У Крычаве гібеюць яўрэйскія могілкі, дзе пахаваны сваякі Сідні Майера

Надмагільныя камяні выкідаюць у яр, на ўваходзе прымацавалі праваслаўныя крыжы.

Крычаў з’яўляецца горадам з багацейшай і доўгай яўрэйскай гісторыяй. Згодна з перапісам 1897 года ў Крычаве жыло 2 566 яўрэяў, ці 38,6 % ад насельніцтва горада. У горадзе быў не толькі асобны яўрэйскі квартал, дзе людзі жылі кагалам, але і немалыя па плошчы могілкі. 

Сучасныя вуліцы Савецкая і Жукоўскага, дзе да 1941 года жылі выключна яўрэі, мяжуюць з Аўражным завулкам, які вядзе на ўзвышша. Тут апошнія трыста год яўрэйскае насельніцтва Крычава хавала нябожчыкаў. Сёння яўрэйскія могілкі – ў незадавальняючым стане. Гэта звязана не толькі з тым, што яны слаба дагледжаны. Яшчэ ў 1990-х гг. тут пачалі хаваць праваслаўнае насельніцтва горада. 

З кожным годам расце колькасць хрысціянскіх пахаванняў, а вось надмагільныя камяні яўрэйскія пакрысе беззваротна знікаюць. Прычым цяпер нават уваход на могілкі маркіруюць два праваслаўныя крыжы, прымацаваныя да драўлянай агароджы. Як адзначаюць мясцовыя жыхары, яўрэйскія надмагіллі вывозяць за межы могілак ці проста скідваюць у роў. Такім чынам, знікае ўнікальны пласт мясцовай яўрэйскай культуры. 

Са знішчэннем і слабай дагледжанасцю яўрэскіх могілак мясцовая ўлада нічога не робіць. Абыякава да гэтага ставяцца і мясцовыя прадстаўнікі праваслаўнай царквы. Мясцовых жа яўрэяў у Крычаве па аб’ектыўных прычынах засталіся адзінкі, якія не ў сілах абараніць могілкі продкаў ад знішчэння.

Адзначым, што ў гістарычных адносінах яўрэскія могілкі ў Крычаве адны з найбагацейшых, якія захаваліся ў Беларусі. На іх не толькі даваенныя пахаванні, але і дарэвалюцыйныя. Надмагільныя пліты (мацэвы) пахаванняў, аздобленыя вяззю старажытнаяўрэскага алфавіта і традыцыйнай сімволікай, шмат могуць расказаць гісторыкам, этнографам і нават філолагам. 

На могілках пахаваны блізкія сваякі Сідні Майера, вядомейшага аўстралійскага бізнесмэма і філантропа, які паходзіў з крычаўскіх яўрэяў. Славуты ў будучыні прадпрымальнік Майер быў народжаным у шматдзетнай яўрэйскай сям’і і пражыў свае першых дваццаць год менавіта ў Крычаве.