У Магілёве зносяць гаражы – ва ўласнікаў ёсць 10 дзён, каб забраць з іх маёмасць

Гараджане абавязаныя вызваліць месца, адведзенае пад гаражы, па першым патрабаванні адміністрацыі. Уладальнікі металічных гаражоў павінны прыбраць іх да 10 верасня. На іх месцы ўзвядуць шматпавярховікі.

Будаўніцтва трох дзесяціпавярховых дамоў на вуліцы 30 год Перамогі адгукнулася на лёсе невялікага гаражнага кааператыва. Гаражы, пабудаваныя ў пачатку 1990-х ідуць пад знос у сувязі з распачатым будаўніцтвам. Будаўнікі збіраюцца знішчыць больш за 200 металічных каробак – паведамляе тэлеканал «Беларусь 4 Магілёў».

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Ленінскага раёну Аляксей Шарай даводзіць: яшчэ падчас будаўніцтва гаражоў у Дамову быў уключаны адмысловы пункт. Гараджане абавязаліся вызваліць месца, адведзенае пад гаражы, па першым патрабаванні адміністрацыі. Цяпер такое патрабаванне агучанае – на месцы кааператыва запланавана шматкватэрнае будаўніцтва з добраўпарадкаваннем тэрыторыі.

Уласнікі металічных гаражоў павінны самастойна забраць з іх каштоўную маёмасць і паклапаціцца пра новае месца размяшчэння да 10 верасня. Пакінуць гараж на прыдамавой тэрыторыі змогуць толькі інвалідам ІІ групы па хваробе апорна-рухальнага апарату.

Гаражы, у якія не будзе забяспечаны доступ будаўнікам, будуць ускрытыя без прысутнасці ўладальнікаў, а самі металічныя каробкі адправяцца на адмысловы палігон, чакаць свайго далейшага лёсу.

 

Адсутнасць звестак пра пачатак і завяршэнне будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў становіцца нормай. Працяг тэмы

На публікацыю пра адсутнасць датаў пачатку і завяршэння будаўніцтва новага корпусу інфекцыйнай больніцы адрэагавалі чытачы Магілёў.media, даслаўшы фотаздымак з пацверджаннем, што на пашпарце аб’екту іншай лякарні таксама адсутнічаюць такія звесткі. Гаворка пра ўзвядзенне новага корпусу больніцы хуткай дапамогі.

З пашпарту аб’екту невядома, калі пачалося будаўніцтва і калі яно завершыцца. Радкі на інфармацыйным стэндзе не запоўненыя.

11 жніўня Магілёў.media апублікаваў матэрыял пра сітуацыю з узвядзеннем новага корпусу інфекцыйнай больніцы. У ім адзначалася, што згодна з дзяржаўнымі стандартамі, на інфармацыйных стэндах павінны быць пазначаныя звесткі аб будаўніцтве аб’екту ў поўным аб’ёме. У адваротным выпадку, гэта парушэнне. У матэрыяле падкрэслівалася, што адсутнасць такой інфармацыі можа выкарыстоўваецца чыноўнікамі, каб апраўдацца перад грамадствам за спыненне працаў на аб’екце, альбо іх зацягванне.

Што да новага корпусу больніцы хуткай дапамогі, то паводле інфармацыі з сайту Магілёўскага аблвыканкаму, гэты будзе шматфункцыянальны сяміпавярховы корпус замест старых пабудоў. Яшчэ ў лістападзе 2019 году аказаць «садзейнічанне ў рэалізацыі перспектыўнага праекту выказалі гатоўнасць міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік і старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Леанід Заяц». Цяпер Каранік і Заяц займаюць іншыя службовыя пасады.

У верасні 2021 году ўжо новы міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч у шэрагу з іншымі медычнымі ўстановамі, якія ўзводзяцца ў Магілёве, згадаў і больніцу хуткай дапамогі.

«Яшчэ праз пару гадоў завершыцца будаўніцтва новых карпусоў гарадской больніцы хуткай медычнай дапамогі. Гэта дазволіць Магілёву да канца 2023 года стаць горадам з аптымальна адладжанай сістэмай аховы здароўя ад паліклінік да буйных медычных цэнтраў», – падавала словы чыноўніка БелТА.

Вызначыць пачатак будаўніцтва новага корпусу больніцы хуткай дапамогі няпроста. Бурыць старыя камяніцы лякарні пачалі яшчэ ўзімку. Іх знішчэнне выклікала неадназначную рэакцыю краязнаўцаў і шараговых магілёўцаў.

У чэрвені агарадзілі пляцоўку пад будаўніцтва корпусу і ўзяліся капаць катлаван. Тады Магілёў.media напісаў, што на гэтым канчаткова знішчана гістарычная забудова мясцовай больніцы хуткай дапамогі.

У Магілёве ўзводзяць мікрараён з дамамі на электрычным абагрэве. Спажываць энергію яны будуць з беларускай АЭС

Перавод новых дамоў на электрычны абагрэў – новы трэнд у праектаванні і будаўніцтве. Ён выкліканы неабходнасцю спажывання электраэнергіі з Беларускай атамнай электрастанцыі. Паколькі еўрапейскія краіны адмаўляюцца імпартаваць электрычнасць з яе, то выйсце чыноўнікі бачаць ва ўнутраным спажыванні.

У Магілёве абяцаюць, што ўсе дамы ў пяці мікрараёнах комплексу «Міжгор’е» будуць поўнасцю электрыфікаваны, а парковачныя месцы абсталяваныя электрычнымі зараднымі станцыямі.

Будаўніцтва «Міжгор’е» было запланавана некалькі дзесяцігоддзяў таму, а ў 2010-м быў распрацаваны праект. Ажыццяўленню задуманага перашкаджала ўзніклая праблема адводу зямлі сельскагаспадарчага прызначэння пад гарадскія патрэбы.

Калі з’явілася АЭС вырашылі дамы цалкам перавесці на электрычны абагрэў. Праект давялося прыводзіць у адпаведнасць і з улікам новых дзейных нарматываў па азеляненні, патрабаванняў адносна ўпарадкавання паркоўкі і транспартных развязак.

Вестуном пачатку будаўніцтва стаў выстаўлены на пляцоўцы вежавы кран і выкопванне катлавана.

Арыенціровачна ўзвядзенне першых дамоў расцягнецца на 5 гадоў. Увесь комплекс прац ахопіць цэлае дзесяцігоддзе.

На першай лініі забудовы ўзвядуць дамы спраектаваныя паводле індывідуальных праектах у 20-22 паверхі.

Насельніцтва «Міжгор’я» складзе 29,5 тысяч чалавек. Тут пабудуюць 13 тысяч кватэр. Узвядуць некалькі школ і дзіцячых садкоў.

У дакументацыі фігуруе працоўная назва «Саломенка-2». Але сам раён будзе мець даўнішнюю назву тутэйшай мясцовасці – Міжгор’е. Некалі існавала тут такое паселішча.