Дзень у гісторыі. 29 мая. Падзенне Канстантынопаля. Трагедыя ў Бруселі. “Хімвалакно”. Нарадзілася С. Зелянкоўская

Міжнародны дзень міратворцаў ААН (з 2002 года).

У гэты дзень у 1948 годзе першая міратворчая місія “Орган ААН па назіранні за выкананнем умоў перамір’я” пачала аперацыі ў Палестыне.

У 1988 годзе міратворчым сілам ААН была прысуджана Нобелеўская прэмія міру.

У Беларусі існуе міратворчая рота. 2 жніўня 2010 года беларускія вайскоўцы былі скіраваны для ўдзелу ў дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міра і бяспекі ў Ліванскай Рэспубліцы ў колькасці 9 чалавек.

Аперацыі ААН па падтрыманні міру выкарыстоўваюць гэты Дзень для ўмацавання сувязяў з мясцовым насельніцтвам, інтарэсы якога яны абараняюць. Місіі арганізуюць спартыўныя мерапрыемствы, наведванні школ і прытулкаў, мастацкія і літаратурныя конкурсы, фотавыставы, уборку тэрыторый, пасадку дрэў, праводзяць канцэрты, канферэнцыі і семінары па пытаннях падтрымання міру.

1453 год. Падзенне Канстантынопаля.

Захоплены войскамі султана Асманскай імперыі Мехмеда II. Гэтым быў пакладзены канец 1100-гадовай гісторыі хрысціянскай Візантыйскай імперыі.

Пра падзеі 1453 года «Хроніка Быхаўца» сціпла паведамляе: “29 мая туркі ўзялі Царград”.

Беларускія летапісы адзначалі, што гэты год выдзяляўся непагаддзю. Хрысціяне звязвалі падзенне Канстанцінопаля з гневам Божым, аднак сучасныя даследчыкі бачаць прычыну таксама і ў прыродных фактарах: у халодныя, неўрадлівыя, галодныя гады абаронцы не мелі дастаткова запасаў збожжа. Сонца на небе над горадам пастаянна мела выражаны бардовы колер – колер крыві. Гэта моцна ўплывала на маральны стан абаронцаў сталіцы Візантыі. Яны не маглі ведаць, што сонца стала чырвоным ад вялікіх мас попелу, якія ўзняліся ў зямную атмасферу пасля выбуху вулкана на другім баку планеты.

1565 год. Памёр Мікалай Радзівіл «Чорны» (1515-1565).

Вялікалітоўскі дзяржаўны, палітычны, культурны і рэлігійны дзеяч, князь Свяшчэннай Рымскай імперыі. Мянушку «Чорны» атрымаў з-за колеру сваёй барады, чым адрозніваўся ад свайго стрыечнага брата Мікалая Радзівіла Рудога.

Удзельнічаў у вайне з Маскоўскай дзяржавай 1534-1537 гадоў. Узначальваў Раду ВКЛ і соймы, канцлер ВКЛ, ваявода Віленскі. Выступаў за суверэннасць ВКЛ у саюзе з Польшчай, спрыяў уключэнню Лівонскага ордэна ў склад ВКЛ, узначальваў правядзенне аграрнай рэформы (валочнай памеры).

Першым з магнатаў прыняў Рэфармацыю, прапагандаваў кальвінізм у ВКЛ, апекваў друкарні ў Нясвіжы, пры Берасцейскім зборы, у якой выйшла ў 1563 годзе «Радзівілаўская Біблія».

Валодаў вялікімі латыфундыямі ў Беларусі.

1920 год. У Навазыбкаве (зараз – Бранская вобласць Расіі) бальшавікамі расстраляны Фабіян Шантыр (1887-1920).

Беларускага літаратар і дзяржаўны дзеяч. Быў жанаты на Зосьцы Верас.

У 1914-1917 гадах служыў наглядчыкам палявога ваеннага шпіталю ў Бабруйску.

Лідар левага крыла Беларускай сацыялістычнай грамады, член Беларускіх нацыянальных арганізацый, Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый і партый, загадчык Смаленскага аддзялення Белнацкаму, камісар па нацыянальных справах Часовага ўраду БССР, супрацоўнік Менскага губернскага ваеннага камісарыяту і Асобай харчовай камісіі Заходняга фронту.

Гісторык В. Скалабан распавядае: “Расстралялі яго за тое, што ён нібыта прыпісаў сабе партыйны стаж і не мог даказаць, што сядзеў у царскай турме ў 1905 годзе. І за дыскрэдытацыю савецкай улады. Але, па сутнасці, за тое, што ён – некіравальны беларускі дзеяч”

1933 год. Нарадзіўся Мікола Гайдук (1933-1998).

Беларускі пісьменнік, журналіст, краязнавец, настаўнік. Заслужаны дзеяч культуры Польшчы.

Выкладчык і дырэктар беларускага ліцэя імя Б. Тарашкевіча ў Бельску Падляскім, працаваў у газеце «Ніва» (Беласток).

Аўтар зборніка вершаў на беларускай мове, апавяданняў, аповесцей і гістарычных эсэ, казак. Перакладчык паэзіі з польскай на беларускую мову.

Апублікаваў каля 600 уласных запісаў беларускіх песень з нотамі, краязнаўчы слоўнік.

Сабраў у наваколлі Белавежы і апрацаваў зборнік беларускіх народных казак, легенд і паданняў «Аб чым шуміць Белавежская пушча».

Суаўтар падручнікаў па беларускай мове для 3-5 класаў (1962-1987) і «Граматыкі беларускай мовы для 5-8 класаў беларускай пачатковай школы» (1975).

Памёр 2 верасня 1998 года.

1939 год. Нарадзілася Людміла Пісарава (1939-2011).

Беларуская актрыса, Заслужаная артыстка, кавалер Ордэна Ф. Скарыны.

Скончыла студыю пры Беларускім тэатры імя Я. Коласа, у якім прапрацавала ўсё жыццё.

Іграла ролі ў тэатральных пастаноўках па творах І. Шамякіна, А. Петрашкевіча, А. Дударава, М. Матукоўскага, В. Вольскага, рускіх, замежных класікаў, знялася ў шэрагу кінафільмаў, у тым ліку ”Плач перапёлкі”, “З юбілеем пачакаем”, “Палеская хроніка”, “Людзі на балоце”.

Памерла 23 мая 2011 года.

1945 год. У Копысі нарадзіўся Аляксей Кароль (1945-2015).

Беларускі грамадскі дзеяч, гісторык, кандыдат гістарычных навук, журналіст, рэдактар газеты “Новы час” (2007-2015).

Аўтар манаграфіі пра Ўсевалада Ігнатоўскага, прац пра рэабілітацыю Зміцера Жылуновіча, пра “нацдэмаў”, рэпрэсаваных у 1920-1930-я гады. Сузаснавальнік Партыі народнай згоды. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года быў даверанай асобай А. Казуліна.

Памёр 12 верасня 2015 года ў Сінгапуры.

1946 год. Савет міністраў СССР прыняў Пастанову № 1142 “Аб будаўніцтве Мінскага трактарнага завода”.

У 1990 годзе МТЗ выпускаў 110 000 трактараў (кожны 10-ы у свеце). Зараз у год выпускае каля 30 тысяч колавых, гусенічных трактараў. Працуе каля 15 000 чалавек, магутнасць – 71 000 трактараў ў год.

На экспарт пастаўлена больш за 2,6 мільёнаў трактараў у больш чым 100 краін свету. У лютым 2022 года выпушчаны чатырохмільённы трактар.

1965 год. Прынята рашэнне Савета Міністраў СССР аб пачатку будаўніцтва ў Магілёве камбіната сінтэтычнага валакна.

Першая прадукцыя беларускага лаўсану была атрымана 5 лістапада 1968 года. Першая чарга камбіната пабудавана 9 ліпеня 1971.

У склад аб’яднання ВА “Хімвалакно”, створанага 21 ліпеня 1975 года, увайшлі Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна (галаўное прадпрыемства) і Магілёўскі завод штучнага валакна (ліквідаваны ў 2012 годзе).

У 1980-1990-я гады на аб’яднанні працавала да 25 000 чалавек, зараз менш за 5000.

Рэзідэнт Вольнай эканамічнай зоны “Магілёў”. Адзіны ў краіне буйны вытворца дыметылтэрэфталату, поліэфірнага грануляту ПЭТ, у тым ліку харчовага прызначэння, поліэфірных валокнаў і нітак і асноўны пастаўшчык сыравіны для лёгкай прамысловасці.

На мінулым тыдні прадпрыемства прайграла чарговы, трэці за апошнія тры месяцы, пазоў у Арбітражным судзе Масквы. Агульная сума грашовых прэтэнзій, запатрабаваная з сакавіка па май 2023 года расійскімі кампаніямі з ААТ “Магілёўхімвалакно”, складае звыш $3,4 млн і каля 23 млн расійскіх рублёў.

Усе тры справы, прайграныя ў першай інстанцыі, звязаны з запазычанасцю перад пастаўшчыкам па кантрактах 2021 і 2022 гадоў. Як вынікае з матэрыялаў спраў, грошы праз суд спрабуюць вярнуць маскоўскія кампаніі “ЛКМ і Тэхналогіі”, “Панамарыкс” і “Афіва”.

1975 год. На Беларускім аўтазаводзе пачалася вытворчасць самага буйнога ў СССР грузавіка.

Ім стаў “БелАЗ-7520” грузападымальнасцю 110 т (на фота).

На сёння, у ТОП-5 сусветных вытворцаў суперсамазвалаў уваходзяць: БелАЗ 75710, 496 т; амерыканскі Terex MT 6300AC, 400 т; нямецкі Liebherr T 284, 400 т; японскі Komatsu 980E-4, 360 т; амерыканскі Caterpillar 797F, 345 т.

1977 год. Нарадзілася Святлана Зелянкоўская.

Беларуская актрыса. Былая жонка спявака Сяргея Міхалка.

Працавала ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. У ліпені 2017 года сышла з тэатру.

Вядома гледачам па ролях ў фільмах “Казка пра зорнага хлопчыка”, “Ідзі і глядзі”, “Каменская” (тэлесерыял), “Анастасія Слуцкая” (роля княгіні Анастасіі).

1985 год. Трагедыя на брусельскім стадыёне “Эйзель”.

Перад фіналам Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў па футболе паміж англійскім “Ліверпулем” і італьянскім “Ювентусам” фанаты “Ліверпуля” справакавалі бойку з італьянскімі балельшчыкамі. Яшчэ да пачатку гульні паміж італьянскімі і англійскімі фанатамі адбылося сутыкненне, якое перарасло ў крывавую трагедыю. Арганізатары матча дапусцілі небяспечную памылку – балельшчыкі сапернічаючых каманд не былі аддзелены адзін ад аднаго належным чынам.

Хто менавіта пачаў першым бойку засталося нявысветленым. Сярод балельшчыкаў узнікла паніка, яны пабеглі. Пад напорам натоўпу павалілася бетонная сцяна, якая агароджвала сектары, пабудаваная яшчэ ў 1920-я гады. Пад яе абломкамі і ад раненняў падчас бойкі загінулі 39 чалавек, звыш 400 атрымалі траўмы.

Матч пачаўся з затрымкай на 1,5 гадзіны. Яго хацелі нават адмяніць, але, каб пазбегнуць новых інцыдэнтаў, гульня адбылася. З лікам 1:0 выйграў “Ювентус”.

Каб перакрэсліць адну з самых чорных старонак у гісторыі сусветнага футбола, у тым жа годзе стары стадыён знеслі, а на яго месцы пабудавалі сучасны “Кароль Бадуэн”, а ў маі 2005 года быў адкрыты помнік 39 загінуўшым футбольным балельшчыкам. Каля манумента запалілі 39 свечак, і на новай перабудаванай сцяне былі высечаны словы: “У памяць аб 29/05/85”.

1994 год. Памёр магілёўскі скульптар Віктар Байцун (1941-1994).

Сярод яго прац бронзавыя мемарыяльныя шыльды ў гонар М. Крыленкі і генерала М. Раманава на вуліцах, названых іх імёнамі.

2008 год. Памёр ураджэнец в. Красная Кіраўскага раёна Валянцін Рабцэвіч (1934-2008).

Беларускі археолаг і нумізмат. Доктар гістарычных навук, прафесар БДУ. Адзін з заснавальнікаў беларускай нумізматыкі.

Вывучаў гісторыю грашовага звароту ВКЛ і Рэчы Паспалітай, тапаграфію манетных скарбаў на Беларусі.

Аўтар класічных манаграфій «О чем рассказывают монеты», «Нумизматика Беларуси», «Российско-польские монетные эмиссии эпохи Петра I», больш 70 навуковых прац і 300 навукова-папулярных артыкулаў у перыёдыцы і эцыклапедычных выданнях.

На аснове ўласнай калекцыі манет стварыў нумізматычны кабінет БДУ.

Прадстаўляў Беларусь у Нумізматычнай камісіі Нацыянальнага камітэта гісторыкаў СССР.

Дзякуючы яго намаганням на Беларусі засталася частка ўнікальнага грашова-рэчавага скарбу ХV стагоддзя (сярод рэчаў і «пояс Вітаўта»).

Дзень у гісторыі. 20 студзеня. Нарадзіўся першы рэктар Магілёўскага педінстытута. Ад голада памёр Еўдакім Раманаў

1801 год. Нарадзіўся Канут Русецкі. 

Беларуска-польска-літоўскі мастак. 

Прыхільнік францускай школы жывапісу. 

Займаўся аднаўленнем Віленскага кафедральнага сабора, кансервацыяй карцін у капліцы Святога Казіміра, маляваў для многіх касцёлаў абразы. Зрабіў замалёўкі пейзажаў Белавежскай пушчы, ваколіц Навагрудка, Ашмяншчыны. 

330 яго твораў захоўваецца ў Літоўскім мастацкім музеі і экспануецца ў Вільнюскай мастацкай галерэі, але значная частка твораў знікла. 

На знакамітай карціне, якая экспануецца ў мінскім доме-музеі Ваньковічаў, “Літоўка з вербамі” мастак адлюстраваў дзяўчыну ў беларускім нацыянальным строі з «пальмамі віленскімі» на фоне віленскага касцёла св. Міхала. 

Памёр 21 жніўня 1860 года.

Канут Русецкі

1887 год. У Новым Быхаве нарадзіўся Яўген Бычкоў. 

Беларускі педагог, выкладчык геаграфіі і гісторыі, другі дырэктар Магілёўскага настаўніцкага інстытута і першы рэктар Магілёўскага педінстытута. 

У 1921 годзе ўзначаліў барацьбу педкалектыву і студэнтаў за захаванне інстытута ў Магілёве за што быў арыштаваны, але адпушчаны, узначальваў інстытут да яго закрыцця ў 1923 годзе. 

Працаваў ў Магілёўскім педтэхнікуме, аддзеле кадраў Магілёўскай фабрыкі штучнага валакна, на рабфаку адноўленага ў 1930 годзе педінстытута. 

Арыштаваны ДПУ 3 верасня, расстраляны 4 лістапада 1937 года.

Фота: Партрэт Я. Бычкова магілёўскага мастака Зм. Пухоўскага (1966-2022)

1891 год. Нарадзіўся Фабіян Ярэміч. 

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч.

Старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні, дэлегат І Усебеларускага з’езда (1917), сябра прэзідыума Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, Рады БНР (1918).

Быў дэпутатам сейма Польшчы (1922-1935), старшынёй  Беларускага пасольскага клуба, лідарам Беларускага сялянскага саюза, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Выдаваў газету «Сялянская ніва» (1925-1930).

Удзельнік ІІ Усебеларускага кангрэса (1944). 

У 1945 годзе рэпрэсаваны і зняволены да 1956 года савецкімі ўладамі ў канцлагеры. Памёр 29 чэрвеня 1958 года.

Яўген Бычкоў

1892 год. Нарадзіўся Браніслаў Тарашкевіч. 

Беларускі мовазнавец, палітычны дзеяч, пісьменнік, перакладчык. Акадэмік АН Беларусі. 

Аўтар першай агульнапрынятай граматыкі беларускай мовы.

Адзін з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады. Працаваў у Пецярбургскім універсітэце, Мінскім настаўніцкім інстытуце, дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, у Беларускім пасольскім клубе.

Аўтар праекта аўтаноміі Беларусі. За грамадска-палітычную дзейнасць у Заходняй Беларусі пазнаў пераслед польскіх уладаў.

У верасні 1933 года быў абмяняны на вязня Салавецкага лагера, беларускага драматурга Ф. Аляхновіча. 

У СССР працаваў загадчыкам аддзела Польшчы і Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце ў Маскве. 

Даследчык грамат XII стагоддзя, гістарычнай граматыкі беларускай мовы. Аўтар першай «Беларускай граматыкі для школ» – галоўнага падручнікама па беларускай мове ў часы беларусізацыі 1920-х гадоў.

Пераклаў на беларускую мову «Іліяду» Гамера і «Пана Тадэвуша» А. Міцкевіча.

6 траўня 1937 года арыштаваны, 5 студзеня 1938 «двойкай» НКУС і Пракуратуры СССР прыгавораны да расстрэлу.  Даследчык Л. Маракоў мяркуе, што Тарашкевіч загінуў у часе катаванняў  29 лістапада 1938 года.

Імем вучонага названы вуліцы ў Маладзечне, Радашковічах, Мінску, ліцэй у польскім Бельску Падляскім. У Вільнюсе ўсталявана памятная дошка.

Тарашкевіч

1892 год. Нарадзіўся Рыгор Шырма. 

Беларускі харавы дырыжор, кампазітар, педагог, фалькларыст, грамадскі дзеяч, публіцыст, літаратуразнавец. Народны артыст БССР і СССР, Герой Сацыялістычнай Працы.

Аарганізатар беларускіх хораў у Пружанах, Вільні, Беластоку. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР (1939-1970). 

Сабраў больш за 2 000 беларускіх народных песень. 

Выдаў першыя зборнікі Міхася Васілька, Максіма Танка, Сяргея Крыўца. Прапагандаваў творчасць сваіх вучняў-гімназістаў Алеся Салагуба і Валянціна Таўлая.

Неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі, сядзеў у Лукішскай турме, у 1942 г. быў арыштаваны НКУС, сядзеў на Лубянцы. Вызвалены паводле хадайніцтва Якуба Коласа і П. Панамарэнкі і высланы ў Казахстан.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом» (1964). 

Па ўспамінах З. Пазняка, у сярэдзіне 1970-х, Шырма пагадзіўся падпісаць зварот да Л. Брэжнева ў абарону ад зруйнавання старога Мінска і руйнаванне спынілася.

Памёр 23 сакавіка 1978 года.

Рыгор Шырма

1919 год. Адкрыты Беларускі абласны музей у Мінску. 

З 2009 года – Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.

Размешчаны ў гістарычным будынку былога банка па вуліцы К. Маркса, 12. 

У яго фондах захоўваецца самая вялікая музейная калекцыя ў Беларусі — гэта каля 400 000 адзінак захоўвання. 

У структуру музея ўваходзяць 5 філіялаў: Музей гісторыі беларускага кіно, Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Дом-музей І з’езда РСДРП, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, Музей прыроды і экалогіі Беларусі.

Нацыянальны гістарычны

1922 год. У Стаўрапалі з голаду памёр Еўдакім Раманаў. 

Беларускі фалькларыст, этнограф, археолаг, прафесар, настаўнік, “чалавек-універсітэт”. 

Аўтар дадаткаў да слоўніка І. Насовіча, 15-ці томнага «Беларускага зборніка» – энцыклапедыі побыту, творчасці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. 

Пад яго рэдакцыяй выйшлі 3 выпускі «Магілёўскай даўніны», выпуск «Крыніц для гісторыі Магілёўскага краю» і іншыя працы. Склаў археалагічныя карты Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў, сабраў звесткі пра 1000 гарадзішчаў Беларусі. 

Сузаснавальнік Віцебскага, Магілёўскага, Віленскага этнаграфічных музеяў.

Імя вучонага носяць Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, бібліятэка і вуліца ў Гомелі, праводзяцца навуковыя раманаўскія чытанні. Усталяваны мемарыяльныя шыльды ў яго гонар у Магілёве на будынку абласнога краязнаўчага музе, у Гомелі на будынку бібліятэкі-філіяла №3.

Еўдакім Раманаў

1960 год. У БССР ліквідавана Маладзечанская вобласць. 

Заснавана 4 снежня 1939 года як Вілейская, 20 верасня 1944 года пераўтворана ў Маладзечанскую. 20 раёнаў вобласці перададзены ў тры іншыя вобласці. 

У Мінскую вобласць уключаны Вілейскі, Валожынскі, Івянецкі, Крывіцкі, Маладзечанскі, Мядзельскі, Радашковіцкі. У Віцебскую – Браслаўскі, Відзаўскі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Дунілавіцкі, Мёрскі, Пліскі, Пастаўскі, Шаркаўшчынскі. У Гродзенскую – Астравецкі, Ашмянскі, Смаргонскі, Юрацішскі. 

У краіне засталося 7 сучасных рэгіёнаў: Мінск і 6 абласцей – Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская.

Маладзечанская вобласць

1961 год. Нарадзіўся Сяргей Тарасаў. 

Беларускі археолаг, гісторык, пісьменнік. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

Працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, узначальваў аддзел археалогіі сярэдневяковага перыяду. Спецыяліст у пытаннях узнікнення і развіцця беларускіх гарадоў IX – XVIII стагоддзяў, прыняцця і распаўсюджання хрысціянства на Беларусі, спалучэння і ўзаемаадносін хрысціянства і паганства, узнікнення і развіцця культавага дойлідства XI – XIII стагоддзяў, пісьменнасці і эпіграфікі.

Даследаваў археалагічныя помнікі старажытнага Полацка, Мінска.

Суаўтар навуковай канцэпцыі музея гісторыі Мінска. Аўтар больш чым 50 навуковых прац, падручніка «Мая Радзіма – Беларусь» для 4-га класа школ, аўтар кніг для дзяцей і падлеткаў, суаўтар мастацкіх зборнікаў. 

У 1987 – 1999 гадах быў аўтарам і вядучым шэрага праграм Беларускага тэлебачання: «Крок», «Вецер вандраванняў», «Скарбы беларускай гісторыі», «Кола гадзіны», «Беларуская хата».

Аўтар сцэнарыяў мастацкіх і дакументальных фільмаў: «Иди и смотри», «Пастка для зубра. Вітаўт», «Пастка для зубра. Ягайла», «Да вас, сучаснікі мае», «Званы Сафіі», «Слава Оршы», «Буквар», «Замкі Беларусі», «Беларусь на крыжы вякоў» і іншых.

Сяргей Тарасаў

1970 год. Устаноўлена званне Ганаровы грамадзянін Магілёва. 

Рашэнне прынята Пятай сесіяй Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў.  Прысвойваецца за выбітны ўклад у развіццё і росквіт горада Магілёва. 

Першым Ганаровым грамадзянінам стала ў 1970 годзе Заслужаны настаўнік Лізавета Казлоўская. 

Усяго 31 ганаровы грамадзянін: удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – 12, прадстаўнікі адукацыі, культуры, спорта – 10, дзяржаўныя дзеячы – 4, прамыслоўцы і Героі Сацыялістычнай працы – 5.  

Новая Інструкцыя аб парядку прысваення звання “Ганаровы грамадзянін горада Магілёва” прынята рашэннем гарсавета 21 красавіка 2022 года.

Ганаровы грамадзянін

Дзень у гісторыі. 3 лістапада. Дзень нараджэння Якуба Коласа

1882 год. Нарадзіўся Якуб Колас. Беларускі празаік, паэт, педагог, навуковец, адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Народны пісьменнік. Акадэмік, Заслужаны дзеяч навукі Беларусі, Лаурэат дзяржаўнай прэміі СССР. 

Яго творы ўлючаны ў школьную праграму па беларускай літаратуры, перакладзены больш чым на 40 моваў свету. 

Яго імя носяць Мінскі паліграфікамбінат, Інстытут мовазнаўства, Віцебскі драматычны тэатр, Цэнтральная навуковая бібліятэка акадэміі навук, шматлікія ўстановы культурыі, адукацыі, вуліцы, плошчы ў гарадах краіны.

У Мінску працуе Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа з філіяламі ў Стаўбцоўскім раёне: у Акінчыцах, Смольні, Мікалаеўшчыне і Альбуці. Ёсць музей і ў в. Пінкавічы. 

Помнікі класіку ўсталяваны ў Ганцавічах, Мінску, Мікалаеўшчыне, Навагрудку, Нясвіжы, у в. Плоскае Талачынскага раёна, у Ташкенце, кітайскім  Цяньцзіне, мемарыяльныя дошкі ў Вільнюсе і ў Ташкенце. 

На жаль, у Магілёве імя Коласа носіць вуліца, на якой няма ніводнага дома і ніхто з магілёўцаў не можа сказаць: “Я жыву на вуліцы імя класіка”.

У Магілёўскай вобласці вуліца Якуба Коласа ёсць таксама ў 14-ці райцэнтрах, гэта: Бабруйск, Асіповічы, Быхаў, Крычаў, Шклоў, Горкі, Мсціслаў, Слаўгарад, Чавусы, Клімавічы, Касцюковічы, Чэрыкаў, Бялынічы, Хоцімск.  У Глуску – завулак.

Якуб Колас класік

1891 год. нарадзіўся генерал-маёр Міхаіл Раманаў, адзін з кіраўнікоў абароны Магілёва ў ліпені 1941 г.

Камандзір 172-й стралковай дывізіі. З 5 па 25 ліпеня 1941 года часці 172-й дывізіі, гераічна абараняючы Магілёў, скоўвалі значныя сілы нямецкіх войскаў. Пасля здачы горада, Міхаіл Раманаў разам з рэшткамі дывізіі выходзіў з акружэння і трапіў у нямецкі палон 22 верасня 1941 года. Памёр у канцлагеры ад наступстваў кулявога ранення.

Генерал-маёр Міхаіл Раманаў
Генерал-маёр Міхаіл Раманаў у нямецкім палоне

2011 год. У Магілёве нарадзіліся 7-мільярдныя жыхары Зямлі.

У радзільным аддзяленні Магілёўскай бальніцы нумар 1 маці нованароджаных магілёўцаў Міланы Бадэрка, Яраславы Дземідзенка, Арцёма Міхасёва, Мікалая Жукава і Данііла Хадарышчанкі, Надзеі і Марыі Акуліч урачыста атрымалі сертыфікат 7-мільярднага жыхара Зямлі. 

31 кастрычніка 2011 года насельніцтва Зямлі дасягнула адзнакі 7 мільярдаў. Урачыстыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтага знамянальнага дня, прайшлі па ўсім свеце. У Беларусі ўсім малышам, якія нарадзіліся ў гэты дзень, вырашылі ўручыць памятныя сертыфікаты.

малыш