Замена дарожнага палатна будзе праходзіць на ўчастку ад вуліцы Камсамольскай да вуліцы Бонч-Бруевіча – гэта значыць, ад драмтэатра і да скрыжавання насупраць будынка Тэлерадыёкампаніі “Магілёў”. Усялякі рух транспарту на гэтым адрэзку цэнтральнай магілёўскай вуліцы будзе закрыты пачынаючы з панядзелка 15 красавіка і да 28 красавіка ўключна.
На гэты час увесь транспартны паток на сябе прымуць вуліца Піянерская і вуліца Ленінская, у якую Піянерская ператвараецца ў раёне будынка КДБ. Усе аўтобусы, маршрут якіх праходзіў па Першамайскай, цяпер будуць аб’яжджаць заблакаваны ўчастак дарогі па гэтых двух вуліцах. Зменіцца таксама рух тралейбусаў – яны будуць хадзіць да плошчы Арджанікідзэ, альбо да чыгуначнага вакзала. Не мяняецца толькі маршрут тралейбусаў №№ 5 і 16д. Яны будуць ездзіць як і раней – да таго часу, пакуль работы не пяройдуць на ўчастак ад старога падземнага перахода і да самага канца “Строммашыны”.
Вось тут можна знайсці падрабязнасці пра змену ў маршрутах аўтобусаў, а вось тут – тралейбусаў.
Але, увага! Прадстаўленыя на афіцыйных сайтах дадзеныя не ўлічваюць магчымай блакіроўкі руху па Першамайскай на ўчастку ад праспекта Міра да вуліцы Бонч-Бруевіча.
Фота: mogilev.media