У Шклоўскім раёне карыстацца водаразборнымі калонкамі будуць не ўсе

Цяпер у Шклоўскім раёне водаразборнымі калонкамі будуць карыстацца толькі тыя, хто жыве ў радыусе 120 метраў ад крыніцы вады. Ім выдадуць спецыяльную ручку, якую адбяруць, калі не будзеш своечасова аплачваць ваду.

Аргументы ў супрацоўнікаў “Водаканала” жалезабетонныя:

  • калонкамі нярэдка працягваюць карыстацца ўсе запар;
  • за выкарыстаную ваду многія не плацяць;
  • няўлічаныя «рэкі», якія сыходзяць у зямлю, адчувальна б’юць па фінансавым становішчы водаканалізацыйнай гаспадаркі.

Начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела філіяла «Магілёўскі водаканал» Міхаіл Драздоўскі разважае наконт новаўвядзення так: вядома, кожны мае законнае права карыстацца такім прыродным багаццем, як вада, аднак бескантрольны яе расход недапушчальны.

Логіка нагадвае рашэнне Астапа Бендэра, які вырашыў браць з турыстаў грошы за ўваход у “Правал”. Ён таксама жорстка аргументаваў сваё рашэнне неабходнасцю рамонту “Правала” – каб не занадта праваліўся.

А калі без жартаў, то справа, вядома, не ў тым, што водаканал збяднее ад рэк, якія ўцякаюць у зямлю. Ну, не стануць жа паліваць свой агарод бясплатнай вадой тыя, хто жыве ад калонкі далей чым за 120 метраў – на шлангах збанкрутуеш.

Проста вадой, як нацыянальным здабыткам, зацікавіўся Лукашэнка. А ён, як вядома, вельмі не любіць, калі нацыянальнымі здабыткамі карыстаецца нехта, акрамя яго. Такім чынам найгоршыя асцярогі беларусаў, якія мяркуюць, што хутка давядзецца плаціць за паветра, спраўджваюцца. І вельмі паказальна, што выкараняць бясплатныя калонкі сталі на Шклоўшчыне. Бо менавіта адтуль трыццаць гадоў таму і пачалася агульнанацыянальная катастрофа.

Фота раённай газеты.

Тры клімавіцкія актывісткі «Белай Русі» рэалізуюць сумесны праект з ЖКГ

Рэспубліканскі рух па добраўпарадкаванні ўсяго недобраўпарадкаванага набірае сілу, і клімавіцкая раённая арганізацыя РГА «Белая Русь» да яго далучылася.

Тры актывісткі кішэннай структуры рэжыму пафарбавалі горкі, турнікі і арэлі дзіцячай пляцоўкі ў двары дома № 123 на вуліцы Леніна.

Дзе быў у гэты час другі бок сумеснага праекта – невядома. Магчыма, актывісткі працуюць у мясцовай ЖКГ, і тады пазлы галаваломкі сыходзяцца.

У суседнім Крычаўскім раёне таксама нядаўна прайшла сумесная акцыя па рамонце дзіцячых пляцовак. Праўда, там у ЖКГ быў іншы партнёр – абласны Камітэт дзяржаўнага кантролю.

Вось ужо дзе ўзаемадзеянне было сапраўды эфектыўным – камунальнікі імгненна навялі парадак на дзіцячых пляцоўках, дзе сам чорт мог бы нагу зламаць.

Фота клімавіцкай раённай газеты.

Быхаўчане просяць паказаць стан асфальту на Стаханаўскай і развеяць міф пра супертэхналагічны рамонт

Быхаўскія прапагандысты любяць паказваць ударныя тэмпы рамонту асфальтавага пакрыцця на вуліцах горада. То там, то тут пад бадзёрую музыку кружаць трактары і каткі. Шчаслівыя работнікі ЖКГ або ДРБУ весела раскідваюць асфальт.

Карацей, усё танцуе і спявае, траўка зелянее, сонейка блішчыць.

Апошняя такая справаздача была апублікавана нядаўна. Гаворка ідзе пра тое, як мясцовае ДРБУ № 196 прыступіла да ўкладкі новага асфальту на дарозе Кузькавічы – Красніца.

Што мы бачым:

  • работы вядуцца поўным ходам;
  • задзейнічаны асфальтаўкладчык, 3 дарожныя каткі і 6 аўтамашын;
  • у вёсцы Кузькавічы будзе ўладкаваны абсалютна новы ўчастак дарогі працягласцю 1,7 кіламетра;
  • тут плануецца пакласці 3 228 тон асфальтабетону;
  • дагаворны кошт работ на гэтым аб’екце складае 1 мільён 30 тысяч рублёў.

А вось ролік пра асфальтавае пакрыццё на вуліцы Стаханаўскай у самім горадзе, апублікаваны ў TikTok, толькі мільгануў і знік. І нядзіўна. На ім паказана тое, як у Быхаве рамантуюцца дарогі, калі побач няма відэа- і фотакамер. Работы ў гэтым выпадку вядуцца па прынцыпе “пусці-павалюся”, без усялякіх балетных па. Пара лапат асфальту туды, пара – сюды, і ўсіх дзялоў. “Адну ямку засыпалі, а на другую асфальта не хапіла” – каментаваў сітуацыю аўтар роліка.

Відэадоказ разгільдзяйства, безгаспадарчасці і ашуканства быў выдалены не таму, што бардак выправілі. Проста змагары з рэальнасцю растлумачылі аматару здымак, на якім свеце ён жыве і як перашкаджае сваімі ролікамі будаўніцтву светлай будучыні ў Быхаве.

Аднак заткнуць рот усім у быхаўскіх уладаў не атрымліваецца. Быхаўчане звярнуліся да нас у рэдакцыю з цалкам нявіннай просьбай: папрасіць чыноўнікаў прадэманстраваць на відэа прыгажосці Стаханаўскай і не перацягваць коўдру на Кузькавічы.

Чакаем ад журналістаў “Маяка Прыдняпроўя” фільма і загадзя ўпэўненыя ў тым, што кінастужка пра Стаханаўскую заткне за пояс знакаміты “Сайлент Хіл”.

Фота з адкрытых крыніц.

Прыбіралі, але не прыбралі: ААТ «Краснапольскі» пакінуў пасля сябе смецце ў вёсцы Ясенка

Адзінае сельгаспрадпрыемства раёна, якое афіцыйна прызнана яшчэ і неплацёжаздольным, не змагло давесці да канца нават элементарную ўборку.

Адзіны на ўвесь раён

ААТ «Краснапольскі» – не проста адно з прадпрыемстваў Краснапольскага раёна. Гэта адзінае сельскагаспадарчае прадпрыемства на ўсю тэрыторыю: каля 23 тысяч гектараў угоддзяў, малочная і мясная вытворчасць, збожжавыя і кармавыя культуры. Альтэрнатывы няма, канкурэнтаў няма, параўноўваць няма з чым. І менавіта таму працуе гэты калгас, проста скажам, своеасабліва.

Яшчэ ў 2016 годзе ААТ трапіла ў афіцыйны пералік неплацёжаздольных сельскагаспадарчых арганізацый Магілёўскай вобласці, фінансавае аздараўленне якіх патрабуе прыцягнення сторонніх інвестараў. Указ выйшаў са спазненнем гадоў на дваццаць – гаспадарка стратная фактычна з моманту распаду СССР. Інвестараў за гэтыя гады так і не знайшлі, бо дурняў няма.

Што засталося пасля «ўборкі»

А зусім нядаўна ААТ «Краснапольскі» праявіла сябе ў вёсцы Ясенка. Работнікі гаспадаркі абслугоўвалі сіласныя траншэі пры ўездзе ў населены пункт – і пакінулі пасля сябе пейзаж, на які без слёз глядзець немагчыма:

  • абрыўкі поліэтылену, якія вецер разносіць па наваколлі;
  • кавалкі бетонных пліт, кінутыя проста каля траншэй;
  • выкарчаваныя дрэвы, пакінутыя на ўзбочыне.

Усё кінута дагніваць там, дзе аказалася зручней – у гэтым усё Краснаполле.

Сезон не апраўданне

Май – гарачая пара і да ўборкі рукі не даходзяць у прынцыпе. Не таму што няма часу. Проста таму што няма каму і няма навошта: гаспадарка мёртвая ўжо трыццаць гадоў, а дзяржаўныя праграмы фінансавага аздараўлення “Краснапольскаму” як мёртваму прыпарка.

Паказальна, што ў красавіку 2026 года Краснапольскі раён удастоіўся асабістага візіту Лукашэнкі. Той прыехаў інспектаваць рыбаводства ў рыбгасе «Палуж», а заадно высветлілася, што мінеральныя ўгнаенні ў гаспадарках Магілёўшчыны захоўваюцца абы як.

Пасля адбылося звыклае старэчае бурчанне: пагрозы, праверкі па ўсёй краіне, даручэнне старшыні КДК «разабрацца і пасадзіць». Поліэтылен каля сіласных траншэй у вёсцы Ясенка ў гэты грозны спіс не ўвайшоў. Каму цікавае смецце, калі ў “Палужы” рыбы столькі, што яна выскоквае на бераг.

Фота раённай газеты.

Пешаходны мост у Горках як сімвал эпохі бардака

У той час, калі касмічныя караблі барозняць прасторы Сусвету, пешаходны мост у Горках, які злучае вуліцы Талстога і Матросава, разваліўся. 

Пра гэта “ў рэдакцыю раённай газеты паступіў электронны ліст ад жыхаркі горада, якая наракала на аварыйны стан пешаходнага моста, які злучае вуліцы Талстога і Матросава”.

З пешаходнымі масткамі ў Горках, як дакладна заўважылі мясцовыя журналісты,

“далёка не ўсюды сітуацыя была станоўчай”.

Яшчэ б! Пешаходныя масты ў горадзе, дзе знаходзіцца цэлая сельгасакадэмія, не стаяць на балансе ніводнай з арганізацый раёна, а УКВП «Коммунальник» займаецца іх рамонтам па магчымасці.

А магчымасць, штука такая, што масты гэтыя ўсім да лямпачкі.

Больш за тое, дастаткова зірнуць на фота, каб зразумець: справа зусім не ў мастах, а ў сістэме, асновай якой з’яўляюцца безгаспадарчасць і бескантрольнасць.

Трапіць з Матросава на Талстога ў Горках гэтак жа цяжка, як пазбавіцца ад паўсюднага бардака ў Беларусі.

Фота “Горацкія навіны”.

Адкрылі з помпай, закінулі са смеццем: як у Крычаве абыходзяцца з дзіцячымі пляцоўкамі

КДК выявіў аварыйнае абсталяванне і бытавое смецце на тых самых дзіцячых пляцоўках, урачыстае адкрыццё якіх крычаўская прэса асвятляла як свята.

Традыцыя адкрываць з аркестрам

У Крычаўскім раёне склалася ўстойлівая традыцыя: адкрыццё кожнай новай дзіцячай пляцоўкі ператвараецца ва ўрачыстае мерапрыемства з ганаровымі гасцямі, прамовамі і фотаздымкамі для раённых СМІ.

У кастрычніку 2025 года на тэрыторыі дзіцячага сада N19 адкрылі інклюзіўную гульнявую пляцоўку – з манежам, інтэрактыўнымі стэндамі, інклюзіўнай пясочніцай і пражэктарамі для вячэрняга выкарыстання. На цырымоніі прысутнічалі прадстаўнікі «Белай Русі», Беларускага фонду міру і раённага аддзела адукацыі.

У 2022 годзе ў Дзіцячым парку з не меншай урачыстасцю адкрылі пляцоўку «О малой родине с любовью» ў рамках абласнога праекта. У аграгарадок Чырвоная Буда на адкрыццё пляцоўкі прыехаў асабіста старшыня райвыканкама, адзначыўшы, што адкрываць пляцоўкі стала «добрай традыцыяй» раёна. Аналагічныя цырымоніі праходзілі ў аграгарадках Маляцічы і Чырвоная Буда.

Што знайшоў КДК

Рэальнасць аказалася далёкай ад святочных рэпартажаў. Па выніках маніторынгу КДК Магілёўскай вобласці на крычаўскіх дзіцячых пляцоўках былі выяўлены парушэнні. На вуліцы Паўднёвай кантралёры зафіксавалі:

  •     разбураную агароджу гульнявой зоны;
  •     аварыйнае абсталяванне, якое ўяўляла небяспеку для дзяцей;
  •     бытавое смецце непасрэдна на тэрыторыі пляцоўкі;
  •     небяспечныя будаўнічыя адходы на прылеглай тэрыторыі;
  •     няскошаную траву і нефарбаваныя лаўкі.

Парушэнні ліквідаваны толькі пасля ўмяшання дзяржкантролю. Падобныя заўвагі былі прад’яўлены яшчэ да трох дзіцячых гульнявых пляцовак райцэнтра.

Гісторыя паўтараецца

Паказальна, што праблемы з крычаўскай ЖКГ маюць сістэмны характар. Яшчэ ў 2021 годзе КДК ужо правяраў камунальную гаспадарку раёна і выявіў куды больш сур’ёзныя парушэнні: незаконнае атрыманне крычаўскім УКВП «Камунальнік» сродкаў раённага бюджэту на суму больш за 190 тысяч рублёў, неэфектыўнае выкарыстанне дзяржаўнай маёмасці і прымяненне неправераных прыбораў уліку цяпла.

Карціна, якая складваецца з гэтых фактаў, выглядае так: сродкі на добраўпарадкаванне выдзяляюцца, пляцоўкі будуюцца і ўрачыста адкрываюцца, пасля чаго застаюцца без нармальнага абслугоўвання і паступова занепадаюць. Свята заканчваецца ў дзень разразання стужачкі. І так жыве ўжо трыццаць гадоў не толькі Крычаў, але і ўся Беларусь.

Фота раённай газеты.

На пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення ЖКГ Магілёўшчыны абмеркавалі ідэалогію

У Магілёве адбылося пасяджэнне калегіі галоўнага ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама.

У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў пасяджэння, нібыта былі вынікі працы ў мінулым ацяпляльным перыядзе і задачы па падрыхтоўцы галіны да працы ў асенне-зімовы перыяд 2026/2027 гадоў.

Але асноўны ўпор кіраўнік прафсаюза работнікаў ЖКГ Павел Жуйкоў зрабіў на “вынікі выканання арганізацыямі ЖКГ вобласці патрабаванняў дырэктывы Лукашэнкі №12 «Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы”.

Жуйкоў заявіў, што “праца ў гэтым кірунку будуецца праз інфармацыйную, выхаваўчую і сацыяльна-культурную дзейнасць”.

І гэта пры тым, што “TikTok ” завалены скаргамі беларусаў на бардак у ЖКГ.

Замест таго, каб абмеркаваць тое, як лепш абслугоўваць насельніцтва, магілёўскія чыноўнікі прымяняюць “план Качанавай” па закрыцці ратоў тым, хто скардзіцца.

Фота ведамаснага сайта аблвыканкама.

Дзелавая карупцыя ў Магілёве ўваходзіць у сістэму

Хабары, якія бяруць кіраўнікі дзяржпрадпрыемстваў Магілёва – не імпульсіўныя ўчынкі, не перагібы на месцах, а рабочы інструмент, убудаваны ў ланцужок паставак.

Дзве крымінальныя справы, узбуджаныя ў Магілёве з розніцай у некалькі месяцаў, сведчаць пра адно і тое ж: карупцыя ў сферы дзяржаўных закупак даўно перастала быць выключэннем і ператварылася ва ўстойлівую дзелавую практыку. 

Нядаўна стала вядома, што аператыўнікі АБЭЗ спынілі карупцыйную схему ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі Магілёва.

У яе цэнтры – 53-гадовы кіраўнік аддзела аднаго з прадпрыемстваў ЖКГ абласнога цэнтра, які атрымліваў грошы ад дырэктара камерцыйнай фірмы за тое, што тая выбіралася пастаўшчыком спецадзення, інструментаў і расходных матэрыялаў. Агульная сума незаконных узнагароджанняў перавысіла 20 тысяч рублёў.

У ходзе расследавання высветлілася, што схема не абмяжоўвалася адным прадпрыемствам: той жа бізнесмен сістэматычна перадаваў грошы кіраўнікам іншых дзяржаўных арганізацый Магілёва за лабіраванне інтарэсаў сваёй кампаніі.

Нагадваем, што падобная гісторыя адбылася ў сферы школьнага харчавання Магілёва.
З чэрвеня 2024 па кастрычнік 2025 года дырэктар прадпрыемства грамадскага харчавання не менш як 16 разоў атрымліваў хабары ад індывідуальных прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў камерцыйных арганізацый. Абодва выпадкі, пры ўсім адрозненні галін, уладкаваныя па адной і той жа логіцы і носяць аднолькавую назву – сістэмная дзелавая карупцыя.

Фота – скрыншот рэпартажу тэлеграм-канала МУС Беларусі.

У ЖКГ Магілёўшчыны значна вырас траўматызм

З 14 да 24 выпадкаў вытворчага траўматызма стала больш у 2025 годзе ў параўнанні з 2024-м у сферы ЖКГ Магілёўскай вобласці.

Калі ў 2024 годзе было зафіксавана 14 няшчасных выпадкаў, аформленых актамі формы Н-1, то ў 2025 годзе іх колькасць павялічылася да 24. Пры гэтым на прадпрыемствах галіны адбылося два смяротныя выпадкі і шэсць інцыдэнтаў, кваліфікаваных як цяжкія. Пра гэта заявіла ў Магілёве на пасяджэнні прэзідыума абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў ЖКГ і сферы абслугоўвання тэхнічны інспектар працы Юлія Дайнэка.

“Па выніках расследаванняў мы бачым, што каля 59% няшчасных выпадкаў звязаны з нізкай вытворчай дысцыплінай саміх пацярпелых і іх асабістай неасцярожнасцю. – канстатавала Дайнэка – Яшчэ 23% здарэнняў адбываюцца з-за невыканання кіраўнікамі сваіх абавязкаў па стварэнні бяспечных умоў, уключаючы допуск супрацоўнікаў да працы без службовага навучання і кантролю”.

Высвятлена, што найбольш уразлівай да траўм катэгорыяй сталі супрацоўнікі старэйшыя за 40 гадоў, на долю якіх прыйшлося больш за 79% усіх няшчасных выпадкаў з цялеснымі пашкоджаннямі. Таксама пераважная большасць пацярпелых – мужчыны (83%).

Выява з адкрытых крыніц

Тэмпы росту вытворчасці зафіксаваны ў крычаўскага УКПП «Камунальнік»

Сумна вядомы крычаўскі «Камунальнік» нечакана аказаўся перадавым прадпрыемствам – прадпрыемства нарасціла тэмпы росту вытворчасці.

Яшчэ зусім нядаўна пралікі УКПП «Камунальнік» разглядала нават раённая газета. Прадпрыемства не крытыкаваў толькі лянівы – за праблемы з ацяпленнем, уборкай снегу і вывазам смецця. 

Аказалася, што пры ўсім гэтым «Камунальніку» ўдалося павысіць тэмпы росту вытворчасці – да 105,2 працэнта ў параўнанні з 2024 годам.

Разам з тым у 2025 годзе «Камунальнік» незаконна атрымаў больш за 600 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў і спрабаваў правесці закупку на 2,4 мільёна рублёў, якую КДК прызнаў незаконнай.

Тым не менш у каментарыях крычаўскіх карыстальнікаў «Тік-тока» прыкметная цікавая тэндэнцыя – людзі абараняюць дырэктара прадпрыемства Мікіту Іноземцава.

Ёсць верагоднасць, што малады і энергічны кіраўнік аказаўся не да спадобы старой крычаўскай гвардыі – «дэпутатам-кандыдатам» усіх магчымых скліканняў.

Фота раённай газеты.