У Магілёве пройдзе навагодні аўтапарад, абвешчаны конкурс эскізаў

Навагодні аўтапарад “За рулём Дзед Мароз”, арганізаваны Магілёўскім гарадскім цэнтрам культуры і вольнага часу, пройдзе 17 снежня. Аўтакалона праедзе па вул.Першамайскай. Старт будзе дадзены ля галоўнай абласной ёлкі, размешчанай на плошчы Леніна, фінішуе працэсія ў парку Падміколле ля рэзідэнцыі Дзеда Мароза. Пачатак мерапрыемства запланаваны на 12.00

Удзел у аўтапарадзе можа прыняць кожны аўтамабіліст, для гэтага неабходна зрабіць эскіз навагодняга афармлення свайго аўто і падаць адпаведную заяўку на ўдзел да 10 снежня на электронны адрас: gckmog@mail.ru. Арганізатары прапануюць упрыгожыць машыны мішурой, гірляндамі, ёлачнымі цацкамі і іншымі атрыбутамі маючага адбыцца свята.

Фота ўзята з адкрытых крыніц і мае ілюстрацыйны характар

Хоцімск першым у Магілёўскай вобласці запаліць галоўную навагоднюю ёлку

У самым усходнім на Беларусі раённым цэнтры Хоцімску навагоднія мерапрыемствы пачнуцца  9 снежня. Урачыстае запальванне галоўнай гарадской ёлкі адбудзецца на пешаходнай частцы вуліцы Ленінскай, каля раённага Цэнтра культуры – распавяла начальнік ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Хоцімскага райвыканкама Аляксандр Цішчанка рэсурсу hotimsk.by.

– У запаленні галоўнай ёлкі прымуць удзел тры розных Дзеда Мароза і Снягуркі, а таксама іх світа. Гараджанам і гасцям будзе прадстаўлена і музычная праграма, падчас якой навагоднія персанажы будуць вадзіць карагоды і фатаграфавацца з дзецьмі.

Сустрэча Новага года ў Хоцімску працягнецца штодзённымі вячэрнімі тэатралізаванымі праграмамі з 17.00 да 19.00. Праграма вячэрніх мерапрыемстваў дастаткова насычаная і стракатая. А колькасць запланаваных навагоднія мерапрыемстваў у раёне – 72. 

З 18 па 23 снежня, з 25 па 30 снежня пройдзе кінамарафон навагодніх фільмаў і мультфільмаў пад адкрытым небам “Навагодняя перамотка”. З 21 па 25 снежня будзе арганізавана работа сядзібы Дзеда Мароза “У гасцях у Дзядулі”. 

У зале Цэнтра культуры адбудзецца спецпаказ мастацкага фільма “Іронія лёсу ў Галівудзе” з элементамі забаўляльнай праграмы для моладзі раёна. Для дзяцей на галоўнай гарадской сцэне пройдзе гульнявая праграма  “Вакол ёлкі”, у раённым Цэнтры культуры – дзіцячы навагодні спектакль “Краіна казак” народнага тэатральнага калектыву “Прамень”, у школах раёна пройдуць выязныя праграмы-віншаванні “Цік-ток”. 

30 снежня для жыхароў раёна будуць арганізаваны выязныя віншаванні на дом Дзеда Мароза і Снягуркі “Чароўны час”, а 1 студзеня каля галоўнай ёлкі пройдзе навагодняя танцавальная праграма з элементамі караоке “Танчы і весяліся”.

Новаўвядзеннямі гэтага года стануць: адкрыццё навагодняй гасцінай “У гасцях у казкі” (цэнтральная раённая бібліятэка), у якой казачныя персанажы Снежная каралева, Кай і Герда правядуць віктарыны па казках і мультфільмах, адбудуцца інтэлектуальныя гульні, тэатралізаваны паказ.

На базе гісторыка-краязнаўчага музея адкрыецца “Школа чараўніцтва”, дзе дзяцей чакае праграма ў выглядзе квэста, напоўненая традыцыйнымі беларускімі забавамі, этнаграфічнымі замалёўкамі.

У Доме рамёстваў адкрыецца “Майстэрня Дзеда Мароза”, дзе дзеці навучацца вырабляць навагоднюю атрыбутыку: гірлянды, хлапушкі, цацкі, там таксама пройдуць майстар-класы народных умельцаў, чаяванне ля самавара з традыцыйнымі беларускімі пачастункамі.

Тым часам на прылаўках крам ужо пачалі з’яўляцца ёлачныя ўпрыгожанні, галоўны сімвал наступнага года – трус.

Нагадаем, што жыхары Хоцімска першымі сярод насельнікаў краіны сустракаюць дзень, першымі сустрэнуць і Новы год. Дзень ў Хоцімску пачынаецца на 8¼  хвіліны раней, чым у Магілёве і на 38 хвілін раней, чым ў Брэсце.