Магілёўшчына – “Край жыватворных крыніц”, памятаеце такі слоган? А што ў нас з пітной вадой – вялікі матэрыял

Настаў час, калі чыстая пітная вада становіцца дасягальнай у Магілёўскім рэгіёне толькі для жыхароў гарадоў і перспектыўных населеных пунктаў. Пра натуральную чысціню крынічнай вады, якую мы страцілі – лонгрыд mogilev.media.

Мы стаім на плошчы Славы ў Магілёве. Ліпень 2024 года. Пад нагамі няроўныя шэрагі шчарбатай гранітнай пліткі, на самой плошчы ідзе падрыхтоўка сцэны да чарговага ўрачыстага мерапрыемства. Змарнелыя работнікі абліваюцца потам – нягледзячы на воблачнае надвор’е, стаіць задуха.

Калісьці на плошчы Славы пачынаўся інтрыгоўны веламаршрут па ўсёй Магілёўшчыне – “Край жыватворных крыніц”. Нават не проста маршрут, а турыстычны кластар, які аб’ядноўваў экалагічныя лакацыі ў некалькіх раёнах вобласці, а таксама аграсядзібы, гістарычныя знакамітасці, музеі і рамесніцкія цэнтры ў адзіны “зялёны” ланцужок. 

Ідэя гэтага маршрута, што распрацоўваўся яшчэ з 2013 года камандай актывістаў на чале з журналістам дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва Сяргеем Кулягіным, заключалася ў тым, каб рэпрэзентаваць унікальную адметнасць Магілёўскага рэгіёна – яго багацце на прыродныя крыніцы. На прадстаўленні праекта, памятаю, Сяргей Кулягін падкрэсліваў, што такой шчыльнасці глыбокаводных крыніц няма нідзе ў іншых рэгіёнах Беларусі. І сапраўдная перліна ў іх шэрагу – гэта, канечне, знакамітая Блакітная крыніца ў Слаўгарадскім раёне з самым магутным патокам узыходзячага тыпу на ўсёй Цэнтральна-Еўрапейскай раўніне. 

Замест падарожжа па крыніцах – туры ў Казахстан 

Праект, дарэчы, быў даволі паспяховым. Ім карысталіся велаактывісты, арганізаваныя турыстычныя групы, адзінкавыя аматары пастаральных падарожжаў. Старт маршруту задавала інфармацыйная таблічка, замацаваная на агароджы магілёўскай ратушы. Зараз яна ўжо дэмантаваная, рухавік праекта Сяргей Кулягін пераехаў жыць і працаваць у Мінск, сайт “Краю жыватворных крыніц” прадае аздараўляльныя туры ў Казахстан а актыўнасць на маршруце пакрысе заглухла.

Інфармацыйная таблічка з маршрутам праекта “Край жыватворных крыніц”, замацаваная на парэнчах перад магілёўскай ратушай на плошчы Славы. Фота архіўнае.

І вельмі шкада – не буду хаваць, ад ідэі гэтага маршруту, яго тэматычнага напаўнення патыхала сапраўднай крынічнай свежасцю. Магілёўшчына ўспрымалася як носьбіт чагосьці натуральнага, прыроднага, чыстага, што ўжо так цяжка сустрэць у сучасным свеце.

Памятаю, як наведваючы розныя куткі Магілёўшчыны, мы з сям’ёй часта шукалі на мапах адзнакі пра мясцовыя крынічкі і стараліся набраць там вады на ўсю далёкую дарогу падчас летняй спёкі. Канечне, гэта не тое каб на нас паўплываў праект “Края жыватворных крыніц” – гаворка пра тое, што сама тэма падобнага маршруту вельмі добрая, яна лёгка ўспрымаецца і запатрабаваная сярод падарожнікаў.

Не ў апошнюю чаргу гэткі “добры імідж” крынічнай вады звязаны з традыцыйнымі ўяўленнямі беларусаў, паводле якіх яна лічылася максімальна карыснай, бясшкоднай і чыстай. Яе пілі ў сырым выглядзе, гатавалі ежу, умывалі дзяцей. Але, як і многія іншыя іміджы, гэты імідж ужо даўно і безнадзейна састарэў.

Крыніца з каплічкай у Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Фота: mogilev.media

Даследаванне школьніцы паказала небяспеку крынічнай вады

Палыкавіцкая крыніца пад Магілёвам – адно з самых папулярных месцаў для паломніцтва жыхароў абласнога цэнтра. Кожны дзень, што ўлетку што зімой, у буднія ці ў выходныя, спускаючыся да крынічкі па крутой лесвіцы каля прыгожай царквы з чырвонай цэглы, вы сустрэнеце некалькі чалавек з бутэлькамі, напоўненымі вадой. Беларуская служба “Радыё Свабода” нават уключыла Палыкавіцкую крыніцу ў свой рэйтынг ТОП-10 беларускіх крыніц, на якіх абавязкова трэба пабываць кожнаму.

Наведвальнікі на Палыкавіцкай крыніцы. Фота архіўнае, з адкрытых крыніц.

Мы пабывалі – і не адзін раз – не толькі на самой крыніцы, але таксама і на сайце санітарнай службы Магілёўскага раёна, якая сцвярджае – вада з Палыкавіцкай крыніцы небяспечная для здароўя. І не толькі яна.

Крыніца ў аграгарадку Ліпень Асіповіцкага раёна з даўніх часоў лічылася цудадзейнай. “Шмат гадоў яе лічылі святой, – піша газета “Асіповіцкі край”. – Крынічнай вадой дабраслаўлялі падарожнікаў, што адпраўляліся ў далёкую дарогу, акраплялі хату і маладых, нованароджаных купалі толькі ў гэтай вадзе. У ноч пасля Вадохрышчанскай куцці па сцяжынцы праз глыбокія сумёты да крыніцы прыходзілі вяскоўцы, каб набраць цудадзейнай вады. З аднаўленнем працы мясцовай царквы гэтая традыцыя зноў стала папулярнай.”

Школьніца Ліпеньскай сярэдняй школы Наталля Лісіца два гады праводзіла даследаванне экалагічнага стану крыніцы. Пробы вады, накіраваныя ў лабараторыю раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі паказалі перавышэнне колькасці нітратаў і хларыд-іёнаў у вадзе – 65,0 мг/дм3 пры дапушчальнай норме 45,0 мг/дм3. А гэта значыць, што вада непрыдатная для піцця. Праўда, расліны паліваць ёю можна.

Наталля Лісіца каля крынічкі ў аграгарадку Ліпень. Фота: “Асіповіцкі край”.

Адзін з прыпынкаў на маршруце “Краю жыватворных крыніц” – аграсядзіба “Гайшын парк” у Слаўгарадскім раёне, зусім недалка ад Блакітнай крыніцы, на процілеглым беразе ракі Сож. У 2016 годзе тут адкрылі цэлы цэнтр прыцягнення турыстаў “Гайшын парк” – паведамляла БелТА. «Вёсачка размешчана ў адным з самых маляўнічых месцаў Слаўгарадскага раёна – на высокім беразе Сожа, – гаворыцца ў публікацыі. –  Да таго ж яна акружаная некранутымі лясамі – рай для паляўнічых і рыбаловаў. Побач самае папулярнае месца паломніцтва беларусаў і замежных гасцей – помнік прыроды рэспубліканскага значэння “Блакітная крыніца”.»

На публікацыю адрэагавалі эколагі – а нічога, што гэта радыяцыйная зона з узроўнем забруджвання ў 15 кюры/км на 1986 год? Ну, з радыцыяй – гэта іншая тэма. А як тут справы з чысцінёй вады? Утрыманне нітратаў у пітной вадзе па выніках даследавання двух вясковых калодзежаў паказвае 100 міліграм на літр, пры норме, нагадаем, у 45. 

Крыніца: Мапа праекта “Чыстыя воды” Магілёўскага экалагічнага таварыства “ЭНДА” (дадзеныя па Магілёўскай вобласці за 2021 г.)

Некаторыя эколагі ў падобных выпадках перасцерагаюць, што “піць ваду з крыніц не проста нельга, а нават небяспечна. У тым ліку выкарыстоўваць яе для мыцця рук і твару”. Але, ладна, мы тут трохі нагнятаем. Гэта была перасцярога ад пермскіх эколагаў, актуальная, адпаведна, што да крыніц гэтага краю. А што ў нас?

10 000 калодзежаў – брудныя

Пра праблему пітной вады ў Магілёўскім рэгіёне мы размаўляем з эколагам і грамадскім актывістам Андрэем Паўлавічам (імя змененае з прычын бяспекі) з абласнога цэнтра. Перад сваім палітычным звальненнем з адной навуковай установы спецыяліст шмат гадоў прысвяціў даследаванню гэтай тэмы. Агульныя высновы такія.

Вада з падземных крыніц на Магілёўшчыне сапраўды праблемная. Забруджанымі з’яўляецца каля 10 000 калодзежаў па ўсёй вобласці, а гэта каля адной трэцяй часткі ад усіх. Больш дакладную раскладку па раёнах можна пабачыць вось на гэтай мапе, створанай энтузіястамі. А вось на гэтай – сітуацыю па Беларусі наогул. Але трэба ўлічваць, што якасць вады з падземных крыніц мае сезонны характар, а таксама залежыць ад таго, ці не размешчаны калодзеж у непасрэднай блізкасці ад якой-небудзь фермы, як, напрыклад, у Вільчыцах.

Якасць вады ў калодзежах па Магілёўскай вобласці.

Сезоннае хістанне такое – падчас вясновай паводкі, калі з палёў вымываюцца ўгнаенні і трапляюць у грунтовыя воды, павышаецца ўзровень нітратаў. Летам, калі вёскі Магілёўшчыны атакуюць арміі дачнікаў са сваімі натуральнымі патрэбамі, адразу пачынаецца ўсплеск утрымання нітрытаў.

Таксама неабходна прымаць да ўвагі глыбіню залягання рэзервуара, што сілкуе крыніцу. Калі падземны басейн залягае на глыбіні каля 100 метраў і размешчаны паміж слаямі зямлі з водатрывалымі якасцямі, то такая крыніца будзе абароненая ад любых знешніх фактараў. Такая вада – самая чыстая і карысная. Калі ж глыбіня басейна складае некалькі дзясяткаў метраў і менш, то павышаецца верагоднасць забруджвання вады ў выніку дзейнасці чалавека. Адпаведна, для шараговага карыстальніка тут узнікае асноўная праблема – а як зразумець, з якой крыніцай ён мае справу ў кожным канкрэтным выпадку? Адказ на гэта можа даць толькі спецыяльнае – а лепш нават сістэматычнае – даследаванне. 

Якая сiтуацыя з вадаправоднай вадой – норм

А вось вадаправодная вада на Магілёўшчыне адпавядае ўсім нарматывам. Канечне, у большасці выпадкаў. Часам у раённых цэнтрах і вясковых населеных пунктах вадаканал не можа забяспечыць прыстойную якасць вады па аб’ектыўных прычынах – вядуцца працы па замене старых труб, як у Асіповічах, дзе пасля запуску новай станцыі абезжалезвання на некалькі месяцаў забаранілі карыстацца вадой для піцця і прыгатавання ежы. Не ва ўсіх населеных пунктах яшчэ ўсталяваныя гэтыя станцыі абезжалезвання вады. Але працэс пабудовы такіх станцый ідзе з магутнымі тэмпамі.

“У межах дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на 2024 год, зацверджанай указам №119 ад 29 сакавіка 2024 года ў Магілёўскай вобласці на будаўніцтва станцый абезжалезвання выдзелена сродкаў рэспубліканскага бюджэта на 2,3 мільярды рублёў. – пастаўленым голасам выкладчыка зачытвае нам афіцыйныя дадзеныя Андрэй Паўлавіч – Дзяржаўнай праграмай “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” на 2021-2025 гады, зацверджанай Саветам міністраў 28.01.2021 г. №50 мэтавы паказчык забеспячэння насельніцтва вадой пітной якасці па выніках 2024 года ў Магілёўскай вобласці павінен скласці 99,1%. Па стане на 30 чэрвеня 2024 года – гэта значыць, тут даюцца зусім свежыя дадзеныя – гэты паказчык складае 96,0%. Для дасягнення пастаўленай задачы да канца 2024 года будзе завершана будаўніцтва 47 станцый абезжалезвання.” 

Купляйце бутэлькамі

У гэты самы час у Краснапольскім раёне падвялі вынікі экалагічнага праекта “Інклюзіўны падыход да захавання навакольнага асяроддзя”. “Адна з самых кранальных ініцыятыў, – напісала пра гэты праект мясцовая газета “Чырвоны сцяг”. – “Чыстая вада для хвароб бяда”, рэалізаваная на тэрыторыі Мхініцкага сельскага савета. У жыхароў пазначанага сельсавета ёсць вялікая праблема – востры недахоп якаснай чыстай пітной вады.” 

Адзінымі крыніцамі вады ў аддаленых і маланаселеных пунктах Мхініцкага сельсавета служаць шахтавыя калодзежы – гаворыцца ў паведамленні – вада ў якіх, згодна з пратаколамі даследавання раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, з’яўляецца тэхнічнай і не прыдатнай для піцця. Пенсіянеры, якія пражываюць у вёсках Ячная Буда, Буглаі, Глыбаў, Горкі, дзе адсутнічае цэнтральнае водазабеспячэнне, у большасці выпадкаў выкарыстоўваюць бутыляваную ваду. “Вынік ініцыятывы парадаваў: 16 пажылых грамадзян, двое з якіх інваліды 1 групы, забяспечаны збанамі з фільтрамі, а гэта значыць, чыстай пітной вадой.”

Актывісты ініцыятывы “Інклюзіўны падыход да захавання навакольнага асяроддзя” абмяркоўваюць вынікі праекта ў Краснапольскім раённым моладзевым цэнтры «Міраж». Фота: “Чырвоны сцяг”.

Насельніцтва Магілёўшчыны на 96 працэнтаў забяспечана чыстай пітной вадой паводле статыстыкі – узгадваем мы ў размове з Андрэем Паўлавічам – а для таго, каб забяспечыць вадой жыхароў адразу некалькіх вёсак Краснапольскага раёна, ім купляюць фільтры актывісты экалагічнай ініцыятывы? Як гэта разумець?

Усё вельмі проста – супакойвае нас суразмоўца. Станцыі абезжалезвання, як і цэнтралізаваны вадаправод, абсталёўваюцца зараз толькі там, дзе гэта перспектыўна. Напрыклад, у аграгарадках, у тых вёсках, якія застаюцца больш-менш люднымі. Зразумела, што тымі населенымі пунктамі, дзе зараз пражывае адзін-два чалавекі, ніхто займацца не будзе.

Вось такі прыклад. На трасе паміж Шкловам і Александрыяй, якая далей ідзе на Барань, што на Віцебшчыне, таксама была вялікая праблема з чыстай вадой. Для насельніцтва малых вёсак арганізавалі падвоз вады цыстэрнамі. Некаторы час гэта ратавала старых, але ўсё роўна было занадта затратна для дзяржавы. У выніку падвоз вады спынілі, і канстатавалі вельмі просты выхад з сітуацыі – “купляйце ваду бутэлькамі”.

Не ў лепшым стане і дачныя пасёлкі, а таксама вёскі вакол буйных гарадоў, у якіх большасць дамоў выкупленая гарадскімі пад дачы. Афіцыйна тут будзе прапісана адзін-два чалавекі,хоць рэальна круглы год могуць жыць нашмат больш. Таму месца будзе лічыцца бесперспектыўным з усімі наступствамі, а недасягальнасць чыстай пітной вады будзе ўкладвацца ў тыя самыя 0,9% насельніцтва Магілёўскай вобласці, якія застануцца незабяспечанымі ёй і пасля рэалізацыі праграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе”. 

“Напэўна, зусім ператанем ездзіць”

За прыкладам мы зноўку адправіліся ў госці. Дачны кааператыў “Сілікатчык” ад Магілёўскага камбіната сілікатных вырабаў знаходзіцца ў Шклоўскім раёне, хоць да яго амаль што можна даехаць з абласнога цэнтра гарадской маршруткай №8. Трэба будзе толькі поўгадзіны патраціць на дарогу па лясістым узгорку. 

“Сілікатчык” размешчаны на высокім беразе Дняпра. Калодзежаў няма, але па вуліцах пасёлка сіламі самаго кааператыва ўжо даўно пракладзены саматужны водаправод. Каля кожнага дома абсталяваная невялікая калонка з кранікам, з якога можна набраць вады. Вадаправод працуе сезонна. На зіму яго перакрываюць, бо іначай палопаюцца трубы. А вось ваду з яго піць нельга, бо высокі ўзровень утрымання жалеза. Саматугам паставіць яшчэ і станцыю абезжалезвання для кааператыва – ужо за межамі магчымасцяў.

Дачніца Марыя Сцяпанаўна (імя змененае з прычын бяспекі) жыве ў пасёлку кожнае лета разам з двума ўнукамі. Часта прыяжджае дачка, маці хлопчыкаў. Праблему з вадой вялікае сямейства адчувае вельмі востра – у іх няма сваёй машыны, каб ездзіць за ёй у горад, альбо ў суседнюю вёску. Да таго ж і ў вёсцы ўсе калонкі ўжо заблакаваныя ахоўным кажухамі, так што без спецыяльнага ключа вады не набраць. А летам яе патрабуецца вельмі шмат – асабліва ў спякотныя дні, па два-тры літры на чалавека. За тыдзень на траіх гэта атрымліваецца каля 50-60 літраў. Дзе іх узяць?

Фота блізкае да ілюстрацыйнага.

Раней дапамагаў сын, які на сваёй машыне прывозіў з Магілёва па некалькі пяцілітровых каністраў праз кожныя тры-чатыры дні. Зараз ён дапамагчы ўжо не можа – прышлося з’ехаць з Беларусі. Пра прычыну Марыя Сцяпанаўна красамоўна маўчыць. І так зразумела.

Як цяпер абыходзіцца – пенсіянерка не ведае. У самым нізе гары, на якой стаіць дачны пасёлак, маецца стары калодзеж-крынічка. Вада там, здаецца, чыстая – мяркуе жанчына. Вось толькі на тое, каб схадзіць уніз, набраць, а потым вярнуцца ўверх па схіле, у старой жанчыны сыходзіць ледзь не паўдня. 

“Напэўна, зусім перастанем ездзіць” – паціскае плячыма жанчына.

Не ратуе таксама і фільтр для вады. Пасля апрацоўкі ў ім, яна зусім мала мяняе свае якасці, на вуснах застаецца ўсё той жа прысмак. Усё ж, ачыстка павінна быць больш глыбокай, чым можа забяспечыць звычайны кухонны фільтр – уздыхае жанчына. 

Ківаем галовамі і міжволі задумляемся – як там жыхары ў вёсках Ячная Буда, Буглаі, Глыбаў і Горкі Мхініцкага сельсавета Краснапольскага раёна.

Блакітная крыніца, Слаўгарадскі раён. Фота: mogilev.media

Трох чалавек выратавалі на вадзе на Магілёўшчыне, двое патанулі

Карціна здарэнняў аднолькавая – адважныя мужчыны заплывалі за буйкі, а потым іх пакідалі сілы, рухі станавіліся хаатычнымі.

Задуха на выхадных і ў панядзелак прывяла да цэлай серыі здарэнняў на вадзе па ўсёй Магілёўскай вобласці. Жаданне ахаладзіцца прывяло да трагедыі ў Мсціславе – тут у рацэ Віхра на вуліцы Лясной патануў малады хлопец 2006 года нараджэння. У Бабруйску трое маладых хлопцаў вечарам 1 ліпеня вырашылі пераплыць Бярэзіну ў раёне Рачнога порта. Двое з іх вярнуліся на бераг, а трэці, 2007 года нараджэння, патануў.

Адразу трох чалавек выцягнулі з вады ратавальнікі – на Святым возеры ў Магілёве, на пляжы ў Палыкавічах і ў Бабруйску на Бярэзіне. Кожны раз супрацоўнікі выратавальнай службы канстатавалі адну і тую ж карціну. Мужчына пайшоў плаваць, заплыў далёка за буйкі, а сілаў каб вярнуцца не хапіла. 

У Палыкавічах, напрыклад, ахвярай вады ледзь не стаў 51-гадовы мужчына. Да будынка выратавальнага паста падбег мужчына і паведаміў, што яго таварыш паплыў на супрацьлеглы бок, але ні на беразе, ні на паверхні вады яго не відаць. Прыкладна ў 15 метрах ад зрэзу вады ратавальнік заўважыў мужчыну, які стараўся плыць. Рухі яго рук і галавы былі хаатычнымі. Мужчыну дасталі на бераг.

Такая самая карціна назіралася на пляжы на Святым возеры ў Магілёве і на Бярэзіне ў Бабруйску, дзе выратавалі 26-гадовага хлопца і пенсіянера адпаведна.

Фота: mogilev.media

На васьмі пляжах Магілёўшчыны абмежавалі купанне – вось на якіх

Беларуская Санэпідэмслужба з наступленнем спёкі абнавіла спіс пляжаў па Беларусі, на якіх забаронена купацца, альбо ўведзеныя абмежаванні для наведвальнікаў. У Магілёўскім рэгіёне пад такія абмежаванні патрапілі восем пляжаў, на трох з іх купацца забаронена ўвогуле.

Так, забаронена купацца на вадасховішчы ў пасёлку Брады ў Магілёве, на пляжы ў Палыкавічах і на рацэ Проня ў Дрыбіне каля аўтамабільнага маста.

Магчымасць купацца на пляжы Святога возера ў Магілёве прыпыненая.

Таксама абмежавана купанне дзяцей на гарадскім пляжы Магілёва на рацэ Дняпро, у зонах рэкрэацыі Вільчыцкага вадасховішча ў аграгарадку Вільчыцы Магілёўскага раёна, на вадасховішчы Рудэя ў раёне аграгарадка Гарбавічы Чавускага раёна, у месцы адпачынку на рацэ Осліўка каля базы адпачынку «Глухарыны ток» Бялыніцкага раёна.

Фота: mogilev.media 

 

У Палыкавічах гарэла кватэра, пацярпела дзяўчынка

Сям’я з пяці чалавек выратавалася на пажары ў Палыкавічах пад Магілёвам – паведамляе прэс-служба МНС. Спрацаваў аўтаномны пажарны апавяшчальнік, пагэтаму з пачаткам задымлення гаспадыня кватэры, трое яе дачок і сужыцель паспелі самастойна эвакуявацца з дома. Адна з дзяўчынак атруцілася дымам і была шпіталізаваная.

Фота: МНС

У Палыкавічах скардзяцца на мост – увесь у ямінах, спрабуючы абысці, можна зваліцца ў азярцо

Падпісчыкі гарадскога пабліка “Могилев Live” размясцілі фотаздымкі жахлівага стану маста ў Палыкавічах, што вядзе да вуліцы Прыазёрнай. “Дарога ў такіх выбоінах і цалкам пакрыта лёдам. – піша аўтар паведамлення – Агароджы па баках няма. Чалавек, які ідзе па краі гэтага мастка, можа зваліцца ў азярцо. Таксама як і машына можа з’ехаць туды ж. Гэта праблема існуе шмат гадоў.”

Фота: “Могилев Live”

На Палыкавіцкім пляжы адкрыўся купальны сезон – а плаваць там забаронена

Задушлівыя выхадныя дзянькі – і нягледзячы на забарону купацца на грамадскім пляжы ў Палыкавічах, магілёўцы дзясяткамі сем’яў адпачываюць тут і смела лезуць у ваду.

У рацэ Днепр выяўлена кішачная палачка – нагадвае санітарная служба.

Фота: mogilev.media

Дзень у гісторыі. 28 красавіка. Пакаранне М. Аскеркі. Патэнт на кандыцыянер. Дзяржаўнасць беларускай мовы. Штурм Рэйхстагу. Нарадзіўся генерал К. Кандратовіч.

Сусветны дзень аховы працы (World day of labor protection, з 2001 года). 

Устаноўлены Міжнароднай арганізацыяй працы з мэтай прыцягнуць увагу сусветнай грамадскасці да маштабаў праблемы, да таго, як стварэнне і прасоўванне культуры аховы працы можа садзейнічаць зніжэнню штогадовай смяротнасці на працоўным месцы.

Штогод у выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў у свеце памірае 3 000 000 чалавек, прычым колькасць загінуўшых штогод расце да 10%. Акрамя гэтага штогод рэгіструецца да 200 мільёнаў чалавек, якія пакутуюць на прафесійныя захворванні.

Каля 4% сусветнага ВУП губляюцца ў выніку дрэнных умоў працы і няшчасных выпадкаў на вытворчасці.

Міжнародная арганізацыя працы ніколі не прызнавала таго сцвярджэння, што няшчасныя выпадкі і хваробы гэта “частка працы”.

1798 год. Падчас перамоў з Ватыканам, Павел І выдаў указ аб ўтварэнні Магілёўскага каталіцкага архібіскупства з 5 біскупствамі.

Утворана на базе Беларускай дыяцэзі (з 1773), Магілёўскага архібіскупства (з 1780), якія не былі зацверджаны Ватыканам.

Архібіскупам быў прызначаны С. Богуш-Сестранцэвіч.

На выяве – касцёл Святога Станіслава ў вёсцы Маляцічы ў Крычаўскім раёне Магілёўскай вобласці, пабудаваны С. Богуш-Сестранцэвічам.

1831 год. Памёр Каспар Цецішоўскі (1745–1831).

Каталіцкі архібіскуп магілёўскі і мітрапаліт усіх рымска-каталіцкіх касцёлаў у Расійскай імперыі.

Служыў у касцёлах ва Украіне, заснаваў жытомірскую семінарыю, спрыяў спыненню яўрэйскіх пагромаў у Бярдзічаве, у 1792 годзе дамогся прызначэння грошаў на будаўніцтва новых 24 касцёлаў на Кіеўшчыне і Брацлаўшчыне. Кіраваў Луцка-Жытомірскай дыяцэзіяй, спрыяў развіццю школьніцтва на Валыні.

Горача падтрымліваў Канстытуцыю 3 мая 1791 года.

27 красавіка 1827 года прызначаны магілёўскім архібіскупам.

1859 год. Нарадзіўся Кіпрыян Кандратовіч (1859–1932).

Вайсковы дзеяч, генерал ад інфантэрыі, сябра Народнага Сакратарыяту БНР.

Удзельнік руска-турэцкай вайны 1877–1878 гадоў, кітайскай кампаніі (1900), руска-японскай, Першай сусветнай.

Займаўся фарміраваннем беларускіх палкоў, віцэ-міністр абароны Літвы.

Аўтар вядомай кнігі “Плеўна і грэнадэры 28 лістапада 1877 г.”

1864 год. У Магілёве пакараны смерцю Міхал Аскерка (1836–1864).

Урач, паўстанцкі камісар у Магілёўскай і Мінскай губерніях у 1863–1864 гадах.

Скончыў Слуцкую гімназію, Маскоўскі ўніверсітэт.

Працаваў урачом у Сенненскім і Ашмянскім паветах.

Падчас паўстання стаў паўстанцкім камісарам у Магілёўскай губерні, у Пецярбургу гуртаваў патрыятычна настроеных афіцэраў. Каардынаваў паўстанцаў на Магілёўшчыне з 5 мая 1863 года. Пасля іх паражэння, перанёс сваю дзейнасць у Мінск і Ігуменскія лясы, стаў паўстанцкім камісарам Мінскай губерні.

Арыштаваны 21 кастрычніка 1863 годзе падчас чарговай паездкі ў Пецярбург. На следстве ў Санкт-Пецярбургу і Магілёве адмаўляўся даваць паказанні. Пакараны смерцю.

Подзвіг Аскеркі адлюстраваны У. Караткевічам у рамане «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі»).

1883 год. Скончыў жыццё самагубствам ураджэнец Віцебскай губерні Уладзімір Кавалеўскі (1842–1883).

Беларускі сусветнавядомы прыродазнавец, заснавальнік эвалюцыйнай палеанталогіі, удзельнік паўстання 1863-1864 гадоў, муж “каралевы матэматыкі” Соф’і Кавалеўскай, брат заолога Аляксандра Кавалеўскага.

Паслядоўнік і прапагандыст вучэння Ч. Дарвіна. Працаваў у Францыі, Германіі, Англіі, у Пецярбургскім, Маскоўскім універсітэтах.

Аўтар працы па гісторыі развіцця канечнасцей капытных жывёл. Першым з палеантолагаў дастасаваў эвалюцыйнае вучэнне да праблем філагенезу пазваночных. Адкрыў узаемасувязь марфалогіі і функцыянальных змен у залежнасці ад умоў існавання, адзначыў, што існуе залежнасць узаемасувязі з геалагічнымі пераўтварэннямі. Пераклаў на рускую мову шэраг работ Ч. Дарвіна.

Надзеў на твар маску з хлараформам і пакончыў з сабой. Прычынай самагубства сталі фінансавыя растраты яго фірмы.

1914 год. У ЗША быў запатэнтаваны паветраны кандыцыянер.

Упершыню аб кандыцыянеры, як вынаходстве стала вядома ў 1815 годзе, калі француз Жан Шабанэс запатэнтаваў метад кандыцыянавання паветранага патоку і спосаб рэгулявання тэмпературы ў будынках.

У 1902 годзе ў ЗША інжынер-вынаходнік У. Карыер сабраў першы ў свеце прамысловы кандыцыянер для друкарні ў Нью-Ёрку.

Зразумеўшы ўсе плюсы такой тэхнікі, неўзабаве пачалася паўсюдная ўстаноўка кандыцыянераў у тэатрах і магазінах.

“General Electric” выпусціла ў 1929 годзе першы пакаёвы кандыцыянер і стала родапачынальнікам усіх сучасных кандыцыянераў і на доўгі час замацавалася ў спісе лідэраў па вырабе сістэм кандыцыянавання.

Сучасныя кандыцыянеры акрамя астуджэння паветра таксама могуць яго награваць, іянізаваць, асушваць, вентыляваць і чысціць, павялічваць утрыманне кіслароду ў паветры.

1918 год. Народны сакратарыят БНР зацвердзіў беларускую мову ў якасці дзяржаўнай і абавязковай у Беларусі, прыняў пастанову аб адкрыцці ў Мінску ўніверсітэту.

1919 год. У Вільні пачала выдавацца газэта “Беларуская думка”

Выходзіла 3 разы на тыдзень.

У газеце супрацоўнічалі прадстаўнікі радыкальнай інтэлігенцыі пераважна сацыялістычнай арыентацыі. Мела рубрыкі «Беларусь», «Апошнія навіны», «3 газет», «У Вільні» і іншыя. Паслядоўна выступала за цэласнасць і непадзельнасць Беларусі, выкрывала анексійныя планы правых сіл Польшчы, польскіх нацыянал-дэмакратаў, заклікала да аб’яднання ўсе дэмакратычныя элементы краю без розніцы веравызнання і нацыянальнасці, узнімала надзённыя пытанні жыцця розных пластоў і груп насельніцтва.

Шырока асвятляла падзеі на Беларусі, змяшчала творы Я. Купалы, Я. Коласа, М. Гарэцкага, Старога Уласа, М. Арла, I. Нялепкі, 3. Вехаця, 3. Бядулі, нататкі А. Гурло, К. Лукашэвіча, пераклады на беларускую мову твораў Э. Ажэшкі, Пружанскага, публікацыі на навукова-папулярныя, агульнаасветныя, кааператыўныя тэмы.

Выйшла 56 нумароў. Закрыта польскай адміністрацыяй.

1945 год. Сіламі 150-й и 171-й стралковых дывізій 79-га стралковага корпуса 3-й ударнай арміі 1-га Беларускага фронта пачаўся штурм Рэйхстагу (доўжыўся да 2 мая).

1983 год. Палыкавіцкая крыніца пад Магілёвам атрымала статус помніка прыроды рэспубліканскага значэння.

Побач з крыніцай знаходзіцца капліца Святой Параскевы і купальня.

Вядома з 1552 года.

Крыніца знаходзіцца на дне глыбокага яру, парослага лесам. З’яўляецца вытокам невялікага ручая, які ўпадае ў Дняпро. Расход вады складае больш за 100 м³ у суткі.

Вада гідракарбанатная, кальцыевая, канцэнтрацыя фтору адносна высокая – 0,49 мг/л. PН вады – каля 7,5.

2007 год. У сутарэннях Варонежскага ўніверсітэта супрацоўнікі навуковай бібліятэкі знайшлі дагэтуль невядомых 116 тамоў XVI стагоддзя, у тым ліку запіскі Сігізмунда Герберштэйна з апісаннямі беларускіх гарадоў і мястэчак.

Фота з адкрытых крыніц.

Месцы для купання вызначаны ў Магілёўскім раёне

На 2023 год на тэрыторыі Магілёўскага раёна вызначаны два месцы для купання: на пляжы ракі Дняпро аграгарадка Палыкавічы і на пляжы сажалкі вёскі Вільчыцы – паведамляе “Прыдняпроўская Ніва”. 

Іншыя водныя аб’екты не адпавядаюць прад’яўляным патрабаванням. Да 15 мая тут будуць устаноўлены стэнды з надпісам “Купацца забаронена!”

Да 1 мая ў раёне будуць абследаваны зоны адпачынку на водных аб’ектах, пляжы на прадмет гатоўнасці да купальнага сезона.

Пачынаецца купальны сезон пасля ўсталявання тэмпературы паветра не ніжэй +20  +25°С, вады – +18 +20°С

У перыяд купальнага сезона пасты таварыства ратавання на водах на пляжах будуць працаваць з 10:00 да 21:00. У перыяд высокіх кліматычных тэмператур рэжым працы выратавальных пастоў усталююць па асобным графіку.

Фота з адкрытых крыніц, ілюстрацыйнае

Дзень у гісторыі. 12 красавіка. Пакарэнне космаса. Самы моцны вецер. Нараджэнне беларускага рок-н-рола. Нарадзіліся асветнік І. Пацей, падарожнік М. Пржавальскі, акцёр Я. Капелян

Сусветны дзень авіяцыі і касманаўтыкі. Міжнародны дзень палёту чалавека ў космас.

Абвешчаны 8 красавіка 2011 года на 65-й сесіі Генеральнай Асамблеяй ААН у гонар таго, што 12 красавіка 1961 года грамадзянін СССР Ю. Гагарын на касмічным караблі “Усход” за 108 хвілін упершыню ў свеце здзейсніў арбітальны аблёт Зямлі, адкрыўшы эпоху пілатуемых касмічных палётаў.

У космас зляталі 5 беларусаў, у тым ліку першая жанчына-касманаўт В. Церашкова. У бліжэйшы час плануецца палёт у космас яшчэ адной беларускі. 

У Магілёве ёсць вуліца і плошча Касманаўтаў, вуліцы Гагарына, Камарова, завулак Цітова.

1541 год. Нарадзіўся Іпацій Пацей (1541–1613).

Царкоўны і дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-палеміст, асветнік, фундатар школ. Прамовы вёў у асноўным на беларускай мове. 

Абаронца царкоўнай уніі, змагар за канфесійную талерантнасць, першым у беларускай літаратуры сфармуляваў ідэю роўнасці грамадзянскіх і палітычных правоў для людзей свецкага і духоўнага станаў.

1633 год. У Рыме пачаўся працэс над Галілеа Галілеям.

Галілей (1564–1642) быў абвінавачаны ў прызнанні “ілжывага вучэння” Мікалая Каперніка аб тым, што “Сонца, а не Зямля, знаходзіцца ў цэнтры свету, і што апошняя рухаецца, у тым ліку здзяйсняе абарачэнне вакол Сонца за адзін год”.

Навукоўца трымалі ў зняволенні ў Палацы святой інквізіцыі. Ён карыстаўся незвычайнымі прывілеямі – займаў тры пакоі, меў у сваім распараджэнні слугу, атрымліваў ад сяброў перадачы, вёў перапіску. На допытах Галілей доўга спрабаваў лавіраваць, але пад пагрозай катавання 22 чэрвеня змушаны быў зрачыся ад “ерасі, выкліканай яму д’яблам”.

1827 год. Зацверджана паштова-дыліжансная лінія Пецярбург–Радзівілаў (зараз у Ровенскай вобласці Украіны).

Лінія праходзіла праз Віцебск, Шклоў, Магілёў.

1839 год. Нарадзіўся Мікалай Пржавальскі (1839–1888).

Сусветна вядомы падарожнік, географ, кліматолаг, даследчык Цэнтральнай Азіі, асветнік, ганаровы член Пецярбургскай Акадэміі навук, генерал-маёр.

Належаў да беларускага шляхецкага роду Перавальскіх, герба Лук, што быў дараваны каралём Стэфанам Баторыем.

Ажыццявіў вялікія экспедыцыі: Усурыйскую, Мангольскую, Лабнорскую, Джунгарскую, Тыбецкія. Даследаваў горныя сістэмы Цэнтральнай і Усходняй Азіі,  адкрыў цэлы шэраг новых форм жывёл: дзікі вярблюд, конь Пржэвальскага.

Імператарская Санкт-Пецярбургская акадэмія навук узнагародзіла яго медалём «Першаму даследчыку прыроды Цэнтральнай Азіі».

Пахаваны паводле ўласнага запавету на беразе возера Ісык-Куль, Кыргызстан.

1890 год. Нарадзіўся Янка Нёманскі.

Беларускі пісьменнік, празаік, публіцыст, эканаміст, грамадскі дзеяч.

Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Удзельнік І Сусветна вайны,  прапаршчык. Загадваў выдавецкім аддзелам Беларускага нацыянальнага камісарыята, разам з Цішкам Гартным выдаваў газету «Дзянніца».

Працаваў у планава-эканамічных органах, намеснікам старшыні Дзяржплана, у праўленні літаб’яднання «Полымя», у Інбелкульце, загадчыкам аддзела эканомікі НДІ прамысловасці, дырэктарам Інстытута эканомікі БелАН, загадчыкам кафедры ў інстытуце народнай гаспадаркі. Акадэмік акадэміі навук, яе неадменны сакратар.

Аўтар апавяданняў, няскончанага рамана «Драпежнікі».

Арыштаваны 26 красавіка 1937 года, асуджаны НКУС 29 кастрычніка 1937 года да расстрэлу і на наступны дзень расстраляны.

1912 год. У Рэчыцы нарадзіўся Яфім Капелян (1912–1975).

Акцёр тэатра і кіно, адзін з вядучых акцёраў Вялікага драматычнага тэатра ў Ленінградзе. Народны артыст СССР.

Скончыў Рэчыцкую школу. Працаваў мастаком пры Рэчыцкім кінатэатры, у Вялікім драматычным тэатры імя М. Горкага. У гады вайны быў акцёрам франтавога Тэатра народнага апалчэння.

Адначасова шмат здымаўся ў кіно, выканаў мноства яркіх характэрных роляў у фільмах «Няўлоўныя мсціўцы», «Інтэрвенцыя», «Даўрыя», «Вечны кліч», «Саламяны капялюшык». Адна з найбольш вядомых работ – аўтарскі тэкст у тэлесерыяле “Семнаццаць імгненняў вясны”. 

Браў удзел у дубляжы замежных фільмаў на кінастудыі “Ленфільм”, агучыў адну з роляў у фільме “Паласаты рэйс”. Спрабаваў сябе ў рэжысуры, паставіў некалькі спектакляў на Ленінградскім тэлебачанні.

1934 год. На амерыканскай метэастанцыі Маунт-Вашынгтон зафіксаваны самы моцны наземны вецер у свеце.

Хуткасць склала 371,75 км у гадзіну. Увогуле гэтаму месцу ўласцівыя моцныя вятры. Напрыклад, вецер хуткасцю 112 км у гадзіну тут лічыцца “лёгкім брызам”.

Максімальная хуткасць ветра ў Беларусі – 40 м/с (144 км/гадз.) рэгістравалася ў Докшыцах (1967, 1969 гг.), у Слуцку (1959).

1938 год. У Парыжы памёр Фёдар Шаляпін (1873–1938).

Рускі оперны спявак. У розны час саліст Вялікага і Марыінскага тэатраў, Метрапалітэн Опера, першы савецкі народны артыст  (1918–1927).

Выступаў у міланскім тэатры «Ла Скала», у шматлікіх тэатрах і операх Еўропы, ЗША. Пад час знаходжання царскай Стаўкі ў Магілёве (1915–1917), неадноўчы выступаў на сцэне мясцовага тэатра.

Свае грошы накіроўваў на падрымку рабочых у 1905 годзе, на адкрыццё двух ваенных лазарэтаў, на падтрымку эмігрантаў.

У 1922 годзе выехаў на гастролі за мяжу. У 1927 годзе Пастановай СНК РСФСР яго пазбавілі звання Народнага артыста і права вяртання ў СССР.

1962 год.  Нарадзіўся Міхаіл Турэцкі.

Расійскі спявак, музычны прадзюсер, хормайстар і шоумен. Заснавальнік і прадзюсар арт-групы “Хор Турэцкага” і жаночага музычнага калектыву “Soprano”. Народны артыст Расіі.

Нарадзіўся ў Маскве ў яўрэйскай сям’і выхадцаў з Магілёўскай губерні.

1968 год. Распачаўся Першы фестываль біт-ансамбляў Мінска.

Першы беларускі рок-фестываль, першы рок-фестываль у СССР працаваў 12-14 красавіка 1968 года ў актавай зале Мінскага радыётэхнічнага інстытута. Праводзіўся дзеля папулярызацыі сучаснай эстраднай музыкі, эстэтычнага выхавання моладзі. Музычны крытык Сяргей Будкін лічыць 12 красавіка 1968 года днём нараджэння рок-н-рола ў Беларусі.

Пачынаючы з 1965 года ў Мінску ўтварылася крытычная маса гуртоў, якія гралі блюз, рок-н-рол і самы модны тады напрамак – біг-біт. Амаль кожны інстытут, школа, прадпрыемства, установа мелі як мінімум адзін свій вакальна-інструментальны ансамбль.

1969 год. У Вялікабрытаніі памёр Сяргей Малафееў (1901–1969).

Беларускі ўрач, дзеяч беларускага руху.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага студэнцкага саюза ва Універсітэце Стэфана Баторыя ў Вільні (1920). Закончыў медыцынскі факультэт Універсітэта. Працаваў дырэктарам павятовага шпіталя ў Свянцянах, хірургам.

У кастрычніку 1939 года арыштаваны НКУС, трапіў у лагер пад Архангельск.

У час ІІ Сусветнай вайны трапіў у Армію генерала Андэрса, ваяваў пад Табрукам.

З 1947 года жыў у Вялікабрытаніі, працаваў у польскім шпіталі ў Пэнлі, урачом на параходах.

Фота. Віленскі ўніверсітэт.

1984 год. Нарадзіўся Алег Касцючэнка.

Сучасны беларускі мастак-жывапісец, манументаліст

Паходзіць з дынастыі беларускіх жывапісцаў.

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А. Глебава, Беларускую акадэмію мастацтваў.

Працуе ў галіне манументальнаяга і станковага жывапісу. Творы мастака часта маюць філасофскі падтэкст і метафарычны змест.

Актызна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх, міжнародных мастацкіх выставах Беларусі, Расіі, Германіі, Швецыі, Польшчы.

А. Касцючэнка, “Сняданак N”

1986 год. Памёр Тамілоўскіх Віталь (1910–1986).

Старшы сержант, Герой Савецкага Саюза.

У ліку першых 27 чэрвеня 1944 года пераправіўся праз Дняпро каля в. Палыкавічы. Умела арганізаваўшы абарону, надзейна ўтрымліваў захопленыя пазіцыі, чым спрыяў пераправе іншых падраздзяленняў палка. Удзельнічаў у баях за вызваленне г. Магілёва.

Пракуратура стварае пад Палыкавічамі новае гісторыка-мемарыяльнае пахаванне

У Магілёўскім раёне Генпракуратура ініцыюе прысваенне статусу гісторыка-мемарыяльнага месца брацкім магілам каля Палыкавіч – паведамляе БелТА.

Каля Палыкавічаў, што пад Магілёвам, знаходзіцца месца масавага расстрэлу і спалення больш як 10 000 мірных жыхароў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Даследчыкі мяркуюць, што большая частка пахаваных тут людзей, гэта ахвяры Халакосту. У афіцыйных жа крыніцах у апошнія гады нацыянальная прыналежнасць забітых не праблематызуецца, іх усіх агулам залічваюць да ахвяр “генацыду беларускага народа”.

Пры Міністэрстве абароны па ініцыятыве Генпракуратуры створана міжведамасная камісія, якая вызначае памятныя ўзбуйненыя месцы пахаванняў астанкаў ахвяр генацыду.

Фота мае ілюстрацыйны характар.