У Крычаве робяць экалагічны гарадок і мадэрнізуецца сквер, але будаўнікі не спраўляюцца

Падарунак на Дзень горада імкнуцца здаць хаця б да першага снегу. 

У райцэнтры мадэрнізуюцца гарадскі сквер на перакрыжаванні вуліц Савецкай і Ленінскай і ўзводзіцца экалагічны гарадок – паведамляе афіцыйны сайт Крычаўскай адміністрацыі. Пры гэтым кіраўніцтва раёна прызнае , што будаўнічыя работы ідуць нізкімі тэмпамі. “Будаўнікі не спраўляюцца” – піша сайт райвыканкама.

– Трэба паскорыцца і здаць аб’ект да таго часу, пакуль не пачнуцца праліўныя восеньскія дажджы і тым больш ляжа снег. – крытыкаваў на працоўнай нарадзе старшыня райвыканкама Андрэй Седукоў – Крычаўляне павінны гуляць у гэтым месцы, мамы з калясачкамі, падлеткі.

Дзень горада прымеркаваны да даты вызвалення Крычава ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і святкуецца 30 верасня 1943 года.

Экалагічны гарадок у Крычаве – падарунак крычаўлянам ад лясніцтваў краіны. На яго тэрыторыі ўжо ўстаноўлены альтанкі, абсталявана пляцоўка для вогнішча.

Акрамя гэтага, прадугледжана азяляненне гарадка, узвядзенне аглядальнай пляцоўкі, дзіцячай гульняевой пляцоўкі са спартовымі элементамі.

Будаўніцтва дзіцячай пляцоўкі спансіруецца РУП «Белмытсервіс», генеральны дырэктар якой Вадзім Бабарыкін з’яўляецца ўраджэнцам Крычаўшчыны.