Дзень у гісторыі. 3 мая. Дзень Сонца, вольнага друку. Першая ў Еўропе Канстытуцыя. Нарадзіўся У. Галубок. Дзень памяці Шушкевіча

Сусветны дзень Сонца (World Day of the Sun, з 1994 года).

Сонца – найбліжэйшая да Зямлі зорка. Яна знаходзіцца на адлегласці 150 мільёнаў кіламетраў. Іншая бліжэйшая да нас зорка Проксіма з сістэмы aльфа Цэнтаўра ў 2500 разоў далей Сонца. Сонца дае святло і цеплыню, неабходныя для Зямлі. Менавіта яно вызначае жыццё і экалогію планеты.

Сонца – цэнтральная і адзіная зорка Сонечнай сістэмы, вакол якой круцяцца іншыя аб’екты сістэмы – планеты, карлікавыя планеты са сваімі спадарожнікамі, астэроіды, метэарыты, каметы і касмічны пыл.

Цікавыя факты.

Маса Сонца складае 99,8% ад масы ўсёй Сонечнай сістэмы.

Па спектральнай класіфікацыі Сонца адносіцца да тыпу “жоўты карлік”. Сонца свеціць бялявым святлом, але з-за прыгнечання часткі спектру атмасферай Зямлі гэта святло набывае жоўтае адценне.

На Зямлю пападае 1/2 мільярднай часткі сонечнага выпраменьвання.

Сонца абарочваецца вакол цэнтра Галактыкі з хуткасцю 220-240 км/с.

Гравітацыя на паверхні Сонца ў 28 разоў перавышае гравітацыю Зямлі: калі чалавек на Зямлі важыць 60 кг, то на Сонцы ён стане важыць 1680 кг.

Сонечнае святло да Зямлі праходзіць за 8,3 хвіліны, да Плутона – за 5,5 гадзіны.

Зорка круціцца вакол сваёй восі за 25,38 зямных сутак.

Тэмпература на паверхні складае каля 5 500°С, у ядры 13 599 726°С.

Сонца пражыло ўжо палову свайго жыцця, яго ўзрост 4,57 млрд. гадоў.

Сонца – адна з 6 000 зорак, якія мы можам убачыць няўзброеным вокам.

Яно адно з 200 мільярдаў зорак у галактыцы Млечны Шлях.

Сонца абсалютна газападобнае.

Дзякуючы сонечнаму святлу, у арганізме ўтвараеца натуральны антыдэпрэсант – мелатанін, які забяспечвае нам паўнавартасны сон, а значыць аднаўленне ўсяго арганізма.

Сусветны дзень вольнага друку (World Press Freedom Day, з 1993 года).

Устаноўлены ЮНЕСКА.

У 1991 годзе ў сталіцы Намібіі была прынята “Віндхукская дэкларацыя”, у якой змяшчаўся заклік да ўрадаў дзяржаў свету забяспечваць свабоду прэсы і яе дэмакратычны характар.

У дэкларацыі падкрэслівалася, што найважнейшым складнікам любога дэмакратычнага грамадства з’яўляецца свабодная, плюралістычная і незалежная прэса.

Сусветны дзень свабоды друку з’яўляецца штогадовым напамінам міжнароднай супольнасці аб тым, што свабода друку і свабода выказвання меркаванняў з’яўляюцца асноўнымі правамі, замацаванымі ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Беларусь у 2023 годзе заняла 195-е месца з 210 краін у рэйтынгу “Свабода ў свеце-2023”.

1113 год. Вялікім князем Кіеўскім стаў Уладзімір Манамах (1053–1125).

Праўнук полацкай княжны Рагнеды, адзін з самых выбітных дзеячаў старажытнай Русі, рэфарматар.

1791 год. Прыняцце першай ў Еўропе Канстытуцыі.

Вялікі Сойм Рэчы Паспалітай зацвердзіў Канстытуцыю – першую ў Еўропе, другую ў свеце (пасля ЗША) і апошнюю для супольнай дзяржавы Каралеўства Польскага і ВКЛ. У Польшчы Дзень Канстытуцыі – 3 мая.

Асноўны закон змяняў форму праўлення Рэчы Паспалітай на канстытуцыйную манархію, вызначыў падзел галін улады (заканадаўчай, выканаўчай і судовай). У Канстытуцыі дэталёва прапісана і вызначана важная роля караля (вялікага князя). Уводзілася спадчыннасць трона замест ранейшай выбарнасці манарха соймам. Скасоўваліся такія характэрныя да таго часу для Рэчы Паспалітай правы як права ліберум вета ў сойме і права шляхты на канфедэрацыю.

23 лістапада 1793 года дзеянне Канстытуцыі было скасавана рашэннем Гарадзенскага сойма.

У 2014 годзе Канстытуцыя 3 мая была занесена ў Польскі дзяржаўны спіс праграмы ЮНЕСКА «Памяць свету», у 2015 годзе занесена ў Спіс Еўрапейскай спадчыны.

1863 год. Пачатак баявых дзеянняў паўстанцаў на Магілёўшчыне.

3-9 мая 1863 года дзейнічаў Чарнаруцкі паўстанцкі атрад пад час паўстання 1863–1864 гадоў.

Назва атрада – ад фальварка Чарнаручча на Кругляншчыне, дзе быў сфарміраваны 20 красавіка ў 40 чалавек. У яго склад уваходзілі афіцэры, дробныя чыноўнікі, студэнты, шляхта і іх дваровыя людзі. Узначальваў атрад А. Алендскі па мянушцы “Антоній”.

Атрад абходзіў вёскі поўначы Магілёўскага павета, зачытваўся маніфест з заклікам да сялян далучыцца да паўстання. Атрад прайшоў вёскі Навасёлкі, Палыкавічы, Літвары, Дудаковічы, Варгуцёва, Філатава, мястэчкі Друцк, Круча. Да моманту разгрому царскімі войскамі ён меў больш за 100 чалавек.

Атрад разгромлены ротай рускага Алексапольскага палка ў лесе каля мястэчка Славені (цяпер Талачынскі раён), калі паўстанцы сталі на начлег: забіта 21, паранена 2, узяты ў палон каля 160 чалавек (з іх каля 60 здалі рускім войскам мясцовыя сяляне).

Паўстанцы. Фота носіць ілюстрацыйны характар

1864 год. Памёр Станіслаў Горскі (1802–1864).

Беларускі прыродазнавец, медык, педагог.

Скончыў Віленскі ўніверсітэт. Працаваў загадчыкам батанічнага сада Віленскага ўніверсітэта, прафесарам Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, працаваў у Паставах, Берліне, у маёнтку А. Кубліцкага ў Свянцянскім павеце.

За спачуванні нацыянальна-вызваленчаму руху высланы ў Сібір, дзе скончыў жыццё самагубствам.

Адзін з першых даследчыкаў Белавежскай пушчы. Аўтар прац па батаніцы і энтамалогіі. Публікаваў нататкі з падарожжаў па батанічных садах Еўропы. Арганізаваў шырокі абмен гербарыямі паміж вучонымі Еўропы. Многія адкрытыя ім віды раслін названы яго імем.

Белавежская пушча.

1877 год. Нарадзіўся Антон Грыневіч.

Збіральнік беларускага музычнага фальклору, выдавец.

Заснавальнік «Выдавецтва Антона Грыневіча» (1910) у Пецярбургу, удзельнік суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца».

Да рэвалюцыі выдаў сваім коштам два тамы «Беларускія песьні з нотамі», зборнікі паэзіі Янкі Купалы «Гусляр», «Адвечная песня», тры зборнікі апавяданняў Якуба  Коласа, першую кнігу У. Галубка «Апавяданні», зборнікі навел Таўруса і Гвазда.

Выдавец чатырох кніг па спевах, падрыхтаваў да друку зборнікі «Аднагалосыя, двухгалосыя і шматгалосыя народныя песні», «Дзіцячыя гульні» і іншыя. Аўтар «Праграмы-інструкцыі для збіральнікаў беларускай музычна-этнаграфічнай творчасці» (часопіс «Наш край»).

Загадчык мастацкай падсекцыі Белнацкаму, Беларускага народнага дому, сакратар музычнай падсекцыі Інбелкульту, супрацоўнік Акадэміі навук БССР. Удзельнік этнаграфічных экспедыцый на Палессі, на Полаччыне, у паўночных раёнах Беларусі.

У архівах Беларусі і Вільні захоўваецца да 1000 запісаў беларускага меласу, сабраных Грыневічам.

Арыштаваны ў 1933 годзе. Памёр у ГУЛАГу 8 снежня 1937 года.

1904 год. Джордж Паркер запатэнтаваў сваю першую пісьмовую асадку.

Гэта была асадка з механічнай сістэмай набору чарнілаў, якая ўяўляла сабой практычны гумавы мяшочак.

Паркер займаўся канструяваннем асадак і ў 1892 годзе заснаваў “Parker Pen Company”. Першы свой патэнт атрымаў у 1889 годзе, а ў 1894-м ён здзейсніў рэвалюцыю ў свеце ручак, запатэнтаваўшы фідэры Lucky Curve. Ён практычна цалкам вырашыў праблему пёравых асадак свайго часу, якія ўвесь час працякалі ў кішэнях і партфелях.

1882 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Галубок (Голуб, Голубеў).

Беларускі драматург, акцёр і рэжысёр, заснавальнік беларускага савецкага тэатра. Народны артыст Беларусі (1928).

Яго драматургічная, рэжысёрская і акцёрская дзейнасць  з’яўляецца сувязным звяном паміж дарэвалюцыйным і савецкім беларускім тэатрам.

Творча развіў традыцыі старажытнага народнага тэатра: батлейкі, народнай драмы, інтэрмедый. Выхаваў многіх беларускіх акцёраў, у тым ліку У. Дзядзюшка, К. Быліч, А. Блажэвіч.

У яго трупе рабіла свае першыя крокі на сцэне С. Станюта, музычнай часткай кіраваў Н. Сакалоўскі – аўтар Дзяржаўнага гімна Беларусі.

Арыштаваны НКУС ў 1937 годзе. Далейшы лёс невядомы. У біяграфічных крыніцах датай смерці ўказваецца 28 верасня 1937 года.

У фальшывай адпісцы НКУС засведчана, што памёр у 1942 годзе ад гіпертаніі.

1953 год. Нарадзіўся Франц Сіўко.

Беларускі празаік, публіцыст, педагог. Лаўрэат прэміі «Гліняны Вялес».

Скончыў БДУ. Настаўнічаў у Верхнядзвінску, Віцебску, працаваў у газеце «Віцебскі рабочы», у Віцебскім тэхналагічным універсітэце. Супрацоўнічае з каталіцкім часопісам «Ave Maria». Член Беларускага ПЭН-цэнтра, быў старшынёй Віцебскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Аўтар 13 кніг прозы.

2022 год. Памёр Станіслаў Шушкевіч (1934–2022).

Беларускі навуковец-фізік, дзяржаўны дзеяч. Першы кіраўнік незалежнай Рэспублікі Беларусь (1991–1994), адзін з трох удзельнікаў падпісання Белавежскага пагаднення, якое юрыдычна замацавала распад СССР.

У 1989 годзе стаў народным дэпутатам СССР. На Першым з’ездзе народных дэпутатаў СССР у траўні 1990 года ўвайшоў у склад Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы. Лідар партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада (1998–2018). У 2007 годзе Лех Валенса вылучыў С. Шушкевіча на атрыманне Нобелеўскай прэміі міру.

Член-карэспандэнт НАНБ, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларусі.

У 1986–1990 гадах працаваў прарэктарам па навуковай рабоце БДУ.  Чытаў лекцый ва ўніверсітэтах ГДР, Югаславіі, Польшчы, ЗША (Гарвардскі, Ельскі, Калумбійскі), працаваў у Даследчым цэнтры імя Вудра Вільсана ў Вашынгтоне.

Падрыхтаваў 33 кандыдата фізіка-матэматычных навук, з’яўляўся навуковым кіраўніком 5 доктарскіх дысертацый.

Дзень у гісторыі. 2 мая. Прывілей Ягелончыка. Захоп Берліна. Нарадзіўся Л. Акінчыц. Сышоў Тытан Адраджэння

Сусветны дзень тунца (World Tuna Day, з 2016 года).

Абвешчаны рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН з мэтай павышэння дасведчанасці насельніцтва планеты аб каштоўнасці гэтай разнавіднасці рыб, аб пагрозах, з якімі сутыкаюцца тунцавыя папуляцыі, і аб эканамічных і сацыяльных перавагах устойлівага кіравання тунцавымі запасамі.

Тунцы – група марскіх рыб сямейства скумбрыевых. Налічваецца каля 40 разнавіднасцяў тунца. Самы буйны прадстаўнік роду – звычайны тунец – вырастае да 4,5 м і можа важыць больш за 600 кг.

Жывуць тунцы ў трапічных і субтрапічных водах.

Тунцы – важны прамысловы аб’ект. Каля 100 краін заняты ў тунцавой прамысловасці. Штогод вылоўліваецца каля 7 мільёнаў тон тунцавых.

Мяса гэтай рыбы шануецца за далікатны густ, поўную адсутнасць старонніх пахаў, высокае ўтрыманне бялку і велізарны спектр карысных уласцівасцяў.

1447 год. Пашырэнне правоў баяр і закабаленне сялян.

Вялікі князь ВКЛ Казімір ІV Ягелончык выдаў прывілей, які замацаваў шырокія правы баяраў.

Адзін з першых актаў аб увядзенні прыгоннай залежнасці сялян ад феадалаў. Прывілей гарантаваў права ўласнасці на зямлю, вольны выезд за мяжу, права судзіць залежных ад феадалаў людзей.

Прадугледжвалася, што зямлю і дзяржаўныя пасады ў ВКЛ маглі атрымліваць толькі мясцовыя феадалы.

1519 год. Памёр Леанарда да Вінчы (1452–1519).

Сусветна вядома мастак, музыка, пісьменнік, архітэктар, анатам, інжынер, вынаходнік. Тытан Адраджэння.

З усяго ім зробленага да нас дайшло толькі 15% – а гэта не толькі карціны, але і праекты танка, лятальных апаратаў, калькулятара, выкарыстання сонечнай энергіі, тэорыя тэктанічных пліт, план «ідэальнага горада» і іншае.

З’яўляўся пачынальнікам Высокага Адраджэння. Спалучаючы распрацоўку новых сродкаў мастацкай мовы з тэарэтычнымі абагульненнямі, стварыў гарманічны вобраз чалавека, які адпавядае гуманістычным ідэалам эпохі Адраджэння – поўны жыцця, духоўнай прыгажосці і фізічнай дасканаласці.

«Геній ад Бога». Наблізіўся да стварэння геліяцэнтрычнай сістэмы, аспрэчваў ідэю аб тым, што Зямля знаходзіцца ў цэнтры Сусвету.

Ставіў навуковае пазнанне вышэй хрысціянскай веры, хаця верыў у Бога як стваральніка ўсяго Сусвету.

Яго асоба – рэальнае ўвасабленне гуманістычнага ідэалу ўсебакова развітай асобы, універсальнага генія.

Леанарда да Вінчы. Дабравешчанне

1835 год. Нарадзіўся Людвік Акінчыц (1835–1903).

Лекар, паўстанец 1863 года, адзін з заснавальнікаў курортнай медыцыны.

Скончыў медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Займаўся лекарскай практыкай у Свіслачы Гродзенскай губерні.

За ўдзел ў паўстанні сасланы на Урал, дзе працаваў земскім урачом, стаў адным з заснавальнікаў курортнай медыцыны.

Памёр у 1903 годзе, пахаваны ў Пермі на Егашыхінскіх «польскіх» могілках.

Яго сын Людвік Акінчыц (1874–1941) стаў вядомым расійскім хірургам-гінеколагам, эндакрынолагам.

1888 год. Нарадзіўся Іван Віткоўскі (1888–1937).

Беларускі гісторык, прафесар.

Скончыў Пецярбургскую каталіцкую духоўную семінарыю, Петраградскую духоўную акадэмію. Быў вікарыям у Мазыры, выкладчыкам у школах Растова-на-Доне, чырвонаармейцам.

У 1920-1930-х гадах працаваў у савецкіх і партыйных органах у Оршы і Сянно, прарэктарам Віцебскага ветэрынарнага інстытута, выкладчыкам Камуністычнага ўніверсітэта, намеснікам загадчыка польскага аддзела Інбелкульта, дырэктарам Інстытута польскай пралетарскай культуры акадэміі навук, загадчыкам кафедры гісторыі Мінскага педінстытута.

Аўтар прац па гісторыі нацыянальна-вызваленчага і рэвалюцыйна-дэмакратычнага руху, паўстання 1863–1864 гадоў.

Рэпрэсаваны ў 1933 і 1937 гадах. Расстраляны.

Будынак Інбелкульта

1900 год. Памёр Іван Айвазоўскі (Аванэс Айвазян, 1817–1900).

Украінскі і расійскі мастак-марыніст армянскага паходжання.

Шматлікія палотны марыніста складаюць свайго роду энцыклапедыю пра мора.

Яго творы дэманструюць рамантычнае, эмацыянальнае ўспрыманне прыроды, амаль заўсёды перадаюць моцныя пачуцці, яркія перажыванні.

Некалькі яго палоцен, што захоўваюцца у музеях Пецярбурга і Феадосіі, прысвечаны подзвігу камандзіра брыга “Меркурый” беларуса А. Казарскага (1798–1833).

І. Айвазоўскі. Брыг “Меркурый” атакуе турэцкую эскадру.

1920 год. У  Менску выйшаў першы нумар часопіса “Рунь”.

Штотыднёвы ілюстраваны літаратурна-мастацкі часопіс. Выходзіў з 2 мая да 4 ліпеня 1920 года на беларускай мове. Рэдактар Я. Луцэвіч, выдавец В. Іваноўскі. Лічыўся пераемнікам выдання «Беларускае жыццё».

Выступаў за нацыянальнае самавызначэнне беларускага народа, усебаковае развіццё яго эканомікі і культуры. Актыўны ўдзел у выданні прымалі Л. Родзевіч, М. Кудзелька, мастак Я. Драздовіч, супрацоўнікі беларускага тэатра і грамадскіх культурна-асветніцкіх устаноў.

Апублікаваў шэраг мастацкіх твораў, артыкулаў, у тым ліку А. Гаруна, М. Чарота, К. Буйло, У. Жылкі, А. Петрашкевіча, М. Краўцова, М. Багдановіча, 3. Бядулі, І. Піліпава, Л. Родзевіча, Я. Карскага, Ф. Аляхновіча, У. Ігнатоўскага, І. Гердэра.

У № 5–8 часопіса была ўпершыню надрукаваная п’еса Янкі Купалы «Прымакі».

1922 год. Памерла Ганна Місуна (1868–1922).

Беларускі, польскі, літоўскі і расійскі геолаг. Першая ў Беларусі і адна з першых у Расіі жанчын-геолагаў, якая праводзіла палявыя геалагічныя даследванні. Геамарфолог, дацэнт Маскоўскага ўніверсітэта, дала навуковае тлумачэнне ледавіковаму рэльефу Беларусі.

У 1899 годзе пачалі выходзіць яе навуковыя артыкулы пра ледавіковыя адкладанні і рэльеф Беларусі, Літвы і Польшчы.

Асаблівую вядомасць набылі працы па геалогіі Гродзенскай і Мінскай  губерняў, карта-даведнік будаўнічых матэрыялаў заходніх раёнаў. Распрацавала методыку вывучэння канцавых марэн.

Падчас яе працы дацэнтам Маскоўскага ўніверсітэта, арганізавала геалагічны пакой (1919), які паступова ператварыўся ў музей.

У яе гонар названа вуліца і ўсталяваны помнік у г.п. Ветрына Полацкага раёна.

1945 год. Савецкія войскі цалкам авалодалі сталіцай Германіі Берлінам.

Аперацыю здзейснілі войскі 1-га Беларускага фронта пад кіраўніцтва маршала М. Жукава пры садзейнічанні войск 1-га Украінскага фронта.

Усяго ў аперацыі, якая пачалася 24 красавіка, было задзейнічана 464 тысячы чалавек, 12,7 тысяч гармат, 2100 установак реактыўнай артылерыі, 1500 танкаў супраць 120 тысяч чалавек нямецкіх войск, якія мелі 3 тысячы гармат і 60 танкаў.

Савецкая бронетэхніка ў Берліне.

1997 год. Загінуў у дарожна-транспартным здарэнні Валерый Шаблюк (1953–1997).

Беларускі гісторык. Кандыдат гістарычных навук.

Скончыў БДУ. Працаваў настаўнікам гісторыі ў Мінску, навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі акадэміі навук.

Распрацоўваў новы накірунак у Беларусі – археалогія сярэднявечных сельскіх паселішчаў і мястэчак. Аўтар прац “Сельскія паселішчы Верхняга Панямоння XIV–XVIII ст.ст.”, “Двор у Туганавічах”, публікацый па гісторыі і археалогіі Беларусі, каля 100 артыкулаў у Энцыклапедыі гісторыі Беларусі.

На Койданаўшчыне даследваў археалагічныя помнікі ў вёсках Вялікія Навасёлкі, Клыпаўшчына, Машчонае, Павуссе.

З 1994 года быў генеральным сакратаром Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Партыі.

2009 год. Памёр Фёдар Шмакаў (1917–2009).

Беларускі акцёр, рэжысёр. Народны артыст Беларусі і СССР. Ганаровы грамадзянін Віцебска.

Пасля заканчэння Ленініградскага тэатральнага інстытута, з 1939 года працаваў у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры Беларусі ў Магілёве (адчынены Ул. Кумельскім). Больш за 60 год працаваў у трупе Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа. На яго творчым рахунку каля 200 роляў у тэатры і каля 30 роляў у кіно.

Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР, прэміяй «За духоўнае адраджэнне», прызам «Крыштальная Паўлінка».

Самыя запамінальныя яго ролі ў тэатральных пастаноўках – «Несцерка», «Пяюць жаваранкі», «Сэрца на далоні», “Кастусь Каліноўскі», «А досвіткі тут ціхія…», «Гамлет», «Сямнаццаць імгненняў вясны». Сярод фільмаў трэба выдзеліць «Узнятая цаліна», «Мора ў вагні», «Доўгія вёрсты вайны», «Час выбраў нас»,  «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Дзяржаўная мяжа. Год сорак першы», «Плач перапёлкі».

2005 год. Адкрыты музей памяці Уладзіміра Мулявіна.

Ён размешчаны ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі на бульвары Уладзіміра Мулявіна.

У ім экспануюцца асабістыя рэчы, музычныя інструменты, сцэнічныя касцюмы кіраўніка і ўдзельнікаў ансамбля “Песняры”. Музейныя прадметы даюць магчымасць наведвальніку дакрануцца да творчасці, акунуцца ў атмасферу тых гадоў і пражыць маленькі адрэзак жыцця разам з У Мулявіным і яго знакамітым калектывам.

29 красавіка. Дзень у гісторыі. Мсціслаўская бітва. Кук высаджваецца ў Аўстраліі. Рэцэпт “Доктарскай”. Нарадзіўся М. Ермаловіч

Міжнародны дзень танцу (International Day of Dance, з 1982 года).

Устаноўлены па ініцыятыве камітэта танца Міжнароднага інстытута тэатра пры ЮНЕСКА ў дзень нараджэння французскага балетмайстра Жана Жоржа Навера (1727–1810), рэфарматара і тэарэтыка мастацтва танца, які ўвайшоў у гісторыю як “бацька сучаснага балета”, аўтара знакамітага тэарэтычнага сачынення “Лісты аб танцы і балетах”, у якім ён не толькі абагульніў назапашаны да таго часу досвед у вобласці харэаграфіі, але і з матэматычнай дакладнасцю і мастацкай вобразнасцю абгрунтаваў асноўныя прынцыпы харэаграфіі.

Па задуме заснавальнікаў, Міжнародны дзень танца закліканы аб’яднаць усе напрамкі танца, стаць падставай для ўшаноўвання гэтай формы мастацтва і яго здольнасці пераадольваць усе палітычныя, культурныя і этнічныя бар’еры, аб’ядноўваць людзей, дазваляючы размаўляць на агульнай мове – мове танца.

На выяве: Жан Жорж Навер

1386 год. Вялікі князь смаленскі Святаслаў, які падтрымаў выступленне Андрэя Полацкага супраць Ягайлы, быў разгромлены падчас Мсціслаўскай бітвы.

Ва ўмовах унутрыпалітычнай барацьбы ў ВКЛ вялікі князь смаленскі Святаслаў Іванавіч падтрымаў Андрэя Альгердавіча, спадзяючыся вярнуць страчаны раней Мсціслаў.

18 красавіка 1386 года ён аблажыў Мсціслаў, аднак узяць горада не здолеў. 29 красавіка падышло вялікалітоўскае войска на чале з Свідрыгайлам, Карыбутам, Лугвенам і Вітаўтам. Бітва адбылася на рацэ Віхры, вялікалітоўскае войска перамагло, Святаслаў загінуў у бітве.

1770 год. Брытанскі мараплавацель Джэймс Кук (1728–1779) упершыню высадзіўся ў Аўстраліі.

Ён падышоў да ўсходняга берага Аўстраліі. На беразе заліва, у водах якога спыніўся яго карабель «Індэвар», экспедыцыі атрымалася знайсці шмат невядомых раней відаў раслін, таму Кук назваў гэты заліў Батанічным. З Батанічнага заліва Кук накіраваўся на паўночны захад уздоўж усходняга ўзбярэжжа Аўстраліі.

Кук здзейсніў тры вандраванні ў Ціхім акіяне і стаў першым еўрапейцам, які даследаваў большую частку яго ўзбярэжжа, адкрыў Гаваі, шматлікія астравы, першым абыйшоў вакол Новай Зеландыі, даследаваў частку ўзбярэжжа Аляскі, склаў дакладныя марскія карты.

1921 год. Нарадзіўся Мікола Ермаловіч (1921–2000).

Беларускі гісторык, публіцыст, крытык і літаратуразнаўца, брат магілёўскага тэатральнага рэжысёра Валянціна Ермаловіча (1925–2004). Заснавальнік новай беларускай рамантычнай гістарыяграфіі.

Даказваў, што Літва ніколі не заваёўвала Беларусь, а ВКЛ з’яўлялася беларускай дзяржавай.

Альтэрнатыўнае бачанне гісторыі Беларусі выклікала раздражненне ўлады, пераслед КДБ.

Выдаваў рукапісны самвыдавецкі часопіс «Падснежнік» («Гутаркі», 1963–1976, каля 50 выпускаў) пад псеўданімам Сымон Беларус.

Аўтар кніг «Па слядах аднаго міфа», «Дарагое беларусам імя» (1970), «Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды», «Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд», «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае».

Працы Ермаловіча ў значнай ступені паўплывалі на фармаванне сучаснай грамадскай думкі і гістарыяграфіі Беларусі.

У апошні дзень жыцця 5 сакавіка 2000 года амаль невідушчы 78-гадовы навуковец трапіў пад колы аўтамабіля ў Мінску. Кіроўца ўцёк з месца здарэння.

1924 год. Памёр Міхаіл Пліс (1858–1924).

Праваслаўны святар, грамадска-культурны дзеяч, педагог, давераная асоба патрыярха Ціхана, член Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, Віленскага беларускага нацыянальнага камітэта, выкладач Закона Божага на беларускай мове, адзін з ініцыятараў стварэння ў Вільні Святатроіцкага беларускага праваслаўнага таварыства, сузаснавальнік Таварыства беларускай школы.

У міжваенны час выступаў за беларусізацыю праваслаўнай царквы ў Заходняй Беларусі.

Аўтар працы па гісторыі праваслаўнай царквы, якая захоўваецца ў аддзеле рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы.

1931 год. Памёр Яўхім Карскі (1860/1961–1931).

Беларускі філолаг-славіст. Заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф, акадэмік Пецярбургскай АН, правадзейны член Інбелкульта, Чэшскай акадэміі навук.

Абараніў першую ў гісторыі дысертацыю па беларускім мовазнаўстве «Да гісторыі гукаў і форм беларускай гаворкі» (1893).

Працаваў прафесарам універсітэтаў Варшаўскага (загадчык кафедрай, дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта, рэктар, 1905–1910), Растоўскага  (1915–1916, былы Варшаўскі), Мінскага педінстытута.

Удзельнік беларускага нацыянальнага руху, ганаровы старшыня Першага ўсебеларускага з’езда, старшыні камісіі па адкрыцці БДУ.

Аўтар больш за 1000 прац, у тым ліку даследаванняў па гісторыі беларускай мовы, дыялекталогіі, фальклоры, этнаграфіі, гісторыі беларускай літаратуры, сямітомнай працы «Беларусы» – энцыклапедыі беларусазнаўства. Прарадзімай славян  лічыў Палессе, даказваў, што беларусы – аўтахтоны на сваіх землях, склаў этнаграфічную карту Беларусі пачатку ХХ стагоддзя

На радзіме вучонага, на будынку сярэдняй школы ў в. Лаша працуе з 1964 года мемарыяльны музей, яго імя носіць Гродзенская абласная бібліятэка.

1936 год. Дзень нараджэння доктарскай каўбасы.

На маскоўскім мясакамбінаце імя А. Мікаяна створаны рэцэпт каўбасы “Доктарская”: свініна, гавядзіна, яйкі курыныя, сухое малако, арэх мускатны.

Гатунак каўбасы быў распрацаваны як дыетычны прадукт для тых савецкіх грамадзян “чыё здароўе было падарвана ў выніку Грамадзянскай вайны і царскага дэспатызму”.

Каўбаса гатунка “Доктарская” паважаецца многімі беларусамі і па сённяшні час.

1940 год. Нарадзіўся Уладзімір Ганчарык.

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч.

Скончыў Беларускі інстытут народнай гаспадаркі. Кандыдат эканамічных навук.

Быў на партыйнай рабоце, займаў шэраг кіраўнічых пасад, у тым ліку другога сакратара Магілёўскага абкама КПБ, працаваў старшынёй Беларускага рэспубліканскага савета прафсаюзаў, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1986–1990), Вярхоўнага Савета СССР (1989–1991), Вярхоўнага Савета Беларусі (1995–1996).

Адзіны кандыдат ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах у 2001 годзе.

1967 год. Адбылася прэм’ера мастацкага фільма “Няўлоўныя мсціўцы”, у якой зняўся і ўраджэнец г. Рэчыцы Яфім Капелян (1912–1975).

Капелян – адзін з вядучых акцёраў Вялікага драматычнага тэатра ў Ленінградзе, Народны артыст СССР.

2002 год. Памёр Ігар Гермянчук (1961-2002).

Журналіст, грамадскі дзеяч, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 12 склікання, рэдактар газеты “Свабода”, заснавальнік часопісу “Кур’ер”.

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з актыўных удзельнікаў незалежніцкага руху 1980-х гадоў. Удзельнічаў у маладзёжным грамадскім аб’яднанні «Беларуская Майстроўня» (1979–1984). Член БНФ «Адраджэньне».

У 29-гадовым узросце стаў адным з самых маладых дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР. 11 красавіка 1995 года разам з іншымі дэпутатамі ад Апазіцыі БНФ абвясціў галадоўку пратэсту супраць ініцыяванага А. Лукашэнкам рэферэндуму пра дзяржаўную мову і сімволіку.

У 30-гадовым узросце ўзначаліў газету «Свабода», якая пры ім зрабілася найбуйнейшым і самым папулярным апазіцыйным выданнем краіны. За вострыя публікацыі пракуратура чатыры разы заводзіла на яго крымінальныя справы.

Пад канец 1997 года газета «Свабода» была забароненая, але ўжо ў студзені 1998 года  Гермянчук здолеў адрадзіць яе пад назвай «Навіны».

Дзень у гісторыі. 7 красавіка. Адкрыццё Карлава універсітэта. Перапахаванне Я. Святаполк-Мірскага

Сусветны дзень здароўя (World Health Day, з 1950 года).

Устаноўлены ў гонар стварэння ў 1948 годзе Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. У арганізацыю ўваходзіць 191 дзяржава свету.

Сусветная арганізацыя створана на падставе прынцыпу, які заключаецца ў тым, што ўсе людзі павінны мець магчымасць для рэалізацыі свайго права на валоданне найвышэйшым дасягальным узроўнем здароўя. І была пераемніцай Міжнароднага бюро грамадскай гігіены (1907 год).

Здароўе – гэта самае каштоўнае, што мае чалавек у жыцці. Каб нагадаць аб гэтым грамадскасці і прыцягнуць увагу да самых актуальных праблем і праходзіць святкаванне дня здароўя ва ўсім свеце.

дзень здароўя

Дабравешчанне, Благавешчанне або Звеставанне.

Праваслаўныя вернікі адзначаюць Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы. У гэты дзень пасланец Бога Архангел Гаўрыіл абвясціў Дзеве Марыі, што яна атрымала Боскую ласку і народзіць Сына Божага.

У католікаў і пратэстантаў святкуецца 25 сакавіка. У праваслаўі ўваходзіць у лік дванадзясятых святаў.

Звеставанне

1348 год. Імператар Святой Рымскай імперыі Карл IV заснаваў у Празе першы ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе ўніверсітэт.

Прадметы выкладаюцца на чэшскай і англійскай мовах. Ва ўніверсітэце вучацца больш за 47 000 студэнтаў з усяго свету.

Найбольшую папулярнасць ў Карлавым універсітэце маюць медыцынскі (8 000 студэнтаў), філасофскі (6 500) і юрыдычны (4 000) факультэты. Акрамя іх працуюць факультэты – фармацэўтычны, фізіка-матэматычны, педагагічны, сацыяльных навук (эканоміка, менеджмент, журналістыка, дызайн, міжнародныя адносіны), прыродазнаўчы, фізічнай культуры і спорту, гуманітарных навук.

У міжваенны перыяд (1918–1939) нешматлікія ў агульнай масе беларускай эміграцыі студэнты-гуманітарыі вучыліся на філасофскім факультэце ўніверсітэта. Яго скончылі з атрыманнем дыплома доктара філософіі 8 беларусаў: І. Дварчанін, Я.Станкевіч, Т. Грыб, М. Ільяшэвіч, Л. Вернікоўская, М. Чарнецкі, Л. Краскоўская, Ф. Грышкевіч. Скончылі ўніверсітэт і беларускія дзеячы М. Абрамчык, П. Бакач, Я. Геніюш, А. Клімовіч, А. Орса.

універсітэт

1860 год. Памёр Караль Падчашынскі (1790–1860).

Архітэктар, прадстаўнік класіцызму, прафесар Віленскага ўніверсітэта.

Аўтар рэканструкцыі касцёла Святых Янаў у Вільні, праектаў палацаў у Яшунах, Тускуленах, Жылічах, будынкаў гімназій у Слуцку, Камянцы Падольскім і Свіслачы, вучылішчаў у Бабруйску, Невелі, Мазыры і іншых.

Найбольш удалым яго творам лічыцца помнік позняга класіцызму евангелічна-рэфармацкая царква ў Вільні.

Аўтар першага ў Беларусі і Літве падручніка тэорыі архітэктуры «Пачаткі архітэктуры для акадэмічнай моладзі», артыкулаў пра выкладанне архітэктуры, даглядання за садамі і паркамі.

Памёр 7 красавіка 1860 года.

Караль Падчашынскі
Палац ў Жылічах (Кіраўскі раён)

1897 год. Нарадзіўся Юрый Лістапад.

Беларускі настаўнік, кіраўнік беларускага руху на Случчыне. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну.

Скончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю, 1-я Беларускія педагагічныя, Віленскія беларускія настаўніцкія курсы. Працаваў настаўнікам на Случчыне, заснаваў 8 беларускіх школ, выкладаў на Слуцкіх педагагічных курсах. Блізкі сябар Якуба Коласа.

Быў перекладчыкам у мінскіх беларускіх выдавецтвах. Пераклаў на беларускую мову апавяданне У. Караленкі «Бяз мовы», камедыі А. Астроўскага, падручнік «Арытмэтыка» Цыгельмана.

Арыштоўваўся ДПУ у 1925, 1930, 1933.

Расстраляны НКУС 5 ліпеня 1938 года у Байкала-Амурскім канцлагеры.

Юрый Лістапад

1918 год. У Магілёве на Каталіцкіх могілках адбылося перапахаванне эксгумаваных цел ксяндза Святаполк-Мірскага (1876–1918) і двух польскіх афіцэраў, якія былі расстраляны бальшавікамі 28 лютага.

Ксёндз Яўген паходзіць з дваран Святаполк-Мірскіх. У 1896 годзе пасвечаны ў святара магілёўскім біскупам Ф. Сымонам. Служыў святаром у Табольску, Краснаярску, Пецярбургу. У 1912–1918 гадах быў пробашчам кафедральнага сабора і дэканам у Магілёве. 8 лютага 1918 года арыштаваны бальшавікамі і абвінавачаны ў падрыхтоўцы паўстання, 28 лютага прыгавораны да расстрэла.

Падчас вынясення прысуду прыхаджане, якія прысутнічалі пры гэтым, паднялі шум і паспрабавалі сілай адбіць святара, у выніку адкрытага салдатамі агню было паранена і забіта некалькі вернікаў. У той жа дзень святара і яшчэ двух асуджаных вывезлі за горад і пасля жорсткіх катаванняў расстралялі, па ўспамінах відавочцаў у святара пад катаваннямі патрабавалі адрачэння ад каталіцкай веры, на што ён адказваў: “Цела можаце забіць, але душы не заб’яце”.

На наступны дзень цела святара было знойдзена з пяццю агнястрэльнымі і чатырма нажавымі ранамі, разбітай галавой і зламанымі рукамі. Улады забаранілі праводзіць адпяванне, дазволіўшы толькі пахаваць цела на месцы расстрэлу.

Пасля прыходу ў горад польскіх войскаў генерала Юзэфа Доўбар-Мусніцкага цела святара было эксгумавана і з ушанаваннямі пахавана на мясцовых каталіцкіх могілках.

Яўген Святаполк-Мірскі

1926 год. Прынята пастанова аб увядзенні ў БССР абавязковай пачатковай адукацыі.

Да гэтага, у 1922 годзе былі ўведзены пачатковая чатырохгодка і школа-сямігодка. Ужо ў 1931/1932 навучальным годзе 98 % дзяцей ва ўзросце 8-11 гадоў былі ахоплены пачатковым навучаннем. За 4 гады пачатковай школы вывучаўся увесь спектр прадметаў, у тым ліку сусветная гісторыя, эканамічная геаграфія замежных краін.

школа-сямігодка

1927 год. Нарадзіўся Валерый Міронаў (1927–2008).

Беларускі артыст балета, педагог. Народны артыст.

Скончыў Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча. Служыў у Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі, выкладаў у Беларускім харэаграфічным вучылішчы.

Танцоўшчык пераважна лірычнага плана, з рамантычнай накіраванасцю. Мастацтва Міронава вызначалі пераканальнасць у раскрыцці ўнутранага свету персанажаў, чысціня і лёгкасць выканання, высокая тэхніка дуэтнага танца.

У нацыянальных балетах стварыў рэльефныя вобразы Васіля («Князь-возера» В. Залатарова), Алеся («Святло і цені» Г. Вагнера).

Да найбольш значных творчых дасягненняў артыста належаць партыі Зігфрыда, Дэзірэ, Прынца («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» і «Шчаўкунок» П. Чайкоўскага), Вацлава («Бахчысарайскі фантан» Б. Асаф’ева), Гармодыя («Спартак» А. Хачатурана) і іншыя.

Валер Міронаў
Лідзія Ражанава і Валер Міронаў.

1947 год. Нарадзіўся Валерый Славук.

Беларускі мастак, педагог, прафесар. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.

Працуе ў станковай і кніжнай графіцы. Шырока вядомыя яго ілюстрацыі да беларускіх народных казак «Удовін сын», «Піліпка-сынок», «Алёнка», да кніг «Айвенга» В. Скота, «Чорны млын» Ю. Брэзана, «Шляхціц Завальня» Я. Баршчэўскага, «Вясна ўвосень» У. Караткевіча, да кнігі «Чароўны свет» і мноства іншых. Вялікую папулярнасць набылі ілюстрацыі В. Славука да двухтамомнага энцыклапедычнага выдання «Беларускі фальклор». Сярод станковых работ: «Казкі летняга дня», «Пасля навальніцы», «Збор ягад», «На выпасе».

Валерый Славук

1973 год. Памёр Язэп (Восіп) Дыла (1880–1973).

Беларускі пісьменнік і культурны дзеяч.

Вучыўся у Слуцкай гімназіі, сябраваў з Альгердам Абуховічам. Выключаны з Юр’еўскага ветінстытута за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях.

Працаваў у газеце «Северо-Западный край» (Мінск), у выдавецтвах Пецярбурга, Арэнбурга, Казані, Масквы, быў асабіста знаёмы з А. Купрыным, Л. Андрэевым, М. Арцыбашавым і іншымі рускімі пісьменнікамі. У снежні 1917 удзельнічаў у І Усебеларускім з’ездзе.

Быў камісарам працы ў Часовым урадзе БССР, на розных кіраўнічых пасадах у Мінску, членам ЦВК БССР, дырэктарам Інстытута па вывучэнні мастацтва, дырэктарам тэатра імя Янкі Купалы, намеснікам загадчыка Белдзяржкіно, інспектарам наркамата асветы. Правадзейны член Інбелкульта. Разам з прафесарам У. Пічэтам, акадэмікам Я. Карскім распрацаваў статут Інбелкульта.

Арыштоўваўся ДПУ у 1930, 1938 гадах, высылаўся на Урал, на Волгу.

Аўтар апавяданняў, гістарычнага рамана «На шляху з варагаў у грэкі», аповесцей,  п’ес, публіцыстычных артыкулаў, мемуараў, успамінаў пра Цішку Гартнага, Я. Райніса.

Даследваў узнікненне беларускага тэатра, вступаў у якасці навуковага кансультанта аднаго з першых беларускіх фільмаў – «Кастусь Каліноўскі» (1928).

Памёр у Саратаве.

Язэп (Восіп) Дыла

1983 год. Памерла Ларыса Геніюш (Міклашэвіч, 1910–1983).

Беларуская паэтэса, грамадскі дзеяч беларускага адраджэння.

Працавала Генеральным сакратаром ураду БНР.

Была рэпрэсавана і ўтрымліваліся ў савецкіх турмах, у ГУЛАГу. Прынцыпова не прымала савецкага грамадзянства, засталася грамадзянкай Чэхаславакіі. Дом Геніюшаў у Зэльве, нягледзячы на нагляд КДБ, прыцягваў літаратараў,  мастакоў, навукоўцаў.

Аўтар зборнікаў вершаў, успамінаў пра ГУЛАГ. У 1967 годзе пры садзейнічанні Максіма Танка надрукаваны яе першы ў савецкай Беларусі зборнік «Невадам з Нёмана». Доўгі час Ларысе Геніюш дазвалялі выступаць толькі як дзіцячай пісьменніцы, яна апублікавала дзве кніжкі вершаў для дзяцей «Казкі для Міхаські», «Добрай раніцы, Алесь». Пасмяротна былі выдадзены найбольш поўныя і значныя зборнікі яе твораў.

Яе вершы меладычныя, прасякнуты фальклорнымі ўплывамі. На яе вершы напісаны песні.

У яе гонар у 2003 годзе пастаўлены помнік пры Зэльвенскай царкве Святой Жываначальнай Тройцы, але ён знік 30 сакавіка 2023 года.

Ларыса Геніюш

2010 год. Нацыянальны банк Беларусі ўвёў у абарачэньне памятныя манеты «Грунвальдская бітва. 600 год» па прапанове Таварыства беларускай мовы (зачынена ў 2021 годзе).

Грунвальдская бітва. 600 год

Дзень у гісторыі. 14 сакавіка. Стварэнне Магілёўскай праваслаўнай епархіі

Міжнародны дзень барацьбы супраць рачных плацін, за рэкі, ваду і жыццё (International Day Against Dams, з 1997 года). 

З’явіўся па ініцыятыве амерыканскай грамадскай арганізацыі “Міжнародная сетка рэк” падчас правядзення І Міжнароднай канферэнцыі супраць будаўніцтва буйных плацін у бразільскім горадзе Курытыба.

За апошнія паўстагоддзя ва ўсім свеце ў выніку будаўніцтва буйных плацін было пераселена 60 мільёнаў чалавек. З-за будаўніцтва плацін было затоплена ў агульнай складанасці больш за 400 000 кв. км самых урадлівых земляў і каштоўных лясоў. Плаціны – асноўная прычына таго, што адна пятая відаў прэснаводных рыб у свеце або знікла, або знаходзіцца пад пагрозай знікнення.

З 177 найбуйных рэк свету толькі траціна не маюць дамбаў ці іншых збудаванняў на сваім галоўным рэчышчы. Будаўніцтва дамбаў на рэках – небяспечная тэндэнцыя, якая пагражае прыродзе ўсёй планеты.

У апошнія 11 гадоў на Беларусі пабудаваны плаціны Гродзенскай, Полацкай і Віцебскай ГЭС.

Гродзенскае вадасховішча
Гродзенскае вадасховішча, плошча 4 200 га

Міжнародны дзень ліку Пі (International day of pi, з 1988 года) адзначаецца аматарамі матэматыкі а 1:59:26.

Пі – матэматычная канстанта, адносіны даўжыні акружнасці да яе дыяметра. У лічбавым выразе “Пі” пачынаецца як 3,141592 і мае бясконцую матэматычную працягласць.

Упершыню Дзень быў адзначаны ў 1988 годзе ў навукова-папулярным музеі “Эксплораторыум” у Сан-Францыска, бо дата 14.03 – гэта ў амерыканскім запісе 3/14, што супадае з  першымі разрадамі ліку “Пі” = 3,14…

Да свята, якое было прызнана амерыканскім кангрэсам, паступова далучыліся фізікі і матэматыкі з усяго свету. У гэты дзень праводзяцца мерапрыемствы, якія накіраваныя на павышэнне цікавасці да матэматыкі.

У англійскай мове словы pie (пірог) і pi (лік π) гучаць аднолькава, таму прыгатаванне і паяданне пірагоў стала вясёлай часткай свята.

“Пі”
Помнік ліку “Пі” у Сіэтле, на прыступках перад будынкам Музея мастацтваў

Аўдоцця-вясноўка і Гуканне вясны (народны каляндар). Новы год паводле сакавіцкага каляндарнага стылю – непрацоўны дзень.

На Аўдокі голы бокі.

Калі Аўдоцця чырвоная – і вясна чырвоная.

На Аўдоццю цёплы вецер – будзе лета цёплае і мокрае.

Калі Аўдоцця з дажджом – быць лету мокраму.

1167 год. Памёр Расціслаў Мсціславіч (1100/1110-1167).

Князь смаленскі (1125-1159), вялікі князь кіеўскі (1154, 1159-1167), заснавальнік дынастыі смаленскіх князёў, горада Мсціслава (1136).

У гады яго княжання Смаленскае княства дасягнула росквіту і ахапіла тэрыторыі Верхняга Падняпроўя з Копыссю, Лучынам, Басеяй, Мірачыцамі, Вітрына, Прупоем, Крэчутам і Верхняга Паволжа, падпарадкаваў сабе радзімічаў. 

У 1158 годзе аказаў дапамогу полацкаму князю Рагвалоду Барысавічу ў барацьбе за полацкі сталец і падтрымліваў яго пазней.

Прылічаны да ўгоднікаў божых і ўваходзіць у Сабор беларускіх святых. Дзень святкавання памяці Расціслава Мсціславіча 14 (27) сакавіка.

Расціслаў Мсціславіч

1633 год. Кароль Уладзіслаў IV Ваза афіцыйна прызнаў Праваслаўную царкву на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. 

Яго прывілеем зацверджана праваслаўная епархія з цэнтрам у Магілёве, якая была выдзелена са складу Полацкай епархіі (створана ў 992 годзе) 11 лістапада 1632 года як Аршанская, Мсціслаўская і Магілёўская. 

Ліквідавана ў 1937 годзе, аднаўлялася пры немцах у 1943, зачынялася пры М. Хрушчове, адноўлена 6 ліпеня 1989 года. 

24 снежня 2004 года з яе складу выдзелена самастойная Бабруйская і Быхаўская епархія. 

Уладзіслаў IV Ваза

1708 год. У Магілёўскі замак з пышнай світай дэлегацыі ад саюзнай дзяржавы ў вайне са Швецыяй прыбыў першы саветнік Пятра I князь Аляксандр Меньшыкаў. 

А 8 верасня 1708 года праваслаўны і саюзны Магілёў будзе спалены прадстаўнікамі “дружалюбных рускіх войскаў” і “рускага праваслаўнага свету”.

1708 год

1850 год. Вядомы французскі пісьменнік Анарэ дэ Бальзак за 5 месяцаў да сваёй смерці абвянчаўся ў Бердзічаве (цяпер Жытомірская вобласць Украіны) з графіняй Эвелінай Ганскай (народжанай Ржавускай).

52-гадовая ўдава паходзіла са старажытнага ваяўнічага польскага роду. Адным са сведкаў быў граф Георг Мнішак, які быў у сваяцтве з “хуткацечнай” рускай царыцай Марынай Мнішак – жонкай Лжеідзмітрыя І, Лжэдзмітрыя ІІ, з уладальнікам Крычава Ежы Мнішак.

Пасля цырымоніі Бальзак заявіў Эве: “Ура! Я зрабіў тое, чаго не змог Банапарт!.. У тваёй асобе я пакарыў Расію”.

Анарэ дэ Бальзак

1920 год.  Пачалося будаўніцтва Шухаўскай вежы на Шабалаўцы ў Маскве.

Наватарская для XX стагоддзя гіпербалоідная канструкцыя, выкананая ў выглядзе апорнай сталёвай сеткаватай абалонкі. Пабудавана да 1922 года па праекце акадэміка У. Шухава.

Усяго ў свеце пабудавана 11 металічных гіпербалоідных канструкцый. Цікава, што чатыры з іх былі пабудаваны на Беларусі, захаваліся дзве: ваданапорныя вежы ў Барысаве і на чыгуначнай станцыі Коханава Талачынскага раёна. Апошняй, што пабудавана ў 1929 годзе, нададзены статус нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці рэгіянальнага значэння.

Шухаўская вежа

1931 год. Нарадзіўся Павел Місько.

Беларускі пісьменнік, празаік, паэт, публіцыст.

Працаваў у розных газетах, у тым ліку «Звязда», «Літаратура і мастацтва», часопісе «Полымя», у выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Аўтар апавяданняў, зборнікаў апавяданняў і аповесцей, сатыры і гумару, вершаў, кніг нарысаў, раманаў, у тым ліку «Мора Герадота», рамана ў вершах, аднаактовых п’ес, вершаў, прыгодніцкіх кніг і кніг фантастыкі для дзяцей.

Яго творчасці ўласцівыя ўвага да бытавой стыхіі народнага жыцця, шчырыя адносіны да чалавека працы, жывое шматфарбнае народнае слова.

Пераклаў на беларускую мову паэму М. Гогаля «Мёртвыя душы», казку П. Яршова «Канёк-гарбунок», паасобныя творы У. Цендракова, У. Лічуціна, Я. Носава, В. Бялова, К. Чукоўскага, перакладаў таксама з украінскай, польскай і балгарскай моў.

Памёр 9 чэрвеня 2011 года.

Павел Місько

1938 год. Нарадзіўся Мікалай Цішачкін.

Беларускі акцёр. Заслужаны артыст Беларусі.

Усё жыццё служыў у Беларускім тэатры імя Якуба Коласа.

Выконваў вострахарактарныя ролі, якія вызначаліся выразным пластычным малюнкам. Іграў у спектаклях «Несцерка» В. Вольскага, «Зацюканы апостал» А. Макаёнка), «Вайна пад стрэхамі» паводле А. Адамовіча, па творах А. Астроўскага, Ф. Дастаеўскага, А. Чэхава, Н. Думбадзе, К. Гальдоні, У. Караткевіча, У. Шэкспіра і іншых.

Памёр 30 красавіка 1993 года.

Мікалай Цішачкін

1943 год. У Празе памёр Васіль Захарка (1877-1943).

Прэзідэнт БНР (1928-1943).

Выкладаў у царкоўнапрыходскай школе, у 1898-1917 гадах быў на ваеннай службе. Член БСГ, адзін з арганізатараў з’езду беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту (1917), сакратар Цэнтральнай беларускай ваеннай рады, член Вялікай беларускай рады. Удзельнік І Усебеларускага з’езда, займаў міністрэрскія пасады ў розных урадах БНР. Арыштоўваўся бальшавікамі (1918).

Сябра Гродзенскага Беларускага нацыянальнага камітэта, клубу «Беларуская хатка».

Выступаў за адзінства беларускіх зямель, не прызнаў Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адражэння Беларусі.

Жыў на эміграцыі ў Чэхаславакіі, збіраў архіў БНР, далучыў да гэтай справы Л. Геніюш. Аўтар прац «Галоўныя моманты беларускага руху», «Беларусь – роль і значэнне на ўсходзе Еўропы».

Пахаваны на Альшанскіх могілках.

Васіль Захарка

1954 год. Памёр у харвацкім Дуброўніку Людамір Рагоўскі (1881-1954).

Польскі кампазітар і дырыжор.

Вучыўся музыцы ў Варшаве, Лейпцыгу, Мюнхене, Рыме і Парыжы.

У 1909-1912 гадах кіраваў віленскім сімфанічным аркестрам, выкладаў у школе арганістаў, быў музычным крытыкам газеты «Літоўскі кур’ер».

Захапляўся беларускім фальклорам, сябраваў з Янкам Купалам, І. Луцкевічам і А. Уласавым. Паклаў на музыку верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?».

Кіраваў хорам у Беларускім музычна-драматычным гуртку, ствараў музычнае афармленне да спектакляў трупы І. Буйніцкага, склаў «Беларускі песеннік з нотамі для народных і школьных хароў», які прапагандаваў беларускія нацыянальныя песні. Напісаў сімфанічную «Беларускую рапсодыю» для малога аркестра «Беларускі пейзаж». Адбіткі беларускага фальклору адчуваюцца і ў сімфанічным творы «Аблокі».

Напісаў 7 сімфоній, 7 опер, 3 балеты, у тым ліку «Купала», шэраг сімфанічных паэм, аркестравых сюіт, камерных і харавых твораў, кантаты і квартэты, музыку да спектакляў.

Падарыў музычныя інструменты ў калекцыю І. Луцкевіча, якая стала пазней асновай для Беларускага музея ў Вільні.

Людамір Рагоўскі

1976 год. Памёр Віктар Заўрыеў (1908–1976).

Беларускі географ, падарожнік, педагог, прафесар, доктар геаграфічных навук, стваральнік і загадчык кафедры фізічнай геаграфіі замежных краін БДУ.

Вывучаў Урал, Сібір, Каўказ, Іран, В’етнам, Беларусь. 

Даследчык праблем Палесся, дынамікі палескіх азёр. 

З  яго імем звязана станаўленне лабараторыі возеразнаўства, кафедраў агульнага землязнаўства, геадэзіі і картаграфіі. 

Чытаў лекцыі ў розных універсітэтах СССР, Сафійскім, Белградскім, Кракаўскім. Пад яго кіраўніцтвам абаронена больш за 20 кандыдацкіх дысертацый.

Віктар Заўрыеў

1992 год. Пачатак актыўных баявых дзеянняў урадавых войск Малдовы супраць сепаратыстаў з Прыднястроўя. 

Прыднястроўе, Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка (ПМР) – непрызнанае міжнароднай супольнасцю дзяржаўнае ўтварэнне на тэрыторыі усходняй Малдовы. Мяжуе з Украінай. Сталіца – Ціраспаль. Нацыянальны склад насельніцтва: малдаване 34%, рускія – 28%, украінцы – 26%. Сепаратысцкая рэспубліка – ачаг нестабільнасці ў рэгіне, яе актыўна падтрымлівае Масква.

2 верасня 1990 года Ціраспаль абвясціў незалежнасць ПМР ад Малдовы. Урад Малдовы не прызнаў гэтага рашэння і накіраваў у рэгіен паліцыю. Пачаліся сутыкненні паміж паліцыяй і прыднястроўскімі апалчэнцамі, якія перараслі 2 сакавіка 1992 года ў канфлікт, 14 сакавіка – у баявыя дзеянні, якія працягваліся да 21 ліпеня 1992 года. З абодвух бакоў загінула каля 2000 чалавек.

Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка

2006 год. Адкрыццё Палескага драматычнага тэатра ў Пінску.

29-ы прафесійны тэатр дзяржаўнага падпарадкавання ў краіне. 

Вытокі тэатра сыходзяць у 1939 год, калі быў створаны Палескі абласны драматычны тэатр. У 1949-1954 гадах працаваў як Пінскі абласны драмтэатр.

У 1954 годзе тэатр пераехаў у Магілёў, а будынак перадалі гарадскому дому культуры, і ў яго сценах працавала самадзейная тэатральная трупа.

Тэатр размяшчаецца ў былым будынку кінематографа «Казіно», помніку архітэктуры XIX стагоддзя. Тэатр працуе пяць дзён на тыдзень.

драмтэатр

2020 год. Памёр Ігар Есьман (1932-2020).

Беларускі архітэктар, дызайнер, вынаходнік. Член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі архітэктуры, Беларускай акадэміі архітэктуры.

Працаваў у інстытутах будаўніцтва і архітэктуры АН БССР, «Мінскпраект», дырэктарам Творчай майстэрні, у «Мэта-Інтэрнэшнл».

Сярод яго галоўных работ у Мінску – карпусы інстытутаў замежных моў, політэхнічнага, педагагічнага, народнай гаспадаркі, студэнцкіх інтэрнатаў, дашкольныя установы, жылыя дамы, вяслярная станцыя на Заслаўскім вадасховішчы, турысцкая гасцініца, станцыя метро «Пушкінская».

Ігар Есьман

Дзень у гісторыі. 11 сакавіка. Тэракт у Мадрыдзе

Еўрапейскі дзень памяці ахвяр тэрарызму.

У памяць аб тэрактах у Мадрыдзе 11 сакавіка 2004 года.

За 2 дні да выбараў у іспанскі парламент у мадрыдскіх электрычках узарваліся 10 бомб. 193 чалавекі загінулі, больш за 2 000 атрымалі раненні. 

Міжнародная тэрарыстычная арганізацыя “Аль-Каіда” з дапамогай відэазапісу апавясціла свет аб тым, што гэтая акцыя, праведзеная ёю роўна праз 2,5 гады пасля падзей у ЗША 11 верасня 2001 года, з’яўляецца помстай за ўдзел іспанскіх ваенных у аперацыях ЗША ў Іраку і Афганістане. 

Тэракт паўплываў на зыход  выбараў і прымусіў іспанцаў сысці з Ірака. 

тэракт у Мадрыдзе

106 год. Цай Лунь атрымлівае паперу з валокнаў бамбука.

Да яго паперу ў Кітаі рабілі з пянькі, а яшчэ раней з шоўку, які выраблялі з сапсаваных коканаў шаўкапрада. Цай Лунь раструшчыў валакно шаўкоўніцы, драўняны попел, анучы і пяньку. Усё гэта ён змяшаў з вадой і атрыманую масу выклаў на форму – драўляную раму і сіта з бамбука. Пасля сушкі на сонцы, ён гэтую масу разгладзіў з дапамогай камянёў. У выніку атрымаліся трывалыя аркушы паперы.

Пасля вынаходства Цай Луня, працэс вытворчасці паперы стаў хутка ўдасканальвацца. Сталі дадаваць для падвышэння трываласці крухмал, клей, натуральныя фарбавальнікі.

Цай Лунь

1401 год.  У Радаме каронная рада зацвердзіла Віленска-Радамскую унію.

Перамовы па Уніі пачаліся ў снежні 1400 года ў Гродна. Унія была падпісаная ў трох асобніках: першы акт падпісаны Ягайлам, другі Вітаўтам і літоўскай шляхтай 18 студзеня 1401 года ў Вільні. Віленскую дамову пацвердзілі ў Радаме.

Унія ў пэўнай ступені зняла спрэчкі паміж Ягайлам і Вітаўтам за ўладу. 

Ва ўмовах уніі ВКЛ заставалася самастойнай дзяржавай у саюзе з Польшчай. Пажыццёва перадавала кіраўніцтва ВКЛ вялікаму князю Вітаўту з захаваннем вярхоўнай улады Ягайлы. Пасля смерці Вітаўта ўлада пераходзіла да Ягайлы ці яго законных нашчадкаў.

Бакі дамовіліся пра супольны саюз для ўзаемнай абароны, што дазволіла Вітаўту зладзіць наступ супраць крыжакоў. 

У канчатковым выніку супольныя дзеянні літоўска-польскага хаўрусу дазволілі атрымаць вырашальную перамогу над Тэўтонскім Ордэнам у Грунвальдскай бітве.

Віленска-Радамская унія
Войцех Герсан. Кейстут і Вітаўт у палоне ў Ягайлы

1669 год. Пачалося вывяржэнне вулкана Этна на італьянскай Сіцыліі. Працягвалася да ліпеня.

Рэкі расплаўленай лавы пахавалі 50 гарадоў, загінула ад 20 да 100 тысяч чалавек.

Мясцовыя жыхары называюць вулкан  «Монгібела» –  «Гара гор». Этна сапраўды ўзрушае сваімі памерамі: плошча 120 квадратных кіламетраў, а акружнасць вулкана складае 200 кіламетраў.

Пры вывяржэнні ў 1964 годзе Этна вырасла яшчэ на 50 м і зараз яе вышыня складае 3350 м. Масіў налічвае 270 кратараў, і лава выплюхваецца з расколін глыбінёй у адзін кіламетр. Гэтаму вулкану належыць першынство па колькасці вядомых чалавеку вывяржэнняў. З часоў хрысціянскага летазлічэння адбылося 150 магутных вывяржэнняў Этны.

вывяржэнне вулкана Этна

1827 год. Нарадзіўся Каятан Крашэўскі.

Ураджэнец Беларусі, польскі пісьменнік, кампазітар, астраном-аматар. Брат пісьменніка Ю. Крашэўскага.

Скончыў Свіслацкую гімназію.

Аўтар гістарычных аповесцей, абразкоў і мемуараў, падзеі якіх адбываюцца пераважна на Беларусі, а таксама камедый, вершаў, гавэндаў.

Пісаў музыку: канцэрты, санаты, мініяцюры для фартэпіяна.

Меў бібліятэку з 10 000 тамоў, у тым ліку зборы Сапегаў. Заснавальнік прыватнай астранамічнай абсерваторыі.

Памёр 1 ліпеня 1896 года.

Каятан Крашэўскі

1872 год. Памёр Плацыд Янкоўскі (1810-1872).

Беларускі пісьменнік і перакладчык, публіцыст, уніяцкі і праваслаўны святар.

Валодаў 10 мовамі. З сялянамі размаўляў на беларускай мове. 

Аўтар аповесцей, апавяданняў, гумарэсак, краязнаўчых, біяграфічных нарысаў, якія былі папулярнымі ў Беларусі і Літве. Выдаў больш дзесяці кніг прозы на польскай мове. Пераклаў на польскую мову асобныя творы Шэкспіра, Гётэ і іншых. 

У «Літоўскіх епархіяльных ведамасцях» з 1864 года друкаваў апавяданні, нарысы, жыццяпісы, успаміны.

У 2006 годзе ў Беларусі ўпершыню выдадзены яго «Записки сельского священника», дзе сабраныя нарысы і ўспаміны з апошняга перыяду жыцця.

Плацыд Янкоўскі

1887 год. Нарадзіўся Алесь Гарун (Прушынскі).

Беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, грамадскі дзеяч. Віцэ-старшыня Усебеларускага з’езда 1917 года, сустваральнік БНР, рэдактар газеты «Беларускі шлях», адзін са стваральнікаў беларускай нацыянальнай арміі.

У 1907 годзе быў арыштаваны за антыўрадавую дзейнасць, асуджаны на ссылку і пажыццёвае пасяленне ў Сібіры. Працаваў у Іркуцкай губерні, на баржы на рацэ Лене, на залатых прыісках у Якуціі.

Публікаваўся ў газеце «Наша ніва». Аўтар  вершаў, паэм, паэтычных водгукаў на вершы сучаснікаў, зборніка «Матчын дар», які з’яўляецца адным з найвыдатнейшых паэтычных дасягненняў ХХ стагоддзя.

У гонар паэта ў Фрунзенскім раёне Мінска названа вуліца.

Памёр у Кракаве па дарозе на курорт Закапанэ 28 ліпеня 1920 года.

Алесь Гарун

1899 год. Нарадзілася Вольга Галіна (па  мужу Александроўская, дзявочае Грудзінская).

Беларуская актрыса. Народная артыстка.

У 1923-1962 гадах служыла актрысай ў купалаўскім тэатры, пачынала працаваць пад кіраўніцтвам Е. Міровіча. У 1948-1963 гадах выкладала ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Іграла ў пастаноўках па творах І. Папова, А. Астроўскага, М. Горкага, А. Чэхава, Я. Рамановіча, Лопэ дэ Вэга, У. Шэкспіра, Л. Талстога і іншых.

Выступала ў перыядычным друку з успамінамі пра дзеячаў беларускага тэатра, з рэцэнзіямі на спектаклі, артыкуламі-разважаннямі пра сутнасць акцёрскага майстэрства.

Памерла 4 снежня 1980 года.

Вольга Галіна

1903 год. Нарадзіўся Тодар Кляшторны.

Беларускі паэт.

Працаваў на радыё, у рэдакцыях беларускіх газет і часопісаў. Быў сябрам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша», БелАПП.

Выдаў 5 зборнікаў паэзіі, многіх паэм. Аўтар інтымнай, пейзажнай, філасофска-медытацыйнай лірыкі, вершаў песеннага складу, вершаў-зваротаў, вершаў-пасланняў, твораў публіцыстычнай скіраванасці, баек, пародый, эпіграм, апавяданняў.

Пераклаў на беларускую мову пятую частку «Прыгод удалага ваякі Швейка» К. Ванека, асобных твораў П.  Тычыны, В.  Брусава, І. Харыка, А. Кутатэлі, М. Асеева, У. Маякоўскага і іншых.

Яго творы перакладаліся на літоўскую, рускую і ўкраінскую мовы. На яго вершы І. Іваноў і М.Равенскі напісалі песні.

Арыштаваны НКУС у лістападзе 1936 года, асуджаны 29 кастрычніка 1937 года да вышэйшай меры пакарання і расстраляны ў тую ж ноч.

Імя паэта носіць вуліца ў в. Камень на Лепельшчыне. У вясковым Доме культуры дзейнічае бібліятэка-музей Т. Кляшторнага.

Тодар Кляшторны

1911 год. Нарадзіўся Леў Гарошка.

Беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч, грэка-каталіцкі святар, архімандрыт, даследчык гісторыі рэлігіі і царквы ў Беларусі, беларускай культуры, літаратар і педагог. 

Арганізатар беларускага душпастырства ў Берліне і Мюнхене. Рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі, Вялікабрытаніі. Выдавец малітоўніка «Божым шляхам», часопіса «Божым шляхам». Кіраўнік Беларускай секцыі радыё Ватыкана.

Памёр 28 ліпеня 1977 года ў шпіталі ў Парыжы ў выніку няўдалай хірургічнай аперацыі. Пахаваны на могілках Святога Панкрата ў Лондане.

Яго багаты архіў захоўваецца ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане. На думку гісторыка С. Абламейкі, спадчына Льва Гарошкі “змяшчае на сваіх старонках дзясяткі не выдадзеных тамоў каштоўнай рэлігійнай літаратуры, дзясяткі тамоў якасных навукова-гістарычных прац, абсалютная большасць з якіх так і засталіся невядомыя на Бацькаўшчыне”.

Леў Гарошка

1911 год. У г. Ліда нарадзіўся Аркадзь Мігдал.

Савецкі фізік-тэарэтык, акадэмік АН СССР.

Вучыўся у Ленінградскім ўніверсітэце, адкуль яго выгналі ў 1931 годзе за «непралетарскае паходжанне». У 1933 годзе быў арыштаваны, сядзеў у вязьніцы.

З канца 1930-х гадоў вывучаў праблемы ўзаемадзеяння нейтронаў з атамамі. У выніку ім быў развіты арыгінальны метад «устрэсвання», які прынёс аўтару заслужаную вядомасць.

Працаваў у Інстытуце фізічных праблем АН СССР, прафесарам Маскоўскага інжынерна-фізічнага інстытута, у Інстытуце атамнай энергіі, Інстытуце тэарытычнай фізікі. У 1947 годзе быў апанентам на абароне кандыдацкай дысертацыі А. Сахаравым.

Заснавальнік новых кірункаў у ядзернай фізіцы і фізіцы металаў. Даследаваў праблему палярызацыі і вакууму ў моцных магнітных палях.

У навуковы ўжытак увайшлі такія азначэнні, як асаблівасць Мігдала-Кона, скачок Мігдала, канстанта Мігдала.

Памёр у ЗША 9 лютага 1991 года.

Аркадзь Мігдал

1913 год. Памёр ураджэнец Беларусі Андрэй Вількіцкі (1858-1913).

Рускі гідрограф, геадэзіст, палярны даследчык, генерал корпуса гідрографаў, начальнік Галоўнага Гідраграфічнага ўпраўлення. 

З’яўляецца адным з найбольш паважаных спецыялістаў у асяроддзі ваенных гідрографаў.

Яго імем названыя мыс, ледавік, гара і заліў на архіпелагу Новая Зямля, востраў і астравы Вількіцкага ў Карскім і астравы ва Усходне-Сібірскім морах, праліў.

У Пецярбургу ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

Андрэй Вількіцкі

1934 год. Нарадзіўся ў Пінску Яўген Гвоздзеў. 

Самы вядомы адзіночны коласветчык з Беларусі, падарожнік і мараплаўца.

Пасля сканчэння мараходнай вучэльні ў Астрахані, плаваў суднавым механікам на буйных рыбалавецкіх судах Каспія. Займаўся ветразным спортам. Сам будаваў свае яхты.

Як яхтсмен перасёк Каспій у адзіночных і калектыўных паходах больш за 50 разоў.

Быў у двух коласветных падарожжах (1992-1996 – першае і адзінае ў гісторыі адзіночных кругасветак плаванне на звычайным шпацырным швертбоце; 1999-2003).

У трэцяе падарожжа вакол Зямлі 74-гадовы мораплавец адправіўся з Наварасійска 19 верасня 2008 года. Перасёк Чорнае мора, Басфор, дасягнуў Італьянскага берага і 30 лістапада апошні раз выйшаў на сувязь.

10 снежня 2008 года цела нашага земляка з глыбокай ранай на галаве было знойдзена на пляжы Кастэльпарцыяна на поўдні Італіі.

Яўген Гвоздзеў

1938 год. Расстраляны ў ГУЛАГу айцец Іаан (Іван Пашын, 1881-1938).

Беларускі праваслаўны дзеяч, архіерэй, свяшчэннамучанік, епіскап Тураўскі (1923-1926), Рыльскі (1929-1933).

Беларус. Нарадзіўся ў сям’і праваслаўнага святара. Маці паходзіла са старадаўняга беларускага святарскага роду Завітневічаў.

Скончыў Слуцкае духоўнае вучылішча, Мінскую духоўную семінарыю. Служыў у цэрквах і настаўнічаў  у царкоўна-прыходскіх школах Гомельшчыны, Міншчыны

Арыштоўваўся НКУС у 1926, 1932 гадах, высылаўся ў Сібір, Комі АССР.

Расстраляны па абвінавачванню ў правядзенні «антысавецкай агітацыі сярод зняволеных».

У 2004 годзе Сінодам БПЦ далучаны да Сабора беларускіх святых.  Абраз з выявай святога знаходзіцца ў гродзенскім Пакроўскім саборы (на фота).

айцец Іаан

1941 год. Памёр у ГУЛАГу Аляксандр Уласаў (1874-1941).

Беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч, выдавец, публіцыст, рэдактар-выдавец газеты «Наша ніва», польскі сенатар.

Прыцягнуў да супрацы ў “Нашай Ніве” Я. Коласа, Я. Купалу, З. Бядулю, Ядвігіна Ш. Член Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Меў багатую бібліятэку, шмат архіўных матэрыялаў пра «нашаніўскі» перыяд, нацыянальную асвету ў Заходняй Беларусі. 

Яго рукапісная спадчына зберагаецца ў Літаратурным музеі Я. Купалы, цэнтральных навуковых бібліятэках акадэмій навук Беларусі, Літвы.

Арганізатар і адзін з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы. Пад яго апякунствам дзейнічала Радашковіцкая беларуская гімназія імя Ф. Скарыны.

У верасні 1939 года вітаў далучэнне Заходняй Беларусі да БССР, выказваўся за адкрыццё беларускай школы ў Радашковічах, а праз месяц арыштаваны НКУС, утрымліваўся ў вілейскай турме. 

У лістападзе 1940 года асуджаны на 5 гадоў зняволення ў сібірскіх лагерах.

Аляксандр Уласаў

1966 год. У Бабруйску нарадзіўся археолаг і архівіст Зміцер Яцкевіч.

Беларускі гісторык, археограф, архівіст. Даследуе гісторыю і культуру гарадоў Беларусі XVI-XVIII стагоддзяў, праблемы магдэбургскага права, дарэвалюцыйную гісторыю архіваў, праблемы археаграфіі, генеалогіі, геральдыкі, палеаграфіі.

Займаўся раскопкамі Магілёва. У 2012 годзе спрычыніўся да вяртання ў Беларусь арыгінальнага экзэмпляра Статута ВКЛ на старабеларускай мове (зараз захоўваецца ў Музеі гісторыі Магілёва).

Зміцер Яцкевіч

1996 год. Памёр ураджэнец Бабруйска Леанід Марчанка (1941-1996).

Беларускі мастак-графік.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут

Майстар беларускай пейзажнай графікі, паслядоўнікам ідэй нацыянальнага рамантызму.

Яго афорты, літаграфіі –  характарыстыкі кожнай істотнай дэталі  раслін, нябеснай прасторы, воднай плыні. Ён шматпланава адлюстроўваў прасторы роднага краю.

Творы мастака знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музею, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, маскоўскага Цэнтральнага Дома мастака, Музея сучаснага мастацтва ў Кёльне, Музеі імпрэсіянізму ў Германіі, прыватных зборах.

Леанід Марчанка
OLYMPUS DIGITAL CAMERA

 

2011 год. Наймацнейшае ў гісторыі Японіі землетрасенне магнітудай 9,1.

Катаклізм выклікаў цунамі і аварыю на АЭС Фукусіма I, затапленне аэрапорта Сендай.

Тры працуючых энергаблока былі спынены дзеяннем аварыйнай абароны, усе аварыйныя сістэмы спрацавалі ў штатным рэжыме. Але,  на наступны дзень, на АЭС адбыўся выбух. Узровень радыяцыі каля станцыі перавысіў норму ў 20 разоў. Як і аварыі на Чарнобыльскай АЭС прысвоены 7, вышэйшы, узровень тэхнагеннай аварыі.

Наступнае землетрасенне на ўзбярэжжы прэфектуры Фукусіма магнітудай 7,3 адбылося праз 11 гадоў – 16 сакавіка 2022 года. Вучоныя лічаць гэты катаклізм афтэршокам землетрасення 2011 года. У выніку цунамі загінула 4 чалавека, 225 паранены.

Прычыны землетрасенняў – зрухі літасферных пліт.

Фукусіма I

Дзень у гісторыі. 15 лютага. Вывад савецкіх войск з Афганістана

Сусветны дзень дзяцей, хворых на рак (International Childhood Cancer Day, з 2001 года). 

Устаноўлены з ініцыятывы Сусветнай канфедэрацыі бацькоў дзяцей, хворых на рак (ICCCPO). Праводзіцца пад патранатам Міжнароднага таварыства дзіцячых анколагаў. 

Паводле медыцынскай статыстыкі, штогод у свеце каля 200 000 дзяцей захворваюць на рак, палова з іх памірае. Залогам паспяховага лячэння анкалагічных захворванняў лічыцца своечасовая дыягностыка. Калі хвароба выяўляецца на першай або другой стадыях, лячэнне часцяком вядзе да спрыяльнага сыходу. Аднак 10% выпадкаў выяўляецца толькі на трэцяй стадыі, а ў 8% дзяцей яго дыягнастуюць толькі на чацвёртай стадыі. Дзяцей часцей за ўсё паражае лейкемія, або рак крыві. 

У развітых краінах, дзе медыкі маюць неабходнае дыягнастычнае абсталяванне, у цяперашні час перамагаюць хваробу трое з чатырох дзяцей. У краінах трэцяга свету сітуацыя супрацьлеглая.

лейкемія

Стрэчанне Гасподне. Прынясенне ў Іерусалімскі храм немаўля Ісуса Хрыста (у праваслаўных хрысціян). 

Прыняслі яго бацькі на 40-ы дзень пасля Калядаў і на 32-і дзень пасля Абразання. У  храме Святое сямейства сустрэў Сімяон Багапрыімец.

У хрысціянстве свята з’явілася ў VI стагоддзі і трактуюцца як своеасаблівая повязь Старога Запавету з Новым. Усталявана ў памяць аб сустрэчы («стрэчанне») немаўляці Ісуса Хрыста (носьбіта Новага запавету) з прадстаўнікамі Старога Запавету старцам Сімяонам і Ганнай-прарочыцай.

Сімяон чакаў прышэсця Збавіцеля, бо яму было прадказана, што ён не памрэ, пакуль не ўбачыць Хрыста Госпада. Сімяон чакаў сустрэчы 300 гадоў. 

Срэчанне Гасподне

1563 год. Полацк захоплены пасля аблогі маскоўскімі войскамі Івана Жахлівага пад час Лівонскай вайны. 

Аблога цягнулася з 1 лютага. Маскавітаў было ад 31 000 да 150 000 войска і 200 асадных гармат. Полацкі гарнізон меў толькі 2 000 салдат ВКЛ, 400 польскіх наемнікаў і нямецкую роту, 38 гармат. Выбар Полацка для нападу, цалкам відавочны. Полацак у XVI стагоддзі быў найбуйным і найбагатым горадам Вялікага княства Літоўскага, з насельніцтвам ледзь не 100 000 чалавек. Тут рускае войска магло разлічваць на велізарную здабычу. Акрамя таго, узяцце Полацка давала цэлы шэраг тактычных пераваг. Пры ўсталяванні кантролю над Полацкам і цягам Заходняй Дзвіны Руская дзяржава атрымала б магчымасць для прамых зносін з Лівоніяй са Смаленска, адкрыла шлях на Вільню. Полацак спрадвеку лічыўся Рурыкавічамі адной са сваіх галоўных вотчын.

Іван IV любіў апрануць свае палітычныя і ваенныя акцыі ў форму святой вайны супраць ворагаў веры і царквы. У паход ён узяў са сваёй казны крыж Св. Еўфрасінні Полацкай, каб вярнуць яго ў Спаскі манастыр.

У выніку захопу Полацка 15 лютага 1563 года Іван Жахлівы спаліў горад і зраўняў з зямлёй, загадаў без шкадавання засекчы болей за 20 000 гараджан, пагнаць у Маскву больш як 60 000, а кабет і дзяўчат распрануць і так – голымі і звязанымі – весці. Манахаў-бернардынаў закатаваць, “жыдоў хрысціць або патапіць у Дзвіне”.

аблога Полацка

1857 год. Памёр Міхаіл Глінка. 

Рускі кампазітар, заснавальнік рускай класічнай музыкі. Яго прадзед, які паходзіў са старажытнага каталіцкага шляхецкага рода, пры захопу Смаленска рускімі ў 1654 годзе вымушаны быў прыняць маскоўскае падданства. 

Па выразу У. Стасава, Пушкін і Глінка “стварылі новую рускую мову – адзін у паэзіі, другі ў музыцы”.

Найбольш вядомыя творы: оперы «Жыццё за цара», «Руслан і Людміла», «Вальс-фантазія», скерца для аркестра «Камарынская».

Апошнія гады жыцця правеў у Іспаніі, Аўстрыі і Германіі.

Памёр у Берліне, перапахаваны ў Пецярбурзе.

У 1982 годзе ў радавой сядзібе кампазітара Наваспаскае ў Смаленскай вобласці адчынены Дом-музей М. Глінкі.

У Беларусі імя Глінкі носяць Мінскі музычны каледж, вуліцы ў Віцебску, Гомелі, Гродна, Бабруйску, завулак у Магілёве.

Міхаіл Глінка

1904 год. Нарадзілася Ларыса Александроўская

Беларуская оперная спявачка (сапрана), тэатральны рэжысёр, грамадскі дзеяч. Народная артыстка БССР (1938) і СССР (1940).

Скончыла Беларускі музычны тэхнікум, студыю оперы і балета. У 1919-1924 гадах – удзельніца арганізаванай ёю самадзейнай трупы пры Палітаддзеле Заходняга фронту, у 1927 годзе выконвала беларускія народныя песні на Міжнароднай музычнай выстаўцы ў Франкфурце-на-Майне, з 1933 года – артыстка Беларускага тэатра оперы і балета, яго галоўны рэжысёр (1951-1960).

Падчас вайны выступала ў складзе франтавых канцэртных брыгад, выступала на перадавой.

Адна з арганізатараў Беларускага тэатральнага аб’яднання і яго старшыня.

З поспехам выконвала партыі ў класічных і нацыянальных операх. Выступала як канцэртная спявачка, значнае месца ў рэпертуары займалі беларускія народныя песні.

Выступала ў шматлікіх замежных краінах.

Памерла 23 мая 1980 года.

 

 

Ларыса Александроўская

1912 год. Нарадзіўся Навум Перкін. 

Беларускі літаратуразнавец, крытык, празаік. Доктар філалагічных навук, прафесар Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа 

Працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы акадэміі навук.

Аўтар прац «Аркадзь Куляшоў: Паэтычная творчасць», «Творчасць Петруся Броўкі», «Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20-30-х гадоў: Праблемы сацыялістычнага рэалізму»,  «Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў літаратуры», «Пятро Глебка» і іншых.

Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры», «Истории советской многонациональной литературы», суаўтар падручніка «Беларуская савецкая літаратура» для 9-10 класаў.

Памёр 2 кастрычніка 1976 года.

Навум Перкін

1958 год. Памёр Язэп Рэшаць. 

Дзеяч беларускай эміграцыі, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, навуковец, пісьменнік, драматург і публіцыст. Доктар філасофіі і тэалогіі. Адзін з відных тэолагаў і вучоных у гісторыі беларускага хрысціянскага руху XX стагоддзя.

Прафесар Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі, Універсітэта Стэфана Баторыя, выкладчык Віленскай беларускай гімназіі,  Беластоцкай настаўніцкай семінарыі.

Прымаў удзел у заходнебеларускім нацыянальна-рэлігійным жыцці, дзеяч Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Супрацоўнічаў з каталіцкім перыядычным выданнем «Chryścijanskaja Dumka».

Вёў душпастырскую дзейнасць на Падляшшы.

У 1938 годзе выехаў у ЗША, уступіў у ордэн бенедыкцінцаў у абацтве Св. Пракопа каля Чыкага.

Аўтар многіх рэлігійных і навуковых кніг на беларускай мове, пьес (пад псеўданімам Язэп Рушчанец). Адзін з распарцоўшчыкаў статуту Лігі абароны правоў беларусаў-каталікоў.

Язэп Рэшаць

1959 год. У Полацку нарадзіўся Пятро Васючэнка. 

Беларускі літаратуразнавец, крытык, пісьменнік, драматург, казачнік і аўтар фэнтэзі. Кандыдат філалагічных навук.

Працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук, загадчыкам кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Аўтар і суаўтар літаратуразнаўчых манаграфій «Драматургія і час», «Драматургічная спадчына Янкі Купалы», «Пошукі страчанага дзяцінства», «Сучасная беларуская драматургія», «Беларуская літаратура ХХ стагоддзя і сімвалізм», папулярных нарысаў, шэрагу кніг прозы, паэзіі, экалагічнай казкі «Каляровая затока», зборніка п’ес. Папулярнасць у публікі здабылі яго творы пра прыгоды паноў Кубліцкага ды Заблоцкага.

Яго творы перакладзены на англійскую, балгарскую, нямецкую, польскую, рускую, славацкую і чэшскую мовы.

Пастаноўкі на яго творы рабіліся ў сталічным Тэатры юнага гледача, маладзечанскім Тэатры лялек і іншых тэатрах краіны.

Памёр 25 жніўня 2019 года.

Пятро Васючэнка

1970 год. Кампанія IBM прапанавала гнуткі магнітны дыск для захоўвання інфармацыі. 

Так з’явілася дыскета (Floppy disk) – партатыўная запамінальная прылада для шматразовага запісу і захоўвання дадзеных, прызначаных для апрацоўкі на камп’ютары.

Дыскеты былі асабліва шырока распаўсюджаны ў 1970-я – пачатку 2000-х гадоў. Гэта былі дыскеты памерам 8´´ (дзюймаў), 5,25´´, 4´´, 3,25´´, 3,5´´ (аб’ём 1,44 Мб), 3´´, 2,8´´, 3´´, 2,5´´, 2´´. Яны саступілі больш ёмкім і зручным CD, DVD і флэш-накапляльнікам.

Floppy disk

1975 год. Памёр Міхал Сапоцька. 

Каталіцкі святар, блаславёны. Заснавальнік Кангрэгацыі Сясцёр Міласэрнасці Ісуса Хрыста.

У Вільні служыў вайсковым капеланам і садзейнічаў адбудове касцёла Святога Ігнацыя, быў духоўным айцом Мітрапалітальнай духоўнай семінарыі, прафесарам Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, духоўнай семінарыі ў Беластоку, рэктарам касцёла Арханёла Міхала.

Аўтар духоўнага «Дзённіка» сястры Фаустыны.

Беатыфікаваны у 2008 годзе.

Міхал Сапоцька

1989 год. Завершаны вывад савецкіх войскаў з Афганістана. У Беларусі Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. 

9-гадовае вайсковае ўварванне СССР у Афганістан са снежня 1979 па люты 1989 года скончылася вывадам войска паводле Жэнэўскіх пагадненняў ад 14 красавіка 1988 года. Вывад войск цягнуўся з 15 мая 1988 года.

24 снежня 1979 года міністар абароны СССР Дз. Усцінаў зацвердзіў уварванне ў Афганістан. 25 снежня каля Кабула аб скалу разбіўся савецкі вайскова-транспартны самалёт Іл-76, у выніку чаго загінулі 47 вайскоўцаў 350-га парашутна-дэсантнага палка з п. Баравуха пад Полацкам са складу віцебскай 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі. 

А 19:30 654 савецкія вайскоўцы, апранутыя ў афганскую форму, пачалі ў Кабуле штурм Вялікага каралеўскага палаца, дзе застрэлілі старшыню ўрада краіны Хафізулу Аміна, яго 2 малалетных сыноў і каля 200 афганскіх вайскоўцаў.

У савецкім вайсковым уварванні ў Афганістан узялі ўдзел больш за 30 000 ураджэнцаў Беларусі (5% ад усіх вайскоўцаў), з якіх 723 (3%) загінулі, больш за 1,5 тысяч атрымалі раненні, кантузіі, 702 – вярнуліся інвалідамі, 12 прапалі бяз вестак.

вывад савецкіх войскаў з Афганістана

2013 год. Падзенне метэарыта на Урале, у раёне Чалябінска. 

Палёт баліда назіралі ў Свярдлоўскай, Курганскай і Цюменскай абласцях Расіі, у паўночных раёнах Казахстана. Метэарыт у 10 тон выбухнуў над Чалябінскам на вышыні 30-70 км прыкладна а 09:20 па мясцовым часе. Яго хуткасць пры падзенні складала да 70 кіламетраў у секунду.

З-за выбухнай хвалі пацярпелі каля 1 200 чалавек, былі пашкоджаны будынкі. Да гэтага, 11 лютага над тэрыторыяй Башкірыі таксама быў зафіксаваны пралёт буйнога баліда.

метэарыт на Урале

Дзень у гісторыі. 20 студзеня. Нарадзіўся першы рэктар Магілёўскага педінстытута. Ад голада памёр Еўдакім Раманаў

1801 год. Нарадзіўся Канут Русецкі. 

Беларуска-польска-літоўскі мастак. 

Прыхільнік францускай школы жывапісу. 

Займаўся аднаўленнем Віленскага кафедральнага сабора, кансервацыяй карцін у капліцы Святога Казіміра, маляваў для многіх касцёлаў абразы. Зрабіў замалёўкі пейзажаў Белавежскай пушчы, ваколіц Навагрудка, Ашмяншчыны. 

330 яго твораў захоўваецца ў Літоўскім мастацкім музеі і экспануецца ў Вільнюскай мастацкай галерэі, але значная частка твораў знікла. 

На знакамітай карціне, якая экспануецца ў мінскім доме-музеі Ваньковічаў, “Літоўка з вербамі” мастак адлюстраваў дзяўчыну ў беларускім нацыянальным строі з «пальмамі віленскімі» на фоне віленскага касцёла св. Міхала. 

Памёр 21 жніўня 1860 года.

Канут Русецкі

1887 год. У Новым Быхаве нарадзіўся Яўген Бычкоў. 

Беларускі педагог, выкладчык геаграфіі і гісторыі, другі дырэктар Магілёўскага настаўніцкага інстытута і першы рэктар Магілёўскага педінстытута. 

У 1921 годзе ўзначаліў барацьбу педкалектыву і студэнтаў за захаванне інстытута ў Магілёве за што быў арыштаваны, але адпушчаны, узначальваў інстытут да яго закрыцця ў 1923 годзе. 

Працаваў ў Магілёўскім педтэхнікуме, аддзеле кадраў Магілёўскай фабрыкі штучнага валакна, на рабфаку адноўленага ў 1930 годзе педінстытута. 

Арыштаваны ДПУ 3 верасня, расстраляны 4 лістапада 1937 года.

Фота: Партрэт Я. Бычкова магілёўскага мастака Зм. Пухоўскага (1966-2022)

1891 год. Нарадзіўся Фабіян Ярэміч. 

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч.

Старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні, дэлегат І Усебеларускага з’езда (1917), сябра прэзідыума Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, Рады БНР (1918).

Быў дэпутатам сейма Польшчы (1922-1935), старшынёй  Беларускага пасольскага клуба, лідарам Беларускага сялянскага саюза, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Выдаваў газету «Сялянская ніва» (1925-1930).

Удзельнік ІІ Усебеларускага кангрэса (1944). 

У 1945 годзе рэпрэсаваны і зняволены да 1956 года савецкімі ўладамі ў канцлагеры. Памёр 29 чэрвеня 1958 года.

Яўген Бычкоў

1892 год. Нарадзіўся Браніслаў Тарашкевіч. 

Беларускі мовазнавец, палітычны дзеяч, пісьменнік, перакладчык. Акадэмік АН Беларусі. 

Аўтар першай агульнапрынятай граматыкі беларускай мовы.

Адзін з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады. Працаваў у Пецярбургскім універсітэце, Мінскім настаўніцкім інстытуце, дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, у Беларускім пасольскім клубе.

Аўтар праекта аўтаноміі Беларусі. За грамадска-палітычную дзейнасць у Заходняй Беларусі пазнаў пераслед польскіх уладаў.

У верасні 1933 года быў абмяняны на вязня Салавецкага лагера, беларускага драматурга Ф. Аляхновіча. 

У СССР працаваў загадчыкам аддзела Польшчы і Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце ў Маскве. 

Даследчык грамат XII стагоддзя, гістарычнай граматыкі беларускай мовы. Аўтар першай «Беларускай граматыкі для школ» – галоўнага падручнікама па беларускай мове ў часы беларусізацыі 1920-х гадоў.

Пераклаў на беларускую мову «Іліяду» Гамера і «Пана Тадэвуша» А. Міцкевіча.

6 траўня 1937 года арыштаваны, 5 студзеня 1938 «двойкай» НКУС і Пракуратуры СССР прыгавораны да расстрэлу.  Даследчык Л. Маракоў мяркуе, што Тарашкевіч загінуў у часе катаванняў  29 лістапада 1938 года.

Імем вучонага названы вуліцы ў Маладзечне, Радашковічах, Мінску, ліцэй у польскім Бельску Падляскім. У Вільнюсе ўсталявана памятная дошка.

Тарашкевіч

1892 год. Нарадзіўся Рыгор Шырма. 

Беларускі харавы дырыжор, кампазітар, педагог, фалькларыст, грамадскі дзеяч, публіцыст, літаратуразнавец. Народны артыст БССР і СССР, Герой Сацыялістычнай Працы.

Аарганізатар беларускіх хораў у Пружанах, Вільні, Беластоку. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР (1939-1970). 

Сабраў больш за 2 000 беларускіх народных песень. 

Выдаў першыя зборнікі Міхася Васілька, Максіма Танка, Сяргея Крыўца. Прапагандаваў творчасць сваіх вучняў-гімназістаў Алеся Салагуба і Валянціна Таўлая.

Неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі, сядзеў у Лукішскай турме, у 1942 г. быў арыштаваны НКУС, сядзеў на Лубянцы. Вызвалены паводле хадайніцтва Якуба Коласа і П. Панамарэнкі і высланы ў Казахстан.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом» (1964). 

Па ўспамінах З. Пазняка, у сярэдзіне 1970-х, Шырма пагадзіўся падпісаць зварот да Л. Брэжнева ў абарону ад зруйнавання старога Мінска і руйнаванне спынілася.

Памёр 23 сакавіка 1978 года.

Рыгор Шырма

1919 год. Адкрыты Беларускі абласны музей у Мінску. 

З 2009 года – Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.

Размешчаны ў гістарычным будынку былога банка па вуліцы К. Маркса, 12. 

У яго фондах захоўваецца самая вялікая музейная калекцыя ў Беларусі — гэта каля 400 000 адзінак захоўвання. 

У структуру музея ўваходзяць 5 філіялаў: Музей гісторыі беларускага кіно, Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Дом-музей І з’езда РСДРП, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, Музей прыроды і экалогіі Беларусі.

Нацыянальны гістарычны

1922 год. У Стаўрапалі з голаду памёр Еўдакім Раманаў. 

Беларускі фалькларыст, этнограф, археолаг, прафесар, настаўнік, “чалавек-універсітэт”. 

Аўтар дадаткаў да слоўніка І. Насовіча, 15-ці томнага «Беларускага зборніка» – энцыклапедыі побыту, творчасці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. 

Пад яго рэдакцыяй выйшлі 3 выпускі «Магілёўскай даўніны», выпуск «Крыніц для гісторыі Магілёўскага краю» і іншыя працы. Склаў археалагічныя карты Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў, сабраў звесткі пра 1000 гарадзішчаў Беларусі. 

Сузаснавальнік Віцебскага, Магілёўскага, Віленскага этнаграфічных музеяў.

Імя вучонага носяць Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, бібліятэка і вуліца ў Гомелі, праводзяцца навуковыя раманаўскія чытанні. Усталяваны мемарыяльныя шыльды ў яго гонар у Магілёве на будынку абласнога краязнаўчага музе, у Гомелі на будынку бібліятэкі-філіяла №3.

Еўдакім Раманаў

1960 год. У БССР ліквідавана Маладзечанская вобласць. 

Заснавана 4 снежня 1939 года як Вілейская, 20 верасня 1944 года пераўтворана ў Маладзечанскую. 20 раёнаў вобласці перададзены ў тры іншыя вобласці. 

У Мінскую вобласць уключаны Вілейскі, Валожынскі, Івянецкі, Крывіцкі, Маладзечанскі, Мядзельскі, Радашковіцкі. У Віцебскую – Браслаўскі, Відзаўскі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Дунілавіцкі, Мёрскі, Пліскі, Пастаўскі, Шаркаўшчынскі. У Гродзенскую – Астравецкі, Ашмянскі, Смаргонскі, Юрацішскі. 

У краіне засталося 7 сучасных рэгіёнаў: Мінск і 6 абласцей – Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская.

Маладзечанская вобласць

1961 год. Нарадзіўся Сяргей Тарасаў. 

Беларускі археолаг, гісторык, пісьменнік. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

Працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, узначальваў аддзел археалогіі сярэдневяковага перыяду. Спецыяліст у пытаннях узнікнення і развіцця беларускіх гарадоў IX – XVIII стагоддзяў, прыняцця і распаўсюджання хрысціянства на Беларусі, спалучэння і ўзаемаадносін хрысціянства і паганства, узнікнення і развіцця культавага дойлідства XI – XIII стагоддзяў, пісьменнасці і эпіграфікі.

Даследаваў археалагічныя помнікі старажытнага Полацка, Мінска.

Суаўтар навуковай канцэпцыі музея гісторыі Мінска. Аўтар больш чым 50 навуковых прац, падручніка «Мая Радзіма – Беларусь» для 4-га класа школ, аўтар кніг для дзяцей і падлеткаў, суаўтар мастацкіх зборнікаў. 

У 1987 – 1999 гадах быў аўтарам і вядучым шэрага праграм Беларускага тэлебачання: «Крок», «Вецер вандраванняў», «Скарбы беларускай гісторыі», «Кола гадзіны», «Беларуская хата».

Аўтар сцэнарыяў мастацкіх і дакументальных фільмаў: «Иди и смотри», «Пастка для зубра. Вітаўт», «Пастка для зубра. Ягайла», «Да вас, сучаснікі мае», «Званы Сафіі», «Слава Оршы», «Буквар», «Замкі Беларусі», «Беларусь на крыжы вякоў» і іншых.

Сяргей Тарасаў

1970 год. Устаноўлена званне Ганаровы грамадзянін Магілёва. 

Рашэнне прынята Пятай сесіяй Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў.  Прысвойваецца за выбітны ўклад у развіццё і росквіт горада Магілёва. 

Першым Ганаровым грамадзянінам стала ў 1970 годзе Заслужаны настаўнік Лізавета Казлоўская. 

Усяго 31 ганаровы грамадзянін: удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – 12, прадстаўнікі адукацыі, культуры, спорта – 10, дзяржаўныя дзеячы – 4, прамыслоўцы і Героі Сацыялістычнай працы – 5.  

Новая Інструкцыя аб парядку прысваення звання “Ганаровы грамадзянін горада Магілёва” прынята рашэннем гарсавета 21 красавіка 2022 года.

Ганаровы грамадзянін

Дзень у гісторыі. 12 студзеня. Нарадзіўся Мулявін

1581 год. Пінск атрымаў герб «у чырвоным полі шчыта залаты лук са стралой і нацягнутай цецівой». 

Пінск – сталіца Палесся, тут знаходзяцца 44 значных гістарычна-культурных помніка і жыве 125 000 чалавек. Вядомы з 1097 года. Быў цэнтрам княства, вобласці (1939-1954), меў Магдэбурсгскае права. 

А. Блок параўноўваў яго з Кіцеж-градам. Тут заснавана першая ў Беларусі аптэка (1561). 

Буйны транспартны вузел, рачны порт. Працуюць важныя прамысловыя прадпрыемствы: адзіны ў Беларусі суднабудаўніча–суднарамонтны завод (тут пабудаваны цеплаход “Магілёў”), “Кузлітмаш”, “Амкадор-Пінск”, хімкамбінат, “Пінскдрэў” і іншыя. Дзейнічаюць Палескі драматычны тэатр, Музей Беларускага Палесся, Палескі ўніверсітэт, вышэйшая духоўная семінарыя імя Святога Тамаша Аквінскага. 

Радзіма Нобелеўскага лаўрэата Саймана Сміта (Сямёна Кузняца).

герб Пінска

1591 год.  Мінск атрымаў герб “небаўзяцце панны Марыі». 

Да 29 ліпеня 1939 года меў назву Менск. Вядомы з 1067 года. Сталіца Беларусі (з 8 студзеня 1919 года), двухмільённы горад, самы вялікі прамысловы, навуковы, культурна-грамадскі, спартыўна-турыстычны цэнтр краіны.

герб Мінска

1888 год. Нарадзіўся Язэп Каранеўскі. 

Беларускі дзяржаўны дзеяч, педагог, другі рэктар БДУ (1929-1931). Правадзейны сябра Інбелкульта.

Працаваў у Менскім настаўніцкім інстытуце, у грамадска-палітычнай арганізацыі «Маладая Беларусь», школьным інспектарам і выкладчыкам геаграфіі ў Менскай беларускай гімназіі, намеснікам наркама асветы, дырэктарам педтэхнікума. Займаўся арганізацыяй БДУ, праваднік масавай беларусізацыі.

У 1931 годзе пераехаў у Маскву. 15 ліпеня 1937 года арыштаваны НКУС і перавезены ў Менск. 28 кастрычніка прыгавораны да вышэйшай меры пакарання і на другі дзень  расстраляны.

Язэп Каранеўскі

1906 год. Нарадзіўся Язэп Малецкі. 

Беларускі грамадскі дзеяч, рэдактар і выдавец, урач.

Скончыў Віленскі ўніверсітэт. Прымаў удзел у беларускім культурным і нацыянальным руху. Пад час вайны працаваў у Віленскім беларускім камітэце ў Гродна, кіраваў медыцынскай школай у Баранавічах, быў намеснікам прэзідэнта Беларускай Цэнтральнай Рады.

У Германіі арганізаваў «Аб’яднанне беларускіх лекараў на чужыне», рэдагаваў часопіс «Медычная думка». У Аўстраліі быў старшынёй  Беларускага аб’яднання ў Новым Паўднёвым Уэльсе, удзельнікам выдання месячніка «Новае жыццё ў Сіднэі», дырэктарам Беларускага культурна-грамадскага клуба ў Сіднэі, старшынёй аўстралійскага сектара Рады БНР, Федэральнай рады беларускіх арганізацый у Аўстраліі.

Аўтар мемуараў «Пад знакам Пагоні», медыцынскіх публіцыстычных артыкулаў.

Памёр 6 чэрвеня 1982 года ў Сіднэі.

Язэп Малецкі

1936 год. Заснавана добраахвотнае спартыўнае таварыства “Лакаматыў”. 

Мэта – паўсядзённая праца па аздараўленні чыгуначнікаў і членаў іх сем’яў.

Пры старшыні “Лакаматыва” Беларускай чыгункі Вікенціі Раманоўскім (1964-1994) было створана 12 дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ – больш, чым на Маскоўскай і Кастрычніцкай магістралях. 

Больш за 32 выхаванцы таварыства сталі чэмпіёнамі і прызёрамі СССР, Еўропы, свету і Алімпійскіх гульняў. Сярод іх такія вядомыя спартсмены, як М. Кіраў, Н. Марыненка, С. Блоцкі, А. Бліняеў, М. Дамаросаў, А. Неўскі, І. Сумнікаў.

У 1994 годзе “Лакаматыў” стаў Дарожным фізкультурна-спартыўным камбінатам, у 2014 годзе ў кожным аддзяленні чыгункі былі створаны культурна-спартыўныя цэнтры (у Гомелі – Культурна-спартыўны комплекс).

Вялікі ўклад у развіццё спорту ўнеслі спартсмены Магілёўскага аддзялення чыгункі Таццяна Жукава і Валерый Палаўчэня.

Заўзятарам вядомая хакейная дружына «Лакаматыў-Орша». 

Спарткомлексы «Лакаматыва» працуюць на ўсіх чыгуначных вузлах, у тым ліку ў Крычаве, Бабруйску, Магілёве, Асіповічах.

басейн
Культурна-спартыўны цэнтр “Лакаматыў”, Магілёў

1941 год. Нарадзіўся Уладзімір Мулявін. 

Беларускі артыст, спявак, кампазітар, народны артыст БССР і СССР, Заслужаны дзеяч культуры Польшчы, заснавальнік і мастацкі кіраўнік ансамбля «Песняры».

Працаваў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, у ансамблі Беларускай ваеннай акругі. Стварыў ВІА «Лявоны» (1968), які ў 1970 годзе змяніў назву на «Песняры».

У 1976 годзе гастраляваў з «Песнярамі» у ЗША разам з амерыканскай кантры-групай «Нью Крысці Мінстрэлс».

У яго творчай дзейнасці своеасаблівае выканальніцкае майстэрства спалучалася з глыбокім веданнем народнай песеннай творчасці, захаваннем і ўзбагачэннем яе лепшых традыцый. Аўтар шматлікіх апрацовак беларускіх народных песень, якія вызначылі стыль і творчую накіраванасць ансамбля, арганічна спалучаюць стылістыку беларускай народнай песеннасці і эстраднай музыкі.

Узнагароджаны медалём і  ордэнам Францыска Скарыны.

14 мая 2002 года трапіў у аўтакатастрофу, 26 студзеня 2003 года памёр у Маскве ў шпіталі імя Бурдэнкі.

Мулявін

1959 год. Нарадзілася Вераніка Чаркасава. 

Беларуская журналістка.

Працавала на беларускім тэлебачанні, у газеце «Голас Радзімы», у незалежных выданнях: «Имя», «Белорусская деловая газета», «Наша Свабода», «БелГазета», «Салідарнасць». 

Праводзіла журналісцкія даследаванні, пісала на сацыяльныя тэмы, напісала некалькі артыкулаў на тэму незаконнага гандлю зброяй паміж Беларуссю і Іракам.

Займалася дакументалістыкай. Самыя знакамітыя дакументальныя фільмы — пра М. Багдановіча, С. Мяржынскага, А.  Чаркасава. Пэўны час працавала над праграмай «Крок».

20 кастрычніка 2004 года была забітая ва ўласнай кватэры ў Мінску. Забойца нанёс каля 20 нажавых удараў.

Вераніка Чаркасава

1989 год. Пачаўся апошні перапіс насельніцтва СССР

Праходзіў з 12 па 19 студзеня. Паводле яго дадзеных у БССР жыло 10 200 200 чалавек. 

Насельніцтва Магілёўскай вобласці склала 1 297 800 чалавек, па асобных гарадах (тысяч чалавек): 

Асіповічы – 34,0, 

Бялынічы – 6,6, 

Бабруйск – 221,0, 

Быхаў – 20,0, 

Глуск – 8,6, 

Дрыбін – 1,5, 

Касцюковічы – 13,2, 

Кіраўск – 6,7, 

Клімавічы – 18,0, 

Клічаў – 7,8, 

Краснаполле – 6,9, 

Круглае – 7,0, 

Крычаў – 33,0, 

Магілёў – 359,0, 

Мсціслаў – 12,0, 

Слаўгарад – 7,2, 

Хоцімск -7,7, 

Чавусы – 12,5, 

Чэрыкаў – 7,7, 

Шклоў – 15,0.

перапіс насельніцтва

2000 год. Памёр Яўген Глебаў. 

Беларускі кампазітар, дырыжор, педагог. Народны артыст БССР і СССР. 

Кіраўнік эстрадна-сімфанічнага аркестра Дзяржтэлерадыё БССР, музычны рэдактар «Беларусьфільм», прафесар Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. 

Аўтар шмтлікіх сімфоній, балетаў, музыкі да 32 фільмаў і 40 спектакляў. Яго опера «Майстар і Маргарыта» – класіка беларускай музычнай літаратуры. 

Падрыхтаваў больш за 40 вучняў, сярод якіх Л. Захлеўны, Я. Паплаўская, В. Раінчык, Э. Ханок. 

Па ўспамінах В. Быкава, Глебаў доўга супраціўляўся ўступленню у КПСС, а пры прыёме не змог адказаць, у якім годзе была Кастрычніцкая рэвалюцыя. 

Яўген Глебаў

2002 год. Памёр Яўген Кулік. 

Беларускі мастак, аўтар эталона гербу «Пагоня» ў якасці дзяржаўнага герба Беларусі ў 1991-1995 гадах. 

Яго майстэрня, што знаходзілася ў Мінску насупраць будынка КДБ, стала ў 1960-я гады нацыянальным асяродкамі сталіцы і атрымала назву «На паддашку».

У станковых творах распрацоўваў тэмы гісторыі і культурнай спадчыны беларускага народа: серыі «Помнікі дойлідства Гродзеншчыны», «Славутыя дзеячы гісторыі і культуры Беларусі», малюнкаў рэканструкцый «Замкі Беларусі», паводле твораў У. Караткевіча, Янкі Купалы, «Паўстанне 1863 г. на Беларусі», трыпціх «Усяслаў Чарадзей, Ефрасіння Полацкая, Лазар Богша».

Займаўся і кніжнай графікай, аформіў дзясяткі кніжак, у тым ліку «Слова аб палку Ігаравым», «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага.

герб Пагоня

2011 год. Ліквідавана беларуская радыёстанцыя «Аўтарадыё». 

Першая незалежная радыёстанцыя ў незалежнай Беларусі, працавала ў Мінску з 7 жніўня 1992 года. 

Па меркаванню музычнага крытыка Зміцера Падбярэзскага, найбольш любімая сярод беларускіх FM-станцыяў. 

Ратыравала беларускую музыку, у прыватнасці такія гурты, як «N.R.M.», «Крамбамбуля», «Ляпіс Трубяцкі» і «Neuro Dubel», лідараў хіт-парадаў «Тузін Гітоў». Вядомымі вядучымі перадач на радыёстанцыі былі А. Хаменка, З. Вайцюшкевіч, Маша Яр і іншыя. 

У перыяд агітацыйнай кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2010 годзе радыё траслявала матэрыялы апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты А. Саннікава і У. Някляева.

Аўтарадыё Беларусь

2018 год. Памёр Расціслаў Жмойдзяк. 

Беларускі географ і картограф, прафесар, заслужаны работнік народнай адукацыі. Член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі навук экалогіі і бяспекі жыццядзейнасці.

З 1961 года ў БДУ прайшоў шлях ад асістэнта да прафесара, дэкана геаграфічнага факультэта (1983–1998), загадчыка кафедры геадэзіі і картаграфіі (1980–2005). Распрацоўшчык праблем картаграфавання сельскагаспадарчай вытворчасці, дынамікі сельскага рассялення, сацыяльна-эканамічнага развіцця, экалагічнага картаграфавання. 

Пад яго кіраўніцтвам выдадзены атласы: “Атлас БССР”, “Атлас Рэспублікі Беларусь”, “Геаграфія Беларусi”, “Атлас геаграфіі Беларусі”, насценныя навучальныя карты, суаўтар Нацыянальнага атласа Беларусі.

Расціслаў Жмойдзяк