У Магілёўскім раёне адрамантуюць 2% дарог

Сталі вядомы планы па рамонту аўтадарог на тэрыторыі Магілёўскага раёна – паведамляе “Прыдняпроўская ніва”

Тут плануецца адрамантаваць 19,058 км дарог. Гэта 2,06% ад агульнай працягласці дарог альбо 5,4% ад агульнай працягласці дарог з цвёрдым пакрыццем. Астатнія ўчасткі дарог, верагодна, знаходзяцца ў ідэальным стане.

Начальнік філіяла “Магілёўаблдарбуда” Дзмітрый Канцавы паведаміў, што яго прадпрыемства ДРБУ №128 абслугоўвае 921 км мясцовых аўтадарог, з якіх 351 км асфальтабетонных і цэментабетонных. У 2023 годзе на бягучы рамонт мясцовых раённых дарог выдзелена з рэспубліканскага бюджэту 5 814 300 рублёў, а на ўтрыманне дарог з абласнога бюджэту – 1 973 400 рублёў.

Планамі прадугледжаны рамонт участкаў дарог Завадская Слабада – Каменка – Арлянка (3,14 км), Вендараж – Бярозаўка (0,63 км), на якіх жвіровае пакрыццё будзе заменена на асфальт. Яшчэ будуць адрамантаваны 3 км дарог з жвіровым пакрыццём, дарога ў в. Сафіеўка. Усяго асфальтабетоннае пакрыццё будзе пакладзена на 16,06 км аўтадарог.

Акрамя таго, плануецца паставіць новыя прыпынкі на аўтадарозе да аг. Раманавічы, на аўтадарозе Сідаравічы – Днепр, правесці ямачны рамонт, замяніць дарожныя знакі, афарбаваць і абнавіць гарызантальную разметку дарог.

Фота мае ілюстрацыйны характар, з адкрытых крыніц

Усе міні-палігоны адыходаў зачыняць – абяцае Мінпрыроды трэці год запар

У Беларусі за 2023 год плануюць зачыніць усе міні-палігоны цвёрдых бытавых адыходаў – інфармуе БелТА са словаў супрацоўніцы Мінпрыроды Кацярыны Нясцюк.

У мінулым годзе па краіне быў рэкультываваны 61 міні-палігон і застаецца яшчэ 55. У планах міністэрства прадугледжана поўная іх ліквідацыя на працягу 2023 года. Але ж такія самыя мэты па закрыцці міні-палігонаў былі і два гады назад, калі Мінпрыроды абяцаў іх зачыніць да 31 снежня 2021 года.

Завод у Бабруйску так і не з’явіўся.

У жніўні 2021 года упраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі Магілёўскага аблвыканкама анансавала будаўніцтва трох рэгіянальных палігонаў з заводамі па перапрацоўцы адыходаў – у Бабруйску, Магілёве і Крычаўскім раёне.

Першы з іх, завод у Бабруйску магутнасцю 100 000 тон для абслугоўваня горада, а таксама Бабруйскага, Глускага, Кіраўскага, Клічаўскага і Асіповіцкага раёнаў павінен быў запрацаваць да 2022 года. Прайшло больш года, а завод так і не пачаў сваю дзейнасць. У жніўні 2022 года планы памяняліся і тэрміны ўвядзення адсунуліся на пачатак 2023 года – паведамляла “Звязда”.

Аналагічны бабруйскаму павінны з’явіцца заводы і ў Магілёве да 2025 года, у Крычаўскім раёне – да 2028 года, але аб ходзе выбару пляцоўкі, праектавання, будоўлі пакуль мала яснасці.

Вядома толькі, што магілёўскі завод будзе абслугоўваць сваю зону – абласны цэнтр, Бялыніцкі, Быхаўскі, Горацкі, Дрыбінскі, Круглянскі, Чавускі, Магілёўскі, Шклоўскі раёны. Астатнія раёны вобласці на ўсходзе – Крычаўскі, Клімавіцкі, Касцюковіцкі, Краснапольскі, Мсціслаўскі, Слаўгарадскі, Хоцімскі, Чэрыкаўскі – будуць свае адкіды перавозіць для перапрацоўкі пад Крычаў (за 30-70 км).

Фота мае ілюстрацыйны характар