Дзень у гісторыі. 3 мая. Дзень Сонца, вольнага друку. Першая ў Еўропе Канстытуцыя. Нарадзіўся У. Галубок. Дзень памяці Шушкевіча

Сусветны дзень Сонца (World Day of the Sun, з 1994 года).

Сонца – найбліжэйшая да Зямлі зорка. Яна знаходзіцца на адлегласці 150 мільёнаў кіламетраў. Іншая бліжэйшая да нас зорка Проксіма з сістэмы aльфа Цэнтаўра ў 2500 разоў далей Сонца. Сонца дае святло і цеплыню, неабходныя для Зямлі. Менавіта яно вызначае жыццё і экалогію планеты.

Сонца – цэнтральная і адзіная зорка Сонечнай сістэмы, вакол якой круцяцца іншыя аб’екты сістэмы – планеты, карлікавыя планеты са сваімі спадарожнікамі, астэроіды, метэарыты, каметы і касмічны пыл.

Цікавыя факты.

Маса Сонца складае 99,8% ад масы ўсёй Сонечнай сістэмы.

Па спектральнай класіфікацыі Сонца адносіцца да тыпу “жоўты карлік”. Сонца свеціць бялявым святлом, але з-за прыгнечання часткі спектру атмасферай Зямлі гэта святло набывае жоўтае адценне.

На Зямлю пападае 1/2 мільярднай часткі сонечнага выпраменьвання.

Сонца абарочваецца вакол цэнтра Галактыкі з хуткасцю 220-240 км/с.

Гравітацыя на паверхні Сонца ў 28 разоў перавышае гравітацыю Зямлі: калі чалавек на Зямлі важыць 60 кг, то на Сонцы ён стане важыць 1680 кг.

Сонечнае святло да Зямлі праходзіць за 8,3 хвіліны, да Плутона – за 5,5 гадзіны.

Зорка круціцца вакол сваёй восі за 25,38 зямных сутак.

Тэмпература на паверхні складае каля 5 500°С, у ядры 13 599 726°С.

Сонца пражыло ўжо палову свайго жыцця, яго ўзрост 4,57 млрд. гадоў.

Сонца – адна з 6 000 зорак, якія мы можам убачыць няўзброеным вокам.

Яно адно з 200 мільярдаў зорак у галактыцы Млечны Шлях.

Сонца абсалютна газападобнае.

Дзякуючы сонечнаму святлу, у арганізме ўтвараеца натуральны антыдэпрэсант – мелатанін, які забяспечвае нам паўнавартасны сон, а значыць аднаўленне ўсяго арганізма.

Сусветны дзень вольнага друку (World Press Freedom Day, з 1993 года).

Устаноўлены ЮНЕСКА.

У 1991 годзе ў сталіцы Намібіі была прынята “Віндхукская дэкларацыя”, у якой змяшчаўся заклік да ўрадаў дзяржаў свету забяспечваць свабоду прэсы і яе дэмакратычны характар.

У дэкларацыі падкрэслівалася, што найважнейшым складнікам любога дэмакратычнага грамадства з’яўляецца свабодная, плюралістычная і незалежная прэса.

Сусветны дзень свабоды друку з’яўляецца штогадовым напамінам міжнароднай супольнасці аб тым, што свабода друку і свабода выказвання меркаванняў з’яўляюцца асноўнымі правамі, замацаванымі ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Беларусь у 2023 годзе заняла 195-е месца з 210 краін у рэйтынгу “Свабода ў свеце-2023”.

1113 год. Вялікім князем Кіеўскім стаў Уладзімір Манамах (1053–1125).

Праўнук полацкай княжны Рагнеды, адзін з самых выбітных дзеячаў старажытнай Русі, рэфарматар.

1791 год. Прыняцце першай ў Еўропе Канстытуцыі.

Вялікі Сойм Рэчы Паспалітай зацвердзіў Канстытуцыю – першую ў Еўропе, другую ў свеце (пасля ЗША) і апошнюю для супольнай дзяржавы Каралеўства Польскага і ВКЛ. У Польшчы Дзень Канстытуцыі – 3 мая.

Асноўны закон змяняў форму праўлення Рэчы Паспалітай на канстытуцыйную манархію, вызначыў падзел галін улады (заканадаўчай, выканаўчай і судовай). У Канстытуцыі дэталёва прапісана і вызначана важная роля караля (вялікага князя). Уводзілася спадчыннасць трона замест ранейшай выбарнасці манарха соймам. Скасоўваліся такія характэрныя да таго часу для Рэчы Паспалітай правы як права ліберум вета ў сойме і права шляхты на канфедэрацыю.

23 лістапада 1793 года дзеянне Канстытуцыі было скасавана рашэннем Гарадзенскага сойма.

У 2014 годзе Канстытуцыя 3 мая была занесена ў Польскі дзяржаўны спіс праграмы ЮНЕСКА «Памяць свету», у 2015 годзе занесена ў Спіс Еўрапейскай спадчыны.

1863 год. Пачатак баявых дзеянняў паўстанцаў на Магілёўшчыне.

3-9 мая 1863 года дзейнічаў Чарнаруцкі паўстанцкі атрад пад час паўстання 1863–1864 гадоў.

Назва атрада – ад фальварка Чарнаручча на Кругляншчыне, дзе быў сфарміраваны 20 красавіка ў 40 чалавек. У яго склад уваходзілі афіцэры, дробныя чыноўнікі, студэнты, шляхта і іх дваровыя людзі. Узначальваў атрад А. Алендскі па мянушцы “Антоній”.

Атрад абходзіў вёскі поўначы Магілёўскага павета, зачытваўся маніфест з заклікам да сялян далучыцца да паўстання. Атрад прайшоў вёскі Навасёлкі, Палыкавічы, Літвары, Дудаковічы, Варгуцёва, Філатава, мястэчкі Друцк, Круча. Да моманту разгрому царскімі войскамі ён меў больш за 100 чалавек.

Атрад разгромлены ротай рускага Алексапольскага палка ў лесе каля мястэчка Славені (цяпер Талачынскі раён), калі паўстанцы сталі на начлег: забіта 21, паранена 2, узяты ў палон каля 160 чалавек (з іх каля 60 здалі рускім войскам мясцовыя сяляне).

Паўстанцы. Фота носіць ілюстрацыйны характар

1864 год. Памёр Станіслаў Горскі (1802–1864).

Беларускі прыродазнавец, медык, педагог.

Скончыў Віленскі ўніверсітэт. Працаваў загадчыкам батанічнага сада Віленскага ўніверсітэта, прафесарам Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, працаваў у Паставах, Берліне, у маёнтку А. Кубліцкага ў Свянцянскім павеце.

За спачуванні нацыянальна-вызваленчаму руху высланы ў Сібір, дзе скончыў жыццё самагубствам.

Адзін з першых даследчыкаў Белавежскай пушчы. Аўтар прац па батаніцы і энтамалогіі. Публікаваў нататкі з падарожжаў па батанічных садах Еўропы. Арганізаваў шырокі абмен гербарыямі паміж вучонымі Еўропы. Многія адкрытыя ім віды раслін названы яго імем.

Белавежская пушча.

1877 год. Нарадзіўся Антон Грыневіч.

Збіральнік беларускага музычнага фальклору, выдавец.

Заснавальнік «Выдавецтва Антона Грыневіча» (1910) у Пецярбургу, удзельнік суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца».

Да рэвалюцыі выдаў сваім коштам два тамы «Беларускія песьні з нотамі», зборнікі паэзіі Янкі Купалы «Гусляр», «Адвечная песня», тры зборнікі апавяданняў Якуба  Коласа, першую кнігу У. Галубка «Апавяданні», зборнікі навел Таўруса і Гвазда.

Выдавец чатырох кніг па спевах, падрыхтаваў да друку зборнікі «Аднагалосыя, двухгалосыя і шматгалосыя народныя песні», «Дзіцячыя гульні» і іншыя. Аўтар «Праграмы-інструкцыі для збіральнікаў беларускай музычна-этнаграфічнай творчасці» (часопіс «Наш край»).

Загадчык мастацкай падсекцыі Белнацкаму, Беларускага народнага дому, сакратар музычнай падсекцыі Інбелкульту, супрацоўнік Акадэміі навук БССР. Удзельнік этнаграфічных экспедыцый на Палессі, на Полаччыне, у паўночных раёнах Беларусі.

У архівах Беларусі і Вільні захоўваецца да 1000 запісаў беларускага меласу, сабраных Грыневічам.

Арыштаваны ў 1933 годзе. Памёр у ГУЛАГу 8 снежня 1937 года.

1904 год. Джордж Паркер запатэнтаваў сваю першую пісьмовую асадку.

Гэта была асадка з механічнай сістэмай набору чарнілаў, якая ўяўляла сабой практычны гумавы мяшочак.

Паркер займаўся канструяваннем асадак і ў 1892 годзе заснаваў “Parker Pen Company”. Першы свой патэнт атрымаў у 1889 годзе, а ў 1894-м ён здзейсніў рэвалюцыю ў свеце ручак, запатэнтаваўшы фідэры Lucky Curve. Ён практычна цалкам вырашыў праблему пёравых асадак свайго часу, якія ўвесь час працякалі ў кішэнях і партфелях.

1882 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Галубок (Голуб, Голубеў).

Беларускі драматург, акцёр і рэжысёр, заснавальнік беларускага савецкага тэатра. Народны артыст Беларусі (1928).

Яго драматургічная, рэжысёрская і акцёрская дзейнасць  з’яўляецца сувязным звяном паміж дарэвалюцыйным і савецкім беларускім тэатрам.

Творча развіў традыцыі старажытнага народнага тэатра: батлейкі, народнай драмы, інтэрмедый. Выхаваў многіх беларускіх акцёраў, у тым ліку У. Дзядзюшка, К. Быліч, А. Блажэвіч.

У яго трупе рабіла свае першыя крокі на сцэне С. Станюта, музычнай часткай кіраваў Н. Сакалоўскі – аўтар Дзяржаўнага гімна Беларусі.

Арыштаваны НКУС ў 1937 годзе. Далейшы лёс невядомы. У біяграфічных крыніцах датай смерці ўказваецца 28 верасня 1937 года.

У фальшывай адпісцы НКУС засведчана, што памёр у 1942 годзе ад гіпертаніі.

1953 год. Нарадзіўся Франц Сіўко.

Беларускі празаік, публіцыст, педагог. Лаўрэат прэміі «Гліняны Вялес».

Скончыў БДУ. Настаўнічаў у Верхнядзвінску, Віцебску, працаваў у газеце «Віцебскі рабочы», у Віцебскім тэхналагічным універсітэце. Супрацоўнічае з каталіцкім часопісам «Ave Maria». Член Беларускага ПЭН-цэнтра, быў старшынёй Віцебскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Аўтар 13 кніг прозы.

2022 год. Памёр Станіслаў Шушкевіч (1934–2022).

Беларускі навуковец-фізік, дзяржаўны дзеяч. Першы кіраўнік незалежнай Рэспублікі Беларусь (1991–1994), адзін з трох удзельнікаў падпісання Белавежскага пагаднення, якое юрыдычна замацавала распад СССР.

У 1989 годзе стаў народным дэпутатам СССР. На Першым з’ездзе народных дэпутатаў СССР у траўні 1990 года ўвайшоў у склад Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы. Лідар партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада (1998–2018). У 2007 годзе Лех Валенса вылучыў С. Шушкевіча на атрыманне Нобелеўскай прэміі міру.

Член-карэспандэнт НАНБ, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларусі.

У 1986–1990 гадах працаваў прарэктарам па навуковай рабоце БДУ.  Чытаў лекцый ва ўніверсітэтах ГДР, Югаславіі, Польшчы, ЗША (Гарвардскі, Ельскі, Калумбійскі), працаваў у Даследчым цэнтры імя Вудра Вільсана ў Вашынгтоне.

Падрыхтаваў 33 кандыдата фізіка-матэматычных навук, з’яўляўся навуковым кіраўніком 5 доктарскіх дысертацый.

Дзень у гісторыі. 31 сакавіка. СССР папрасіўся ў НАТА. Першая ахвяра СОVID – акцёр В. Дашкевіч

1697 год. Маскоўскі дыпламат, стольнік Пётр Талсты пабываў у магілёўскім Брацкім манастыры. 

Ён  прыбыў у Магілёў напярэдадні. «У тым манастыры царква саборная вялікая, будынак у царкве ладнай разьбяной працы пазалочаны. Тая царква ўся падпісана насценным лістом ладным, іканастас разны пазалочаны, вялікі, ладнай працы».

Богаяўленскі манастыр
Брацкі Богаяўленскі манастыр (1620–1940-я).

1785 год. Памёр ураджэнец Наваельні граф Антоній Тызенгаўз (1733–1785).

Дзяржаўны дзеяч ВКЛ, мецэнат. Заснавальнік першага на Беларусі перыядычнага выдання – «Gazeta Grodzieńska». Адміністратар каралеўскіх эканомій: Гарадзенскай, Брэсцка-Кобрынскай, Шавельскай, Аліцкай і Магілёўскай.

Яго намаганнямі Гродна зрабілася месцам працы розных дзяржаўных устаноў: Скарбовай камісіі, Вярхоўнага Трыбунала, задворнага асэсарскага суда. 

Заснаваў у горадзе і яго ваколіцах шэраг мануфактур, адчыніў гарадскі тэатр,  кадэцкі корпус, гандлёвую, землямерную, медыцынскую, тэатральную і іншыя школы, друкарню.

У 1775 годзе набыў у Вільні друкарню, выдаваў календары, часопіс «Gazety Wileńskie».

Палымяны прыхільнік асветы, усталявання роднай мовы. Прапаноўваў Ж.-Ж. Русо  пераехаць жыць у Гродна або ў Белавежскую пушчу.

Пахаваны ў фамільным склепе ў Жалудоцкім касцёле.

Помнікі Тызенгаўзу ўстаноўлены ў Гродзенскім Фарным касцёле, Паставах, яго імем названа плошча ў Гродне.

Антоній Тызенгаўз

1889 год. У Парыжы ўрачыста адкрыта Эйфелева вежа.

Сімвал Парыжа, кахання ў закаханых парачак з усяго свету. Першапачаткова задумвалася як часовая канструкцыя і была пабудавана ўсяго за 2 гады на Марсавым полі ў якасці ўваходнай аркі на тэрыторыю экспазіцыі Сусветнай выставы 1889 года. Пазней названа ў гонар свайго канструктара Г. Эйфеля.

Ажурнае збудаванне складаецца з 18 000 металічных дэталяў, для злучэння якіх было выкарыстана 2,5 мільёны заклёпак. Металічныя канструкцыі важаць 7300 тон, а агульная вага, уключаючы неметалічныя элементы, складае 10000 тон.

15 мая 1889 года на вежу падняліся першыя наведвальнікі.

324 мятровая вежа была самай высокай ў свеце да 1930 года.

Эйфелева вежа

1904 год. На браняносцы «Петрапаўлаўск» падчас руска-японскай вайны загінуў ураджэнец Мінска Андрэй Валковіч (1870–1904).

Ваенны ўрач. Доктар медыцыны.

Скончыў Імператарскую Ваенна-медыцынскую акадэмію. Прымаў удзел у барацьбе з эпідэміямі тыфа, халеры ў Вяцкай губерні.

Служыў урачом у розных флоцкіх экіпажах. Аддаваў перавагу не практычнай, а эксперыментальнай медыцыне, якой ён з захапленнем заняўся па прапанове і пад кіраўніцтвам І. Паўлава.

Удзельнік руска-шведскай экспедыцыі (1899–1901) па градусным вымярэнні на архіпелагу Шпіцберген. На востраве збіраў гідралагічны і заалагічны матэрыял.

Удзельнік руска-японская вайны.

У яго гонар названа гара на ўсходзе Зямлі Тарэля вострава Заходні Шпіцберген.

Андрэй Валковіч

1910 год. Пад Браславам нарадзіўся Юзаф Буйноўскі (1910–2001).

Польскі паэт, гісторык літаратуры, літаратурны крытык, эсэіст.

Скончыў Дзісенскую гімназію, Віленскі ўніверсітэт.

Выкладаў у Браслаўскай прыватнай гімназіі, выдаў у мясцовай друкарні два зборнікі вершаў. Перад вайной працаваў у Вільні.

Пасля пачатку ІІ Сусветнай вайны быў мабілізаваны ў польскую армію і ўдзельнічаў у баявых дзеяннях пад Львовам. У 1939–1941 гадах быў зняволеным ў савецкім лагеры, з якога ўцёк у Вільню. У 1941 годзе быў арыштаваны НКУС і адпраўлены ў канлагер на Урал, зноў уцёк і ўступіў у армію генерала Андэрса, удзельнічаў у баявых дзеяннях 2-га корпуса на тэрыторыі Італіі. 

У 1946 годзе стаў сузаснавальнікам польскага ПЭН клуба і пераехаў на пастаяннае жыхарства ў Англію.

У Вялікабрытаніі займаўся выдавецкай, літаратурнай дзейнасцю, кіраваў выдавецтвам Польскага літаратурнага таварыства, утрымліваў уласную друкарню. Як доктар і прафесар выкладаў ва ўніверсітэтах Англіі, Амстэрдама, Гайдэльберга.

Юзаф Буйноўскі

1952 год. У в. Чарняўка Хоцімскага раёна нарадзіўся Алег Мінкін.

Беларускі пісьменнік, перакладчык. Узнагароджаны літаратурнымі прэміямі «Гліняны Вялес» за кнігу вершаў «Пенаты», імя М. Стральцова за паэтычную творчасць.

Скончыў Бабруйскую школу-інтэрнат № 1, Маскоўскі інстытут інжынераў сельскагаспадарчай вытворчасці.

Працаваў у Бураціі, на нафтаправодзе «Дружба» ў Наваполацку, у «Галоўтранснафце» (Гомель), на нафтаправодах Цюменскай вобласці.

Жыве ў Вільнюсе. Выдаваў газету «Рунь».

Аўтар вершаў, зборнікаў паэзіі, прозы, дзіцячых кніг.

Пераклаў вершы Ц. Норвіда, Б.  Лесьмяна, Л. Стафа, М. Зэрава, П. Грабоўскага.

Алег Мінкін

1954 год. СССР звярнуўся да НАТА з просьбай прыняць яго ў сябры арганізацыі.

НАТА просьбу не задаволіла.

НАТА

1964 год. Нарадзіўся Ян Збажына.

Беларускі паэт і празаік.

Працаваў у школах і ўніверсітэце ў Баранавічах. Заснавальнік маладзёжнага і скаўцкага руху ў г. Баранавічы, адзін з заснавальнікаў Баранавіцкага філіяла БАЖ.

Аўтар, сааўтар кніг, зборнікаў паэзіі, апавяданняў, афарызмаў, вершаў, эсэ, якія друкаваліся ў многіх газетах, часопісах «Першацвет», «Бярозка», «Маладосць», «Полымя», «Дзеяслоў».

Памёр 10 лютага 2011 года.

Ян Збажына

1969 год. Памёр Мікалай Шчаглоў-Куліковіч (1893-1969).

Беларускі кампазітар, этнограф, паэт, музыколаг, дзеяч беларускага руху ў эміграцыі, аўтар музыкі гімна на словы М. Багдановіча “Пагоня”, адзін з арганізатараў Тэатра оперы і балета Беларусі, дырыжор яго сімфанічнага аркестра, дырыжор сімфанічнага аркестра Усебеларускага Радыёкамітэту, музычны рэдактар Беларускага радыё.

У красавіку 1944 года ў Мінскім гарадскім тэатры паставіў оперу «Усяслаў Чарадзей» на вершы Н. Арсенневай.

Заснаваў у Нью-Ёрку беларускі хор, кіраваў беларускімі хорамі ў Кліўлендзе і Чыкага. Пакінуў вялікую музычную спадчыну.

Шчаглоў-Куліковіч
Тэатр оперы і балета

1971 год. У 3-й гарадской бальніцы Мінска нарадзіўся Павел Бурэ.

У пасведчанні аб нараджэнні месцам нараджэння запісана Масква па месцы прапіскі бацькоў.

Савецкі і расійскі хакеіст. Заслужаны майстар спорту СССР. Правёў у НХЛ 12 сезонаў у складзе каманд «Ванкувер Кэнакс», «Фларыда Пантэрз» і «Нью-Ёрк Рэйнджэрс». За сваю хуткасць атрымаў мянушку “Руская ракета”.

У рэгулярных сезонах НХЛ правёў 702 гульні, у якіх набраў 779 ачкоў (437 шайб і 342 перадачы). Па сярэдняй колькасці шайб за матч (0.623) займае пятае месца ў гісторыі НХЛ. Шэсць разоў удзельнічаў у матчах усіх зорак, а ў 2000 годзе атрымаў прыз самаму каштоўнаму гульцу матчу ўсіх зорак.

Член залы славы Міжнароднай федэрацыі хакея і Залы хакейнай славы. Уваходзіць у спіс 100 найвялікшых хакеістаў за ўсю гісторыю НХЛ.

Павел Бурэ

2020 год. Першай афіцыйнай ахвярай каронавіруса на Беларусі стаў Віктар Дашкевіч (1945–2020).

Беларускі акцёр. Заслужаны артыст. Уладальнік медаля Ф. Скарыны.

Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

Працаваў акцёрам, загадчыкам трупы ў Нацыянальным драматычным тэатры імя Якуба Коласа, дырэктарам Беларускага тэатра «Лялька» (Віцебск).

Сыграў больш за 40 ролей у тэатры, у тым ліку ў пастаноўках «Несцерка» В. Вольскага, «Прымакі» Янкі Купалы, «Званы Віцебска» У.  Караткевіча, «Чорная нявеста» А. Дударава, «Апошнія сведкі» С.  Алексіевіч.

Віктар Дашкевіч

Дзень у гісторыі. 8 сакавіка. Жаночы дзень

Міжнародны жаночы дзень – свята, якое адзначаюць у шэрагу краін як «жаночы дзень». 

Сэнс, закладзены ў гэтае вызначэнне, вар’іруецца ад дня барацьбы жанчын за грамадзянскія і сацыяльныя правы да дня шанавання жанчын, што некаторымі ўспрымаецца як праява сексізму.

У 1910 годзе ў Капенгагене адбылася 2-я Міжнародная канферэнцыя працоўных жанчын. Лідэр жаночай групы сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі Клара Цэткін прапанавала, каб Жаночы дзень адзначаўся штогод у кожнай краіне ў адзін і той жа дзень. Мэтай гэтага свята Цэткін назвала барацьбу жанчын за свае правы. Гэтая прапанова атрымала аднадушную падтрымку канферэнцыі з удзелам больш за 100 жанчын з 17 краін.

Міжнародны жаночы дзень упершыню адзначаўся 19 сакавіка 1911 года ў Аўстрыі, Германіі, Даніі і Швейцарыі. 8 сакавіка 1914 года камуністкі, суфражысткі і эмансіпе Еўропы правялі мітынгі ў знак салідарнасці са сваімі сёстрамі.

У ходзе вайны, расійскія жанчыны, работніцы ткацкіх фабрык сталі адзначаць дзень жанчын 23 лютага па юліянскім календары, аднак па грыгарыянскім календары гэта было 8 сакавіка.

У СССР Дзень жанчын стаў афіцыйным святам, але быў рабочым днём. Толькі з 1965 года гэтае свята стала не працоўным.

У 1975 годзе падчас Міжнароднага года жанчын ААН зацвердзіла дзень 8 сакавіка ў якасці Міжнароднага. 

1169 год. Кіеў узяты войскам уладзімірскага князя Андрэя Багалюбскага “на шчыт” і ўпершыню падвергнуты рабаванню ва ўнутрыусобных войнах.

Летапісы павядамляюць, што за тры дні былі “разрабаваны ўвесь горад, Падол і Гара, і манастыры, і Сафія, і Дзесяцінная Багародзіца, і не было памілавання нікому і ніадкуль. Жонкі адведзены былі ў палон. Цэрквы агалілі ад абразоў, кніг, рыз, і званы вынеслі. Усімі смольнянамі, і суздальцамі, і чарнігаўцамі, і Вольгавай дружынаю ўсе святыні ўзяты былі. Запалены быў манастыр Пячэрскай Святой Багародзіцы, але Бог малітвамі Святой Багародзіцы збярог ад такой страты. І было ў Кіеве ўсім людзям стогн, і туга, і скруха няўцешная, і слёзы няспынныя”.

Узяцце Кіева ўспрымалася сучаснікамі як нешта беспрэцэдэнтнае: “яго не было ніколі”, пісаў суздальскі летапісец. 

З гэтага моманту Кіеўская Русь няўхільна рухалася да поўнага заняпаду.

рабаванне кіева

1882 год. Нарадзіўся Аляксандр Чарвякоў (Чарвяк).

Дзяржаўны дзеяч БССР, партыйны дзеяч РКП(б) і КП(б)Б.  Старшыня Беларускага нацыянальнага камісарыята, падпісант “Маніхвэста аб абвяшчэнні ССРБ” 1 студзеня 1919 года, член Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. Камісар асветы ССРБ, намеснік наркама асветы Літоўска-Беларускай ССР, член ЦВК Літоўска-Беларускай ССР.

Падпісант Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі 31 ліпеня 1920 года. Першы Старшыня ЦВК БССР (1920-1937), СНК БССР (1920-1924), Прэзідыума ЦВК СССР ад БССР (1922-1937), 1-ы Народны камісар замежных спраў БССР (1920-1923).

Скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут. Служыў у царскай арміі, прапаршчык. Прымаў актыўны ўдзел у ліпеньскіх падзеях у Петраградзе 1917 года, пазнаёміўся з І. Сталіным.

Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Петраградзе,  Першага Усебеларускага з’езда ў Мінску (1917).

Вялікую ўвагу аддаваў умацаванню і развіццю беларускай савецкай дзяржаўнасці, нацыянальнай культуры, асветы, ліквідацыі непісьменнасці, прыхільнік беларусізацыі. Аўтар прац па гісторыі барацьбы беларускага народа за савецкую ўладу, эканамічным і культурным становішчы беларускай рэспублікі.

У канцы 1920 – пачатку 1930-х гадоў стаў абвінавачвацца ў падтрымцы поглядаў М. Бухарына.

Асабліва жорстка яго крытыкавалі на XVI з’ездзе КП(б)Б, ад яго патрабавалі тлумачэнняў, чаму ў часе праверкі партыйных дакументаў не выкрыў ні аднаго «ворага народа», абвінавачвалі ў тым, што ён з’яўляецца ідэйным натхняльнікам і кіраўніком нацыянал-апартуністычнай плыні ў партыі. 

16 чэрвеня 1937 года ў перапынку з’езда застрэліўся ў сваім службовым кабінеце.

Аляксандр Чарвякоў

1910 год. Нарадзіўся Пётр Конюх.

Беларускі сусветна вядомы оперны спявак, бас, “беларускі Шаляпін”. 

Падчас Другой сусветнай вайны ваяваў польскім корпусе генерала Андэрса на поўначы Афрыцы і на поўдні Еўропы. Удзельнік бітвы пры Монтэ-Касіна. 

Скончыў Рымскую акадэмію мастацтваў. Спяваў у операх усяго свету на беларускай, італьянскай, польскай, французскай, англійскай, нямецкай, рускай і ўкраінскай мовах. Жыў у ЗША, выконваў беларускія песні, дапамагаў ставіць голас беларускаму спеваку Данчыку. 

27 гадоў працаваў у хоры данскіх казакоў С. Жарава, запісваў беларускія песні на пласцінкі, у тым ліку і «Магутны Божа». У 1975 г. прыязджаў у Беларусь.

Памёр у ЗША 14 ліпеня 1994 года.

Пётр Конюх

1910 год. Францужанка Эліз дэ Лараш стала першай жанчынай-пілотам.

Здзейсніла экзаменацыйны палёт і стала 36 пілотам у Францыі і першай жанчынай-пілотам.

Лараш раз’язджала з “лятаючым цыркам” па Еўропе. У чэрвені 1919 гады паставіла два “жаночых” сусветных рэкорды – на вышыню і далёкасць палёту.

18 ліпеня 1919 года дэ Лараш загінула ў авіякатастрофе на аэрадроме Кротуа. Яна ляцела пасажыркай.

Помнік лётчыцы ўстаноўлены ў аэрапорце Ле Буржэ.

Эліз дэ Лараш

1917 год. Нарадзіўся Сяргей Селіханаў.

Беларускі скульптар, класік партрэтнага жанру ў беларускай скульптуры. Народны мастак. Лаўрэат Ленінскай прэміі за стварэнне цэнтральнай скульптурнай групы мемарыяльнага комплексу «Хатынь».

Прадстаўнік старэйшага пакалення беларускіх савецкіх скульптараў, адзін з найбольш вядомых скульптараў эпохі росквіту сацыялістычнага рэалізму ў мастацтве.

Найбольш вядомыя яго помнікі – К. Заслонаву ў Оршы, М. Казею ў Мінску, «Няскораны чалавек» у Хатыні.

Аўтар партрэтаў І. Мележа, А.Якімовіча, Г. Цытовіча і іншых.

У яго гонар у Віцебску, Мінску ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі.

Памёр 28 верасня 1976 года.

Сяргей Селіханаў

1928 год. Памёр Пётр Крачэўскі (1879-1928).

Беларускі палітычны і грамадска-культурны дзеяч, трэці старшыня Рады БНР.

Удзельнік Усебеларускага з’езда. Арганізатар Усебеларускай канферэнцыі 1921 года  ў Празе, якая асудзіла Рыжскі мірны дагавор і пацвердзіла ідэалы незалежнасці Беларусі, дамогся ад урада Чэхаславакіі стыпендый для беларускіх студэнтаў.

Адзін са стваральнікаў Беларускага загранічнага архіва ў Празе, выдавец альманаха «Замежная Беларусь».

Аўтар вершаванай драмы «Рагнеда», вершаў, гістарычных і літаратурных эсэ, перакладаў з рускай, чэшскай і ўкраінскай моў.

Пахаваны на Ольшанскіх могілках у Празе.

Пётр Крачэўскі
Дзеячы БНР, 1918 год. Злева направа, сядзяць: А. Бурбіс, Я. Серада, Я. Варонка, В. Захарка; стаяць: А. Смоліч, П. Крачэўскі, К. Езавітаў, А. Аўсянік, Л. Заяц

1931 год. Нарадзіўся Сямён Падокшын.

Беларускі філосаф і гісторык-медыявіст, даследчык культуры Адраджэння і Рэфармацыі, культуролаг. Доктар філасофскіх, кандыдат гістарычных навук.

Працаваў у Інстытуце філасофіі і права АН БССР.

Аўтар прац «Рэфармацыя і грамадская думка Беларусі і Літвы (2-я палова XVI – пачатак XVII ст.», «Скарына і Будны: Нарыс філасофскіх поглядаў», «Францыск Скарына», «Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага», «Унія. Дзяржаўнасць. Культура: Філасофска-гістарычны аналіз», «Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры» і іншых.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

Памёр 21 снежня 2004 года.

Сямён Падокшын

1941 год. Нарадзілася Жанна Дапкюнас.

Беларускі літаратуразнавец і арганізатар музейнай справы. Унучатая пляменніца Янкі Купалы.

Скончыла БДУ. Працавала намеснікам дырэктара, дырэктарам у Літаратурным музеі Янкі Купалы. Заснавальнік і нязменны намеснік старшыні Міжнароднага фонду Янкі Купалы.

Ініцыятар і арганізатар стварэння ландшафтнага заказніка «Купалаўскі», філіялаў Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Акопах (Лагойскі раён) і Яхімоўшчыне (Маладзечанскі раён, 2001).

Кіравала творчай групай па стварэнні галоўнай экспазіцыі музея, экспазіцый у філіялах музея ў Вязынцы і Ляўках, музея-кватэры Янкі Купалы ў Пячышчах (Татарстан), гісторыка-літаратурнага музея «Над ракою Арэсай» у Любанскім раёне.

Аўтар шматлікіх артыкулаў пра жыццёвы шлях і творчасць Янкі Купалы, навукова-папулярнага кінафільма «Янка Купала», радыёперадач, складальнік зборніка Я. Купалы «Публіцыстыка», 3-га тома збору твораў Купалы ў трох тамах, укладальнік кніг, буклетаў і альбомаў, якія прысвечаны Купале.

Жанна Дапкюнас

1952 год. Нарадзіўся Аляксандр Козак.

Беларускі акцёр, тэатральны дзеяч, Заслужаны дзеяч мастацтваў, дырэктар і мастацкі кіраўнік Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, дырэктар Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Белая Вежа» (Брэст).

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Усё сваё жыцце прысвяціў служэнню ў Брэсцкім  тэатры драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі.

Найбольш значныя яго ролі ў пастаноўках «Брэсцкая крэпасць» К. Губарэвіча, «Пакажыце пропуск» Я. Шабана, «І змоўклі птушкі» І. Шамякіна, «Апраўданне крыві» паводле І. Чыгрынава і іншыя.

Аляксандр Козак

1954 год. Нарадзіўся Андрэй Саннікаў.

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч. Унук рэжысёра К. Саннікава. Мае ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах у 2010 годзе, палітвязень Беларусі, вязень сумлення.

Скончыў Дыпламатычную акадэмію Міністэрства замежных спраў СССР у Маскве.

Працаваў у Нью-Ёрку ў сакратарыяце ААН, саветнікам прадстаўніцтва Беларусі ў Швейцарыі, намеснікам міністра замежных спраў Беларусі.

У 1996 годзе, напярэдадні рэфэрэндуму падаў у адстаўку ў знак пратэсту. Выступіў ініцыятарам стварэння «Хартыі-97». Разам з Г.Карпенкам стварыў Каардынацыйныю Раду дэмакратычных сілаў Беларусі. Адзін з ініцыятараў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» (2008), арганізатар шматлікіх маршаў пратэсту, акцый супраць фальсіфікацыі выбараў у 2001, 2004, 2006, 2008 гадах.

У 2010 годзе быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Беларусі. Затрыманы падчас мітынгу супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года ў Мінску, жорстка збіты і змешчаны пад варту ў СІЗА КДБ. Жонка палітыка, Ірына Халіп, таксама была арыштаваная, а трохгадовага сына Даніка ўлады спрабавалі выкрасці з дзіцячага садку і адправіць у дзіцячы дом.

11 студзеня 2011 года Amnesty International прызнала Саннікава вязнем сумлення.

14 мая 2011 года судом асуджаны  да 5 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў ў калоніях Наваполацка, Бабруйска, Віцебска. У 2012 годзе памілаваны А. Лукашэнкам, атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі.

Андрэй Саннікаў

1962 год. Нарадзіўся Славамір Адамовіч.

Беларускі паэт, грамадскі дзеяч. Адзін з заснавальнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», лідар арганізацыі «Правы рэванш», сябра «Таварыства вольных літаратараў», актывіст Руху салідарнасці «Разам».

Скончыў БДУ. Працаваў у «Настаўніцкай газеце». Атрымаў літаратурную прэмію «Гліняны вялес» за зборнік вершаў «Каханне пад акупацыяй».

За верш «Убей президента!» быў арыштаваны 6 красавіка 1996 года. У турме КДБ трымаў сухую галадоўку. Праз 10 месяцаў выпушчаны пад падпіску пра нявыезд.

У жніўні 1997 на адным з апазіцыйных мітынгаў публічна зашыў сабе рот у знак пратэсту супраць ціску ўладаў на незалежныя СМІ і незалежных журналістаў.

У 2000 годзе жыў ў Нью-Ёрку, потым у Нарвегіі, Беларусі.

Славамір Адамовіч

2004 год. У Парыжы памёр Міхась Наўмовіч (1922–2004).

Дзеяч беларускай эміграцыі, старшыня Беларускага Згуртавання ў Францыі «Хаўрус» і член рады БНР, мастак, фізіятэрапэўт.

Скончыў Наваградскую гімназію (1944). Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР не хацеў разумець і прызнаваць савецкую ўладу, таму ў гімназіі адбываліся канфлікты на гэтай глебе.

У 1944 годзе быў мабілізаваны ў Беларускую краёвую абарону, адкуль уцёк, прабраўся ў Францыю і далучыўся да францускіх партызанаў, потым уступіў у армію Андэрса.

Пасля дэмабілізацыі ў 1947 годзе пераехаў у Парыж. Скончыў факультэт скульптуры Нацыянальнай вышэйшай школы прыгожых мастацтваў, школу фізіятэрапіі ў Парыжы. Выкладаў анатомію і марфалогію ў дзяржаўных і прыватных школах фізіятэрапіі і мастацтва.

З 1946 года ўзначальваў Аб’яднанне беларускіх работнікаў у Францыі. Сустваральнік Беларускай незалежніцкай арганізацыі моладзі, выдавец часопіса «Моладзь», кіраўнік Аб’яднання беларускіх студэнтаў, Беларускага аб’яднання камбатантаў, прадстаўнік у Францыі Беларускага камітэту дапамогі ахвярам радыяцыі, арганізаванага ў 1989 годзе пры Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане з ініцыятывы айца Аляксандра Надсана.

Аўтар больш за 10 скульптурных твораў з каменю, у тым ліку помніка на магіле М. Равенскага, скульптур для касцёлаў, мосту Аляксандра III і Новага мосту ў Парыжы, працы «Вяселле ў Кане Галілейскай», пераможца конкурсу на стварэнне статуі Жанны д’Арк.

Аформіў выдадзеныя ў замежжы кнігі «Спадчына» Янкі Купалы, «Сымон-музыка» Якуба Коласа, «Матчын дар» Алеся Гаруна, альманах «Ля чужых берагоў». Маляваў і акварэллю.

Некаторыя мастацкія працы захоўваюцца ў Беларускай бібліятэцы і музэі імя Ф. Скарыны ў Лондане.

Міхась Наўмовіч
Беларуская бібліятэка ў Лондане.

 

Дзень у гісторыі. 3 сакавіка. Дзень пісьменніка. Бітва на Нямізе. Брэсцкі мір

Сусветны дзень пісьменніка (World Writer’s Day, з 1986 года).

Адзначаецца па рашэнні 48-га кангрэса Міжнароднага ПЭН-клуба 1986 года.
ПЭН-клуб – міжнароднае аб’яднанне пісьменнікаў. Ён узнік у 1921 годзе ў Лондане па ініцыятыве Дж. Голсуорсі і Кэтрын Эмі Доўсан-Скот.
Назва клуба ўтварылася ад першых літар англійскіх слоў Poets – паэты, Essayists – эсэісты і Novelists – раманісты. Абрэвіятура супадае са словам Pen – асадка.
Мэта свята – супрацьстаяць ціску на прэсу, падтасоўцы і скажэнням інфармацыі, парушэнням свабоды слова.
У 1923 годзе цэнтры ПЭН-клуба былі створаны ў 11 краінах, сёння такія цэнтры дзейнічаюць у 130 краінах.
Беларускі ПЭН-цэнтр узнік у 1989 годзе. Яго прэзідэнтамі былі Р. Барадулін (1990–1999), В. Быкаў (1999–2003), Л. Баршчэўскі (2003–2005), У. Някляеў (2005–2008), А. Хадановіч (2008–2017), Т. Нядбай (2017–2019), зараз яго ўзначальвае С. Алексіевіч.
Першым лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры стаў у 1901 годзе французскі паэт і эсэіст Сюлі-Прудам, шостым у свеце (1905 год) і першым з беларускіх зямель і з літоўска-беларускімі і літоўска-татарскімі каранямі – Генрых Сянкевіч (1846–1916). Нобелеўскім Лаўрэатам (1980) быў „ліцвін польскай культуры“ Чэслаў Мілаш – пляменік французскага паэта, ураджэнца Беларусі Оскара Мілаша.
У 2015 годзе яе лаўрэатам стала беларуская пісьменніца, журналістка Святлана Алексіевіч (адна з 17 жанчын – лаўрэатаў).

Святлана Алексіевіч

1067 год. Адбылася бітва на Нямізе паміж злучанымі дружынамі кіеўскіх Яраславічаў і войскам полацкага князя Усяслава Брачыславіча Чарадзея.

Першая летапісная згадка пра Менеск (Мінск).
Дата разрабавання і зруйнавання горада ўзята за адлік яго гісторыі.
У сакавіку 1499 года каралём Аляксандрам Ягелончыкам даравана гораду Магдэбургскае права. Мінск багацеў і павольна пераўтвараўся ў буйны гандлёвы, эканамічны, транспартны цэнтр.
З 1919 года – сталіца Беларусі.
29 ліпеня 1939 года Вярхоўны Савет БССР сваёй пастановай змяніў беларускую назву горада Менск на прынятую ў Расійскай імперыі паланізаваную форму Мінск.
Зараз Мінск – двухмільённы горад, буйны эканамічны, культурны і палітычны цэнтр краіны.

бітва

1718 год. Нарадзіўся Казімір Галоўка (1718–1787).

Вялікалітоўскі географ, аўтар падручнікаў па геаграфіі, педагог, езуіт.
Выкладаў граматыку, паэзію, рыторыку, філасофію, тэалогію маральную, геаграфію, гісторыю, матэматыку ў езуіцкіх навучальных установах у Вільні, Варшаве, Любчы, Пінску.
Выдаў падручнікі па геаграфіі, нарысы па геаграфіі Рэчы Паспалітай (на лацінскай і польскай мовах), «Геаграфічныя карты Галіі, Нямеччыны, Польшчы і ВКЛ», «Гістарычныя календары».

Казімір Галоўка
Віленскі ўніверсітэт

1850 год. Нарадзіўся Вайніслаў Савіч-Заблоцкі, Лада-Заблоцкі.

Беларускі і польскі пісьменнік, паэт, публіцыст. Адзін з пачынальнікаў рэвалюцыйнага дэмакратызму на Беларусі.
Вучыўся ва ўніверсітэтах Прагі, Лейпцыга і Страсбурга.
Далучыўся да руху беларускага нацыянальнага адраджэння, у 1868–1870 гадах кіраваў «Крывіцкім вязком» у Санкт-Пецярбургу.
Жыў і падарожнічаў у Аўстра-Венгрыі, Германіі, Егіпце, Францыі, Бельгіі.
Перапісваўся па-беларуску з украінскім вучоным М. Драгманавым, ліставаўся з Я. Карловічам, М. Канапніцкай, А. Ельскім і іншымі.
Аўтар сатырычнай паэмы, аповесцей, драм, беларускіх вершаў, нарысаў, беларускамоўных і этнаграфічна-фальклорных матэрыялаў.
Рукапісная спадчына захоўваецца ў бібліятэках Польшчы, Літвы, Расіі.
Памёр 3 лютага 1893 года.

Вайніслаў Савіч-Заблоцкі

1890 год. Нарадзіўся Лявон (Леанард) Заяц.

Беларускі палітык, дзеяч БНР, дыпламат, публіцыст, мемуарыст.
Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. За часамі вучобы ўдзельнічаў у беларускім студэнцкім руху, сябра Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбурга, удзельнічаў у тэатральных пастаноўках.
З 1916 года ў Мінску, удзельнік беларускага руху, сябруе з М. Багдановічам. Удзельнік З’ездза беларускіх нацыянальных арганізацый, Усебеларускага з’езда 1917 года, член прэзідыума Беларускага нацыянальнага камітэта, кіраўнік спраў у Народным Сакратарыяце Беларусі, народны сакратар юстыцыі БНР, дзяржаўны кантралёр Рады Народных Міністраў.
У 1926 годзе вярнуўся з Прагі ў Менск. Працаваў у Наркамаце фінансаў БССР.
18 ліпеня 1930 года арыштаваны ДПУ, асуджаны і сасланы ва Уфу. 25 ліпеня 1935 года паўторна арыштаваны. Памёр у турме ў час следства 23 верасня 1935 года.

Леанард Заяц
Кіраўнікі беларускіх прадстаўніцтваў і місій у еўрапейскіх краінах. Сядзяць (злева направа): Яўген Ладноў, Васіль Захарка, Пётра Крачэўскі, Леанард Заяц; стаяць: Лявон Вітан-Дубейкаўскі, Янка Чарапук, Яўхім Бялевіч. Берлін, кастрычнік 1919 г.

1900 год. У в. Паддуб’е Магілёўскага раёна нарадзіўся Герасім Якушка (1900-1942).

Беларускі архітэктар. Дзядзька вядомага географа, доктара геаграфічных навук Вольгі Якушкі.
Скончыў Магілёўскае рэальнае вучылішча, Петраградскі інстытут грамадзянскіх інжынераў.
У 1936-1941 гадах працаваў галоўным архітэктарам Мінска.
Па яго пректах у Мінску, Магілёве, Барысаве і іншых гарадах БССР было пабудавана каля двух дзясяткаў арыгінальных жылых дамоў і грамадскіх будынкаў.
У Магілёве па яго праекту пабудаваны 5-павярховы 96-кватэрны жылы дом (Дом МУСаўцаў, Дом ля фантана, 1940 год) па вуліцы Ленінская, 68.
Пабудаваў будынкі, якія паўплывалі на фарміраванне аблічча сучаснага Мінска, у тым ліку па праекту забудовы праспекта Незалежнасці паміж плошчамі Перамогі і Якуба Коласа.

Герасім Якушка

1918 год. Паміж Германіяй і Савецкай Расіяй заключаны Брэсцкі мір.

Падпісаны ў Брэст-Літоўску ў Белым палацы Брэсцкай крэпасці, ратыфікаваны 4-м Надзвычайным Усерасійскім з’ездам Саветаў 15 сакавіка і германскім імператарам Вільгельмам II 26 сакавіка 1918 года.
Ад Расіі аддзяліліся Прыбалтыка, частка Беларусі, Каўказа.
Украінская Народная Рэспубліка і Каралеўства Фінляндыя прызнаваліся самастойнымі дзяржавамі.
Усяго Расія страчвала тэрыторыі каля 1 000 000 км² з насельніцтвам больш за 50 000 000 чалавек.
Брэсцкі мір фармальна завяршыў перыяд удзелу Расіі ў Першай сусветнай вайне, з’явіўся вынікам няздольнасці Расіі працягваць вайну, краіна знаходзілася ў стане эканамічнага крызісу. Старая армія распалася, новая не была створана.
Мірная дамова прывяла да пачатку Грамадзянскай вайны, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі.

Брэсцкі мір
Белы палац, месца падпісання Брэсцкага міру (фота 1930-х гг.)

1941 год. Памёр ураджэнец в. Шасцёраўка (зараз – Клімавіцкі раён) Клім Грыневіч (1912–1941).

Беларускі паэт.
Працаваў на будаўніцтве чыгункі Асіповічы–Магілёў–Рослаў (1929–1930).
Скончыў Рагачоўскі педтэхнікум, вучыўся ў Мінскім, Ленінградскім педінстытутах. Працаваў у друкарні, у газетах «Рабочий» і «Сельгасрабочы», у ЦК прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі.
Аўтар вершаў у газетах «Піянер Беларусі», «Чырвоная змена», зборніка паэзіі «На бераг», які прыхільна сустрэты крытыкай.
Арыштаваны НКУС у 1933 годзе, сасланы ў Казахстан. Пасля ссылкі служыў у арміі, настаўнічаў у школах г. Балагое.

Клім Грыневіч
Клімавічы, пачатак ХХ стагоддзя.

1942 год. Нарадзіўся Уладзімір Кавалёнак.

Беларускі, савецкі касманаўт. Двойчы Герой Савецкага Саюза, Герой ГДР, Герой Манголіі, уладальнік польскага Крыжа Грунвальда. Генерал-палкоўнік авіацыі. Кандыдат ваенных навук, прафесар.
Двойчы быў у космасе ў якасці камандзіра карабля: у 1977 і 1978 (устанавіў рэкорд знаходжання чалавека ў космасе — 139 сутак 14 гадзін і 47 хвілін) гадах.
Служыў намеснікам начальніка ўпраўлення падрыхтоўкі касманаўтаў Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю. Гагарына, намеснікам камандуючага 37-й паветранай арміяй стратэгічнага прызначэння, намеснікам начальніка кафедры Ваеннай акадэміі Генеральнага штаба, начальнікам Ваенна-паветранай інжынернай акадэміі імя М. Жукоўскага.
У 1989–1992 год з’яўляўся народным дэпутатам Рэспублікі Беларусь. Прэзідэнт Беларускай рэспубліканскай федэрацыі касманаўтыкі.

Уладзімір Кавалёнак

1944 год. Забіты Францішак Аляхновіч (1883-1944).

Беларускі драматург, празаік, паэт, публіцыст.
Яго аповесць «У капцюрох ГПУ» ёсць адным з ранніх твораў сусветнай літаратуры, які апісвае жыццё ў сталінскім канцлагеры непасрэдна з погляду арыштанта.
Яго п’есы (17) актыўна ставіліся калектывамі Беларусі, Латвіі, Чэхіі і найбольш трупай У. Галубка. За плённую працу Францішка Аляхновіча на ніве тэатра яшчэ пры жыцці яму прысвоілі званне «бацькі найноўшай беларускай драматургіі».
Супрацоўнічаў з «Нашай Нівай», удзельнічаў у беларускім нацыянальным руху, у тэатральных пастаноўках, арганізаваў віленскі тэатральны гурток Беларуская драматычная дружына, стварыў і паставіў дзіцячыя п’есы, ставіў пастаноўкі ў Менску, Вільні, меў сваю мінскую ўласную трупу, працаваў дырэктарам Беларускага савецкага тэатра, у Другім дзяржаўным тэатры ў Віцебску.
1 студзеня 1927 года арыштаваны, атрымаў 10 гадоў катаргі на Салавецкіх астравах.
У пачатку восені 1933 года быў абмяняны на арыштаванага ў Польшчы беларускага палітыка і філолага Б. Тарашкевіча.
Падчас вайны быў рэдактарам віленскай газеты «Беларускі голас», уваходзіў у Цэнтральны Камітэт Беларускай незалежніцкай партыі, ставіў у Мінску п’есы.
Увечары 3 сакавіка 1944 года быў застрэлены на сваёй кватэры. Яго забойства ўскалыхнула беларусаў Вільні. Яго застрэліць маглі і байцы Арміі Краёвай, і савецкія партызаны, і немцы.
З вялікаю ўрачыстасцю пахаваны на Кальвінскіх могілках у цэнтры Вільні, у 1989 годзе перапахаваны на могілкі Росы, дзе пастаўлены помнік.
Творы Ф. Аляхновіча зноў пачалі ставіць на беларускай сцэне ў 1990-х гадах.

Францішак Аляхновіч

2018 год. Памерла Валянціна Лемцюгова (1935-2018).

Беларуская мовазнаўца. Доктар філалагічных навук, прафесар. Выхоўвалася на Чавушчыне.
Працавала ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР, старшынёй Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі, членам Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Беларусі, анамастычнай камісіі пры Міжнародным камітэце славістаў. Узначальвала анамастычную школу ў Беларусі.
Абаронца беларускай тапанімікі, адстойвала артыкул у Законе аб геаграфічных назвах, згодна з якім спачатку назва даецца на беларускай мове, а таксама традыцыйную беларускую лацінку, супраць якой (транслітэрацыя) сталі выступаць некаторыя чыноўнікі са снежня 2022 года.
Аўтар манаграфіі «Беларуская айканімія», у якой даследавала працэс узнікнення і эвалюцыйнага развіцця беларускіх назваў населеных пунктаў (4 000 айконімаў), «Усходнеславянская айканімія апелятыўнага паходжання».
Пад яе кіраўніцтвам створаны «Спіс населеных месцаў Расійскай імперыі» (44 тамы), «Беларуская граматыка», «Лексікалогія сучаснай беларускай мовы», «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас», «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», нарматыўны даведнік «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» у 6 кнігах па абласцях і іншыя.

Валянціна Лемцюгова

Дзень у гісторыі. 19 лютага. Крым перададзены Украіне. Першы дазволены апазіцыйны мітынг у Беларусі

Сусветны дзень кітоў (World Whale Day). 

У гэты дзень 1986 года Міжнародная кітабойная камісія (МКК), пасля 200 гадоў бязлітаснага знішчэння марскіх гігантаў, забараніла камерцыйны промысел буйных кітоў і гандаль іх мясам. Штогод у гэты дзень розныя прыродаахоўныя групы праводзяць акцыі ў абарону кітоў і іншых марскіх млекакормячых. Часта эколагі аб’ядноўваюцца і прысвячаюць гэты дзень абароне аднаго ўнікальнага віду, якому пагражае смяротная небяспека.

У цяперашні час дазволены толькі абарыгенны промысел кітоў выключна для задавальнення запатрабаванняў карэннага насельніцтва, а таксама канфіскацыя кітоў у навуковых мэтах па спецыяльных дазволах урадаў-членаў МКК.

У сярэднім даўжыня кіта складае ад 22 да 27 метраў. Самы вялікі кіт быў злоўлены ў 1926 годзе: яго даўжыня складала 33 метры, а важыла жывёла 150 тон.

Далёкія продкі кітоў былі сухапутнымі жывёламі, якія хадзілі на чатырох нагах.

Дзень кітоў

1236 год. Папа Рыгор IX абвясціў першы крыжовы паход супраць літоўцаў. 

Рыга стала апорным пунктам для прыбываючых воінаў Хрыста. Усяго прыбыло больш за 2 000 саксонцаў, да іх далучылася і 200 пскавічоў, якіх моцна дапяклі набегі балцкіх плямёнаў.

Магістр Ордэна Мечаносцаў Фолквін, не асабліва гарэў жаданнем ісці ў малазнаёмую мясцовасць і таму да восені крыжакі сядзелі ў Рызе. 

Крыжакі і іх саюзнікі спустошылі значную тэрыторыю на мяжы сучасных Латвіі і Літвы. Літоўцы хаця і былі заспеты знянацку гэтым уварваннем, даволі хутка сабралі да 3 000 апалчэнцаў. 

21 верасня каля Саўле (Шаўляй) крыжакоў сустрэў са сваёй дружынай мясцовы правадыр В. Булёніс, да яго на наступны дзень далучыліся жэмайты Вікінтаса. 

Цяжкая конніца крыжакоў увязла ў балоце, што дапамагло літоўцам нанесці суперніку велізарныя страты.

крыжовы паход супраць літоўцаў

1767 год. Нарадзіўся Юзаф Пешка. 

Польскі і беларускі жывапісец, прадстаўнік акадэмічнага класіцызму. 

Працаваў у Гродна, Нясвіжы, Мінску, іншых гарадах і мястэчках, выкладаў у Школе прыгожых мастацтваў, у Ягелонскім універсітэце, стаў першым дырэктарам рэарганізаванай Школы выяўленчых мастацтваў. 

Пасля падарожжаў па Беларусі пакінуў выявы краявідаў Магілёва і Шклова, Магілёўскай губерні, Віцебска, Нясвіжа, Мінска і іншых. 

Аўтар партрэтаў гістарычных дзеячаў, прац па гісторыі Рэчы Паспалітай. Яго пейзажы з’яўляюцца асабліва каштоўнымі для вывучэння архітэктуры Мінска, Магілёва.  

Памёр 4 верасня 1831 года.

Юзаф Пешка
Юзаф Пешка. Краявід Шклова

1864 год. Нарадзіўся Вячаслаў Адамовіч. 

Беларускі палітычны і вайсковы дзеяч, выдавец, публіцыст, паэт, музыка.

Выдавец газеты «Северо-западный телеграф», удзельнік беларускага вайсковага руху, сябра Беларускай Вайсковай Камісіі, браў удзел у стварэнні таемнай сялянскай вайсковай арганізацыі «Зялёны Дуб», якую ўзначаліў яго сын Вячаслаў (атаман Дзяргач). 

Браў удзел у антыбальшавіцкай акцыі пачатку 1920-х гадоў. Пазней адышоў ад палітычнай дзейнасці, жыў у Вільні.

Памёр 21 лютага 1939 года.

Вячаслаў Адамовіч

1887 год. Нарадзіўся Янка Пазняк. 

Беларускі грамадска-культурны дзеяч, выдавец, публіцыст, палітык. Дзед палітыка Зянона Пазняка.

У маладосці далучыўся да беларускага руху, удзельнічаў у працы беларускіх хрысціянска-асветніцкіх суполак. 

Выдаваў каталіцкую газету «Biełarus», рэдагаваў газету «Biełaruskaja krynica», часопіс «Хрысціянская думка», быў сакратаром Прэзідыума ЦК Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, старшынёй Прэзідыума Беларускага народнага аб’яднання, Віленскага беларускага нацыянальнага камітэта. Арганізатар беларускіх сялянскіх мастацкіх калектываў і стваральнік беларускіх вясковых школ.

Яго палітычная дзейнасць сустрэла негатыўную рэакцыю з боку польскіх уладаў. Супраць яго было заведзена 35 судовых спраў, накладаліся грашовыя штрафы, ён быў у зняволенні.

У кастрычніку 1939 года арыштаваны НКУС. Верагодна, пасля 22 красавіка 1940 года быў расстраляны ў Мінску.

Ян Пазняк
Супрацоўнікі рэдакцыі «Biełaruskaj krynicy» ў Вільні. Злева направа: Я. Найдзюк, У. Тарасевіч, М. Пяцюкевіч, Ян Пазняк

1890 год. Нарадзіўся Казімір Сваяк (Стаповіч). 

Беларускі каталіцкі святар, грамадскі дзеяч, паэт.

Удзельнік беларускага нацыянальнага руху. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю. Служыў у касцёлах у Камаях, Клюшчанах, іншых у мястэчках Заходняй Беларусі. З 1915 года вёў казанні на беларускай мове. 

Аўтар вершаў, зборніка вершаў, вершаванага апавядання. Выступаў як публіцыст, пісаў драматычныя творы. Асобнымі выданнямі выйшлі «Янка Канцавы», «Купалле». Напісаў філасофскі дзённік «Дзея маёй мыслі, сэрца і волі» з «Аўтабіяграфіяй».

Памёр 6 мая 1926 года.

У 1990 годзе А. Мальдзіс падчас візіту ў Ватыкан пры размове з Папам унёс прапанову прылічыць К. Стаповіча да ліку блаславёных.

У Вільні ўсталявана мемарыяльная дошка ў яго гонар.

Казімір Сваяк

1901 год. Нарадзіўся Сяргей Бусел. 

Беларускі грамадскі дзеяч, удзельнік Слуцкага паўстання.

Удзельнікк беларускага нацыянальнага руху, сябра Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта Случчыны. У часе Слуцкага збройнага чыну прымаў удзел у фармаванні 1-й  Слуцкай брыгады войскаў БНР.

Уваходзіў у склад Беларускай вайсковай камісіі, працаваў ў ковенскім Прадстаўніцтве БНР і літоўскім Міністэрстве беларускіх спраў. 

У Празе ўдзельнічаў у эмігранцкіх арганізацыях разам з Т. Грыбам, Я. Мамонькам, П. Бадуновай, М. Чарнецкім. 

Пасля вяртання ў Вільню працаваў у Беларускім нацыянальным камітэце, у часопісе «Золак». У кастрычніку 1939 года арыштаваны НКУС і вывезены ў Мінск. 

У лютым 1940 года прыгавораны да 15 гадоў працоўна-папраўчых лагераў. Далейшы лёс невядомы.

Сяргей Бусел

1908 год. Нарадзіўся Станіслаў Шушкевіч.

Беларускі паэт, Заслужаны работнік культуры. Бацька палітыка С. С. Шушкевіча. 

Быў членам літаб’яднання «Маладняк», БелАПП. Працаваў у Кніжнай палаце і Дзяржаўнай бібліятэцы БССР, загадчыкам бібліятэкі Навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі, у рэдакцыях шэрагу газет.

Арыштаваны ў 1937 годзе і асуджаны на 8 год лагераў. Знаходзіўся ў лагеры і ссылцы ў Кемераўскай вобласці. У 1946 годзе вярнуўся на Радзіму. Паўторна арыштаваны ў жніўні 1949 года і сасланы ў Краснаярскі край.

Пасля 1956 года працаваў у газетах «Мінская праўда», «Літаратура і мастацтва».

Аўтар вершаў, дзясятка паэтычных зборнікаў, кнігі ўспамінаў, успамінаў пра беларускіх пісьменнікаў, кнігі прозы, зборніка сатыры і гумару. Пісаў і для дзяцей: шэраг зборнікаў вершаў, апавяданняў і казак. Выйшлі Выбраныя творы ў 2-х тамах, «Выбранае». 

Многія яго вершы пакладзены на музыку.

Памёр 1 лютага 1991 года.

паэт Станіслаў Шушкевіч

1919 год. У Магілёве створана дзіцячая музычная школа. 

Ініцыятыву аматараў музыкі “праштурхнуў” кампазітар М. Чуркін. Установе, неўзабаве дзіцячай музычнай школе №1 імя М. Рымскага-Корсакава, быў выдзелены асабняк былога прамыслоўца Бачкова па Камуністычным завулку, а ў 1925 годзе быў выдзелены новы будынак. 

У 1938 годзе на базе школы было адкрыта Магілёўскае музычнае вучылішча імя Н.А. Рымскага-Корсакава. Школа (зараз – каледж музыкі і харэаграфіі) і вучылішча (цяпер – музычны каледж) да 1960 года працавалі ў адным будынку.

школа Рымскага-Корсакава

1954 год. Рашэннем Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Крымская вобласць перададзена з РСФСР у склад Украінскай ССР. 

Пастанова Прэзідыума аб перадачы Крыма была прынятая аднагалосна. Фармальнасць адміністрацыйнага ўпарадкавання да 300-годдзя Пераяслаўскай рады, у 2014 годзе стала падставай для расійскай акупацыі Крыма і ўсходу Украіны. 

Прынята лічыць, што ідэя перадачы Крыма належала М. Хрушчову. 

Ніякага ажыятажу сярод насельніцтва падзея не выклікала. Народ і ў Расіі, і ва Украіне прыняў вестку аб перамене статусу Крыма на здзіўленне будзённа.

Крым украінскі

1989 год. Адбыўся мітынг на мінскім стадыёне «Дынама», арганізаваны Беларускім народным фронтам і Канфедэрацыяй беларускіх аб’яднанняў («Талака», «Тутэйшыя» і іншыя). 

Гэта быў першы ў БССР дазволены ўладамі апазіцыйны палітычны мітынг, першая масавая деманстрацыя нацыянальнай сімволікі – бел-чырвона-белых сцягоў і герба «Пагоня».  

Нягледзячы на моцны мароз узяла ўдзел каля 40  000 чалавек. 

Спяваў Сяржук Сокалаў-Воюш. Выступалі лідары Фронту, кандыдаты ў народныя дэпутаты СССР, якіх падтрымліваў БНФ.

Перадвыбарчым лозунгам Фронту быў заклік «Заводы – рабочым, зямля – сялянам, улада – народу». Шэраг кандыдатаў, каго БНФ прапагандаваў і падтрымліваў на выбарах, сталі народнымі дэпутатамі СССР: А. Адамовіч і В. Быкаў – па спісах творчых саюзаў, С. Габрусеў, А. Дабравольскі, А. Жураўлёў, М. Ігнатовіч, С. Шушкевіч – ад выбарчых акруг.

мітынг на мінскім стадыёне «Дынама»

1993 год. Памёр ураджэнец Беларусі Часлаў Кудаба (Худаба). 

Беларускі і літоўскі географ-краязнавец, эколаг, Лаўрэат Дзяржпрэміі Літвы. 

Барацьбіт за незалежнасць Літвы. Кіраўнік праекта па стварэнню геаграфічнага атласа Літвы, аўтар манаграфій, кніг, артыкулаў аб прыродзе, культуры, экалагічным стане Літвы, Беларусі, пра хараство Нарачанскага краю. 

Кніга «Па Віліі: падарожныя запісы» прысвечана Беларусі і ўключае гісторыю, этнаграфію, краявіды, культуру, літаратурнае жыццё вёсак, мястэчак і гарадоў, якія мінае р. Вілія.

Часлаў Кудаба

Дзень у гісторыі. 6 лютага. Дзень бармэна і без мабільнага тэлефона. Чатырохмоўе ў БССР

Міжнародны дзень бармэна (International bartender day, з 1951 года).

Устаноўлены  ў дзень утварэння  Міжнароднай асацыяцыі бармэнаў і ў дзень Святога Аманда – апякуна вінаробаў, півавараў.

У ЗША ў час «залатой ліхарадкі» ўладальнікі крамаў увялі моду на продаж разліўных спіртных напояў. Аматараў выпіўкі аказалася так шмат, што гаспадарам гандлёвых кропак прыйшлося наняць яшчэ аднаго чалавека, спецыяльна для продажу спіртнога. І выдзеліць яму асобнае месца з бар’ерам.

Бармэн – «чалавек за стойкай» – майстар прыгатавання дзіўных напояў для падняцця настрою. Ён трошачкі чараўнік, трошачкі артыст і трошачкі псіхолаг.

І ад бармэна, часта, залежыць поспех установы. І самае галоўнае ў гэтай справе – здолець адгадаць жаданне, адчуць густы кліента, а для гэтага трэба быць не проста камунікабельным і прыемным у зносінах, але і валодаць якасцямі сапраўднага псіхолага. Бо часта кліентам патрэбна не толькі выпіўка, але і спачуванне, разуменне і ўменне слухаць.

У працы бармэна існуе тры асноўныя стылі: класічны, флейрынг (фрыстайл) і спідміксінг.

Класічны стыль запатрабаваны ў дарагіх элітных установах, галоўнае ў ім стрыманасць.

Фрыстайл – стыль, які прадугледжвае свабодныя дзеянні бармэна за стойкай, нешта сярэдняе паміж тэатральным шоў і звычайнай працай бармэна. Тут выкарыстоўваецца і жангліраванне ёмістасцямі, і піратэхнічныя эфекты.

Спідміксінг – гэта стыль, які прадугледжвае хуткае змешванне напояў пры абавязковым выкананні рэцэптур кактэйляў.

У Беларусі бармэны з’явіліся ў 1965 гоздзе, калі пачалі масава прыяжджаць замежныя турысты.

бармэн

Дзень без мабільніка

Сусветны дзень без мабільнага тэлефона, які штогод адзначаецца 6 лютага – гэта не заклік адмовіцца ад тэхналогій, а нагода задумацца аб межах іх уплыву на наша жыццё.

тэлефон

1191 год. Папа Рымскі Клімент ІІІ зацвердзіў статут Тэўтонскага ордэна.

Ордэн тэўтонскіх рыцараў шпіталя святой Марыі ў Іерусаліме, Нямецкі, Прускі – духоўна-рыцарскі ордэн у Акры, які складаўся толькі з немцаў. 

У 1226 годзе ордэн захапіў частку Мазовіі, як плацдарм ва Усходняй Еўропе і ў наступныя стагоддзі ўсталяваў кантроль над усім балтыйскім узбярэжжам, меў сталіцу ў горадзе Марыенбург (Мальбарк).

Магутнасць Ордэна зломлена ў Грунвальдскай бітве 1410 года. Па Таруньскім міры 1466 года ордэн прызнаў сябе васалам Польшчы.

Ордэн адноўлены ў Аўстрыі ў 1834 годзе ў якасці каталіцкага шляхецкага саюза. Пасля 1918 года існуе толькі святарская галіна ордэна з рэзідэнцыяй у Вене. Таксама Тэўтонскі ордэн працягвае існаваць у межах пратэстантызму ў Утрэхце.

ордэн

1800 год. Нарадзіўся Ігнат Кулакоўскі. 

Беларускі дзяржаўны дзеяч, педагог, паэт, перакладчык. Прадзед Людвікі Сівіцкай (Зоські Верас).

Працаваў суддзёй, наглядальнікам, апекуном вучэльняў, бібліятэк Гродзенскай губерні, дырэктарам Беластоцкай гімназіі, членам Савета беластоцкага Інстытута шляхетных дзяўчат.

Член Гродзенскага губернскага статыстычнага камітэта, Віленскай археалагічнай камісіі, Лонданскага геаграфічнага таварыства, Таварыства даследнікаў старажытнасцей у Капенгагене.

Ведаў лацінскую, санскрыт, французскую, італьянскую, іспанскую, рускую, чэшскую, нямецкую і шведскую мовы, з якіх рабіў пераклады.

Увайшоў у гісторыю найперш дзякуючы сваёй вялікай «Запісцы…» (1834) у Міністэрства народнай асветы, у якой патрабаваў увядзення выкладання «гісторыі краю, славянскай мовы і літаратуры», вывучэння «народных гаворак» у школах краю і стварэння адмысловых падручнікаў для беларускага юнацтва. На думку Кулакоўскага, гэтыя падручнікі павінны знаёміць вучняў з уласнай гісторыяй беларусаў.

Збіраў гістарычныя матэрыялы, прадметы нацыянальнай даўніны, склаў «Кароткае гістарычнае апісанне г. Гродна», «Статыстычнае апісанне гарадоў Гродзенскай губерні». Аўтар вершаў.

Памёр у 1870 годзе.

Ігнат Кулакоўскі

1887 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Талочка. 

Беларускі рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, культуролаг, гісторык, літаратурны крытык.

Служыў святаром у Вільні, адзін з ініцыятараў і арганізатараў Віленскага камітэта дапамогі пацярпелым ад вайны, беларускага дзіцячага прытулку «Золак», член  беларускай  «Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці», актыўны ўдзельнік беларускіх ініцыятыў.

За сваю дзейнасць з 1920-х гадоў пераследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі.

Адзін з першых каталіцкіх святароў, хто ўжыў беларускую мову ў набажэнствах.

Падтрымліваў выданне каталіцкай газеты «Беларус», выкладаў рэлігію ў беларускіх школах, на курсах для непісьменных рабочых.

Прыхільнік ідэі экуменізму.

Памёр 13 лістапада 1942 года.

Уладзіслаў Талочка

1898 год. Нарадзіўся Леў Акіншэвіч. 

Беларускі і ўкраінскі гісторык, мемуарыст, правазнавец.

Актывіст беларускага нацыянальнага руху, працы беларускай дыяспары ва Украіне, грамадзянін БНР. 

Працаваў ва Украінскай акадэміі навук, спецыялізаваўся ў галіне беларускага, украінскага і польскага права, даследаваў гісторыю казацтва на Беларусі. Супрацоўнічаў з Інбелкультам і Беларускай акадэміяй навук.

Аўтар прац пра казацтва на Беларусі, па гісторыі права на Беларусі і Украіне. Быў асабіста знаёмы з беларускімі навукоўцамі У. Пічэтам, Яз. Лёсікам, С. Некрашэвічам, В. Ластоўскім, Д. Даўгялам, пісьменнікамі Я. Коласам, Я. Купалам, Ц. Гартным і іншымі.

У 1932 за адмову стаць сакрэтным супрацоўнікам НКУС звольнены з работы ў акадэміі навук, потым – абвінавачаны ў беларускім і ўкраінскім нацыяналізме. 

Працаваў прафесарам Нежынскага педінстытута, у Казахстане, Смаленску.

У Смаленску прызваны ў армію, трапіў у нямецкі палон, пасля вызвалення з яго, працаваў  у Кіеўскім універсітэце, Львове,  ва Украінскім вольным універсітэце ў Празе, у Мюнхене.

У 1949 годзе пераехаў у ЗША. Выкладаў у Калумбійскім універсітэце, працаваў у Даследчым цэнтры па вывучэнні СССР у Вашынгтоне, пасля ў бібліятэцы Кангрэса ЗША, супрацоўнічаў з беларускіміі і ўкраінскімі арганізацыямі.

Памёр 7 лістапада 1980 года.

У 2021 годзе ў мінскім “Кнігазборы” выдадзена кніга “Леў Акіншэвіч. Выбранае”.

Леў Акіншэвіч

1921 год. Выйшаў дэкрэт, які надаў беларускай, яўрэйскай (ідыш), польскай і рускай мовам статус дзяржаўных у БССР. 

Гэта паспрыяла яднанню народаў, спрыла развіццю культур, стварэнню газет, часопісаў, тэатраў, нацыянальных суполак, нават, справаводства – суды вяліся на чатырох мовах. Наданне чатыром мовам статусу дзяржаўных было адлюстравана і ў гербе БССР.

герб БССР

1928 год. Нарадзіўся Уладзімір Стальмашонак.  

Беларускі мастак. Народны мастак, Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў, з’яўляўся старшынёй праўлення Саюза мастакоў Беларусі.

Працаваў у галіне станковага жывапісу, манументальнага мастацтва, графікі, дэкаратыўна-афарміцельскага мастацтва. 

Аўтар партрэтаў Якуба Коласа, Р. Шырмы, Ф. Скарыны, Кірылы Тураўскага, Пятра Мсціслаўца, Ефрасінні Полацкай і іншых. 

Аўтар больш за 20 партрэтаў прадстаўнікоў роду Радзівілаў, шматлікіх карцін, прысвечаных князям ВКЛ, малюнкаў, акварэляў. 

Работа «Вольга Мініч з вогненнай вёскі» стала галоўнай ілюстрацыяй да кнігі «Я з вогненнай вёскі». 

Аўтар карціны «Зона», прысвечанай Чарнобыльскай трагедыі, 18 вітражоў для рэстарана «Мінск» у Патсдаме, вітража для станцыі метро «Плошча Перамогі», мазаікі на станцыі «Маскоўская», 24 партрэтаў ганаровых грамадзян Беларусі для залі прыёмаў і пасяджэнняў Мінскай ратушы.

Памёр 7 чэрвеня 2013 года.

Уладзімір Стальмашонак

1963 год. Нарадзіўся Валеры Гапееў. 

Беларускі пісьменьнік і журналіст.

Працаваў у раённай газеце «Івацэвіцкі веснік», стварыў сайт «Івацэвіцкі край».

Друкаваўся ў часопісах «Бярозка», «Першацвет», «Полымя», «Маладосць».

Аўтар твораў у супольных зборніках, 12 кніг. Лаўрэат 4 літаратурных прэмій, у тым ліку «Залаты апостраф» часопіса «Дзеяслоў», прэміі Цёткі.

Валерый Гапееў

2020 год. Памёр Кірк Дуглас (Ісэр Даніеловіч). 

Амерыканскі кінаакцёр і прадзюсар. 

Амерыканскі Інстытут Кіно прызнаў яго адным з лепшых кінаакцёраў усіх часоў. Сярод яго самых вядомых фільмаў – «Спартак» (загалоўная роля), «Сем дзён у траўні», «Прага жыцьця».

З гомельскіх і чавускіх яўрэяў. Яго бацькі, Гершэл і Брына Даніеловіч эмігравалі ў ЗША з Чавусаў.

Тройчы намінаваўся на «Оскар» (за ролі ў фільмах «Чэмпіён», «Злодзей і прыгажуня» і «Прага жыцця»), узнагароду атрымаў толькі ў 1996 годзе.

Атрымаў шэраг узнагародаў, у тым ліку зорку на Галівудскай Алеі Славы. У яго гонар названы праспект у горадзе Палм-Спрынгз, штат Каліфорнія.

Займаўся гуманітарнай дапамогай, за што атрымаў Прэзідэнцкі Медаль за Свабоду, Ордэн Французскага Легіёна, Нацыянальны Медаль за дасягненні ў галіне мастацтва. Быў паслом добрай волі ў Дэпартаменце ЗША.

Бацька акцёраў Майкла, Эрыка Дугласаў, прадзюсараў Джоэля, Пітэра Дугласаў.

Кірк Дуглас

Дзень у гісторыі. 29 студзеня. Арыштавалі Каліноўскага. Нарадзіўся Антон Луцкевіч

Дзень мабілізацыі супраць ядзернай пагрозы (Day of mobilization against the nuclear threat, з 1985 года). 

Адзначаецца з моманту прыняцця Дэлійскай дэкларацыі аб прынцыпах свабоды ад ядзернай зброі і негвалтоўнага міру. Дэкларацыя змяшчае заклік да спынення гонкі ядзернага ўзбраення, скарачэння і паступовай ліквідацыі ядзерных арсеналаў і ліквідацыі пагрозы ядзернай вайны.

Заснавальнікі даты сцвярджаюць, што магчымасці ратавання ад уздзеяння ядзернага выбуху вельмі абмежаваныя. У выніку буйнамаштабнай ядзернай вайны адбудзецца глабальная кліматычная катастрофа.

Хоць ядзерная зброя выкарыстоўвалася ў ваенных дзеяннях усяго двойчы, у 1945 годзе, усе наступныя дзесяцігоддзі міжнародная дыпламатыя і ваенная стратэгія дзяржаў знаходзіліся пад моцным уплывам планаў вядзення магчымай ядзернай вайны, якія распрацоўваліся. 

Трынітраталуолавы эквівалент бомбы, скінутай на Хірасіму, складаў 13 кт. Выбуховая моц савецкай стратэгічнай ракеты SS-18, у 1540 разоў больш.

Занепакоенасць выклікае агрэсія Расіі, якая мае значны ядзерны арсенал, супраць Украіны.

ядзерная вайна

Дзень беларускай навукі (з 1993 года). 

Апошняя нядзеля студзеня. Вядучым даследчым і навуковым цэнтрам краіны з’яўляецца Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, заснаваная ў 1928 годзе. У Нацыянальнай акадэміі працуе больш за 18 тысяч даследчыкаў, тэхнікаў, дапаможнага і абслуговага персаналу, сярод якіх нямала дактароў і кандыдатаў навук.

Адзін з найважнейшых паказчыкаў навуковай дзейнасці – навукаёмістасць ВУП – у апошнія гады складае каля 1%. Гэта вышэй, чым у большасці краін СНД, але значна ніжэй, чым у развітых краінах. У краінах супастаўных з Беларуссю па памеры і насельніцтве – Фінляндыі і Швецыі – навукаёмістасць ВУП роўная 3%.

беларуская навука

1720 год. Нарадзіўся Францішак Багамолец. 

Польскі і беларускі драматург, публіцыст, выдавец. Выкладчык у Віленскім, Варшаўскім езуіцкіх калегіумах. Вылучаўся шматбаковай дасведчанасцю. 

Заснаваў і рэдагаваў у Варшаве часопісы «Wiadomości Uprzywilejowane Warszawskie», «Kurier Warszawski».

Аўтар вершаў, больш за 20 камедый для школьнага тэатра, у якіх з пазіцый памяркоўнага асветніцтва крытыкаваў норавы Рэчы Паспалітай, заганы шляхты. Складаў вершы.

Апублікаваў хронікі М. Бельскага, М. Стрыйкоўскага, М. Кромера, А. Гваньіні, лісты Я. Каханоўскага, П. Каханоўскага, С. Любамірскага, М. Сарбеўскага.

Выступаў супраць засілля ў літаратуры лацінскай мовы, але дапускаў запазычанні з блізкароднасных моў, у тым ліку з беларускай. Збіраў беларускія прыказкі і прымаўкі, якімі хацеў дапоўніць зборнік С. Рысінскага.

Меў непасрэднае дачыненне да першай польскай оперы – «Ашчасліўленая беднасць», напісанай паводле яго лібрэта кампазітарам М. Каміньскім і пастаўленай 11 ліпеня 1778 ў Нацыянальным тэатры ў Варшаве.

Памёр 24 красавіка 1784 года.

Францішак Багамолец

1864 год. У Вільні арыштаваны Канстанцін Каліноўскі. 

Палітычны дзеяч, публіцыст, паэт. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў.

Царскім уладам ён быў выдадзены камісарам Магілёўскай губерні Вітаўтам Парфяновічам.

Публічна павешаны 22 сакавіка 1864 года на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні.

Таемна пахаваны на Гедзімінавай (Замкавай) гары ў Вільні, побач з іншымі лідарамі і ўдзельнікамі паўстання, забітымі на загад расійскай акупацыйнай улады. Усе магілы былі зраўняныя з зямлёй.

Урачыстае перапахаванне К. Каліноўскага і іншых паўстанцаў адбылося 22 лістапада 2019 года на могілках Росы ў Вільні.

Адзін з першых беларускіх мастацкіх фільмаў быў «Кастусь Каліноўскі» (1928). У 1943 годзе ў гонар героя была названая савецкая партызанская брыгада, якая дзейнічала каля Гродна і Беластока.

У гонар деяча названыя вуліцы ў Мінску, Гродна, Магілёве, Пінску і іншых гарадах Беларусі, гімназія № 1 у г. Свіслач. Адзіны беларускі помнік усталяваны ў Свіслачы. Бюст усталяваны ў Нью-Ёрку.

Указ прэзідэнта Беларусі ад 15 студзеня 1996 года № 26 зацвердзіў Ордэн Кастуся Каліноўскага. Узнагарода не выкарыстоўваецца, але не выходзіла і адпаведнай пастановы аб яе скасаванні.

У 2022 годзе на Украіне створаны беларускі полк імя Каліноўскага.

Кастусь Каліноўскі

1878 год. Нарадзіўся Уладзімір Самойла. Беларускі публіцыст, літаратурны крытык, філосаф.

Удзельнік беларускага літаратурна-грамадскага руху, адзін з заснавальнікаў кніжнага таварыства «Мінчук» (1906). Супрацоўнічаў у мінскіх і віленскіх перыядычных выданнях «Минский курьер», «Наша ніва».

Хатні настаўнік Івана Луцэвіча, адыграў значную ролю ў творчым станаўленні Янкі Купалы, адзін з першых высока ацаніў яго здольнасці і літаратурную творчасць.

Аўтар артыкулаў, эсэ прысвечаных творчасці расійскіх і замежных пісьменнікаў.

З 1918 года жыў у Вільні, працаваў выкладчыкам у гімназіі і публіцыстам у газетах «Віленская мова», «Віленскія навіны», быў адным з вядучых публіцыстаў заходнебеларускага друку вызваленчага кірунку, рэцэнзентам на выданні Інбелкульта і Акадэміі Навук, працаваў бібліятэкарам Беларускага музея імя І. Луцкевіча.

Арыштаваны НКУС у кастрычніку 1939 года. Вязень беластоцкай турмы. 

Расстраляны, верагодна, у 1941 годзе.

Уладзімір Самойла

1884 год. Нарадзіўся Антон Луцкевіч. 

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, літаратурны крытык, гісторык, мовазнаўца, выдавец. 

Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады, сябра рэдакцый газет “Наша доля” і “Наша ніва”, адзін з выдаўцоў газеты “Гоман”. Старшыня Віленскай беларускай рады, сябра Рады БНР.

Ініцыятар абвяшчэння і аўтар праекта Трэцяй Устаўной граматы, паводле якой Беларуская Народная Рэспубліка абвешчаная незалежнай дзяржавай. З кастрычніка 1918 года старшыня Народнага сакратарыята БНР, з лістапада – старшыня Рады Народных Міністраў (прэм’ер-міністр) і міністр замежных спраў.

Грамадска-палітычны дзеяч у Заходняй Беларусі. 

Арыштаваны НКУС 30 верасня 1939 года ў Вільні. Перавезены ў мінскую турму, 14 чэрвеня 1941 года прыгавораны да 8 гадоў лагераў. Памёр 23 сакавіка 1942 года ў лагеры ў Аткарску Свярдлоўскай вобласці.

Антон Луцкевіч

1904 год. У Магілёўскім Іосіфаўскім кафедральным саборы праасвяшчэнным Максімам быў прачытаны народу Найвышэйшы маніфест аб вайне з Японіяй і здзейснены малебен аб дараванні перамогі расійскім войскам. 

У маі 1910 года тут 3 дні знаходзіліся мошчы Святой Еўфрасінні Полацкай, якія накіроўваліся з Кіева ў Полацк. Праз 25 гадоў, 29 студзеня 1929 года гарадскія улады вырашылі сабор зачыніць. У 1932 годзе, у будынку адкрыўся музей гісторыі рэлігіі і атэізму. У 1937 годзе было прынята рашэнне аб зносе сабора і будаўніцтве гасцініцы “Дняпро” для новай беларускай сталіцы ў Магілёве.

Сабор Святога Іосіфа – першы ўзор класіцызму ў культавым дойлідстве на тэрыторыі Беларусі, праваслаўны сабор на Саборнай плошчы ў Магілёве. Першы камень у падмурак будучага сабора, ля пляцоўкі з драўлянай царквой Уваскрэсення Хрыстова, быў закладзены 29 мая 1780 г. Кацярынай ІІ і аўстрыйскім імператарам Іосіфам II.

Храм быў пабудаваны ў 1798 годзе па праекце М. Львова і ўпрыгожаны карцінамі і іконамі Ул. Баравікоўскага.

У кастрычніку 2011 года намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ігар Шардыка заявіў, што Іосіфаўскі сабор у ліку першых стаіць у чарзе на аднаўленне разбураных архітэктурных помнікаў Магілёва. Прайшло 15 гадоў, але ніякіх выразных крокаў па аднаўленні святыні не зроблена.

Сабор Іосіфа

1924 год. Нарадзіўся Арцём Баханькоў. 

Беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук, прафесар.

Працаваў ў Інстытуце мовазнаўства акадэміі навук, загадчыкам кафедры беларускай мовы пры Прэзідыуме НАН Беларусі.

Даследаваў лексіку, дыялекталогію, гісторыю беларускай мовы, лексіку мовы Ф. Скарыны. Аўтар і суаўтар шматлікіх даследаванняў, сярод якіх «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы», «Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы», «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы», «Беларуска-рускі слоўнік».

Памёр 12 жніўня 2001 года.

Арцём Баханькоў

1956 год. Нарадзіўся Сяргей Бароўскі. 

Беларускі футбаліст і трэнер.

У 1972-1987 гадах – гулец, у 1984-1985 – капітан  мінскага «Дынама». У чэмпіянаце СССР правёў 400 матчаў, з іх 270 у вышэйшай лізе. Чэмпіён СССР (1982).

У 1981-1985 гадах выступаў за зборную СССР, у 1982 годзе ўдзельнічаў у чэмпіянаце свету ў Іспаніі.

У 1989 годзе пачаў трэнерскую кар’еру: нацыянальная зборная, у розных клубах Латвіі, Малдовы, Літвы, Украіны, Беларусі (“Металург”, “Дынама” Мінск, “Шахцёр”, БАТЭ).

Пад яго кіраўніцтвам зборная атрымала адну з найвядомейшых перамог – у 1995 годзе над зборнай Нідэрландаў (1:0) і адно з найцяжэйшых паражэнняў – у 2000 годзе ад Андоры (0:2).

У 2014 годзе прывёў салігорскі «Шахцёра» да перамогі ў Кубку Беларусі 2013/2014, вывеў яго ў раўнд плэй-оф Лігі Еўропы, на 3 месца чэмпіяната Беларусі.

З 2019 года трэнер каманды «Іслач».

Сяргей Бароўскі

1965 год. Нарадзіўся Генадзь Галоўчык

Знакаміты магілёўскі гадзіннікавы майстар, генеральны канструктар. 

Нарадзіўся ў г. Белазёрску Брэсцкай вобласці. Вучыўся ў Магілёўскім машынабудаўнічым інстытуце, пасля заканчэння вучобы застаўся працаваць у Магілёве. Працаваў на заводах “Чырвоны металіст”, “Протас” і іншых. 

У пачатку 1990-х гадоў аднавіў гадзіннікавы механізм на Тэатральнай плошчы ў Магілёве, які быў паламаны больш за 20 гадоў.

У 2008 годзе стварыў унікальны гадзіннікавы механізм на вежы магілёўскай ратушы – стрэлка на адным з цыферблатаў робіць поўны абарот за 500 гадоў.

Стаў ініцыятарам і стваральнікам фігуры механічнага гарадскога трубача Магіслава на ратушы.

У 2021 годзе пакінуў пасаду гадзіннікавага майстра Музея гісторыі Магілёва ў знак салідарнасці з пацярпелымі ад палітычнага пераследу калегамі.

Гена Галоўчык