Помнік ахвярам “генацыду беларускага народу” можа з’явіцца ў Палыкавічах

Тут былі пахаваныя некалькі тысяч яўрэяў, вязняў магілёўскага гета.

Конкурс эскізных праектаў памятнага знака “ахвярам генацыду беларускага народа” быў абвешчаны Міністэрствам культуры Беларусі. Усяго выбрана шэсць лакацый, дзе можа быць узведзены памятны знак ахвярам Другой Сусветнай вайны, якіх у апошнія гады ў Беларусі прынята абагульваць у паняцце “генацыд беларускага народа”.

Месцы для ўзвядзення памятнага знаку вызначаныя ў кожным рэгіёне краіны. У Брэсцкай вобласці гэта месца паблізу ад урочышча Стасіна Столінскага раёна. У Віцебскай – тэрыторыя, прылеглая да дома № 7 па вул. Крылова ў Віцебску. У Гомельскай – каля населенага пункта Чэнкі. У Гарадзенскай гэта мемарыяльны комплекс у мікрараёне Фолюш. У Магілёўскай вобласці гэта мае быць мемарыяльны комплекс у Палыкавічах.

Масавае пахаванне ахвяр Другой Сусветнай вайны было выяўленае ў Палыкавічах у канцы 1940-х гадоў. Усяго тут было знойдзена 950 ям-пахаванняў.

Даследчыкі адзначаюць, што пачынаючы з жніўня і да канца 1941 года ў Палыкавічах было расстраляна каля 4 800 яўрэяў з магілёўскага гета. Пра гэта гаворыцца ў кнізе “Памяць” горада Магілёва. У Палыкавічах, у кіламетры ад шашы Магілёў-Орша знаходзіўся роў натуральнага паходжання, у якім нацысты і паліцаі некалькі дзён забівалі яўрэяў і туды ж скідалі целы вязняў гета, прывезеныя з горада “душагубкамі”.

Магілёў.media адзначлі ў свой час, што ў Беларусі так і не існуе ўцямнага адказу на пытанне, што разумецца ў юрыдычным сэнсе пад тэрмінам «беларускі народ»?

Дзень у гісторыі: 13 жніўня. Памёр Якуб Колас. У Магілёве нацысты стварылі гета – пачатак трагічнай гісторыі мясцовых габрэяў. Нарадзіліся: Ларыса Фінкельштэйн, даследніца габрэйскай спадчыны ў Беларусі і Яўген Колчаў, скульптар, аўтар рэльефаў Чырвонага касцёл

Міжнародны дзень леўшуноў

Адзначаецца ад 1992 году з ініцыятывы брытанскага Клуба леўшуноў, каб прыцягнуць увагу да неабходнасці ўлічваць інтарэсы леварукіх. Сцвярджаецца, што іх каля 10%.

У 1976 годзе ў ЗША правялі Міжнародную канфедэрацыю леўшуноў, якая ўклала «Біль аб леўшунах». Паводле яго:

– кожнаму чалавеку павінна быць забяспечана свабода выбару ў выкарыстанні зручнай для яго рукі;

– тавары для леўшуноў павіны быць у свабодным доступе і па канкурэнтаздольных коштах;

– ніхто не можа ўціскаць леўшуноў;

– свет павінен быць адаптаваны так, каб леўшунам не даводзілася прасіць прабачэння за тое, якая ў іх дзеючая рука.

– абвясціць 13 жніўня Міжнародным днём леўшуноў для адстойвання правоў і годнасці леўшуноў ува ўсім свеце.

1913 год. Нарадзіўся Анатоль Багатыроў.

Кампазітар, педагог і грамадскі дзеяч.

Заснавальнік нацыянальнай беларускай оперы і беларускай нацыянальнай кампазітарскай школы.

Выхаваў плойму беларускіх кампазітараў.

Аўтар опер, створаных паводле твораў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.

1941 год. Акупацыйная ўлада гітлераўцаў у Магілёве загадала мясцовым габрэям пакінуць свае жытло і перасяліцца ў гета ў Падніколле.

У верасні гета было створана паміж Быхаўскім рынкам і вуліцай Віленскай. 

Да лістападу 1941 году нацысты знішчылі габрэяў з гета.

Там, дзе была ўваходная брама у гета, цяпер на вуліцы Лазарэнкі стаіць памятны знак: камень з высечанымі на ім далонямі.

1950 год. Нарадзілася Ларыса Фінкельштэйн

Мастацтвазнаўца, арт-крытык.

Заснавальніца першай беларускай галерэі «Брама», упершыню ў Беларусі пачала цыкл выставаў, прысвечаных мастакам-габрэям Беларусі і габрэйскай тэматыцы ў творчасці беларускіх аўтараў.

Увяла ў лексікон мастацтвазнаўства паняцце «філасофская кераміка».

Аўтар шматлікіх арт-пректаў.

1956 год. Памёр Якуб Колас (Канстанцін Міцкевіч).

Найадметнейшая постаць у беларускай культуры. Празаік, паэт, педагог, навуковец, грамадскі дзеяч.

Яго творы ўключаныя ў школьную праграму і перакладзеныя на 50 моваў свету.

Кожны беларус ведае класічныя коласаўскія творы: «Новая зямля», «Сымон музыка». У іх увасобленыя спрадвечныя беларускія чаканні: мець сваю зямлю і права распараджацца сваім жыццём без прынукі.

Імем Якуба Коласа ўганараваныя многія ўстановы культуры, названыя вуліцы. У Магілёве такой вуліцы няма.

1959 год. Нарадзіўся Яўген Колчаў.

Скульптар і фатограф.

Стварае станкавыя скульптуры ў рэалістычным стылі, захапляецца анімалістычным жанрам.

Удзельнічаў у аднаўленні складаных архітэктурных і скульптурных элементаў помнікаў готыкі і барока ў Германіі і Польшчы. 

Працы скульптара ўпрыгожваюць вуліцы і будынкі Мінска, знаходзяцца ў калекцыі Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі, а таксама ў прыватных калекцыях.

Ён аўтар рэльефаў Чырвонага касцёлу ў Мінску, а таксама ў гонар Кастуся Каліноўскага.

 

 

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў

 

Помнік ахвярам Халакосту ў Магілёве аднавілі

Пасля навальніцы, якая адбылася 29 чэрвеня, адно з дрэваў на Яўрэйскіх могілках па вуліцы Альчынскай, абрынулася на помнік жыхарам гораду, закатаваным нацыстамі падчас Другой Сусветнай вайны. Ад удару верхняя гранітная пліта помніка абрынулася, паведамляў Магілёў.media.

У сярэдзіне ліпеня пачалося аднаўленне помніка. Але тэхналогія, якую абралі дзеля гэтага спецыялісты рытуальнай службы выклікала па меншай меры здзіўленне. Замест выкарыстання надзейных механічных прылад, помнік падымалі пра дапамозе круглякоў з таго самага абрынутага дрэва.

Помнік на Яўрэйскіх могілках усталяваны на месцы перазахавання рэшткаў прыблізна 2 000 чалавек, што загінулі ад рук нацыстаў у магілёўскім гета. Магілёўскія ахвяры Халакосту пазначаныя на помніку абагульнена – само слова «Халакост» на эпітафіі адсутнічае, усе загінулыя адзначаныя, як савецкія грамадзяне.