Хутка чакаецца адкрыццё адноўленнага тэатральнага фантана ў Магілёве – з сюрпрызам

Падчас вясновай перапланіроўкі Камсамольскай вуліцы і сквера Герцана, які неўзабаве вярнуў сабе гістарычную назву Тэатральны, быў дэмантаваны фантан. Зараз вядуцца работы па будоўлі новага.

Плануецца, што фантан будзе адкрыты, калі не на дзень горада, то на пачатку ліпеня.

Фантан упрыгожыць новы твор магілёўца, скульптара Андрэя Вараб’ёва. Вядома, што яго праца будзе прысвечана тэме кахання, але падрабязнасці пакуль не раскрываюцца, каб захаваць інтрыгу.

Тэатральны фантан – улюбёнае месца многіх пакаленняў магілёўцаў. Яшчэ ў 2020 годзе выношваліся планы па стварэнню тут “цэнтра прыцягнення творчых сіл”. Такая ідэя агучвалася тады дырэктарам Магілёўскага драмтэатра Андрэем Новікавам, горача падтрымлівалася тагачасным дырэктарам Музея гісторыі Магілёва Аляксеем Бацюковым, тым больш, што дадзеная пляцоўка ўжо станавілася месцам рэалізацыі асобных мерапрыемстваў. Напрыклад, у 2019 годзе ўдзельнікамі міжнароднага арт-праекта “Магілёў вачыма гасцей” гэты фантан быў творча размаляваны. 

Нагадаем, што Тэатральны сквер вярнуў сваю гістарычную назву на пачатку гэтага лета. Ён месціцца за драмтэатрам – паміж вуліцамі Болдзіна і Камсамольскай – да вуліцы Ленінскай. Гэта найстарэйшы сквер горада, закладваўся ў 1829 годзе пры губернатары М. Мураўёве, як сад. Сквер быў агароджаны, летам у ім граў духавы аркестр. 

Пэўны час сквер называўся Мураўёўскім, у гонар губернатара, душыцеля паўстанняў 1830 і 1863-1864 гадоў. Потым – Тэатральным. У 1917-1919 гадах сквер меў назву Дняпроўскі, у 1919-2023 гадах – імя Герцэна. 

Фота: mogilev.media і mogilevnews.by

Сквер Герцэна ў Магілёве можа стаць Тэатральным

Магілёўскі гарвыканкам вывучае грамадскую думку магілёўцаў аб перайменаванні ў горадзе сквера імя А. Герцэна ў Тэатральны сквер – паведамляе magilev.by.

Сквер імя А. Герцэна знаходзіцца адразу за Магілёўскім драмтэатрам. Гэта найстарэйшы гарадскі сквер Магілёва. Закладваўся ў 1829 годзе, як сад. 

У 1888 годзе падчас будаўніцтва драматычнага тэатра частка насаджэнняў была высечана. Астатняя частка сквер займела назву Тэатральнага. 

У 1917-1919 гадах ён называўся Дняпроўскім, бо прымыкаў да Дняпроўскага праспекта, з 1919 года стаў сквер стаў насіць імя А. Герцэна. 

Пытанне перайменавання сквера ў Тэатральны ўздымалася на тапанімічнай камісіі не раз, але не знаходзіла шырокай падтрымкі. Магчыма, па выніках сёлетняга галасавання магілёўцаў, сквер стане Тэатральным ужо і афіцыйна. Да таго ж, знешне яго ўжо абнавілі падчас правядзення капітальнага рамонту Камсамольскай вуліцы.

Фота: mogilev.media

У Чэрыкаве шукаюць назву цэнтральнаму скверу

Мясцовая арганізацыя ветэранаў вайны і працы звярнулася ў райвыканкам з просьбай даць чэрыкаўскаму скверу па вуліцы Болдзіна назву “сквер Памяці і Славы”.

Фармальнасць, якую пасля гэтага павінен выканаць выканкам – абвясціць пра грамадскае абмеркаванне новай назвы. 

Цяпер кожны зацікаўлены можа з 16 студзеня па 15 лютага пісьмова накіраваць сваю прапанову ў Чэрыкаўскі раённы Савет Дэпутатаў. Адрас электроннай пошты –  [email protected]. Абавязкова трэба ўказваць прозвішча, імя, імя па бацьку, адрас месца жыхарства ці працы і свой электронны адрас – папярэджвае “Веснік Чэрыкаўшчыны”.

Фота: “Веснік Чэрыкаўшчыны”

Вэрхал адмяняецца, сквер каля 15 сярэдняй школы Магілёва не знішчаюць. Праводзіцца санітарная рубка

Ранішныя панічныя паведамленні ў дваравых чатах мікрараёнаў “Саломенка” і “8-й цагляны” пра вырубку сквера каля 15-й школы аказаліся праўдзівымі. Дрэвы сапраўды ссякаюць. Але, па словах работнікаў Магілеўзелянбуда, высякаюцца толькі ссохлыя дрэвы. Праводзіцца так званая санітарная рубка. 

Можна выдыхнуць спакойна. Акцыю супраціву, да якой заклікалі некаторыя гарачыя головы, праводзіць не варта. 

У Крычаве робяць экалагічны гарадок і мадэрнізуецца сквер, але будаўнікі не спраўляюцца

Падарунак на Дзень горада імкнуцца здаць хаця б да першага снегу. 

У райцэнтры мадэрнізуюцца гарадскі сквер на перакрыжаванні вуліц Савецкай і Ленінскай і ўзводзіцца экалагічны гарадок – паведамляе афіцыйны сайт Крычаўскай адміністрацыі. Пры гэтым кіраўніцтва раёна прызнае , што будаўнічыя работы ідуць нізкімі тэмпамі. “Будаўнікі не спраўляюцца” – піша сайт райвыканкама.

– Трэба паскорыцца і здаць аб’ект да таго часу, пакуль не пачнуцца праліўныя восеньскія дажджы і тым больш ляжа снег. – крытыкаваў на працоўнай нарадзе старшыня райвыканкама Андрэй Седукоў – Крычаўляне павінны гуляць у гэтым месцы, мамы з калясачкамі, падлеткі.

Дзень горада прымеркаваны да даты вызвалення Крычава ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і святкуецца 30 верасня 1943 года.

Экалагічны гарадок у Крычаве – падарунак крычаўлянам ад лясніцтваў краіны. На яго тэрыторыі ўжо ўстаноўлены альтанкі, абсталявана пляцоўка для вогнішча.

Акрамя гэтага, прадугледжана азяляненне гарадка, узвядзенне аглядальнай пляцоўкі, дзіцячай гульняевой пляцоўкі са спартовымі элементамі.

Будаўніцтва дзіцячай пляцоўкі спансіруецца РУП «Белмытсервіс», генеральны дырэктар якой Вадзім Бабарыкін з’яўляецца ўраджэнцам Крычаўшчыны.

Прыгожае відэа з краявідамі Магілёва. Зазірнём на праспект Міру

Гэтую мясціну з некалькімі скверамі, адзін з якіх мае сумную гісторыю, пазнае кожны магілёвец. Да ўзвядзення шматпавярховікаў над ёю дамінавала гасцініца «Магілёў». Яшчэ колькі дзясяткаў гадоў таму тут быў закутак «сялянскага» гораду. Праспект Міру змяніў яе аблічча.


Магілёў.media працягвае прагулкі па вядомым мясцінам гораду. Мы стараемся паказаць у сваіх відэазамалёўках хараство магілёўскіх краявідаў. Яны дапамагаюць адпачыць ад будзённасці, акунуцца ў свет гісторыі роднага гораду і, магчыма, угледзець будучыню.


 

Жыхары Магілёва падзякавалі Магілёў.media. Ім прыбралі сквер

Як сцвярджаюць магілёўцы, дзякуючы публікацыі ў Магілёў.media камунальнікі прыбралі смецце ў скверы на вуліцы Мянжынскага.

30 чэрвеня Магілёў.media атрымаў калектыўны зварот ад жыхароў прылеглых да скверу вуліц з просьбай паўплываць на камунальнікаў. Магілёўцы спадзяваліся, што даведаўшыся з «апазіцыйнай прэсы» пра сітуацыю ў скверы чыноўнікі адрэагуюць.

«Ля кожнай лаўкі поўная сметніца. Птушкі расцягваюць смецце, а вецер разносіць яго па скверы. Мы і не ведаем, ці ёсць у нас смецяры», – абураліся аўтары ліста.

2 чэрвеня ў Магілёў.media прыйшоў ліст з падзякай.

«Толькі што прыбралі сквер, дзякуем вам», – гаварыцца ў ім.

Магілёў.media у сваю чаргу дзякуе магілёўцам, якія чытаюць яго публікацыі, пішуць яму, дзеляцца сваімі радасцямі і спадзяюцца на дапамогу журналістаў. Паверце, у наш няпросты час – гэта сапраўды прыемна.

Паштовая скрынка інфармацыйнага рэсурсу не змянілася – [email protected]. Чакайма вашых лістоў.