Дзень у гісторыі. 12 чэрвеня. Арышт А. Аскеркі. Панамскі канал і А. Галынскі. Знішчана гета ў Друі. Катастрофа Су-25. Нарадзіўся Л. Родзевіч

Сусветны дзень барацьбы супраць дзіцячай працы  (World Day Against Child Labour, з 1997 года).

Устаноўлены Міжнароднай арганізацыяй працы.

Тэма дня-2023 – “Сацыяльная справядлівасць для ўсіх. Скончым з дзіцячай працай!”.

Паводле звестак ААН, колькасць дзяцей, якія працуюць у свеце, ва ўзросце ад 5 да 17 гадоў, складае 160 мільёнаў, прычым больш за 100 мільёнаў з’яўляюцца ахвярамі сучаснага рабства, а 80 мільёнаў з іх заняты небяспечнай працай. Многія з іх практычна не маюць часу, каб хадзіць у школу, а ўжо тым больш – гуляць, часта яны не атрымліваюць належнага харчавання і догляду.

Досвед барацьбы з дзіцячай працай на працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў паказаў, што дзіцячую працу можна выкараніць, калі ўхіліць першапрычыны.

1863 год. Рускімі карнікамі схоплены Аляксандр Аскерка (1830-1911).

Адзін з лідараў паўстання 1863-1864 гадоў, беларускі грамадскі дзеяч.

Паручнік (1853-1857) грэнадзёрскага імя караля Фрыдрыха Вільгельма палка.

У 1862 зладзіў у Варшаве выданне беларускага буквара-катэхізу для дзетак-каталікоў.

Вылучаўся ліберальнымі поглядамі, быў прызначаны мінскім губернатарам у камітэт па падрыхтоўцы сялянскай рэформы, працаваў у рэдакцыйных камісіях па рэформе ў Санкт-Пецярбургу, Вільні, у Віленскай археалагічнай камісіі.

Падчас паўстання быў начальнікам Вільні, памочнікам К. Каліноўскага. Быў прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага на 15 гадоў сібірскай катаргі.

Пасля катаргі пасяліўся ў Екацярынаславе (сучасны Днепр), дзе з  1872 года рэдагаваў варшаўскі часопіс «Ateneum».

У 1882-1885 гадах пабудаваў драўляную вілу «Падгор’е», частку пакояў якой здаваў пад санаторый. У гэтым доме пабыло нямала знакамітых людзей, у іх ліку паэт А. Адынец, ветэраны паўстання.

Апошнія гады жыцця правёў у маёнтку Відзы Лаўчынскія каля Браслава.

Магіла А. Аскеркі на Росах, Вільня.

1895 год. Нарадзіўся Леапольд Родзевіч (1895-1938).

Беларускі драматург, тэатральны і нацыянальны дзеяч.

Рэдактар беларускіх газет «Беларускі звон», «Наша будучыня», «Чырвоны сцяг», часопіса «Бальшавік», дзеяч Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі.

Аўтар шматлікіх п’ес, зборнікаў вершаў: «Беларусь», «На паняволеных гонях» і інш. Многія творы, асабліва «Збянтэжаны Саўка», ставяцца сучаснымі тэатральнымі калектывамі Беларусі. Арыштоўваўся ДПУ ў 1933 і 1938 гадах.

Загінуў у саратаўскай ссылцы ў 1938 годзе.

П. Бадунова, Л. Родзевіч, Я. Лагіновіч, 1923.

1897 год. Карл Элзенэр запатэнтаваў швейцарскі вайсковы нож.

У 1891 годзе ўладальнік кампаніі па вытворчасці хірургічнага абсталявання Элзенер выявіў, што кішэнныя нажы для швейцарскага войска робяцца ў Нямеччыне. Ён вырашыў забяспечыць армію нажамі швейцарскага выраба і заснаваў Асацыяцыю Швейцарскіх нажоўшчыкаў.

Асноўнай ідэяй “салдацкага нажа” было сумясціць кішэнны складаны нож і адкрутку для разборкі новай швейцарскай вінтоўкі Schmidt-Rubin. Свае нажы Элзенер пастаянна ўдасканальваў і дамогся стварыць нож з двума клінкамі, штопарам, адкруткамі.

1920 год. Афіцыйнае адкрыццё Панамскага канала.

Канал лучыць Атлантычны і Ціхі акіяны. Праз яго праходзяць найважнейшыя марскія шляхі, у тым ліку ад Нью-Ёрку да Сан-Францыска (14 500 км).

Даўжыня канала – 81,6 км, з іх 16,4 км прыходзяцца на Панамскую затоку і Затоку Калумба.

Першапачатковая задума будаўніцтва канала адносіцца да ХVІ стагоддзя, але кароль Іспаніі Філіп II наклаў забарону на разгляд падобных праектаў, бо «што Бог злучыў, чалавек раз’яднаць ня можа». У 1790-я першы праект канала ў Мезаамерыцы быў распрацаваны А. Маласіна.

У 1853 годзе была апублікавана праца з аналізам будаўніцтва канала з указаннем на Панаму Аляксандра (Яна-Іаахіма) Галынскага (1816-1893), удзельніка паўстання 1830-1831 гадоў, падарожніка, саўладальніка маёнтка Крычаў. Ягоны праект паспрыяў планам будаўніцтва (1904-1920) суднаходнага шляху на Панамскім перашыйку.

1934 год. У Менску адкрыты стадыён «Дынама».

Галоўная арэна футбольнай зборнай Беларусі.

Месціцца на вуліцы Кірава. Умяшчальнасць 22 000 чалавек.

Стадыён рэканструяваўся ў 1939 годзе, разбураны падчас Другой сусветнай вайны, адноўлены ў 1954 годзе.

На стадыёне праходзілі футбольныя матчы падчас летніх Алімпійскіх гульняў 1980 года.

1942 год. Нацыстамі знішчана гета ў Друі.

Забіта 1318 габрэяў, згарэла і знакамітая Друйская сінагога.

Падчас расстрэлаў вязні аказалі супраціўленне і падпалілі гета ў розных месцах.

На месцы расстрэлу ў 2001 годзе пастаўлены помнік на сродкі выхадцаў з Друі.

1947 год. Нарадзіўся Мікалай Мяцельскі.

Беларускі матэматык, доктар фізыка-матэматычных навук, прафесар

Скончыў БДУ. З 1970 працуе ў Інстытуце матэматыкі НАН Беларусі.

Навуковыя працы – па камбінаторнай геаметрыі, дыскрэтнай аптымізацыі. Распрацаваў новыя мэтады даследавання і рашэння задач камбінаторна-геаметрычнае аптымізацыі, тэарэтычныя асновы частковай выкупнасці ў канечнамернай прасторы.

Інстытут матэматыкі НАНБ.

1997 год. У Парыжы памёр Булат Акуджава (1924-1997).

Савецкі і расійскі бард, паэт, празаік, кампазітар балад, лірычных і сатырычных песень, драматург, сцэнарыст.

Аўтар зборнікаў паэзіі «Сакавік велікадушны», «Арбат, мой Арбат», «Прысвячаецца вам», «Міласці лёсу».

Пісаў таксама аповесці і раманы гістарычнай тэматыкі.

Шэраг яго вершаў на беларускую мову пераклалі Р. Барадулін і Л. Баршчэўскі.

1998 год. У ЗША памёр Антон Адамовіч (1909-1998).

Беларускі літаратуразнавец, гісторык, празаік, дзеяч беларускай эміграцыі.

Аўтар манаграфічнага даследавання пра творчасць М. Гарэцкага, прац пра І. Луцкевіча, “Якуб Колас у супраціве саветызацыі”, “Супраціўленьне саветызацыі ў беларускай літаратуры” і інш. Двойчы арыштоўваўся НКУС (1930, 1931).

На эміграцыі з 1943 года. Адзін з кіраўнікоў радыёстанцыі «Свабода».

2012 год. Катастрофа Су-25 пад Навагрудкам.

Загінуў падпалкоўнік Мікалай Грыднеў, лётчык 116-й штурмавой авіябазы (Ліда).

Пасля выканання задання у 15.35 на вышыні 200 метраў самалёт пачаў губляць кіраванне. Кіраўніком палёту была дадзена каманда лётчыку на катапультаванне,, але пілот загінуў, адводзячы самалёт ад вёскі Навіны Навагрудскага раёна.

2021 год. Памёр Ігар Жалязоўскі (1963-2021).

Выбітны беларускі канькабежац, заслужаны майстар спорту СССР, Заслужаны работнік фізічнай культуры і спорту Беларусі.

5 разоў прызнаваўся лепшым спартоўцам году Беларусі (1985, 1986, 1989, 1991, 1993). Адзін з наймацнейшых у свеце канькабежцаў-спрынтэраў ў 1980-1990-х гадах.

Прэзідэнт Беларускага саюзу канькабежцаў, член НАК Беларусі, прэзідэнт Параалімпійскага камітэту Беларусі.

Дзень у гісторыі. 26 мая. Царкоўны раскол. Снег па калена. Перамога “Меркурыя”. Заснавана “Узвышша”. Нарадзіўся Э. Рознер

1695 года. Віцебскі летапіс паведамляе пра незвычайныя метэаралагічныя з’явы.

У ім чытаем запіс, які тычыцца Усходняй Беларусі: “У год 1695. Месяца мая, 26 дня … выпаў па калена снег і ляжаў 3 дні”.

Халодным былі ўсё XVII і пачатак XVIII стагоддзя – “малы” ледавіковы перыяд, які наступіў у сувязі з вулканічнай дзейнасцю ў Амерыцы. Самымі халоднымі зімы былі ў 1709 і 1710 гадах.

У апошнія гады ў Беларусі майскі снег фіксаваўся 12 мая 2020 года.

1666 год. Сабор праваслаўнай царквы адлучыў раскольнікаў.

Пачаўся царкоўны раскол. Раскольнікі-стараверы сталі ўцякачамі з Маскоўскай дзяржывы і ўтварылі першую сталую групу рускіх на беларускіх землях з дзвюма буйнымі цэнтрамі – вакол Браслава і Відзаў (цяперашні Браслаўскі раён) і вакол Веткі (зараз раённы цэнтр Гомельскай вобласці). Кароль Рэчы Паспалітай Ян III Сабескі ў 1691 годзе дазволіў стараверам свабодна жыць у дзяржаве. У Ветцы хаваўся ад рускіх улад будучы кіраўнік сялянскага паўстання Е. Пугачоў. Рускія войскі рабілі набегі, у тым ліку трагічныя ў 1735 і 1764 гадах, на беларускія землі і адводзілі стараабраднікаў назад. Раскольнікі ў ХVІІІ стагоддзі рассяліліся па тэрыторыі Мінскай губерні.

У Магілёўскай вобласці стараабраднікі жывуць ва ўсходніх раёнах, Бабруйску і ў Кіраўскім раёне. У 1914 годзе ў Беларусі пражывала 100 тыс. стараабраднікаў. Пра жыццё стараабраднікаў распавядаюць экспазіцыі Веткаўскага музея стараабраднікаў і беларускіх традыцый імя Ф. Шклярава.

https://vetka-museum.by/

1829 год. Перамога “Меркурыя” беларуса А. Казарскага.

Падчас руска-турэцкай вайны 18-ці гарматны брыг “Меркурый” атрымаў перамогу над двума турэцкімі 110- і 74-гарматнымі лінейнымі караблямі ў раёне Басфорскага праліва.

Калі “Меркурый” нечакана сустрэўся з турэцкай эскадрай з 18 караблёў, А. Казарскі (1798-1833), ураджэнец беларускага г. Дуброўна, вырашыў уступіць у бой. Больш за 3 гадзіны 115 маракоў Казарскага бясстрашна біліся з 1200 туркамі – і выйшлі пераможцамі.

Па-майстэрску манеўруючы і не даючы суперніку скарыстацца дзесяціразовай перавагай у артылерыі, брыг “Меркурый” збіў ядрамі сваіх прылад усё ветразнае абсталяванне непрыяцеля і пакінуў яго ў “цалкам бездапаможным выглядзе”.

У азнаменаванне подзвігу ў Севастопалі на марскім бульвары быў усталяваны помнік з надпісам на пастаменце: “Казарскаму. Нашчадству ў прыклад…”.

Знакаміты мастак І. Айвазоўскі напісаў некалькі карцін, прысвечаных гэтаму бою.

1863 год. У баі з расійскімі карнікамі пад Парэччам каля Докшыцаў загінуў Генрых Дмахоўскі (1810-1863).

Беларускі і амерыканскі скульптар, паўстанец (1830-1831 і 1863 гадоў) на беларускіх землях, удзельнік Львоўскага паўстання 1846 года.

У ЗША вядомы як Генры Д. Сандэрс. Па сённяшні дзень упрыгожваюць памяшканне Кангрэсу ЗША ягонай працы бюсты Дж. Вашынгтона, Т. Джэфэрсана, Б. Франкліна, Т. Касцюшкі.

1885 год. У Мінску нарадзіўся Барыс Дабрынін (1885-1951).

Карстазнаўца, геамарфолаг, падарожнік, доктар геаграфічных навук, прафесар Маскоўскага, Тбіліскага і Кіеўскага ўніверсітэта.

Скончыў прагімназію Бабруйска, гімназію Гомеля, Маскоўскі ўніверсітэт. Акрамя выкладання ва ўніверсітэтах, працаваў загадчыкам  аддзела Інстытута геаграфіі АН СССР.

Аўтар падручнікаў для геаграфічных факультэтаў універсітэтаў, прац па геаграфіі Дагестана, Маскоўскай вобласці, Еўрапейскай часткі СССР і Каўказа, Заходняй Еўропы.

Памёр 4 верасня 1951 года ў Кіеве. Пахаваны ў Маскве на Ваганькаўскіх могілках.

1910 год. У Берліне нарадзіўся Эдзі (Адольф) Рознер (1910-1976).

Савецкі беларускі джазавы трубач, скрыпач, дырыжор, кампазітар і аранжыроўшчык. Заслужаны артыст БССР (1944).

Жыў і працаваў у Германіі (1910-1933, 1973-1976), Польшчы (1934-1939) і СССР (1939-1972).

Пасля далучэння Беластока да БССР пазнаёміўся з беларускім кіраўніком П. Панамарэнка – гарачым аматарам джаза, і пад яго заступніцтвам узначаліў новы вялікі джаз-аркестр, які неўзабаве атрымаў статус Дзяржаўнага джаза БССР. Аркестр Рознера атрымаў спецыяльны цягнік для гастроляў, які практычна стаў домам для аркестра. Любыя складанасці або праблемы вырашаліся дзякуючы ўмяшанню П. Панамарэнкі.

Улетку 1940 гады аркестр з вялікім поспехам даў канцэрты ў шматлікіх гарадах СССР і прыняў удзел у дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве. У верасні даў канцэрт ў Сочы для І. Сталіна. Сталіну канцэрт спадабаўся.

Біг-бэнд Рознера быў адным з першых савецкіх джазавых аркестраў, які выконваў музыку ў стылі свінг, і сыграў адну з ключавых роляў у засваенні айчыннымі музыкамі гэтага кірунку музыкі.

У 1946 годзе арыштаваны НКУС у Львове разам з жонкай. Прыгавораны да 10 гадоў лагераў і сасланы ў Хабараўскі край, дзе сабраў лагерны аркестр, потым на Калыму. Вызвалены ў 1954 годзе.

Адзін з найбольш папулярных джазавых артыстаў у СССР, чые запісы былі двойчы забаронены. Аўтар джазавых кампазіцый, а таксама танга, вальсаў, песень (на словы Ю. Цэйтліна, М. Пляцкоўскага, В. Маса, М. Чарвінскага, Я. Далматоўскага, У. Харытонава, Л. Кукса, Р. Пажэняна, Б. Дворнага і іншых) і джазавых аранжыровак.

Памёр 8 жніўня 1976 года ў Заходнім Берліне.

1909 год. Нарадзіўся Часлаў Ханяўка (1909-1988).

Беларускі грамадскі дзеяч. Стрыечны брат В. Жук-Грышкевіча.

Скончыў Віленскую беларускую гімназію, Віленскі ўніверсітэт.

У Другую сусветную вайну ў 1939 годзе ў Вільні стаў сузаснавальнікам Беларускай незалежніцкай партыі.

Падчас нямецкай акупацыі дзейнічаў у Беларускім камітэце ў Беластоку і Беларускім камітэце ў Варшаве.

З пачатку 1950-х жыў у ЗША ў Саўт-Рыверы. Актыўна дзейнічаў у беларускім асяроддзі, сузаснавальнік Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, адзін з кіраўнікоў арганізацыі «Беларуска-амерыканская дапамога».

Памёр 2 ліпеня 1988 года ў Саўт-Рыверы, ЗША.

Саўт-Рывер. Царква Св. Еўфрасінні Полацкай.

1926 год. Заснавана беларускае літаратурна-мастацкае згуртаванне “Узвышша”.

Заснавана групай былых сяброў літаб’яднання “Маладняк”. Старшыня – К. Чорны, намеснік – К. Крапіва, сакратар – А.Бабарэка. З магілёўцаў у арганізацыю ўваходзілі  В. Шашалевіч,  А. Мрый (А. Шашалевіч). Арганізацыя ставіла перад сабой задачы: дасягнуць вяршыні нацыянальнай літаратуры шляхам вучобы i выхавання талентаў, пераадолення эпігонскіх тэндэнцый i стварэння арыгінальнай школы літаратурнага мастацтва праз развіццё высокай культуры мовы, арганічнае спалучэнне рэалістычных традыцый са смелым наватарствам. Праіснавала па снежань 1931 года. Савецкая крытыка 1930-1950-х гадоў адносіла аб’яднанне да варожых сацыялізму арганізацый. Літаратурныя дасягненні “Узвышша” аб’ектыўна ацэнены толькі ў 1950-1960 гадах.

«Узвышша»: першы рад: Я. Пушча, А. Бабарэка, У. Дубоўка, К .Чорны, З. Бядуля, К. Крапіва. Другі рад: М. Лужанін, С. Дарожны, А. Адамовіч, Т.Кляшторны, У.Жылка, В.Шашалевіч, П.Глебка. Мінск. 1929 г.

1926 год. Нарадзіўся Ілля Курган (Эйдэльман, 1926-2019).

Беларускі акцёр, дыктар радыё, “беларускі Левітан”, педагог, заслужаны артыст Беларусі, прафесар кафедры сцэнічнай мовы акадэміі мастацтваў і ўніверсітэта культуры.

Большасці беларусаў вядома фраза: “Гаворыць Мiнск. У мiкрафона Iлля Курган”. У эфіры беларускага радыё І. Курган працаваў з 1949 года. Прозвішча “беларускі Левітан” яму даў сам Левітан пасля выпадку, калі Кургану прыйшлоя вясці трансляцыю пасяджэння ЦК замест Левітана, які спазніўся, а потым канстатаваў: “Вам не патрэбен Левітан, ёсць у вас Ілля Курган!”.

1977 год. Памёр Янка Пачопка (1890-1977).

Беларускі паэт, фалькларыст, аграном, публіцыст, савецкі праваслаўны і культурны дзеяч, удзельнік хрысціянскага руху пачатку XX стагоддзя.

Выдаў шэраг кніг сельскагаспадарчай тэматыкі. Выдавец рэлігійнага выдання «Праваслаўны Беларус». У 1939-1958 гадах працаваў аграномам.

Блізкі сябар Язэпа Драздовіча, які рыхтаваў ілюстрацыі да яго кніг, Міхася Машары.

Аўтар перакладаў з рускай мовы ў «Нашай Ніве», вершаў.

1999 год. Памерла Лідзія Ялоўчык (Лісок, 1911-1999).

Беларуская пісьменніца, паэтэса, педагог.

Вучылася ў Оршы, Гродна.

Працавала на Гродзенскім радыёвяшчанні, у лясгасе, настаўнічала ў школах Гродзенскай вобласці.

Аўтар кніг апавяданняў і аповесцей. Пісала пераважна пра мінулае, удзяляючы значную ўвагу жыццю беларускай моладзі ў даваеннай Польшчы і ў час вайны.

23 мая ў гісторыі. Прапойск стаў Слаўгарадам. Адраджэнне магілёўскай ратушы. Перахоп Ryanair з Пратасевічам. Спачыла Еўфрасіння Полацкая

1173 год. У Ерусаліме спачыла Еўфрасіння Полацкая (1104-1173).

Полацкая князёўна і ігумення, прылічаная да святых, асветніца і апякунка Беларусі праваслаўнымі і грэка-каталікамі, першая ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе падарожніца.

У паломніцтва ў 1167 годзе ішла па Дняпру, праходзіла месца, дзе зараз стаіць Магілёў.

У 1187 годзе яе мошчы былі перанесены з Ерусаліму ў Кіева-Пячорскую лаўру. У 1910 годзе пры вяртанні машчэй з Кіева ў Полацк, рака з парэшткамі святой стаяла тры дні ў Іосіфаўскім саборы Магілёва. Штогод 5 чэрвеня адзначаецца як Дзень Святой Еўфрасінні, ладзяцца пілігрымкі ў Полацк.

1753 год. У Навагрудку памерла  Францішка Уршуля Радзівіл (1705-1753).

Беларуская і польская пісьменніца, першая вядомая жанчына-драматург у ВКЛ, мастак. Жонка Міхала Радзівіла Рыбанькі.

Аўтар каля 80 паэтычных твораў, п’ес, камедый, трагедый і опер, у аснове якіх ляжаць вядомыя літаратурныя або фальклорныя сюжэты.

Яе драматычныя творы былі падрыхтаваны да друку Якубам Побугам Фрычынскім і надрукаваны ў Жоўкве ў 1754 годзе – “Камедыі і трагедыі…”

Пастаноўкі п’ес адбываліся на сцэнах розных радзівілаўскіх сядзібаў. Пасля смерці мужа п’есы ставіліся ў вузкім коле радзівілаўскага асяроддзя. Чарговы ўздым нясвіжскага тэатра пачаўся з 1777 годзе, калі з эміграцыі вярнуўся яе сын Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку».

Доўгі час імя Францішкі Уршулі было невядома шырокаму чытачу. Толькі ў 2003 годзе ў свет выйшла кніга выбраных твораў у беларускім перакладзе. Пераклад шэрагу твораў пісьменніцы  на беларускую мову здзейснілі Н. Русецкая, Н. Гардзіенка, А.Хадановіч, Ж. Некрашэвіч-Кароткая, Л. Баршчэўскі і іншыя.

1761 год. Шчучыну нададзены герб.

Амаль 16-тысячны раённы цэнтр Гродзенскай вобласці, вядомы з І паловы XV стагоддзя, адзін з цэнтраў піярскага ордэна.

З 1795 года ў складзе Расійскай імперыі. Сярод выхаванцаў Шчучынскай школы піяраў вядомыя І. Дамейка, М. Догель, К. Нарбут, А. Петрашкевіч, Ю. Корсак.

У 1921-1939 гадах у складзе Польшчы, цэнтр павета Навагрудскага ваяводства. З 1939 года – у БССР, у Баранавіцкай (да 1962), Гродзенскай абласцях.

Знакаміты сваім ваенным аэрадромам (у розны час у раёне знаходзілася каля 20 авіяцыйных частак). Цікава, што на пачатку 1990-ых тут былі сканцэнтраваныя амаль усе знішчальнікі-перахватчыкі тыпу МіГ-25БМ, якія былі выраблены ў СССР.

У горадзе зараз працуюць ААТ «Аўтапровад», прадпрыемствы сельскагаспадарчага і трактарнага машынабудавання, харчовай прамысловасці.

1842 год. Нарадзілася Марыя Канапніцкая (1842-1910).

Пісьменніца, паэтэса, перакладчыца, буйнейшы майстар польскай рэалістычнай літаратуры.

Змагарка за правы жанчын. Блізкая сяброўка Элізы Ажэшкі. Неаднаразова наведвала Беларусь, перапісвалася з Я. Лучынай.

Аўтар цыклаў вершаў, эпічных паэм, зборнікаў апавяданняў,  цыклаў народных песняў «З лугоў і палёў», «На жалейцы», кнігі «Міцкевіч, яго жыццё і душа» (1899).

Асноўныя матывы яе творчасці — сялянская нядоля, жыццё гарадской беднаты, любоў да радзімы, вера ў народ, у надыход справядлівасці.

1871 год. Памёр Яраслаў Дамброўскі (1836-1871).

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў, генерал Парыжскай камуны. Скончыў Брэсцкі кадэцкі корпус, служыў у Санкт-Пецярбургскім Дваранскім палку, у артбрыгадзе, якая ўдзельнічала ў Каўказскай вайне. Вучыўся ў Мікалаеўскай акадэміі Генеральнага штаба.

Быў членам і кіраўніком гуртка апазіцыйна настроеных афіцэраў, вёў у Варшаве падпольную працу ў складзе Цэнтральнага Нацыянальнага Камітэта. Распрацаваў план паўстання.

Быў арыштаваны і зняволены ў Варшаўскую цытадэль, адкуль кіраваў паўстаннем. Асуджаны да 15 гадоў катаржных работ, але ў 1864 здолеў уцячы з маскоўскай перасыльнай турмы.

З 1865 года жыў у Парыжы, удзельнік Аб’яднання польскай эміграцыі.

Актыўны ўдзельнік Парыжскай камуны: камандзір легіёна, камендант Парыжскага ўмацаванага раёна і камандуючы войскамі заходняга сектара абароны Парыжу, генерал.

Атрымаў цяжкае кулявое раненне ў баі і памёр у парыжскім шпіталі Ларыбуазьер.

1910 год. Янка Купала закончыў сваю паэму-баладу «Курган».

У паэме паказаны вобраз гусляра, які не прадаўся князю за грошы, не стаў ягоным песняром. Гусляр не здрадзіў сабе і свайму народу. Ён застаўся сапраўдным мастаком, вольным і незалежным духоўна. Гусляр загінуў, але перамог князя ў гэтым паядынку. Курган – гэта не магіла старца-гусляра, а помнік чыстаму сумленню, годнасці і таленту.

1938 год. Нарадзіўся Аляксей Мацвееў.

Доктар геолага–мінералагічных навук, прафесар, акадэмік НАНБ. Заслужаны дзеяч навукі.

Скончыў геаграфічны факультэт БДУ. Працаваў у Белдзіправадгас Міністэрства меліярацыі і воднай гаспадаркі БССР, Інстытуце геалагічных навук (дырэктар), у БДУ

Даследчык ледавіковых адкладаў, геалогіі антрапагена, рэльефу, карысных выкапняў, неатэктонікі Беларусі, стваральнік серыю геамарфалагічных карт,

Аўтар каля 400 надрукаваных работ, у тым ліку 23 манаграфій і кніг.

1945 год. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР г.п. Прапойск перайменаваны ў г. Слаўгарад.

Вядомы з 1136 года. Назва Прапойск паходзіць ад упадзення р. Проня ў р. Сож.

Паводле папулярнай легенды, перайменаваны ў сувязі з прысваеннем дывізіі, якая вызваляла горад, звання гвардзейскай – найменне «Гвардзейская Прапойская дывізія» аказалася немілагучным. Але ніякіх вайсковых падраздзяленняў і злучэнняў з назвамі «Прапойскі» ці «Слаўгарадскі» ніколі не існавала, а легенда з’явілася, верагодна, на падставе мемуараў генерала А. Гарбатава.

Па іншай легендзе, новае імя Прапойску – Слаўгарад – асабіста даў Сталін, упісаўшы яго ў спіс гарадоў, у гонар якіх давалі салют Перамогі ў Маскве. Сталін нібыта вырашыў, што «Прапойск» – не надта мілагучная для такога гістарычнага моманту назва.

Зараз у горадзе 7,8 тысяч жыхароў, працуюць філіялы ААТ “Дамачай”, “Бабушкіна крынка”, “Чырвоны харчавік”.

1946 год. Кастусь Езавітаў загінуў у мінскай турме НКУС (1893-1946).

Беларускі палітычны, грамадскі і ваенны дзеяч, публіцыст, перакладчык і педагог. Актыўны ўдзельнік беларускага нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, дзеяч БНР, арганізатар беларускай дзейнасці ў міжваеннай Латвіі.

Удзельнік З’езда, Камітэта воінаў-беларусаў Паўночнага фронту, Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, Усебеларускага з’езда.

Браў удзел у абвяшчэнні незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, народны сакратара ваенных спраў ва ўрадзе БНР,  палкоўнік.

У 1921-1941 гадах жыў Латвіі, дзе займаўся грамадска-палітычнай і культурна-асветніцкай дзейнасцю сярод беларусаў, арганізацыяй школьнай справы. За беларускую нацыянальную дзеянасць арыштоўваўся латвійскімі ўладамі ў 1924, 1930, 1933 і 1935 гадах.

Падчас Другой сусветнай вайны кіраваў у Рызе Беларускім цэнтральным камітэтам, які займаўся арганізацыяй беларускіх школ у Латвіі, удзельнічаў у Другім Усебеларускім кангрэсе, быў генеральным інспектарам Беларускага вызваленчага войска,  міністрам ваенных спраў Беларускай Цэнтральнай Рады.

У красавіку 1944 года затрыманы СМЕРШам. Загінуў 23 мая 1946 года ў мінскай турме.

Аўтар многіх кніг і артыкулаў па гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху, беларусазнаўстве, вершаў, школьных дапаможнікаў. Падрыхтаваў да друку невядомыя раней творы М. Багдановіча. Укладальнік біяграфічнага слоўніка дзеячаў беларускага нацыянальнага адраджэння, апекаваўся стварэннем архіва беларускага нацыянальна-вызваленчага руху.

1954 год. Нарадзіўся Алесь Грудзіна.

Грамадскі дзеяч са Шклова, краязнавец, педагог.

1959 год. Нарадзіўся Аляксандр Смалянчук.

Беларускі гісторык беларускі, доктар гістарычных навук, прафесар.

Скончыў Гродзенскі ўніверсітэт, стажыраваўся ў Варшаўскім і Ягелонскім універсітэтах.

Працаваў настаўнікам гісторыі ў сярэдняй школе, навуковым супрацоўнікам Рэспубліканскага музея гісторыі рэлігіі і Гродзенскага абласнога гістарычна-археалагічнага музея, у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, дырэктарам Інстытута гістарычных даследаванняў ЕГУ.

Асноўныя тэмы даследаванняў: гісторыя польскага руху ў Беларусі і Літве ў XIX – пачатку XX стагоддзяў, гісторыя беларускага нацыянальнага руху, палітычная гісторыя Беларусі XIX – XX стагоддзяў і яе адлюстраванне ў памяці жыхароў Беларусі (вусная гісторыя), краязнаўства.

Узнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

1986 год. Ткачыха магілёўскай стужкаткацкай фабрыкі Ніна Дзянісенка стала першым у горадзе поўным кавалерам ордэна Працоўнай Славы.

Яна стала 277-м поўным кавалерам у СССР.

На фабрыцы “Стужка“ прапрацавала з 1961 года да выхада на пенсію ў 1996. Ахвотна і з цікавасцю авалодвала прафесіяй ткачыхі, актыўна пераймала вопыт старэйшых, стала перадавіком вытворчасці. Асабістыя заданні некалькіх пяцігодак выконвала датэрмінова, дабіваючыся завяршэння за 5 гадоў сямі гадавых планаў.

Узнагароджвалася ордэнамі Працоўнай Славы 3-й і 2-й ступеняў у 1975 і 1981 гадах.

Дэпутатка Вярхоўнага Савета БССР (1980-1985).

Н. Дзянісенка другая справа.

1987 год. Памёр ураджэнец в. Гарадзец Быхаўскага раёна Канстанцін Лукашоў (1907–1987).

Заснавальнік Беларускага геаграфічнага таварыства (1954) і яго прэзідэнт (1957–1960), акадэмік, віцэ–прэзідэнт АН БССР, рэктар БДУ (1956–1969), дырэктар Інстытута геалагічных навук.

У 24 гады стаў загадчыкам кафедры, у 25 – дэканам, потым – рэктарам Ленінградзскага ўніверсітэта. Падчас вайны прадстаўляў СССР у ЗША, дзе адказваў за набыццё па “ленд–лізу” бронетэхнікі, самалётаў, узбраення.

Апублікаваў больш за 500 навуковых прац, у тым ліку 55 манаграфій і кніг.

1990 год. На вайсковай базе «Лясная» ў Баранавіцкім раёне ліквідавалі апошнюю балістычную ракету тыпу Р-12 (СС-4) з Пружан.

Гэта адбылося ў межах дамоўленнасцяў 1987 года паміж СССР і ЗША.

У Беларусі былі знішчаны ўсе ракеты дальнасцю 500-5500 км. Пасля развалу СССР Беларусь была 8-ай краінай у свеце па запасах ядзернага ўзбраення: 1120 ядзерных боезапасаў на ўзбраенні 180 часцей агульнай колькасцю 40 тыс. чалавек.

1992 год. Закладзены і асвечаны арцыбіскупам Максімам першы камень новай будучай магілёўскай ратушы.

У 1578 годзе, праз год пасля атрымання горадам граматы на магдэбургскае права, у Магілёве пачалося ўзвядзенне гарадской ратушы. Першапачаткова яна была драўлянай, таму неаднаразова згарала дашчэнту, і яе месцазнаходжанне мянялася.

4 верасня 1679 года гараджане прыступілі да будаўніцтва каменнай ратушы, асноўны корпус якой быў узведзены да 1681 года, а поўнасцю будаўніцтва завяршылі ў 1698 годзе. Вышыня 8-граннай 5-яруснай вежы са шпілем была роўная 47 метрам – самы высокі будынак у горадзе.

У час Вялікай Айчыннай вайны ратуша была моцна пашкоджана. 28 снежня 1952 года на нарадзе архітэктараў БССР па ахове помнікаў архітэктуры, было прынята рашэнне аб яе аднаўленні, аднак рэстаўрацыя ратушы так і не была распачатая, а ў ліпені 1957 года яна была ўзарвана.

Аднаўленне ратушы пачалі толькі ў 2007 годзе. У 2008 годзе ў дзень горада адбылося яе ўрачыстае адкрыццё.

1996 год. Пад Баранавічамі разбіўся Су-27 ВПС Беларусі.

Загінуў падпалкоўнік і начальнік баранавіцкай базы Уладзімір Карват (1958-1996), які пасмяротна стаў першым Героем Беларусі.

Загінуў пры выкананні вучэбна-трэніровачнага палёту, спрабуючы адвесці самалёт, які страціў кіраванне і падаў, ад населенага пункта.

2021 год. Авіяцыйны інцыдэнт з рэйсам Ryanair 4978 у Беларусі.

Выконваўся міжнародны рэгулярны пасажырскі рэйс авіякампаніі Ryanair з Афін у Вільнюс. Калі самалёт знаходзіўся над Беларуссю, ён быў перанакіраваны ў Нацыянальны аэрапорт Мінск у суправаджэнні ваеннага знішчальніка. Тут быў затрыманы беларускі апазіцыйны актывіст Раман Пратасевіч і яго сяброўка Соф’я Сапега, пасля борт вылецеў з Мінска і прызямліўся ў Вільнюсе.

27 мая 2021 года Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі абвясціла аб пачатку расследавання ў сувязі з сітуацыяй з рэйсам Ryanair FR4978. 20 ліпеня 2022 года апублікавана канчатковая справаздача аб інцыдэнце з лайнерам. Паводле яе высноваў, віна за захоп самалёта ляжыць на беларускіх уладах.

 

Дзень у гісторыі. 3 мая. Дзень Сонца, вольнага друку. Першая ў Еўропе Канстытуцыя. Нарадзіўся У. Галубок. Дзень памяці Шушкевіча

Сусветны дзень Сонца (World Day of the Sun, з 1994 года).

Сонца – найбліжэйшая да Зямлі зорка. Яна знаходзіцца на адлегласці 150 мільёнаў кіламетраў. Іншая бліжэйшая да нас зорка Проксіма з сістэмы aльфа Цэнтаўра ў 2500 разоў далей Сонца. Сонца дае святло і цеплыню, неабходныя для Зямлі. Менавіта яно вызначае жыццё і экалогію планеты.

Сонца – цэнтральная і адзіная зорка Сонечнай сістэмы, вакол якой круцяцца іншыя аб’екты сістэмы – планеты, карлікавыя планеты са сваімі спадарожнікамі, астэроіды, метэарыты, каметы і касмічны пыл.

Цікавыя факты.

Маса Сонца складае 99,8% ад масы ўсёй Сонечнай сістэмы.

Па спектральнай класіфікацыі Сонца адносіцца да тыпу “жоўты карлік”. Сонца свеціць бялявым святлом, але з-за прыгнечання часткі спектру атмасферай Зямлі гэта святло набывае жоўтае адценне.

На Зямлю пападае 1/2 мільярднай часткі сонечнага выпраменьвання.

Сонца абарочваецца вакол цэнтра Галактыкі з хуткасцю 220-240 км/с.

Гравітацыя на паверхні Сонца ў 28 разоў перавышае гравітацыю Зямлі: калі чалавек на Зямлі важыць 60 кг, то на Сонцы ён стане важыць 1680 кг.

Сонечнае святло да Зямлі праходзіць за 8,3 хвіліны, да Плутона – за 5,5 гадзіны.

Зорка круціцца вакол сваёй восі за 25,38 зямных сутак.

Тэмпература на паверхні складае каля 5 500°С, у ядры 13 599 726°С.

Сонца пражыло ўжо палову свайго жыцця, яго ўзрост 4,57 млрд. гадоў.

Сонца – адна з 6 000 зорак, якія мы можам убачыць няўзброеным вокам.

Яно адно з 200 мільярдаў зорак у галактыцы Млечны Шлях.

Сонца абсалютна газападобнае.

Дзякуючы сонечнаму святлу, у арганізме ўтвараеца натуральны антыдэпрэсант – мелатанін, які забяспечвае нам паўнавартасны сон, а значыць аднаўленне ўсяго арганізма.

Сусветны дзень вольнага друку (World Press Freedom Day, з 1993 года).

Устаноўлены ЮНЕСКА.

У 1991 годзе ў сталіцы Намібіі была прынята “Віндхукская дэкларацыя”, у якой змяшчаўся заклік да ўрадаў дзяржаў свету забяспечваць свабоду прэсы і яе дэмакратычны характар.

У дэкларацыі падкрэслівалася, што найважнейшым складнікам любога дэмакратычнага грамадства з’яўляецца свабодная, плюралістычная і незалежная прэса.

Сусветны дзень свабоды друку з’яўляецца штогадовым напамінам міжнароднай супольнасці аб тым, што свабода друку і свабода выказвання меркаванняў з’яўляюцца асноўнымі правамі, замацаванымі ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Беларусь у 2023 годзе заняла 195-е месца з 210 краін у рэйтынгу “Свабода ў свеце-2023”.

1113 год. Вялікім князем Кіеўскім стаў Уладзімір Манамах (1053–1125).

Праўнук полацкай княжны Рагнеды, адзін з самых выбітных дзеячаў старажытнай Русі, рэфарматар.

1791 год. Прыняцце першай ў Еўропе Канстытуцыі.

Вялікі Сойм Рэчы Паспалітай зацвердзіў Канстытуцыю – першую ў Еўропе, другую ў свеце (пасля ЗША) і апошнюю для супольнай дзяржавы Каралеўства Польскага і ВКЛ. У Польшчы Дзень Канстытуцыі – 3 мая.

Асноўны закон змяняў форму праўлення Рэчы Паспалітай на канстытуцыйную манархію, вызначыў падзел галін улады (заканадаўчай, выканаўчай і судовай). У Канстытуцыі дэталёва прапісана і вызначана важная роля караля (вялікага князя). Уводзілася спадчыннасць трона замест ранейшай выбарнасці манарха соймам. Скасоўваліся такія характэрныя да таго часу для Рэчы Паспалітай правы як права ліберум вета ў сойме і права шляхты на канфедэрацыю.

23 лістапада 1793 года дзеянне Канстытуцыі было скасавана рашэннем Гарадзенскага сойма.

У 2014 годзе Канстытуцыя 3 мая была занесена ў Польскі дзяржаўны спіс праграмы ЮНЕСКА «Памяць свету», у 2015 годзе занесена ў Спіс Еўрапейскай спадчыны.

1863 год. Пачатак баявых дзеянняў паўстанцаў на Магілёўшчыне.

3-9 мая 1863 года дзейнічаў Чарнаруцкі паўстанцкі атрад пад час паўстання 1863–1864 гадоў.

Назва атрада – ад фальварка Чарнаручча на Кругляншчыне, дзе быў сфарміраваны 20 красавіка ў 40 чалавек. У яго склад уваходзілі афіцэры, дробныя чыноўнікі, студэнты, шляхта і іх дваровыя людзі. Узначальваў атрад А. Алендскі па мянушцы “Антоній”.

Атрад абходзіў вёскі поўначы Магілёўскага павета, зачытваўся маніфест з заклікам да сялян далучыцца да паўстання. Атрад прайшоў вёскі Навасёлкі, Палыкавічы, Літвары, Дудаковічы, Варгуцёва, Філатава, мястэчкі Друцк, Круча. Да моманту разгрому царскімі войскамі ён меў больш за 100 чалавек.

Атрад разгромлены ротай рускага Алексапольскага палка ў лесе каля мястэчка Славені (цяпер Талачынскі раён), калі паўстанцы сталі на начлег: забіта 21, паранена 2, узяты ў палон каля 160 чалавек (з іх каля 60 здалі рускім войскам мясцовыя сяляне).

Паўстанцы. Фота носіць ілюстрацыйны характар

1864 год. Памёр Станіслаў Горскі (1802–1864).

Беларускі прыродазнавец, медык, педагог.

Скончыў Віленскі ўніверсітэт. Працаваў загадчыкам батанічнага сада Віленскага ўніверсітэта, прафесарам Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, працаваў у Паставах, Берліне, у маёнтку А. Кубліцкага ў Свянцянскім павеце.

За спачуванні нацыянальна-вызваленчаму руху высланы ў Сібір, дзе скончыў жыццё самагубствам.

Адзін з першых даследчыкаў Белавежскай пушчы. Аўтар прац па батаніцы і энтамалогіі. Публікаваў нататкі з падарожжаў па батанічных садах Еўропы. Арганізаваў шырокі абмен гербарыямі паміж вучонымі Еўропы. Многія адкрытыя ім віды раслін названы яго імем.

Белавежская пушча.

1877 год. Нарадзіўся Антон Грыневіч.

Збіральнік беларускага музычнага фальклору, выдавец.

Заснавальнік «Выдавецтва Антона Грыневіча» (1910) у Пецярбургу, удзельнік суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца».

Да рэвалюцыі выдаў сваім коштам два тамы «Беларускія песьні з нотамі», зборнікі паэзіі Янкі Купалы «Гусляр», «Адвечная песня», тры зборнікі апавяданняў Якуба  Коласа, першую кнігу У. Галубка «Апавяданні», зборнікі навел Таўруса і Гвазда.

Выдавец чатырох кніг па спевах, падрыхтаваў да друку зборнікі «Аднагалосыя, двухгалосыя і шматгалосыя народныя песні», «Дзіцячыя гульні» і іншыя. Аўтар «Праграмы-інструкцыі для збіральнікаў беларускай музычна-этнаграфічнай творчасці» (часопіс «Наш край»).

Загадчык мастацкай падсекцыі Белнацкаму, Беларускага народнага дому, сакратар музычнай падсекцыі Інбелкульту, супрацоўнік Акадэміі навук БССР. Удзельнік этнаграфічных экспедыцый на Палессі, на Полаччыне, у паўночных раёнах Беларусі.

У архівах Беларусі і Вільні захоўваецца да 1000 запісаў беларускага меласу, сабраных Грыневічам.

Арыштаваны ў 1933 годзе. Памёр у ГУЛАГу 8 снежня 1937 года.

1904 год. Джордж Паркер запатэнтаваў сваю першую пісьмовую асадку.

Гэта была асадка з механічнай сістэмай набору чарнілаў, якая ўяўляла сабой практычны гумавы мяшочак.

Паркер займаўся канструяваннем асадак і ў 1892 годзе заснаваў “Parker Pen Company”. Першы свой патэнт атрымаў у 1889 годзе, а ў 1894-м ён здзейсніў рэвалюцыю ў свеце ручак, запатэнтаваўшы фідэры Lucky Curve. Ён практычна цалкам вырашыў праблему пёравых асадак свайго часу, якія ўвесь час працякалі ў кішэнях і партфелях.

1882 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Галубок (Голуб, Голубеў).

Беларускі драматург, акцёр і рэжысёр, заснавальнік беларускага савецкага тэатра. Народны артыст Беларусі (1928).

Яго драматургічная, рэжысёрская і акцёрская дзейнасць  з’яўляецца сувязным звяном паміж дарэвалюцыйным і савецкім беларускім тэатрам.

Творча развіў традыцыі старажытнага народнага тэатра: батлейкі, народнай драмы, інтэрмедый. Выхаваў многіх беларускіх акцёраў, у тым ліку У. Дзядзюшка, К. Быліч, А. Блажэвіч.

У яго трупе рабіла свае першыя крокі на сцэне С. Станюта, музычнай часткай кіраваў Н. Сакалоўскі – аўтар Дзяржаўнага гімна Беларусі.

Арыштаваны НКУС ў 1937 годзе. Далейшы лёс невядомы. У біяграфічных крыніцах датай смерці ўказваецца 28 верасня 1937 года.

У фальшывай адпісцы НКУС засведчана, што памёр у 1942 годзе ад гіпертаніі.

1953 год. Нарадзіўся Франц Сіўко.

Беларускі празаік, публіцыст, педагог. Лаўрэат прэміі «Гліняны Вялес».

Скончыў БДУ. Настаўнічаў у Верхнядзвінску, Віцебску, працаваў у газеце «Віцебскі рабочы», у Віцебскім тэхналагічным універсітэце. Супрацоўнічае з каталіцкім часопісам «Ave Maria». Член Беларускага ПЭН-цэнтра, быў старшынёй Віцебскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Аўтар 13 кніг прозы.

2022 год. Памёр Станіслаў Шушкевіч (1934–2022).

Беларускі навуковец-фізік, дзяржаўны дзеяч. Першы кіраўнік незалежнай Рэспублікі Беларусь (1991–1994), адзін з трох удзельнікаў падпісання Белавежскага пагаднення, якое юрыдычна замацавала распад СССР.

У 1989 годзе стаў народным дэпутатам СССР. На Першым з’ездзе народных дэпутатаў СССР у траўні 1990 года ўвайшоў у склад Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы. Лідар партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада (1998–2018). У 2007 годзе Лех Валенса вылучыў С. Шушкевіча на атрыманне Нобелеўскай прэміі міру.

Член-карэспандэнт НАНБ, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларусі.

У 1986–1990 гадах працаваў прарэктарам па навуковай рабоце БДУ.  Чытаў лекцый ва ўніверсітэтах ГДР, Югаславіі, Польшчы, ЗША (Гарвардскі, Ельскі, Калумбійскі), працаваў у Даследчым цэнтры імя Вудра Вільсана ў Вашынгтоне.

Падрыхтаваў 33 кандыдата фізіка-матэматычных навук, з’яўляўся навуковым кіраўніком 5 доктарскіх дысертацый.

Дзень у гісторыі. 1 мая. Рымскія маёўкі. Хеймаркецкая бойня і Дзень працы. Узрыў полацкай Сафіі. Першыя паштовыя маркі

Маёўкі. У Старажытным Рыме ў гэты дзень прыносілі ахвяры ў гонар багіні Зямлі Маі.

Свята ўстаноўлена ў гонар старажытнарымскай багіні Маі (Майесты), жонкі Вулкана і маці Меркурыя (Гермеса). Апошні вясновы месяц май названы рымлянамі ў гонар менавіта гэтай багіні.

Кожную вясну, акурат у першы дзень месяца, рымляне ладзілі ахвярапрынашэнні з далейшымі святкаваннямі ў гонар гэтай суровай жыхаркі неба. Не прынесці багіні ахвяру азначала застацца без ураджаю ў бліжэйшы год.

Рымляне сталі ладзіць святы з шэсцямі і гэта ўвайшло ў традыцыю. Калі старажытнага Рыма не стала, традыцыя адышла ў нябыт, але была адноўлена нараджаючымся пралетарыятам. У канцы ХІХ стагоддзя ў Расійскай імперыі 1 мая рэвалюцыйна настроеныя рабочыя ладзілі нелегальныя мітынгі на прыродзе.

Дзень салідарнасці працоўных. Дзець працы.

Свята, якое адзначаюць у шматлікіх краінах Еўропы, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі і Азіі вядома пад некалькімі назвамі – Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных, Дзень Вясны і Працы, Дзень працы, Дзень вясны.

Гэта дата звязана з адной са старонак гісторыі барацьбы пралетарыята з капіталам – з падзеямі, якія адбыліся ў Чыкага. 1 мая 1886 года ў горадзе пачаліся маштабныя мітынгі і дэманстрацыі працоўных з патрабаваннем васьмігадзіннага працоўнага дня. Акцыя скончылася кровапралітным сутыкненнем з паліцыяй, наступныя мітынгі прывялі да Хеймаркецкай бойні 4 мая (на загалоўнай выяве).

У ліпені 1889 года Парыжскі кангрэс прыняў рашэнне аб правядзенні 1 мая штогадовых працоўных дэманстрацый.

Упершыню дзень міжнароднай салідарнасці працоўных быў адзначаны ў 1890 годзе ў Аўстра-Венгрыі, Бельгіі, Германіі, Даніі, Іспаніі, Італіі, ЗША, Нарвегіі, Францыі, Швецыі і некаторых іншых краінах. Доўгі час Першамай быў сімвалам рэвалюцыі, непрымірымай класавай барацьбы.

У Расійскай імперыі Першамай як дзень міжнароднай салідарнасці ўпершыню адзначылі ў 1890 годзе ў Варшаве правядзеннем стачкі 10 000 рабочых.

У 1917 годзе свята было ўпершыню свабодна адзначана ў рэвалюцыйнай Расіі.

З 1918 года свята стала афіцыйным.

Першамай святкаваўся на акупаваных немцамі тэрыторыях Беларусі ў 1942-1944 гадах як галоўнае свята германскага пралетарыята.

Першамай у Магілёве падчас нямецкай акупацыі

1555 год. Нарадзілася княгіня Соф’я Слуцкая (1585–1612).

Беларуская святая і асветніца ВКЛ. Праваслаўны дзеяч з роду Алелькавічаў, апошні яго прадстаўнік.

У 1592 годзе да Соф’і адышло ўсё Слуцкае княства з гарадамі Слуцк і Капыль.

У 11 гадоў яна была сасватана, у 15 гадоў выйшла замуж за нясвіжскага князя Януша Радзівіла. Апекавала праваслаўе ў ВКЛ, фундавала сродкі для пабудовы храмаў і шпіталёў для бедных, рабіла паломніцтвы ў святыя мясціны. Соф’і ўдалося пры дапамозе мужа атрымаць каралеўскую грамату, якая забараняла далучэнне праваслаўных вернікаў да Уніі ў яе ўладаннях.

Памерла ў час родаў, пахаваная ў Слуцкім Траецкім манастыры. Хутка сярод гараджан пайшлі чуткі пра цуды, якія адбываліся каля яе труны. Менавіта тады Соф’ю пачалі ўшаноўваць як святую, але кананізавалі толькі ў 1984 годзе. Цяпер мошчы Соф’і Слуцкай захоўваюцца ў Свята-Духавым кафедральным саборы ў Мінску. Дзень яе памяці адзначаецца 1 красавіка.

Персанаж рамана Ю. Крашэўскага «Апошняя са слуцкіх князёў» і гістарычнай драмы У.  Сыракомлі «Магнаты і сірата».

1710 год. Напярэдадні адыходу з Полацку, салдаты расійскага цара Пятра I узарвалі Сафійскі сабор.

Пасля гэтага Сафійскі сабор быў цалкам разбураны і праляжаў у руінах да 1738 года.

11 ліпеня 1705 года сабор быў зачынены расійскай арміяй. Пётр I перадаў сабор праваслаўнай абшчыне, але яна адмовілася прыняць яго, асцерагаючыся, што пасля таго як рускія войскі пакінуць горад, супраць іх пачнуцца рэпрэсіі.

Паводле польскага гісторыка XIX стагоддзя Ф. Духінскага, п’яны Пётр I уварваўся разам з салдатамі ў Сабор, які належаў уніятам, асабіста забіў настаяцеля і чатырох манахаў-базыльян, а целы загадаў утапіць у Дзвіне.

1840 год. На лонданскім паштамце ў продаж паступілі першыя ў свеце паштовыя маркі з партрэтам каралевы Вікторыі.

Чорная каштавала адзін пені, сіняя – два пенсы. Гэта былі першыя афіцыйныя паштовыя маркі, якія маюць клеявы адваротны бок.

З 6 мая гэтыя маркі дазволілі наклейваць на канверты і выкарыстоўваць пры перасыланні лістоў.

Аўтарам ідэі выкарыстання марак для аплаты паштовых адпраўленняў быў Роўлэнд Хіл, які ў 1854 годзе стаў галоўным паштмайстрам Брытаніі.

1903 год. У в. Пабокавічы (зараз Бабруйскі раён) нарадзіўся Платон Галавач (1903–1937).

Беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Быў рэпрэсаваны.

Адзін з арганізатараў камсамольскага руху на Бабруйшчыне, у Барысаўскім павеце, першы сакратар ЦК ЛКСМБ, намеснік наркама асветы БССР (1929–1930), рэдактар газеты «Чырвоная змена», часопісаў «Маладняк», «Полымя», адзін з лідараў літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і БелАПП.

Арыштаваны 11 жніўня 1937 года, асуджаны 29 кастрычніка да вышэйшай меры пакарання, расстраляны праз некалькі гадзін пасля прысуду. Сям’і было абвешчана, што памёр 25 снежня 1944 года ў лагеры ад паралічу сэрца.

Аўтар апавяданняў, кніг, зборнікаў апавяданняў, аповесцей, рамана, нарысаў, якія перакладаліся на рускую, польскую, украінскую, чэшскую, ідыш ды iншыя мовы.

Многія яго творы засталіся няскончанымі, у тым ліку кніга пра паўстанне 1863–1864 гг. і Кастуся Каліноўскага.

1915 год. Нарадзіўся Іван Любачка.

Беларускі гісторык. Доктар гісторыі, прафесар шэрагу ўніверсітэтаў ЗША.

Скончыў Віцебскі педінстытут. Выкладаў у Галоўчынскай СШ Бялыніцкага раёна, служыў у войску.

Пачатак Вялікай Айчыннай вайны спаткаў у чыне капітана каля Брэста, адкуль адступаў да Палтаўшчыны, дзе трапіў у палон, потым быў выпушчаны. Вярнуўся на Беларусь, прымусова вывезены на працы ў Германію.

Пасля вайны застаўся ў Германіі, працаваў настаўнікам у беларускіх школах. У пачатку 1950-х гадоў эміграваў у ЗША. Скончыў Калумбійскі ўніверсітэт. Працаваў у шэрагу ўніверсітэтаў.

Аўтар многіх публікацый, у тым ліку «Беларусь пад савецкай уладай, 1917–1957».

Заснавальнік стыпендыяльнага фонду падтрымання доследаў у галіне беларусазнаўства.

Памёр 20 ліпеня 1977 года.

1922 год. Нарадзіўся Алесь Салавей (Альфрэд Радзюк, Альберт Кадняк).

Беларускі паэт.

У Дзяржынскай сярэдняй школе вучыўся разам з вядомым у будучым гісторыкам М. Ермаловічам.

Працаваў у рэдакцыі лагойскай раённай газеты «Чырвоная Лагойшчына», пад час вайны – у рэдакцыі мінскай «Беларускай газеты», рыжскай «Новы шлях».

У 1944 годзе выехаў на Захад. У Празе сустракаўся з Ларысай Геніюш. Удзельнічаў у выданні газеты «Зь беларускага жыцьця» і часопіса «Пагоня», вёў вялікую перапіску з беларусамі ў Нямеччыне.

У 1949 годзе пераехаў у Аўстралію. Член Згуртавання беларусаў у Вікторыі, Беларускага цэнтральнага камітэта ў Вікторыі, беларускай секцыі радыё 3ZZ у Мельбурне.

Аўтар вершаў, кнігі паэзіі «Мае песні», вершаў-мініяцюр, паэм, зборнікаў паэзіі, якія прысвечаны беларускай гісторыі, Усяславу Чарадзею, Ф. Скарыне, С. Буднаму, В. Цяпінскаму, М. Багдановічу.

Памёр 21 студзеня 1978 году ў Мельбурне.

1931 год. Нарадзіўся Алег Лойка.

Беларускі паэт, пісьменнік і літаратуразнавец. Член-карэспандэнт акадэміі навук Беларусі. Доктар філалагічных навук, прафесар.

Стылістычную адметнасць лекцый А. Лойкі адзначалі студзнты БДУ, Варшаўскага, Іенскага універсітэтаў.

Аўтар дапаможнікаў «Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд», «Старабеларуская літаратура». Адзін са складальнікаў хрэстаматыі для ВНУ «Беларуская літаратура XIX стагоддзя».

Пад яго кіраўніцтвам абаронена 15 дысертацый.

Аўтар больш як 450 навуковых публікацый, у тым ліку шасці манаграфій, якія прысвечаны творчасці Якуба Коласа, А.Міцкевіч, М. Багдановіча, паэзіі пачатку XX стагоддзя:

Аўтар вершаў, зборнікаў паэзіі, аповесцей, раманаў, эсэ – усяго  100 кніг.

Аўтар сцэнарыя дакументальнага фільма «Максім Багдановіч» (1990).

Перакладчык на беларускую мову П. Верлена, І. Гётэ, Ф. Шылера, асобных твораў рускіх, украінскіх, літоўскіх, латышскіх, польскіх і іншых паэтаў.

Памёр 19 лістапада 2008 года.

1942 год. Нарадзіўся Міхаіл Басалыга.

Беларускі савецкі графік. Брат Уладзіміра Басалыгі.

У 1970 скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

Працуе пераважна ў галіне кніжнай графікі. Вылучаюцца афармленнем: альбом «Гравюры Францыска Скарыны», кніга «Вершы пяці кніг» Г. Бураўкіна, «Дзень добры, мама», «Ave Maria» М. Танка, «Напісанае застаецца» А. Петрашкевіча.

У 2006 годзе стварыў ілюстрацыі для выдання трылогіі «На ростанях» Я. Коласа, таксама працаваў над ілюстрацыямі паэмы «Курган», верша «Хлопчык і лётчык» і іншых Я. Купалы.

Творы знаходзяцца ў Траццякоўскай галерэі, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Літаратурных музеях Я. Купалы і Я. Коласа, Слуцкім краязнаўчым музеі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава.

Выява: Міхаіл Басалыга, Бітва на Сініх Водах, 2005 г.

1949 год. Нарадзілася Ядвіга Паплаўская.

Савецкая і беларуская эстрадная спявачка, клавішніца, кампазітар, удзельніца першага складу ансамбля “Верасы”. Народная артыстка. Жонка А. Ціхановіча.

Скончыла Беларускую кансерваторыю.

Сузаснавальніца і ўдзельніца ВІА “Верасы” (1971–1987), удзельніца Дзяржаўнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам М. Фінберга, групы «Шчаслівы выпадак».

Суарганізатар (1988) Тэатра песні Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, праз студыю якога прайшло шмат маладых беларускіх выканаўцаў — Аляксандр Саладуха, гурт «Ляпіс Трубяцкой» і іншыя.

1981 год. Нарадзіўся Аляксандр Глеб.

Беларускі футбаліст, паўабаронца. Ігрок нацыянальнай зборнай Беларусі, адзін з самых паспяховых футбалістаў у гісторыі Беларусі.

Гуляў за БАТЭ, у нямецкім «Штутгарце», лонданскім «Арсенале», іспанскай «Барселоне», англійскім «Бірмінгем Сіці», «Вольфсбургу» і іншых.

У 2021 годзе ўвайшоў у новаўтвораны савет дырэктараў жодзінскага клуба «Тарпеда-БелАЗ».

1986 год. Памёр Сцяпан Александровіч (1921–1986).

Беларускі пісьменнік, літаратуразнаўца, крытык, краязнаўца. Доктар філалагічных навук, прафесар.

Даследаваў гісторыю беларускай літаратуры XIX–XX стагоддзяў, развіццё нацыянальнага кнігадрукавання і перыядычнага друку, літаратурныя сувязі, у тым ліку беларуска-ўкраінскія. Надаваў значную ролю вывучэнні творчасці Тараса Шаўчэнкі.

Вывучаў дзейнасць Ф. Скарыны, Янкі Купалы, літаратурна-гістарычную біяграфію Цішкі Гартнага. Створыў літаратурныя партрэты П. Багрыма, Ф. Савіча, Ф. Багушэвіча, Каруся Каганца, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі, Змітрака Бядулі, Кузьмы Чорнага ды іншым.

1986 год. У Магілёве прайшла адна з самых масавых Першамайскіх дэманстрацый.

1 мая 1986 года ў Магілёве была арганізавана адна з самых шматлюдных дэманстрацый. На фоне аварыі на Чарнобыльскай АЭС яе сэнс быў у тым, каб пераканаць людзей, што “ўсё нармальна” і пагрозы няма.

дэманстрацыя
2004 год. Адбылася самае вялікае пашырэнне за гісторыю ЕС.

У выніку пятага пашырэння ў склад ЕС увайшлі 10 краін: Венгрыя, Кіпр, Латвія, Літва, Мальта, Польшча, Славакія, Славенія, Чэхія і Эстонія.

2018 год. У Магілёве пабіты тэмпературны рэкорд 1977 года.

У Дзень працы ў абласным цэнтры тэмпература ўзнялася да 27,5 градуса цяпла. У выніку было абноўлена дасягненне 41-гадовай даўнасці ў +26,7 градуса.

Дзень у гісторыі. 22 красавіка. Дзень Маці-Зямлі. Закладзена Бастылія. Выкарыстанне хімічнай зброі. Нарадзіўся У. Ленін

Міжнародны дзень Маці-Зямлі (International Mother Earth Day, з 2009 года).

Абвешчаны па ініцыятыве Балівіі Генеральнай Асамблеяй ААН.

Зямля і яе экасістэмы з’яўляюцца нашым домам і для дасягнення справядлівага балансу паміж эканамічнымі, сацыяльнымі і экалагічнымі патрэбамі цяперашняга і будучых пакаленняў неабходна садзейнічаць гармоніі з прыродай і планетай Зямля.

Тэрмін “Маці-Зямля” з’яўляецца агульнапрынятай назвай планеты Зямля ў шэрагу краін і рэгіёнаў і адлюстроўвае ўзаемазалежнасць, якая існуе паміж чалавекам, іншымі жывымі істотамі і планетай.

У Паўночным паўшар’і Дзень Зямлі адзначаецца вясной, а ў Паўднёвым паўшар’і – восенню. Асноўнай мэтай гэтай сусветнай акцыі з’яўляецца прыцягненне ўвагі грамадства і кожнага чалавека планеты да праблем Зямлі, да праблем яе навакольнага асяроддзя.

International Mother Earth Day

1370 год. Закладзены першы камень Бастыліі.

Знакаміты парыжскі замак-турма быў закладзены французскім каралём Карлам V і за некалькі стагоддзяў Бастылія ператварылася ў сімвал абсалютызму і тыраніі. Першапачаткова задуманая як крэпасць, у якасці турмы стала выкарыстоўвацца з часоў праўлення Людовіка ХІ, ў другой палове XV стагоддзя.

Узяцце Бастыліі – галоўная падзея Вялікай французскай рэвалюцыі. Крэпасць-турму Бастылія штурмавалі 14 ліпеня 1789 года. Сімвалізм узяцця Бастыліі палягае ў сцаерджанні, што ўсе дыктатуры падуць ад волі і імкнення народаў да свабоды.

Узяццё Бастыліі

1529 год. У Сарагосе была падпісана дамова паміж Іспаніяй і Партугаліяй аб падзеле сфер уплыву ва Усходнім паўшар’і.

Гэты дакумент стаў свайго роду дадаткам да знакамітага Тардэсільяскага пакта 1494 года. Пактам была вызначана аналагічная мяжа на захадзе.

Новая лінія падзелу прайшла трохі ўсходней Малуцкіх астравоў, пры гэтым усе моры і землі – як выяўленыя, так і “гіпатэтычныя”, – на ўсход ад яе адыходзілі іспанцам, а на захад – партугальцам.

У выніку гэтай падзеі зямны шар канчаткова падзяляўся на дзве няроўныя часткі: Іспанія атрымала 45% тэрыторый, Партугалія – 55%.

Гэты дагавор аформіў таксама пагадненне аб продажы Іспаніяй Партугаліі за 350 000 дукатаў правоў на Малуцкі архіпелаг, які быў адкрыты Магеланам.

Толькі ў 1777 годзе бакі прызналі сарагоскі дакумент страціўшым сілу.

Сарагоскі пакт

1794 год. У ноч з 22 на 23 красавіка Якуб Ясінскі ўзначаліў паўстанне ў Вільні. 

Ясінскі (1759–1794) – вялікалітоўскі і польскі ваенны і палітычны дзеяч, інжынер, паэт. Генерал-лейтэнант.

Галоўнакамандуючы Літоўскім паўстанцкім войскам. Яго радыкалізм моцна палохаў шляхту, а польскае кіраўніцтва паўстання лічыла Ясінскага «ліцвінскім» сепаратыстам.

У якасці галоўнакамандуючага літоўскімі паўстанцамі кіраваў арганізацыяй новага войска, з мэтай пашырэння сацыяльнай базы паўстання пісаў рыфмаваныя пракламацыі да сялян на беларускай мове.

Удзельнік абароны варшаўскай Прагі.

Аўтар вершаў, паэм. Некаторыя рамантычныя песні Ясінскага ў свой час карысталіся вялікай папулярнасцю.

Якуб Ясінскі

1870 год. Нарадзіўся Уладзімір Ульянаў (Ленін, 1870–1924).

Стваральнік савецкай ідэалогіі і дзяржаўнасці. 

Самы папулярны персанаж на Беларусі – чэмпіён па колькасці помнікаў, назваў вуліц і плошчаў, прадпрыемстваў у яго гонар. У Магілёве – тры помнікі, плошча, вуліца

Уладзімір Ульянаў Ленін

1891 год. Нарадзіўся Мікола Сака (1891–1927), амерыканскі шавец, рабочы-анархіст італьянскага паходжання. 

Амерыканскія рабочыя-анархісты Сака і Ванцэці сталі шырока вядомыя, пасля таго як у 1920 годзе ў ЗША ім было прад’яўлена абвінавачанне ў забойстве касіра і двух ахоўнікаў абутковай фабрыкі ў горадзе Саўт-Брэйнтры. На судовых працэсах, якія праходзілі ў Плімуце 14 ліпеня 1921 года, суд прысяжных, вынес вердыкт аб вінаватасці Сака і Ванцэці і прыгаварыў іх да смяротнага пакарання. Усе хадайніцтвы былі адхіленыя судовымі органамі штата Масачусэтс. 

Сака і Ванцэці пакаралі смерцю на электрычным крэсле 23 жніўня 1927 года. Працэс і спробы дамагчыся перагляду справы выклікалі шырокі рэзананс у свеце. Многія людзі былі ўпэўненыя ў невінаватасці пакараных, і гэты працэс стаў для іх сімвалам беззаконня і палітычных рэпрэсій.

У гонар Мікола Сака і ягонага паплечніка Барталамеа Ванцэці ў Магілёве названы завулкі Сака, Ванцэці паміж вуліцамі Касманаўтаў і Будаўнікоў.

Мікола Сака

1909 год. Нарадзілася Рыта Леві-Мантальчыні (1909–2012).

Італьянскі нейрабіёлаг, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіялогіі і медыцыне. Пажыццёвы сенатар Італьянскай Рэспублікі.

На свой 100-гадовы юбілей яна сказала: “Для паляпшэння стрававання я п’ю піва, пры адсутнасці апетыту я п’ю белае віно, пры нізкім ціску – чырвонае, пры падвышаным – каньяк, пры ангіне – гарэлку. А ваду? Такой хваробы ў мяне яшчэ не было…”, “Нягледзячы на тое, што мне спаўняецца 100 гадоў, цямлю я зараз – дзякуй вопыту – значна лепш, чым тады, калі мне было 20, у 20 мы ўсе такія дурні».

Скончыла Турынскі ўніверсітэт. Працавала прафесарам Вашынгтонскага ўніверсітэта, у лабараторыі клетачнай біялогіі ў Італьянскім нацыянальным даследчым савеце, яе дырэктарам.

Аўтар навуковых прац па вывучэнні механізмаў рэгуляцыі росту клетак і органаў. Адкрыла фактар росту нервовай тканкі.

Член Нацыянальнай Акадэміі навук ЗША, Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў, Італьянскай Нацыянальнай АН, Папскай акадэміі навук.

Рыта Леві-Мантальчыні

1915 год. Адбылося першае выкарыстанне хімічнай зброі.

Германія выкарыстала хлор супраць англа-французскіх войск каля бельгійскага горада Іпр.

На працягу 5 хвілін было выпушчана 180 тон хлору з 6 000 балонаў. Жаўтлява-зялёнае воблака рушыла на пазіцыі суперніка, за ім у марлевых павязках наступала германская пяхота. Англійскія салдаты задыхаліся і падалі мёртвымі. Іх пазіцыі без бою займалі германскія салдаты.

Ад хлору пацярпела 15 000 чалавек, 5 000 з якіх памерлі.

Праз 2 гады ў тым жа раёне немцамі была праведзена яшчэ адна газавая атака, толькі зараз у якасці паражаючага быў выкарыстаны гарчычны газ, названы іпрытам ад горада Іпр.

Іпр 1915

1937 год. Застрэліўся Язэп Адамовіч (1897–1937).

Беларускі палітычны дзеяч, старшыня СНК БССР (1924–1927), актыўны дзеяч палітыкі беларусізацыі ў БССР, удзельнік узбуйненняў тэрыторыі БССР.

Удзельнік Першай сусветнай вайны, георгіеўскі кавалер. Вёў рэвалюцыйна-прапагандысцкую дзейнасць сярод салдат.

У 1918 годзе фармаваў палкі дзеля спынення нямецкіх войск, удзельнік падаўлення антысавецкіх выступленняў ў Гомелі, у Віцебскай, Смаленскай губернях, камендант Смаленска, ваенны камісар Смаленскай губерні, Магілёўскага і Лепельскага ваенных Саветаў.

У 1920–1927 гадах сябра ЦВК БССР і прэзідыума ЦВК БССР, ваенны камісар Менскай губерні, старшыня Менскага гарнізона, народны камісар па вайсковых справах БССР і адначасова народны камісар унутраных спраў БССР, старшыня СНК БССР.

Браў удзел у падрыхтоўчай рабоце па ўтварэнні СССР, прыняў удзел у першым і другім узбуйненнях БССР

У 1924 годзе разам з А. Чарвяковым і У. Ігнатоўскім падпісаў «Палажэнне аб Інстытуце беларускай культуры». Паводле слоў Язэпа Пушчы, у Адамовіча знаходзілі падтрымку нацыянальна арыентаваныя літаратары.

Пасля канфлікта з Першым сакратаром ЦК КП(б)Б А. Крыніцкім быў пераведзены ў Маскву. Працаваў на розных пасадах у Маскве, на Далёкім Усходзе.

У атмасферы масавых рэпрэсій і цкаванняў застрэліўся ў цягніку Уладзівасток-Масква.

Язэп Адамовіч

1954 год. Памёр Сяргей Сахараў (1880–1954).

Беларускі фалькларыст, этнограф, царкоўны гісторык, публіцыст, педагог.

Дырэктар Люцынскай і Дзвінскай гімназій. Старшыня беларускага грамадскага культурна-асветнага таварыства «Бацькаўшчына», кіраўнік беларускага аддзела Міністэрства асветы Латвіі.

Збіральнік беларускага фальклору Латгаліі, аўтар прац «Православные церкви в Латгалии», «Народная творчасць латгальскіх і лукстэнскіх беларусаў».

Даследчык беларускай дуды.

Арыштаваны ў 1945 годзе. Пакаранне адбываў у лагерах у Казахстане.

Сяргей Сахараў

1961 год. Нарадзілася Алена Спірыдовіч.

Дыктар беларускага тэлебачання. Заслужаная артыстка.

Пасля сканччэння БДУ працуе ў Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі. Вядучая нацыянальных і міжнародных фестываляў: «Славянскі Базар у Віцебску», кінафестываляў краін СНД «Лістапад» і расійскага «Кінатаўр», фестывалю працаўнікоў сяла «Дажынкі», тэлефестывалю песні «На перакрыжаваннях Еўропы», конкурсу маладых артыстаў эстрады «Зорная ростань».

Узнагароджана ордэнам Францыска Скарыны.

Алена Спірыдовіч

2011 год. Загінуў у аўтакатастрофе Сяргей Лагун (1988–2011).

Беларускі цяжкаатлет.

Спартсмен-інструктар зборнай каманды Беларусі па цяжкай атлетыцы, чэмпіён свету і Еўропы сярод юніёраў, удзельнік Алімпійскіх гульняў, сярэбраны і бронзавы прызёр чэмпіянатаў свету.

Сяргей Лагун

Дзень у гісторыі. 21 красавіка. Заснаванне Рыма. Дзень памяці С. Радакоўскага, І. Канчэўскага, Б. Рагулі, Д. Дудаева

Сусветны дзень творчасці і інавацыйнай дзейнасці (World Creativity and Innovation Day, з 2017 года).

Зацверджаны Генеральнай Асамблеяй ААН.

Устанаўленне Дня звязваецца  з Міжнародным днём Маці-Зямлі, якое адзначаецца 22 красавіка, а таксама з папярэдняй датай нараджэння вялікага вучонага, мысляра і вынаходніка Леанарда да Вінчы, што адзначаецца 15 красавіка. У першым выпадку сувязь паказвае на магчымасці творчасці і інавацый у справе стварэння і захавання нашага агульнага дома – Зямлі, а ў другім – на ўклад вялікага вынаходніка ў развіццё навукі і творчых працэсаў.

Засноўваючы новае свята, ААН імкнулася прыцягнуць увагу прадстаўнікоў улад, навукі і тэхнікі, сістэм адукацыі да пытання развіцця творчага мыслення, стварэння ўмоў для рэалізацыі разнастайных інавацый і ўкараненню іх у розных сферах жыцця чалавецтва.

інтэлект

753 год да н.э. Ромул і Рэм заснавалі “вечны горад” Рым на Альбанскіх узгорках у вобласці Лацый.

Рыму – 2776 гадоў. Але ёсць і больш старажытныя гарады – Конья (Турцыя) існуе прыкладна з 7500 г. да н.э., Іерыхон (Палесціна) – з 6800 г. да н.э., Плоўдзіў (Балгарыя) – 6000 г. да н.э., Бібл (Ліван) – 5000 г. да н.э., Луксор, Эль-Фаюм (Егіпет) – 3200 да н.э, Дамаск – 2500 г. да н.э.,  італьянскі г. Мантуя – 2000 г. да н.э. У СНД самы стары – Эребуні-Ерэван, які старэйшы за Рым на 29 гадоў.

Познія рымскія легенды звязвалі заснаванне Рыма з Траянскай вайной, калі, пасля падзення горада траянцы на чале з Энеем прыбылі ў Лацый і заснавалі горад Альба Лонга. Нашчадкам Энея ў 14-м пакаленні лічылі Нумітара, звергнутага яго братам Амуліям. Жадаючы засцерагчы сябе ад помсты з боку нашчадкаў Нумітара, Амулій зрабіў яго дачку Рэю Сільвію весталкай (жрыцы багіні Весты не мелі права браць шлюб), але яна нарадзіла двух братоў-двайнят (Ромул і Рэм) ад бога вайны Марса. Амулій загадаў пасадзіць блізнят у кошык і адправіць плыць па рацэ Тыбр, але хвалі вынеслі кошык на бераг ля ўзгорка Палацін, дзе іх выкарміла сваім малаком ваўчыца.

Пасля іх знайшоў пастух і прынёс дадому. Ён даў ім імёны Ромул і Рэм і выхаваў іх адважнымі і моцнымі.

Калі яны даведаліся таямніцу свайго нараджэння, то вырашылі адпомсціць і забілі Амулія і аднавілі на троне Нумітара. Пазней, у пошуках месца для новага паселішча, браты паспрачаліся аб тым, які з узгоркаў падыходзіць лепш. Для вырашэння спрэчкі браты звярнуліся да азнакаў. Перамог Ромул, які прапаноўваў Палацінскі ўзгорак. З-за далейшага канфлікту Ромул забіў Рэма, а новаму гораду даў сваё імя – Рым (Roma).

“вечны горад”

1835 год. У Віцебску нарадзіўся Ялегі Пранціш Вуль (Элігій-Францішак Карафа-Корбут).

Беларускі паэт. Удзельнік паўстання Кастуся Каліноўскага, за ўдзел у якім быў сасланы ў Сібір.

Вучыўся ў Віцебскай гімназіі. Працаваў у Віцебскай Палаце дзяржаўных маёмасцей.

Быў знаёмы з беларускім пісьменнікам А. Вярыгам-Дарэўскім. Свае польскія вершы друкаваў у часопісе «Ruch Muzyczny».

Уся яго сям’я ўдзельнічала ў паўстанні 1863–1864 гадоў. Яго брат, бацька былі асуджаны на пасяленне і да катаргі.

Апошнія гады жыцця правёў у Варшаве, дзе з В. Каратынскім і А. Плугам стварыў беларускі гурток. Працаваў карэктарам у «Газеце польскай».

Аўтар аглядаў культурнага жыцця Віцебска ў варшаўскай «Gazetę codzienną», прац «Воспоминания детства и юности», «Витебск», «Крестины ў белорусских крестьян», «О Державине вообще и об оде „Бог“ в особенности».

Аўтар верша «К дудару Арцёму ад надзвінскага мужыка» – аднаго з найлепшых узораў раннебеларускай грамадзянскай лірыкі. Тэкст быў уключаны ў «Хрэстаматыю беларускае літаратуры» М. Гарэцкага. Разглядаецца асобнымі даследчыкамі як магчымы аўтар альбо суаўтар паэмы «Тарас на Парнасе».

Памёр 8 снежня 1894 года.

Ялегі Пранціш Вуль

1902 год. Нарадзіўся Вацлаў Пянткоўскі (1902–1991).

Беларускі каталiцкi царкоўны дзеяч, арганізатар нелегальнай духоўнай семінарыі. Доктар тэалогіі.

Вучыўся ў Беластоцкай гімназіі, у Пінскай духоўнай семінарыі, Папскім Латэранскім ўніверсітэце ў Рыме. Настаўнічаў у школах, быў віцэ-рэктарам Пінскай семінарыі, рэктарам касцёла Перамянення Пана ў Навагрудку, прэфектам Навагрудскай гімназіі, у Брэсце.

Падчас Другой сусветнай вайны ў Брэсце. У 1946 годзе прызначаны генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі, служыў у розных касцёлах, пробашчам парафіі Св. Апосталаў Пятра і Паўла ў в. Мядзведзічы.

Арыштаваны ў 1950 годзе, абвінавачваўся ў шпіянажы на карысць Ватыкана. Вязень ГУЛАГ. У 1956 годзе вярнуўся ў Мядзведзічы пробашчам, дзе ў 1970-х гадах арганізаваў падпольную семінарыю. Сярод яе выхаванцаў  беларускія біскупы – К. Велікаселец і А. Дзям’янка. Першым жа выпускніком стаў ксёндз Р. Юнік.

Папам Янам Паўлам II у студзені 1988 года быў менаваны інфулатам. Абавязкі Генеральнага Вікарыя выконваў да 1989 года. Аўтар успамінаў.

Памёр 2 студзеня 1991 года.

Касцёл Мядзведзічы.
Касцёл у в. Мядзведзічы.

1903 год. Нарадзіўся Мікола Аляхновіч (1903–1959).

Беларускі літаратурны крытык.

Скончыў Барысаўскую мужчынскую гімназію, БДУ. Настаўнічаў, кіраваў Барысаўскай філіяй «Маладняка», працаваў у Інстытуце літаратуры і мастацтва АН БССР, выкладаў у Мінскім педінстытуце.

У 1936 годзе быў рэпрэсаваны, адбываў ссылку на Калыме.

Аўтар артыкулаў і рэцэнзій пра творчасць А. Александровіча, М. Багдановіча, М. Зарэцкага, Якуба Коласа, Р. Мурашкі, П. Труса, Я. Скрыгана, А. Пушкіна, М. Горкага і іншых.

Мікола Аляхновіч

1923 год. Памёр Ігнат Канчэўскі (1896–1923).

Беларускі паэт, філосаф і публіцыст, аўтар праграмнага эсэ «Адвечным шляхам», выдадзеным пад псеўданімам Ігнат Абдзіраловіч.

Скончыў Віленскае рэальнае вучылішча, вучыўся ў Маскоўскім універсітэце.

Удзельнік Першай сусветнай вайны, прапаршчык. Рэвалюцыю 1917 года сустрэў у Украіне, падтрымліваў украінскі нацыянальны рух.

Пасля вайны скончыў Вышэйшыя кааператыўныя курсы пры ўніверсітэце імя А. Шаняўскага ў Маскве.

Працаваў у Цэнтральным саюзе льнаводаў у Смаленскай губерні, у Саўнаргасе ў Мінску, у Беларускім цэнтральным саюзе спажывецкіх таварыстваў, у Віленскім саюзе кааператываў, займаўся культурна-асветніцкай дзейнасцю, быў членам Цэнтральнай беларускай Рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, вёў геаграфічны гурток у Віленскай беларускай гімназіі.

Аўтар вершаў, артыкулаў, рэцэнзій, эсэ «Адвечным шляхам» пра драматызм беларускіх гістарычных лёсаў.  

Аснова светапогляднай і жыццёвай пазіцыі І. Канчэўскага — адданасць беларускай справе, любоў да Бацькаўшчыны, самаахвярная праца на карысць народа.

Памёр ад сухотаў.

Ігнат Канчэўскі

1933 год. Расстраляны Сергій Радакоўскі (1882–1933).

Беларус, настаяцель Свята-Троіцкай царквы в. Таль Бабруйскага павета (зараз Любанскі раён). Адзін з 23 свяшчэннамучанікаў Мінскіх.

Сваяк блажэннай Валянціны Мінскай.

Скончыў Мінскую духоўную семінарыю. Служыў у храмах Навагрудскага павета, святаром санітарнага цягніка, палкавым святаром, святаром у в. Таль.

Арыштаваны ў 1930 годзе і накіраваны на прымусовыя работы па нарыхтоўцы драўніны. У другі раз арыштаваны ў 1933 годзе, асуджаны за «антысавецкую агітацыю» да вышэйшай меры пакарання.

У 1999 годзе Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы далучаны да ліку святых навамучанікаў.

Сергій Радакоўскі

1967 год. Выйшаў у пракат пасля прэм’еры 17 красавіка фільм “Начальнік Чукоткі” з М. Конанавым у галоўнай ролі.

“Начальнік” Чукоткі Міхаіл Мандрыкаў (1888–1920) нарадзіўся ў в. Горы Горацкага раёна. Удзельнік усталявання Савецкай улады на Чукотцы.

Расстраляны пасля «контрарэвалюцыйнага» перавароту.

У гонар Мандрыкава адкрыты мемарыяльны комплекс на Чукотцы, яго імем названы пасёлак і саўгас на Чукотцы, судна ледакольнага тыпу, вуліцы ў Анадыры, у в. Горы щсталяваны бюст. У музеі Горацкай сярэдняй школы яму прысвечана экспазыцыя. Ён герой рамана Ю. Рытхэў «Канец вечнай мерзлаты».

“Начальнік Чукоткі”

 

1996 год. Расійскай ракетай забіты Джахар Дудаеў (1944–1996).

Першы прэзідэнт Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя, генерал-маёр ВПС СССР. Адзіны генерал-чачэнец у Савецкай Арміі.

Быў выселены з Чачні разам з сям’ёй у Казахстан. Скончыў Тамбоўскае ваеннае лётнае вучылішча. У 1980-х гадах браў удзел у вайне ў Афганістане, быў камандзірам авіядывізіі, якая размяшчалася ў ГДР.

27 кастрычніка 1991 года быў абвешчаны прэзідэнтам Чачні.

У яго гонар названы вуліцы ў гарадах Босніі і Герцагавіны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Турцыі (3), Украіны (4).

Джахар Дудаеў

2005 год. Памёр Барыс Рагуля (1920–2005).

Беларускі вайсковы і палітычны дзеяч, доктар медыцыны, заступнік старшыні Рады БНР, Старшыня сусветнай арганізацыі «Канфэрэнцыя Вольных Беларусаў». Старшыня філіі Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Канадзе, дзейны сябра Згуртавання Беларусаў Канады. Выбітны дзеяч беларускай дыяспары ў Канадзе. Доктар медыцыны, лекар анкалагічных хвароб, прэзідэнт London Academy of Medicine (Канада).

Скончыў польскую падафіцэрскую школу. З пачаткам Другой сусветнай вайны ваяваў супраць нямецкіх войскаў у складзе Войска Польскага, трапіў у палон. Уцёк з палону ў Беларусь. Настаўнічаў у Любчы.

У 1941 годзе арыштаваны НКУС, быў асуджаны на смерць, але здолеў вырвацца на волю на пачатку нямецка-савецкай вайны. Працаваў перакладчыкам у Навагрудку, выкладчыкам настаўніцкай семінарыі, быў камандзірам акруговага аддзелу Беларускай самааховы, беларускага батальёна ў Навагрудку.

Пасля вайны скончыў Лювенскі ўніверсітэт (Бельгія) і далучыўся да Рады БНР.

З 1954 года жыў у Канадзе. Працаваў над праблемамі выяўленнем ранніх сімптомаў рака, стаў прэзідэнтам London Academy of Medicine, дамогся забароны курэння на тэрыторыі школ, у шпіталях і публічных месцах. Актыўна ўдзельнічаў у беларускім эміграцыйным жыцці.

У 1976–1978 гадах працаваў з прадстаўнікамі латышоў, літоўцаў, эстонцаў і ўкраінцаў над дакументам пра дэкаланізацыю Савецкага Саюзу. Дакумент быў уручаны Асамблеі ААН.

Актыўна ўдзельнічаў у Камітэце дапамогі дзецям-ахвярам Чарнобылю.

Барыс Рагуля

2022 год. Памёр Анатоль Вярцінскі (1931–2022).

Беларускі паэт, драматург, публіцыст, дзяржаўны дзеяч. Заслужаны работнік культуры. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР за кнігу «Нью-Ёркская сірэна», Лаўрэат прэміі «Залаты апостраф».

Працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва», выдавецтве «Беларусь». Член Беларускага ПЭН-цэнтра.

У 1990–1995 гадах – дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі, намеснік старшыні пастаяннай Камісіі па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека, член Канстытуцыйнай камісіі.

Аўтар вершаў, паэм, п’ес для дзяцей, кніг паэзіі, зборнікаў вершаў, літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі.

Паасобныя вершы пакладзены на музыку. Па паэме «Колькі лет, колькі зім!» пастаўлены тэлеспектакль (1980), чатыры п’есы ставіліся ў тэатрах.

Пераклаў на беларускую мову некаторыя п’есы Лопэ дэ Вэгі, М. Себасцьяна, В. Пальчынскайтэ, якія пастаўлены ў тэатрах, асобныя вершы з класічнай і сучаснай рускай, украінскай, літоўскай, латышскай, балгарскай, польскай, венгерскай, кубінскай паэзіі.

Узнагароджаны Медалем 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Анатоль Вярцінскі

Дзень у гісторыі. 14 красавіка. Памёр Усяслаў Чарадзей. Катастрофа “Тытаніка”

Мар’я Егіпецкая і Прабуджэнне хатніка (народны каляндар).

Прыкметы.

На Мар’ю – разводдзі.

Калі разліў на Марыю Егіпецкую – травы будзе шмат, а калі паводкі яшчэ няма, то лета будзе халодным і дажджлівым.

Калі ноч ясная і цячэ цёплая вада, то лета будзе цёплае і сухое.

На Марыю Егіпецкую снег і пад кустом растаў.

Лёд на беразе ракі застанецца – год будзе цяжкі.

1101 год. Памёр Усяслаў Брачыслававіч Чарадзей (1029–1101).

Князь полацкі (1044–1068, 1071–1101), вялікі князь кіеўскі (1068–1069), пры ім быў пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор.

Адзін з герояў «Слова пра паход Ігараў» і ўсходнеславянскага фальклору. Княжыў 54 гады – самы працяглы перыяд кіравання дзяржавай у гісторыі Беларусі.

Усяслаў
Я. Драздовіч. Пярсцёнак Усяслава Чарадзея

1432 год. Пачаў валадарыць Жыгімонт Кейстутавіч (1365–1440).

Вялікі князь літоўскі, брат Вітаўта.

Доўгі час не ўсімі часткамі Вялікага Княства Літоўскага прызнаваўся за законнага валадара.

Падчас барацьбы за ўладу паміж Вітаўтам і Ягайлам быў зняволены апошнім (1382–1384). У 1384 годзе ў Прусіі разам з Вітаўтам заключыў дагавор з Тэўтонскім ордэнам супраць Ягайлы, але ў 1386 прысягнуў яму. 

Прымаў удзел у перамовах і заключэнні пагадненняў з Тэўтонскім ордэнам у 1398, 1411, 1422, 1431 гадах, уній з Польшчай. Удзельнічаў у бітве на Ворскле (1399), Грунвальдскай бітве (1410). Пры панаванні Вітаўта не меў палітычнага ўплыву, падтрымліваў брата.

У выніку змовы Жыгімонт быў забіты ў Троцкім замку 20 сакавіка 1440 года.

Жыгімонт Кейстутавіч

1669 год. Згодна з Андрусаўскім замірэннем (1667) Масква мусіла вярнуць Кіеў Рэчы Паспалітай, але маскавіты адмовіліся прытрымлівацца дамовы.

Масковіі па дамове 1667 года давалася два гады для вываду свайго гарнізона з Кіева і яго перадачы Рэчы Паспалітай. Масква адмовілася і пазней прапанавала за Кіеў выкуп у 146 000 рублёў у рамках “Вечнага міру” 1686 года.

Андрусава

1853 год. Нарадзіўся Уладзімір Завітневіч (1853–1927).

Беларускі археолаг і гісторык, прафесар (1904).

Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, Пецярбургскую духоўную акадэмію.

Працаваў настаўнікам у Варшаве і Кіеўскай духоўнай акадэміі.

Вывучаў старажытнарускую гісторыю. Даследаваў каля 700 пахаванняў дрыгавічоў у 82 курганных могільніках.

Вызначыў межы рассялення дрыгавічоў. Яго высновы выкарыстоўвалі ў сваіх працах А. Грушэўскі, Я. Карскі, А. Спіцын і іншыя гісторыкі і археолагі.

У 1890-я гады супрацоўнічаў з газетай «Минский листок».

Уладзімір

1880 год. Нарадзіўся Язэп (Восіп) Дыла.

Беларускі пісьменнік і культурны дзеяч.

Вучыўся у Слуцкай гімназіі, сябраваў з Альгердам Абуховічам. Выключаны з Юр’еўскага ветінстытута за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях.

Працаваў у газеце «Северо-Западный край» (Мінск), у выдавецтвах Пецярбурга, Арэнбурга, Казані, Масквы. У снежні 1917 удзельнічаў у І Усебеларускім з’ездзе.

Быў камісарам працы ў Часовым урадзе БССР, на розных кіраўнічых пасадах у Мінску, членам ЦВК БССР, дырэктарам Інстытута па вывучэнні мастацтва, дырэктарам Беларускага тэатра імя Янкі Купалы, намеснікам загадчыка Белдзяржкіно, інспектарам наркамата асветы. Правадзейны член Інбелкульта. Разам з прафесарам У. Пічэтам, акадэмікам Я. Карскім распрацаваў статут Інбелкульта.

Арыштоўваўся ДПУ у 1930, 1938 гадах, высылаўся на Урал, на Волгу.

Памёр 7 красавіка 1973 года ў Саратаве.

Аўтар апавяданняў, гістарычнага рамана «На шляху з варагаў у грэкі», аповесцей,  п’ес, публіцыстычных артыкулаў, мемуараў, успамінаў пра Цішку Гартнага, Я. Райніса.

Даследваў узнікненне беларускага тэатра, вступаў у якасці навуковага кансультанта аднаго з першых беларускіх фільмаў – «Кастусь Каліноўскі» (1928).

Язэп (Восіп) Дыла

1885 год. Нарадзіўся Сымон Рак-Міхайлоўскі (1885–1938).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, педагог, сябра Рады БНР, пасол сейма Польшчы. Аўтар музыкі на словы М. Багдановіча «Зорка Венера».

Дзеяч Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Публікаваўся ў газетах “Наша Ніва”, “Беларусь”, “Звон” і іншых.

Працаваў у сектары навукі Наркамасветы, дырэктарам Беларускага дзяржаўнага сацыяльна-гістарычнага музея. У 1931–1932 гадах быў сябрам ЦВК БССР.

Арыштаваны ДПУ ў 1933 годзе, у 1934 прыгавораны да расстрэлу. Прысуд заменены на 10 гадоў лагераў. Вязень Салавецкіх лагераў. У  верасні 1937 этапаваны ў Мінск, 14 лістапада 1938 года НКУС прыгавораны да расстрэлу. Расстраляны 27 лістапада 1937 года ў Мінску.

У яго гонар усталяваны мемарыяльныя дошкі на колішнім будынку манастыра базыльян у Барунах, у якім у 1920–1922 гадах дзейнічала беларуская настаўніцкая семінарыя, дырэктарам якой ён быў, у в. Максімаўка Маладзечанскага раёна.

Сымон Рак-Міхайлоўскі

1900 год. У Парыжы пачалася Сусветная выстава. 

Як і раней, на ёй былі прадстаўлены беларускія дасягненні. Графіня Патоцкая за калекцыю якаснага насення атрымала Гран-пры. Начальнік Палескіх чыгунак С. Міхін прадставіў палепшаныя вагоны, асабістую дрэзіну, пнеўмапад’ёмнікі, пнеўмабур. Гран-пры атрымаў начальнік тэлеграфа Палескіх чыгунак Андэрс за свой электрычны семафорапаўтарыцель. Натоўпы стаялі каля пудзіла белавежскага зубра. 

Залатую медаль прывёз у Горкі мясцовы аптэкар Казімір Паздзерскі за вынайдзены ім цуда-крэм ад вяснушак, за якім утвараліся чэргі ў аптэках не толькі Магілёўшчыны, але і па ўсёй Еўропе.

Казімір Паздзерскі

1905 год. У г. Горкі нарадзіўся Ізраіль Разгон. 

Савецкі гісторык. Доктар гістарычных навук, прафесар. Лаўрэат Сталінскай прэміі.

Скончыў Горацкую школу, Другі Маскоўскі ўніверсітэт. Працаваў у горацкай райлесканторы, у сакратарыяце Галоўнай рэдакцыі “Истории гражданской войны в СССР”, прафесарам гістарычнага факультэта МДУ, у Камісіі па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Прэзідыума АН СССР.

У перыяд “барацьбы з касмапалітызмам” звольнены з навуковых устаноў Масквы і ў 1949–1986 гадах узначальваў кафедру гісторыі СССР Томскага ўніверсітэта.

Складальнік і рэдактар кніг па гісторыі кастрычніцкай рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, член рэдкалегіі, адзін з аўтараў 4-га і 5-га тамоў “Истории Сибири с древнейших времен до наших дней”.

На адным з карпусоў Томскага дзяржаўнага ўніверсітэта ўстаноўлена мемарыяльная дошка. 

Памёр 16 лютага 1987 года.

Ізраіль Разгон

1910 год. У в. Стары Дзедзін (зараз Клімавіцкі раён) нарадзіўся Алесь Пруднікаў (1910–1941).

Беларускі паэт, стрыечны брат пісьменніка Паўла Пруднікава.

Актыўны ўдзельнік працэса беларусізацыі, разам з братам быў пазаштатным карэспандэнтам некаторых газет. Так, у прыватнасці, калі быў знойдзены скарб старажытных манет каля в. Стары Дзедзін, ён з Паўлам напісаў пра гэта рэпартаж.

Аўтар вершаў, паэмы «Зямныя зоры».

Працаваў на будаўніцтве чыгункі Асіповічы – Магілёў – Рослаў (1930), на новабудоўлях Мінска, у Дзяржвыдавецтве, у БелТА.

У 1933 годзе быў арыштаваны НКУС. Пасля вызвалення з турмы быў прызваны ў Чырвоную Армію. Быў супрацоўнікам Клімавіцкай раённай газеты «Камуна».

Пасля сканчэння Ленінградскага настаўніцкага інстытута (1938), працаваў настаўнікам, інспектарам у Карэльскай АССР.

Загінуў на фронце 5 жніўня 1941 года.

Алесь Пруднікаў

1912 год. Катастрофа на лайнеры “Тытанік”.

У ноч з 14 на 15 красавіка адбылося сутыкненне «Тытаніка» з айсбергам. Перад гэтым радыёстанцыя карабля прыняла сем лядовых папярэджанняў, аднак лайнер працягваў рухацца.

У 23:39 капітану паступіў даклад, што айсберг рухаеца прама па курсе. Менш як праз хвіліну адбылося сутыкненне. Атрымаўшы некалькі прабоін, параход пачаў тануць. У шлюпкі саджалі ў першую чаргу жанчын і дзяцей.

У 2:20 15 красавіка, разламаўшыся на дзве часткі, “Тытанік” затануў разам з 1495 пасажырамі (ёсць таксама падлікі, што ад 1995 да 1635). 712 чалавек, якія выратаваліся, падабраў параход “Карпат”. Сігнал “SOS”, пададзены з карабля, быў прыняты на адлегласці 58 міль (107 км). Судна падышло да месца катастрофы праз 3,5 гадзіны.

Сярод загінулых былі і жыхары Беларусі: Сымон Літман, Зельман Злакоўскі, Гары Корн, Сымон Вайсман, Якоб Кук, Лезлі Гелінскі, Насан Гольдшміт, Іосіф Мурдлін, Вульф Спектар, Абрам Гермед, Самсон Абельсон, Самуіл Грынберг, Зяліна Кантар, Польнер Ушер, Абе Віллер і Іосіф Антвіла. 

“Тытанік”

1918 год. На з’ездзе Саветаў заходніх губерняў Расіі прынята рашэнне аб стварэнні Заходняй вобласці з цэнтрам у Смаленску. 

З’езд адмовіўся прызнаць права беларускага народа на самавызначэнне.

У сувязі з заняццем беларускіх зямель германскімі войскамі ў ходзе Першай сусветнай вайны, замацаваным Брэсцкім мірам, Заходняя вобласць была рэарганізавана, у яе склад увайшлі беларускія землі ў складзе Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў, а адміністрацыйны цэнтр перамясціўся з Мінска ў Смаленск.

Расійскія бальшавікі лічылі, што ўтварэнне нацыянальных дзяржаў, межаў з’яўляюцца перашкодай для сусветнай рэвалюцыі, што беларусы не з’яўляюцца самастойнай нацыяй, і таму прынцып самавызначэньня ім не падыходзіць.

Смаленск. Багаяўленскі сабор
Смаленск. Багаяўленскі сабор, 1919.

1920 год. Нарадзіўся Аляксей Карпюк.

Беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч Гродненскай вобласці. Заслужаны работнік культуры БССР, Лаўрэат Літаратурнай прэміі.

Удзельнік вайны: падпольшчык, вязень канцлагера Штутгоф (з яго уцёк), камандзір партызанскага атрада імя К. Каліноўскага. Працаваў на кіраўнічых пасадаў ва ўстановах адукацыі, культуры, турызму, у газетах.

Аўтар раманаў, аповесцей, шэрагу кніг аповесцей і апавяданняў. Вакол яго ў Гродне ў 1960-1970-х узнік своеасаблівы клуб вольнадумнай інтэлігенцыі, з якім кантактавалі В. Быкаў, Д. Бічэль-Загнетава, В. Іпатава, Б. Ржэўскі. Карпюк падтрымліваў кантакты з пісьменнікамі-дысідэнтамі ў СССР, ліставаўся з А. Салжаніцыным.

Актывіст БНФ, адзін з заснавальнікаў ЗБС «Бацькаўшчына». За сувязь з дысідэнтамі пераследваўся КДБ, быў зволены з працы (аднавілі па загаду П. Машэрава). У яго абарону пісаў В. Быкаў.

Памёр 14 ліпеня 1992 года.

Iмя А. Карпюка носiць адна з вулiц Гродна, усталявана Мемарыяльная шыльда па вуліцы Э. Ажэшкі ў Гродне.

Аляксей Карпюк

1941 год. У г. Лідзе нарадзілася Поля Ракса.

Польская актрыса, Маруся “Аганёк” у серыяле (1966–1970) “Чатыры танкісты і сабака”.

Скончыла Вроцлаўскі ўніверсітэт, Вышэйшую школу тэатра і кіно ў Лодзі.

Здымалася ў шматлікіх польскіх і савецкіх кінафільмах, працавала ў тэатрах «Повшэхны» ў Лодзі, «Вспулчэсны» ў Варшаве.

Вялікую вядомасць ёй прынесла роля Гелены дэ Віт у фільме «Попел» (1965), выключную вядомасць прынесла актрысе роля Марусі-«Аганёк» у фільме «Чатыры танкісты і сабака».

Фактычна кінакар’ера Раксы доўжылася ўсяго 10 гадоў: з 1960 па 1970. Пасля стала здымацца на тэлебачанні, у тым ліку ў тэлевізійных спектаклях.

Поля Ракса

2021 год. Памёр Анатоль Клышка (1935–2021).

Беларускі пісьменнік і педагог, аўтар “Буквара” (1969, перапрацоўка 1997), які выкарыстоўваўся ў школах да 2021/2022 навучальнага года.

Скончыў Навагрудскае педвучылішча, БДУ.

Працаваў у навагрудскай газеце «Звязда», рэспубліканскіх «Фізкультурнік Беларусі», «Літаратура і мастацтва», у ЦК ЛКСМБ, часопісе «Полымя», на кінастудыі «Беларусьфільм», у Інстытуце педагогікі Міністэрства асветы БССР, выдавецтве «Юнацтва». Адзін з арганізатараў Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, дзе ўзначальваў камісію па культуры мовы.

Аўтар вершаў, кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў, «Буквара» (23 выданні), “Пропісаў да «Буквара», «Пропісаў для 1 класа», дапаможніка для 1 класа «Верасок», «Чабарок» (чытанка для 4 класа), «Беларуска-польскага размоўніка», шматлікіх кніг для дзяцей, у тым ліку  «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга».

Пераклаў на беларускую мову «Новы запавет», раман старажытна-грэчаскага пісьменніка Лонга «Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою», творы з польскай, нямецкай, лацінскай, украінскай і іншых моў.

Даследчык праблем развіцця беларускай паэзіі, вершазнаўства, методыкі навучання і выкладання літаратуры ў школе.

Анатоль Клышка

Дзень у гісторыі. 7 красавіка. Адкрыццё Карлава універсітэта. Перапахаванне Я. Святаполк-Мірскага

Сусветны дзень здароўя (World Health Day, з 1950 года).

Устаноўлены ў гонар стварэння ў 1948 годзе Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. У арганізацыю ўваходзіць 191 дзяржава свету.

Сусветная арганізацыя створана на падставе прынцыпу, які заключаецца ў тым, што ўсе людзі павінны мець магчымасць для рэалізацыі свайго права на валоданне найвышэйшым дасягальным узроўнем здароўя. І была пераемніцай Міжнароднага бюро грамадскай гігіены (1907 год).

Здароўе – гэта самае каштоўнае, што мае чалавек у жыцці. Каб нагадаць аб гэтым грамадскасці і прыцягнуць увагу да самых актуальных праблем і праходзіць святкаванне дня здароўя ва ўсім свеце.

дзень здароўя

Дабравешчанне, Благавешчанне або Звеставанне.

Праваслаўныя вернікі адзначаюць Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы. У гэты дзень пасланец Бога Архангел Гаўрыіл абвясціў Дзеве Марыі, што яна атрымала Боскую ласку і народзіць Сына Божага.

У католікаў і пратэстантаў святкуецца 25 сакавіка. У праваслаўі ўваходзіць у лік дванадзясятых святаў.

Звеставанне

1348 год. Імператар Святой Рымскай імперыі Карл IV заснаваў у Празе першы ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе ўніверсітэт.

Прадметы выкладаюцца на чэшскай і англійскай мовах. Ва ўніверсітэце вучацца больш за 47 000 студэнтаў з усяго свету.

Найбольшую папулярнасць ў Карлавым універсітэце маюць медыцынскі (8 000 студэнтаў), філасофскі (6 500) і юрыдычны (4 000) факультэты. Акрамя іх працуюць факультэты – фармацэўтычны, фізіка-матэматычны, педагагічны, сацыяльных навук (эканоміка, менеджмент, журналістыка, дызайн, міжнародныя адносіны), прыродазнаўчы, фізічнай культуры і спорту, гуманітарных навук.

У міжваенны перыяд (1918–1939) нешматлікія ў агульнай масе беларускай эміграцыі студэнты-гуманітарыі вучыліся на філасофскім факультэце ўніверсітэта. Яго скончылі з атрыманнем дыплома доктара філософіі 8 беларусаў: І. Дварчанін, Я.Станкевіч, Т. Грыб, М. Ільяшэвіч, Л. Вернікоўская, М. Чарнецкі, Л. Краскоўская, Ф. Грышкевіч. Скончылі ўніверсітэт і беларускія дзеячы М. Абрамчык, П. Бакач, Я. Геніюш, А. Клімовіч, А. Орса.

універсітэт

1860 год. Памёр Караль Падчашынскі (1790–1860).

Архітэктар, прадстаўнік класіцызму, прафесар Віленскага ўніверсітэта.

Аўтар рэканструкцыі касцёла Святых Янаў у Вільні, праектаў палацаў у Яшунах, Тускуленах, Жылічах, будынкаў гімназій у Слуцку, Камянцы Падольскім і Свіслачы, вучылішчаў у Бабруйску, Невелі, Мазыры і іншых.

Найбольш удалым яго творам лічыцца помнік позняга класіцызму евангелічна-рэфармацкая царква ў Вільні.

Аўтар першага ў Беларусі і Літве падручніка тэорыі архітэктуры «Пачаткі архітэктуры для акадэмічнай моладзі», артыкулаў пра выкладанне архітэктуры, даглядання за садамі і паркамі.

Памёр 7 красавіка 1860 года.

Караль Падчашынскі
Палац ў Жылічах (Кіраўскі раён)

1897 год. Нарадзіўся Юрый Лістапад.

Беларускі настаўнік, кіраўнік беларускага руху на Случчыне. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну.

Скончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю, 1-я Беларускія педагагічныя, Віленскія беларускія настаўніцкія курсы. Працаваў настаўнікам на Случчыне, заснаваў 8 беларускіх школ, выкладаў на Слуцкіх педагагічных курсах. Блізкі сябар Якуба Коласа.

Быў перекладчыкам у мінскіх беларускіх выдавецтвах. Пераклаў на беларускую мову апавяданне У. Караленкі «Бяз мовы», камедыі А. Астроўскага, падручнік «Арытмэтыка» Цыгельмана.

Арыштоўваўся ДПУ у 1925, 1930, 1933.

Расстраляны НКУС 5 ліпеня 1938 года у Байкала-Амурскім канцлагеры.

Юрый Лістапад

1918 год. У Магілёве на Каталіцкіх могілках адбылося перапахаванне эксгумаваных цел ксяндза Святаполк-Мірскага (1876–1918) і двух польскіх афіцэраў, якія былі расстраляны бальшавікамі 28 лютага.

Ксёндз Яўген паходзіць з дваран Святаполк-Мірскіх. У 1896 годзе пасвечаны ў святара магілёўскім біскупам Ф. Сымонам. Служыў святаром у Табольску, Краснаярску, Пецярбургу. У 1912–1918 гадах быў пробашчам кафедральнага сабора і дэканам у Магілёве. 8 лютага 1918 года арыштаваны бальшавікамі і абвінавачаны ў падрыхтоўцы паўстання, 28 лютага прыгавораны да расстрэла.

Падчас вынясення прысуду прыхаджане, якія прысутнічалі пры гэтым, паднялі шум і паспрабавалі сілай адбіць святара, у выніку адкрытага салдатамі агню было паранена і забіта некалькі вернікаў. У той жа дзень святара і яшчэ двух асуджаных вывезлі за горад і пасля жорсткіх катаванняў расстралялі, па ўспамінах відавочцаў у святара пад катаваннямі патрабавалі адрачэння ад каталіцкай веры, на што ён адказваў: “Цела можаце забіць, але душы не заб’яце”.

На наступны дзень цела святара было знойдзена з пяццю агнястрэльнымі і чатырма нажавымі ранамі, разбітай галавой і зламанымі рукамі. Улады забаранілі праводзіць адпяванне, дазволіўшы толькі пахаваць цела на месцы расстрэлу.

Пасля прыходу ў горад польскіх войскаў генерала Юзэфа Доўбар-Мусніцкага цела святара было эксгумавана і з ушанаваннямі пахавана на мясцовых каталіцкіх могілках.

Яўген Святаполк-Мірскі

1926 год. Прынята пастанова аб увядзенні ў БССР абавязковай пачатковай адукацыі.

Да гэтага, у 1922 годзе былі ўведзены пачатковая чатырохгодка і школа-сямігодка. Ужо ў 1931/1932 навучальным годзе 98 % дзяцей ва ўзросце 8-11 гадоў былі ахоплены пачатковым навучаннем. За 4 гады пачатковай школы вывучаўся увесь спектр прадметаў, у тым ліку сусветная гісторыя, эканамічная геаграфія замежных краін.

школа-сямігодка

1927 год. Нарадзіўся Валерый Міронаў (1927–2008).

Беларускі артыст балета, педагог. Народны артыст.

Скончыў Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча. Служыў у Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі, выкладаў у Беларускім харэаграфічным вучылішчы.

Танцоўшчык пераважна лірычнага плана, з рамантычнай накіраванасцю. Мастацтва Міронава вызначалі пераканальнасць у раскрыцці ўнутранага свету персанажаў, чысціня і лёгкасць выканання, высокая тэхніка дуэтнага танца.

У нацыянальных балетах стварыў рэльефныя вобразы Васіля («Князь-возера» В. Залатарова), Алеся («Святло і цені» Г. Вагнера).

Да найбольш значных творчых дасягненняў артыста належаць партыі Зігфрыда, Дэзірэ, Прынца («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» і «Шчаўкунок» П. Чайкоўскага), Вацлава («Бахчысарайскі фантан» Б. Асаф’ева), Гармодыя («Спартак» А. Хачатурана) і іншыя.

Валер Міронаў
Лідзія Ражанава і Валер Міронаў.

1947 год. Нарадзіўся Валерый Славук.

Беларускі мастак, педагог, прафесар. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.

Працуе ў станковай і кніжнай графіцы. Шырока вядомыя яго ілюстрацыі да беларускіх народных казак «Удовін сын», «Піліпка-сынок», «Алёнка», да кніг «Айвенга» В. Скота, «Чорны млын» Ю. Брэзана, «Шляхціц Завальня» Я. Баршчэўскага, «Вясна ўвосень» У. Караткевіча, да кнігі «Чароўны свет» і мноства іншых. Вялікую папулярнасць набылі ілюстрацыі В. Славука да двухтамомнага энцыклапедычнага выдання «Беларускі фальклор». Сярод станковых работ: «Казкі летняга дня», «Пасля навальніцы», «Збор ягад», «На выпасе».

Валерый Славук

1973 год. Памёр Язэп (Восіп) Дыла (1880–1973).

Беларускі пісьменнік і культурны дзеяч.

Вучыўся у Слуцкай гімназіі, сябраваў з Альгердам Абуховічам. Выключаны з Юр’еўскага ветінстытута за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях.

Працаваў у газеце «Северо-Западный край» (Мінск), у выдавецтвах Пецярбурга, Арэнбурга, Казані, Масквы, быў асабіста знаёмы з А. Купрыным, Л. Андрэевым, М. Арцыбашавым і іншымі рускімі пісьменнікамі. У снежні 1917 удзельнічаў у І Усебеларускім з’ездзе.

Быў камісарам працы ў Часовым урадзе БССР, на розных кіраўнічых пасадах у Мінску, членам ЦВК БССР, дырэктарам Інстытута па вывучэнні мастацтва, дырэктарам тэатра імя Янкі Купалы, намеснікам загадчыка Белдзяржкіно, інспектарам наркамата асветы. Правадзейны член Інбелкульта. Разам з прафесарам У. Пічэтам, акадэмікам Я. Карскім распрацаваў статут Інбелкульта.

Арыштоўваўся ДПУ у 1930, 1938 гадах, высылаўся на Урал, на Волгу.

Аўтар апавяданняў, гістарычнага рамана «На шляху з варагаў у грэкі», аповесцей,  п’ес, публіцыстычных артыкулаў, мемуараў, успамінаў пра Цішку Гартнага, Я. Райніса.

Даследваў узнікненне беларускага тэатра, вступаў у якасці навуковага кансультанта аднаго з першых беларускіх фільмаў – «Кастусь Каліноўскі» (1928).

Памёр у Саратаве.

Язэп (Восіп) Дыла

1983 год. Памерла Ларыса Геніюш (Міклашэвіч, 1910–1983).

Беларуская паэтэса, грамадскі дзеяч беларускага адраджэння.

Працавала Генеральным сакратаром ураду БНР.

Была рэпрэсавана і ўтрымліваліся ў савецкіх турмах, у ГУЛАГу. Прынцыпова не прымала савецкага грамадзянства, засталася грамадзянкай Чэхаславакіі. Дом Геніюшаў у Зэльве, нягледзячы на нагляд КДБ, прыцягваў літаратараў,  мастакоў, навукоўцаў.

Аўтар зборнікаў вершаў, успамінаў пра ГУЛАГ. У 1967 годзе пры садзейнічанні Максіма Танка надрукаваны яе першы ў савецкай Беларусі зборнік «Невадам з Нёмана». Доўгі час Ларысе Геніюш дазвалялі выступаць толькі як дзіцячай пісьменніцы, яна апублікавала дзве кніжкі вершаў для дзяцей «Казкі для Міхаські», «Добрай раніцы, Алесь». Пасмяротна былі выдадзены найбольш поўныя і значныя зборнікі яе твораў.

Яе вершы меладычныя, прасякнуты фальклорнымі ўплывамі. На яе вершы напісаны песні.

У яе гонар у 2003 годзе пастаўлены помнік пры Зэльвенскай царкве Святой Жываначальнай Тройцы, але ён знік 30 сакавіка 2023 года.

Ларыса Геніюш

2010 год. Нацыянальны банк Беларусі ўвёў у абарачэньне памятныя манеты «Грунвальдская бітва. 600 год» па прапанове Таварыства беларускай мовы (зачынена ў 2021 годзе).

Грунвальдская бітва. 600 год

Дзень у гісторыі. 4 красавіка. Дзень інтэрнэту. Перамога Т. Касцюшкі пад Рацлавіцамі

Міжнародны дзень асветы па пытаннях міннай небяспекі і дапамогі ў дзейнасці, звязанай з размініраваннем (International Day for Mine Awareness and Assistance in Mine Action, з 2006 года).

Устаноўлены 8 снежня 2005 года Генеральнай Асамблеяй ААН.

У 2023 годзе Дзень праходзіць у межах кампаніі «Размініраванне не можа чакаць» і прыцягвае ўвагу да дзесяцігоддзяў забруджвання выбухованебяспечнымі боепрыпасамі тэрыторыі розных краін. Кампанія ясна дае зразумець, што знішчэнне ўсіх наземных мін не можа чакаць. Будзь то новае забруджванне ў Калумбіі, М’янме, Украіне ці Емене, або старое забруджванне ў Камбоджы, Лаосе, Іраку ці В’етнаме, расчыстка павінна быць завершана суб’ектамі супрацьміннай дзейнасці і дзяржавамі-ўдзельніцамі Канвенцыі аб забароне мін.

Галоўнай мэтай Дня стане распаўсюджванне ведаў аб тых раёнах свету, якія застаюцца забруджанымі праз шмат гадоў, і дзе пакаленні змянілі сваё жыццё, каб пазбегнуць пагрозы.

Забруджванне выбухованебяспечнымі боепрыпасамі пагражае жыццю людзей, абмяжоўвае свабоду перамяшчэння, пазбаўляе доступу да ворных земляў, усяляе страх, вядзе да адсутнасці бяспекі і тэрарызуе насельніцтва. Больш за ўсё ад яго пакутуюць самыя ўразлівыя жыхары абшчын.

пяхотныя

Міжнародны Дзень інтэрнэту. Дзень Святого Ісідара – апекуна Інтэрнэта.

Святы Ісідар – апякун вучняў і студэнтаў. У 2003 годзе папа Ян Павел II афіцыйна назваў святога Ісідара апекуном карыстальнікаў камп’ютараў і інтэрнэту, бо Сусветная сетка – гэта вялізная скарбніца практычных і тэарэтычных ведаў.

Ісідар Севільскі, біскуп Севільскі, атрымаў вядомасць не толькі дзякуючы сваёй набожнасці, але і дзякуючы любві да навук. Ён з’яўляецца аўтарам кнігі “Этымалогія”,  па сутнасці, першай ў свеце энцыклапедыі, першым прадставіў працы Арыстоцеля ў Іспаніі, быў рэфарматарам і чалавекам шырокіх поглядаў.

Ісідар Севільскі

1538 год. Памерла Алена Глінская (1508–1538).

Маці Івана Грознага, удава Васіля ІІІ, першая руская кіраўніца пасля княгіні Вольгі і Соф’і Вітаўны. Дачка князя Васіля Львовіча з літоўскага роду Глінскіх і яго жонкі Ганны Якшыч, якая была родам з Сербіі, дачкі сербскага ваяводы.

Дзядзька Алены, князь Міхаіл Львовіч, быў буйным дзяржаўным дзеячам ВКЛ. Пасля паражэння мецяжу Глінскіх збег разам са сваякамі і Аленай ў Маскву.

Па адной з легенд Глінскія вядуць паходжанне ад Мамая, па іншай – ад Вольгавічаў, адной з галін Рурыкавічаў.

У 1537 годзе заключыла з каралём Жыгімонтам I мір, які завяршыў руска-літоўскую вайну 1534–1537 гадоў (Старадубская вайна). Пры Алене была пабудавана Кітайгарадская сцяна, праведзена грашовая рэформа.

Пахавана ў Крамлі, ва Узнясенскім жаночым манастыры.

Алена Глінская

1557 год. Нарадзіўся Леў Сапега (1557–1633).

Адзін з найбольш уплывовых дзяржаўных дзеячаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Арганізатар стварэння Трыбунала ВКЛ, распрацоўшчык і фундатар выдання трэцяй рэдакцыі Статута ВКЛ (1588), канцлер ВКЛ на працягу 34 гадоў.

Сярод яго ўладанняў – Цяцерын і Круглае, староствы Свіслач, Магілёў. Багацці Л. Сапегі дазвалялі яму фінансаваць вайну са Швецыяй за Інфлянты.

Помнікі Л. Сапегу пастаўлены ў Лепелі, Слоніме.

Леў Сапега
Помнік у Лепелі

1794 год.  Войскі Тадэвуша Касцюшкі перамаглі расійскія войскі пад Рацлавіцамі каля Кракава.

Сілы Тадэвуша Касцюшкі складалі каля 2 400 жаўнераў, 2 000 сялян-касінераў і 12 гармат, а рускага генерала Тормасава – каля  3 000 – 5 000 жаўнераў і ад 12 да 30 гармат.

Бітва мела вялікае значэнне для падняцця баявога духа паўстання. Высокую баявую вартасць і вырашальную ролю ў бітве паказалі тады яшчэ невядомыя атрады сялян-касінераў.

Касцюшка, карыстаючыся ярамі, употай падвёў атрад з 320 касінераў да рускай батарэі і асабіста павёў яго ў атаку на гарматы. Нечаканая атака бегма мела поўны поспех, коштам 13 забітых, касінеры ўзялі ўсе 12 гармат. 

Адным з вядомых герояў гэтай атакі стаў селянін Войцех Бартас. Яшчэ адна атака касінераў зламіла супраціўленне рускіх акупантаў і вымусіла іх  да адступлення.

Бітва пад Рацлавіцамі
Бітва пад Рацлавіцамі, карціна Яна Матэйкі

1846 год. Памёр Лявон Бароўскі (1784–1846).

Літаратуразнавец, педагог і публіцыст, адзін з вядомых прафесараў Віленскага ўніверсітэта 1820-х гадоў, калі Адам Міцкевіч і яго аднагодкі атрымлівалі ў Вільні адукацыю. Член таварыства шубраўцаў.

Скончыў гімназію ў Паставах, Віленскі ўніверсітэт.

Бліскучы лектар, першым пачаў вучыць на семінарах аналізу літаратуры. Аказаў значны ўплыў на А. Міцкевіча, быў адным з першых прыхільнікаў яго паэзіі і першы назваў геніям.

Яго лекцыямі захапляліся будучыя пісьменнікі С. Даўкантас, С. Станявічус, Ю.Славацкі і іншыя.

Адзін з заснавальнікаў рамантызму ў польскай літаратуры; спрабаваў узгадняць яго з класіцызмам.

Перакладаў з латыні, французскай, англійскай на польскую мову.

Лявон Бароўскі

1893 год. Нарадзіўся Мікалай Шчаглоў-Куліковіч (1893–1969)

Беларускі кампазітар, этнограф, паэт, музыколаг, дзеяч беларускага руху ў эміграцыі, аўтар музыкі гімна на словы М. Багдановіча “Пагоня”, адзін з арганізатараў Тэатра оперы і балета Беларусі, дырыжор яго сімфанічнага аркестра, дырыжор сімфанічнага аркестра Усебеларускага Радыёкамітэту, музычны рэдактар Беларускага радыё.

У красавіку 1944 года ў Мінскім гарадскім тэатры паставіў оперу «Усяслаў Чарадзей» на вершы Н. Арсенневай.

Заснаваў у Нью-Ёрку беларускі хор, кіраваў беларускімі хорамі ў Кліўлендзе і Чыкага. Пакінуў вялікую музычную спадчыну.

Мікалай Шчаглоў-Куліковіч
Тэатр оперы і балета

1896 год. Нарадзіўся Васіль Русак.

Беларускі нацыянальны дзеяч, удзельнік Слуцкага паўстання, фалькларыст, выдавец.

Удзельнік І Сусветнай вайны, Беларускага вайсковага з’езда ў Віцебску, Усебеларускага з’езда ў Мінску (1917).

Адзін з кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, арганізатараў «Саюза абароны краю».

Член прэзідыума Рады Случчыны. Прымаў удзел у Слуцкім паўстанні – камандзір Другога Грозаўскага палка. Інструктар Беларускай вайсковай камісіі, у 1922 годзе ў Коўне займаўся арганізацыяй партызанскіх аддзелаў супраць палякаў.

Жыў у Чэхаславакіі, удзельнічау у грамадска-палітычным жыцці беларускай эміграцыі, узначальваў Пражскі Беларускі нацыянальны камітэт, выдаў на беларускай лацінцы «Biełaruski śpieŭnik», на нямецкай мове брашуру «Bielarus – Weissruthenien» з этнаграфічнай картай Беларусі, паштоўкі з гербам Пагоня, які спалучаў беларускага вершніка і імянны знак Ф. Скарыны (сонца з маладзіком), фундаваў выданне часопіса «Iskry Skaryny».

У часе нацысцкай акупацыі Прагі хаваў у сябе дзве габрэйскія сям’і.

У 1945 годзе арыштаваны ў Празе савецкай контрвыведкай,  асуджаны на 10 гадоў лагераў. Памёр у лагеры 23 жніўня 1954 года.

Васіль Русак

1904 год. Нарадзіўся Юрый Кашыра.

Рыма-каталіцкі манах-марыянін (іераманах), прылічаны да ліка блажэнных. Уваходзіць у лік 108 блаславёных мучанікаў Другой сусветнай вайны, беатыфікаваных Папам Рымскім Янам Паўлам II у 1999 годзе.

У 1923 годзе ўступіў у Друйскі манастыр марыянаў. Пастрыжаны ў манахі ў 1926 годзе.

Працаваў у Вільні і Друйскай гімназіі. Пераследаваўся польскімі ўладамі за прабеларускую дзейнасць, вандраваў па розных манастырах Беларусі і Літвы.

У 1942 годзе разам з айцом Антоніем Ляшчэвічам выехаў у Росіцу Дрысенскага (зараз – Верхнядзвінскага) раёна, дзе распачаў місіянерскую дзейнасць сярод мясцовага насельніцтва. 18 лютага 1943 года адмовіўся пакінуць вернікаў і быў спалены разам з вялікай групай каталікоў і праваслаўных пад час нямецкай карнай аперацыі ў Росіцы.

Юрый Кашыра
Ікона блаславёных Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Росіцы

1949 год. Па ініцыятыве ЗША створаны ваенна-палітычны саюз  – блок NATO.

Блок пачаў сваю дзейнасць у разгар “халоднай вайны”, на аснове Паўночнаатлантычнай дамовы, падпісанай у Вашынгтоне 4 красавіка 1949 года прадстаўнікамі ўрадаў ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Люксембурга, Канады, Італіі, Партугаліі, Нарвегіі, Даніі і Ісландыі. 

У 1952 годзе да дамовы далучыліся Грэцыя і Турцыя, у 1955 годзе – ФРГ, 1982 – Іспанія, у 1999 – Чэхія, Венгрыя і Польшча, 2004 – Балгарыя, Латвія, Літва, Румынія, Славакія, Славенія і Эстонія, у 2009 – Албанія, Харватыя, у 2017 – Чарнагорыя, у 2020 годзе – Паўночная Македонія, у 2023 – Фінляндыя. Імкнуцца далучыцца да блока Швецыя і Украіна.

Артыкул 5 – найважнейшы артыкул Паўночнаатлантычнага дагавора – устанаўлівае, што ў выпадку “ўзброенага нападу” на аднаго або некалькіх яго ўдзельнікаў іншыя члены НАТА неадкладна акажуць дапамогу краіне або краінам, якія падвергліся нападу, шляхам ажыццяўлення такога дзеяння, якое яны “лічаць неабходным, уключаючы прымяненне ўзброенай сілы”.

блок NATO

1952 год. Памёр Язэп Варонка (1891–1952).

Беларускі дзяржаўны і палітычны дзеяч, журналіст, публіцыст. Першы старшыня Народнага сакратарыята БНР.

Да снежня 1917 года ўзначальваў камітэт Беларускага таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Дэлегат Усебеларускага з’езда.

У лютым – ліпені 1918 года старшыня Народнага сакратарыята Беларусі і народны сакратар замежных спраў, адзін з ініцыятараў абвяшчэння БНР.

У снежні 1918 – красавіку 1920 года міністр беларускіх спраў і сябра кабінета міністраў Літоўскай Рэспублікі, старшыня беларускага Чырвонага Крыжа, старшыня таварыства «Беларуская грамада ў Коўне».

З 1923 года жыў на эміграцыі ў ЗША. Узначальваў Беларуска-амерыканскую нацыянальную асацыяцыю, выдаваў газету «Белорусская трибуна», вёў беларускія і рускія праграмы на чыкагскім радыё.

Аўтар брашур «Белорусский вопрос к моменту Версальской мирной конференции. Историко-политический очерк», «Беларускі рух ад 1917 да 1920 году. Кароткі агляд».

Прытрымліваўся канцэпцыі «двух ворагаў» беларускага адраджэння – Расіі і Польшчы. Ухваляў абвяшчэнне БНР, а ўтварэнне БССР разглядаў як палітычны манеўр, з дапамогай якога бальшавікі імкнуліся «авалодаць розумамі элементаў, што нацыянальна адрадзіліся».

Пахаваны на могілках Элмвуд у Рывер-Гроўв каля Чыкага.

Язэп Варонка

1967 год. Нарадзіўся Алег Хаменка.

Беларускі музыка, лідар гурта «Палац», радыёвядучы, выкладчык, кампазітар, прадзюсар, стваральнік фолк-мадэрну – новага кірунку ў сучаснай музыцы.

Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры. Працаваў метадыстам-інспектарам па Мінску і Мінскай вобласці Міжсаюзнага дома самадзейнай творчасці Аблсаўпрафа.

У 1992 годзе стварыў гурт «Палац». Неаднаразова ўдзельнічаў у фестывалях «Басовішча», «Рок-каранацыя», «Славянскі базар», фальклорных фестывалях Еўропы.

Быў аўтарам і вядучым праграмы «Настаўніцкая» на тэлеканале «Лад», радыёвядучым радыёверсіі хіт-параду «Тузін Гітоў», вядучы фестывалю «Камяніца», стваральнік фестываля «Bela music».

У 2008 годзе пры падтрымцы дзіцячага фонду ЮНІСЕФ, сумесна з Т.Лісіцкай і Л. Рыжковай выпусціў для дзяцей серыю аўдыёказак «Беларускія народныя казкі».

У складзе гурта «Палац» здымаўся ў мастацкім фільме «Анастасія Слуцкая», эпізадычнай ролі «самога сябе» ў серыяле «Вышэй неба».

Алег Хаменка

1973 год. У Нью-Йорку адбылося ўрачыстае адкрыццё дзелавога і адміністрацыйнага комплексу Сусветнага гандлёвага цэнтра (World Trade Centre).

Сусветны гандлёвы цэнтр (СГЦ) – так называўся комплекс з сямі будынкаў, спраектаваных Мінору Ямасакі, амерыканскім архітэктарам японскага паходжання.

Архітэктурнай дамінантай комплексу былі дзве вежы, кожная па 110 паверхаў – Паўночная (417 м, з улікам устаноўленай антэны – 526,3 м) і Паўднёвая (415 м). 

11 верасня 2001 года комплекс СГЦ быў разбураны ў выніку тэрарыстычных нападаў. Некаторы час пасля заканчэння будаўніцтва вежы былі найвышэйшымі хмарачосамі ў свеце.

World Trade Centre

2016 год. Памёр Уладзімір Казбярук (1923-2016).

Беларускі літаратуразнавец. Кандыдат філалагічных навук.

Скончыў БДУ. Настаўнік у Навагрудскім раёне, выкладаў у Полацкім педінстытуце, працаваў у Інстытуце літаратуры АН Беларусі.

Вывучаў беларуска-польскія літаратурныя сувязі, беларускі рамантызм ХІХ – пачатка ХХ стагоддзяў.  Аўтар даследаванняў па гісторыі Беларусі і беларускай культуры: ліквідацыя беларускай дзяржаўнасці і нацыянальнай свядомасці ў XVII – XVIII стагоддзях, беларускае нацыянальнае адраджэнне ў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў, утварэнне БНР, жыццё і літаратурная дзейнасць Ф. Скарыны, Г. Пельгрымоўскага, С. Тшашчкоўскай, К. Каліноўскага, А. Гаруна і іншых.

Уладзімір Казбярук