Жыхары прыгарада Магілёва скардзяцца ўжо колькі год – ад кожнага дажджу вёска проста тоне

За некалькі апошніх гадоў у вёсцы Гарадшчына, якая знаходзіцца на самым ускрайку Магілёва, абвастрылася праблема з пастаянным затапленнем вадой. Варта прайсцю любому, самаму маленькаму дажджу, і вада з мясцовага возера разліваецца на ўчасткі. Вада стаіць у агародах, падтапляе скляпы, разбурае пабудовы і агароджы – піша “Прыдняпроўская ніва”.

Звычайна затапліваюцца Цэнтральная, Садовая і Лясная вуліцы. Праблему з рэгулярнымі затапленнямі агучвалі раённым чыноўнікам ужо не раз. Цяпер жа прынята рашэнне правесці ў вёсцы масштабныя працы па водаадвядзенні. 

– Штучныя вадаёмы, якія знаходзяцца паблізу ад дадзеных вуліц, не могуць справіцца з прыёмам вады, яны перапаўняюцца і далей па рэльефе сцякаюць у самыя нізкія кропкі. Нажаль, гэта ўчасткі грамадзян. – тлумачыць сітуацыю начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва Магілёўскага райвыканкама Канстанцін Барздоў – У вясновы і восеньскі перыяды праблема прымае катастрафічны маштаб, таму было прынята рашэнне аб правядзенні глабальных работ па адвядзенні дажджавых і талых вод.

Паведамляецца, што сетку па водаадвядзенні пачнуць будаваць у Гарадшчыне ў жніўні 2024 года. Аднак звяртае на сябе ўвагу той факт, што “аб’ект уключаны ў Інвестыцыйную праграму Магілёўскага раёна на 2024-2026 гады” – а гэта значыць, што пачатак работ могуць перанесці і на пазнейшыя тэрміны.

Фота: “Прыдняпроўская ніва”