Сярод вызваленых амерыканцамі 250 палітвязняў чацвёра – з Магілёўскай вобласці (будзе дапаўняцца)

Праваабарончы цэнтр “Вясна” апублікаваў поўны спіс беларускіх палітвязняў, якіх вызвалілі і памілавалі па выніках перамоваў спецпасланніка ЗША Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле самога спецпасланніка, вызваліць 250 чалавек удалося шляхам «дастаткова жорсткіх перамоваў» з беларускімі ўладамі. 15 чалавек з усіх вызваленых былі дэпартаваныя ў Літву, 235 засталіся ў Беларусі.
Mogilev.media вывучылі поўны спіс вызваленых палітвязняў і знайшлі ў ім чатырох жыхароў Магілёўскай вобласці. Гэта Аляксандра Дуброўская, Аляксей Мельнікаў, Марына Храмцова з Магілёва і Аляксандр Маркін з Бабруйска. Спіс яшчэ будзе дапаўняцца.

Аляксандра Дуброўская, настаўніца, была асуджаная 4 верасня 2025 года на тры гады па “Справе дваравых чатаў”.

Аляксей Мельнікаў (на фота) быў затрыманы ў дзень прэзідэнцкіх выбараў, 9 жніўня 2020 года і асуджаны да 7 год калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пазней да гэтага тэрміну яму былі дададзеныя яшчэ паўтары гады. Сярод інкрымінаваных магілёўцу артыкулаў – удзел у беспарадках, захоўванне зброі і непадпарадкаванне адміністрацыі турмы. Мельнікаў прызнаў віну толькі па артыкуле 295 Крымінальнага Кодэкса (Незаконнае захоўванне зброі).

Марына Храмцова, прадпрымальніца, гэтаксама як і Дуброўская, была асуджаная 4 верасня 2025 года на тры гады па “Справе дваравых чатаў”.

Аляксандр Маркін быў затрыманы 5 траўня 2025 года па “справе Гаюна”. У студзені 2026 года ён быў асуджаны, верагодна, да хатняй хіміі.

Фота: “Вясна”

З Горацкай калоніі на волю выйшаў палітзняволены блогер Павел Спірын

Пяць гадоў у калоніях Магілёўшчыны правёў палітвязень, блогер Павел Спірын.

Пра вызваленне 42-гадовага Спірына паведаміла “Наша ніва”. Палітвязень апошні год знаходзіўся ў калоніі №9 у Горках разам з такім жа палітзняволеным, Нобелеўскім лаўрэатам Алесем Беляцкім.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Павел Спірын быў затрыманы 4 верасня 2020 года, вызвалены праз тры дні, затым зноў затрыманы 9 верасня пасля выпуску свайго новага відэароліка. Падчас электаральнай кампаніі 2020 года блогер заявіў пра намер стаць кандыдатам у прэзідэнты, аднак Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла яго ініцыятыўнай групе ў рэгістрацыі. Пры гэтым Павел Спірын дапусціў рэзкія выказванні ў дачыненні да беларускага дыктатара ў сваім выступе на пасяджэнні ЦВК, якое транслявалася ў прамым эфіры, што магло стаць адной з прычын пераследу. 

У далейшым Спірын стаў даверанай асобай кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Раней у 2019 годзе адзін з яго фільмаў “Грань” быў унесены ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, але справа за гэты фільм была ўзбуджаная толькі пасля актыўнага ўдзелу Паўла ў кампаніі 2020 года.

У лютым 2021 года яму прысудзілі чатыры з паловай года калоніі за нібыта «распальванне варожасці» ў дачыненні да лукашэнкаўскіх улад за два фільмы на YouTube – пра наркабізнэс і пра тагачаснага генеральнага пракурора Аляксандра Канюка. Цяпер гэтыя відэа выдаленыя з YouTube.

Павел Спірын спачатку адбываў пакаранне ў калоніі ў Бабруйску. Перад планаваным вызваленнем на яго завялі новую крымінальную справу за нібыта «непадпарадкаванне адміністрацыі». Спірыну прысудзілі яшчэ год зняволення і адправілі ў калонію ў Горках.

Па сканчэнні дадатковага гадавога пакарання Спірына вызвалілі.

Фотаздымак: “Наша ніва”

Палітвязня Алеся Бяляцкага везлі з Горак праз усю краіну з завязанымі вачыма

Выдваранага з Беларусі палітзняволенага праваабаронцу Алеся Бяляцкага везлі з калоніі ў Горках праз усю краіну з завязанымі вачыма.

Некалькі палітвязняў былі вывезены ў Літву з Беларусі ўвечары 13 снежня 2025 года. Сярод іх быў праваабаронца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі. Пасля 1613 дзён ён выглядаў схуднелы і стомлены, але няскораны, і сустрэўся ў Вільні з беларускай грамадой і журналістамі.

Праваабаронца, які адбываў 10-гадовы тэрмін пакарання ў калоніі №9 у Горках, распавёў, што пра сваё вызваленне даведаўся літаральна ў ноч перад вывазам: а чацвёртай гадзіне раніцы яго разбудзіў дзяжурны па атрадзе і загадаў тэрмінова сабраць рэчы. Пашпарт, паводле словаў праваабаронцы, яму аддалі толькі пасля праходжання беларуска-літоўскай мяжы.

“Пасля таго, як у чэрвені быў вызвалены Сяргей Ціханоўскі, а ў верасні 51 палітзняволены, то было зразумела, што гэты працэс пайшоў. – зазначыў Бяляцкі – Заставалася толькі чакаць і спадзявацца, што ён не сарвецца. Бо мы разумеем, што ў любы момант сітуацыя можа змяніцца ў горшы бок”.

Таму вельмі важна і далей усім працягваць трымаць фокус на тых палітзняволеных, якія зараз знаходзяцца ў беларускіх турмах, а таксама дабівацца поўнага вызвалення ўсіх. 

Журналісты ўдакладнілі, ці быў у яго выбар – выехаць альбо не пакідаць Беларусь. “Насамрэч у той сітуацыі выбару вялікага не было: ці заставацца ў турме, ці быць такім чынам вывезеным, з завязанымі вачыма, з краіны. Я праехаў праз усю Беларусь з завязанымі вачыма” – распавёў ён, павеаміўшы, што не прасіў аб памілаванні.

Алесь Бяляцкі пажадаў усім беларусам вытрымкі і аптымізму, а таксама ніколі не здавацца і не апускаць рукі.

Скрыншот: Белсат

Палітвязень з Чэрыкава Іван Янчанка выйшаў на волю

Жыхар Чэрыкава Іван Янчанка, які быў асуджаны па палітычных прычынах, вызваліўся па заканчэнні тэрміна зняволення.

Пра выйсце на волю Івана Янчанкі паведамляе “Гомельская вясна”. У 2022 годзе яго абвінавацілі ў тым, што ён у верасні 2021 года, знаходзячыся ў Жлобіне, выказаў свае меркаванні ў каментары ў сацсетцы “ВКонтакте” пра выпадак ў Менску, калі ў сваёй кватэры быў забіты супрацоўнік ІТ-кампаніі EPAM SYSTEMS Андрэй Зельцар.

Забойства Андрэя Зельцара, які самаахвярна абараняў сваю сям’ю і дом, тады моцна абурыла беларускае грамадства і шмат хто асуджаў дзеянні супрацоўнікаў КДБ, якія ў цывільным уламіліся ў прыватную кватэру. Паводле інфармацыі ініцыятывы Dissidentby, Янчанка пакінуў каментар: “Народ адкрыў рахунак”.

За выказанае меркаванне пра дзеянні кадэбэшнікаў абвінавацілі Івана Янчанку ў распальванні варажнечы да работнікаў КДБ паводле часткі 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса. Відавочна, праз тое, што каментар Янчанка напісаў, знаходзячыся ў Жлобіне, крымінальную справу разглядалі ў Гомельскім абласным судзе. Ролю суддзі выконваў прызначаны туды асабіста Лукашэнкам на пасаду суддзі Аляксей Хлышчанкоў. 4 жніўня 2022 года ён прысудзіў зняволіць Івана Янчанку на тры з паловай года калоніі агульнага рэжыму.

12 жніўня 2022 года праваабарончая супольнасць Беларусі прыняла сумесную заяву, у якой вызнала Івана Янчанку палітычным зняволеным.

Праваабаронцам не ўдалося высветліць, дзе ўвесь гэты час карнікі трымалі Івана Янчанку. Але цяпер атрыманае пацверджанне, што Іван Янчанка вызвалены па сканчэнні тэрміну, які яму прысудзіў Хлышчанкоў. На волю ён выйшаў 3 красавіка 2025 года.

Фота “Гомельская вясна”

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.


Ксёндз Андрей Вашчук

У зняволенне асуджаны на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

Святара затрымалі 15 ліпеня за, нібыта, парушэнне парадку арганізацыі, ці правядзення масавых мерапрыемстваў. 18-га стала вядома, што яго адправілі адбываць адміністрацыйны арышт на 15 содняў.


Юлія Чамлай

Асуджаная на два гады калоніі, паведамляюць праваабаронцы.

Яе затрымалі ў Крупках у межах крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і IT-спецыяліста Андрэя Зельцэра.

Пазней выставілі абвінавачванне ў распальванні сацыяльнай варожасці альбо варажнечы, абразе Лукашэнкі.

20 чэрвеня КДБ улучыў яе ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».


Аляксандр Фядута, Рыгор Кастусёў, Юры Зянковіч, Вольга Голубовіч Дзяніс Краўчук

Абвінавачаных у «змове з мэтаю захопу ўлады дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» будуць судзіць на закрытым працэсе.

Пра тое стала вядома родным Рыгора Кастусёва.