Дзень у гісторыі. 3 сакавіка. Дзень пісьменніка. Бітва на Нямізе. Брэсцкі мір. Нарадзіўся касманаўт У. Кавалёнак. Забіты Ф. Аляхновіч.

Сусветны дзень пісьменніка (World Writer’s Day, з 1986 года).

Адзначаецца па рашэнні 48-га кангрэса Міжнароднага ПЭН-клуба 1986 года.

ПЭН-клуб – міжнароднае аб’яднанне пісьменнікаў. Ён узнік у 1921 годзе ў Лондане па  ініцыятыве Дж. Голсуорсі і Кэтрын Эмі Доўсан-Скот. 

Назва клуба ўтварылася ад першых літар англійскіх слоў Poets – паэты, Essayists – эсэісты і Novelists – раманісты. Абрэвіятура супадае са словам Pen – асадка.

Мэта свята – супрацьстаяць ціску на прэсу, падтасоўцы і скажэнням інфармацыі, парушэнням свабоды слова.

У 1923 годзе цэнтры ПЭН-клуба былі створаны ў 11 краінах, сёння такія цэнтры дзейнічаюць у 130 краінах.

Беларускі ПЭН-цэнтр узнік у 1989 годзе. Яго прэзідэнтамі былі Р. Барадулін (1990–1999), В. Быкаў (1999–2003), Л. Баршчэўскі (2003–2005), У. Някляеў (2005–2008), А.  Хадановіч (2008–2017), Т. Нядбай (2017–2019), зараз яго ўзначальвае С. Алексіевіч.

Першым лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры стаў у 1901 годзе французскі паэт і эсэіст Сюлі-Прудам, шостым у свеце (1905 год) і першым з беларускіх зямель і з літоўска-беларускімі і літоўска-татарскімі каранямі – Генрых Сянкевіч (1846–1916). Нобелеўскім Лаўрэатам (1980) быў „ліцвін польскай культуры“ Чэслаў Мілаш – пляменік французскага паэта, ураджэнца Беларусі Оскара Мілаша. 

У 2015 годзе яе лаўрэатам стала беларуская пісьменніца, журналістка Святлана Алексіевіч (адна з 17 жанчын – лаўрэатаў).

1067 год. Адбылася бітва на Нямізе паміж злучанымі дружынамі кіеўскіх Яраславічаў і войскам полацкага князя  Усяслава Брачыславіча Чарадзея. 

Першая летапісная згадка пра Менеск (Мінск).

Дата разрабавання і зруйнавання горада ўзята за адлік яго гісторыі.

У сакавіку 1499 года каралём Аляксандрам Ягелончыкам даравана гораду Магдэбургскае права. Мінск багацеў і павольна пераўтвараўся ў буйны гандлёвы, эканамічны, транспартны цэнтр. 

З 1919 года – сталіца Беларусі. 

29 ліпеня 1939 года Вярхоўны Савет БССР сваёй пастановай змяніў беларускую назву горада Менск на прынятую ў Расійскай імперыі паланізаваную форму Мінск. 

Зараз Мінск – двухмільённы горад, буйны эканамічны, культурны і палітычны цэнтр краіны.

1718 год. Нарадзіўся Казімір Галоўка (1718–1787).

Вялікалітоўскі географ, аўтар падручнікаў па геаграфіі, педагог, езуіт.

Выкладаў граматыку, паэзію, рыторыку, філасофію, тэалогію маральную, геаграфію, гісторыю, матэматыку ў езуіцкіх навучальных установах у Вільні, Варшаве, Любчы, Пінску. 

Выдаў падручнікі па геаграфіі, нарысы па геаграфіі Рэчы Паспалітай (на лацінскай і польскай мовах), «Геаграфічныя карты Галіі, Нямеччыны, Польшчы і ВКЛ», «Гістарычныя календары».

Фота. Віленскі ўніверсітэт 

1850 год. Нарадзіўся Вайніслаў Савіч-Заблоцкі, Лада-Заблоцкі.

Беларускі і польскі пісьменнік, паэт, публіцыст. Адзін з пачынальнікаў рэвалюцыйнага дэмакратызму на Беларусі.

Вучыўся ва ўніверсітэтах Прагі, Лейпцыга і Страсбурга.

Далучыўся да руху беларускага нацыянальнага адраджэння, у 1868–1870 гадах кіраваў «Крывіцкім вязком» у Санкт-Пецярбургу.

Жыў і падарожнічаў у Аўстра-Венгрыі, Германіі, Егіпце, Францыі, Бельгіі.

Перапісваўся па-беларуску з украінскім вучоным М. Драгманавым, ліставаўся з Я. Карловічам, М. Канапніцкай, А. Ельскім і іншымі.

Аўтар сатырычнай паэмы, аповесцей, драм, беларускіх вершаў, нарысаў, беларускамоўных і этнаграфічна-фальклорных матэрыялаў.

Рукапісная спадчына захоўваецца ў бібліятэках Польшчы, Літвы, Расіі.

Памёр 3 лютага 1893 года.

1890 год. Нарадзіўся Лявон (Леанард) Заяц.

Беларускі палітык, дзеяч БНР, дыпламат, публіцыст, мемуарыст.

Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. За часамі вучобы ўдзельнічаў у беларускім студэнцкім руху, сябра Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбурга, удзельнічаў у тэатральных пастаноўках.

З 1916 года ў Мінску, удзельнік беларускага руху, сябруе з М. Багдановічам. Удзельнік З’ездза беларускіх нацыянальных арганізацый, Усебеларускага з’езда 1917 года, член прэзідыума Беларускага нацыянальнага камітэта, кіраўнік спраў у Народным Сакратарыяце Беларусі, народны сакратар юстыцыі БНР, дзяржаўны кантралёр Рады Народных Міністраў.

У 1926 годзе вярнуўся з Прагі ў Менск. Працаваў у Наркамаце фінансаў БССР.

18 ліпеня 1930 года арыштаваны ДПУ, асуджаны і сасланы ва Уфу. 25 ліпеня 1935 года паўторна арыштаваны. Памёр у турме ў час следства 23 верасня 1935 года.

Кіраўнікі беларускіх прадстаўніцтваў і місій у еўрапейскіх краінах. Сядзяць (злева направа): Яўген Ладноў, Васіль Захарка, Пётра Крачэўскі, Леанард Заяц; стаяць: Лявон Вітан-Дубейкаўскі, Янка Чарапук, Яўхім Бялевіч. Берлін, кастрычнік 1919 г.

1900 год. У в. Паддуб’е Магілёўскага раёна нарадзіўся Герасім Якушка (1900-1942).

Беларускі архітэктар. Дзядзька вядомага географа, доктара геаграфічных навук Вольгі Якушкі.

Скончыў Магілёўскае рэальнае вучылішча, Петраградскі інстытут грамадзянскіх інжынераў.

У 1936-1941 гадах працаваў галоўным архітэктарам Мінска.

Па яго пректах у Мінску, Магілёве, Барысаве і іншых гарадах БССР было пабудавана каля двух дзясяткаў арыгінальных жылых дамоў і грамадскіх будынкаў.

У Магілёве па яго праекту пабудаваны  5-павярховы 96-кватэрны жылы дом (Дом МУСаўцаў, Дом ля фантана, 1940 год) па вуліцы Ленінская, 68.

Пабудаваў будынкі, якія паўплывалі на фарміраванне аблічча сучаснага Мінска, у тым ліку па праекту забудовы праспекта Незалежнасці паміж плошчамі Перамогі і Якуба Коласа.

1918 год. Паміж Германіяй і Савецкай Расіяй заключаны Брэсцкі мір.

Падпісаны ў Брэст-Літоўску ў Белым палацы Брэсцкай крэпасці, ратыфікаваны 4-м Надзвычайным Усерасійскім з’ездам Саветаў 15 сакавіка і германскім імператарам Вільгельмам II 26 сакавіка 1918 года. 

Ад Расіі аддзяліліся Прыбалтыка, частка Беларусі, Каўказа. 

Украінская Народная Рэспубліка і Каралеўства Фінляндыя прызнаваліся самастойнымі дзяржавамі. 

Усяго Расія страчвала тэрыторыі каля 1 000 000 км² з насельніцтвам больш за 50 000 000 чалавек.  

Брэсцкі мір фармальна завяршыў перыяд удзелу Расіі ў Першай сусветнай вайне, з’явіўся вынікам няздольнасці Расіі працягваць вайну, краіна знаходзілася ў стане эканамічнага крызісу. Старая армія распалася, новая не была створана. 

Мірная дамова прывяла да пачатку Грамадзянскай вайны, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі.

Белы палац, месца падпісання Брэсцкага міру (фота 1930-х гг.)

1941 год. Памёр ураджэнец в. Шасцёраўка (зараз – Клімавіцкі раён) Клім Грыневіч (1912–1941).

Беларускі паэт.

Працаваў на будаўніцтве чыгункі Асіповічы–Магілёў–Рослаў (1929–1930).

Скончыў Рагачоўскі педтэхнікум, вучыўся ў Мінскім, Ленінградскім педінстытутах. Працаваў у друкарні, у газетах «Рабочий» і «Сельгасрабочы», у ЦК прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі.

Аўтар вершаў у газетах «Піянер Беларусі», «Чырвоная змена», зборніка паэзіі «На бераг», які прыхільна сустрэты крытыкай.

Арыштаваны НКУС у 1933 годзе, сасланы ў Казахстан. Пасля ссылкі служыў у арміі, настаўнічаў у школах г. Балагое.

Клімавічы, пачатак ХХ стагоддзя.

1942 год. Нарадзіўся Уладзімір Кавалёнак.

Беларускі, савецкі касманаўт. Двойчы Герой Савецкага Саюза, Герой ГДР, Герой Манголіі, уладальнік польскага Крыжа Грунвальда. Генерал-палкоўнік авіацыі. Кандыдат ваенных навук, прафесар.

Двойчы быў у космасе ў якасці камандзіра карабля: у 1977 і 1978 (устанавіў рэкорд знаходжання чалавека ў космасе — 139 сутак 14 гадзін і 47 хвілін) гадах.

Служыў намеснікам начальніка ўпраўлення падрыхтоўкі касманаўтаў Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.  Гагарына, намеснікам камандуючага 37-й паветранай арміяй стратэгічнага прызначэння, намеснікам начальніка кафедры Ваеннай акадэміі Генеральнага штаба, начальнікам Ваенна-паветранай інжынернай акадэміі імя М. Жукоўскага.

У 1989–1992 год з’яўляўся народным дэпутатам Рэспублікі Беларусь. Прэзідэнт Беларускай рэспубліканскай федэрацыі касманаўтыкі.

1944 год. Забіты Францішак Аляхновіч (1883-1944).

Беларускі драматург, празаік, паэт, публіцыст.

Яго аповесць «У капцюрох ГПУ» ёсць адным з ранніх твораў сусветнай літаратуры, які апісвае жыццё ў сталінскім канцлагеры непасрэдна з погляду арыштанта.

Яго п’есы (17) актыўна ставіліся калектывамі Беларусі, Латвіі, Чэхіі і найбольш трупай У. Галубка. За плённую працу Францішка Аляхновіча на ніве тэатра яшчэ пры жыцці яму прысвоілі званне «бацькі найноўшай беларускай драматургіі».

Супрацоўнічаў з «Нашай Нівай», удзельнічаў у беларускім нацыянальным руху, у тэатральных пастаноўках, арганізаваў віленскі тэатральны гурток Беларуская драматычная дружына, стварыў і паставіў дзіцячыя п’есы, ставіў пастаноўкі ў Менску, Вільні, меў сваю мінскую ўласную трупу, працаваў дырэктарам Беларускага савецкага тэатра, у Другім дзяржаўным тэатры ў Віцебску.

1 студзеня 1927 года арыштаваны,  атрымаў 10 гадоў катаргі на Салавецкіх астравах.

У пачатку восені 1933 года быў абмяняны на арыштаванага ў Польшчы беларускага палітыка і філолага Б. Тарашкевіча.

Падчас вайны быў рэдактарам віленскай газеты «Беларускі голас», уваходзіў у Цэнтральны Камітэт Беларускай незалежніцкай партыі, ставіў у Мінску п’есы.

Увечары 3 сакавіка 1944 года быў застрэлены на сваёй кватэры. Яго забойства ўскалыхнула беларусаў Вільні. Яго застрэліць маглі і байцы Арміі Краёвай, і савецкія партызаны, і немцы.

З вялікаю ўрачыстасцю пахаваны на Кальвінскіх могілках у цэнтры Вільні, у 1989 годзе перапахаваны на могілкі Росы, дзе пастаўлены помнік.

Творы Ф. Аляхновіча зноў пачалі ставіць на беларускай сцэне ў 1990-х гадах.

2018 год. Памерла Валянціна Лемцюгова (1935-2018).

Беларуская мовазнаўца. Доктар філалагічных навук, прафесар. Выхоўвалася на Чавушчыне.

Працавала ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР, старшынёй Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі, членам Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Беларусі,  анамастычнай камісіі пры Міжнародным камітэце славістаў. Узначальвала анамастычную школу ў Беларусі.

Абаронца беларускай тапанімікі, адстойвала артыкул у Законе аб геаграфічных назвах, згодна з якім спачатку назва даецца на беларускай мове, а таксама традыцыйную беларускую лацінку, супраць якой (транслітэрацыя) сталі выступаць некаторыя чыноўнікі са снежня 2022 года.

Аўтар манаграфіі «Беларуская айканімія», у якой даследавала працэс узнікнення і эвалюцыйнага развіцця беларускіх назваў населеных пунктаў (4 000 айконімаў), «Усходнеславянская айканімія апелятыўнага паходжання». 

Пад яе кіраўніцтвам створаны «Спіс населеных месцаў Расійскай імперыі» (44 тамы), «Беларуская граматыка», «Лексікалогія сучаснай беларускай мовы», «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас», «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», нарматыўны даведнік «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» у 6 кнігах па абласцях і іншыя.

Дзень у гісторыі. 28 лютага. Судзебнік Казіміра. Газета «Гоман». Нарадзіліся пісьменнікі У. Радзівіл, А. Бадак, гісторык Г. Галенчанка, Нобелеўскі лаўрэат П. Кругман

1468 год. У ВКЛ прыняты крымінальны кодэкс – Судзебнік Казіміра.

Першы зборнік крымінальнага і працэсуальнага права Вялікага Княства Літоўскага. Складзены паводле загаду вялікага князя літоўскага Казіміра IV Ягелончыка. 

Напісаны на старабеларускай мове суцэльным тэкстам. Дату выдання Судзебніка вызначыў ураджэнец Прапойска протаіерэй І. Грыгаровіч. 

У судзебніку вызначалася сістэма судоў, іх кампетэнцыя, утрымліваліся нормы грамадзянскага, крымінальнага і працэсуальнага права.

Вызначаліся адзіныя віды пакарання за злачынствы супраць феадальнай уласнасці, змяняўся парадак судаводства па гэтых справах, абмяжоўвалася адказнасць жонкі і дзяцей за злачынствы мужа. Скарачаліся плацяжы на карысць суддзяў, павышалася адказнасць бадзягам, прадугледжвалася адказнасць за дапамогу пры ўцёках і арганізацыю ўцёкаў чэлядзі і феадальна-залежных людзей ад феадалаў. Асноўнымі відамі пакарання паводле судзебніка сталі пакаранне смерцю, грашовыя спагнанні і пабоі.

1616 год. Памёр Мікалай Радзівіл Сіротка (1549-1616).

Вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, дыпламат, падарожнік, мемуарыст, мецэнат. 

Удзельнік аблог Улы, Пскова, вызвалення Полацка ад войск Івана Жахлівага. Падарожнік па Еўропе, Блізкаму Усходу. Аўтар кнігі «Перэгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую зямлю», якая вытрымала 19 перавыданняў на польскай, нямецкай, лацінскай, рускай мовах, у 1984 годзе – на беларускай.

Ініцыятар і фундатар выдання першай дакладнай карты ВКЛ (выдадзена ў 1613).

1712 год. Нарадзіўся Удальрык Крыштоф Радзівіл.

 Польскі і беларускі пісьменнік, паэт, гісторык. Канюшы літоўскі, вялікі пісар літоўскі і староста менскі, генерал-лейтэнант войска ВКЛ.

Дзівак i фантазёр, здольны і начытаны, але схільны да авантурызму. Сабраў вялікую бібліятэку, ведаў шмат моў, у тым ліку грэцкую, нямецкую, французскую, італьянскую, англійскую.

Пакінуў значную літаратурную спадчыну. Аўтар кніг «Апісанне клопатаў людзей усіх саслоўяў», «Маральныя элегіі», «Агульная гісторыя» (або «Універсальная гісторыя», 3648 старонак), «Апісанне ўсіх нацый у Еўропе», «Сусветныя крытыкі або сатыры», «Вучоныя забавы ў вершах і прозе» і іншых.

Перакладчык твораў на польскую мову.

Спрабаваў увесці ў спектаклях прыдворных тэатраў беларускую мову. Па-беларуску гаворыць адзін з герояў пераробкі твора Э. Бруселя «Камедыя Эзопа», прызначаная для нясвіжскага тэатра.

Памёр 21 ліпеня 1770 года.

1812 год. Памёр Гуга Калантай (1750–1812). 

Палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, філосаф, педагог, публіцыст.

Доктар філасофіі і тэалогіі. Актыўны дзеяч Адукацыйнай камісіі, распрацаваў план развіцця адукацыі ў Рэчы Паспалітай, рэктар Кракаўскага ўніверсітэта.

Адзін з аўтараў Канстытуцыі 3 мая 1791 года, адзін з вядучых ідэолагаў, кіраўнік «левага» («якабінскага») крыла ў паўстанні 1794 года.

Суаўтар Кракаўскага акта паўстання, Паланецкага ўніверсала, пастановы аб надзяленні зямлёй сялян, якія бралі ўдзел у паўстанні.

Пасля паражэння паўстання ў 1794–1802 гадах быў у аўстрыйскім зняволенні.

Пакінуў багатую філасофскую і публіцыстычную спадчыну. Яго працы заснаваны на перадавых на той час ідэях Асветніцтва, вучэнні французскіх фізіякратаў, эвалюцыйнай канцэпцыі развіцця грамадства.

1916 год. У Вільні пачалося выданне газеты «Гоман».

Беларуская грамадска-палітычная і літаратурная газета. Выдавалася да канца 1918 года ў Вільні на беларускай мове  2 разы на тыдзень лацінкай і кірыліцай пад рэдакцыяй В. Ластоўскага, Я. Салаўя.

Выступала за нацыянальна-культурнае адзінства беларускага народа, незалежную Беларускую рэспубліку, якая магла б уваходзіць на канфедэратыўнай аснове ў адроджанае Вялікае Княства Літоўскае.

Газета друкавала матэрыялы па гісторыі Беларусі і нацыянальнай культуры, па гісторыі нацыянальна-культурнага і літаратурнага руху, легенды, артыкулы па сацыяльна-палітычным праблемам, інфармацыю з франтоў, абвесткі беларускіх кнігарняў. Упершыню апублікавала некаторыя творы Я. Коласа, М. Багдановіча, Зм. Бядулі, А. Гаруна, Ц. Гартнага, А. Гурло, М. Нікіфароўскага, А. Луцкевіча.

1937 год. Нарадзіўся Георгій Галенчанка. 

Беларускі гісторык-медыявіст, кнігазнавец. Доктар гістарычных навук.

Працаваў у БДУ, у Інстытуце гісторыі АН БССР, даследаваў пытанні гісторыі беларускага кнігадруку XVI–XVIII стагоддзяў.

Аўтар даследаванняў «Малой падарожнай кніжкі» Ф. Скарыны, аўтар кніг «Ідэйныя і культурныя сувязі ўсходнеславянскіх народаў у XVI – сярэдзіне XVII ст.», «Францыск Скарына – беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар», суаўтар з аўтараў навукова-папулярнай кнігі «Францыск Скарына», выдадзенай ЮНЕСКА. 

Укладальнік раздзела «Старадрукаваныя кірылічныя выданні XVI–XVIII ст.» у каталогу «Кніга Беларусі. 1517–1917 гг.», факсімільнага выдання «Бібліі» Ф. Скарыны (у 3-х тамах).

1942 год. У ГУЛАГу памёр ураджэнец в. Выдранка Краснапольскага раёна Канстанцін Кернажыцкі (1902–1942). 

Беларускі гісторык, педагог. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт БДУ.

Працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, БДУ.

Даследаваў аграрную гісторыю Беларусі познефеадальнай і капіталістычнай эпох, эвалюцыю феадальнага спосабу вытворчасці ў канцы XVII – 1-й паловы XIX стагоддзяў. Займаўся пытаннямі распаду феадальна-прыгонніцкай сістэмы, перыядызацыі гісторыі познефеадальнага перыяду на Беларусі.

Адзін са складальнікаў зборніка дакументаў «Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах». Яго працы лічацца важнай вяхой у беларускай гістарыяграфіі ХХ стагоддзя.

11 снежня 1937 года арыштаваны НКУС, прыгавораны як «польскі шпіён» да лагераў.

1953 год. Нарадзіўся Пол Кругман. 

Амерыканскі эканаміст, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы (2008)

Нарадзіўся ў Нью-Ёрку ў яўрэйскай сям’і выхадцаў з Брэст-Літоўска. Зацікавіўся эканомікай і гісторыяй яшчэ ў дзяцінстве пад уплывам навукова-папулярных кніг выхадца з беларускіх зямель Айзека Азімава.

Прафесар Масачусецкага тэхналагічнага інстытута, Іельскага, Каліфарнійскага, Стэнфардскага ўніверсітэтаў, Лонданскай школы эканомікі, цяпер працуе ў Прынстанскім універсітэце.

1966 год. Нарадзіўся Алесь Бадак. 

Беларускі пісьменнік, паэт-песеннік, публіцыст, крытык.

Працаваў у Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюзу пісьменнікаў Беларусі, у часопісах «Бярозка», «Маладосць», галоўным рэдактарам часопісаў «Нёман», «Полымя». Дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура».

На шматлікія яго вершы напісаны песні А. Саладухі, А. Ярмоленкі, Алесі.

Аўтар больш як дзесяці паэтычных кніг, шматлікіх крытычных артыкулаў і рэцэнзій, а таксама тэкстаў песень.

Выступае з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі.

1985 год. Памёр Вадзім Жучкевіч (1915–1985). 

Беларускі прыродазнавец, доктар геаграфічных навук, прафесар. Прэзідэнт Геаграфічнага таварыства БССР.

У школьныя гады займаўся краязнаўчымі даследаваннямі, пісаў вершы, якія дасылаў у “Піянерскую праўду”. Атрымаў філалагічную і геаграфічную адукацыю (1939) у Мінскім педагагічным інстытуце. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

Працаваў і простым настаўнікам правінцыянальных школ, і ўплывовым чыноўнікам Дзяржплана БССР.

У 1964–1985 гадах працаваў у БДУ: загадчык кафедры фізічнай геаграфіі мацерыкоў, дэкан завочнага факультэта.

Спецыяліст у галіне фізічнай геаграфіі, методыкі выкладання геаграфіі ў школе, стваральнік навуковай тапанімічнай школы Беларусі, аўтар тапанімічнага раянавання, даследчык беларускіх старажытных водных шляхоў, аўтар школьных падручнікаў “Геаграфія БССР. 7–8 класы” (1959–1989), 350 навуковых прац.

1993 год. Памёр Юрый Шчарбакоў (1925-1993).

Савецкі фізіка-географ, доктар геаграфічных навук, прафесар, буйны спецыяліст у галіне геамарфалогіі, вывучэння ландшафтаў, член геаграфічнага таварыства.

Герой-танкіст пад час Вялікай Айчыннай вайны, удзельнік баёў на Курскай Дузе. У час вызвалення Еўропы, двойчы гарэў у танку. Ганаровы грамадзянін г. Прагі.

Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт. Навукова-педагагічную дзейнасць пачаў на геаграфічным факультэце Магілёўскага педінстытута (1955–1958), прымаў актыўны ўдзел ва ўсебаковым вывучэнні Магілёўскай вобласці, у рабоце Беларускага геаграфічнага таварыства.

Пасля Магілёва працаваў у Пермскім, Краснаярскім, Сімферопальскім, Цверскім універсітэтах.

2007 год. Памёр Генадзь Шкуратаў (1949–2007). 

Беларускі акцёр. Заслужаны артыст Беларусі.

Сыграў больш дзясятка роляў у Беларускім нацыянальным драматычным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа, каля 20 – у кіно.

Дзень у гісторыі. 10 лютага. Нарадзіліся пісьменнікі Ф. Умястоўскі, К. Каганец, старшыня Рады БНР В. Жук-Грышкевіч, акадэмік М. Высоцкі, палітык П. Латушка. Расстраляны Максім Гарэцкі

1452 год. Памёр Свідрыгайла Альгердавіч. 

Вялікі князь літоўскі. У хрышчэнні Баляслаў.

Удзельнічаў ў бітве на Ворскле (1399). У 1402–1409 гадах кідаўся паміж Тэўтонскім Ордэнам, маскоўскім князем Васілём I, ардынскім ханам Едыгеем, еўрапейскімі валадарамі ў пошуках саюзнікаў у барацьбе за сталец. 

У 1409 годзе вярнуўся да Літвы і быў зняволены ў Крамянецкі замак, дзе быў да 1418 года. Пасля замірэння ў 1420 годзе з Ягайлам і Вітаўтам, атрымаў Чарнігаўскае княства і Ноўгарад-Северскі.

У 1430 годзе абраны вялікім князем літоўскім. Канфліктаваў з Польшчай. Незадаваоленасць палітыкай новага князя прывялі ў 1432 годзе да спробы замаху  на яго жыццё князямі Жыгімонтам Кейстутавічам і Сямёнам Гальшанскім, але той паспеў уцячы ў Полацк. Замест яго вялікім князем абралі Жыгімонта. Распачаў грамадзянскую вайну (1432–1437), у якой атрымаў паразу ў  1435 годзе ў бітве пад Вількамірам.

1837 год. Памёр Аляксандр Пушкін. 

Расійскі паэт і пісьменнік. 

8 лютага атрымаў смяротнае раненне ў жывот пад час двубоя на пісталетах з паручнікам баронам Жоржам дэ Гекернам (Дантэсам). Вестка аб дуэлі і смерці Пушкіна выклікала моцнае хваляванне ў Пецярбургу. Каля труны паэта пабывала да 50 000 чалавек. 

Пахаваны ў Святагорскім манастыры.

1868 год. Нарадзіўся Карусь Каганец (Кастравіцкі). 

Беларускі пісьменнік, мастак, графік, скульптар і мовазнавец. Удзельнік рэвалюцыйнага руху. Сваяк знакамітага французскага паэта Гіёма Апалінера.

Удзельнічаў у стварэнні Беларускай Сацыялістычнай Грамады, распрацоўцы яе праграмы. Падрыхтаваў праект газеты «Палессе» (1904).

Аўтар апрацовак народных паданняў, казак, легенд, паданняў, навукова-папулярных нарысаў для дзяцей, драм, камедыі «Модны шляхцюк», якая карысталася вялікай папулярнасцю і была адным з першых твораў нацыянальнага тэатральнага рэпертуару. Аўтар малюнкаў, палітычнай карыкатуры, вырабаў з гліны, дрэва і косці. Афарміцель вокладкі кнігі «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Якуба Коласа (1909).

Супрацоўнічаў з газетай «Наша ніва». Апрацаваў кірылічны варыянт першага беларускага падручніка новага часу «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» (1906), распрацаваў праект адмысловага беларускага алфавіта.

Яго імя носіць вуліца ў Мінску.

Памёр 20 мая 1918 года.

1882 год. Нарадзіўся Францішак Умястоўскі. 

Беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч.

Вучыўся ў Санкт-Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце, уваходзіў у падпольную арганізацыю студэнцкай моладзі «Круг беларускай народнай прасветы і культуры».

Аўтар вершаў, апавяданняў, артыкулаў у газетах «Наша ніва», «Kurier Litewski», гісторыі выдання “Нашай Нівы”, перакладаў творы О. Уайльда і М. Гогаля.

Браў удзел у выданні газеты «Наша доля», выдаваў «Беларускі дзень», «Беларуская культура».

Адзін з галоўных стваральнікаў беларускіх ваенных фарміраванняў, прадстаўнік Цэнтральнай беларускай школьнай рады ў Вільні, кіраўнік Беларускай вайсковай камісіі.

У 1939 годзе мабілізаваны як паручнік запасу ў польскую армію, 18 верасня трапіў у савецкі палон, інтэрнаваны ў лагер у Казельску. Загінуў у Катыні ў 1940 годзе.

1891 год. Пайшла з жыцця Соф’я Кавалеўская (Корвін-Крукоўская). 

Расійскі матэматык, механік, пісьменніца і публіцыстка, першая ў свеце жанчына-прафесар, член-карэспандэнт Пецярбургскай акадэміі навук.

Нарадзілася ў сям’і выхадца са старажытнага беларускага шляхецкага роду генерала В. Корвін-Крукоўскага.

Дзяцінства правяла ў Віцебскай губерні, вывучала звычаі і традыцыі беларусаў і ў мемуарах падкрэслівала значэнне беларускай прыроды ў станаўленні яе асобы.Яе першае каханне было звязана з іменем надзвычай вядомага чалавека таго часу, які таксама мае беларускія карані – Ф. Дастаеўскім.

Каб мець магчымасць займацца навукай, узяла з беларусам У. Кавалеўскім фіктыўны шлюб (пазней стаў сапраўдным) і паехала ў Гайдэльберг вывучаць матэматыку.

У 1874 атрымала ступень доктара філасофіі ў Гётынгенскім універсітэце. У 1883–1891 гадах прыват-дацэнт Стакгольмскага ўніверсітэта.

Аўтар прац па матэматычным аналізе, матэматычнай фізіцы і нябеснай механіцы, даследавала задачу Лапласа пра раўнавагу кольцаў Сатурна.

Лаўрэат прэмій Парыжскай і Шведскай акадэмій навук.

Аўтар аповесцей, драмы, сямейнай хронікі, мемуараў.

Памерла 10 лютага 1891 года.

1903 год. Нарадзіўся Вінцэнт Жук-Грышкевіч. 

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, настаўнік.

Шосты старшыня Рады БНР (1971–1982).

Скончыў Пражскі ўніверэсітэт. Выкладаў у беларускай гімназіі, Праваслаўнай духоўнай семінарыі і Вышэйшай школе палітычных навук у Вільні. Прымаў актыўны ўдзел у грамадска-нацыянальным жыцці.

У верасні 1939 года арыштаваны ДПУ і зняволены ў ГУЛАГ.  У 1942 годзе ўступіў у армію генерала У. Андэрса. Служыў у Іраку, Палестыне, Егіпце, Італіі, удзельнічаў у бітве пад Монтэ-Касіна.

Пасля вайны выкладаў гісторыю і псіхалогію ў вайсковых польскіх школах у Італіі і Вялікабрытаніі. Адзін з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі і яго кіраўнік, член Рады БНР.

У Атаўскім універсітэце ЗША абараніў доктарскую дысертацыю «Лірыка Янкі Купалы». Адзін з заснавальнікаў Радыё «Вызваленне», першы кіраўнік беларускай рэдакцыі (1954–1956), адзін з заснавальнікаў Каардынацыйнага камітэта беларусаў Канады.

Памёр 14 лютага 1989 года ў Канадзе.

1909 год. Памёр Эдвард Паўловіч. 

Беларускі мемуарыст, мастак і асветнік

Капііст з палотнаў Эрмітажа, палотнаў заходніх мастакоў падчас падарожжаў па Еўропе. 

Аўтар кнігі “Некалькі словаў літвіна”, у якой адстойваў права беларускіх сялян на асвету, некалькіх кніг па краязнаўстве, малюнкаў прысвечаных Наваградчыне. Заснавальнік у Наваградку жаночага пансіёну і нядзельнай школы для сялян, аматарскага тэатру, бібліятэкі, ініцыятар адкрыцця помніка Адаму Міцкевічу. 

Удзельнік паўстання 1863 года.  

Памёр у Львове. Пахаваны на Лычакаўскіх могілках.

1921 год. У складзе Наркамата асветы БССР створана Навукова-тэрміналагічная камісія. 

Займалася распрацоўкай тэрміналогіі на беларускай мове.

Старшынёй стаў С. Некрашэвіч, загадчыкам гуманітарнай секцыі – Янка Купала.

На працягу толькі 1921 года камісіяй было распрацавана некалькі тысяч тэрмінаў у галіне граматыкі, літаратуры, логікі, матэматыкі, батанікі, геаграфіі, геалогіі і іншых. 

Пры выпрацоўцы тэрміналогіі камісія арыентавалася на слоўнік жывой беларускай мовы і ўтварала неалагізмы паводле правілаў беларускай мовы, часам выкарыстоўвала запазычанні з рускай, польскай і лацінскай моваў. 

Большасць распрацаваных тэрмінаў захоўваецца ў сучаснай беларускай мове. На базе Камісіі 30 студзеня 1922 года быў заснаваны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт).

1928 год. Нарадзіўся Міхаіл Высоцкі. 

Беларускі навуковец і канструктар машынабудавання, грамадскі дзеяч, акадэмік Акадэміі навук Беларусі. Доктар тэхнічных навук, прафесар. Лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР. Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі. Генеральны канструктар па аўтамабільнай тэхніцы Беларусі. Герой Беларусі.

Працаваў на МАЗе 50 гадоў, з якіх 35 гадоў –  галоўным канструктарам. Стварыў беларускую школу канструявання і даследавання грузавых аўтамабіляў,.падрыхтаваў 6 дактароў і 18 кандыдатаў навук.

Віцэ-прэзідэнт акадэміі навук Беларусі. Стваральнік і дырэктар Навуковага цэнтра праблем механікі машын НАН Беларусі, генеральны дырэктар «Белаўтатрактарабудаванне», Аб’яднанага інстытута машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук.

Аўтар больш за 450 навуковых прац, 20 манаграфій, атрымаў 145 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў. “Чалавек года – 1997” Міжнароднага біяграфічнага цэнтра ў Кембрыджы, адзін з 5 000 навукоўцаў ХХ стагоддзя па версіі Амерыканскага біяграфічнага інстытута.

Памёр 25 лютага 2013 года.

1938 год. Расстраляны НКУС ураджэнец в. Малая Багацькаўка (зараз – Багацькаўка Мсціслаўскага раёна) Максім Гарэцкі. 

Беларускі пісьменнік, дзеяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння, літаратуразнаўца, лексікограф, фалькларыст. Класік беларускай літаратуры. Зрабіў вялікі ўклад у развіццё беларускай культуры і фарміраванне беларускай нацыянальнай самасвядомасці, пачынальнік твораў маральна-этычнай праблематыкі, даследаванняў гісторыі беларускай літаратуры. Адзін з пачынальнікаў эпічнага жанру, інтэлектуальна-філасофскай, лірычнай, дакументальнай прозы ў беларускай літаратуры.

Аўтар першай «Гісторыі беларускай літаратуры», «Хрэстаматыі беларускай літаратуры. XI век – 1905 год», «Руска-беларускага слоўніка» (з Г. Гарэцкім), «Беларуска-расійскага слоўнічка», «Практычнага маскоўска-беларускага слоўніка» (з М. Байковым).

Быў сябрам Прэзідыума Народная рады БНР, шматлікіх арганізацый.

Працаваў у БДУ, Камуністычным універсітэце, Інбелкульце, загадчыкам кафедры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Горацкай сельгасакадэміі.

Арыштаваны 19 ліпеня 1930 года, у 1931 годзе высланы на 5 гадоў ў расійскую Вятку. Другі раз арыштаваны ў лістападзе 1937 года, 5 студзеня 1938 прысуджаны да расстрэлу.    

У Мсціславе працуе Літаратурны музей М. Гарэцкага, у Горках – музей-кабінет. Яго імя носяць бібліятэка ў Горках, вуліцы ў Мінску, Мсціславе і Горках. У Мінску і Вязьме пастаўлены помнікі, адкрыты памятныя дошкі ў Вільнюсе, расійскім Кіраве, Горках.

У 2012 годзе пры падрыхтоўцы да рэспубліканскага свята «Дажынкі» ў Горках, нягледзячы на пратэсты грамадства, быў знесены дом, у якім у 1926–1928 гадах жыў Максім Гарэцкі, на доме была ўсталяваная памятная дошка.

Пра яго дзейнасць і літаратурную спадчыну напісаны многія кнігі, зняты фільмы.

1943 год. Нарадзіўся Міхась Тычына. 

Беларускі літаратуразнавец, пісьменнік. Доктар філалагічных навук, прафесар.

Нарадзіўся ў Якуціі ў сям’і ссыльнага селяніна з в. Завалочыцы (цяпер Глускі раён). Брат архітэктара У. Тычыны, стрыечны брат пісьменніка А. Адамовіча.

Пасля вяртання з сылкі, сям’я жыла ў Завалочыцах.

Працаваў у Інстытуце літаратуры і мовы акадэміі навук, у Беларускім гуманітарным ліцэі. Член Беларускага ПЭН-Цэнтра.

Спецыяліст у галіне літаратуразнаўчай экспертызы. Аўтар вершаў, шматлікіх асабістых і калектыўных манаграфій, эсэ, нарысаў, аповесцей, апавяданняў. Пераклаў на беларускую мову шэраг прац і твораў А. Адамовіча. Адзін з аўтараў падручнікаў і навучальных дапаможнікаў па беларускай літаратуры для базавай і сярэдняй школы.

Памёр 7 лістапада 2022 года.

1971 год. Нарадзіўся Сяргей Басік. 

Беларускі і канадскі географ. Доктар навук, прафесар. 

Член Канадскай асацыяцыі географаў і Канадскага таварыства па вывучэнні імёнаў. Скончыў геаграфічны факультэт БДУ, у якім працаваў дацэнтам. 

З 2010 года выкладаў каледжах, універсітэтах канадскіх Таронта, Гамільтана, Кембрыджа. Даследуе праблемы гуманітарнай, культурнай, крытычнай геаграфіі, рэгіянальнай і крытычнай тапанімікі. 

Другі ў Беларусі пасля доктарскай працы В. Жучкевіча (1970) абараніў дысертацыю па геатапанімічнай тэматыцы, упершыню ў айчыннай геаграфіі выкарыстаў геатапанімічны падыход да вырашэння праблемы антрапагеннай дынамікі геасістэм.

1973 год. Нарадзіўся Павел Латушка. 

Беларускі дыпламат, дзяржаўны дзеяч Беларусі.

Скончыў юрыдычны факультэт БДУ, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Займаў розныя пасады ў Міністэрстве замежных спраў, пасады Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Польшчы, пасла ў Францыі і пры ЮНЕСКА. Быў наймаладзейшым беларускім паслом. Працаваў міністрам культуры Беларусі (2012-2019), генеральным дырэктарам Купалаўскага тэатра.

17 жніўня 2020 года загадам міністра культуры Беларусі Бондара звольнены з пасады гендырэктара Купалаўскага тэатра за асуджэнне падаўлення мірных пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў у Беларусі, удзел у Маршы за свабоду.

Член Прэзідыума Каардынацыйнай рады. Пакінуў Беларусь. Узначаліў Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, створанае ў кастрычніку 2020 года з мэтай забяспечыць мірнае завяршэнне выканання функцый нелегітымнымі органамі ўлады і стабілізацыі сістэмы кіравання краінай пасля пераходу ўлады да народа.

2011 год. Памёр Ян Збажына. 

Беларускі паэт і празаік.

Працаваў у школах і ўніверсітэце ў Баранавічах. Заснавальнік маладзёжнага і скаўцкага руху ў г. Баранавічы, адзін з заснавальнікаў Баранавіцкага філіяла БАЖ.

Аўтар, сааўтар кніг, зборнікаў паэзіі, апавяданняў, афрызмаў, вершаў, эсэ, якія друкаваліся ў многіх газетах, часопісах «Першацвет», «Бярозка», «Маладосць», «Полымя», «Дзеяслоў».

Дзень у гісторыі. 19 снежня. Мікола зімовы. Першая згадка пра казакаў. Нарадзіліся Леанід Брэжнеў, Валянціна Лемцюгова. Чацвёртыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі

Міжнародны дзень дапамогі бедным (International Day to Assist the Poor, з 1995 года). 

Устаноўлены ААН. Амаль кожны чацвёрты жыхар Зямлі цягне жабрацкае існаванне. У сувязі з гэтым ААН прынята некалькі праграм, якія ставяць за мэту выкараненне галечы.

Першыя праграмы па ліквідацыі галечы пачалі дзейнічаць у пачатку 2000 года, аднак пакуль колькасць тых, хто жыве за рысай беднасці, не змяншаецца.

ААН разглядае беднасць як “стан працяглай вымушанай адсутнасці неабходных рэсурсаў для забеспячэння здавальняючага ладу жыцця”. Беднасць азначае не толькі недахоп грошай, але і адсутнасць годнай працы, зручнага жылля, доступу да добрай адукацыі і аховы здароўя. Праблема беднасці актуальная і для Беларусі – самай беднай краіны Еўропы, разам з Малдовай і Украінай, у якой ідзе вайна, але гэта не прызнаецца тут на афіцыйным узроўні.

Памагаты сіратам і бедным – Святы Мікалай.

Мікола зімовы (праваслаўны каляндар)

«Без Міколы не бывае ні зіма, ні лета». «Да Міколы няма зімы ніколі». Праўда, надвор’е не заўсёды слухалася ўлюбёнага народам святога, таму казалі яшчэ і так: «Ніводнаму Міколу ня вер ніколі».

На Беларусі Мікола самы любімы і народны святы: Мікалай Цудатворац, Мікалай Угоднік, Свяціцель Мікалай.  

Мікалай шанаваўся як хуткі памагаты маракам, падарожнікам, купцам, несправядліва асуджаным і дзецям. На Захадзе Святы Мікалай  трансфармаваўся ў Санта-Клаўса.

Дзень святога Мікалая – свята, якое з нецярпеннем чакаюць дзеці, бо ў ноч з 18 на 19 снежня яны абавязкова знойдуць пад падушкай салодкія падарункі, доўгачаканую цацку, адзенне, гульню, білет на забаўляльнае мерапрыемства, кнігу.

Здаўна лічылася, што пасля 19 снежня пачынаюцца моцныя маразы. У гэты дзень абавязкова трэба запальць свечку на добры ўраджай у наступным годзе, памаліцца аб здароўі дзяцей, дапамозе ў дарозе і падарожжы, дабрабыце, дапамозе сіротам і бедным, вылячэнні ад хвароб.

Гаспадыні пяклі пірагі, накрывалі святочныя сталы і запрашалі суседзяў у госці, каб разам адзначаць свята.

Галоўнае ў Дзень Мікалая неабходна быць у добрым здароўі і добрым настроі, ні ў якім разе не лаяцца, а толькі цешыцца і дзякаваць святому за тое, што адбываецца ў вашым жыцці.

1492 год. У лісце літоўскага князя Аляксандра крымскаму хану Менглі Гірэю ўпершыню змяшчаецца пісьмовая згадка аб казаках.

Казакоў як асобны субэтнас вылучаў Леў Гумілёў. У склад казакоў у бытнасць іх саслоўем уваходзілі і групы беларусаў, паўднёвых славян, грэкаў, асецін, татараў, мардвы-эрзя, башкір, калмыкаў, бурат і іншых народаў – у Расійскай імперыі ўсе прадстаўнікі сярэднявечных воінскіх саслоўяў залічваліся ў казакі. У выпадку з беларусамі гэта былі служылых сяляне – панцырныя баяры і інш.

Упершыню слова «казак» у значэнні «вартаўнік» сустракаецца ў перакладным слоўніку куманскай (старакыпчацкай) мовы ў 1303 годзе.

Казак: 1) цюркскае, «вольны качэўнік, вольны чалавек, валацуга», той жа этымалогіі, што і этнонім казах. 2) мангольскае: “ко/ка” – “браня” і “зах” – “рубеж”. Ва Ўсходняй Еўропе да канца XVIII стагоддзя мелі назву таксама чаркасы.

Рускі ўрад часта выкарыстоўваў казакоў для сваіх мэт супраць ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Напрыклад, у 1654 годзе рускія даручылі магілёўскаму шляхціцу К. Паклонскаму стварыць беларускі казацкі полк у Радамскім замку з беларускай шляхты, гараджан і сялян Магілёўскага, Мсціслаўскага і Чавускага паветаў (каля 6 000 чалавек). Палкоўнік Паклонскі па ўзяцці Магілёва абрабаваў яго, зншчыў амаль усё габрэйскае насельніцтва. Па легендзе, удалося выратавацца толькі адной пары, ад якой і працягнулася яўрэйскае насельніцтва горада. А самы першы ў гісторыі габрэйскі пагром у Магілёве зладзілі казакі С. Налівайкі ў 1595 годзе.

1906 год. Нарадзіўся Леанід Брэжнеў. 

Кіраўнік СССР (1964-1982), Генеральны Сакратар КПСС (1966-1982) і Старшыня Прэзідыуму Вярхоўнага Савета СССР (1960-1964, 1977-1982).

Чатырохразовы Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы.

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Парада Перамогі. Маршал Савецкага Саюза.

Меў 117 савецкіх і замежных узнагарод, у тым ліку вышэйшага ваеннага ордэна “Перамога” (за подпісам Старшыні Вярхоўнага Савета М. Гарбачова).

Пасля сканчэння Курскага земляўпарадкавальна-меліяратыўнага тэхнікума (1927), працаваў у Коханаўскім раёне Аршанскай акругі (зараз – в. Багданаўка Талачынскага раёна).

Памёр 10 лістапада 1982 года.

1906 год. У Клімавічах нарадзіўся Мікалай Клаўс. 

Беларускі  дырыжор, кампазітар і піяніст.

Падчас вучобы ў музычным тіэхнікуме займаўся ледзь не па 24 гадзіны ў суткі. Як піяніст-канцартмайстар быў запрошаны ў беларускую оперную студыю, працаваў са спеваком, зоркай Вялікага імператарскага тэатра А. Баначычам, з заснавальнікам опернага тэатра І. Гітгарцам, зрабіў запісы на грампласцінкі з цымбалістам І. Жыновічам.

У 1939-1941 гадах з’яўляўся галоўным дырыжорам сімфанічнага аркестра Усебеларускага радыёкамітэта. Пад яго кіраўніцтвам ставіліся і агучваліся ў жывым эфіры буйнейшыя музыкальна-сцэнічныя творы.

Еўрапейскай знакамітасцю яго зрабіла аўтарства музыкі да першай дзіцячай оперы па казцы Г. Андэрсена «Салавей». 

У вайну не здолеў эвакуіравацца з Мінска і працаваў дырыжорам сімфанічнага аркестра гарадскога тэатра, паставіў оперы «Вяселле Фігара», «Кармэн», «Севільскі цырульнік», «Цыганскі барон». Ратаваў яўрэяў з гета, прыкрываў аркестрантаў, якія былі звязаны з падполлем.

У 1948 годзе быў арыштаваны, прыгавораны  да расстрэлу, які заменены на 25 год лагераў. У лагеры сачыняў музыку, аднавіў па памяці шматлікія творы, партытуру оперы Лысенкі «Наталка-полтавка» і сіламі зняволеных у 1950 годзе паставіў яе.

Пасля вызвалення працаваў у Рэспубліцы Комі галоўным дырыжорам тэатра, потым 30 год працаваў канцэртмайстрам ў калужскай філармоніі. Пад канец жыцця канчаткова аслеп.

Памёр ў 2001 годзе.

1934 год. Нарадзіўся Аляксей Мікуліч. 

Беларускі антраполаг. Доктар біялагічных навук

Скончыў Мінскі медыцынскі інстытут. Працаваў у Міністэрстве сацыяльнага забеспячэння БССР, Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі.

Вывучаў заканамернасць зменлівасці генетыка-антрапалагічных і адаптыўных тыпаў, генадэмаграфічных працэсаў сярод насельніцтва Беларусі і сумежных тэрыторый.

Адзін з аўтараў прац «Нарысы па антрапалогіі Беларусі», «Антрапалогія Беларускага Палесся», «Біялагічнае і сацыяльнае у фарміраванні антрапалагічных асаблівасцяў», «Спадчынныя і сацыяльна-гігіенічныя фактары даўгалецця».

Аўтар працы “Беларусы ў генетычнай прасторы. Антрапалогія этнасу” (2005).

Памёр 12 студзеня 2021 года.

1935 год. Нарадзілася Валянціна Лемцюгова. 

Беларуская мовазнаўца. Доктар філалагічных навук, прафесар. Выхоўвалася на Чавушчыне.

Працавала ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР, старшынёй Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі, членам Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Беларусі,  анамастычнай камісіі пры Міжнародным камітэце славістаў. Узначальвала анамастычную школу ў Беларусі.

Абаронца беларускай тапанімікі, адстойвала артыкул у Законе аб геаграфічных назвах, згодна з якім спачатку назва даецца на беларускай мове, а таксама традыцыйную беларускую лацінку, супраць якой (транслітэрацыя) стаў выступаць адзін магілёўскі чыноўнік у снежні гэтага года.

Аўтар манаграфіі «Беларуская айканімія», у якой даследавала працэс узнікненьня і эвалюцыйнага развіцьця беларускіх назваў населеных пунктаў (4 тысячы айконімаў), «Усходнеславянская айканімія апэлятыўнага паходжання». Пад яе кіраўніцтвам, удзеле створаны «Спіс населеных месцаў Расейскай імпэрыі» (44 тамы), «Беларуская граматыка», «Лексікалогія сучаснай беларускай мовы», «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас», «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», нарматыўны даведнік «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» у 6 кнігах па абласцях і іншыя.

Памерла 3 сакавіка 2018 года.

1989 год. Памёр Кірыл Мазураў. 

Беларускі савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч. Першы сакратар ЦК КПБ (1956-1965), Першы намеснік Старшыні Савета Міністраў СССР (1965-1978). Герой сацыялістычнай працы.

Стваральнік камсамольскага падполля на тэрыторыі Беларусі падчас вайны, удзельнік партызанскуга руху.

Пасля вайны ўзначальваў ЦК ЛКСМБ, працаваў першым сакратаром Мінскага гаркама, абкама партыі.

Пасля смерці Сталіна быў старшынёй Савета міністраў БССР (1953-1956).

З імем Мазурава звязаны шматлікія поспехі беларускага народу ў развіцці эканомікі, навукі і культуры, рэабілітацыя рэпрэсаваных. Стаў праваабаронцай незаслужана абгавораных падпольшчыкаў. Былі пабудаваны Наваполацкія нафтаперапрацоўчы завод і хімкамбінат «Палімір». Намагаўся аднавіць беларусізацыю.

У гонар Мазурава усталяваны мемарыяльныя шыльды ў Мінску (К. Маркса, 36), названы вуліцы ў Мінску і Гомеле.

Фота: Мурал у Гомеле

2008 год. Памерла Ніна Мацяш. 

Беларуская паэтэса і перакладчыца

Працавала выкладчыцай нямецкай мовы ў Белаазёрску.

Аўтар вершаў, паэм, зборнікаў паэзіі і казак, п’ес для тэатра лялек «Прыгоды трох парасят» (пастаўлена ў 1976), «Крок у бессмяротнасць» (пастаўлена ў 1977), тэлесцэнараў пра творчасць В. Бялыніцкага-Бірулі, Р. Кента.

Перакладала з нямецкай, польскай, французскай.

Лаўрэат Літаратурных прэмій імя А. Куляшова, імя У. Калесніка, прэміі Усебеларускага фестывалю моладзі

2010 год. Чацвёртыя Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. Жорсткі разгон акцыі пратэсту супраць фальсіфікацый. 

На  выбары былі высунуты 19 кандыдатаў, удзельнічала 10, у тым ліку Р. Кастусёў, У. Няклаеў, А. Саннікаў, М. Статкевіч – найбольшая колькасць кандыдатаў за ўсю гісторыю беларускіх выбараў.

Пасля агалошання папярэдніх вынікаў (паводле афіцыйных крыніц перамог А. Лукашэнка з 83% галасоў, паводле расійскага Агенцтва эфектыўных камунікацый «Inside» за Лукашэнку прагаласавалі 37,8%) прыхільнікі апазіцыйных кандыдатаў сабраліся на мітынг на плошчы Незалежнасці. 

Пасля нападаў і збівання мітынгоўцаў міліцыяй, большасць удзельнікаў пакінула плошчу. Каля 5 тысяч з іх засталіся, разам з Саннікавым і Рымашэўскім. Апоўначы і яны былі разагнаны сілавікамі. 

Былі затрыманы Кастусёў, Міхалевіч, Някляеў, Рымашэўскі, Саннікаў, Статкевіч, Вус і іншыя – усяго 639 асоб. 

Былі асуджаныя кандыдаты ў прэзідэнты У. Някляеў, А. Саннікаў, М. Статкевіч, Дз. Вус, В. Рымашэўскі да пазбаўлення волі на розныя тэрміны ад 2 да 6 гадоў.

Фота: Мінск, 19 снежня 2010

Дзень у гісторыі. 16 снежня. Першая згадка пра Маладзечна. Нарадзіліся Леў Альпяровіч, Іван Ахрэмчык, Валяр’ян Янушкевіч. Дзень памяці Эліэзера Бэн-Егуды

1388 год. Першая згадка пра Маладзечна. 

Змяшчаецца ў прысяжным лісце князя ноўгарад-северскага Дзмітрыя Альгердавіча вялікаму князю Ягайлу. 

Знаходзіцца на рацэ Уша, за 73 км на паўночны захад ад Мінска. Назва ад ракі Маладзечанка. Насельніцтва цяпер – 90 000 чалавек. 

Адзіны ў краіне горад, дзе ў 1991-1994 гадах была праведзена дэкамунізацыя гарадской тапанімікі – па ініцыятыве мэра Генадзя Карпенкі. 

У горадзе працуюць Мінскі абласны краязнаўчы музей, драмтэатр, праводзіцца больш 30 культурных мерапрыемстваў, у тым ліку рэспубліканскі тэатральны фестываль «Маладзечанская сакавіца», Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі (з 1993 года). 

Цэнтр машынабудавання і металаапрацоўкі – адзіны завод парашковай металургіі, лёгкай, харчовай, дрэваапрацоўчай і іншых галін прамысловасці.

1672 год. Памёр Ян Казімір Ваза. 

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі  (1648–1668), апошні манарх з дынастыі Вазаў.

У час яго панавання адбыліся разбуральныя войны з Маскоўскай дзяржавай, казакамі, са Швецыяй. 

Пры ім былі страчаны Прусія, Смаленскае ваяводства, Кіеў і левабярэжная Украіна. 

Агульны гаспадарчы заняпад дзяржавы, няўдачы ў войнах, аслабленне міжнароднага становішча, напружаныя адносіны з магнатамі і шляхтай, смерць энергічнай і актыўнай у палітыцы каралевы Марыі Людвікі прывялі да адрачэння ад трона і эміграцыі ў Францыю ў верасні 1668 года.

1874 год. Нарадзіўся Леў Альпяровіч. 

Беларускі мастак.

Скончыў Віленскую мастацкую школу акадэміка Івана Трутнева, Адэскую рысавальную школу і Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў. Вучань І. Рэпіна.

Выкладаў у Мінскім прыватным мужчынскім яўрэйскім рэальным вучылішчы.

Пісаў  партрэты, пейзажы, бытавыя кампазіцыі. Адстойваў прынцыпы рэалізму.

Яго творы найбольш поўна – 230 работ – былі прадстаўлены на персанальнай выставе ў Мінску ў 1939 годзе.

Памёр у 1913 годзе ў Мінску.

1903 год. Нарадзіўся Іван Ахрэмчык. 

Беларускі мастак-жывапісец.  Народны мастак, прафесар.

Выкладаў у Беларускім дзяржаўным мастацкім тэхнікуме, Мінскім мастацкім вучылішчы, Беларускім політэхнічным інстытуце, Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Пачаў удзельнічаць у выставах у 1921 годзе.

Працаваў у галіне партрэта, тэматычнай карціны, пейзажа, манументальнага мастацтва.

Адзін з першых у беларускім жывапісе звярнуўся да тэм сацыялістычнага будаўніцтва, станаўлення Савецкай улады.

У гады Вялікай Айчыннай вайны працаваў у выданні ЦК КПБ «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1943-1944).

Творчасці І. Ахрэмчыка, заснаванай на рэалістычных традыцыях, ўласціва глыбокае пранікненне ва ўнутраны свет сучасніка.

Памёр 9 сакавіка 1971 года.

Фота: аўтапартрэт І. Ахрэмчыка.

1905 год. Нарадзіўся Мікалай Сярдобаў. 

Беларускі оперны спявак. Народны артыст БССР, Заслужаны артыст Арменіі.

Працаваў у оперных тэатрах Куйбышава, Ерэвана, Пермі, Свярдлоўска, з 1946 года ў якасці саліста Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі.

У 1960-1975 гадах выкладчык і рэжысёр Опернай студыі Беларускай кансерваторыі, адначасова ў 1960-1987 гадах кіраўнік Мінскай народнай опернай студыі Палаца культуры Белсаўпрофа.

1922 год. У Іерусаліме памёр ураджэнец Глыбоччыны  Эліэзер Бэн-Егуда. 

Яўрэйскі мовазнаўца, адраджальнік іўрыта. Адзін з заснавальнікаў гебраізму, піянер сіянізму.

Скончыў полацкую ешыву, дзвінскае рэальнае вучылішча, вывучыў фрацузскую, нямецкую і рускую мовы. У Сарбонскім універсітэце Парыжа вывучаў медыцыну, гісторыю і палітыку Блізкага Усходу, пазнаёміўся з сіянісцкім рухам.

У 1881 годзе іміграваў у Палесціну. Яго сын Бэн-Цыён быў першым ізраільцянінам, для каго іўрыт быў роднай мовай, бо іншай не ведаў.

Выкладчык іўрыта, перакладчык, аўтар артыкулаў для газет, заснавальнік уласнай газеты «Гацві» на іўрыце.

Аўтар 17-тамовай працы  «Поўны слоўнік старажытнагабрэйскай мовы і сучаснага іўрыту», заснавальнік Акадэміі мовы іўрыт.

Яго намаганнямі 29 кастрычніка 1922 года іўрыт, разам з арабскай і англійскай мовамі, абвешчаны адной з афіцыйных моў Брытанскага мандату ў Палесціне.

У яго гонар у Іерусаліме ўсталяваная памятная дошка, названы вуліцы ў Іерусаліме, Тэль-Авіве, Хайфе і іншых гарадах Ізраіля.

На радзіме ў Лужках Глыбоцкага раёна ўсталяваны памятны знак на месцы дома, дзе ён нарадзіўся. Яго бюст усталяваны на Алеі славутых землякоў у Глыбокім.

1934 год. Нарадзіўся Леанід Анцімонаў. 

Беларускі мастак   

Выкладчык графікі, жывапісу, малюнка, кампазіцыі на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педінстытута,  прафесар вышэйшай педагагічнай школы ў польскай Зялёнай Гуры.

Працаваў у розных графічных тэхніках, акварэлі, алейным жывапісе.

Аўтар шэрагу навучальных дапаможнікаў: па графіцы, манатыпіі, гравюры на кардоне, фларатыпіі.

Сярод асноўных твораў: «Кветка папараці», «Мефістофель», «Дрэва жыцця», «Ахвярапрынашэнне», «Канец ХХ стагоддзя. Рэквіем», цыклы работ «Успаміны пра вайну», «На купальскую ноч», «Рэпрэсіі», «Поры года» (2003) і іншыя.

Творам мастака ўласцівыя філасофская трактоўка вобраза, паэтычная ўзнёсласць, полістылізм, выкарыстанне складаных тэхнічных прыёмаў, асацыятыўнасць колеру, эксперыментальны характар мастацкай мовы.

Памёр 16 лютага 2012 года ў Віцебску. 

1951 год. Заснаваны Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНІМ) у Нью-Ёрку. 

Грамадская навукова-культурная арганізацыя беларускай эміграцыі ў ЗША. Мае філіялы ў Германіі (Мюнхен, з 1955 года) і Канадзе (Таронта, з 1967 года). Выдае навуковы штогоднік «Запісы». Акрамя гэтага ў 1950-1960-х гадах выдаваліся часопісы «Конадні», «Абежнік».

Падтрымлівае сувязі з многімі бібліятэкамі свету, асабліва з Публічнай бібліятэкай у Нью-Ёрку.

У розны час інстытут узначальвалі У. Тамашчык, Я. Ліманоўскі, В. Тумаш, А. Адамовіч, у 1982-2022 гадах – В. Кіпель.

Вітаўт Кіпель
Вітаўт Кіпель

1962 год. Нарадзіўся Валяр’ян Янушкевіч. 

Беларускі скульптар. Брат Ф. Янушкевіча і Я. Янушкевіча.

Працуе ў манументальнай і станковай скульптуры, жывапісе.

Аўтар помнікаў А. Міцкевічу ў Лідзе і Навагрудку, харты князя Радзівіла ў замкавым парку ў г. Нясвіж, Ф. Скарыне ў Лідзе, І. Падарэўскаму ў г. Кракаў (1995), М. Доўнар-Запольскаму ў г. Рэчыца, Б. Івановай у г. Уроцлаў, Я. Скрыгану ў г. Йыхві (Эстонія), К. Каліноўскаму ў г. Шальчынінкай (Літва), М. К. Агінскаму ў г. Маладзечна  і іншых.

Аўтар мемарыяльных дошак Ф. Скарыну ў Кракаве, Падуі, Мінску, М. Агінскаму ў г. Фларэнцыі, С. Манюшку і шмат іншых.

Ён з’яўляўся афарміцелем касцёлаў Св. Роха ў Мінску, Св. Андрэя Баболі ў Полацку, надмагілляў.

Выканаўца серый рэльефаў для Музея камянёў у Мінску, Музея М. Багдановіча і іншых, станковых кампазіцый вядомых дзеячаў, у тым ліку  Ягайлы, Вітаўта, Т. Касцюшкі, Янкі Купалы». Працуе і ў жывапісе.

1977 год. Нарадзіўся  Максім Пятруль. 

Беларускі скульптар і дызайнер.

Скончыў Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. К. Глебава,

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт.

Мастак сучаснага светапогляду, для якога творчае пераасэнсаванне і спазнанне свету – правакацыйная гульня, дыялог з гледачом.

Яго працы незвычайныя як па форме, так і па змесце, маюць асаблівы філасофскі сэнс і незвычайную метафарычнасць.

Яго скульптурныя творы ўсталяваны ў кітайскіх гарадах Фучжоу, Куньмін, Чанчунь.

Аўтар твораў візуальнага мастацтва, інтэграваных у грамадскую прастору некалькіх станцый мінскага метрапалітэна.

Стваральнік помніка ахвярам Мінскага гета.

Творы аўтара знаходзяцца ў прыватнай калекцыі Райнольда Вюрта Кунцельзау ў Германіі, Музеі алімпійскага мастацтва ў Пекіне, у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, у музеях, галерэях, прыватных калекцыях і грамадскіх прасторах Беларусі, Расіі, Літвы, Нідэрландаў, Германіі, Кітая і ЗША.

1980 год. Званне Ганаровы грамадзянін Магілёва нададзена Івану Макараву. 

Партыйны, дзяржаўны і грамадскі дзеяч БССР. 

У 1939-1941 гадах – першы сакратар Магілёўскага абкама КП(б)Б. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны праводзіў вялікую работу па арганізацыі абароны Магілёва, эвакуацыі насельніцтва і каштоўнага абсталявання, стварэнню партыйнага падполля. 

Пры ім знік Крыж Еўфрасінні Полацкай. 

У 1943-1946 гадах  – першы сакратар Магілёўскага абкама КП(б)Б.

Яго імем названы вуліца і завулак у Магілёве.

2006 год. На Кальварыйскіх могілках у Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё надмагільнага помніка Вацлаву Іваноўскаму. 

В. Іваноўскі  (1880–1943) – беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, доктар тэхнічных навук.

Яўген Хлябцэвіч і Браніслаў Тарашкевіч вызначылі яго як цэнтральную фігуру беларускага жыцця ў Пецярбургу, а Максім Гарэцкі – як правадыра нацыянальнага адраджэнскага руху перад Першай сусветнай вайной.