Камунальнікі ўзяліся выкошваць газоны з дзьмухаўцамі. У Еўропе ж лічаць раннюю касавіцу травы шкоднай для балансу прыроднага асяроддзя

У выданне даслаў ліст чытач, абураны тым, што «камунальнікі штогод вядуць апантаную бессэнсоўную барацьбу з прыгажосцю». На ягоны погляд «дзьмухаўцы – гэта прыгажосць, якую дорыць прырода», і ў маі, адзначае ён, магілёўцы маюць магчымасць любавацца іх квітненнем.

«Нібыта прыродныя дыванкі пакрываюць газоны паміж шэрымі савецкімі шматпавярхоўкамі», – паэтычна апісвае ён прыродную з’яву.

«Камунальнікі ж нішчаць прыгажосць у самым зародку, нібыта, імкнучыся зрабіць жыццё гараджанаў шэрым і аднастайным», – абураецца чытач.

Ён згаджаецца, што траву на газонах варта выкошваць, але, заўважае: рабіць тое варта з розумам.

«Дзьмухаўцы, як і іншыя краскі жыццёва неабходны экасістэмам», настойвае магілёвец.

У Еўрапейскіх краінах барацьба, працягвае ён, з раннім скошваннем травы завяршылася перамогай эколагаў, якія даказалі: гэта шкодна для навакольнага асяроддзя гораду. Найперш пакутуюць насякомыя, якія жыццёва неабходныя для балансу прыроднага асяроддзя. Асабліва церпяць дзікія пчолы.

Рэгіёны Еўропы адзін за адным распрацоўваюць рэкамендацыі, якія раяць пачынаць пакос травы на газонах у другой палове чэрвеня. Або ўстрымлівацца хаця б да яго пачатку – самага актыўнага месяца квітнення траў. Дарэчы, гэта карысна і для разнастайнасці травянога покрыва, падсумоўвае чытач нашага выдання.