Новая зорка TikTok – крычаўская котка, што выхоўвае куранят

У Крычаве хатняя котка стала зоркай TikTokу пасля таго, як узялася даглядаць за дзевяццю дзясяткамі куранят. Відэа з незвычайнай «сям’ёй» ужо набралі больш за мільён праглядаў.

На кадрах відаць, што котка паводзіць сябе амаль як маці: грэе малых, даглядае за імі і ўвесь час знаходзіцца побач. Курыцы такое суседства, відаць, не перашкаджае – птушка спакойна дзеліць з коткай клопат пра птушанят.

Кураняты бегаюць па кошцы, уладкоўваюцца побач з ёй і спяць усе разам. Гаспадыня кажа, што забраць гадаванку назад дадому цяпер складана: кошка не хоча сыходзіць ад сваіх маленькіх падапечных і застаецца з імі ў куратніку.

Фота: скрыншот відэа.

Жыхара Чавус будуць судзіць за паклёп на бездакорнага Лукашэнку

Жыхара Чавус судзяць за відэа – на фоне санкцый і міжнароднага расследавання супраць героя гэтага відэа.

У Чавусах 45-гадовага мясцовага жыхара будуць судзіць за «паклёп» у дачыненні да Лукашэнкі. Паводле версіі пракуратуры, ён размясціў у «ВКонтакте» відэаролік, у якім утрымліваліся абвінавачанні ў яго адрас. Крымінальная справа ўжо накіравана ў суд (дарэчы ў той самы, які нядаўна хлусіў пра экстрэмізм у гербе «Пагоня»), мужчына пакінуты пад вартай. Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле – да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Пра прысуд на дадзены момант не паведамляецца.

І вось тут узнікае пытанне, якое ў самой Беларусі фактычна забаронена: а чаму сумненню падлягае толькі чалавек, які апублікаваў відэа – але не той, пра каго ў гэтым відэа ідзе гаворка?

Таму што ў рэальнасці Лукашэнка – не проста «абаронены законам прэзідэнт». Ён і яго атачэнне знаходзяцца пад санкцыямі за сістэматычныя рэпрэсіі, падрыў дэмакратыі і парушэнні правоў чалавека. І гэта – афіцыйныя рашэнні, а не ацэнкі з сацыяльных сетак.

Больш за тое, сітуацыя па Беларусі перададзена ў Міжнародны крымінальны суд. Гаворка ідзе пра расследаванне магчымых злачынстваў супраць чалавечнасці – уключаючы палітычны пераслед. То бок абвінавачанні ў адрас беларускіх уладаў ужо разглядаюцца на міжнародным узроўні.

На гэтым фоне крымінальная справа супраць жыхара Чавус выглядае не як абарона гонару і годнасці, а як інструмент. У Беларусі чалавека судзяць за «паклёп» на Лукашэнку – у сістэме, дзе ён сам фарміруе судовую вертыкаль праз прызначэнне суддзяў.

У выніку маем цікавую канструкцыю:

  • адзін чалавек сядзіць у СІЗА за відэа ў інтэрнэце;
  • другі, знаходзячыся пад санкцыямі і ў полі міжнароднага расследавання, вызначае, хто будзе яго судзіць.

У такой сістэме пытанне «А Лукашэнка нічога не здзяйсняў?» – гэта ўжо не меркаванне. Гэта падстава для крымінальнай справы. Дагадайцеся з трох разоў: хто насамрэч павінен сядзець на лаве падсудных?

Фота БелТА.

Прусакі пасяліліся ў крычаўскай “Капеечцы”

У ТікТок завірусілася відэа, як прусак бегае па падлозе ў магазіне “Капеечка” ў Крычаве. Цяпер там правядуць дэзінсекцыю.

Відэа, якое з’явілася ў інтэрнэце два дні таму, на сённяшні дзень набрала больш за 40 тысяч праглядаў. На ім бачна, як па падлозе прадуктовага магазіна бегае даволі вялікі прусак.

Да відэа з’явілася шмат іранічных каментароў: “Не трэба здзіўляцца – гэта дырэктар магазіна, ён правярае свае уладанні”, “Такі харошанькі, укормлены”, “Бо ў кватэрах есці няма чаго, збеглі ў магазіны, там людзі дабрэйшыя”. Ёсць і тыя, якія спрабуюць нейкім чынам апраўдаць антысанітарыю ў асобна ўзятым магазіне: “У магазіне “Верас” тое ж самае… Прадавец сказала, што нічога зрабіць не могуць, бо прывозяць іх з хлебзавода”, “Няма чаму здзіўляцца, у кожным магазіне іх хапае”, “Нічога страшнага, гэта прадуктовы магазін, усюды так”.

Кіраўніцтва магазіна таксама адрэагавала на прусака. “Аб гэтым роліку мы ведаем. Даная сітуацыя вельмі непрыемная для нас. Меры прымаюцца. У бліжэйшы час санэпідэмстанцыя правядзе дэзінсекцыю” – заявіла загадчыца магазіна Кацярына Касценіч.

Скрыншот: Канал maratikzuv

Дрон-мапед зноўку лятаў над Магілёвам – яго бачылі на Слаўгарадскай шашы і на Шмідта

У TikTok з’явіўся ролік з пралётам БПЛА, падобным на расійскі баявы дрон, зняты над Магілёвам у раёне Слаўгарадскай шашы. Акрамя характэрнага сілуэту, лёгка пазнаецца яго гук, за які падобныя лятальныя апараты празвалі “мапедамі”. 

Гледзячы па роліку, яго аўтар знаходзіўся ў прыватным сектары Магілёва, здымаючы відэа з пралётам дрона. У кадр трапіў сам апарат, чуваць крык дзіцёнка: “Як блізка!”. У каментарах знайшлося некалькі чалавек, што бачылі БПЛА над Магілёвам таксама.

БПЛА могилев

Іншыя каментатары пішуць, што дрон – грамадзянскі, пушчаны для фіксацыі наступстваў учорашняй навальніцы. Але гэта супярэчыць словам аўтара роліка, які адзначае, што здымаў відэа яшчэ за дзень да ўрагану.

Каментатары з іншай катэгорыі сыплюць на аўтара пагрозы. 

дрон над могилевом
Гэта ўжо не першая фіксацыя беспілотных апаратаў над Магілёвам. Пра ранейшы такі выпадак mogilev.media пісалі 12 сакавіка.

Фота: скрыншот