Дзень у гісторыі. 8 лістапада. Паўстанне ў Крычаве, знішчэнне гета ў Бабруйску

1696 год. Крычаўскія паўстанцы разграмілі харугву ВКЛ

У 1696 годзе ў Крычаве была раскватараваная харугва харунжага Вялікага княства Літоўскага Рыгора Агінскага, якая пачала займацца ў горадзе разбоем. 8 лістапада пачалося сумеснае ўзброенае паўстанне гараджан і сялян староства. Жыхары занялі замак і захапілі гарматы з якіх абстралялі харугву. Пачаўся жорсткі бой, у выніку якога харугва была разбіта, ацалелыя ваяры ўцяклі з горада.

Крычаў ХІХ ст.
Від на Крычаў у пач. ХІХ ст.

1916 год. Нарадзіўся Георгій Бенядзіктаў, заслужаны архітэктар БССР

Адзін з аўтараў праекта гасцініцы «Магілёў», пабудаванай у 1972 г. 

гасцініца Магілёў

1941 год. Знішчэнне гета ў Бабруйску.

Гета было створана ў Бабруйску ўжо ў першыя дні акупацыі горада нямецкімі войскамі. Асноўная частка масавых растрэлаў яўрэяў адбылася 7-8 лістапада 1941 года. Яўрэям было абвешчана, што іх павязуць у Палестыну. У рэальнасці ў дзевяці кіламетрах ад горада, каля дарогі на Слуцк іх ужо чакалі тры ямы, загадзя выкапаныя ваеннапалоннымі.

Бабруйскае гета

У Бабруйску ўшанавалі памяць аб ахвярах Халакосту. Ля мясцовай «Сцяны плачу» паставілі помнік

Месца для памятнага знаку знайшлося на тэрыторыі ўратаваных ад разбурэння рэшткаў старой сінагогі. Тут створаная музейная пляцоўка пад адкрытым небам. У Бабруйску яе называюць мясцовай «Сцяною плачу». Месціцца яна на перакрыжаванні вуліц Чонгарскай і Бахарава. 15 хвілінаў пешшу ад цэнтру гораду.

Знак выкананы ў чырвоных і чорных колерах. Ён сімвалізуе трагізм і адраджэнне. Усё – ад ідэі да дызайну – належыць кіраўніку гарадской іўдзейскай абшчыны Шаулю Хабабо, у мінулым дызайнеру, паведамляе інтэрнэт-выданне «Бобруйский курьер».

Адкрыццё прымеркавалі да гадавіны вызвалення Бабруйску ад нацысцкай акупацыі. На ўрачыстасць прыйшлі старшыня гарвыканкаму Аляксандр Студнёў з групай падначаленых чыноўнікаў ды кіраўнік іўдзейскіх абшчын краіны Ўладзімір Малінкін.

У Бабруйску нацысты ў 1941 годзе стварылі на тэрыторыі цяперашняга заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў гета. Яно існавала з 1 жніўня да 30 снежня. Мясцовымі ахвярамі Галакосту сталі больш за 10 тысяч чалавек. Іх масава забівалі, вывеўшы за горад.