Дырэктар прадпрыемства, якое дапамагае калгасам Магілёўшчыны бяднець, атрымаў падзяку

Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі падзякаваў спецыялісту па абдзіранні калгасаў Магілёўскай вобласці “за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, актыўную грамадскую дзейнасць”.

Дырэктар ААТ «Задняпроўскі міжрайаграсэрвіс» Алег Грудаў атрымаў падзяку кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі за верную службу.

У адказ Грудаў паведаміў, што ў мінулым годзе намалаціў шмат кукурузы і амаль падрыхтаваў усю тэхніку вобласці да сяўбы. Гатоўнасць жа чатырох механізаваных атрадаў, па словах дырэктара, дасягнула 99 працэнтаў.

Прадпрыемства Грудава вядома тым, што ўжо не проста купляе, рамантуе і перапрадае тэхніку аграрыям, а паступова выключае калгасы з харчовага ланцужка, наўпрост засяваючы і ўбіраючы іх палі.

Нагадваем, што ААТ «Задняпроўскі міжрайаграсэрвіс» манапаліст паставак запасных частак да сельгастэхнікі магілёўскага АПК.

Калі калгас не ў стане аплаціць паслугі сэрвісу, “памочнік” гатовы прыняць у аплату будучы ўраджай або купіць няспраўны камбайн, каб пасля рамонту прадаць яго прадпрыемству па іншай цане.

Гэтая схема абдзірання калгасаў настолькі простая і элегантная, што яе наадрэз адмовіліся прымяняць у перадавых абласцях краіны.

Пераймаць вопыт Грудава згодна толькі Віцебская вобласць, якая, як вядома, згодна ўжо на ўсё.

А на Магілёўшчыне сэрвіс бярэ новыя вышыні – у будучым годзе на палях Быхаўшчыны Грудаў збіраецца засеяць кукурузай дзве тысячы гектараў і павялічыць плошчы пасеваў азімага рапсу з 270 да 500 га.

Пільная ўвага Алега Грудава да Быхава тлумачыцца тым, што там ён пачынаў сваю кар’еру ў якасці старшыні калгаса “Ямнае”.

Дырэктару ААТ «Задняпроўскі міжрайаграсэрвіс» добра вядомыя мясцовыя звычаі. Настолькі, што незаконна ўсталяваны ў двары шматкватэрнага дома парковачны вузел давялося дэмантаваць з дапамогай аблвыканкама. 

Феадальную паркоўку ўсталявала баявая сяброўка Грудава, якая заявіла суседзям, што яе сувязі дазваляюць ёй рабіць усё, што ўздумаецца.

Як мы бачым, аўтарытэт Алега Аляксандравіча працягвае ўмацоўвацца. Магчыма, што вельмі хутка панскія замашкі яго сяброўкі не зможа спыніць і “губернатар” Ісачанка.

 

Фота “Магілёўскія ведамасці”.

У Быхаўскага райсельгасхарча новы начальнік – знаёмімся

Сяргей Сыса стаў першым намеснікам старшыні Быхаўскага райвыканкама ў 28 гадоў. Ён ва ўсім згодны з Лукашэнкам і гатовы, згодна яго ўказанням, варушыцца.

Светапогляд новага начальніка Быхаўскага райсельгасхарчу Сяргея Сысы базуецца на простых, але ёмістых пастулатах Лукашэнкі і досведзе сваякоў: бацька Сяргея Пятровіча кіруе ААТ «Герой» Дубровенскага раёна, а старэйшы брат працуе генеральным дырэктарам Аршанскага камбіната хлебапрадуктаў.

Падымаць быхаўскую аграрную галіну з калень малады намеснік ужо пачаў.

Ён сцвярджае, што раён у неабходны тэрмін завяршыў сяўбу азімых. Прычым, добрай падмогай у гэтай справе сталі мехатрады міжраённага аграсэрвісу «Задняпроўскі».

На практыцы гэта азначае, што ні пасеяць, ні ўбраць самастойна быхаўскія аграрыі не ў стане, і ім даводзіцца наймаць дапамогу з боку.

Усюдыісны міжраённы аграсэрвіс «Задняпроўскі», вядома, зробіць усё, за што яму заплоцяць.

Застаецца толькі зразумець функцыі ў мясцовых сельгаспрадпрыемстваў, якія, падаецца, выступаюць толькі ў сціплай ролі ўладальнікаў зямель і назіральнікаў за замацаванымі за імі сялянамі.

Адказ на гэтае пытанне Сяргей Сыса таксама знайшоў у Лукашэнкі. Маўляў, той правільна сказаў: дай дрэннаму гаспадарцы тэхніку – праз год пад плот паставяць.

Ну, а паколькі добрых гаспадарак на Быхаўшчыне няма і не прадбачыцца, то і пытанне з тэхнікай закрыта.

Затое міжраённаму аграсэрвісу «Задняпроўскі» выдзелілі ў Быхаўскім раёне дзве з паловай тысячы гектараў зямлі.

Зразумець логіку і самога «вялікага кормчага», і яго вучня Сысы ў цэлым можна: рух дзеля руху. 

Што ж тычыцца Быхаўскага раёна, дык новаму намесніку зусім не абавязкова падымаць яго з калень. Пры такім запасе сувязяў Сяргею Пятровічу трэба толькі пратрымацца год-два, каб пайсці на павышэнне.

Фота: “Беларусь сегодня”.