П’яны быхаўчанін у рэстаране ўдарыў жанчыну бутэлькай па галаве

А як паступалі ў падобных выпадках з быхаўскімі чыноўнікамі, таксама здольнымі прыкласціся да сваіх блізкіх – чытайце ў нашым матэрыяле.

Нядаўна ў Быхаве на адкрытым пасяджэнні асудзілі мужчыну, які ў рэстаране, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, ударыў сваю сужыцельку бутэлькай па галаве.

Судзілі быхаўчаніна ў адкрытым пасяджэнні ў мясцовым РАУС і прыгаварылі да папраўчых работ тэрмінам на 10 месяцаў з утрыманнем 15 працэнтаў заработку на карысць дзяржавы.

Трэба сказаць, што аргумент у выглядзе ўдару бутэлькай па галаве для Быхава хоць і не звычайная з’ява, але і не надзвычайнае здарэнне. Райцэнтр ніколі не прэтэндаваў на званне культурнай сталіцы вобласці ці перамогу ў конкурсе раёна высокай культуры быту.

Прычым асаблівай вытанчанасцю манер ніколі не адрозніваліся ні звычайныя быхаўчане, ні члены “вертыкалі” Лукашэнкі.

Бывала так, што:

  • начальніца быхаўскага прадпрыемства біла нядбайных падначаленых гумавым шлангам;
  • старшыня райвыканкама пачынаў працоўную раніцу не з планёркі, а з праверкі самаадчування сваіх намеснікаў алкатэстарам;
  • дырэктар УКП “Быхаўскі жылкамгас” трапляў у ІЧУ пасля п’янай сваркі з жонкай.

Праўда, адкрытых пасяджэнняў або хоць бы таварыскіх судоў па гэтых выпадках не праводзілася, а меры ўздзеяння да быхаўскай эліты былі мякчэйшыя, чым папраўчыя работы.

Выглядала гэта так:

Такім чынам, галоўнымі прыярытэтамі для Быхава, што б там ні казаў Лукашэнка ды Ісачанка, былі і застаюцца кіно, віно і даміно, а ўсе навіны можна звесці да слоў класіка: “зноў п’юць тут, б’юцца і плачуць”.

Грамадзяне Асіповіч трапіліся ў фотапасткі

Барацьба з тымі, хто стварае несанкцыянаваныя звалкі ў Асіповічах, дасягнула апагея.

Высокія тэхналогіі прыйшлі на дапамогу асіповіцкаму УКП ЖКГ у бітве з нізіннымі страсцямі тых, хто арганізоўвае ў горадзе несанкцыянаваныя сметнікі.

Прыборы фотафіксацыі, ўстаноўленыя ў месцах, дзе здзяйсненне правапарушэнняў найбольш верагоднае, спрацавалі дакладна, паказаўшы, што:

  • на кантэйнерную пляцоўку каля яўрэйскіх могілак грамадзянін вывез бой шыфера;
  • у ваколіцах пасёлка Ялізава мясцовы жыхар вывез асабістае смецце;
  • на кантэйнерную пляцоўку па вуліцы Чкалава жыхар шматкватэрнага дома вывез адыходы са свайго агарода.

Першы грамадзянін ужо аштрафаваны на 420 рублёў, а справы двух другіх жыхароў пакуль яшчэ разглядаюцца, але, падаецца, нічога добрага іх таксама не чакае.

Застаецца толькі дадаць, што высокія тэхналогіі, якія дабраліся-такі да Асіповіч і пасеялі паніку сярод парушальнікаў, у цывілізаваных краінах выкарыстоўваюцца дзесьці з сярэдзіны мінулага стагоддзя.

Фота раённай газеты “Асіповіцкі край”.