Напластаванні тынкоўкі прыхарошаныя фарбаю. Адрамантаваная наспех школьная агароджа стане сюрпрызам для магілёўскіх вучняў на 1 верасня

Фотаздымкі з такой школьнай агароджай даслалі Магілёў.media чытачы.

«Рамонт агароджы перад першым верасня ў 11-й школе. Гэта канчатковы вынік», – напісалі  чытачы.

11 школа знаходзіцца ў Магілёве на вуліцы Мянжынскага. Гэтая гарадская мясціна ўдалечыні ад людных вуліц. Сюды рэдка наведваецца начальства.

Паводле старажылаў, агароджу перад галоўным уваходам у школу ўзвялі па Другой Сусветнай вайне. Ад таго часу яе рамантуюць. Адбіткі рамонту розных гадоў можна прасачыць па тынкоўцы. Яе напластаванні прыхарошаныя фарбаю.

Школа №11 з даўнімі традыцыямі і адна з найстарэйшых у горадзе. Яе адкрылі ў 1925 годзе, неўзабаве як Магілёў вярнула Беларусі савецкая Расія. Навучальная ўстанова, паводле старажылаў, была беларускамоўнай, бо тады ў краі трываў перыяд беларусізацыі. У цяперашнім будынку школа ад 1938 году.

 

Сітуацыя на мяжы з Беларуссю абвастраецца. Літоўскае войска і паліцыю просяць умяшацца

На Літоўска-Беларускай мяжы фіксуецца вялікі наплыў нелегальных мігрантаў. 

Па словах кіраўніка Службы аховы дзяржграніцы Рустама Любаева, рост колькасці нелегалаў назіраецца ўжо некалькі тыдняў.

«Ужо быў устаноўлены рэкорд гэтага года – за дзень не ўпусцілі больш за 100 чалавек. Даўно такога не было. Цяпер фіксуем каля 60-70 спробаў незаконнага перасячэння мяжы», даводзіць Любаеў.

Пасля таго, як нелегалаў паболела служба аховы дзяржграніцы звярнулася па дапамогу да арміі і паліцыі, піша інфармацыйнае агенцтва «Delfi».

Рустам Любаев кажа, што ўсё больш выпадкаў нелегальнага пранікнення там, дзе адсутнічае загарода і сістэма абароны мяжы. Фіксуюцца выпадкі пашкоджання фізічнага бар’ера – гэта, паводле службоўцы, робяць мігранты і беларускія пагранічнікі.

«З пачатку гэтага года зафіксавана каля 100 выпадкаў пашкоджання фізічнага барʼеру, адзначае ён. У 70 працэнтах загароду ламаюць там, дзе няма сістэм відэаназірання.

фота з рэсурсу: delfi.lt

У Магілёве навальніцай сарвала металічную агароджу з даху. На шчасце ніхто не пацярпеў

Металічную канструкцыю сарвала дужым парывам ветру. Цяпер у горадзе шугае навальніца.

Гэта адбылося на вуліцы Болдзіна, у цэнтры гораду, непадалёк ад тралейбуснага прыпынку. Агароджа з даху абрынулася на ходнік. У гэты момант на ім нікога не было.

Цяпер металічную канструкцыю прыбіраюць камунальнікі, якім стала вядома пра здарэнне.