Якуб Колас збіраўся напісаць п’есу пра Крычаўскае паўстанне – да 140-годдзя народнага паэта

Перашкодзілі загружанасць у Акадэміі навук і страх у чаканні “чорнага варанка”.

Беларусь святкавала 140-годдзе слыннага творцы Якуба Коласа, што пакінуў пасля сябе вялізарную творчую спадчыну трэцяга лістапада. Аднак не ўсе творчыя задумы змог рэалізаваць беларускі класік. Некаторыя з-за розных прычынаў засталіся няздзейсненымі, а яскравым прыкладам падобнай творчай задумы была ідэя напісання твора, прысвечанага Крычаўскаму паўстанню. 

Яна, верагодна, узнікла ў Якуба Коласа яшчэ ў 1933 годзе, адразу пасля напісання аповесці “Дрыгва”, што можна прачытаць у лісце Якуба Коласа да рускага пісьменніка Сяргея Гарадзецкага ў снежні 1933 года: 

“Я теперь, закончив повесть «Дрыгва» (она уже напечатана и скоро выйдет – не готова обложка), пишу небольшую детскую поэму, которую хочу закончить к первому января 1934 г. Соблазняет одна историческая тема – для исторической повести или пьесы. Работа очень сложная – в белорусских условиях это совершенно новый жанр. А материал очень интересный и богатый». 

Аднак будучы заняты працай па Акадэміі навук Колас не мог заняцца гістарычнай тэмай Крычаўскага паўсатння. Больш за тое, нешматлікі вольны час беларускі класік аддаваў на напісанне п’есы “Вайна вайне” і завяршэнне працы над вершаванай паэмай “На шляхах волі”.  

Чарговы раз Якуб Колас пачаў спрабаваць узяцца за напісанне твора па Крычаўскаму паўстанню ўжо ў 1937 годзе. На гэты раз больш паспяхова, бо ў адным са сваіх лістоў ён апісвае ўжо сюжэт будучай п’есы: 

“Я подбираю материал для новой пьесы. Большой, увлекающий материал. Но его мне мало. Сюжет, вернее не сюжет, а историческая основа: Кричевское староство (в бывшей Могилёвской губернии на Соже). Польский король дарит его польскому магнату князю Радзивиллу. Богатый еврей Гдалий берет Кричев на откуп. Жестокая система выбивания податей, пошлин с населения вызывает ропот, недовольствие среди белорусской шляхты и мелкопоместного дворянства. Гдалию противостоит белорусский купец из крестьян. Он торгует воском. Под знаменем антисемитизма ведет пропаганду против Гдалия. Поднимает восстание. Восстание тянется три года. Потом жесткая расправа с восставшими. Обстановка – жуткая нищета и разорение крестьянства, запущенные поля и леса, воют волки. Вот на этом фоне нужно построить художественное произведение. Я не продумал его, но отдельные фигуры, человеческие горести, страсти, характеры, сцены уже мелькают перед моим взором”. 

Прычым Якуб Колас збіраўся асабіста наведацца ў Крычаў, каб паспрабаваць сабраць матэрыял пра паўстанне, паразмаўляўшы з мясцовымі жыхарамі. Менавіта пра такія планы Колас пісаў да свайго сябра і калегі Пятра Глебкі: 

“Чакаю, калі трохі буду вальней. Ёсць надзея, што ў недалёкім часе будзе ўмацован прэзідыум, і тады я займуся раз’ездамі. У першую чаргу адведаю вас, другі мае родныя, а потым паеду ў Крычаў на пошукі слядоў сярод народа аб паўстанні ў Крычаве (1740-1744 гг.).”

Але ж Якуб Колас так і не напісаў ніякага твора пра паўстанне пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы і на гэта былі аб’ектыўныя фактары. У пачатку 1930–х вялося шалёнае цкаванне Якуба Коласа і Янкі Купалы, якіх часта абвінавачвалі ў нацыяналістычных і антысавецкіх поглядах. Больш за тое, якраз у 1937-1938 гг. адбываецца выкрыццё “контррэвалюцыйных нацдэмаўскіх элементаў”, у тым ліку і сярод беларускай інтэлігенцыі. Гэта непасрэдным чынам закранула і Якуба Коласа, які чакаў прыезду “чорнага варанка”. На фоне гэтай страшнай карціны відавочна, што гістарычная тэматыка ў тыя часы была не надта бяспечная для стварэння вялікага твора, а неадпаведнасць жорсткім ідэалагічным устаноўкам лёгка магла прывесці да арышту і сур’ёзнага асуджэння. Пагэтаму Якуб Колас проста пабаяўся займацца гэтай дастаткова небяспечнай тэмай.

Намеры напісаць твор пра Крычаўскае паўстанне ў Якуба Коласа былі дастаткова сур’ёзныя. Праца па зборы інфармацыі для будучага твора была распачатая, аднак не спрыяў цяжкі час 1930-х гг., а таксама пастаянная занятасць Якуба Коласа ў Акадэміі навук.  У пасляваенны час народны паэт Беларусі больш не звяртаўся да тэмы паўстання пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы. Калі б Якуб Колас узяўся за напісанне твора, то ён быў бы першым пісьменнікам, які шырока асвяціў тэму Крычаўскага паўстання ў беларускай мастацкай літаратуры. Аднак першым чалавекам, які напісаў сур’езны твор, прысвечаны паўстанню, аказаўся Уладзімір Караткевіч, што стварыў славутую гістарычную п’есу “Маці ўрагану”.