Рамонт дарогі на Першамайскай – а што будзе з лужынамі?

Каб расправіцца з адной такой, дарожнікі прачышчалі ліўневую каналізацыю, якой няма.

На цэнтральнай магілёўскай вуліцы ёсць тры легендарных лужыны. Дакладней, гэта тры кропкі, дзе горш за ўсё працуюць калодзежы ліўневай каналізацыі, калі яны там наогул ёсць. Самая вялікая – пад чыгуначным мастом каля вакзала. Рамонт Першамайскай, які праводзіцца гэтымі днямі ў Магілёве, да гэтай кропкі не дойдзе, таму пакінем яе ў спакоі. Другое месца, што ператвараецца ў мора разліванае падчас любой залевы –  скрыжаванне каля Мінскага рынку. Тут каналізацыйныя калодзежы прадугледжаныя, таму застаецца спадзявацца на іх своечасовае абслугоўванне. А ёсць яшчэ адна, трэцяя кропка, сітуацыя з якой – наглядны прыклад дбайнасці дарожных спецыялістаў падчас кожнага вялікага рамонту Першамайскай.

У сваім блогу на гэтую лужыну звярнуў увагу магілёўскі актывіст Дзяніс Васількоў. Ён узгадаў, што яшчэ два гады таму пачаў змагацца за вырашэнне праблемы каля скрыжавання вуліц Першамайскай і Мігая. Што ні дождж – тут вырастае агромністая лужына, якая доўга не сыходзіць, а мінакоў рэгулярна абдаюць брудам машыны, што праяжджаюць міма.

Скарга, адпраўленая Дзянісам Васільковым на партал “115.by” прывяла да парадаксальнага адказу з магілёўскага дарожна-маставога прадпрыемства – “калодзежы ліўневай каналізацыі прачышчаныя”. Парадаксальнага, таму што ніякіх ліўневых калодзежаў на гэтым участку Першамайскай няма. 

Наступная перапіска блогера з гарвыканкамам перайшла ў рэжым элегантнага адфутбольвання прасіцеля. Дырэктар дарожна-маставога прадпрыемства адказаў блогеру, што ДМП прачышчае толькі тыя калодзежы, што ўжо існуюць. Рабіць новыя можна толькі пры наяўнасці праектна=сметнай дакументацыі і фінансавання, а ўсяго гэтага ў 2020 годзе не аказалася. Дырэктар дазволіў сабе намёк на мслабую надзею, што ў 2021 могуць падумаць над дадзенай праблемай і паспрабаваць яе вырашыць.

Што атрымалася ў магілёўскіх дарожнікаў насамрэч – хутка пераканаемся. Новае дарожнае пакрыццё будзе вітаць гараджан ужо да канца гэтага месяца, а разам з ім, верагодна, і лужыны.

У каментарыі пад допісам Дзяніса Васількова ў Facebook іншы магілёвец даў апісанне свайго дыялога з работнікамі дарожна-маставога прадпрыемства:

“Толькі што знаёмага там сустрэў. Рамонтніка. Папрасіў яго не аднаўляць басейн.

— Как получітся.

Пачуў у адказ.”

 

Фота: vasilkou.com

Ад панядзелка ў Магілёве перакрываюць Першамайскую вуліцу

Замена дарожнага палатна будзе праходзіць на ўчастку ад вуліцы Камсамольскай да вуліцы Бонч-Бруевіча – гэта значыць, ад драмтэатра і да скрыжавання насупраць будынка Тэлерадыёкампаніі “Магілёў”. Усялякі рух транспарту на гэтым адрэзку цэнтральнай магілёўскай вуліцы будзе закрыты пачынаючы з панядзелка 15 красавіка і да 28 красавіка ўключна.

На гэты час увесь транспартны паток на сябе прымуць вуліца Піянерская і вуліца Ленінская, у якую Піянерская ператвараецца ў раёне будынка КДБ. Усе аўтобусы, маршрут якіх праходзіў па Першамайскай, цяпер будуць аб’яжджаць заблакаваны ўчастак дарогі па гэтых двух вуліцах. Зменіцца таксама рух тралейбусаў – яны будуць хадзіць да плошчы Арджанікідзэ, альбо да чыгуначнага вакзала. Не мяняецца толькі маршрут тралейбусаў №№ 5 і 16д. Яны будуць ездзіць як і раней – да таго часу, пакуль работы не пяройдуць на ўчастак ад старога падземнага перахода і да самага канца “Строммашыны”.

Вось тут можна знайсці падрабязнасці пра змену ў маршрутах аўтобусаў, а вось тут – тралейбусаў.

Але, увага! Прадстаўленыя на афіцыйных сайтах дадзеныя не ўлічваюць магчымай блакіроўкі руху па Першамайскай на ўчастку ад праспекта Міра да вуліцы Бонч-Бруевіча.

Фота: mogilev.media 

Што не так з рэканструкцыяй дома насупраць ЦУМа ў Магілёве – экспертны каментарый

Дом па вуліцы Першамайскай, 32 у Магілёве памяняў свой знешні выгляд. Mogilev.media пісалі пра гэта, дэманструючы шмат фота і відэа. А днямі на тэлеграм-канале “Спадчына” з’явіўся экспертны каментарый пра хібы, дапушчаныя магілёўскімі будаўнікамі на рэканструкцыі гэтага аб’екта.

Аўтар канала звяртае ўвагу на дробныя, амаль незаўважныя з абывацельскага пункта гледжання нюансы, якія, аднак, ствараюць агульную карціну ўсяго будынка. А будынак з нядаўняга часу ўваходзіць у спіс дамоў “каштоўнай забудовы”, на якіх забараняецца мяняць характар архітэктуры фасадаў.

Такім чынам, хібы, якія можна назіраць ужо зараз. Па-першае, парапетная сценка балкона стала роўнай, у той час як папярэдне яна мела раскрапоўку – прамавугольныя выступы на плоскасці.

Па-другое, памяняўся знешні выгляд балясін – ажурнага шэрагу калон у праёмах парапетнай сценкі. Цяпер яны не ідуць на адным узроўні з плоскасцю сценкі, а заглыбленыя.

Таксама змяніліся самі балясы – слупочкі парэнчаў. Раней гэта былі роўныя калоны цыліндрычнай формы з карынфскай капітэллю. Цяпер жа гэта фігурныя кеглепадобныя калоны з дарычнай капітэллю.

Па-трэцяе, адсутнічае кесаніраванне ніжняй плоскасці балкона. Кесон – гэта прамавугольнае заглыбленне. У ранейшым выглядзе балкон нібыта абапіраўся бэлькай на фігурныя кранштэйны з раслінным арнаментам. Зараз ён стаіць на прамавугольных выступах.

Таксама адсутнічаюць прафіляваныя паяскі, адзначае аўтар канала “Спадчына”, агаворваючыся, што іх яшчэ могуць дадаць. Але тыя, што зроблены – не адпавядаюць тым, што былі да рамонту.


“Магчыма, што пры аднаўленні паяскоў кіраваліся прафілямі з гістарычных чарцяжоў будынка – адзначае эксперт – але іншыя вышэй пералічаныя хібы кажуць пра тое, што чарцяжы тут наўрад ці адыгрывалі нейкую ролю. Больш менш праўдападобна аднавілі хіба што самі кранштэйны – і гэта ўжо вялікі прагрэс для горада.”


Фота: Тэлеграм-канал “Спадчына”, mogilev.media

Новы колер і новыя балконы. Як ідзе рамонт будынка насупраць ЦУМа ў Магілёве – фота, відэа

У Магілёве вядзецца рамонт дома па вуліцы Першамайскай, 32. Ідзе замена балконаў, даху і вадасцёчнай сістэмы. Акрамя таго, дом рэзка памяняў свой колер. Вось такім, светла-пясочным ён быў раней.

Цяпер жа дом наблізіўся па сваёй колеравай гаме да суседняга дома, у якім размяшчаецца гарадскі Цэнтр культуры.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Навіны Магілёўскага рэгіёну (@mogilev.media)

На будынку актыўна мяняюцца канструкцыі балконаў. Прычым як з галоўнага, так і з задняга фасадаў.

Фота, відэа: mogilev.media

Фотафакт. У Магілёве з’явілася яшчэ адна ратуша, але чамусьці Віцебская

Паштовую скрынку, зробленую ў выглядзе віцебскай ратушы, паставілі пры ганку галоўнага паштовага аддзялення гораду, што месціцца на вуліцы Першамайскай.

«Ратуша» зʼявілася тут па сканчэнні рамонту фасада і ўваходнай групы ў Галоўпаштамт.

Чаму магілёўскія паштавікі вырашылі паставіць скульптуру не сваёй ратушы, а віцебскай – невядома.

У Магілёве прайшло святочнае шэсце – са сланом, вадавозамі і розным трэшам

Традыцыйнае шэсце на дзень горада пачалося з плошчы Леніна і прайшло па Першамайскай да плошчы Славы.

Сярод удзельнікаў быў слон з цырка “Dziva”, калоны магілёўскіх прадпрыемстваў і устаноў.

Фота: magilev.by

 

 

 

Камунальнікі ўзяліся рамантаваць дом у цэнтры Магілёва, з якога на галовы гараджан адвальваюцца элементы дэкору

Пра небяспеку, што сыходзіць ад дому па Першамайскай, 12 Магілёў.media паведаміў чытач.

Ён напісаў, што кавалак дэкору адарваўся ад фасада і выкарыстоўваўся як груз, каб ветрам не зносіла цырату.

Магілёў.media пераканаўся: дом сапраўды развальваецца на вачах, некаторыя кавалкі тынкоўкі ўжо прыбраныя, а некаторыя застаюцца ляжаць, трымаючы плёнку.

Сёння, 15 чэрвеня, мы сталі сведкамі, як камунальнікі ўзяліся за рамонт фасаду.