэрах працякаюць столі, з-за чаго ўтвараецца цвіль, а з-за недастатковага ўцяплення вокнаў у кватэрах частыя скразнякі.

Падобная сітуацыя склалася са станам адмосткі, тратуара, пад’ездаў і іншай архітэктуры дома №43.

Не лепшая сітуацыя з говабудам у раёне чыгуначнага вакзала. Выяўлена, што прыступкі дома №37 па уліцы Шчорса, якія вядуць у сутарэнні, разбураны. Плітка на ўваходзе ў пад’езд і на лесвічных пляцоўках адпластавалася або часткова адсутнічае, адмостка запэцканая тынкоўкай і фарбай, таксама часткова адсутнічае або разбурылася.

Агароджа ўнутрыдваравога праезду не замацавана належным чынам і хістаецца ў бакі, з фасада дома каля ўваходных дзвярэй у пад’езды звісаюць электрычныя правады, дамафоны пад’ездаў з унутранага боку ўваходных дзвярэй практычна не прыкрытыя, эстэтычны выгляд жудасны. Акрамя гэтага, сцены лесвічных пляцовак маюць падцёкі, абшыўка труб інжынерных сетак, якія праходзяць праз лесвічныя пляцоўкі, часткова адсутнічае.

Выяўлены дэфекты і ў асобных кватэрах: напрыклад, уваходныя дзверы кватэры №4 цалкам не адчыняеюцца, бо ніжняя частка дзвярэй упіраецца ў падлогу, а ў кватэры №38 працякаюць столі, з-за чаго на сценах утварылася цвіль і шпалеры адышлі ад сцяны паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”. 

Нягледзячы на тое, што гарантыйны тэрмін на збудаваныя аб’екты яшчэ не прайшоў, але належных мер па выпраўленні шматлікіх дэфектаў у новабудах з боку крычаўскага камунальнага прадпрыемства па капітальным будаўніцтве так і не здзейснена.

Фота mogilev media і з адкрытых крыніц

Напластаванні тынкоўкі прыхарошаныя фарбаю. Адрамантаваная наспех школьная агароджа стане сюрпрызам для магілёўскіх вучняў на 1 верасня

Фотаздымкі з такой школьнай агароджай даслалі Магілёў.media чытачы.

«Рамонт агароджы перад першым верасня ў 11-й школе. Гэта канчатковы вынік», – напісалі  чытачы.

11 школа знаходзіцца ў Магілёве на вуліцы Мянжынскага. Гэтая гарадская мясціна ўдалечыні ад людных вуліц. Сюды рэдка наведваецца начальства.

Паводле старажылаў, агароджу перад галоўным уваходам у школу ўзвялі па Другой Сусветнай вайне. Ад таго часу яе рамантуюць. Адбіткі рамонту розных гадоў можна прасачыць па тынкоўцы. Яе напластаванні прыхарошаныя фарбаю.

Школа №11 з даўнімі традыцыямі і адна з найстарэйшых у горадзе. Яе адкрылі ў 1925 годзе, неўзабаве як Магілёў вярнула Беларусі савецкая Расія. Навучальная ўстанова, паводле старажылаў, была беларускамоўнай, бо тады ў краі трываў перыяд беларусізацыі. У цяперашнім будынку школа ад 1938 году.