Жыхара Чавус будуць судзіць за паклёп на бездакорнага Лукашэнку

Жыхара Чавус судзяць за відэа – на фоне санкцый і міжнароднага расследавання супраць героя гэтага відэа.

У Чавусах 45-гадовага мясцовага жыхара будуць судзіць за «паклёп» у дачыненні да Лукашэнкі. Паводле версіі пракуратуры, ён размясціў у «ВКонтакте» відэаролік, у якім утрымліваліся абвінавачанні ў яго адрас. Крымінальная справа ўжо накіравана ў суд (дарэчы ў той самы, які нядаўна хлусіў пра экстрэмізм у гербе «Пагоня»), мужчына пакінуты пад вартай. Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле – да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Пра прысуд на дадзены момант не паведамляецца.

І вось тут узнікае пытанне, якое ў самой Беларусі фактычна забаронена: а чаму сумненню падлягае толькі чалавек, які апублікаваў відэа – але не той, пра каго ў гэтым відэа ідзе гаворка?

Таму што ў рэальнасці Лукашэнка – не проста «абаронены законам прэзідэнт». Ён і яго атачэнне знаходзяцца пад санкцыямі за сістэматычныя рэпрэсіі, падрыў дэмакратыі і парушэнні правоў чалавека. І гэта – афіцыйныя рашэнні, а не ацэнкі з сацыяльных сетак.

Больш за тое, сітуацыя па Беларусі перададзена ў Міжнародны крымінальны суд. Гаворка ідзе пра расследаванне магчымых злачынстваў супраць чалавечнасці – уключаючы палітычны пераслед. То бок абвінавачанні ў адрас беларускіх уладаў ужо разглядаюцца на міжнародным узроўні.

На гэтым фоне крымінальная справа супраць жыхара Чавус выглядае не як абарона гонару і годнасці, а як інструмент. У Беларусі чалавека судзяць за «паклёп» на Лукашэнку – у сістэме, дзе ён сам фарміруе судовую вертыкаль праз прызначэнне суддзяў.

У выніку маем цікавую канструкцыю:

  • адзін чалавек сядзіць у СІЗА за відэа ў інтэрнэце;
  • другі, знаходзячыся пад санкцыямі і ў полі міжнароднага расследавання, вызначае, хто будзе яго судзіць.

У такой сістэме пытанне «А Лукашэнка нічога не здзяйсняў?» – гэта ўжо не меркаванне. Гэта падстава для крымінальнай справы. Дагадайцеся з трох разоў: хто насамрэч павінен сядзець на лаве падсудных?

Фота БелТА.

Сярод вызваленых амерыканцамі 250 палітвязняў чацвёра – з Магілёўскай вобласці (будзе дапаўняцца)

Праваабарончы цэнтр “Вясна” апублікаваў поўны спіс беларускіх палітвязняў, якіх вызвалілі і памілавалі па выніках перамоваў спецпасланніка ЗША Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле самога спецпасланніка, вызваліць 250 чалавек удалося шляхам «дастаткова жорсткіх перамоваў» з беларускімі ўладамі. 15 чалавек з усіх вызваленых былі дэпартаваныя ў Літву, 235 засталіся ў Беларусі.
Mogilev.media вывучылі поўны спіс вызваленых палітвязняў і знайшлі ў ім чатырох жыхароў Магілёўскай вобласці. Гэта Аляксандра Дуброўская, Аляксей Мельнікаў, Марына Храмцова з Магілёва і Аляксандр Маркін з Бабруйска. Спіс яшчэ будзе дапаўняцца.

Аляксандра Дуброўская, настаўніца, была асуджаная 4 верасня 2025 года на тры гады па “Справе дваравых чатаў”.

Аляксей Мельнікаў (на фота) быў затрыманы ў дзень прэзідэнцкіх выбараў, 9 жніўня 2020 года і асуджаны да 7 год калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пазней да гэтага тэрміну яму былі дададзеныя яшчэ паўтары гады. Сярод інкрымінаваных магілёўцу артыкулаў – удзел у беспарадках, захоўванне зброі і непадпарадкаванне адміністрацыі турмы. Мельнікаў прызнаў віну толькі па артыкуле 295 Крымінальнага Кодэкса (Незаконнае захоўванне зброі).

Марына Храмцова, прадпрымальніца, гэтаксама як і Дуброўская, была асуджаная 4 верасня 2025 года на тры гады па “Справе дваравых чатаў”.

Аляксандр Маркін быў затрыманы 5 траўня 2025 года па “справе Гаюна”. У студзені 2026 года ён быў асуджаны, верагодна, да хатняй хіміі.

Фота: “Вясна”

Бабруйчанін нападпітку папрасіў Лукашэнку разабрацца з даішнікамі

«Бл**дзь, дапамажыце мне нах**, Аляксандр Рыгоравіч!». З такімі словамі бабруйчанін запісаў зварот да Лукашэнкі.

 

Рознарабочы Алег Буднік з Бабруйска, яўна ў нецвярозым стане і не стрымліваючыся ў выразах у TikTok пераконвае Лукашэнку, што хаця ён і «бухаў і гуляў», але «машына не яго» і за стырном ён таксама не сядзеў. Зварот заўважыла “Наша Ніва”. Усю гісторыю Буднік не пераказвае, але яе сэнс можна зразумець з кантэксту. Дапамога Лукашэнкі патрабуецца для ўзмацнення перамоўнай пазіцыі ў канфлікце з мясцовымі даішнікамі.

 

Падчас звароту можна заўважыць жанчыну, якая з абыякавым выглядам праходзіць за спінай Будніка. «Звяртаюся да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Мне далі штраф… Я п’яны за стырном не сядзеў! Не мая машына! Выбачайце мяне, калі ласка, нах**. А вось… з якога перапуду, нах**, я павінен плаціць 9 тысяч штрафу, нах**? Мне далі 9 тысяч штрафу… Я звяртаюся да прэзідэнта!»

 

Далейшы маналог выглядае так: “Ці гэта нельга? Так і так, я бухаў, так, я гуляў. Але за стырном я не сядзеў. Я яшчэ раз звярнуся да вас, Аляксандр Рыгоравіч. Дапамажыце. Таму што марна даказваць. Не дапамагае. Не дапамагае нічога.

 

Дапамажыце! Аляксандр Рыгоравіч, калі ў вас ёсць чалавечае стаўленне да закону, калі вы любіце свой народ… Давайце… давайце і гэта… Так… Ну я не сядзеў за гэтым рулём. Я гатовы ісці на паліграф… Ну дэтэктар хлусні гэта не доказ. Ну як… як так?

 

Ну як так, ну даішнікі не разбіраюцца. Не хочуць… не хочуць зразумець, што я за рулём не сядзеў. Калі шчыра, можна мне… Ой… Я не ведаю, як сказаць. Я проста чалавек. Просты. Просты чалавек.

 

Звяртаюся да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Памажыце. Ці не… ці не дапамажыце… Ці законаў у нас у краіне няма. Ну я думаю, што няма. Я думаю, што няма законаў у нас у краіне.

 

Звяртаюся да прэзідэнта. Калі ён мяне пачуе, спадзяюся. Ці закону няма. Ці, як вы кажаце, карупцыя. Дык вось, карупцыя была. Падкупілі. Не ведаю, што там зрабілі. Ё-маё. Вось. Звяртаюся».

 

Пасля першага звароту Буднік апублікаваў і другі, карацейшы і такога ж зместу, але выявілася важная дэталь.

 

На апошняй секундзе, разварочваючыся да сваёй сужыцельніцы, Алег у сэрцах выдае фразу: «Бл**дзь… Усё? Задаволеная?». З чаго становіцца зразумела, хто настаяў на такім спосабе выратавання сямейнага бюджэту. 

 

Што цяпер з аўтарам і яго сужыцелькай — невядома. Запісы зніклі з TikTok.

 

Фотаздымак: “Наша Ніва”

Дырэктар прадпрыемства, якое дапамагае калгасам Магілёўшчыны бяднець, атрымаў падзяку

Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі падзякаваў спецыялісту па абдзіранні калгасаў Магілёўскай вобласці “за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, актыўную грамадскую дзейнасць”.

Дырэктар ААТ «Задняпроўскі міжрайаграсэрвіс» Алег Грудаў атрымаў падзяку кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі за верную службу.

У адказ Грудаў паведаміў, што ў мінулым годзе намалаціў шмат кукурузы і амаль падрыхтаваў усю тэхніку вобласці да сяўбы. Гатоўнасць жа чатырох механізаваных атрадаў, па словах дырэктара, дасягнула 99 працэнтаў.

Прадпрыемства Грудава вядома тым, што ўжо не проста купляе, рамантуе і перапрадае тэхніку аграрыям, а паступова выключае калгасы з харчовага ланцужка, наўпрост засяваючы і ўбіраючы іх палі.

Нагадваем, што ААТ «Задняпроўскі міжрайаграсэрвіс» манапаліст паставак запасных частак да сельгастэхнікі магілёўскага АПК.

Калі калгас не ў стане аплаціць паслугі сэрвісу, “памочнік” гатовы прыняць у аплату будучы ўраджай або купіць няспраўны камбайн, каб пасля рамонту прадаць яго прадпрыемству па іншай цане.

Гэтая схема абдзірання калгасаў настолькі простая і элегантная, што яе наадрэз адмовіліся прымяняць у перадавых абласцях краіны.

Пераймаць вопыт Грудава згодна толькі Віцебская вобласць, якая, як вядома, згодна ўжо на ўсё.

А на Магілёўшчыне сэрвіс бярэ новыя вышыні – у будучым годзе на палях Быхаўшчыны Грудаў збіраецца засеяць кукурузай дзве тысячы гектараў і павялічыць плошчы пасеваў азімага рапсу з 270 да 500 га.

Пільная ўвага Алега Грудава да Быхава тлумачыцца тым, што там ён пачынаў сваю кар’еру ў якасці старшыні калгаса “Ямнае”.

Дырэктару ААТ «Задняпроўскі міжрайаграсэрвіс» добра вядомыя мясцовыя звычаі. Настолькі, што незаконна ўсталяваны ў двары шматкватэрнага дома парковачны вузел давялося дэмантаваць з дапамогай аблвыканкама. 

Феадальную паркоўку ўсталявала баявая сяброўка Грудава, якая заявіла суседзям, што яе сувязі дазваляюць ёй рабіць усё, што ўздумаецца.

Як мы бачым, аўтарытэт Алега Аляксандравіча працягвае ўмацоўвацца. Магчыма, што вельмі хутка панскія замашкі яго сяброўкі не зможа спыніць і “губернатар” Ісачанка.

 

Фота “Магілёўскія ведамасці”.