Быхаўскія прапагандысты любяць паказваць ударныя тэмпы рамонту асфальтавага пакрыцця на вуліцах горада. То там, то тут пад бадзёрую музыку кружаць трактары і каткі. Шчаслівыя работнікі ЖКГ або ДРБУ весела раскідваюць асфальт.
Карацей, усё танцуе і спявае, траўка зелянее, сонейка блішчыць.
Апошняя такая справаздача была апублікавана нядаўна. Гаворка ідзе пра тое, як мясцовае ДРБУ № 196 прыступіла да ўкладкі новага асфальту на дарозе Кузькавічы – Красніца.
Што мы бачым:
- работы вядуцца поўным ходам;
- задзейнічаны асфальтаўкладчык, 3 дарожныя каткі і 6 аўтамашын;
- у вёсцы Кузькавічы будзе ўладкаваны абсалютна новы ўчастак дарогі працягласцю 1,7 кіламетра;
- тут плануецца пакласці 3 228 тон асфальтабетону;
- дагаворны кошт работ на гэтым аб’екце складае 1 мільён 30 тысяч рублёў.
А вось ролік пра асфальтавае пакрыццё на вуліцы Стаханаўскай у самім горадзе, апублікаваны ў TikTok, толькі мільгануў і знік. І нядзіўна. На ім паказана тое, як у Быхаве рамантуюцца дарогі, калі побач няма відэа- і фотакамер. Работы ў гэтым выпадку вядуцца па прынцыпе “пусці-павалюся”, без усялякіх балетных па. Пара лапат асфальту туды, пара – сюды, і ўсіх дзялоў. “Адну ямку засыпалі, а на другую асфальта не хапіла” – каментаваў сітуацыю аўтар роліка.
Відэадоказ разгільдзяйства, безгаспадарчасці і ашуканства быў выдалены не таму, што бардак выправілі. Проста змагары з рэальнасцю растлумачылі аматару здымак, на якім свеце ён жыве і як перашкаджае сваімі ролікамі будаўніцтву светлай будучыні ў Быхаве.
Аднак заткнуць рот усім у быхаўскіх уладаў не атрымліваецца. Быхаўчане звярнуліся да нас у рэдакцыю з цалкам нявіннай просьбай: папрасіць чыноўнікаў прадэманстраваць на відэа прыгажосці Стаханаўскай і не перацягваць коўдру на Кузькавічы.
Чакаем ад журналістаў “Маяка Прыдняпроўя” фільма і загадзя ўпэўненыя ў тым, што кінастужка пра Стаханаўскую заткне за пояс знакаміты “Сайлент Хіл”.
Фота з адкрытых крыніц.




