Прыбіралі, але не прыбралі: ААТ «Краснапольскі» пакінуў пасля сябе смецце ў вёсцы Ясенка

Адзінае сельгаспрадпрыемства раёна, якое афіцыйна прызнана яшчэ і неплацёжаздольным, не змагло давесці да канца нават элементарную ўборку.

Адзіны на ўвесь раён

ААТ «Краснапольскі» – не проста адно з прадпрыемстваў Краснапольскага раёна. Гэта адзінае сельскагаспадарчае прадпрыемства на ўсю тэрыторыю: каля 23 тысяч гектараў угоддзяў, малочная і мясная вытворчасць, збожжавыя і кармавыя культуры. Альтэрнатывы няма, канкурэнтаў няма, параўноўваць няма з чым. І менавіта таму працуе гэты калгас, проста скажам, своеасабліва.

Яшчэ ў 2016 годзе ААТ трапіла ў афіцыйны пералік неплацёжаздольных сельскагаспадарчых арганізацый Магілёўскай вобласці, фінансавае аздараўленне якіх патрабуе прыцягнення сторонніх інвестараў. Указ выйшаў са спазненнем гадоў на дваццаць – гаспадарка стратная фактычна з моманту распаду СССР. Інвестараў за гэтыя гады так і не знайшлі, бо дурняў няма.

Што засталося пасля «ўборкі»

А зусім нядаўна ААТ «Краснапольскі» праявіла сябе ў вёсцы Ясенка. Работнікі гаспадаркі абслугоўвалі сіласныя траншэі пры ўездзе ў населены пункт – і пакінулі пасля сябе пейзаж, на які без слёз глядзець немагчыма:

  • абрыўкі поліэтылену, якія вецер разносіць па наваколлі;
  • кавалкі бетонных пліт, кінутыя проста каля траншэй;
  • выкарчаваныя дрэвы, пакінутыя на ўзбочыне.

Усё кінута дагніваць там, дзе аказалася зручней – у гэтым усё Краснаполле.

Сезон не апраўданне

Май – гарачая пара і да ўборкі рукі не даходзяць у прынцыпе. Не таму што няма часу. Проста таму што няма каму і няма навошта: гаспадарка мёртвая ўжо трыццаць гадоў, а дзяржаўныя праграмы фінансавага аздараўлення “Краснапольскаму” як мёртваму прыпарка.

Паказальна, што ў красавіку 2026 года Краснапольскі раён удастоіўся асабістага візіту Лукашэнкі. Той прыехаў інспектаваць рыбаводства ў рыбгасе «Палуж», а заадно высветлілася, што мінеральныя ўгнаенні ў гаспадарках Магілёўшчыны захоўваюцца абы як.

Пасля адбылося звыклае старэчае бурчанне: пагрозы, праверкі па ўсёй краіне, даручэнне старшыні КДК «разабрацца і пасадзіць». Поліэтылен каля сіласных траншэй у вёсцы Ясенка ў гэты грозны спіс не ўвайшоў. Каму цікавае смецце, калі ў “Палужы” рыбы столькі, што яна выскоквае на бераг.

Фота раённай газеты.

Адкрылі з помпай, закінулі са смеццем: як у Крычаве абыходзяцца з дзіцячымі пляцоўкамі

КДК выявіў аварыйнае абсталяванне і бытавое смецце на тых самых дзіцячых пляцоўках, урачыстае адкрыццё якіх крычаўская прэса асвятляла як свята.

Традыцыя адкрываць з аркестрам

У Крычаўскім раёне склалася ўстойлівая традыцыя: адкрыццё кожнай новай дзіцячай пляцоўкі ператвараецца ва ўрачыстае мерапрыемства з ганаровымі гасцямі, прамовамі і фотаздымкамі для раённых СМІ.

У кастрычніку 2025 года на тэрыторыі дзіцячага сада N19 адкрылі інклюзіўную гульнявую пляцоўку – з манежам, інтэрактыўнымі стэндамі, інклюзіўнай пясочніцай і пражэктарамі для вячэрняга выкарыстання. На цырымоніі прысутнічалі прадстаўнікі «Белай Русі», Беларускага фонду міру і раённага аддзела адукацыі.

У 2022 годзе ў Дзіцячым парку з не меншай урачыстасцю адкрылі пляцоўку «О малой родине с любовью» ў рамках абласнога праекта. У аграгарадок Чырвоная Буда на адкрыццё пляцоўкі прыехаў асабіста старшыня райвыканкама, адзначыўшы, што адкрываць пляцоўкі стала «добрай традыцыяй» раёна. Аналагічныя цырымоніі праходзілі ў аграгарадках Маляцічы і Чырвоная Буда.

Што знайшоў КДК

Рэальнасць аказалася далёкай ад святочных рэпартажаў. Па выніках маніторынгу КДК Магілёўскай вобласці на крычаўскіх дзіцячых пляцоўках былі выяўлены парушэнні. На вуліцы Паўднёвай кантралёры зафіксавалі:

  •     разбураную агароджу гульнявой зоны;
  •     аварыйнае абсталяванне, якое ўяўляла небяспеку для дзяцей;
  •     бытавое смецце непасрэдна на тэрыторыі пляцоўкі;
  •     небяспечныя будаўнічыя адходы на прылеглай тэрыторыі;
  •     няскошаную траву і нефарбаваныя лаўкі.

Парушэнні ліквідаваны толькі пасля ўмяшання дзяржкантролю. Падобныя заўвагі былі прад’яўлены яшчэ да трох дзіцячых гульнявых пляцовак райцэнтра.

Гісторыя паўтараецца

Паказальна, што праблемы з крычаўскай ЖКГ маюць сістэмны характар. Яшчэ ў 2021 годзе КДК ужо правяраў камунальную гаспадарку раёна і выявіў куды больш сур’ёзныя парушэнні: незаконнае атрыманне крычаўскім УКВП «Камунальнік» сродкаў раённага бюджэту на суму больш за 190 тысяч рублёў, неэфектыўнае выкарыстанне дзяржаўнай маёмасці і прымяненне неправераных прыбораў уліку цяпла.

Карціна, якая складваецца з гэтых фактаў, выглядае так: сродкі на добраўпарадкаванне выдзяляюцца, пляцоўкі будуюцца і ўрачыста адкрываюцца, пасля чаго застаюцца без нармальнага абслугоўвання і паступова занепадаюць. Свята заканчваецца ў дзень разразання стужачкі. І так жыве ўжо трыццаць гадоў не толькі Крычаў, але і ўся Беларусь.

Фота раённай газеты.

Лукашэнка паабяцаў адрадзіць Дрыбіншчыну. Пачалі з смеццевых бакаў

У Дрыбін завезлі 106 новых кантэйнераў для смецця. Адраджэнне пачалося.

Пасля гучных заяў Лукашэнкі пра адраджэнне Дрыбіншчыны раён атрымаў першы адчувальны вынік – 106 новых пластыкавых кантэйнераў для смецця.

Сорак бакаў ужо расстаўлены па вуліцах райцэнтра. Яны з накрыўкамі, на колцах, сумяшчальныя з новымі смеццявозамі – увогуле, Еўропа.

Астатнія 66 адправяцца ў аграгарадкі, каб адраджэнне ахапіла ўвесь раён раўнамерна.

Жыхары, аднак, велічы моманту не адчулі і камунальшчыкі гэтым засмучаны. У кантэйнеры для змешаных адходаў ляціць шкло і пластык, пакеты кладуць міма, а прыватны сектар прывозіць хлам цэлымі прычэпамі.

Зрэшты, чаго чакаць: людзі відавочна разлічвалі на нешта большае, чым новы бак каля пад’езда. Але гэта большае, калі верыць Лукашэнку, наступіць да 2030 года. А верыць яму, як падказвае досвед, нельга.

Фота раённай газеты.

Смеццевы калапс у Магілёве – што вядома

Ці то навагоднія святы, ці то цыклон абрынулі стройную сістэму вывазу адходаў у Магілёве. У некаторых месцах горада кантэйнеры перапоўненыя ўжо некалькі дзён, і смецце выпаўзае за межы пляцовак. Такая сітуацыя назіраецца ў раёне «Тэхнапрыбора» і на «Юбілейным».

Жыхары фіксавалі прыезды нейкіх камісій, якія фатаграфуюць кантэйнеры, але гэтыя візіты пакуль нічога не змянілі.

Сярод версій таго, што ж усё-такі адбываецца, найбольш верагоднай выглядае думка, што кантэйнеры ўмерзлі ў лёд, іх складана выкаціць і выгрузіць.

Праблему нібыта як-небудзь вырашаюць улады, але пакуль усё выглядае так, быццам яны сутыкнуліся з ёй упершыню.

Так бывае заўсёды, калі памеры штомесячных заробкаў начальнікаў камунальных падраздзяленняў супастаўныя з коштам новага трактара.

Тады ўборка снегу становіцца ганаровым і свяшчэнным абавязкам кожнага грамадзяніна, а да праблемы кантэйнера, што ўмерз у лёд, даводзіцца прыцягваць некалькі нвукова-даследчых інстытутаў.

Фота: «Магілёў Онлайн».

Камунальнікі Быхава самі ствараюць умовы для ўзнікнення несанкцыянаваных звалак

У Быхаве камеры фотазапісу зафіксавалі парушальнікаў, а заадно і месца, у якое несанкцыянаваная звалка гарманічна ўпісваецца.

У Быхаве змагаюцца з несанкцыянаванымі звалкамі фотапасткамі, караюць грамадзян за парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства і сыплюць прымаўкамі кшталту «Не сарыце там, дзе жывяце» або «Чыста не там, дзе прыбіраюць». Пры гэтым галоўным змагаром са смеццем лічыцца мясцовае УКП «Быхаўскі жылкамгас».

Раённая газета паведамляе, што «на мінулым тыдні аб’ектывы фотакамер зафіксавалі адразу некалькі парушэнняў. Быхаўчане на асабістым аўтатранспарце вывезлі бярвенне, будаўнічае смецце і старую мэблю на кантэйнерныя пляцоўкі, размешчаныя на Белагорскіх могілках і прызначаныя для рытуальных патрэб».

Камеры фотафіксацыі аказаліся справай аб’ектыўнай. Яны зафіксавалі не толькі парушальнікаў і іх смецце, але і агульны выгляд тэрыторыі вакол так званай пляцоўкі.

Чаго грахі ўтойваць? Першае жаданне, якое выклікае гэтае месца – акурат выкінуць тут смецце, бо маслам кашы ўжо не сапсуеш, а горш, чым ёсць, ужо не будзе.

Ледзь жывая агароджа могілак, пад’езд, які выглядае як выдатная ілюстрацыя бездарожжа – усё гэта таксама сфера адказнасці камунальнікаў.

Трэба адзначыць, што закрытыя Белагорскія могілкі – даўні галаўны боль мясцовых уладаў.

Ніякія камеры фотафіксацыі не выправяць бязладдзя, што пануе на габрэйскіх пахаваннях. Цытаванне народных мудрасцяў не дапаможа разабрацца з аварыйнымі дрэвамі-гігантамі, што не спілоўваліся дзесяцігоддзямі, а лоўля парушальнікаў ніяк не паўплывае на стан агароджы.

Дарэчы, быхаўчанам даўно абяцалі новыя могілкі: з добрымі пад’ездамі, распланаванымі дарожкамі і іншымі элементамі цывілізацыі.

Аднак усе планы рухнулі пасля затрымання ў сакавіку дырэктара УКП «Быхаўскі жылкамгас».

А цяпер улады Быхава выкарыстоўваюць казкі пра фотафіксацыю, каб адцягнуць увагу насельніцтва ад сапраўды значных праблем, якія яны не ў стане вырашыць.

Фота быхаўскай раённай газеты “Маяк Прыдняпроўя”.

Грамадзяне Асіповіч трапіліся ў фотапасткі

Барацьба з тымі, хто стварае несанкцыянаваныя звалкі ў Асіповічах, дасягнула апагея.

Высокія тэхналогіі прыйшлі на дапамогу асіповіцкаму УКП ЖКГ у бітве з нізіннымі страсцямі тых, хто арганізоўвае ў горадзе несанкцыянаваныя сметнікі.

Прыборы фотафіксацыі, ўстаноўленыя ў месцах, дзе здзяйсненне правапарушэнняў найбольш верагоднае, спрацавалі дакладна, паказаўшы, што:

  • на кантэйнерную пляцоўку каля яўрэйскіх могілак грамадзянін вывез бой шыфера;
  • у ваколіцах пасёлка Ялізава мясцовы жыхар вывез асабістае смецце;
  • на кантэйнерную пляцоўку па вуліцы Чкалава жыхар шматкватэрнага дома вывез адыходы са свайго агарода.

Першы грамадзянін ужо аштрафаваны на 420 рублёў, а справы двух другіх жыхароў пакуль яшчэ разглядаюцца, але, падаецца, нічога добрага іх таксама не чакае.

Застаецца толькі дадаць, што высокія тэхналогіі, якія дабраліся-такі да Асіповіч і пасеялі паніку сярод парушальнікаў, у цывілізаваных краінах выкарыстоўваюцца дзесьці з сярэдзіны мінулага стагоддзя.

Фота раённай газеты “Асіповіцкі край”.

Эра беспакаранасці ў Слаўгарадзе прайшла – на Мар’іным Уцёсе ўсталявалі фотапасткі

Жыхарам Слаўгарада больш не дазволяць смеціць у зоне адпачынку, а звярам і птушкам – расцягваць смецце.

За людзей і звяроў вырашыў узяцца старшыня Слаўгарадскага райвыканкама Андрэй Кажамякін на чарговым пасяджэнні штаба па добраўпарадкаванню.

Ён быў да глыбіні душы абураны тым, што банер «Захаваем родны лес», усталяваны ў месцы адпачынку з паэтычнай назвай Мар’ін Уцёс, ігнаруецца і двухногімі адпачывальнікамі, і ляснымі братамі меншымі.

Райвыканкам зайшоў з козыраў – на кантэйнеры ўсталявалі накрыўкі, каб птушкі і звяры не маглі расцягваць смецце па лесе.

Адпачывальнікам таксама цяпер не атрымаецца схавацца ад усевідушчага вока штаба па добраўпарадкаванню – на Мар’іным Уцёсе ўсталявалі відэаназіранне і фотапасткі.

Раённая газета дакладна абазначыла сітуацыю ўсяго трыма словамі – эпоха беспакаранасці прайшла. Якая там ужо эпоха… Калі гаворка пра Слаўгарад, дык гэта была цэлая эра. Цяпер – усё з чыстага аркуша.

Як кажуць, любіце прыроду, маць вашу!

Фота газеты “Прысожскі край”.