Дзень у гісторыі. 6 красавіка. Згарэла магілёўская ратуша. Тэлефонная лінія ў Магілёве. Аднаўленне Алімпіяды. Спіс несяброўскіх краін. Нарадзіўся дзеяч астранаўтыкі Б. Кіт.

Міжнародны дзень спорта на карысць міру і развіцця (International Day of Sports for Development and Peace, з 2013 года).

Устаноўлены Генеральнай Асамблеяй ААН. Спорт валодае здольнасцю мяняць свет. Спорт – магутны інструмент для ўмацавання сацыяльных сувязей і садзейнічання ўстойліваму развіццю і міру, а таксама салідарнасці і павазе да ўсіх.

Спорт мае вялікі патэнцыял для дасягнення мэт у галіне ўстойлівага развіцця, для ўмацавання міру і правоў чалавека – ад пашырэння правоў і магчымасцей жанчын і дзяўчынак, моладзі, інвалідаў да дасягнення мэт у галіне аховы здароўя, устойлівага развіцця і адукацыі.

Сусветны дзень мультфільмаў (World Сartoon Day, з 2002 года).

Міжнародная асацыяцыя мультфільмаў заснавала гэтае свята у гонар таго, што ў гэты дзень 1906 года была знятая серыя першых мультфільмаў “Камічныя фазы смешных асоб” Джонам Сцюартам Блэктанам і Альбертам Смітам.

Магілёў мае прамое дачынне да мультфільмаў. Ён з 1998 года з’яўляецца беларускай сталіцай анімацыйных фільмаў, праводзіць міжнародны фестываль “Анімаёўка”. “Бацькі” фэсту – рэжысёр-аніматар “Беларусьфільм” Ігар Волчак і дырэктар “Магілёўкінавідэапракат” Андрэй Бычкоў.

1656 год. Памёр Шыман Старавольскі (1588–1656).

Вялікалітоўскі гісторык і пісьменнік. Першы ўсходнеславянскі літаратуразнаўца.

Нарадзіўся ў маёнтку Стараволя каля Пружанаў. Вучыўся ў Кракаўскім універсітэце. Удзельнік Хоцінскай вайны 1620–1621 гадоў.

Падарожнік па Еўропе. Прадстаўнік сарматызму ў гістарыяграфіі. Аўтар больш за 60 прац, галоўныя з іх  прысвечаны Жыгімонту I, ваярам Сарматыі, ста славутым польскім пісьменнікам і іх творам, гісторыі Польшчы і Каралеўства Польскага, гістарычным помнікам, помнікам сарматаў, пра знішчэнне перакопскіх татар, правы рыцараў. Склаў «Zyciorysy sławnych i uczonych Polaków» («Біяграфіі славутых і вучоных палякаў»).

Карціна Яна Матэйкі. Карл X Густаў і Шыман Старавольскі (справа)

1664 год. У Магілёве здарыўся моцны пажар.

Згарэлі ўсе драўляныя будынкі замка, ратуша, царква са званіцай, гандлевыя лаўкі.

Пажары ў горадзе тады здараліся два гады запар – у 1663 гарэў замак, у 1665 выгарэла значная частка горада.

1882 год. Магілёўскі купец Франц Лекерт атрымаў дазвол на пракладку тэлефоннай лініі ў Магілёве.

Лінія была пракладзена паміж яго канторай і піўзаводам у Маскоўскім прадмесці (Лупалава) па вуліцы Шашэйнай.

Першы тэлефон ў Магілёве з’явіўся ў 1878 годзе. Гэта адбылося праз 2 гады пасля таго, як у 1876 годзе тэлефон быў запатентаваны  А. Бэлам.

1886 год. У Шлісельбургскай крэпасці памёр у заключэнні ўраджэнец Магілёва Рыгор Ісаеў (1857–1886).

Выхаванец Магілёўскай гімназіі. Вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце і Медыка-хірургічнай акадэміі.

Удзельнік студэнцкага руху 1878–1879 гадоў у Пецярбургу, член тэрарыстычнай групы «Свабода або смерць», потым «Народнай волі» і яе выканаўчага камітэта. Удзельнік падрыхтоўкі замаху на цара пад Масквой, у Адэсе і Пецярбургу. Разам з М. Кібальчычам рыхтаваў выбуховыя рэчывы. Арыштаваны ў 1881 годзе. Прыгавораны да смяротнага пакарання, якое заменена вечнай катаргай.

1893 год. Нарадзіўся Язэп Гаўрылік.

Дзеяч беларускага руху ў Заходняй Беларусі. Адзін з заснавальнікаў Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны, актыўны дзеяч Таварыства беларускай школы.

Абіраўся паслом у сойм Другой Рэчы Паспалітай па спісе Рабоча-сялянскага адзінства.

Адзін са стваральнікаў і старшыня рэвалюцыйна-дэмакратычнай і нацыянальна-вызваленчай арганізацыі «Змаганне».

У 1931 годзе асуджаны польскімі ўладамі на 9,5 гадоў турмы. У 1932 годзе абменены на палітычных вязняў з СССР. Працаваў у Наркаме асветы БССР.

Арыштаваны ДПУ ў 1933 годдзе, у 1934 годзе прыгавораны да расстрэлу, які замянілі на 10 гадоў высылкі. Вязень ГУЛАГу ў Салавецкім лагеры і лагерах Беламорска-Балтыйскага каналу. Расстраляны 8 снежня 1937 года.

1896 год.  У Афінах пачаліся Першыя  Алімпійскія Гульні сучаснасці.

Традыцыя гульняў са Старажытнай Грэцыі была адноўленая французскім грамадскім дзеячом П’ерам дэ Кубертэнам.

Праходзілі Гульні да 15 красавіка 1896 года. У іх прынялі ўдзел 241 прадстаўнік (усе мужчыны) з 14 краін. Было разыграна 43 камплекта медаляў у 9 відах спорту. 

Каманда Злучаных Штатаў Амерыкі атрымала найбольшую колькасць залатых медалёў (11), а каманда Грэцыі, якая прымала Алімпійскія гульні, атрымала найбольшую колькасць медалёў у цэлым, а таксама найбольшую колькасць срэбных (17) і бронзавых (19) медалёў і на адзін залаты медаль менш, чым ЗША.

Першыя Алімпійскія гульні былі праведзены ў 776 годзе да н.э. у Алімпіі на паўвостраве Пелапанэс і з таго часу адбываліся там адзін раз у чатыры гады. Яны працягваліся пяць дзён у канцы чэрвеня – пачатку ліпеня. На час правядзення Алімпійскіх гульняў у Старажытнай Грэцыі заключаўся «свяшчэнны мір» і спыняліся любыя ваенныя дзеянні паміж рознымі полісамі.

У 394 годзе Алімпійскія гульні былі забаронены рымскім імператарам Феадосіям як паганскія забавы, якія з’яўляюцца «несумяшчальнымі з хрысціянствам».

1904 год. Нарадзіўся  Мікола Хведаровіч.

Беларускі паэт, празаік, перакладчык. Брат пісьменніка Н. Чарнушэвіча.

У бежанстве вучыўся ў калужскім гарадскім вучылішчы, дзе  матэматыку яму выкладаў К. Цыялкоўскі.

Працаваў камісарам Слуцкага ваенкамата, у партыйных часопісах, у газеце  «Чырвоная Беларусь», часопісах «Полымя рэвалюцыі», «Минск». Быў членам аб’яднанняў «Маладняк» і БелАПП.

Арыштаваны ў 1938 годзе, пакаранне адбываў у лагерах на Кольскім паўвостраве, у Комі АССР, ва Узбекістане. Паўторна арыштаваны ў 1949 годзе і сасланы ў Краснаярскі край. У 1956 годзе вярнуўся ў Беларусь.

Аўтар  вершаў, кніг паэзіі, жартаў, пародый, выбраных твораў, кніг для дзяцей, успамінаў, аповесцей.

Пераклаў паэмы А. Пушкіна «Каўказскі нявольнік», «Бахчысарайскі фантан», «Казку пра цара Салтана», творы А. Фадзеева, Э. Багрыцкага, Ш. Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» і іншыя. Асобна займаўся перакладамі з венгерскай мовы.

Памёр 20 жніўня 1981 года.

1905 год. Памёр ураджэнец Гродзеншчыны Іосіф Баранецкі (1843–1905).

Прыродазнавец, педагог. Скончыў Беластоцкую гімназію і прыродазнаўчае аддзяленне Пецярбургскага ўніверсітэта.

Працаваў прафесарам батанікі Кіеўскага ўніверсітэта, дэканам фізіка-матэматычнага факультэта. 

Аўтар «Курса батанікі для студэнтаў медыцынскіх факультэтаў», найменняў шэрагу батанічных таксонаў. У батанічнай (бінарнай) наменклатуры гэтыя назвы дапаўняюцца скарачэннем «Baran.».

1910 год. Нарадзіўся Барыс Кіт (1910–2018).

Актыўны дзеяч беларускай эміграцыі, беларуска-амерыканскі вучоны ў галіне астранаўтыкі, адзін з распрацоўшчыкаў ракетнага паліва для касмічных караблёў “Апалон”, “Шатл”, прафесар Мэрылендскага і Гродзенскага ўніверсітэтаў, акадэмік шэрагу акадэмій, Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Ганаровы грамадзянін Навагрудскага раёна.

Скончыў школу ў Карэлічах, Навагрудскую беларускую гімназію, фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта.

Выкладчык і дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, гімназіі ў Навагрудку.

Пад час нацысцкай акупацыі Беларусі арганізаваў настаўніцкія семінарыі ў Маладзечне і Паставах, стаў іх дырэктарам, заснаваў Адміністрацыйна-гандлёвы інстытут у Маладзечне. У 1944 годзе быў арыштаваны гестапа і зняволены ў турме ў Вілейцы. Ад расстрэлу яго выратавалі былыя вучні.

Жыў на эміграцыі ў Германіі, ЗША. Працаваў у касмічных праектах, у тым ліку Apollo, Shuttle, займаўся даследаваннем вадкага вадароду як будучага касмічнага паліва, матэматычнай распрацоўкай сродкаў сувязі ў праектах касмічных караблёў.

Аўтар навукова-папулярных кніг па касманаўтыцы, успамінаў. Чытаў лекцыі па касманаўтыцы ў Японіі, Індыі, Мексіцы, Іспаніі, Канадзе, Вялікабрытаніі, Швецыі, Германіі і іншых краінах.

Імя Кіта замурована ў “капсуле часу” лепшых сусветных вучоных ў галіне касманаўтыкі ў сцяне амерыканскага Капітолія.

1955 год. Выйшаў першы нумар газеты «Голас Радзімы».

Да 1960 года штотыднёвік меў назву «За вяртанне на Радзіму». Газета асвятляе жыццё беларускай эміграцыі. Да 1993 года выдавалася «Бібліятэчка газеты «Голас Радзімы». Выдадзена больш за 150 кніг і брашур.

1971 год. Памёр Ігар Стравінскі (1882–1971).

Рускі кампазітар беларускага паходжання, дырыжор і піяніст, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў сусветнай музычнай культуры XX стагоддзя. Грамадзянін Францыі, ЗША.

Паходзіць з беларускай шляхты Стравінскіх герба «Суліма».

Аўтар шматлікіх музычных твораў: скерца, санаты,  балеты («Жар-птушка», «Пятрушка», «Вясна святая»), оперы, песні. Актыўна гастраляваў па Еўропе, Амерыцы.

Пахаваны на могілках Сан-Мікеле ў Венецыі.

1992 год. Памёр ураджэнец в. Пятровічы Клімавіцкага павета (зараз – Смаленская вобласць) Айзек Азімаў (1920–1992).

Амерыканскі пісьменнік-фантаст, папулярызатар навукі, доктар біяхіміі.

Аўтар каля 500 кніг, галоўным чынам мастацкіх, першым чынам у жанры навуковай фантастыкі, але таксама і ў іншых жанрах: фэнтэзі, дэтэктыў, гумар, і навукова-папулярных у самых розных абласцях – ад астраномі і генетыкі да гісторыі і літаратуразнаўства. Шматразовы лаўрэат прэмій Х’юга і Неб’юла. Аўтар тэрмінаў рабатэхніка, робатыка, пазітронны, псіхагісторыя.

Азімаў разам з А. Кларкам і Р. Хайнлайном адносіцца да «Вялікай тройкі» пісьменнікаў-фантастаў.

Бацькі – яўрэйскія млынары Хана-Рахіл Берман і Іуда Азімаў разам  сынам у 1923 годзе праз Магілёў імігравалі ў ЗША.

1999 год. Памёр Генадзь Карпенка (1949–1999).

Беларускі навуковец і палітык. Доктар тэхнічных навук, Заслужаны дзеяч навукі, член-карэспандэнт НАН Беларусі.

На пасадзе старшыні Маладзечанскага гарвыканкама (1991–1994) правёў дэсаветызацыю гарадской тапанімікі, значныя эканамічныя пераўтварэнні, ініцыяваў правядзенне музычнага і тэатральнага фестываляў, стварэнне футбольнага клубу. 

У якасці намесніка Старшыні Вярхоўнага Савета кіраваў спробай імпічменту А. Лукашэнкі. Лічыўся верагодным кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 1999 года.

У асяродзі апазіцыі існуе меркаванне, што смерць палітыка не была натуральнай..

2022 год. Беларусь абвесціла спіс несяброўскіх краін.

У спіс увайшлі ЗША, Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя, ўсе еўрапейскія краіны за выключэннем Босніі і Герцагавіны, Сербіі, Турцыі, Украіны і Малдовы.

На загалоўным фота: Забег на 100 метраў. Афінская Алімпіяда, 1896. Амерыканец Т. Кертыс (другі злева) стартуе з невядомага яшчэ тады “нізкага” старту.

Дзень у гісторыі. 16 снежня. Першая згадка пра Маладзечна. Нарадзіліся Леў Альпяровіч, Іван Ахрэмчык, Валяр’ян Янушкевіч. Дзень памяці Эліэзера Бэн-Егуды

1388 год. Першая згадка пра Маладзечна. 

Змяшчаецца ў прысяжным лісце князя ноўгарад-северскага Дзмітрыя Альгердавіча вялікаму князю Ягайлу. 

Знаходзіцца на рацэ Уша, за 73 км на паўночны захад ад Мінска. Назва ад ракі Маладзечанка. Насельніцтва цяпер – 90 000 чалавек. 

Адзіны ў краіне горад, дзе ў 1991-1994 гадах была праведзена дэкамунізацыя гарадской тапанімікі – па ініцыятыве мэра Генадзя Карпенкі. 

У горадзе працуюць Мінскі абласны краязнаўчы музей, драмтэатр, праводзіцца больш 30 культурных мерапрыемстваў, у тым ліку рэспубліканскі тэатральны фестываль «Маладзечанская сакавіца», Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі (з 1993 года). 

Цэнтр машынабудавання і металаапрацоўкі – адзіны завод парашковай металургіі, лёгкай, харчовай, дрэваапрацоўчай і іншых галін прамысловасці.

1672 год. Памёр Ян Казімір Ваза. 

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі  (1648–1668), апошні манарх з дынастыі Вазаў.

У час яго панавання адбыліся разбуральныя войны з Маскоўскай дзяржавай, казакамі, са Швецыяй. 

Пры ім былі страчаны Прусія, Смаленскае ваяводства, Кіеў і левабярэжная Украіна. 

Агульны гаспадарчы заняпад дзяржавы, няўдачы ў войнах, аслабленне міжнароднага становішча, напружаныя адносіны з магнатамі і шляхтай, смерць энергічнай і актыўнай у палітыцы каралевы Марыі Людвікі прывялі да адрачэння ад трона і эміграцыі ў Францыю ў верасні 1668 года.

1874 год. Нарадзіўся Леў Альпяровіч. 

Беларускі мастак.

Скончыў Віленскую мастацкую школу акадэміка Івана Трутнева, Адэскую рысавальную школу і Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў. Вучань І. Рэпіна.

Выкладаў у Мінскім прыватным мужчынскім яўрэйскім рэальным вучылішчы.

Пісаў  партрэты, пейзажы, бытавыя кампазіцыі. Адстойваў прынцыпы рэалізму.

Яго творы найбольш поўна – 230 работ – былі прадстаўлены на персанальнай выставе ў Мінску ў 1939 годзе.

Памёр у 1913 годзе ў Мінску.

1903 год. Нарадзіўся Іван Ахрэмчык. 

Беларускі мастак-жывапісец.  Народны мастак, прафесар.

Выкладаў у Беларускім дзяржаўным мастацкім тэхнікуме, Мінскім мастацкім вучылішчы, Беларускім політэхнічным інстытуце, Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Пачаў удзельнічаць у выставах у 1921 годзе.

Працаваў у галіне партрэта, тэматычнай карціны, пейзажа, манументальнага мастацтва.

Адзін з першых у беларускім жывапісе звярнуўся да тэм сацыялістычнага будаўніцтва, станаўлення Савецкай улады.

У гады Вялікай Айчыннай вайны працаваў у выданні ЦК КПБ «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1943-1944).

Творчасці І. Ахрэмчыка, заснаванай на рэалістычных традыцыях, ўласціва глыбокае пранікненне ва ўнутраны свет сучасніка.

Памёр 9 сакавіка 1971 года.

Фота: аўтапартрэт І. Ахрэмчыка.

1905 год. Нарадзіўся Мікалай Сярдобаў. 

Беларускі оперны спявак. Народны артыст БССР, Заслужаны артыст Арменіі.

Працаваў у оперных тэатрах Куйбышава, Ерэвана, Пермі, Свярдлоўска, з 1946 года ў якасці саліста Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі.

У 1960-1975 гадах выкладчык і рэжысёр Опернай студыі Беларускай кансерваторыі, адначасова ў 1960-1987 гадах кіраўнік Мінскай народнай опернай студыі Палаца культуры Белсаўпрофа.

1922 год. У Іерусаліме памёр ураджэнец Глыбоччыны  Эліэзер Бэн-Егуда. 

Яўрэйскі мовазнаўца, адраджальнік іўрыта. Адзін з заснавальнікаў гебраізму, піянер сіянізму.

Скончыў полацкую ешыву, дзвінскае рэальнае вучылішча, вывучыў фрацузскую, нямецкую і рускую мовы. У Сарбонскім універсітэце Парыжа вывучаў медыцыну, гісторыю і палітыку Блізкага Усходу, пазнаёміўся з сіянісцкім рухам.

У 1881 годзе іміграваў у Палесціну. Яго сын Бэн-Цыён быў першым ізраільцянінам, для каго іўрыт быў роднай мовай, бо іншай не ведаў.

Выкладчык іўрыта, перакладчык, аўтар артыкулаў для газет, заснавальнік уласнай газеты «Гацві» на іўрыце.

Аўтар 17-тамовай працы  «Поўны слоўнік старажытнагабрэйскай мовы і сучаснага іўрыту», заснавальнік Акадэміі мовы іўрыт.

Яго намаганнямі 29 кастрычніка 1922 года іўрыт, разам з арабскай і англійскай мовамі, абвешчаны адной з афіцыйных моў Брытанскага мандату ў Палесціне.

У яго гонар у Іерусаліме ўсталяваная памятная дошка, названы вуліцы ў Іерусаліме, Тэль-Авіве, Хайфе і іншых гарадах Ізраіля.

На радзіме ў Лужках Глыбоцкага раёна ўсталяваны памятны знак на месцы дома, дзе ён нарадзіўся. Яго бюст усталяваны на Алеі славутых землякоў у Глыбокім.

1934 год. Нарадзіўся Леанід Анцімонаў. 

Беларускі мастак   

Выкладчык графікі, жывапісу, малюнка, кампазіцыі на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педінстытута,  прафесар вышэйшай педагагічнай школы ў польскай Зялёнай Гуры.

Працаваў у розных графічных тэхніках, акварэлі, алейным жывапісе.

Аўтар шэрагу навучальных дапаможнікаў: па графіцы, манатыпіі, гравюры на кардоне, фларатыпіі.

Сярод асноўных твораў: «Кветка папараці», «Мефістофель», «Дрэва жыцця», «Ахвярапрынашэнне», «Канец ХХ стагоддзя. Рэквіем», цыклы работ «Успаміны пра вайну», «На купальскую ноч», «Рэпрэсіі», «Поры года» (2003) і іншыя.

Творам мастака ўласцівыя філасофская трактоўка вобраза, паэтычная ўзнёсласць, полістылізм, выкарыстанне складаных тэхнічных прыёмаў, асацыятыўнасць колеру, эксперыментальны характар мастацкай мовы.

Памёр 16 лютага 2012 года ў Віцебску. 

1951 год. Заснаваны Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНІМ) у Нью-Ёрку. 

Грамадская навукова-культурная арганізацыя беларускай эміграцыі ў ЗША. Мае філіялы ў Германіі (Мюнхен, з 1955 года) і Канадзе (Таронта, з 1967 года). Выдае навуковы штогоднік «Запісы». Акрамя гэтага ў 1950-1960-х гадах выдаваліся часопісы «Конадні», «Абежнік».

Падтрымлівае сувязі з многімі бібліятэкамі свету, асабліва з Публічнай бібліятэкай у Нью-Ёрку.

У розны час інстытут узначальвалі У. Тамашчык, Я. Ліманоўскі, В. Тумаш, А. Адамовіч, у 1982-2022 гадах – В. Кіпель.

Вітаўт Кіпель
Вітаўт Кіпель

1962 год. Нарадзіўся Валяр’ян Янушкевіч. 

Беларускі скульптар. Брат Ф. Янушкевіча і Я. Янушкевіча.

Працуе ў манументальнай і станковай скульптуры, жывапісе.

Аўтар помнікаў А. Міцкевічу ў Лідзе і Навагрудку, харты князя Радзівіла ў замкавым парку ў г. Нясвіж, Ф. Скарыне ў Лідзе, І. Падарэўскаму ў г. Кракаў (1995), М. Доўнар-Запольскаму ў г. Рэчыца, Б. Івановай у г. Уроцлаў, Я. Скрыгану ў г. Йыхві (Эстонія), К. Каліноўскаму ў г. Шальчынінкай (Літва), М. К. Агінскаму ў г. Маладзечна  і іншых.

Аўтар мемарыяльных дошак Ф. Скарыну ў Кракаве, Падуі, Мінску, М. Агінскаму ў г. Фларэнцыі, С. Манюшку і шмат іншых.

Ён з’яўляўся афарміцелем касцёлаў Св. Роха ў Мінску, Св. Андрэя Баболі ў Полацку, надмагілляў.

Выканаўца серый рэльефаў для Музея камянёў у Мінску, Музея М. Багдановіча і іншых, станковых кампазіцый вядомых дзеячаў, у тым ліку  Ягайлы, Вітаўта, Т. Касцюшкі, Янкі Купалы». Працуе і ў жывапісе.

1977 год. Нарадзіўся  Максім Пятруль. 

Беларускі скульптар і дызайнер.

Скончыў Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. К. Глебава,

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт.

Мастак сучаснага светапогляду, для якога творчае пераасэнсаванне і спазнанне свету – правакацыйная гульня, дыялог з гледачом.

Яго працы незвычайныя як па форме, так і па змесце, маюць асаблівы філасофскі сэнс і незвычайную метафарычнасць.

Яго скульптурныя творы ўсталяваны ў кітайскіх гарадах Фучжоу, Куньмін, Чанчунь.

Аўтар твораў візуальнага мастацтва, інтэграваных у грамадскую прастору некалькіх станцый мінскага метрапалітэна.

Стваральнік помніка ахвярам Мінскага гета.

Творы аўтара знаходзяцца ў прыватнай калекцыі Райнольда Вюрта Кунцельзау ў Германіі, Музеі алімпійскага мастацтва ў Пекіне, у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, у музеях, галерэях, прыватных калекцыях і грамадскіх прасторах Беларусі, Расіі, Літвы, Нідэрландаў, Германіі, Кітая і ЗША.

1980 год. Званне Ганаровы грамадзянін Магілёва нададзена Івану Макараву. 

Партыйны, дзяржаўны і грамадскі дзеяч БССР. 

У 1939-1941 гадах – першы сакратар Магілёўскага абкама КП(б)Б. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны праводзіў вялікую работу па арганізацыі абароны Магілёва, эвакуацыі насельніцтва і каштоўнага абсталявання, стварэнню партыйнага падполля. 

Пры ім знік Крыж Еўфрасінні Полацкай. 

У 1943-1946 гадах  – першы сакратар Магілёўскага абкама КП(б)Б.

Яго імем названы вуліца і завулак у Магілёве.

2006 год. На Кальварыйскіх могілках у Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё надмагільнага помніка Вацлаву Іваноўскаму. 

В. Іваноўскі  (1880–1943) – беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, доктар тэхнічных навук.

Яўген Хлябцэвіч і Браніслаў Тарашкевіч вызначылі яго як цэнтральную фігуру беларускага жыцця ў Пецярбургу, а Максім Гарэцкі – як правадыра нацыянальнага адраджэнскага руху перад Першай сусветнай вайной. 

Дзень у гісторыі: 17 верасня. Савецкі Саюз атакаваў Польшчу. Нарадзіўся пісьменнік Максім Танк, палітык Генадзь Карпенка, журналіст Сяргей Дубавец. Памерлі: мастак Віктар Маркавец і пісьменнік Васіль Гарбацэвіч. Прынята Канстытуцыя ЗША

1939 год. Савецкі Саюз атакаваў Польшчу.

Польшча з 1 верасня ў адзіночку баранілася ад гітлераўскай Германіі. Уварванне савецкага войска прыспешыла паразу Польшчы.

Савецкі Саюз і гітлераўская Германія былі хаўруснікамі. 23 жніўня 1939 гэтыя дзве краіны падпісалі пагадненне, якое падзяліла сферы ўплыву ў сумежных краінах. Усё, што знаходзілася паміж Рэйхам і СССР, было падзелена. Гэты пакт развязаў Другую сусветную вайну.

У 1939 годзе ўсходнія тэрыторыі Польшчы заняла Чырвоная Армія і ўслед за ёю прыйшлі падраздзяленні савецкіх карных органаў, якія распачалі тэрор супраць насельніцтва.

Дзве часткі Беларусі ў выніку захопу краю Савецкім Саюзам аб’яднаналіся. Іх падзел быў узаконены Рыжскай дамоваю 1921 году. Да Польшчы адышла тады заходняя Беларусь, а Ўсходняй яе часткаю завалодала Савецкая Расія.

У выніку вайны 1939 году аб’янаная Беларусь павялічылася да 226 тысяч кв. км, а колькасць насельніцтва склала больш да 10,3 мільёны чалавек.

Рэжым Лукашэнкі ўварванне Савецкага Саюзу ў Польшчу выкарыстоўвае ў прапагандысцкіх мэтах. Для 17 верасня ідэолагамі прыдуманы Дзень народнага адзінства. Да 2021 годзе 17 верасня быў толькі ў назвах вуліц некаторых беларускіх гарадоў.

1590 год. Лідзе нададзенае магдэбургскае права і герб.

Горад вядомы з 1323 года будаўніцтвам мясцовага замка.

Стотысячны горад з развітай прамысловасцю. Цэнтр турызму нацыянальнага значэння.

1784 год. У Нясвіжы паказалі оперу «Агатка, або Прыезд пана».

Паставіў яе кіраўнік нясвіжскай капэлы Ян Голанд. Дырыжыраваў Джаакіна Альберціні, а лібрэта да оперы напісаў князь Мацей Радзівіл.

Адна з першых опер, створаных і пастаўленых у Беларусі ў XVIII стагоддзі.

Напісаная з нагоды прыезду ў Нясвіж караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Мела асаблівую вядомасць і больш за 40 год не сыходзіла са сцэны тэатраў Рэчы Паспалітай.

1774 год. Нарадзіўся Тадэвуш Тышкевіч.

Дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага княства Літоўскага.

Падчас паўстання 1794 года быў ад’ютантам Якуба Ясінскага, кіраваў атрадам у Вільні. Удзельнік абароны Прагі (прадмесце Варшавы).

За ўдзел у Аўстра-французскай вайне 1809 года ўзнагароджаны ордэнам «Віртуці Мілітары».

У вайну 1812 ваяваў на баку французаў, генерал кавалерыйскай брыгады, удзельнічаў у баях пад Мірам, Смаленскам, у Барадзінскай бітве.

Падчас паўстання 1830–1831 гадоў узначаліў Часовы паўстанцкі ўрад Літвы, на чале паўстанцкіх войск штурмаваў Вільню.

Памёр у Парыжы.

1787 год. Прынята Канстытуцыя ЗША.

Прынята Канстытуцыйным канвентам у Філадэльфіі.

Канстытуцыя ЗША – самы кароткі ў свеце асноўны закон.

Мае прэамбулу і 7 артыкулаў, і з некаторымі змяненнямі (27 паправак) дзейнічае па сёння.

1898 год. Нарадзіўся Павел Крынчык.

Беларускі дзеяч у міжваеннай Польшчы, публіцыст.

Удзельнік Таварыства беларускай школы, член яе Галоўнай управы.

Адзін з арганізатараў і член Галоўнага сакратарыята клуба «Змаганне».

За грамадскую дзейнасць арыштоўваўся польскімі і савецкімі ўладамі.

Вязень Калымскіх лагераў.

1907 год. Нарадзіўся Сяргей Дзяргай.

Паэт і перакладчык.

Працаваў у часопісах «Полымя», «Вожык»

Аўтар 9 зборнікаў паэзіі.

Перакладаў на беларускую мову творы замежных літаратараў.

Савецкімі карнымі органамі арыштоўваўся ў 1935 годзе. За «антысавецкую агітацыю» асуджана да 3 гадоў папраўчых лагераў. У 1939 годзе зноў арыштаваны і высланы ў Казахстан.

Пахаваны на Паўночных могілках Мінску. Рэабілітаваны ў 1992 годзе.

1912 год. Нарадзіўся Максім Танк (Яўген Скурко).

Класік беларускай літаратуры.

Не прымаў сацыялістычны рэалізм. Не цураўся бел-чырвона-белага сцяга, падтрымліваў мову і нацыянальную сімволіку, выступіў супраць вынікаў рэферэндуму 1995 года.

Многія вершы паэта пакладзены на музыку, перакладзеныя на іншыя мовы.

Яго імя нададзена Беларускаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсітэту, Мінскаму педагагічнаму каледжу, Сваткаўскай школе, што ў Мядзельскім раёне, і Мядзельскай раённай бібліятэцы.

У Мядзеле стаіць помнік пісьменніку.

1949 год. Нарадзіўся Генадзь Карпенка.

Навуковец і палітык.

На пасадзе старшыні Маладзечанскага гарвыканкаму (1991-1994) правёў дэсаветызацыю гарадской тапанімікі, эканамічныя пераўтварэнні, ініцыяваў правядзенне музычнага і тэатральнага фестываляў, стварэнне футбольнага клубу.

Быўшы намесніка Старшыні Вярхоўнага Савету кіраваў спробай імпічменту Лукашэнкі.

Памёр 6 красавіка 1999 года ў шпіталі.

1959 год. Нарадзіўся Сяргей Дубавец.

Журналіст, літаратар.

Пісаў для газет «Люстра дзён», слонімскай «Набойні», талакоўскага «Бурачок», бюлетэня Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» – «Кантроль», газеты «Навіны БНФ».

Рэдактар газеты «Свабода», галоўны рэдактар «Нашай Нівы».

Масон. Вялікі майстар Вялікай ложы Беларусі.

Аўтар шматлікіх твораў, прадмоў да кніг.

Узнагароджаны медалямі Літвы, імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтру, 100 гадоў БНР.

Лаўрэат многіх літаратурных прэміяў.

1985 год. Памёр Васіль Гарбацэвіч.

Адзін з заснавальнікаў беларускай савецкай драматургіі.

Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Магілёўскім педагагічным тэхнікуме (1924-1929).

Арганізатар і кіраўнік Магілёўскай філіі «Маладняка» (1925–1928).

Аўтар шматлікіх п’ес, якія ставіліся беларускімі тэатрамі.

Аўтар успамінаў пра сустрэчы з Максімам Багдановічам у Яраслаўлі.

2013 год. Памёр Віктар Маркавец.

Беларускі мастак-жывапісец.

Быў удзельнікам дысідэнцкай групы беларускай інтэлігенцыі «На Паддашку». Быў сябрам незалежнай суполкі мастакоў «Пагоня».

У яго творчай майстэрні ладзіліся першыя паседжанні Сойму БНФ «Адраджэньне».

Рэканструяваў партрэты знаных дзеячаў беларускай гісторыі і культуры. Аўтар серыі работ, прысвечаных Кастусю Каліноўскаму.

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў