У Магілёве навальніцай сарвала металічную агароджу з даху. На шчасце ніхто не пацярпеў

Металічную канструкцыю сарвала дужым парывам ветру. Цяпер у горадзе шугае навальніца.

Гэта адбылося на вуліцы Болдзіна, у цэнтры гораду, непадалёк ад тралейбуснага прыпынку. Агароджа з даху абрынулася на ходнік. У гэты момант на ім нікога не было.

Цяпер металічную канструкцыю прыбіраюць камунальнікі, якім стала вядома пра здарэнне.

Жыхары Магілёва падзякавалі Магілёў.media. Ім прыбралі сквер

Як сцвярджаюць магілёўцы, дзякуючы публікацыі ў Магілёў.media камунальнікі прыбралі смецце ў скверы на вуліцы Мянжынскага.

30 чэрвеня Магілёў.media атрымаў калектыўны зварот ад жыхароў прылеглых да скверу вуліц з просьбай паўплываць на камунальнікаў. Магілёўцы спадзяваліся, што даведаўшыся з «апазіцыйнай прэсы» пра сітуацыю ў скверы чыноўнікі адрэагуюць.

«Ля кожнай лаўкі поўная сметніца. Птушкі расцягваюць смецце, а вецер разносіць яго па скверы. Мы і не ведаем, ці ёсць у нас смецяры», – абураліся аўтары ліста.

2 чэрвеня ў Магілёў.media прыйшоў ліст з падзякай.

«Толькі што прыбралі сквер, дзякуем вам», – гаварыцца ў ім.

Магілёў.media у сваю чаргу дзякуе магілёўцам, якія чытаюць яго публікацыі, пішуць яму, дзеляцца сваімі радасцямі і спадзяюцца на дапамогу журналістаў. Паверце, у наш няпросты час – гэта сапраўды прыемна.

Паштовая скрынка інфармацыйнага рэсурсу не змянілася – [email protected]. Чакайма вашых лістоў.

 

Паўплывайце на камунальнікаў. Чаму не прыбіраюць?

У Магілёў.media звярнуліся жыхары вуліцы імя Мянжынскага з просьбай прымусіць камунальнікаў прыбраць мясцовы сквер. Па іх словах мясціна, якую з цяжкасцю прывялі да ладу, цяпер пераўтвараецца ў сметнішча.

«Ля кожнай лаўкі поўная сметніца. Птушкі расцягваюць смецце, а вецер разносіць яго па скверы. Мы і не ведаем, ці ёсць у нас смецяры», – абураюцца жыхары.

Па словах аўтараў ліста кожны з іх тэлефанаваў у «Кантакт-цэнтр 115», але плёну ад гэтага няма. Супрацоўнікі выслухоўвалі, абяцалі даць рады і на гэтым гісторыя сканчалася. Некаторыя з жыхароў, пішуць чытачы, бяруць пакеты і самі збіраюць расцягнутыя і развеяныя адыходы.

Магілёўцы спадзяюцца, што даведаўшыся з «апазіцыйнай прэсы» пра іх клопат чыноўнікі адрэагуюць.

 

У адным з дамоў Магілёва «пайшоў» дождж. Камунальнікі доўга думалі, ці ратаваць жыхароў

Жыхары дому ў мікрараёне «Саломенка» выклалі ў сацыяльныя сеткі відэа з затапленнем пад’езду. На ім бачна, што вада льецца цурком па сценах і дажджом з паверху вышэй. 

У допісе гаворыцца, што пад’езд заліты з 9 па 1 паверхі. Тым часам, супрацоўнікі ЖЭУ-9, якое месціцца на вуліцы Крупскай, на тэлефанаванні адказвалі, што праблеме дадуць рады цягам сутак.

Жыхары пішуць, што ў пад’ездзе нядаўна зрабілі капітальны рамонт і цяпер бядуюць, што нанесеныя страты не будуць кампенсаваныя.

Ваду ўсё ж камунальнікі адключылі. Праўда, як кажуць жыхары, пасьля “патопу” не працуе ліфт. Нібыта, каратнула. Дом, у якім адбылася “непрыемнасць” вядомы ў ваколіцах тым, што яго рамантуюць гадоў з пяць і ніяк працы ня скончаць.

 

Фотафакт. У магілёўскіх камунальнікаў няма рэсурсаў на касавіцу. Двары зарастаюць травой

Чытачы Магілёў.media скардзяцца, што падворкі шматкватэрнай забудовы зараслі травой. Месцамі яна сягае па пояс даросламу чалавеку.

Просьбы жыхароў супрацоўнікі жыллёва-камунальных арганізацыяў выслухоўваюць, абяцаюць прыняць меры, але трава застаецца не скошанай.

Людзі адзначаюць, што ў мінулыя гады смецяры выкошвалі траву дысцыплінавана раз на месяц, нават тады, калі ў тым не было патрэбы.

Цяпер жа гукаў іхнага рыштунку не чуваць. У прыватных гутарках камунальнікі прызнаюцца, што на касавіцу няма рэсурсаў. Яны ўпарадкавалі толькі броўкі ля праезнай часткі, на выпадак, калі заявіцца начальства.

 

Камунальнікі ўзяліся выкошваць газоны з дзьмухаўцамі. У Еўропе ж лічаць раннюю касавіцу травы шкоднай для балансу прыроднага асяроддзя

У выданне даслаў ліст чытач, абураны тым, што «камунальнікі штогод вядуць апантаную бессэнсоўную барацьбу з прыгажосцю». На ягоны погляд «дзьмухаўцы – гэта прыгажосць, якую дорыць прырода», і ў маі, адзначае ён, магілёўцы маюць магчымасць любавацца іх квітненнем.

«Нібыта прыродныя дыванкі пакрываюць газоны паміж шэрымі савецкімі шматпавярхоўкамі», – паэтычна апісвае ён прыродную з’яву.

«Камунальнікі ж нішчаць прыгажосць у самым зародку, нібыта, імкнучыся зрабіць жыццё гараджанаў шэрым і аднастайным», – абураецца чытач.

Ён згаджаецца, што траву на газонах варта выкошваць, але, заўважае: рабіць тое варта з розумам.

«Дзьмухаўцы, як і іншыя краскі жыццёва неабходны экасістэмам», настойвае магілёвец.

У Еўрапейскіх краінах барацьба, працягвае ён, з раннім скошваннем травы завяршылася перамогай эколагаў, якія даказалі: гэта шкодна для навакольнага асяроддзя гораду. Найперш пакутуюць насякомыя, якія жыццёва неабходныя для балансу прыроднага асяроддзя. Асабліва церпяць дзікія пчолы.

Рэгіёны Еўропы адзін за адным распрацоўваюць рэкамендацыі, якія раяць пачынаць пакос травы на газонах у другой палове чэрвеня. Або ўстрымлівацца хаця б да яго пачатку – самага актыўнага месяца квітнення траў. Дарэчы, гэта карысна і для разнастайнасці травянога покрыва, падсумоўвае чытач нашага выдання.

 

У Горках ніяк не прыбяруць апалае лісце

У Горках дамагаюцца ад камунальнікаў прыбраць газоны. Тыя на патрабаванні жыхароў не рэагуюць. Людзі робяць выснову: газоны, гэта нічыйная пляцоўка. 

Жыхары дамоў на вуліцы Будаўнікоў наракаюць, што леташняя лістота гурбамі ляжыць паміж дрэў і сярод кустоўя, хоць ужо ў бліжэйшы час настане пара падстрыгаць маладую траву.

– Мы кожны год прыбіраем каля свайго пад’езда і пад вокнамі з супрацьлеглага боку дома. Супрацоўнікі дзіцячага сада, які знаходзіцца побач, таксама падтрымліваюць парадак на даручанай тэрыторыі. А вось гэтыя газоны, атрымліваецца, нічые? Ці іх усё ж такі павінны прыводзіць у парадак работнікі камунальных службаў? Я ўжо некалькі разоў звярталася да іх, прасіла прыбраць гэтае лісце, вынік пакуль нулявы – распавяла выданню horki.info Ірына Уладзіміраўна, жыхарка аднаго з тутэйшых дамоў.

 


Вуліца Будаўнікоў знаходзіцца на ўскраіне горада, але гэта густазаселенае паселішча побач з цэнтральнай вуліцай райцэнтру Якубоўскага. Ад райвыканкаму 10 хвілінаў гарадзкім аўтобусам.


 

Яна сцвярджае, што ўжо пісала прадпрыемству “Камунальнік” і тэлефанавалі на “гарачую лінію115”, але адзінае, што зрабілі службы – змялі частку лістоты ў кучы ды пакінулі.

 

 

Васкрасенскія могілкі ў Магілёве па-варварску знішчаюцца камунальнікамі

Нашы чытачы прыслалі ў рэдакцыю сведчанні таго, як знішчаюцца старажытныя надмагіллі на Васкрасенскіх (альбо Лютэранскіх) могілках, якія размяшчаюцца паміж праспектам Міру і вуліцай Лазарэнкі, недалёка ад школы №4.

Як бачна з прысланых фотаздымкаў, камунальныя службы валяць дрэвы проста на надмагіллі, многія з якіх былі пастаўлены яшчэ ў ХІХ стагоддзі.