Працэс пайшоў – у Быхаве стартаваў ямачны рамонт

У Быхаве не даюць зіме спакойна скончыцца – ужо пачаўся ямачны рамонт.

Асноўную масу навін з Быхава, якія распаўсюджвае мясцовая газета, складаюць паяданне бліноў і ўкладка асфальту.

Вось і цяпер паведамляецца пра тое, што камунальнікі раённага цэнтра, вядомага разумнымі начальнікамі і дрэннымі дарогамі, не даюць зіме спакойна скончыцца – у горадзе ўжо стартаваў ямачны рамонт.

Не абыходзіцца без хітрасцяў, або, як іх называюць быхаўскія журналісты, “фішак”. Спецыялісты выкарыстоўваюць спецыяльную халодную асфальтабетонную сумесь, якую можна ўкладваць нават у мароз і пры ападках.

Пры гэтым не трэба чакаць застывання – транспарт можа ехаць па абноўленым участку адразу пасля ўкладкі.

Падобна, што векавая мара беларускіх камунальнікаў у Быхаве стала рэальнасцю: асфальт можна ўкладваць у дождж.

Аднак, галоўнай “фішкай” Быхава застаецца тое, што там да гэтага часу не могуць знайсці дырэктара УКП “Быхаўскі жылкамгас”, затрыманага ў сакавіку мінулага года. Ён таксама лічыўся вялікім аматарам асфальтавання вуліц.

Фота раённай газеты.

Камунальнікі Быхава самі ствараюць умовы для ўзнікнення несанкцыянаваных звалак

У Быхаве камеры фотазапісу зафіксавалі парушальнікаў, а заадно і месца, у якое несанкцыянаваная звалка гарманічна ўпісваецца.

У Быхаве змагаюцца з несанкцыянаванымі звалкамі фотапасткамі, караюць грамадзян за парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства і сыплюць прымаўкамі кшталту «Не сарыце там, дзе жывяце» або «Чыста не там, дзе прыбіраюць». Пры гэтым галоўным змагаром са смеццем лічыцца мясцовае УКП «Быхаўскі жылкамгас».

Раённая газета паведамляе, што «на мінулым тыдні аб’ектывы фотакамер зафіксавалі адразу некалькі парушэнняў. Быхаўчане на асабістым аўтатранспарце вывезлі бярвенне, будаўнічае смецце і старую мэблю на кантэйнерныя пляцоўкі, размешчаныя на Белагорскіх могілках і прызначаныя для рытуальных патрэб».

Камеры фотафіксацыі аказаліся справай аб’ектыўнай. Яны зафіксавалі не толькі парушальнікаў і іх смецце, але і агульны выгляд тэрыторыі вакол так званай пляцоўкі.

Чаго грахі ўтойваць? Першае жаданне, якое выклікае гэтае месца – акурат выкінуць тут смецце, бо маслам кашы ўжо не сапсуеш, а горш, чым ёсць, ужо не будзе.

Ледзь жывая агароджа могілак, пад’езд, які выглядае як выдатная ілюстрацыя бездарожжа – усё гэта таксама сфера адказнасці камунальнікаў.

Трэба адзначыць, што закрытыя Белагорскія могілкі – даўні галаўны боль мясцовых уладаў.

Ніякія камеры фотафіксацыі не выправяць бязладдзя, што пануе на габрэйскіх пахаваннях. Цытаванне народных мудрасцяў не дапаможа разабрацца з аварыйнымі дрэвамі-гігантамі, што не спілоўваліся дзесяцігоддзямі, а лоўля парушальнікаў ніяк не паўплывае на стан агароджы.

Дарэчы, быхаўчанам даўно абяцалі новыя могілкі: з добрымі пад’ездамі, распланаванымі дарожкамі і іншымі элементамі цывілізацыі.

Аднак усе планы рухнулі пасля затрымання ў сакавіку дырэктара УКП «Быхаўскі жылкамгас».

А цяпер улады Быхава выкарыстоўваюць казкі пра фотафіксацыю, каб адцягнуць увагу насельніцтва ад сапраўды значных праблем, якія яны не ў стане вырашыць.

Фота быхаўскай раённай газеты “Маяк Прыдняпроўя”.

Дарога ў хоцімскай вёсцы – яшчэ не асфальт, але ўжо вялікая палёгка

У самых адсталых вёсках Хоцімшчыны пра нармальныя дарогі ўжо і не мараць. Падсыпка бітай цэглай – ужо радасць.

У той час як Марына Васілеўская бараздзіць прасторы Сусвету, Хоцімшчына жыве сваімі бесхітраснымі радасцямі. У вёсцы Таклеўка, напрыклад, восенню і вясной было цяжка прабрацца да аўталаўкі ці атрымаць пошту праз непраходную гразь.

І вось «дзякуючы сумесным намаганням старшыні Забялышынскага сельскага выканаўчага камітэта Міхаіла Байкова і дырэктара УКП «Жылкамгас» Ігара Бусела праблема пачала вырашацца».

Па вёсцы прайшоў грэйдар, дарогу падсыпалі бутам, цэглай і камянямі.

Да ператварэння Таклеўкі ў вёску будучыні яшчэ далёка, але вялікая палёгка для мясцовых жыхароў, як трапна выказаліся журналісты раённай газеты, ужо наступіла.

Вось так, сумеснымі намаганнямі сціплых герояў накшталт Байкова і Бусела, Хоцімшчына перайшла на новы віток адраджэння сяла.

Фота раённай газеты “Шлях Кастрычніка”.