Напластаванні тынкоўкі прыхарошаныя фарбаю. Адрамантаваная наспех школьная агароджа стане сюрпрызам для магілёўскіх вучняў на 1 верасня

Фотаздымкі з такой школьнай агароджай даслалі Магілёў.media чытачы.

«Рамонт агароджы перад першым верасня ў 11-й школе. Гэта канчатковы вынік», – напісалі  чытачы.

11 школа знаходзіцца ў Магілёве на вуліцы Мянжынскага. Гэтая гарадская мясціна ўдалечыні ад людных вуліц. Сюды рэдка наведваецца начальства.

Паводле старажылаў, агароджу перад галоўным уваходам у школу ўзвялі па Другой Сусветнай вайне. Ад таго часу яе рамантуюць. Адбіткі рамонту розных гадоў можна прасачыць па тынкоўцы. Яе напластаванні прыхарошаныя фарбаю.

Школа №11 з даўнімі традыцыямі і адна з найстарэйшых у горадзе. Яе адкрылі ў 1925 годзе, неўзабаве як Магілёў вярнула Беларусі савецкая Расія. Навучальная ўстанова, паводле старажылаў, была беларускамоўнай, бо тады ў краі трываў перыяд беларусізацыі. У цяперашнім будынку школа ад 1938 году.