У Шклове адкрылі рэканструяваны помнік ахвярам Галакосту

Некропаль ахвяр нацысцкага генацыду адкрылі на мясцовых яўрэйскіх могілках 26 жніўня. Побач з мемарыялам старажытны чысцец, муры якога закансервавалі, каб уратаваць ад разбурэння.

Помнік рэканструяваны, дзякуючы намаганням выхадца са Шклова расійскага прадпрымальніка Ільі Клябанава. Ён прапанаваў праект аднаўлення ўнікальнай мясціны.

На жалобным мітынгу выступілі прадстаўнікі раённай улады, аўтар мастацкага рашэння скульптар Георгій Франгулян, былы міністр культуры Расіі Міхаіл Швыдкой, прадстаўнікі яўрэйскай грамады і сам Ілля Клябанаў.

Удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да помніка і ўшанавалі памяць 3 200 забітых нацыстамі у 1941 годзе яўрэяў Шклоўшчыны.

На Яўрэйскіх могілках талака – інвентарызуюць і аднаўляюць помнікі – фота, відэа

Шматгадовую ініцыятыву магілёўскай яўрэйскай грамады па аднаўленні яўрэйскіх могілак у Магілёве падтрымалі актывісты міжнароднага цэнтра «Сэфер». Для правядзення даследчых прац і інвентарызацыі помнікаў у горад прыехалі даследчыкі з Санкт-Пецярбурга, Мінска, Масквы, Краснадара.

Яўрэйскія могілкі з’яўляюцца аднымі з самых насычаных старажытнымі помнікамі, мацэвамі – так у яўрэйскай культуры называецца каменнае надмагілле. 

Яны вядомыя з 1809 года. На ім захаваліся сотні помнікаў-мацэваў з надпісамі на іўрыце, вытанчанай разьбой у камяні, вершаванымі эпітафіямі. Яўрэйскія могілкі 

знаходзіцца на вуліцы Ольчынскай, па суседзтву з Машэкаўскімі могілкамі, на якіх хаваюць гараджан-хрысціян. 

фота: Актывісты Цэнтра «Сэфер» на яўрэйскіх могілках у Магілёве

На працягу дзесяцігоддзяў Яўрэйскія могілкі разбураліся і зарасталі хмызамі. Актывісты яўрэйскай грамады ўзяліся за іх аднаўленне у пачатку 2000-х. За апошнія гады яны адкрылі велічэзны масіў гістарычных пахаванняў, аналагаў якому па мастацкіх якасцях і па колькасці помнікаў больш няма ў Беларусі.

 

Цэнтр «Сэфер» на яўрэйскіх могілках дэтальна фіксуе кожны выяўлены помнік. Рэгіструецца яго матэрыял, наяўнасць надпісаў і эстэтычных, рэлігійных элементаў. На падставе сабранага матэрыялу даследчыкі цэнтру зрабяць пераклад усіх тэкстаў і выдадуць альбом, прысвечаны яўрэйскім могілкам у Магілёве.

Даследніцкія працы пачаліся 15 жніўня і ўжо далі плён. У глыбіні могілак выяўленыя дзясяткі не ўлічаных раней мацэваў. Іх лёс склаўся прыкра – многія з іх былі зрынутыя і раскіданыя новымі «насельнікамі» – людзьмі, што атрымалі ўчасткі пад захаванне ў 1970-х – 1980-х гадах.

Да аднаўлення Яўрэйскіх могілак далучыліся актывісты з каманды «Віра», якая займаецца падняццем і аднаўленнем занядбаных помнікаў на іншых гістарычных могілках Магілёва. Яны аднавілі адну з абрынутых мацэваў, якую раней немагчыма было падняць без спецыялізаванага абсталявання.

Помнік ахвярам Халакосту ў Магілёве аднавілі

Пасля навальніцы, якая адбылася 29 чэрвеня, адно з дрэваў на Яўрэйскіх могілках па вуліцы Альчынскай, абрынулася на помнік жыхарам гораду, закатаваным нацыстамі падчас Другой Сусветнай вайны. Ад удару верхняя гранітная пліта помніка абрынулася, паведамляў Магілёў.media.

У сярэдзіне ліпеня пачалося аднаўленне помніка. Але тэхналогія, якую абралі дзеля гэтага спецыялісты рытуальнай службы выклікала па меншай меры здзіўленне. Замест выкарыстання надзейных механічных прылад, помнік падымалі пра дапамозе круглякоў з таго самага абрынутага дрэва.

Помнік на Яўрэйскіх могілках усталяваны на месцы перазахавання рэшткаў прыблізна 2 000 чалавек, што загінулі ад рук нацыстаў у магілёўскім гета. Магілёўскія ахвяры Халакосту пазначаныя на помніку абагульнена – само слова «Халакост» на эпітафіі адсутнічае, усе загінулыя адзначаныя, як савецкія грамадзяне.

У Магілёве аднаўляюць помнік ахвярам Халакосту. Як тое робіцца, выклікае здзіўленне

Мармуровая стэла развалілася на часткі, калі на яе падчас навальніцы абрынулася дрэва. Тое адбылося 29 чэрвеня.

Амаль увесь прамінулы час фрагменты помніка заставаліся на зямлі. Пляцоўку падмялі, а дрэва вывезлі. Цяпер узяліся за аднаўленне.

Ім займаецца, як удалося высветліць, будаўнічае ўпраўленне пры гарвыканкаме. Кантралююць хаду прац мясцовыя ідэолагі і пракуратура.

Для таго, каб паставіць на пастамент цяжкую з мармуру стэлу камунальнікі выкарыстоўваюць круглякі з парэзаных дрэў.

У наведнікаў яўрэйскіх могілак, дзе стаіць помнік, такі метад яго аднаўлення выклікае саркастычныя ўсмешкі. Паводле іх, у 21 стагоддзі існуе вялікі выбар тэхнічных сродкаў для гэтага. Наведнікі адзначаюць: узгрувашчванне на круглякі цяжкога фрагменту помніка небяспечнае для работнікаў.

У магіле пад помнікам пахаваныя парэшткі забітых у 1941 годзе нацыстамі нявольнікаў, створанага імі ж, гета. На выгравіраваным у мармуры надпісу няма згадкі пра нацыянальнасць пахаваных. Адзначана толькі, што тут спачываюць 2 тысячы загінулых «савецкіх грамадзян».

Пасля таго, як улада распачала кампанію збірання звестак і пошуку ахвяраў генацыду беларускага народу ля помніка сталі праводзіць пафасныя імпрэзы з удзелам школьнікаў і службоўцаў. Фотаздымкі з такіх мерапрыемстваў тыражавалі праўладныя медыі. У каментарах да іх не згадвалі Халакост і нацыянальнасць забітых.