Рамонт дарогі на Першамайскай – а што будзе з лужынамі?

Каб расправіцца з адной такой, дарожнікі прачышчалі ліўневую каналізацыю, якой няма.

На цэнтральнай магілёўскай вуліцы ёсць тры легендарных лужыны. Дакладней, гэта тры кропкі, дзе горш за ўсё працуюць калодзежы ліўневай каналізацыі, калі яны там наогул ёсць. Самая вялікая – пад чыгуначным мастом каля вакзала. Рамонт Першамайскай, які праводзіцца гэтымі днямі ў Магілёве, да гэтай кропкі не дойдзе, таму пакінем яе ў спакоі. Другое месца, што ператвараецца ў мора разліванае падчас любой залевы –  скрыжаванне каля Мінскага рынку. Тут каналізацыйныя калодзежы прадугледжаныя, таму застаецца спадзявацца на іх своечасовае абслугоўванне. А ёсць яшчэ адна, трэцяя кропка, сітуацыя з якой – наглядны прыклад дбайнасці дарожных спецыялістаў падчас кожнага вялікага рамонту Першамайскай.

У сваім блогу на гэтую лужыну звярнуў увагу магілёўскі актывіст Дзяніс Васількоў. Ён узгадаў, што яшчэ два гады таму пачаў змагацца за вырашэнне праблемы каля скрыжавання вуліц Першамайскай і Мігая. Што ні дождж – тут вырастае агромністая лужына, якая доўга не сыходзіць, а мінакоў рэгулярна абдаюць брудам машыны, што праяжджаюць міма.

Скарга, адпраўленая Дзянісам Васільковым на партал “115.by” прывяла да парадаксальнага адказу з магілёўскага дарожна-маставога прадпрыемства – “калодзежы ліўневай каналізацыі прачышчаныя”. Парадаксальнага, таму што ніякіх ліўневых калодзежаў на гэтым участку Першамайскай няма. 

Наступная перапіска блогера з гарвыканкамам перайшла ў рэжым элегантнага адфутбольвання прасіцеля. Дырэктар дарожна-маставога прадпрыемства адказаў блогеру, што ДМП прачышчае толькі тыя калодзежы, што ўжо існуюць. Рабіць новыя можна толькі пры наяўнасці праектна=сметнай дакументацыі і фінансавання, а ўсяго гэтага ў 2020 годзе не аказалася. Дырэктар дазволіў сабе намёк на мслабую надзею, што ў 2021 могуць падумаць над дадзенай праблемай і паспрабаваць яе вырашыць.

Што атрымалася ў магілёўскіх дарожнікаў насамрэч – хутка пераканаемся. Новае дарожнае пакрыццё будзе вітаць гараджан ужо да канца гэтага месяца, а разам з ім, верагодна, і лужыны.

У каментарыі пад допісам Дзяніса Васількова ў Facebook іншы магілёвец даў апісанне свайго дыялога з работнікамі дарожна-маставога прадпрыемства:

“Толькі што знаёмага там сустрэў. Рамонтніка. Папрасіў яго не аднаўляць басейн.

— Как получітся.

Пачуў у адказ.”

 

Фота: vasilkou.com