Прусакі пасяліліся ў крычаўскай “Капеечцы”

У ТікТок завірусілася відэа, як прусак бегае па падлозе ў магазіне “Капеечка” ў Крычаве. Цяпер там правядуць дэзінсекцыю.

Відэа, якое з’явілася ў інтэрнэце два дні таму, на сённяшні дзень набрала больш за 40 тысяч праглядаў. На ім бачна, як па падлозе прадуктовага магазіна бегае даволі вялікі прусак.

Да відэа з’явілася шмат іранічных каментароў: “Не трэба здзіўляцца – гэта дырэктар магазіна, ён правярае свае уладанні”, “Такі харошанькі, укормлены”, “Бо ў кватэрах есці няма чаго, збеглі ў магазіны, там людзі дабрэйшыя”. Ёсць і тыя, якія спрабуюць нейкім чынам апраўдаць антысанітарыю ў асобна ўзятым магазіне: “У магазіне “Верас” тое ж самае… Прадавец сказала, што нічога зрабіць не могуць, бо прывозяць іх з хлебзавода”, “Няма чаму здзіўляцца, у кожным магазіне іх хапае”, “Нічога страшнага, гэта прадуктовы магазін, усюды так”.

Кіраўніцтва магазіна таксама адрэагавала на прусака. “Аб гэтым роліку мы ведаем. Даная сітуацыя вельмі непрыемная для нас. Меры прымаюцца. У бліжэйшы час санэпідэмстанцыя правядзе дэзінсекцыю” – заявіла загадчыца магазіна Кацярына Касценіч.

Скрыншот: Канал maratikzuv

У якіх магазінах нізкіх коштаў – самыя нізкія кошты ў Магілёве? Разбіраемся

Mogilev.media прайшліся па дыскаўнтэрах абласнога цэнтра і склалі рэйтынг сапраўды самых танных сярод самых танных. Розніца ў цэнніку за адзінаццаць аналагічных тавараў склала амаль 4,5 рублёў, альбо 15,4% ад сумы.

Крамы нізкіх коштаў пачалі адыгрываць усё большую ролю ў побытавых звычках беларускага насельніцтва. Нягледзячы на рост сярэдняй зарплаты, пра які рапартуюць афіцыйныя крыніцы, сваім кашальком грамадзяне дэманструюць натуральнае імкненне ашчаджаць і быць гатовымі да найгоршага.

Сеткі дыскаўнтараў шырока развіваюцца па ўсёй Беларусі, прымяняючы самыя разнастайныя стратэгіі прыцягнення наведвальнікаў і зніжэння выдаткаў дзеля захавання сваёй прывабнасці ў вачах пакупнікоў. У цэнтры адной стратэгіі можа быць эканомія на самых элементарных выдатках, напрыклад, на эстэтычных рашэннях.

Іншыя аптымізуюць лагістыку, эканомяць на складскіх памяшканнях, заробках супрацоўнікаў, ці чымсьці яшчэ. А што на выхадзе? Якая стратэгія прыводзіць да рэальна самых танных цэннікаў у крамах?

Метадалогія даследавання 

Мы выбралі сем прадуктовых дыскаўнтэраў у Магілёве і параўналі, колькі каштуе базавы набор самых простых і частых пакупак у кошыках грамадзян. Вось гэтыя крамы – “Грошык”, “Светофор”, “Доброцен”, “Мегаопт”, “Копеечка”, “Маяк” і “ВпрОК”. Як бачым, у спіс увайшлі як міжнародныя сеткі, кшталту расійскіх “Светофора” і “Доброцена”, так і беларускія прыватныя “Грошык” і “Копеечка”, і нават дзяржаўны “Мегаопт” і чыста магілёўскі “ВпрОК”. 

Набор прадуктаў мы для першага разу вырашылі скласці самы агульны і просты. Пакуль што ён не цалкам супадае з прынцыпам спажывецкага кошыка, але на гэта ёсць пэўныя рэзоны. У наш набор увайшлі – хлеб, малако, макароны, грэчка, сыр, каўбаса, алей і крыху гародніны на салат – цыбуля, гуркі і таматы. Ну, і мы яшчэ дадалі адзін бонус – бляшанку піва.

У некаторых выпадках адзін і той жа тавар аднаго брэнда прысутнічаў у большасці крам. Гэта дазваляла нам прыйсці да высновы пра ўзровень зніжкі, якую ў выніку атрымлівае пакупнік, наведвальнік магазінаў нізкіх цэн. У іншых – тавары мелі розных вытворцаў, але былі супастаўляльныя па наменклатуры (напрыклад, каўбаса “Доктарская”) кошце і якасці. Так, каўбаса бралася толькі вышэйшага гатунку, а прынцып выбару піва, напрыклад, быў адзіным – самая танная бляшанка светлага піва аб’ёмам да 0,5 л.

Але некаторыя тавары зусім не прадстаўлены ў шэрагу дыскаўнтэраў. Так, няма хлеба і гародніны ў “Дабрацэне”, у “Светлафоры” таксама няма хлеба, а з гародніны толькі цыбуля. Адсутнічала гародніна і ў “Мегаопце. У такім разе мы залічвалі ў агульны падлік кошт аналагічнага тавару ў іншай  краме (таксама краме нізкіх коштаў) па найвышэйшай выяўленай цане. Логіка тут простая – каб дабраць у свой кошык гэты тавар, пакупнік усё роўна вымушаны будзе ісці ў іншую краму і там яго купляць. А кошт можа быць ужо не коштам дыскаўнтэра, а вышэй. Так што, спадзяемся, што адлюстравалі ў канчатковым падсумаванні максімальна аб’ектыўны вынік.

Пачынаем

Чорны хлеб. У “Грошыку”, “ВпрОК”, “Маяку”, “Мегаопце” і ў “Капеечцы” ён быў. Па кошце ад 0,75 у “Грошыку” да 1,65 у “ВпрОК”. Дзесьці гэта быў хлеб “Стары Менск”, як у “Грошыку”, што аказаўся самым танным (у спіну дыхаў хлеб за 0,76 з “Маяка”), а дзесьці толькі магілёўскі “Сітны” ў “ВпрОК” за найбольшую суму ў гэтай лінейцы. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што “Сітны” ў краме “ВпрОК” пры масе 0,95 кг за 1,65 рублі выйграе перад такімі самымі гатункам, аб’ёмам і вытворцай у крамах “Грошык” (2,13 р.) і “Капеечка” (2,15 р.). Такім чынам, “Сітны” у “ВпрОК ” аказаўся самым танным “Сітным” сярод усіх, але самым дарагім у катэгорыі чорнага хлеба за найніжэйшы кошт.

Малако. Тут кошты раскіданыя не так шырока – ад 1,60 у “Светлафоры” да 1,92 ў “Мегаопце”. 

Яшчэ крыху эстэтыкі дыскаўнтэраў 

Грэчка. Самая танная ў “Светлафоры” за 1,35. Далей 1,55 у “Дабрацэне” і 1,57 у “Мегаопце”. Найбольш дарагая сярод самых танных – у “Грошыку” і “Капеечцы” за 1,79.

Самы танны пачак макаронаў сустрэўся ў “Маяку” за 0,79. Далей ідуць “Капеечка” з макаронамі за 0,83, “Грошык” (0,94 р.) і “Светлафор” – 0,96. Самыя дарагія ў “ВпрОК”, па 1,69 за пачак.

Алей адсутнічаў у “Светлафоры”, таму гэтай краме мы залічылі кошт як у “Капеечцы”, самы высокі па дыскаўнтэрах – 3,99. Найніжэйшы кошт за рафінаваны саланечнікавы алей знайшоўся ў “Мегаопце” – 2,59. Бліжэйшы пераследвальнік – “ВпрОК “, 2,65 і “Дабрацэн”, 2,69.

Каўбаса “Доктарская”, 400 грам была прадстаўлена ад розных вытворцаў і каштавала ад 3,29 у “Светлафоры” да 4,00 у “Дабрацэне”. Па 3,59 яна каштуе ў “Маяку” і “Капеечцы”. Іншую каўбасу, канечне, можна было знайсці і яшчэ танней, але мы вырашылі скарыстацца прадстаўленасцю аднаго і таго ж гатунка ва ўсіх крамах. 

Тое самае з сырам – гатунак “Расійскі” брэнда “Брэст-Літоўск” сустрэўся ў кожнай краме, што дазволіла даць аб’ектыўны агляд зніжак, якіх дасягаюць дыскаўнтары. “Светлафор” – 2,98, “Маяк” – 2,99, “Дабрацэн” – 3,15, “Грошык” – 3,85, “Мегаопт” – 3,95, “ВпрОК ” – 3,98 і “Капеечка” – 3,99.

Калі падсумаваць агульны цэннік на названыя сем тавараў, то ў даследаваных дыскаўнтэрах ён складзе: у “Маяку” – 14,43 рублі за ўсё, у “Светлафоры” 14,82, у “Грошыку” 15,66, у “Мегаопце” 16,01, у “Дабрацэне” 16,28, у “Капеечцы” 16,90 а самы дарагі аказаўся ў краме “ВпрОК” – 17,32.

Цыбуля, гуркі і памідоры прадаваліся ў чатырох дыскаўнтэрах з сямі – у “Грошыку”, “ВпрОК”, “Маяку” і “Капеечцы”. Цыбуля яшчэ, нагадаем, была ў “Светлафоры”. Кошты за белую рэпчатую цыбулю вагаюцца ад 0,85 у “Грошыку” да 1,05 у “Маяку”. Гуркі (гладкія) самыя танныя ў “Грошыку” – 1,89. Самыя дарагія ў “ВпрОК” – 2,71. Таматы каштуюць аднолькава ў “Грошыку”, “Маяку” і “Капеечцы” – 4,89, а ў “ВпрОК” 5,60.

Што ж да піва, самае таннае мы знайшлі ў “Светлафоры”, расійскі “Старый мельник” па 1,37 за бляшанку. Самая танная беларуская “Аліварыя дзясятка” – у “Грошыку” за 1,45. Найвышэйшы кошт сярод самых танных бляшанак аказаўся ў “Мегаопце” – 1,92.

Такім чынам, падсумоўваючы набыты кошык аднолькавых прадуктаў у кожнай краме-дыскаўнтары, мы атрымалі наступны рэйтынг.

  1. “ВпрОК” – 28 рублёў 57 капеек за ўсе адзінаццаць тавараў.
  2. “Мегаопт” – 27,57.
  3. “Дабрацэн” – 27,41.
  4. “Капеечка” – 26,72.
  5. “Светлафор” – 25,81.
  6. “Грошык” – 24,74.
  7. “Маяк” – 24,15.

Розніца паміж самім дарагім кошыкам і самым танным склала 4 рублі 42 капейкі, альбо 15,4% ад усёй сумы. І сённяшні пераможца – гэта гандлёвая сетка “Маяк”, якая прадэманстравала не толькі самыя прывабныя кошты, але і паўнату выбару.

Спадзяемся, што гэтае даследаванне дапаможа нашым чытачам, а мы будзем працягваць свае агляды і параўноўваць спажывецкія кошыкі ў розных гандлёвых сетках Магілёва. Дзяліцеся сваімі назіраннямі і заўвагамі ў каментарыях у сацыяльных сетках, mogilev.media з удзячнасцю прыслухацца да іх дзеля далейшага ўдасканалення метадалогіі. 

Фота: mogilev.media

Колькасць крам, дзе гандлявалі пратэрмінаванай прадукцыяй паменшылася на 40%

Аддзяленне гігіены харчавання Магілёўскага абласного цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя размясціла на сваім сайце інфармацыю па аб’ектах гандлю і грамадскага харчавання, у якіх у снежні 2022 года ажыццяўляўся гандаль таварамі са скончанымі тэрмінамі прыдатнасці ці захоўвання.

Былі выяўлены парушэнні ў 9 гандлёвых кропках у 6 адміністрацыйных адзінках вобласці, галоўным чынам, у гарадах і толькі два ў сельскай мясцовасці – Магілёўскі раён, в. Міхалёва, Хоцімскі раён, в. Трасціно . 

Парушэнні дапусцілі крамы добравядомых гандлёвых сетак: “Соседи” (Бялынічы, прадукцыі з парушэннямі тэрмінаў на 89,55 рублёў – самы высокі паказчык сярод правераных кропак), “ПерекрестОК-4” (Магілёў),  “Копеечка” (дзве ў Чавусах), “Родны кут” (дзве крамы ў Хоцімскім раёне). Парушэнні выяўлены і ў крамах «Фея», «Каля дома» у г. Горкі.

На  гэтых аб’ектах гандляваліся з пратэрміноўкай мясныя, кулінарныя, каўбасныя вырабы, кісламалочная прадукцыя, квас, салата. 

Аналіз праверак гандлёвых кропак паказвае станоўчую тэндэнцыю – колькасць крам з пратэрмінаванай прадукцыяй паменшылася на 40%. Напрыклад, у  кастрычніку 2022 года парушэнні былі выяўдены на 15 гандлёвых аб’ектах у 8 раёнах з 21 у вобласці – Быхаўскім, Горацкім, Краснапольскім, Крычаўскім, Магілёўскім, Слаўгарадскім, Чавускім і Шклоўскім. 

Вот такой хлебушек продается в Бобруйске – фотофакт

Магазин «Копеечка», который на Ульяновской, 21 шлёт бобруйчанам флюиды любви – пишет Телеграм-канал “Бобруйск онлайн”. И в качестве бонуса – фото из того же магазина с товаром, который валяется на полу.