Свет пабачыла кніга ўнучкі Якуба Коласа пра сядзібу Качэрычы – сучасны Кіраўск

Гэта выданне – шмадгатовае даследаванне аўтаркі, дзе праз гісторыю двух дваранскіх
родаў адлюстроўваецца мінулае мястэчка і сённяшняга раённага цэнтра Кіраўска.

Кніга даследчыцы Веры Міцкевіч пад назвай “Сядзіба Качэрычы: шляхамі
Ланеўскіх-Ваўкоў, фон Гоераў і іх нашчадкаў” выйшла невялікім накладам у сто
асобнікаў на беларускай і рускай мовах і з’яўляецца незвычайным падарожжам, дзе
змешчана ўсяго патроху – гісторыя, літаратура, шмат асоб і адкрыццяў пра іх.

Асобная ўвага ў выданні акцэнтуецца на асобе Надзеі Тэфі – вядомай расійскай
пісьменніцы-гумарысткі (1872-1952), якая па матчынай лініі паходзіла з двух дваранскіх
родаў, што валодалі Качэрычамі.

Выданне вартае ўвагі, асабліва для тых хто цікавіцца гісторыяй мястэчак
Магілёўшчыны і лёсамі шляхецкіх родаў, а таксама тым, каму неабыякавая гісторыя
ўласнай малой радзімы. Не варта забываць, што Вера Міцкевіч не проста даследчыца,
а яшчэ і ўнучка народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.

Дарэчы, ад былой сядзібы Качэрычы нічога не захавалася, аднак застаўся маляўнічы
парк, па якім гуляюць жыхары ўжо сучаснага Кіраўска.

Якуб Колас збіраўся напісаць п’есу пра Крычаўскае паўстанне – да 140-годдзя народнага паэта

Перашкодзілі загружанасць у Акадэміі навук і страх у чаканні “чорнага варанка”.

Беларусь святкавала 140-годдзе слыннага творцы Якуба Коласа, што пакінуў пасля сябе вялізарную творчую спадчыну трэцяга лістапада. Аднак не ўсе творчыя задумы змог рэалізаваць беларускі класік. Некаторыя з-за розных прычынаў засталіся няздзейсненымі, а яскравым прыкладам падобнай творчай задумы была ідэя напісання твора, прысвечанага Крычаўскаму паўстанню. 

Яна, верагодна, узнікла ў Якуба Коласа яшчэ ў 1933 годзе, адразу пасля напісання аповесці “Дрыгва”, што можна прачытаць у лісце Якуба Коласа да рускага пісьменніка Сяргея Гарадзецкага ў снежні 1933 года: 

“Я теперь, закончив повесть «Дрыгва» (она уже напечатана и скоро выйдет – не готова обложка), пишу небольшую детскую поэму, которую хочу закончить к первому января 1934 г. Соблазняет одна историческая тема – для исторической повести или пьесы. Работа очень сложная – в белорусских условиях это совершенно новый жанр. А материал очень интересный и богатый». 

Аднак будучы заняты працай па Акадэміі навук Колас не мог заняцца гістарычнай тэмай Крычаўскага паўсатння. Больш за тое, нешматлікі вольны час беларускі класік аддаваў на напісанне п’есы “Вайна вайне” і завяршэнне працы над вершаванай паэмай “На шляхах волі”.  

Чарговы раз Якуб Колас пачаў спрабаваць узяцца за напісанне твора па Крычаўскаму паўстанню ўжо ў 1937 годзе. На гэты раз больш паспяхова, бо ў адным са сваіх лістоў ён апісвае ўжо сюжэт будучай п’есы: 

“Я подбираю материал для новой пьесы. Большой, увлекающий материал. Но его мне мало. Сюжет, вернее не сюжет, а историческая основа: Кричевское староство (в бывшей Могилёвской губернии на Соже). Польский король дарит его польскому магнату князю Радзивиллу. Богатый еврей Гдалий берет Кричев на откуп. Жестокая система выбивания податей, пошлин с населения вызывает ропот, недовольствие среди белорусской шляхты и мелкопоместного дворянства. Гдалию противостоит белорусский купец из крестьян. Он торгует воском. Под знаменем антисемитизма ведет пропаганду против Гдалия. Поднимает восстание. Восстание тянется три года. Потом жесткая расправа с восставшими. Обстановка – жуткая нищета и разорение крестьянства, запущенные поля и леса, воют волки. Вот на этом фоне нужно построить художественное произведение. Я не продумал его, но отдельные фигуры, человеческие горести, страсти, характеры, сцены уже мелькают перед моим взором”. 

Прычым Якуб Колас збіраўся асабіста наведацца ў Крычаў, каб паспрабаваць сабраць матэрыял пра паўстанне, паразмаўляўшы з мясцовымі жыхарамі. Менавіта пра такія планы Колас пісаў да свайго сябра і калегі Пятра Глебкі: 

“Чакаю, калі трохі буду вальней. Ёсць надзея, што ў недалёкім часе будзе ўмацован прэзідыум, і тады я займуся раз’ездамі. У першую чаргу адведаю вас, другі мае родныя, а потым паеду ў Крычаў на пошукі слядоў сярод народа аб паўстанні ў Крычаве (1740-1744 гг.).”

Але ж Якуб Колас так і не напісаў ніякага твора пра паўстанне пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы і на гэта былі аб’ектыўныя фактары. У пачатку 1930–х вялося шалёнае цкаванне Якуба Коласа і Янкі Купалы, якіх часта абвінавачвалі ў нацыяналістычных і антысавецкіх поглядах. Больш за тое, якраз у 1937-1938 гг. адбываецца выкрыццё “контррэвалюцыйных нацдэмаўскіх элементаў”, у тым ліку і сярод беларускай інтэлігенцыі. Гэта непасрэдным чынам закранула і Якуба Коласа, які чакаў прыезду “чорнага варанка”. На фоне гэтай страшнай карціны відавочна, што гістарычная тэматыка ў тыя часы была не надта бяспечная для стварэння вялікага твора, а неадпаведнасць жорсткім ідэалагічным устаноўкам лёгка магла прывесці да арышту і сур’ёзнага асуджэння. Пагэтаму Якуб Колас проста пабаяўся займацца гэтай дастаткова небяспечнай тэмай.

Намеры напісаць твор пра Крычаўскае паўстанне ў Якуба Коласа былі дастаткова сур’ёзныя. Праца па зборы інфармацыі для будучага твора была распачатая, аднак не спрыяў цяжкі час 1930-х гг., а таксама пастаянная занятасць Якуба Коласа ў Акадэміі навук.  У пасляваенны час народны паэт Беларусі больш не звяртаўся да тэмы паўстання пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы. Калі б Якуб Колас узяўся за напісанне твора, то ён быў бы першым пісьменнікам, які шырока асвяціў тэму Крычаўскага паўстання ў беларускай мастацкай літаратуры. Аднак першым чалавекам, які напісаў сур’езны твор, прысвечаны паўстанню, аказаўся Уладзімір Караткевіч, што стварыў славутую гістарычную п’есу “Маці ўрагану”.

Дзень у гісторыі: 13 жніўня. Памёр Якуб Колас. У Магілёве нацысты стварылі гета – пачатак трагічнай гісторыі мясцовых габрэяў. Нарадзіліся: Ларыса Фінкельштэйн, даследніца габрэйскай спадчыны ў Беларусі і Яўген Колчаў, скульптар, аўтар рэльефаў Чырвонага касцёл

Міжнародны дзень леўшуноў

Адзначаецца ад 1992 году з ініцыятывы брытанскага Клуба леўшуноў, каб прыцягнуць увагу да неабходнасці ўлічваць інтарэсы леварукіх. Сцвярджаецца, што іх каля 10%.

У 1976 годзе ў ЗША правялі Міжнародную канфедэрацыю леўшуноў, якая ўклала «Біль аб леўшунах». Паводле яго:

– кожнаму чалавеку павінна быць забяспечана свабода выбару ў выкарыстанні зручнай для яго рукі;

– тавары для леўшуноў павіны быць у свабодным доступе і па канкурэнтаздольных коштах;

– ніхто не можа ўціскаць леўшуноў;

– свет павінен быць адаптаваны так, каб леўшунам не даводзілася прасіць прабачэння за тое, якая ў іх дзеючая рука.

– абвясціць 13 жніўня Міжнародным днём леўшуноў для адстойвання правоў і годнасці леўшуноў ува ўсім свеце.

1913 год. Нарадзіўся Анатоль Багатыроў.

Кампазітар, педагог і грамадскі дзеяч.

Заснавальнік нацыянальнай беларускай оперы і беларускай нацыянальнай кампазітарскай школы.

Выхаваў плойму беларускіх кампазітараў.

Аўтар опер, створаных паводле твораў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.

1941 год. Акупацыйная ўлада гітлераўцаў у Магілёве загадала мясцовым габрэям пакінуць свае жытло і перасяліцца ў гета ў Падніколле.

У верасні гета было створана паміж Быхаўскім рынкам і вуліцай Віленскай. 

Да лістападу 1941 году нацысты знішчылі габрэяў з гета.

Там, дзе была ўваходная брама у гета, цяпер на вуліцы Лазарэнкі стаіць памятны знак: камень з высечанымі на ім далонямі.

1950 год. Нарадзілася Ларыса Фінкельштэйн

Мастацтвазнаўца, арт-крытык.

Заснавальніца першай беларускай галерэі «Брама», упершыню ў Беларусі пачала цыкл выставаў, прысвечаных мастакам-габрэям Беларусі і габрэйскай тэматыцы ў творчасці беларускіх аўтараў.

Увяла ў лексікон мастацтвазнаўства паняцце «філасофская кераміка».

Аўтар шматлікіх арт-пректаў.

1956 год. Памёр Якуб Колас (Канстанцін Міцкевіч).

Найадметнейшая постаць у беларускай культуры. Празаік, паэт, педагог, навуковец, грамадскі дзеяч.

Яго творы ўключаныя ў школьную праграму і перакладзеныя на 50 моваў свету.

Кожны беларус ведае класічныя коласаўскія творы: «Новая зямля», «Сымон музыка». У іх увасобленыя спрадвечныя беларускія чаканні: мець сваю зямлю і права распараджацца сваім жыццём без прынукі.

Імем Якуба Коласа ўганараваныя многія ўстановы культуры, названыя вуліцы. У Магілёве такой вуліцы няма.

1959 год. Нарадзіўся Яўген Колчаў.

Скульптар і фатограф.

Стварае станкавыя скульптуры ў рэалістычным стылі, захапляецца анімалістычным жанрам.

Удзельнічаў у аднаўленні складаных архітэктурных і скульптурных элементаў помнікаў готыкі і барока ў Германіі і Польшчы. 

Працы скульптара ўпрыгожваюць вуліцы і будынкі Мінска, знаходзяцца ў калекцыі Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі, а таксама ў прыватных калекцыях.

Ён аўтар рэльефаў Чырвонага касцёлу ў Мінску, а таксама ў гонар Кастуся Каліноўскага.

 

 

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў