26 чэрвеня ў гісторыі. Здарэнне ў Гамельне. «Люблю Беларусь!». Статут ААН. Мінск – горад-герой. Нарадзіліся У. Матыль, Ю. Несцярэнка

Міжнародны дзень барацьбы са злоўжываннем наркатычнымі сродкамі і іх незаконным зваротам (International Day Against Drug Abuse and Illicit Trafficking, з 1987 года).

Устаноўлены Генеральнай Асамблеяй ААН для стварэння міжнароднага грамадства, свабоднага ад наркаманіі.

Да 60% насельніцтва Беларусі ва ўзросце да 21 года можа быць аднесена да групы рызыкі.

За апошнія 8-9 гадоў колькасць школьнікаў і студэнтаў, якія ўжываюць наркотыкі, узрасла амаль у 8 разоў. Колькасць смяротных выпадкаў ад ужывання наркотыкаў за апошнія 10 гадоў павялічылася сярод насельніцтва ў Беларусі ў 12 разоў, а сярод дзяцей – у 42 разы.

Рост наркаманіі рэзка абвастрае праблему СНІДу. Колькасць зарэгістраваных у Беларусі ВІЧ-інфіцыраваных штогод падвойваецца. Сярод іх 80% – наркаманы. Колькасць асоб, якія эпізадычна ўжываюць наркатычныя рэчывы дасягае больш за 8,3 тысячы чалавек. Сярэдні ўзрост хворых 20-22 гады.

Міжнародны дзень у падтрымку ахвяр катаванняў (International Day in Support of Victims of Torture, з 1987 года).

Менавіта ў гэты дзень у 1987 годзе ўступіла ў сілу Канвенцыя супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання.

Нягледзячы на нормы міжнароднага і нацыянальнага права, прынцыпы чалавечнасці і роўнасці, у некаторых краінах працягваюцца катаванні. Прагрэсіўнае чалавецтва асуджае любыя дзеянні, якія прыніжаюць чалавечую годнасць.

Катаванні з’яўляюцца злачынствам у адпаведнасці з прынцыпамі міжнароднага права.

1284 год. У нямецкім Гамельне здарылася маркотнае здарэнне, распачатае са спробы выгнання з горада пацукоў, якія распладзіліся.

Жыхары гатовы былі прапанаваць любыя грошы таму, хто выратуе іх ад пошасці. І вось нечакана з’явіўся незнаёмы. З маёмасці пры ім была толькі дудачка. Але якраз з яе дапамогай ён падахвоціўся вывесці грызуноў з Гамельна за добрую плату.

І сапраўды, зайграў на сваім інструменце і вывеў зачараваных музыкай жывёл. “Як проста!” – закрычалі гараджане і адмовіліся плаціць.

На наступны дзень на вуліцы зноў пачуліся гукі дудкі. І 130 гамельнскіх хлопчыкаў і дзяўчынак адправіліся ў шлях за “ведзьмаком”, які завёў іх у раку Везер, дзе ўсе патанулі.

Гэта гісторыя добра вядомая з казкі пра “Гамельскіх пацукоў” братоў Грым, напісанай у XIX стагоддзі.

1863 год. У Вільні створаны Выканаўчы аддзел Літвы (Чырвоны ронд).

Цэнтр кіраўніцтва паўстаннем 1863-1864 гадоў на чале з Якубам Гейштарам і членамі К. Каліноўскім і У. Малахоўскім.

Паролем для вызначэння прыхільнікаў паўстання было:

-«Каго любіш?»

-«Люблю Беларусь»

-«То, узаемна».

Паўстанне выклікала вялікі грамадскі рэзананс у тагачаснай Расіі, прыцягнула ўвагу грамадства да Беларусі як да з’явы з гістарычнымі каранямі, адкрыла «беларускае пытанне».

1909 год. Нарадзіўся Антон Адамовіч (1909-1998)

Беларускі літаратуразнавец, пісьменнік, гісторык, публіцыст, доктар філалогіі, Сябра Рады БНР.

Даследчык творчасці М. Гарэцкага, рэцэнзент кніг, у тым ліку Н. Арсенневай «Сягоння».

Аўтар грунтоўных прадмоў да шматлікіх эмігранцкіх выданняў, у тым ліку У. Дубоўкі, Якуба Коласа, А. Мрыя, аўтар прац па гісторыі, эканоміцы, культуры Беларусі.

Супрацоўнік радыёстанцыі «Свабода».

Пахаваны на Беларусіх могілках у Іст-Брансуіку, штат Нью-Джэрсі.

1923 год. У г. Горкі нарадзіўся Аляксандр Слука (1923–2007).

Сусветна вядомы эканоміка-географ, ганаровы прафесар МДУ імя М.Ламаносава, Ганаровы член Рускага геаграфічнага таварыства, доктар геаграфічных навук.

Выхаванец Горацкай СШ №2. Праз усё сваё жыццё ён пранес сапраўдную любоў, “геаграфічныя пачуцці” да вывучэння праблем насельніцтва, захаваў зусім адмысловае, вельмі цёплае, трапяткое і ўважлівае стаўленне да Беларусі.

Акрамя радзімы, яго другое каханне – Францыя, якую ведаў лепш за большасць французаў.

1927 год. У г. Лепелі нарадзіўся Уладзімір Матыль (1927-2010).

Рэжысёр тэатра і кіно, сцэнарыст. Народны артыст Расіі.

Вядомы значнаму колу гледачоў па фільмах «Жэня, Жэнечка і „кацюша“», «Белае сонца пустыні» (Дзяржаўная прэмія), «Зорка чароўнага шчасця». 

1940 год. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР “Аб пераходзе на васьмігадзінны працоўны дзень, на сямідзённы працоўны тыдзень і аб забароне самавольнага сыходу з працы”.

Згодна з пастановай, рабочыя і служачыя, якія самавольна пайшлі з дзяржаўных, кааператыўных і грамадскіх прадпрыемстваў або ўстаноў, а таксама самавольна перайшлі з аднаго прадпрыемства на другое, аддаваліся суду і маглі падвяргацца турэмнаму зняволенню тэрмінам ад 2 да 4 месяцаў. За прагул без паважлівай прычыны рабочыя і служачыя караліся папраўча-працоўнымі работамі па месцы працы на тэрмін да 6 месяцаў з утрыманнем з заробку да 25%.

1941 год. Нарадзіўся Уладзімір Куляшоў (1941-1999).

Беларускі акцёр, народны артыст.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут і ўсё жыццё прысвяціў служэнню ў коласаўскім тэатры (Віцебск).

Акрамя тэатральных пастановак, быў задзейнічаны ў кіно – зняўся ў амаль 40 фільмах, у тым ліку “На Чорных Лядах”, “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, “Плач перапёлкі”, “Дуброўскі”, “Знак бяды”, “Палеская хроніка”, “Людзі на балоце”.

Памёр 22 верасня 1999 года.

1941 год. Расстраляны НКУС у лесе пад Мінскам Зэлік Аксельрод (1904-1941).

Беларускі яўрэйскі паэт, перакладчык беларускай паэзіі на ідыш.

Адказны сакратар яўрэйскага часопісу «Беластокер Штэрн» (Зорка), аўтар 4-х кніг вершаў на ідыш.

Выступаў за захаванне школ на мове ідыш. На сходзе яўрэйскіх пісьменнікаў 30 мая 1941 года рэзка пярэчыў кіраўніку Саюза пісьменнікаў Беларусі М. Лынькову, які сцвярджаў, «што яўрэйскія савецкія пісьменнікі… не стварылі вобразы герояў вялікай значнасці». Пасля гэтага здарэння быў арыштаваны.

1945 год. Прадстаўнікі 50 дзяржаў-заснавальніц на канферэнцыі ў Сан-Францыска падпісалі Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Сярод стран-заснавальніц былі і Беларусь, і Украіна.

Статут уступіў у сілу 24 кастрычніка 1945 года і гэта дата адзначаецца як Дзень Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

1965 год. У в. Прыбар Быхаўскага раёна нарадзіўся Юрый Несцярэнка.

Беларускі кампазітар, музыка, краязнавец, выдавец, педагог.

Стваральнік гуртоў “Рок-транс-аўта” (Мінск),  “White Night Blues” (Бялынічы), удзельнік  мінска-полацкай калабарацыі “Тутэйшыя”, магілёўскіх гуртоў “Рынка”, “Фэт Джон” і іншых.

Аўтар артыкулаў ў “Дзеяслове”, кніг для дзяцей, па гісторыі і культуры Бялыніцкага раёна, выпусціў 7 дыскаў.

Разам з А. Макарэвічам запісаў беларускамоўныя каверы на вядомыя песні “Машыны часу”.

1974 год. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Мінску прысвоена ганаровае званне «Горад-герой».

Да гэтага, у 1966 годзе такіх званняў ўдастоены Масква, Ленінград (цяпер- Санкт-Пецярбург), Сталінград (цяпер Валгаград), Кіеў, Адэса, Севастопаль, Брэсцкая крэпасць (Крэпасць-Герой), у 1973 – Новарасійск, Керч.

У гонар гэтай падзеі ў 1985 годзе ў беларускай сталіцы ўзведзены архітэктурна-скульптурны комплекс. Ён уключае абеліск (45 м вышынёй) і бронзавую скульптуру «Радзіма-маць».

2016 год. Памёр Сяргей Картэс (1935, Сан-Антоніа, Чылі-2016).

Беларускі кампазітар, Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР.

Працаваў у Беларускім тэатры імя Я.Купалы, на  «Беларусьфільм», у Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі.

З асобай Картэса звязана адкрыццё беларускага опернага мастацтва для еўрапейскай публікі.

2018 год. Памёр Алесь Зайка (1948-2018).

Беларускі краязнавецЛаўрэат прэміі імя Тадэвуша Касцюшкі. Ганаровы грамадзянін Івацэвіцкага раёна.

Скончыў філалагічны факультэт Брэсцкага педінстытута. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, загадваў школьным этнаграфічным музеем у роднай в. Заполле Івацэвіцкага раёна.

Збіраў фальклор, запісваў народныя словы і выразы, фатаграфаваў традыцыйную архітэктуру.

Укладальнік выданняў «Дыялектны слоўнік Косаўшчыны», «Населеныя пункты Івацэвіччыны», «Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны», «Прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, прыгаворкі і языкаломкі, вясельныя прымаўкі пры дзяльбе каравая, вітанні і зычэнні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засцярогі і прысяганні, праклёны і адкляцці, жартоўныя праклёны і дражнілкі-кепікі, зневажанні і параўнанні, прыкметы народнага календара з Косаўшчыны». Аўтар кніг некалькіх кніг прозы, працы «Мікратапаніміка Івацэвіччыны».

Яго клопатам у 25 найбуйнейшых населеных пунктах Івацэвіцкага раёна з’явіліся мемарыяльныя дошкі са звесткамі аб першым згадванні вёскі ці мястэчка.

Дзень у гісторыі. 19 чэрвеня. Вымярэнне радыуса Зямлі. Уцёкі караля. Трагедыі дэпартацыі, Курапатаў, Дальвы. Нарадзіўся В. Быкаў

240 год да н.э. Упершыню быў вылічаны радыус Зямлі.

Гэта было зроблена географам і астраномам Эратасфенам Кірэнскім (276-194 гг. да н. э.) у дзень летняга сонцастаяння ў Александрыі пры дапамозе скафіса – вертыкальнай тычкі-гномана, умацаванага на дне чары (паўсферы).

Скафіс усталёўваюць так, каб гноман прымаў строга вертыкальнае становішча (быў накіраваны ў зеніт). Асветленая сонцам тычка адкідвае цень на падзеленую на градусы ўнутраную паверхню скафіса.

Эратасфен параўнаў вышыню Сонца ў адзін і той жа момант часу ў двух гарадах – Александрыі і Сіене (Асуан). Пасля вымярэння кут аказаўся 7 градусаў 12 хвілін, гэта значыць 1/50 акружнасці. Такім чынам Сіена адлягае ад Александрыі на 1/50 акружнасці Зямлі.

Адлегласць паміж гарадамі лічылася роўнай 5 000 стадыям, значыць акружнасць Зямлі – 250 000 стадыяў, а радыус тады складае 39 790 стадыяў. Невядома, якім значэннем стадыя карыстаўся Эратасфен. Калі грэцкім (178 м), то радыус Зямлі 7 082 км, калі егіпецкім, то – 6 287 км. Сучасныя вымярэнні даюць велічыню радыуса 6 371 км – дакладнасць вымярэння проста дзіўная!

1574 год. Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Генрых Валуа тайна пакінуў Кракаў.

Генрык (1551-1589), герцаг анжуйскі, кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1574), кароль Францыі (1575-1589) Генрых ІІІ.

На элекцыйным сойме ў Варшаве 11 мая 1573 года быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім. 24 лютага 1574 года ў Кракаве адбыліся яго каранацыя і прысяга ў адпаведнасці з «Генрыкавымі артыкуламі».

Яго абранне выклікала незадавальненне значнай часткі эліт, шляхты. У шмат якіх ваяводствах пачаўся рух за пазбаўленне Генрыка кароны. Незадавальненне выклікала і яго нежаданне ажаніцца з Ганнай Ягелонкай.

30 мая 1574 года ў Францыі памёр Карл IX і Генрык вырашыў пакінуць польскі сталец.

У Францыі Генрыка абралі каралём пад імем Генрыха III. У Рэч Паспалітую ён не вярнуўся, але да канца жыцця карыстаўся тытулам караля польскага і вялікага князя літоўскага.

1669 год. Каралём Польшчы і вялікім князем ВКЛ абраны Міхал Вішнявецкі.

Апошні прадстаўнік малодшай лініі княжацкага роду Вішнявецкіх герба «Карыбут» (Гедзімінавічы). Вучыўся ў Празе, Дрэздэне і Вене. Ведаў некалькі замежных моў.

У лістападзе 1663 браў удзел у вайсковай кампаніі супраць маскоўскіх войскаў, камандаваў уласным палком пяхоты з 600 чалавек.

Улетку 1672 года ўкраінска-турэцкая армія, захапіўшы крэпасць Хацін, уступіла ў Галічыну. Пасля кароткачасовай аблогі Львова Міхал быў вымушаны заключыць ганебны Бучацкі мір, па ўмовах якога Украіна станавілася незалежнай дзяржавай пад пратэктаратам Турцыі, а Падолле адыходзіла да Асманскай імперыі.

Але сойм Рэчы Паспалітай не зацвердзіў мірнага дагавора, і вайна аднавілася. Па дарозе ў войска, якое збіралася каля Хаціна, Міхал Вішнявецкі памёр у Львове 10 лістапада 1673 года.

1898 год. У в. Расасна Горацкага павета (зараз – Дубровенскі раён) нарадзіўся Маркел Савіцкі (1898-1975).

Раслінавод, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар БСГА.

Аўтар больш за 120 навуковых працаў, шэрагу выданняў на беларускай мове.

Распрацаваў методыку сортавыпрабавання, якая на сортавыпрабавальных участках сельскагаспадарчай выставы (Масква) дала ў 1937 годзе 99,8 ц/га, а ў 1940 годзе – 110,9 ц/га азімай пшаніцы.

1912 год. Нарадзіўся Пятро Бітэль (1912-1991).

Беларускі паэт, перакладчык, краязнавец, настаўнік, святар. У 1950 годзе арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў. Зняволенне адбываў у Сібіры і Казахстане.

Аўтар паэм «Замкі і людзі», «Сказанне пра Апанаса Берасцейскага». Перакладчык на беларускую мову твораў А. Міцкевіча, В. Дуніна-Марцінкевіча, Ю. Крашэўскага, Ю. Славацкага, Г. Сянкевіча, Т. Шаўчэнкі, Ё. Гётэ, Ф. Шылера і іншых.

Рукапіс перакладу паэмы «Пан Тадэвуш» зроблены ў ГУЛАГу на паперы з мяшкоў з-пад цэменту, захоўваецца ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры.

1923 год. У Бабруйску нарадзіўся Жозэф Хоцька.

Беларускі геафізік, адзін са стваральнікаў нацыянальнай школы геафізікі. Займаўся пытаннямі сейсмалогіі, зямнога электрамагнетызма. Стваральнік Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі (1958).

Кандыдат геолага-мінералагічных наук.

Плешчаніцкая геафізічная абсерваторыя.

1924 год. Нарадзіўся  Васіль Быкаў (1924-2003).

Народны пісьменнік Беларусі, грамадскі дзеяч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Сацыялістычнай працы. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа, Дзяржаўных прэмій СССР і  БССР, Ленінскай прэміі.

Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна.

Адзін з заснавальнікаў БНФ. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. Народны дэпутат СССР.

Большасць твораў — аповесці, дзеянне якіх адбываецца падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найбольш драматычныя моманты жыцця.

Па яго творах пастаўлены 14 кінафільмаў, у тым ліку «Альпійская балада». На беларускай мове з ўсіх экранізацый зняты толькі два фільмы – «На чорных лядах» і «Народныя мсціўцы».

Многія яго аповесці былі інсцэніраваны тэатрамі СССР, па іх створаны балет, сюіта, опера.

Працуюць мемарыяльны Музей-сядзіба В. Быкава ў в. Бычкі Ушацкага раёна і Музей-дача ў Ждановічах, пастаўлены помнік ва Ушачах.

У гонар пісьменніка названы вуліцы ў Гродне, Лельчыцах, Ждановічах, Смалявічах, Фаніпалі.

У Віцебску, Мінску, ва ўкраінскай вёсцы Вялікая Севярынка ўсталяваны мемарыяльныя дошкі, ва Ушачах – помнік.

1941 год. Апошняя перадваенная масавая дэпартацыя ў Сібір і Казахстан.

Была скіраваная супраць «варожых элементаў» і іх сямей у заходніх абласцях Беларусі, Украіны, Малдавіі.

За 19-20 чэрвеня толькі з Беларусі высланыя ў Сібір і Казахстан 22 000 чалавек.

1941 год. Нарадзіўся Іван Ласкоў (1941-1994).

Беларускі пісьменнік, перакладчык, крытык, гісторык, рэдактар якуцкага эпасу. Дзяцінства правёў у в. Беразякі Краснапольскага раёна і Магілёўскім дзіцячым доме і № 1, вучыўся ў СШ №2 Магілёва.

Аўтар «фінскай» канцэпцыі паходжання беларусаў, даказваў, што літва не была балцкім племем.

1943 год. Адбылося Івянецкае паўстанне пры ўдзеле партызанскага атрада з Цэнтра Арміі Краёвай “Стоўбцы”.

Івянец быў захоплены на 18 гадзін, вызвалены вязні турмы, ад 100 да 200 супрацоўнікаў Беларускай дапаможнай паліцыі добраахвотна перайшлі на бок польскага атраду.

Атрад партызан налічваў каля 150 чалавек (нямецкі гарнізон каля 500 чалавек), большасць з якіх мелі толькі пісталеты і гранаты. Камандаваў атакай паручнік Каспер Мілашэўскі.

Партызаны АК “Стоўбцы”

1944 год. Нацысты знішчылі вёску Дальва на Лагойшчыне разам з яе жыхарамі.

Фашысты сагналі 44 жыхары вёскі ў хату В. Кухаронка і спалілі жыўцом. Загінула 29 дзяцей, 13 жанчын і два мужчыны. Выжыў толькі 13-гадовы М. Гірыловіч, які ў той дзень пасвіў каня за вёскай.

На месцы спаленай вёскі 15 ліпеня 1973 года адкрыты мемарыяльны комплекс – філіял комплекса «Хатынь».

У 1968 годзе пісьменьнік І. Пташнікаў выдаў аповесць «Тартак», прысвечаную Дальве.

1953 год. У ЗША па абвінавачванні ў шпіянажы на карысць СССР пакараныя смерцю Юліус і Этэль Розенберг.

Іх справа дагэтуль застаецца адным з загадкавых крымінальных працэсаў у гісторыі. Ніхто не ведае напэўна, паведамлялі яны саветам сакрэт атамнай бомбы ці не. Муж і жонка да канца адстойвалі сваю невінаватасць.

У дзень пакарання Розенбергам дазволілі патэлефанаваць у міністэрства юстыцыі. Калі б яны вырашылі прызнацца ў шпіянажы, то выратавалі сваё жыццё. Аднак, замест размовы з міністрам Розенбергі ў апошні раз аддалі перавагу пацалаваць адзін аднаго. Перад смерцю Этэль напісала сынам: “Заўсёды памятайце, што мы былі невінаватыя і не маглі пайсці супраць свайго сумлення”.

1976 год. Нарадзіўся Уладзімір Каткоўскі (1976-2007).

Беларускі блогер, вэб-рэдактар, заснавальнік беларускай Вікіпедыі. Распрацоўшчык беларускамоўнага інтэрфейсу Google, супрацоўнік беларускай рэдакцыі «Радыё Свабода» (з 2002).

Скончыў Амерыканскі універсітэт у Балгарыі па спецыяльнасці «інфарматыка». Працаваў камп’ютарным спецыялістам у Будапешце (Фонд Сораса), Франкфурце-на-Майне.

16 чэрвеня 2006 трапіў у аўтамабільную катастрофу, знаходзіўся ў глыбокай коме. Памёр 25 мая 2007 года.

1988 год. У Курапатах адбыўся першы масавы мітынг памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

У Мінску праходзіць марш, потым – пратэстны мітынг у Курапатах, на якія прыходзіць каля 10 000 чалавек. Менавіта там упершыню паднімаецца нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, і гучаць антысавецкія лозунгі.

Вось як падзеі ўзгадвае Зянон Пазняк:”Дзень 19 чэрвеня 1988 году, калі адбылося масавае шэсце на Курапаты і мітынг там, жыве ў маёй свядомасці выразна і моцна. Тысячы людзей зайшлі ў Курапацкі лес і ўсе рассыпаліся. Між дрэваў і кустоў ішлі моўчкі, у поўнай цішыні… І толькі крокі і шоргат лясной травы пад нагамі. Мне пачулася ў гэтым нешта містычнае. Я адчуў, што адбываецца нешта, чаго я ня змог растлумачыць. Гэты шоргат людской лавіны – гэты вобраз стаіць у мяне ўвушшу, уваччу, жыве ў маёй свядомасці.”

Паводле розных крыніц інфармацыі, з 1937 па 1941 год толькі ў Курапатах па палітычных матывах забіта ад 40 да 200 тысяч мірных грамадзян.

2019 год. Памерла Іраіда Царук (1928-2019).

Беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар. Родная сястра палітыка Сяргея Прытыцкага.

Даследчыца гісторыі і культуры Заходняй Беларусі. Дэкан гістарычнага факультэта БДУ (1973-1986).

Дзень у гісторыі. 14 чэрвеня. Дэпартацыя прыбалтаў. Катастрофа Іл-103. Нарадзіліся М. Доўнар-Запольскі, М. Забэйда-Суміцкі, Чэ Гевара

Сусветны дзень донара крыві (World Blood Donor Day, з 2005 года).

Устаноўлены Сусветнай асамблеяй аховы здароўя ў гонар дня нараджэння Карла Ландштэйнера (1868-1943) – аўстрыйскага лекара і імунолага, Нобелеўскага лаўрэата, які адкрыў групы крыві ў чалавека.

Слова донар паходзіць ад лацінскага “donare” – “дарыць”.

Сусветны Дзень донара крыві дае магчымасць выказаць удзячнасць людзям, якія добраахвотна здаюць сваю кроў, не атрымліваючы за гэта асаблівай узнагароды, тым, хто робіць гэта на рэгулярнай аснове – два, тры або больш разоў у годзе.

Праблема донарства крыві і яе кампанентаў з’яўляецца адной з найбольш важных для дзяржавы і ключавых для айчыннай аховы здароўя. Ад яе вырашэння залежыць сама магчымасць і якасць аказання высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі ў мірны час і ў надзвычайных сітуацыях.

Дарослы чалавек без небяспекі для свайго жыцця можа страціць каля літра крыві. На станцыі пералівання крыві бяруць 400 мл. Гэтая колькасць крыві аднаўляецца арганізмам вельмі хутка. Заадно атрымліваюць магутны стымул да працы эндакрынная і імунная сістэмы арганізма.

Заўважана, што людзі, якія доўга здаюць кроў, не схільныя прастудным захворванням і грыпу, радзей пакутуюць анкалагічнымі і сардэчна-сасудзістымі захворваннямі. Дабратворна ўплывае донарства і на псіхічнае здароўе чалавека.

1792 год. Наданне каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім герба Барысаву.

У сучаснай Беларусі гістарычны герб Барысава атрымаў афіцыйны статус 29 студзеня 1999 года.

“У сярэбраным полі барочнага шчыта на зялёнай зямлі сярэбраная сцяна паміж дзвюма вежамі з чырвонымі купаламі, над якою на сярэбраным воблаку стаіць Святы Пётр з двума ключамі ў руцэ”.

1867 год. Нарадзіўся Мітрафан Доўнар-Запольскі (1867-1934)

Беларускі гісторык, этнограф, эканаміст, прафесар шэрагу ВНУ Украіны, Азербайджана, Расіі, Беларусі, у тым ліку БДУ.

Аўтар больш за 150 прац па гісторыі Кіеўскай Русі, Маскоўскай дзяржавы, Расіі, Літвы і Беларусі, па этнаграфіі Беларусі.

Актыўна падтрымліваў БНР. Сустваральнік Археаграфічнай камісіі Інбелкульту. Па просьбе ўладаў БНР склаў «Мемарыял» («Асновы беларускай дзяржаўнасці»), які быў надрукаваны ў Гродне і Вільні ў 1919 годзе па-беларуску, па-руску, па-нямецку, па-французску; пазней – на англійскай мове. Дакумент утрымліваў гістарычныя падставы неабходнасці стварэння незалежнай беларускай дзяржавы.

Аўтар забароненай кнігі «Гісторыя Беларусі». Разбіў погляд на беларусаў як на народ, пазбаўлены нацыянальнасці.

Памёр 30 верасня 1934 года.

Межы БНР і этнічная тэрыторыя беларусаў на падставе прац М. Доўнар-Запольскага і Я. Карскага.

1900 год. Нарадзіўся Міхась Забэйда-Суміцкі (1900-1981).

Беларускі спявак, педагог.

Кар’еру пачаў у Харбінскай оперы. Выступаў у Міланскай оперы, «Ла Скала», актыўна гастраляваў па гарадах Заходняй Беларусі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Чэхаславакіі, Германіі.

Не жадаў называць сябе вялікім польскім спеваком, прызнаючы толькі адно сваё права – звацца беларускім.

Запісаў грампласцінкі з апрацоўкамі беларускіх народных песень. У 1963 годзе даў аншлагавыя канцэрты ў шматлікіх гарадах БССР, у тым ліку Магілеве.

Памёр 21 снежня 1981 года ў Празе. Пахаваны на пражскіх Ольшанскіх могілках.

У гонар Забэйды-Суміцкага названа вуліца ў Маладзечне. 

1903 год. Памёр Ян Карловіч (1836-1903).

Беларускі лінгвіст, этнограф, фалькларыст, музыказнаўца.

Займаўся гісторыяй і музыкай у Парыжы, Гайдэльбергу, Бруселі.

Аўтар этнаграфічных даследаванняў, сабраў і апублікаваў некалькі сотняў беларускіх і літоўскіх паданняў, казак, песень.

Супрацоўнічаў з Міхалам Федароўскім, аўтарам шматтомнай працы «Люд беларускі». Сябраваў з Аляксандрам Ельскім і Францішкам Багушэвічам.

1928 год. Нарадзіўся Чэ Гевара (1928-1967).

Лацінаамерыканскі рэвалюцыянер, удзельнік рэвалюцыйна-вызваленчай вайны на Кубе, падарожнік па краінах Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, Азіі, Еўропы, сусветны кумір “бунтарскай моладзі”.

Расстраляны 9 кастрычніка 1967 года «рэйнджэрамі» ў Балівіі. Яго цела з адрэзанымі рукамі было выстаўлена на ўсеагульны агляд.

У 1997 годзе прах Чэ Гевары перавезены з Балівіі на Кубу і пахаваны ў маўзалеі г. Санта-Клара. 

1937 год. У  Маскве арыштаваны Мікалай Галадзед (1894-1937).

Беларускі палітычны дзеяч, трэці па ліку старшыня СНК БССР (1927-1937).

На пачатку 1920-х гадоў – старшыня Горацкага выканкама, член бюро па першаму ўзбуйненню тэрыторыі БССР.

Прычыніўся да рэпрэсій акадэмікаў В. Ластоўскага, У. Пічэты, Я. Лёсіка, С. Некрашэвіча, Г. Гарэцкага, А. Дубаха.

У 1933 годзе быў членам Палітычнай камісіі для перагляду расійска-беларускага слоўніка і новых правіл беларускай мовы.

Паводле афіцыйнай версіі, выкінуўся з акна 5-га паверха ў часе допытаў у будынку НКУС БССР. Па неафіцыйных звестках, быў забіты 21 чэрвеня 1937 года, а потым супрацоўнікі дзяржбяспекі інсцэнавалі самагубства. Або  расстраляны. 

1941 год. Пачалася дэпартацыя грамадзян Латвіі, Літвы і Эстоніі ў аддаленыя рэгіёны Расіі.

17 ліпеня 1940 года Латвія, Літва, Эстонія згодна з Пактам Молатава-Рыбентропа былі ўключаны ў склад СССР.

У ноч з 13 на 14 чэрвеня 1941 года было запушчана даўно запланаванае дзеянне, якое праводзілася савецкай сакрэтнай службай НКУС, мэтай якой было ачысціць прыбалтыйскую прастору ад актыўных антысавецкіх сіл. На працягу тыдня органы НКУС арыштавалі або выслалі каля 34 000 мужчын, жанчын і дзяцей (часта цэлымі сем’ямі) з Літвы, 15 500 з Латвіі (з якіх 2400 дзяцей ва ўзросце да дзесяці гадоў) і 10 000 з Эстоніі.

Агульны лік ахвяр усіх відаў савецкіх рэпрэсій (агульная сітуацыя ў дэталях адрознівалася ў кожнай краіне) у 1940-1941 гады ацэньваецца ў 34 000 чалавек у Латвіі, 60 000 – у Эстоніі і 75 000 – у Літве.

На сёння ў Эстоніі, Латвіі і Літве дзень 14 чэрвеня абвешчаны Днём нацыянальнай жалобы.

1951 год. Нарадзіўся Міхаіл Кучарэнка.

Шклоўскі грамадкі актывіст, краязнавец, намеснік старшыні Шклоўскага аддзялення таварыства аховы помнікаў і культуры, армейскі падпалкоўнік.

Даследык паганскіх капішчў, старажытнага Шклова.

Яго намаганнямі знойдзены і перанесены на пляцоўку каля Спаса-Праабражэнскай царквы Шклова каменны крыж.

Спаса-Праабражэнская царква, Шклоў.

2015 год. Катастрофа Іл-103 пад Брэстам.

Катастрофа адбылася падчас выканання экіпажам самалёта «Беллесавія» вучэбнага задання. Загінулі абодва члены экіпажа.

У выніку расследавання выяўлена, што ў самалёта адмовіў рухавік.

10 чэрвеня ў гісторыі. Сусветны дзень мадэрну. Палон Усяслава. Трагедыя Лідзіцэ. Нарадзіўся бард В. Аўраменка

Сусветны дзень мадэрну (World Art Nouveau Day, з 2013 года).

Устаноўлены для прапаганды мастацтва высокага стылю мадэрн ў архітэктуры, жывапісу, паэзіі, музыцы, а таксама захавання яго спадчыны. Дата прымеркавана да дня скону выдатных прадстаўнікоў мадэрну Антоніа Гаўдзі і Эдэна Лехнера.

У Магілёве стыль мадэрн прадстаўлены будынкам сялянскага зямельнага банка, у якім зараз месціцца мастацкі музей імя П. Масленікава.

Міжнародны дзень геральдыкі (International Day of Heraldry).

Геральдыка, гербазнаўства – спецыяльная гістарычная навука, якая вывучае паходжанне, развіццё, грамадска-прававое значэнне і фармаванне герба і інстытут яго карыстання.

Інтэнсіўнае развіццё геральдыкі ў ВКЛ пачалося пасля заключэння Гарадзельскай уніі 1413 года, калі 47 найбольш знатных родаў Княства атрымалі гербы.

У ХVІІ стагоддзі распаўсюдзілася гарадская геральдыка. Уласныя гербы мелі больш за 100 беларускіх гарадоў.

1067 год. Кіеўскія Яраславічы захапілі ў палон полацкага князя Усяслава Брачыславіча (1029-1101) і двух яго сыноў.

Гэта адбылося падчас сустрэчы “на Ршы”. Першая пісьмовая згадка пра Оршу.

Пры Ўсяславе Чарадзеі Полацкае княства дасягнула сваёй магутнасці, быў пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор.

Праз 4 месяцы пасля бітвы на Нямізе (1067), Яраславічы запрасілі Усяслава на перамовы, цалавалі крыж, што не зробяць благога. Але, як толькі Усяслаў пераплыў у чоўне Дняпро для перамоваў, Яраславічы парушылі цалаванне крыжа і схапілі князя з сынамі, адвезлі ў Кіеў і кінулі ў земляную турму. Праз 14 месяцаў, падчас паўстання 1068 года, кіеўляне вызвалілі Усяслава з поруба і абвясцілі вялікім князем кіеўскім.

1633 год. У Магілёве на Троіцу на Дняпры патапілася шмат людзей.

Гэта адбылося падчас пераправы праз раку з Магілёва ў Лупалава. Затануў паром разам з шматлікімі гараджанамі, святарамі.

1794 год. У Гродне ўтворана Цэнтральная дэпутацыя ВКЛ.

Выканаўчы органа паўстання 1794 года.

Заклікі Т. Касцюшкі да простага народа змагацца за незалежнасць выклікалі недавер сялян і сабатаж памешчыкаў. У сялян на працягу стагоддзяў выхоўвалася рабская псіхалогія. Яны, пакорлівыя сваім панам, не былі гатовыя да актыўных дзеянняў у якасці свядомых барацьбітоў за свае правы, за сваю свабоду. Усё гэта ўлічваў Касцюшка і ў кожным звароце да народа стараўся абудзіць яго свядомую актыўнасць, умацаваць веру ў перамогу.

А. Арлоўскі. Паўстанцы Т. Касцюшкі.

1883 год. Нарадзіўся Язэп Гапановіч (1883-1961).

Беларускі грамадскі дзеяч, прадпрымальнік

Быў членам Беларускага гуртка ў Варшаве. У пачатку 1920-х гадоў дзеяч беларускай кааперацыі на Віленшчыне, з ліпеня 1925 года стаў намеснікам старшыні Беларускага нацыянальнага камітэту ў Варшаве.

Быў уласнікам цагельні. Заснавальнік і старшыня Асветнага таварыства беларусаў у Варшаве (1937-1939), аплочваў памяшканне таварыства, дапамагаў незаможным беларускім студэнтам.

Выдаў зборнік вершаў С. Станкевіча «З майго ваконца» (1928). Дзеяч Беларускага камітэту ў Варшаве (1940-1944). Пасля 1956 года ўдзельнічаў у працы Варшаўскага аддзелу Беларускага грамадска-культурнага таварыства, спяваў у хоры таварыства.

Памёр 20 мая 1961 года.

1910 год. Памёр Мікалай Нікіфароўскі (1845-1910).

Беларускі этнограф, фалькларыст, краязнавец, сябра геаграфічнага таварыства, таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім універсітэце.

Рэдактар часопіса “Этнографическое обозрение”, паплечнік па даследаваннях магілёўца Паўла Шэйна (1826-1900).

Аўтар грунтоўных “Нарысаў Віцебскай Беларусі” (8 частак), “Нарысаў простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку”, “Простанародныя прыкметы і павер’і, прымхлівыя абрады і звычаі, легендарныя паданні пра асобы і мясціны” (змяшчае 2307 народных прыкмет, павер’яў, забабонаў, абрадаў, звычаяў). 

1917 год. У Менску выйшаў першы нумар газеты «Вольная Беларусь».

Беларускамоўная грамадска-палітычная, эканамічная і літаратурная газета нацыянальна-дэмакратычнага кірунку пад рэдакцыяй Язэпа Лёсіка.

Выдавалася Беларускім нацыянальным камітэтам, потым Таварыствам беларускай культуры да лістапада 1918 года.

Газета закрылася па заняцці Менска бальшавікамі.

1919 год. У Вільні ўтворана Цэнтральная беларуская рада Віленшчыны і Гродзеншчыны.

Гэта адбылося падчас працы Беларускага  з’езда Віленшчыны і Гродзеншчыны (9-10 чэрвеня).

Рада – орган палітычнага прадстаўніцтва беларускага нацыянальнага руху Заходняй Беларусі на чале К. Дуж-Душэўскім і М. Кахановічам. Рада выступала ў абарону правоў беларусаў, спрыяла развіццю беларускай культуры, кааперацыі, займалася дабрачыннасцю на карысць пацярпелых ад вайны і дзяцей-сірот. У палітычнай дзейнасці прытрымлівалася актаў БНР.

Удзельнікі з’езда. Пасярэдзіне стаіць К. Дуж-Душэўскі.

1923 год. Памёр Міхал Федароўскі (1853-1923)

Беларускі і польскі фалькларыст, этнограф, археолаг.

Сабраў каля 1 500 беларускіх песенных і танцавальных мелодый, 5 000 беларускіх народных песень, каля 10 000 прыказак, сотні казак, загадак, якія выдадзеныя у 8-томнай працы “Люд беларускі”. Аўтар этнаграфічнай працы “Пружана і яе ваколіцы”.

1942 год. Нямецкімі войскамі сцёртая з твару зямлі чэшская вёска Лідзіцэ.

Непасрэднай падставай для расправы стала забойства Рэйнхарда Гейдрыха, пратэктара Багеміі і Маравіі, учыненае 27 мая 1942 года ў Празе. Жыхары вёскі былі абвінавачаныя ва ўкрывальніцтве чэхаславацкіх патрыётаў, якія здзейснілі замах.

Усё мужчынскае насельніцтва старэйшае за 15 гадоў, а гэта 172 чалавекі, было расстраляна, 195 жанчын былі адпраўленыя ў канцэнтрацыйны лагер Равенсбрук. З 98 дзяцей было пакінута 13 дзяцей узростам да аднаго года і прыдатныя для анямечвання. Астатнія дзеці былі забітыя ў газавай камеры ў лагеры смерці каля Хелмна. Усе будынкі вёскі былі спаленыя.

Трагедыя Лідзіцэ.

1958 год. Нарадзіўся Васіль Аўраменка.

Магілёўскі паэт, бард, пісьменнік, урач-неўрапатолаг па прафесіі.

Сталы аўтар часопіса “ARCHE”, удзельнік праекту “Радыё Свабода” “Барды Свабоды”, бардаўскіх канцэртаў, сябра клубу аматараў гісторыі і падарожжаў “Чароўны ўспамін”, аўтар паэтычных зборнікаў, кнігі пра інтымнае жыццё, неафіцыйнага гімну Магілёва.

1972 год. Нарадзіўся Пітэр Серафіновіч.

Брытанскі акцёр беларускага паходжання.

Пачаў працу на радыё BBC Radio 1, прымаў удзел у розных шоў на радыё і тэлебачанні, у тэлесерыялах на брытанскім і амерыканскім тэлебачанні.

Вядомы і ў якасці акцёра агучання, працаваў у рэкламе, дубляжы.

Яго брат Джэймс Серафіновіч – сцэнарыст і рэжысёр, сястра Хелен – замужам за сцэнарыстам Грэгэмам Лінеганам.

2020 год. Памёр Валерый Гаркуноў (1947-2020).

Беларускі глебазнавец, краязнавец, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар МДУ імя А. Куляшова.

Член геаграфічнага таварыства і таварыства глебазнаўцаў, галоўны рэдактар часопіса “Магілёўскі мерыдыян”.

Даследчык глеб Магілёўскай вобласці, аўтар 50 прац па структуры глебавага покрыва вобласці і ўсходняй Беларусі.

23 мая ў гісторыі. Прапойск стаў Слаўгарадам. Адраджэнне магілёўскай ратушы. Перахоп Ryanair з Пратасевічам. Спачыла Еўфрасіння Полацкая

1173 год. У Ерусаліме спачыла Еўфрасіння Полацкая (1104-1173).

Полацкая князёўна і ігумення, прылічаная да святых, асветніца і апякунка Беларусі праваслаўнымі і грэка-каталікамі, першая ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе падарожніца.

У паломніцтва ў 1167 годзе ішла па Дняпру, праходзіла месца, дзе зараз стаіць Магілёў.

У 1187 годзе яе мошчы былі перанесены з Ерусаліму ў Кіева-Пячорскую лаўру. У 1910 годзе пры вяртанні машчэй з Кіева ў Полацк, рака з парэшткамі святой стаяла тры дні ў Іосіфаўскім саборы Магілёва. Штогод 5 чэрвеня адзначаецца як Дзень Святой Еўфрасінні, ладзяцца пілігрымкі ў Полацк.

1753 год. У Навагрудку памерла  Францішка Уршуля Радзівіл (1705-1753).

Беларуская і польская пісьменніца, першая вядомая жанчына-драматург у ВКЛ, мастак. Жонка Міхала Радзівіла Рыбанькі.

Аўтар каля 80 паэтычных твораў, п’ес, камедый, трагедый і опер, у аснове якіх ляжаць вядомыя літаратурныя або фальклорныя сюжэты.

Яе драматычныя творы былі падрыхтаваны да друку Якубам Побугам Фрычынскім і надрукаваны ў Жоўкве ў 1754 годзе – “Камедыі і трагедыі…”

Пастаноўкі п’ес адбываліся на сцэнах розных радзівілаўскіх сядзібаў. Пасля смерці мужа п’есы ставіліся ў вузкім коле радзівілаўскага асяроддзя. Чарговы ўздым нясвіжскага тэатра пачаўся з 1777 годзе, калі з эміграцыі вярнуўся яе сын Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку».

Доўгі час імя Францішкі Уршулі было невядома шырокаму чытачу. Толькі ў 2003 годзе ў свет выйшла кніга выбраных твораў у беларускім перакладзе. Пераклад шэрагу твораў пісьменніцы  на беларускую мову здзейснілі Н. Русецкая, Н. Гардзіенка, А.Хадановіч, Ж. Некрашэвіч-Кароткая, Л. Баршчэўскі і іншыя.

1761 год. Шчучыну нададзены герб.

Амаль 16-тысячны раённы цэнтр Гродзенскай вобласці, вядомы з І паловы XV стагоддзя, адзін з цэнтраў піярскага ордэна.

З 1795 года ў складзе Расійскай імперыі. Сярод выхаванцаў Шчучынскай школы піяраў вядомыя І. Дамейка, М. Догель, К. Нарбут, А. Петрашкевіч, Ю. Корсак.

У 1921-1939 гадах у складзе Польшчы, цэнтр павета Навагрудскага ваяводства. З 1939 года – у БССР, у Баранавіцкай (да 1962), Гродзенскай абласцях.

Знакаміты сваім ваенным аэрадромам (у розны час у раёне знаходзілася каля 20 авіяцыйных частак). Цікава, што на пачатку 1990-ых тут былі сканцэнтраваныя амаль усе знішчальнікі-перахватчыкі тыпу МіГ-25БМ, якія былі выраблены ў СССР.

У горадзе зараз працуюць ААТ «Аўтапровад», прадпрыемствы сельскагаспадарчага і трактарнага машынабудавання, харчовай прамысловасці.

1842 год. Нарадзілася Марыя Канапніцкая (1842-1910).

Пісьменніца, паэтэса, перакладчыца, буйнейшы майстар польскай рэалістычнай літаратуры.

Змагарка за правы жанчын. Блізкая сяброўка Элізы Ажэшкі. Неаднаразова наведвала Беларусь, перапісвалася з Я. Лучынай.

Аўтар цыклаў вершаў, эпічных паэм, зборнікаў апавяданняў,  цыклаў народных песняў «З лугоў і палёў», «На жалейцы», кнігі «Міцкевіч, яго жыццё і душа» (1899).

Асноўныя матывы яе творчасці — сялянская нядоля, жыццё гарадской беднаты, любоў да радзімы, вера ў народ, у надыход справядлівасці.

1871 год. Памёр Яраслаў Дамброўскі (1836-1871).

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў, генерал Парыжскай камуны. Скончыў Брэсцкі кадэцкі корпус, служыў у Санкт-Пецярбургскім Дваранскім палку, у артбрыгадзе, якая ўдзельнічала ў Каўказскай вайне. Вучыўся ў Мікалаеўскай акадэміі Генеральнага штаба.

Быў членам і кіраўніком гуртка апазіцыйна настроеных афіцэраў, вёў у Варшаве падпольную працу ў складзе Цэнтральнага Нацыянальнага Камітэта. Распрацаваў план паўстання.

Быў арыштаваны і зняволены ў Варшаўскую цытадэль, адкуль кіраваў паўстаннем. Асуджаны да 15 гадоў катаржных работ, але ў 1864 здолеў уцячы з маскоўскай перасыльнай турмы.

З 1865 года жыў у Парыжы, удзельнік Аб’яднання польскай эміграцыі.

Актыўны ўдзельнік Парыжскай камуны: камандзір легіёна, камендант Парыжскага ўмацаванага раёна і камандуючы войскамі заходняга сектара абароны Парыжу, генерал.

Атрымаў цяжкае кулявое раненне ў баі і памёр у парыжскім шпіталі Ларыбуазьер.

1910 год. Янка Купала закончыў сваю паэму-баладу «Курган».

У паэме паказаны вобраз гусляра, які не прадаўся князю за грошы, не стаў ягоным песняром. Гусляр не здрадзіў сабе і свайму народу. Ён застаўся сапраўдным мастаком, вольным і незалежным духоўна. Гусляр загінуў, але перамог князя ў гэтым паядынку. Курган – гэта не магіла старца-гусляра, а помнік чыстаму сумленню, годнасці і таленту.

1938 год. Нарадзіўся Аляксей Мацвееў.

Доктар геолага–мінералагічных навук, прафесар, акадэмік НАНБ. Заслужаны дзеяч навукі.

Скончыў геаграфічны факультэт БДУ. Працаваў у Белдзіправадгас Міністэрства меліярацыі і воднай гаспадаркі БССР, Інстытуце геалагічных навук (дырэктар), у БДУ

Даследчык ледавіковых адкладаў, геалогіі антрапагена, рэльефу, карысных выкапняў, неатэктонікі Беларусі, стваральнік серыю геамарфалагічных карт,

Аўтар каля 400 надрукаваных работ, у тым ліку 23 манаграфій і кніг.

1945 год. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР г.п. Прапойск перайменаваны ў г. Слаўгарад.

Вядомы з 1136 года. Назва Прапойск паходзіць ад упадзення р. Проня ў р. Сож.

Паводле папулярнай легенды, перайменаваны ў сувязі з прысваеннем дывізіі, якая вызваляла горад, звання гвардзейскай – найменне «Гвардзейская Прапойская дывізія» аказалася немілагучным. Але ніякіх вайсковых падраздзяленняў і злучэнняў з назвамі «Прапойскі» ці «Слаўгарадскі» ніколі не існавала, а легенда з’явілася, верагодна, на падставе мемуараў генерала А. Гарбатава.

Па іншай легендзе, новае імя Прапойску – Слаўгарад – асабіста даў Сталін, упісаўшы яго ў спіс гарадоў, у гонар якіх давалі салют Перамогі ў Маскве. Сталін нібыта вырашыў, што «Прапойск» – не надта мілагучная для такога гістарычнага моманту назва.

Зараз у горадзе 7,8 тысяч жыхароў, працуюць філіялы ААТ “Дамачай”, “Бабушкіна крынка”, “Чырвоны харчавік”.

1946 год. Кастусь Езавітаў загінуў у мінскай турме НКУС (1893-1946).

Беларускі палітычны, грамадскі і ваенны дзеяч, публіцыст, перакладчык і педагог. Актыўны ўдзельнік беларускага нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, дзеяч БНР, арганізатар беларускай дзейнасці ў міжваеннай Латвіі.

Удзельнік З’езда, Камітэта воінаў-беларусаў Паўночнага фронту, Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, Усебеларускага з’езда.

Браў удзел у абвяшчэнні незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, народны сакратара ваенных спраў ва ўрадзе БНР,  палкоўнік.

У 1921-1941 гадах жыў Латвіі, дзе займаўся грамадска-палітычнай і культурна-асветніцкай дзейнасцю сярод беларусаў, арганізацыяй школьнай справы. За беларускую нацыянальную дзеянасць арыштоўваўся латвійскімі ўладамі ў 1924, 1930, 1933 і 1935 гадах.

Падчас Другой сусветнай вайны кіраваў у Рызе Беларускім цэнтральным камітэтам, які займаўся арганізацыяй беларускіх школ у Латвіі, удзельнічаў у Другім Усебеларускім кангрэсе, быў генеральным інспектарам Беларускага вызваленчага войска,  міністрам ваенных спраў Беларускай Цэнтральнай Рады.

У красавіку 1944 года затрыманы СМЕРШам. Загінуў 23 мая 1946 года ў мінскай турме.

Аўтар многіх кніг і артыкулаў па гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху, беларусазнаўстве, вершаў, школьных дапаможнікаў. Падрыхтаваў да друку невядомыя раней творы М. Багдановіча. Укладальнік біяграфічнага слоўніка дзеячаў беларускага нацыянальнага адраджэння, апекаваўся стварэннем архіва беларускага нацыянальна-вызваленчага руху.

1954 год. Нарадзіўся Алесь Грудзіна.

Грамадскі дзеяч са Шклова, краязнавец, педагог.

1959 год. Нарадзіўся Аляксандр Смалянчук.

Беларускі гісторык беларускі, доктар гістарычных навук, прафесар.

Скончыў Гродзенскі ўніверсітэт, стажыраваўся ў Варшаўскім і Ягелонскім універсітэтах.

Працаваў настаўнікам гісторыі ў сярэдняй школе, навуковым супрацоўнікам Рэспубліканскага музея гісторыі рэлігіі і Гродзенскага абласнога гістарычна-археалагічнага музея, у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, дырэктарам Інстытута гістарычных даследаванняў ЕГУ.

Асноўныя тэмы даследаванняў: гісторыя польскага руху ў Беларусі і Літве ў XIX – пачатку XX стагоддзяў, гісторыя беларускага нацыянальнага руху, палітычная гісторыя Беларусі XIX – XX стагоддзяў і яе адлюстраванне ў памяці жыхароў Беларусі (вусная гісторыя), краязнаўства.

Узнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

1986 год. Ткачыха магілёўскай стужкаткацкай фабрыкі Ніна Дзянісенка стала першым у горадзе поўным кавалерам ордэна Працоўнай Славы.

Яна стала 277-м поўным кавалерам у СССР.

На фабрыцы “Стужка“ прапрацавала з 1961 года да выхада на пенсію ў 1996. Ахвотна і з цікавасцю авалодвала прафесіяй ткачыхі, актыўна пераймала вопыт старэйшых, стала перадавіком вытворчасці. Асабістыя заданні некалькіх пяцігодак выконвала датэрмінова, дабіваючыся завяршэння за 5 гадоў сямі гадавых планаў.

Узнагароджвалася ордэнамі Працоўнай Славы 3-й і 2-й ступеняў у 1975 і 1981 гадах.

Дэпутатка Вярхоўнага Савета БССР (1980-1985).

Н. Дзянісенка другая справа.

1987 год. Памёр ураджэнец в. Гарадзец Быхаўскага раёна Канстанцін Лукашоў (1907–1987).

Заснавальнік Беларускага геаграфічнага таварыства (1954) і яго прэзідэнт (1957–1960), акадэмік, віцэ–прэзідэнт АН БССР, рэктар БДУ (1956–1969), дырэктар Інстытута геалагічных навук.

У 24 гады стаў загадчыкам кафедры, у 25 – дэканам, потым – рэктарам Ленінградзскага ўніверсітэта. Падчас вайны прадстаўляў СССР у ЗША, дзе адказваў за набыццё па “ленд–лізу” бронетэхнікі, самалётаў, узбраення.

Апублікаваў больш за 500 навуковых прац, у тым ліку 55 манаграфій і кніг.

1990 год. На вайсковай базе «Лясная» ў Баранавіцкім раёне ліквідавалі апошнюю балістычную ракету тыпу Р-12 (СС-4) з Пружан.

Гэта адбылося ў межах дамоўленнасцяў 1987 года паміж СССР і ЗША.

У Беларусі былі знішчаны ўсе ракеты дальнасцю 500-5500 км. Пасля развалу СССР Беларусь была 8-ай краінай у свеце па запасах ядзернага ўзбраення: 1120 ядзерных боезапасаў на ўзбраенні 180 часцей агульнай колькасцю 40 тыс. чалавек.

1992 год. Закладзены і асвечаны арцыбіскупам Максімам першы камень новай будучай магілёўскай ратушы.

У 1578 годзе, праз год пасля атрымання горадам граматы на магдэбургскае права, у Магілёве пачалося ўзвядзенне гарадской ратушы. Першапачаткова яна была драўлянай, таму неаднаразова згарала дашчэнту, і яе месцазнаходжанне мянялася.

4 верасня 1679 года гараджане прыступілі да будаўніцтва каменнай ратушы, асноўны корпус якой быў узведзены да 1681 года, а поўнасцю будаўніцтва завяршылі ў 1698 годзе. Вышыня 8-граннай 5-яруснай вежы са шпілем была роўная 47 метрам – самы высокі будынак у горадзе.

У час Вялікай Айчыннай вайны ратуша была моцна пашкоджана. 28 снежня 1952 года на нарадзе архітэктараў БССР па ахове помнікаў архітэктуры, было прынята рашэнне аб яе аднаўленні, аднак рэстаўрацыя ратушы так і не была распачатая, а ў ліпені 1957 года яна была ўзарвана.

Аднаўленне ратушы пачалі толькі ў 2007 годзе. У 2008 годзе ў дзень горада адбылося яе ўрачыстае адкрыццё.

1996 год. Пад Баранавічамі разбіўся Су-27 ВПС Беларусі.

Загінуў падпалкоўнік і начальнік баранавіцкай базы Уладзімір Карват (1958-1996), які пасмяротна стаў першым Героем Беларусі.

Загінуў пры выкананні вучэбна-трэніровачнага палёту, спрабуючы адвесці самалёт, які страціў кіраванне і падаў, ад населенага пункта.

2021 год. Авіяцыйны інцыдэнт з рэйсам Ryanair 4978 у Беларусі.

Выконваўся міжнародны рэгулярны пасажырскі рэйс авіякампаніі Ryanair з Афін у Вільнюс. Калі самалёт знаходзіўся над Беларуссю, ён быў перанакіраваны ў Нацыянальны аэрапорт Мінск у суправаджэнні ваеннага знішчальніка. Тут быў затрыманы беларускі апазіцыйны актывіст Раман Пратасевіч і яго сяброўка Соф’я Сапега, пасля борт вылецеў з Мінска і прызямліўся ў Вільнюсе.

27 мая 2021 года Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі абвясціла аб пачатку расследавання ў сувязі з сітуацыяй з рэйсам Ryanair FR4978. 20 ліпеня 2022 года апублікавана канчатковая справаздача аб інцыдэнце з лайнерам. Паводле яе высноваў, віна за захоп самалёта ляжыць на беларускіх уладах.

 

Дзень у гісторыі. 22 мая. Касцёл святой Ганны. Першы беларускі атамны рэактар. Нарадзіліся паэт М. Яцкоў, гісторык І. Пушкін

Міжнародны дзень біялагічнай разнастайнасці (International Day for Biological Diversity, з 1995 года.

Заснаваны Генеральнай Асамблеяй ААН, першы раз шырока адзначаны ў 2001 годзе.

Свята адзначаюць, але не заўсёды са святочным настроем, бо праблемы біялагічнай разнастайнасці відавочныя. Экалагічная раўнавага нясталая, экалагічная і біялагічная разнастайнасць працягвае скарачацца, а экалагічная раўнавага ўсё яшчэ падвяргаецца зменам.

Каля 60% экалагічнай сістэмы дэградуе або выкарыстоўваецца безразважна, што вядзе да страты біялагічнай разнастайнасці і цяжкіх наступстваў, якія ў бліжэйшыя 50 гадоў могуць яшчэ і пагоршыцца.

Дзень нараджэння тэхналогіі “Ethernet”

22 мая 1973 года Роберт Меткалф і Дэвід Богс апублікавалі дакладную запіску, у якой апісвалася эксперыментальная сетка, пабудаваная імі ў Даследчым цэнтры фірмы Xerox у Апала-Альта.

Ethernet – сямейства тэхналогій пакетнай перадачы дадзеных паміж прыладамі для камп’ютарных і прамысловых сетак.

Назва “Ethernet” – літаральна “эфірная сетка” ці “асяроддзе сеткі” адлюстроўвае першапачатковы прынцып працы гэтай тэхналогіі: усё, што перадаецца адным вузлом, адначасова прымаецца ўсімі астатнімі (гэта значыць, маецца нейкае падабенства з радыёвяшчаннем).

У цяперашні час практычна заўсёды падлучэнне адбываецца праз камутатары (switch), так што кадры, якія адпраўляюцца адным вузлом, даходзяць толькі да адрасата (выключэнне складаюць перадачы на шырокавяшчальны адрас) – гэта падвышае хуткасць працы і бяспеку сеткі.

Сёння тэхналогіяй карыстаецца каля 5,5 мільярдаў зямлян.

1501 год. Асвечаны Касцёл Святой Ганны ў Вільні.

Помнік гатычнай архітэктуры сусветнага маштабу, адзін з сімвалаў Вільні.

Першыя звесткі аб драўляным касцёле датуюцца пад 1394 годам. Каменны храм паўстаў у 1495-1500 гадах. Мецэнатам касцёла быў Вялікі князь Літоўскі Аляксандр (1461-1506).

Напалеон Банапарт, калі ўбачыў гэты будынак, прыйшоў у захапленне ад вытанчанасці і прыгажосці сабора і хваляваўся, што ў яго няма магчымасці павезці яго з сабой у Парыж.

Спалены крыжакамі ў 1419 годзе, неаднаразова зведаў пажары, французы ў 1812 годзе спалілі ўсё ўнутранае начыненне храма.

1762 год. Памёр Міхал Казімір Радзівіл «Рыбанька» (1702-1762).

Дзяржаўны дзеяч ВКЛ, мецэнат.

Сын вялікага канцлера Караля Станіслава, бацька Караля Станіслава «Пане Каханку».

Мянушка пайшла ад таго, што да ўсіх звяртаўся са словам “рыбанька”.

У 1726 годзе распачаў аднаўленне замку ў Нясвіжы, разбуранага шведамі ў 1706. Аднавіў дзейнасць Нясвіжскай друкарні і адкрыў Нясвіжскі кадэцкі корпус. Заснаваў першыя ў ВКЛ мануфактуры, між іншых Свяржанскую фаянсавую, Слуцкую персіярню (мануфактуру па вырабе шаўковых паясоў). Разам з жонкай Уршулай арганізаваў тэатр і музычную, вакальную і балетную школы, аркестр беларускіх народных інструментаў.

Кавалер ордэна Белага арла.

1792 год. Ашмянам нададзены герб.

У 1792 годзе Станіслаў Аўгуст Панятоўскі зацвердзіў герб горада. Скасаваны рускімі ўладамі 5 жніўня 1800 года.

Ашмяны – 16-тысячны прыгранічны раённы цэнтр у Гродзенскай вобласці, на рацэ Ашмянка. Праз горад праходзіць 9-ы транспартны еўрапейскі калідор.

Існуе меркаванне, што горад ўжо існаваў ужо ў 1040 годзе, але першыя згадкі аб Ашмянах у пазнейшых крыніцах адносяцца да 1341 года. У 1432 годзе тут адбыўся замах на жыццё Свідрыгайл. Адзін з цэнтраў кальвінізму ў ВКЛ. Падчас паўстання 1794 года тут размяшчаўся штаб Я. Ясінскага, фарміраваўся атрад Міхала Клеафаса Агінскага.

У 1796-1801 гадах знаходзіліся ў складзе Літоўскай, у 1801-1920 – Віленскай губерняў. Уваходзілі ў склад ССРБ, Літоўска-Беларускай ССР (1919), Польшчы (1919-1920, 1922-1939), Літвы (1920), Сярэдняй Літвы (1920-1922), БССР з 1939.

У горадзе працуюць мясакамбінат, сыраробны, дражджавы заводы, хлебакамбінат, ААТ «Белкофе», ААТ «Радыётэхніка» і іншыя.

1899 год. Нарадзіўся Мікола Чарнецкі (1899-1944).

Беларускі публіцыст, педагог, палітычны дзеяч. Доктар філасофіі.

Актывіст Грамады беларускай моладзі ў Гродне, студэнцкіх арганізацый у Празе, Пражскім універсітэце, Беларускага (Крывіцкага) культурнага таварыства імя Ф. Скарыны, член пражскага бюро Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

У 1929-1944 гадах працаваў у Заходняй Беларусі: выкладчык беларускіх гімназій у Радашковічах і Клецку, сурэдактар віленскага часопіса «Золак», дырэктар школы ў в. Крынкі, кіраўнік асветы Крынкаўскага раёна пры Саветах.

Арыштаваны НКУС, уцёк з-пад арышту. Падчас вайны працаваў у Беларускім нацыянальным камітэце ў Беластоку.

Па-зверску забіты польскімі падпольшчыкамі. Пахаваны на Праваслаўных могілках у Беластоку.

Настаўнікі Клецкай гімназіі. Другі злева – Мікалай Чарнецкі

1900 год. Нарадзіўся Мікалай Каспяровіч (1900-1937).

Беларускі этнограф і мовазнавец, краязнавец, лексікограф, мастацтвазнавец і літаратуразнавец.

Настаўнічаў, быў інструктарам Часовага беларускага нацыянальнага камітэта і Цэнтральнай беларускай школьнай рады, арганізаваў і быў першым старшынёй Ігуменскіх павятовых беларускага нацыянальнага камітэта і школьнай рады, удзельнічаў у антыпольскім падполлі. Працаваў інструктарам Наркамасветы БССР, інспектарам Слуцкага, Віцебскага аддзелаў народнай асветы, сакратаром Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце.

Аўтар «Беларуска-расійскага слоўнічка», «Віцебскага краёвага слоўніка» і «Слоўнічка уласных найменняў», прац па краязнаўству, гісторыі беларускага выяўленчага мастацтва, архітэктуры, графіцы, гісторыі тэатра, навукі, бібліяграфіі твораў К. Каганца. Укладальнік першага беларускага дапаможніка па тэорыі літаратуры.

Арыштаваны ДПУ у 1930 годзе. Вязень ГУЛАГу. Паўторна арыштаваны ў 1937 годзе, прыгавораны да расстрэлу і расстраляны 26 снежня.

У яго гонар у 2013 годзе ў Віцебску па вуліцы Крылова, 4, усталявана мемарыяльная дошка.

1907 год. Нарадзілася Алена Аладава (Пук, 1907-1986).

Беларуская мастацтвазнаўца, заслужаны дзеяч мастацтваў, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі (1944-1977). Жонка кампазітара М. Аладава.

Адна з першых студэнтак БДУ і адначасова ілюстратар Беларускага дзяржаўнага музея.

Аўтар мастацкіх аглядаў у часопісе «Прамень», член творчых аб’яднанняў «Літаратурна-мастацкая камуна», «Прамень».

Прымала ўдзел у стварэнні першай у Беларусі Дзяржаўнай карціннай галерэі (1939), у правядзенні выстаў, у захаванні выратаваных падчас вайны твораў віцебскіх і мінскіх галерэй.

З канца 1940-х гадоў на працягу 30 гадоў збірала для Нацыянальнага мастацкага музея шэдэўры рускага і беларускага жывапісу на прасторах усяго СССР і сумежных дзяржаў. Вяла перапіску з мноствам знакамітых мастацтвазнаўцаў, калекцыянераў, рэстаўратараў і мастакоў.

У яе гонар усталявана мемарыяльная дошка на будынку Нацыянальнага мастацкага музея.

1918 год. У Магілёве і Бабруйску расфарміраваны корпус Доўбар-Мусніцкага.

Камандзір 1-га польскага корпуса, часці якога размяшчаліся на тэрыторыі Магілёўскай губерні, генерал Доўбар-Мусніцкі, ва ўмовах наступлення нямецкіх войскаў з боку Оршы, Шклова, аддаў загад аб расфармаванні корпуса і здачы зброі 10 нямецкай арміі.

1-ы Польскі корпус сфарміраваны ў 1917 годзе на базе польскіх брыгады, дывізіі ў складзе рускай арміі. У 1918 годзе ў корпусе налічвалася 23-28 тысяч чалавек.

29 студзеня 1918 года корпус заняў Бабруйскую крэпасць, удзельнічаў у баях з бальшавікамі пад Татаркай і Асіповічамі.

Апошні транспарт войскаў корпуса пакінуў Бабруйск 8 ліпеня 1918 года. Салдаты корпуса пасля раззбраення ў большасці прыбылі ў Варшаву, дзе адыгралі важную ролю ў заваяванні незалежнасці, а пасля ўвайшлі ў склад Войска Польскага.

У Бабруйску на месцы ваенных могілак існаваў вялікі курган, пад якім былі пахаваны каля 2 000 польскіх салдат I Корпуса. Цяпер гэты курган не існуе. Зменшаная копія знаходзіцца на Вайсковых могілках Павонзкі ў Варшаве.

Штаб корпуса.

1940 год. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР заснаваны Залаты медаль “Серп і Молат”.

Знак адрознення Героя Сацыялістычнай Працы. Званне Героя Сацыялістычнай Працы ў 1938-1991 гадах атрымала 20 613 чалавек, у тым ліку ў БССР – 549.

Тройчы Герояў у СССР было 15, у іх ліку ўраджэнец Беларусі Якаў Зяльдовіч (1914-1987), акадэмік АН СССР. Зараз у Беларусі жыве 40 Герояў Сацыялістычнай працы.

1959 год. У Магілёве нарадзіўся Мікалай Яцкоў (псеўданімы: Адам Доман, Панас Прусак).

Беларускі паэт, публіцыст, кампазітар-песеннік, дырэктар Брылёўскага Дома культуры. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў (рэкамендацыі Г. Бураўкіна, С. Законнікава і Э. Акуліна).

Аўтар больш за 1300 песень на вершы беларускіх паэтаў, аўтар музыкі афіцыйна зацверджаных гімнаў Магілёва (у сааўтарстве з А. Шлеянковым) і Слаўгарада (у сааўтарстве з Ф. Шкірманковым).

1962 год. У п. Сосны пад Мінскам запусцілі першы ў Беларусі атамны рэактар.

На яго базе быў створаны Інстытут ядзернай энергетыкі (з 1965).

У Інстытуце створана эксперыментальная база для правядзення фундаментальных даследаванняў і рашэння прыкладных задач. Плануецца стварыць у Інстытуце навукова-эксперыментальную і вытворчую базу са шматмэтавым даследчым ядзерным рэактарам вакол якога будзе сфарміраваны нацыянальны Цэнтр ядзерных даследаванняў і тэхналогій.

У Соснах яшчэ пры СССР была распрацавана мабільная АЭС на колавым шасі з рэактарнай устаноўкай “Памір”. Усяго было выпушчана два камплекты мабільнай АЭС, адзін з якіх паспеў поўнасцю прайсці выпрабаванні. Аднак радыёфобія, якая ахапіла грамадства пасля Чарнобыльскай катастрофы, прывяла да закрыцця праекту. У выніку абедзве ўстаноўкі былі знішчаны ў канцы 1986 года.

АЭС
Партатыўная АЭС Памір 630Д
1964 год. У Оршы нарадзіўся вядомы магілёўскі гісторык Ігар Пушкін.

Кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

Першы дырэктар Музея гісторыі Магілёва (1992-2001).

У Магілёве працаваў у школе, ПТВ №14, карэспандэнтам газеты «Ратуша». Зараз – дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогіяў.

Даследуе гісторыю і культуры Беларусі, Магілёва, нацыянальных меншасцяў.

Ініцыятар і арганізатар правядзеньня Міжнародных навуковых канферэнцый пад агульнай назвай «Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасьць» (з 1998), шматлікіх іншых. Адзін з ініцыятараў аднаўлення выдання і сябра рэдакцыйнай рады часопіса «Магілёўская даўніна» (1993-2001).

Аўтар больш за 300 навуковых, навукова-папулярных і вучэбна-мэтадычных прац.

Вядучы гісторыка-пазнавальных радыёпраграмаў на «Новым радыё Магілёў» (1998-2001), стваральнік гістарычных тэлеперадач для Магілёўскага абласнога і гарадскога тэлебачання (1999-2011), для «2 канал. Магілёў» (2001-2008).

Суаўтар праграмы «Магілёвазнаўства» для школ. Адзін з кіраўнікоў культурна-асветніцкай суполкі беларусаў «Машэка» (1989-1999), акцёр аматарскага тэатра “Валянцін”.

Адзін з арганізатараў усталяваньня ў Магілёве памятных дошак у гонар Г. Каніскага, С. Собаля, генерала М. Раманава, рэжысёра В. Ермаловіча.

Член аргкамітэта Міжнароднага фестывалю духоўнай хрысціянскай музыкі «Магутны Божа» (1993-1995).

17 мая ў гісторыі. Дзень Інтэрнэта. Дамейка прыбывае ў Чылі. Нарадзіліся В. Навадворская, А. Агурбаш. Загінуў М. Кахановіч

Дзень нараджэння Інтэрнэту. Дзень зацвярджэння стандарту World Wide Web, WWW.

17 мая 1991 года на афіцыйным узроўні быў зацверджаны стандарт для старонак Сусветнай павуціны (World Wide Web). Да таго часу ўжо дастаткова прымальна працавалі электронная пошта, перапампоўка дадзеных і рассыланне навін для працы з кліентамі кампаній. Аўтарства вынаходства Інтэрнэту належыць Ціму Бернерсу-Лі, якому дапамагаў Роберт Кайо.

Пасля з’яўлення Сусветнага павуціння ва ўжытку кампутарнікаў з’явілася слова “вэб” (з ангельскай – “павуціна”), свет даведаўся аб стварэнні вэб-сервераў, вэб-старонак і вэб-сайтаў. Для поўнага пагружэння ў Інтэрнэт-свет бракавала значнай дэталі – адмысловай праграмы, якая бы адчыняла ўсе гэтыя “вэбы” у тым выглядзе, якім сёння ўжо нікога не здзівіш. Так і з’явіліся браўзэры.

Сусветнае павуцінне зрабіла фурор у прэсе і зрабіла сур’ёзны пераварот у галіне інфармацыйных сістэм. Інтэрнэт пачаў напаўняцца і развівацца штосекундна. На распрацоўку гіпертэксту для Сусветнага павуціння спатрэбілася два гады. Цяпер дзякуючы HTML (мове разметкі гіпертэксту) магчыма стварэнне, захоўванне і адлюстраванне тэксту.

На сённяшні дзень Сусветная павуціна ўяўляе сабой сетку, у якой злучаны мільёны вэб-сервераў. Па няведанні людзі блытаюць тэрміны “Інтэрнэт” і “Сусветнае павуцінне”. Гэта два розныя паняцці. Функцыянаванне Інтэрнэту без Павуціння дапушчальна (але што тады ў ім рабіць без фільмаў, фота, бібліятэк і музыкі?), а вось Павуціна асобна ад Інтэрнэта дзейнічаць не можа.

Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй (International Day Against Homophobia, Transphobia and Biphobia, з 2004 года).

Адзначаецца ў памяць пра выключэнне гомасексуальнасці з Міжнароднай класіфікацыі хвароб 17 мая 1990 года.

У 2003 годзе ў канадскай правінцыі Квебек арганізацыяй Fondation Emergence быў абвешчаны і праведзены ў чэрвені Народны дзень супраць гамафобіі. Услед за гэтай ініцыятывай у жніўні 2004 года французскі ўніверсітэцкі лектар і актывіст кампаній за правы меншасцей Луі-Жорж Тэн прапанаваў адзначаць аналагічны дзень у сусветным маштабе.

Асноўнай задачай мусіла стаць прыцягненне грамадскай увагі да геяў, лесбіянак, бісексуалаў і транссексуалаў (ЛГБТ), асабліва ў тых краінах, дзе пытанні сексуальнасці дагэтуль лічацца табу, а ЛГБТ-людзі падвяргаюцца дыскрымінацыі.

У Беларусі адносіны да ЛГБТ меньшасцей рэзка адмоўныя. Гэта адбітак выхавання і прапаганды.

Сусветны дзень барацьбы з артэрыяльнай гіпертаніяй (World Hypertension Day, з 2005 года).

Устаноўлены па ініцыятыве Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

Асноўная мэта Дня – кожны чалавек павінен вымяраць артэрыяльны ціск і ведаць свае лічбы артэрыяльнага ціску.

Гіпертанія – шырока распаўсюджаная ў свеце эпідэмія. У шматлікіх краінах больш за 50% людзей ва ўзросце звыш 60 гадоў маюць падвышаны артэрыяльны ціск, толькі адна траціна асоб, якія пакутуюць гіпертаніяй, атрымлівае лячэнне і прыкладна 12% з ліку гэтых людзей знаходзіцца пад медыцынскім кантролем. Каля 45% хворых людзей не ведаюць, што яны маюць высокія лічбы артэрыяльнага ціску.

Гіпертанія – «ціхі забойца». Павышэнне ціску вядзе да павелічэння частаты інсультаў на 60% і павелічэнне рызыкі інфарктаў на 20%.

Артэрыяльны ціск часцей павялічваецца ў людзей, якія маюць фактары рызыкі: якія злоўжываюць салёнай, тлуснай ежай, алкаголем, знаходзяцца ў стрэсавых сітуацыях, маюць павышэнне ўзроўню халестэрыну, кураць, маюць нізкую фізічную актыўнасць.

Выяўленне гіпертаніі з’яўляецца першым крокам на шляху барацьбы з гэтым захворваннем.

Сусветны дзень электрасувязі і інфармацыйнага грамадства, Міжнародны дзень тэлекамунікацый  (World Information Society Day, World Telecommunication and Information Society Day, з 1969 года).

Устаноўлены Генеральнай Асамблеяй ААН у памяць таго, што 17 мая 1865 года ў Парыжы было падпісана першае міжнароднае Тэлеграфнае Пагадненне, і быў заснаваны Міжнародны Тэлеграфны Саюз, з 1932 года – Міжнародны Саюз электрасувязі (МСЭ).

Услед за тэлеграфам з’явіліся радыё і тэлефон.

Інфармацыйныя тэхналогіі прыкметна змянілі аблічча цывілізацыі. Яны зрабілі сапраўдны выбух у сусветнай эканоміцы, у выніку чаго рэзка павысілася колькасць і якасць прадукцыі.

1838 год. Ігнат Дамейка (1802-1889) прыбыў у Чылі.

Беларускі, польскі і чылійскі навуковец, геолаг. Нацыянальны герой Чылі.

У 14-гадовым узросце стаў адным з самых юных студэнтаў Віленскага універсітэта. Член таварыства філаматаў разам з Я. Чачотам, А. Міцкевічам. Удзельнік Лістападаўскага паўстання 1830-1831 гадоў, быў ад’ютантам 25-га пяхотнага палка. Пасля сканчэння Горнай школы ў Парыжы атрымаў запрашэнне на працу ў Чылі.

Працаваў прафесарам горнай школы (зараз універсітэт яго імя) у Кікімба (1838-1846), прафесарам, загадчыкам кафедры хіміі, рэктарам (1867-1883) універсітэта Сант’яга. Чылійскі “Гранд дэ адукатар”, фактычны заснавальнік прыродазнаўчых даследаванняў, сучаснай адукуацыі, увёў метрычную сістэму, арганізаваў метэаралагічную службу.

Склаў з каментарамі геаграфічную, геалагічную і эканамічную карту былых земляў Рэчы Паспалітай.

У 1884 годзе наведаў сяброў і калег у Кракаве, Варшаве, Вільні, на радзіме ў Мядзведцы, у Міры і Навагрудку.

Памёр 23 студзеня 1889 года. Дзень пахавання быў абвешчаны днём нацыянальнай жалобы Чылі.

Імем вучонага названы малая планета, мінерал, шматлікія расліны, выкапнёвыя жывёлы, роды дыназаўраў, птэразаўраў, рыб, падвід лісіц, названы горад, універсітэт і вуліцы ў Сант’яга-дэ-Чылі і яшчэ ў 9 гарадах Чылі, у Вільнюсе, Навагрудку, горны хрыбет у Андах, бібліятэка ў Буэнас-Айрэсе, шэраг навучальных і навуковых устаноў у Чылі, музей і абеліск у в. Крупава Лідскага раёна. У Мядзведкаўскай школе адкрыты музей, а ў вёсцы Мядзведка ўстаноўлены бюст і памятны камень, помнік усталяваны і ў Сант’яга.

1845 год. Нарадзіўся Мікалай Нікіфароўскі (1845-1910).

Беларускі этнограф, фалькларыст, краязнавец.

Большую частку жыцця працаваў у навучальных установах Віцебска.

Пакінуў багатую спадчыну па этнаграфічнаму вывучэнню Віцебшчыны, асабліва плённую пасля знаёмства з ураджэнцам Магілёва П. Шэйнам (1826-1900).

Член Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім універсітэце, геаграфічнага таварыства, рэдактар часопіса «Этнографическое обозрение». Аўтар каля 20 даследаванняў, датычных матэрыяльнай і духоўнай культуры, вуснапаэтычнай творчасці беларусаў.

У Віцебску ў гонар вучонага ўсталявана мемарыяльная шыльда.

М. Нікіфароўскі сядзіць крайні справа.

1934 год. Савецкія карнікі расстралялі Алеся Салагуба (1906-1934).

Беларускі паэт, публіцыст. Вязень Лукішак.

Скончыў Віленскую беларускую гімназію. У 1928 годзе нелегальна перайшоў у БССР, дзе скончыў БДУ (1931).

У жніўнІ 1933 года арыштаваны НКУС. Расстраляны ў 27-гадовым узросце.

Аўтар вершаў, зборніка вершаў «Лукішкі».

У 1961 годзе ў часопісе «Полымя» апублікаваны яго «Лукішскі дзёньнік».

1934 год. У засценках НКУС загінуў Міхал Кахановіч (1882-1934).

Беларускі палітычны дзеяч, педагог, рэдактар, публіцыст.

Жыў у Магілёве ў 1915-1918 гадах, працаваў выкладчыкам у рэальным вучылішчы, член Беларускага нацыянальнага камітэта, старшыня Магілёўскага беларускага камітэта, рэдактар газеты “Могилевский вестник” (1917).

Грамадскі дзеяч на Віленшчыне, дырэктар Віленскай беларускай гімназіі (1919-1922). Як пасол сейму Польскай Рэспублікі адстойваў нацыянальныя і сацыяльныя правы беларускага народа.

Аўтар успамінаў пра І. Луцкевіча.

Арыштаваны НКУС у 1933 годзе.

Праўнукі і прапраўнукі М. Кахановіча жывуць у Магілёве.

1950 год. У Баранавічах нарадзілася Валерыя Навадворская (1950-2014).

Расійскі палітычны дзеяч, дысідэнт, журналіст, заснавальнік і старшыня ультра-ліберальнай партыі “Дэмакратычны саюз”.

Будучы яшчэ маладой дзяўчынай, Навадворская даведалася пра існаванне ГУЛАГа, працэс Сіняўскага і Даніэля і ўвод войскаў Варшаўскай дамовы ў Чэхаславакію, што развіло ў ёй непрыманне савецкай улады.

5 снежня 1969 года на святочным вечары, прысвечаным Дню Канстытуцыі СССР у Крамлёўскім палацы з’ездаў, перад прэм’ерай оперы Вано Мурадэлі «Кастрычнік» Навадворская раскідала рукапісныя ўлёткі з антысавецкім вершам уласнага сачынення. З гэтага моманту пачаўся яе шлях барацьбіта за дэмакратычныя каштоўнасці і шматгадовы пераслед з боку КДБ.

Навадворская ў маладосці.

1952 год. Нарадзіўся Анатоль Красоўскі (1952-1999).

Беларускі педагог, выдавец, прадпрымальнік, кандыдат філасофскіх навук.

Скончыў БДУ. Аўтар дзясяткаў навуковых прац і шэрагу навучальных дапаможнікаў, распрацоўшчык школьнага курсу «Этика и психология семейной жизни».

Займаўся дабрачыннасцю, аказваў фінансавую падтрымку шэрагу грамадскіх арганізацый Беларусі.

Вядомы як сябр палітыка В. Ганчара, аднаго з лідараў беларускай апазіцыі ў канцы 1990-х. 16 верасня 1999 г. разам з Ганчаром быў выкрадзены пры нявысветленых абставінах.

В. Ганчар і А. Красоўскі.

1970 год. У Мінску нарадзілася Анжаліка Агурбаш (Ялінская).

Спявачка, актрыса, мадэль, прадстаўніца Беларусі на “Еўрабачанні-2005”.

Удзельніца групы «Верасы» (1990-1995). Заслужаная артыстка Беларусі.

У 1988 годзе выйграла першы ў Беларусі конкурс прыгажосці «Мінская прыгажуня».

Лаўрэат конкурсаў “Славянскі базар”, “Залаты шлягер”, “На скрыжаваннях Еўропы”, фіналістка расійскай “Песні года” 2010 і 2011 гадоў.

1999 год. Накіраваўся ў Другое адзіночнае кругасветнае марское падарожжа Яўген Гвоздзеў (1934–2008).

Ураджэнец Пінска, беларусі Кругасветны падарожнік, мораплавацель ў адзіночку на яхтах у 1992, 1999–2003, 2008 гадах.

Другая кругасветкаа цягнулася з 17 мая 1999 па 9 жніўня 2003 года на самаробнай яхце са шкловалакна даўжынёй 3,7 м.

Загінуў 2 снежня 2008 года ў Неапалітанскім заліве пад час падарожжа.

У яго гонар названа вуліца ў расійскай Махачкале, у гістарычным парку “Расія – мая гісторыя” Махачкалы прысвечана экспазіцыя.

1999 год. Памёр Міхаіл Біч (1937-1999).

Беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук, прафесар.

Скончыў БДУ. Працаваў настаўнікам у  школах Пастаўскага і Мастоўскага раёнаў, у Інстытуце гісторыі НАНБ

Даследчык гісторыі рабочага, народніцкага рухаў, перыядычнага друку Беларусі і праблем нацыянальнага Адраджэння. Пад яго кіраўніцтвам абаранілі кандыдацкія дысертацыі 6 даследчыкаў.

Аўтар каля 300 навуковых прац, у тым ліку 2 манаграфій, раздзелаў у 7 калектыўных кнігах, 4 вучэбных дапаможнікаў.

2000 год. Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут пераўтвораны ў дзяржаўны тэхнічны (з 2003 года — Беларуска-Расійскі) ўніверсітэт.

Рэгіянальны навукова-адукацыйны цэнтр. Адкрыты 1 верасня 1961 года.

У 2014 годзе агенцтва “Эксперт РА” прысвоіла ВНУ рэйтынгавы клас “D” які азначае “прымальны ўзровень” падрыхтоўкі выпускнікоў.

Мае 8 корпусаў, 8 факультэтаў, 6 000 студэнтаў на 22 спецыяльнасцях па беларускіх адукацыйных стандартах і 10 спецыяльнасцях па расійскіх адукацыйных стандартах.

У рамках універсітэта развіваецца сістэма бесперапыннага адукацыйнага працэсу: ліцэй – архітэктурна-будаўнічы каледж – універсітэт – інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў.

Дзень у гісторыі. 13 мая. Раненне Папы Рымскага. Нарадзіліся С. Жукоўскі, Я. Серада, С. Станюта, А. Рыбак

Успамін Найсвяцейшай Марыі Панны з Фацімы (каталіцкі каляндар).

“Вам давядзецца шмат пакутаваць, але Божая ласка заўсёды будзе вашым суцяшэннем” – такія былі словы Маці Божай, якая 13 мая 1917 года аб’явілася тром дзецям-пастушкам: Люцыі, Францішку і Жасінце ў партугальскім мястэчку Фаціма. Яна прыходзіла да дзяцей да 13 кастрычніка.

Маці Божая, раскрыўшы далоні, паслала дзецям такое моцнае святло, што яно пранікла ў іх і ў самую глыбіню душаў. Праз момант Найсвяцейшая Панна дадала: «Маліцеся на ружанцы кожны дзень, каб выпрасіць спакой для свету і канец вайны». Праз імгненне яна пачала плаўна ўздымацца ў кірунку ўсходу, пакуль нарэшце не знікла ў бязмежнай далечыні.

1622 год. Памёр Іван Мялешка (?-1622).

Дзяржаўны і вайсковы дзеяч ВКЛ. У 1613 годзе ініцыяваў стварэнне ўніяцкага Жыровіцкага манастыра на чале з І. Кунцэвічам, перадаў манастыру сваю частку Жыровічаў.

Стольнік Гродзенскі, мазырскі падкаморы, маршалак слонімскі, кашталян мсціслаўскі, брэсцкі, смаленскі, член Рады ВКЛ.

Хто Аўтар «Прамовы Івана Мялешкі, кашталяна смаленскага, на Варшаўскім сойме ў прысутнасці караля Жыгімонта III Вазы ў 1589 годзе», якая ўяўляе сабой вобраз сацыяльна-палітычнай сатыры, высмейвае норавы польскай шляхты.

Аўтар абураецца вынікамі Люблінскай уніі і адстойвае інтарэсы жыхароў ВКЛ, якія пакутуюць ад польскага прыгнёту. Сур’ёзную пагрозу дзяржаўнапалітычнай незалежнасці Беларусі, яе свабоднаму нацыянальна-культурнаму развіццю сатырык бачыў не толькі з боку польскай экспансіі, але i з боку Масковіі.

Выйсце з такіх складаных для Айчыны абставін аўтар «Прамовы…» бачыў у як мага больш хуткім выгнанні ўсіх чужынцаў, што «да нас улезлі насуперак праву нашаму». Па сваёй аб’ектыўнай накіраванасці «Прамова…» – глыбока патрыятычны літаратурны твор, этапная з’ява ў развіцці беларускай літаратуры, узбагачэнні яе сацыяльнага i духоўна-маральнага зместу.

У XVIІ стагоддзі «Прамова…» бытавала ў шырокіх колах грамадства, неаднаразова перараблялася i дапаўнялася. Існавала мноства разнастайных яе спісаў i рэдакцый, але да нашага часу дайшлі толькі тры рэдакцыі. Упершыню яна надрукаваная Ю. Нямцэвічам у 1822 годзе

1624 год. Нарадзіўся Аляксандр Сапега (1624-1671).

Рымска-каталіцкі і дзяржаўны дзеяч ВКЛ, каралеўскі сакратар, канонік віленскі і варшаўскі, рэферэндарый вялікі духоўны літоўскі, камандзір драгунскай харугвы (1666), біскуп жмудскі і віленскі.

У 1671 годзе перанёс Абраз Маці Божай Вастрабрамскай у новую капліцу, дзе ён знаходзіцца і зараз.

Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Любліне, Віленскай езуіцкай акадэміі, калегіуме Барталамея Навадворскага ў Кракаве, у Кракаўскім універсітэце, у духоўных установах Падуі, Балоньі, Рыма і Парыжа.

Памёр 22 мая 1671 года. Пахаваны ў кафедральным касцёле Святога Станіслава ў Вільні.

1870 год. Нарадзіўся Аляксандр Турчыновіч (1870-1917)

Беларускі гісторык, краязнавец, педагог.

Скончыў Гродзенскую гімназію, Пецярбургскі гісторыка-філалагічны інстытут.

Працаваў у Магілёўскай, Віленскай, Гродзенскай, Пецярбургскай гімназіях.

Адзін з ініцыятараў правядзення вучнёўскіх адукацыйных экскурсій па Расіі. Разам з гімназістамі з Магілёва, Вільні і Гродна ўдзельнічаў у такога кшталту экскурсіях у Маскву, Пецярбург, Кіеў, затым былі Крым, Каўказ, Прыбалтыка, падарожжы па Дняпры, Волзе і Каспійскім моры.

Падарожнік па еўрапейскіх краінах.

Аўтар дапаможнікаў і даведніка для настаўнікаў па экскурсійнай справе, кніг «Пра лёс помнікаў класічнай літаратуры», «Паладыум: галоўныя звесткі з рымскіх старажытнасцей, літаратуры і метрыкі», падручніка “Кароткая, але поўная граматыка лацінскай мовы для гімназій”, нарыса “Стагоддзе Гродзенскай губерні (1802–1902)”.

Пасля 1917 года далейшы лёс невядомы.

Гродзенская мужчынская гімназія.

1875 год. Нарадзіўся Станіслаў Жукоўскі (1875-1944).

Польскі і расійскі жывапісец, пейзажыст беларускага паходжання, адзін з найвыдатнейшых прадстаўнікоў свайго жанру канца XIX – першай трэці XX стагоддзя, аўтар 670 шэдэўраў мастацтва. Акадэмік жывапісу Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў.

Дзяцінства прайшло Пружанамі.

Вучыўся ў Варшаве, Беластоку, у Маскоўскім мастацкім вучылішчы (аднакласнік В. Бялыніцкага-Бірулі). Удзельнік Таварыства перасоўнікаў, Саюза рускіх мастакоў.

Кастрычніцкую рэвалюцыю не прыняў. Як упаўнаважаны па справах аховы помнікаў мастацтва пры савецкім урадзе ўратаваў некалькі сядзіб ад знішчэння.

Пасля таго, як пачалося адкрытае цкаванне мастака, ён выехаў у 1923 годзе ў Польшчу, дзе крытыкі станоўча адзначылі прызнанага майстра пейзажнага жывапісу, яго таленавітае і тэмпераментнае майстэрства.

Штогод выяжджаў на пленэры на Гродзеншчыну, дзе маляваў у сваіх улюбёных жанрах пейзажу і інтэр’еру. Часта падчас гэтых вандровак малюе свае родныя мясціны: Палессе, Свіслацкую пушчу, Панямонне, Падароск, Рось, Гарнастаевічы.

Падчас Другой сусветнай вайны падтрымліваў сувязі з варшаўскім падполлем. Быў арыштаваны нацыстамі як удзельнік Варшаўскага паўстання. Загінуў у гітлераўскім канцлагеры Прушкаў каля Варшавы.

Яго палотны захоўваюцца ў музеях і прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы, Расіі, Украіны і іншых краін.

С. Жукоўскі. Рака Нёман. Палатно, алей, 1895

1879 год. Нарадзіўся Янка Серада (1879-1943).

Беларусі педагог, дзеяч нацыянальнага руху, першы старшыня прэзідыума Рады БНР, трэці старшыня Народнага Сакратарыята Беларусі.

Скончыў Варшаўскі ветэрынарны інстытут. Удзельнік руска-японскай, Першай сусветнай войн,

Сябра Беларускай сацыялістычнай грамады. Старшыня Усебеларускага з’езда (1917), удзельнік мірных перамоваў у Брэст-Літоўску.

Працаваў ветэрынарам у Мінскай губерні, выкладаў у Мар’іна-Горскім сельскагаспадарчым вучылішчы, быў навуковым супрацоўнікам і загадчыкам бібліятэкі Інбелкульта, выкладчыкам Мінскага беларускага педтэхнікума, арганізатарам і дырэктарам Мінскага ветэрынарнага-заатэхнічнага тэхнікума, дацэнтам Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках.

У 1930 годзе арыштаваны ДПУ, сасланы ў Яраслаўль. У снежні 1941 года паўторна асуджаны на 10 гадоў зняволення. Датэрмінова вызвалены ў лістападзе 1943 года. Далейшы лёс невядомы.

1894 год. Нарадзіўся Іван Ермачэнка (1894-1970).

Беларускі палітычны дзеяч, публіцыст, лекар, ад’ютант генерала П. Урангеля, прадстаўнік ураду БНР у Канстантынопалі, консул на Балканах, сузаснавальнік Злучанага беларуска-амерыканскага дапамогавага камітэту.

З 1922 года жыў у Празе, скончыў медыцынскі факультэт Карлава ўніверсітэта, браў удзел у беларускім студэнцкім руху і ў працы беларускай эміграцыі ў Чэхіі.

У 1940 годзе заснаваў беларускае выдавецтва ў Празе, якое дзейнічала ў ягоным доме. Прыхільнік беларуска-нямецкага супрацоўніцтва.

Пасля вайны жыў у ЗША. Працаваў лекарам. Адзін з заснавальнікаў Злучанага беларуска-амерыканскага дапамогавага камітэта ў Саўт-Рывэры (штат Нью-Джэрсі). Публікаваўся ў часопісе «Беларус у Амерыцы».

1895 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Паўлюкоўскі (1895-1955).

Беларускі паэт, празаік, этнограф, краязнавец, мастак.

У Першую сусветную вайну служыў у расійскім войску, прапаршчык. Падчас службы рабіў фатаграфіі баёў з ворагам, салдат і афіцэраў свайго падраздзялення, пацярпелых, параненых, ахвяр вайны. З атрыманых здымкаў склаў фотаальбом «Памяткі вайны 1914-1917».

Удзельнік грамадзянскай вайны ў Расіі на баку чырвоных. Сябра Беларускай сялянска-работніцкай грамады. За актыўную грамадска–палітычную дзейнасць супраць польскай дзяржавы быў арыштаваны і зняволены ў Лукішках, у канцлагеры Бяроза-Картузскі, адкуль вызваліўся ў верасні 1939 года.

Быў загадчыкам бібліятэкі і сакратаром Віленскага беларускага гісторыка–этнаграфічнага музея імя І. Луцкевіча, дырэктарам Літаратурнага музея А. Пушкіна.

У 1948 годзе арыштаваны КДБ, асуджаны да 10 гадоў лагераў.

Памёр у 1955 годзе, пахаваны на віленскіх могілках Роса.

Аўтар вершаў, артыкулаў, замалёвак, апавяданняў, трох кніг вершаў. Перакладчык Л. Талстога, М. Зошчанкі.

Ілюстратар віленскіх беларускіх календароў-гадавікоў, падручнікаў, фотаальбомаў, буклетаў, дапаможнікаў па мастацтве, разьбе па дрэве.

1905 год. Нарадзілася Стэфанія Станюта (1905-2000).

Беларуская актрыса, легенда сцэны купалаўскага тэатра, Народная артыстка Беларусі і СССР. Лаўрэат многіх прэмій, уладальніца прызоў Міжнародных фестываляў, Акадэмік Міжнароднай акадэміі тэатра.

Сыграла некалькі дзясяткаў ролей у тэатральных пастаноўках па творах Я. Купалы, З. Бядулі, К. Губарэвіча, У. Шэкспіра, Р. Шэрыдана, К. Крапівы, І. Мележа, А. Макаёнка і іншых.

Здымалася ў многіх кінафільмах, у тым ліку «Родная справа», «Памяць зямлі», «Белыя Росы», «Слухаю, чую», «Мама, я жывы», тэлефільмах «Мы – хлопцы жывучыя», «Нас выбраў час», «Пра Чырвоную Шапачку», «Атланты і карыятыды», тэлеспектаклях «Людзі на балоце», «Ткачы» і іншых.

У яе гонар названа вуліца ў Мінску.

1921 год. Савет народных камісараў РСФСР прыняў дэкрэт аб стварэнні сеткі дамоў адпачынку.

Першымі ў Беларусі запрацавалі дамы адпачынку “Ждановічы”, “Чонкі” (1922), “Мінскі” (1923). З 1930 года запрацаваў Дом адпачынку завода штучнага валакна ў Салтанаўцы.

Ждановічы. 1920-я гады.

1933 год. Нарадзіўся Аляксандр Кішчанка (1933-1997).

Народны мастак Беларусі. Аўтар слыннага “Габелену стагоддзя”, на якім выяўленыя самыя значныя постаці свету і Беларусі – занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса, мае памеры 14х19 м, вагой – каля 300 кг.

Скончыў Львоўскі інстытут прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва.

Працаваў ва ўсіх жанрах станковага жывапісу, манументальна-дэкаратыўным мастацтве, габелене.Выкладаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Найбольш вядомыя працы: мазаіка «Беларусь партызанская» на мінскім гатэлі «Турыст», серыя пано на будынках у мікрараёне Усход-1, шэраг габеленаў.

Памёр 11 лістапада 1997 года ў Мінску.

1981 год. У Рыме турэцкі тэрарыст Агджа некалькі разоў стрэліў у Папу рымскага Яна Паўла ІІ.

Натоўп вернікаў сабраўся ў гэты дзень на плошчы Святога Пятра, каб вітаць вярхоўнага іерарха. Ян Павел ІІ ехаў у адкрытым аўтамабілі, які павольна прабіраўся праз натоўп вернікаў. Раптам пачуліся стрэлы, і святы айцец, сьцякаючы крывёй, упаў на рукі свайго сакратара.

23-гадовага тэрарыста-турка Мехмеда Алі Агджу, члена падпольнай тэрарыстычнай арганізацыі “Шэрыя ваўкі” схапілі на месцы злачынства, а паранены Ян Павел быў тэрмінова дастаўлены ў шпіталь, дзе яму прыйшлося перанесці нялёгкую чатырохгадзінную аперацыю.

Лекары абвясцілі, што жыццю папы нічога не пагражае: хоць стрэлы былі зроблены амаль ва ўпор, ні адна з куль па шчаслівай выпадковасці не закранула жыццёва важных органаў.

1986 год. У Мінску нарадзіўся Аляксандр Рыбак.

Нарвежскі скрыпач, спявак, кампазітар, канцэртмайстар. Адзіны з беларусаў пераможца “Еўрабачання” (2009).

Вучыўся ў школе пры Беларускай акадэміі музыкі, кансерваторыі ў Осла.  Яго бабулі і дзядулі жывуць у Мінску і Віцебску.

Выконвае музыку свайго бацькі на вершы Максіма Багдановіча. Лічыць, што родная культура паўплывала на яго музычны густ. У 2011 годзе запісаў для праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» беларускую версію свайго хіта «Europe’s Skies», у беларускай інтэрпрэтацыі яна атрымала назву «Небасхіл Еўропы».

1996 год. Пачала выдавацца газета “Педагог” Магілёўскага педінстытута імя А. Куляшова.

З верасня 1997 года – “Універсітэцкі веснік” МДУ імя А. Куляшова. Рэдактары газеты: Л. Шышакова (1996-2018), В. Караткевіч (2018-2019), С. Сомаў (2019-2023).

Дзень у гісторыі. 18 красавіка. Дзень помнікаў. Аблога Мсціслава. Стварэнне БДУ

Сусветны дзень радыёаматара (World radio amateur day).

Устаноўлены ў гонар заснавання 18 красавіка 1925 года ў Парыжы Міжнароднага саюза радыёаматараў. Менавіта ў гэты дзень, у сталіцы Францыі энтузіястамі радыёсправы быў створаны «Міжнародны радыёаматарскі саюз», закліканы аб’яднаць усіх людзей, якія займаюцца радыёаматарскай сувяззю, якая ў той час лічылася чымсьці фантастычным.

Свята таксама з’яўляецца нагодай падзякаваць і адзначыць працу радыёаматараў падчас стыхійных бедстваў – яны падтрымліваюць сувязь, калі іншыя «прафесійныя» сістэмы выходзяць з ладу.

дзень радыёаматара

Міжнародны дзень помнікаў і памятных мясцін (International Day of Monuments and Places, з 1984 года).

Гэты дзень устаноўлены ў 1983 годзе Асамблеяй Міжнароднага савета па пытаннях аховы помнікаў і славутых мясцін, створанай пры ЮНЕСКА.

Свята – нагода яшчэ раз прыцягнуць увагу шырокай грамадскасці і прадстаўнікоў улады да пытанняў абароны і захавання розных мясцовых помнікаў і гістарычных мясцін і аб’ектаў сусветнай культурнай спадчыны.

На Беларусі ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА уваходзяць Нацыянальны парк “Белавежская пушча” (з 1992 года), замкавыя комплексы ў Міры, Нясвіжы, пункты геадэзічнай Дугі Струвэ. 

У папярэдні спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА уключаны Аўгустоўскі канал, Спаса-Праабражэнская царква і Сафійскі сабор у Полацку, Барысаглебская (Каложская) царква ў Гродне, культавыя збудаванні абароннага тыпу, драўляныя цэрквы Палесся.

Архітэктурны ансамбль праспекта Незалежнасці ў Мінску прэтэндуе на статус аб’екта Спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў складзе транснацыянальнай намінацыі з папярэдняй назвай “Сацыялістычная пасляваенная архітэктура ў краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы”.

У спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў Беларусі ўваходзяць: абрады “Калядныя цары”, “Юр’еўскі карагод”, Будслаўскі фэст, культура бортніцтва Беларусі і Польшчы, саломапляценне Беларусі і выцінанка.

Помнікі

1386 год. Вялікі князь смаленскі Святаслаў ўзяў у аблогу горад Мсціслаў.

Святаслаў лічыў Мсціслаў сваёй вотчынай на той падставе, што горад быў заснаваны ў 1135 годзе смаленскім князем Расціславам Мсціслававічам. У 1180 годзе смаленскі князь Раман Расціслававіч адпісаў паселішча ў валоданне свайму сыну Мсціславу, які пераўтварыў яго ў сталіцу ўдзельнага княства.

Ва ўмовах унутрыпалітычнай барацьбы ў ВКЛ вялікі князь смаленскі Святаслаў Іванавіч падтрымаў полацкага князя Андрэя Альгердавіча, спадзяючыся вярнуць страчаны раней Мсціслаў, аблажыў горад, аднак узяць яго не здолеў.

29 красавіка падышло вялікалітоўскае войска на чале з Свідрыгайлам, Карыбутам, Лугвенам і Вітаўтам. Бітва адбылася на рацэ Віхры, вялікалітоўскае войска перамагло, Святаслаў Іванавіч загінуў у бітве.

горад Мсціслаў

1510 год(?). Нарадзіўся Іван Фёдараў (Федаровіч, 1510–1583).

Усходнееўрапейскі друкар, пачынальнік друкарскай справы ва Украіне і ў Маскоўскай дзяржаве.

Месца яго нараджэння невядома, але, зыходзячы з геральдычнай трактоўкі друкарскага знака Фёдарава, некаторыя навукоўцы лічаць, што ён паходзіць з дробнай заходнебеларускай ці палеска-падляшскай шляхты, падпісваўся радавым гербам Рагозаў «Шранява».

Вучыўся ў Кракаўскім універсітэце.

Працаваў друкаром ў Маскве. У 1564 годзе разам з Пятром Мсціслаўцам выдаў у Маскве першую дакладна датаваную расійскую друкаваную кнігу «Апостал», у 1565 – 2 выданні «Часоўніка».

У 1566 годзе з-за ганенняў Фёдараў і Мсціславец пакінулі Маскву і накіраваліся ў Беларусь. Заснавалі друкарню ў Заблудаве каля Беластока, надрукавалі «Евангелле вучыцельнае».

У канцы 1572 – пачатку 1573 года пераехаў у Львоў і заснаваў там першую ва Украіне друкарню, дзе ў 1574 выдаў першую ўкраінскую дакладна датаваную друкаваную кнігу «Апостал», потым надрукаваў у Львове «Азбуку».

Фёдараў у Астрожскай друкарні, у 1578 годзе надрукаваў новае выданне «Азбукі» з дапаўненнямі, пазней – Псалтыр і Новы Запавет, «Храналогію» Андрэя Рымшы – першы беларускі друкаваны каляндар і першы асобна выдадзены твор беларускай паэзіі, «Астрожскую Біблію».

Памёр 16 снежня 1583 года ў Львове.

Іван Фёдараў

1518 год. Вялікі князь і кароль польскі Жыгімонт Стары ажаніўся з Бонай Сфорцай.

Жыгімонт Стары (1467–1548), сын Казіміра Ягелончыка, унук Ягайлы. Бона Сфорца (1494–1557) – міланская прынцэса, вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта.

Бона Сфорца адыгрывала пры сваім мужы значную ролю ў палітычным жыцці дзяржавы, намагалася забяспечыць стальцы Польшчы і ВКЛ сыну Жыгімонту Аўгусту.

Разам займаліся мецэнацтвам, мелі значную бібліятэку, запрашалі да свайго двара вядомых скульптараў, архітэктараў, жывапісцаў, падтрымалі першадрукара Ф. Скарыну. Імкнулася ўзмацніць палітычную ўладу і эканамічную моц манархіі, абараняла дзяржаўныя землі ад незаконнага прысваення феадаламі.

Бона Сфорца правяла эканамічную рэформу – Валочная памера (1557) на прынцыпах інтэнсіўнага вядзення гаспадаркі, з выкарыстаннем меліярацыі, палепшанага севазварота, з унармаваным падаткаабкладаннем.

Паспрыяла пашырэнню найноўшых заходнееўрапейскіх кулінарных, культурных, тэхнічных дасягненняў, спажывецкіх прыхільнасцяў эпохі Рэнесансу ў Польшчы і ВКЛ. З яе дзейнасцю звязваюць з’яўленне або пашырэнне ў меню арыстакратыі экзатычнай усходняй садавіны – апельсінаў, лімонаў, гранатаў, фігаў, прыпраў – шафрану, фенхелю, імбіру, цынамону, цукру, а таксама аліўкаў,  разынак, мігдалаў, марцыпанаў, рысу і іншых. 

Найбольш яскравым новаўвядзеннем эпохі Боны лічыцца салата і іншая агародніна, а таксама ўвядзенне ў карыстанне відэльцаў.

Імем Боны Сфорцы была названа цэнтральная плошча мястэчка Моталь (зараз – плошча Леніна).

Жыгімонт Стары ажаніўся з Бонай Сфорцай

1563 год. Іван Фёдараў (1510–1583) і Пётр Мсціславец (?-1577) скончылі падрыхтоўку да друкавання ў Маскве першай кнігі «Апостал».

Кніга друкавалася з 19 красавіка 1563 да 1 сакавіка 1564 года. Гэта першая дакладна датаваная руская друкаваная кніга. Захаваўся 61 асобнік. Рыхтуючы яе да выдання, першадрукары правялі вялікую тэксталагічную і рэдактарскую работу, аб чым сведчыць Сымон Будны ў прадмове да Новага Запавету (Лоск, 1574).

48 заставак гэтай кнігі, надрукаваных з 20 дошак, 22 буквіцы і іншыя друкарскія аздабленні вызначаюцца высокім мастацкім майстэрствам.

Фёдараў (Федаровіч) і Мсціславец стварылі старадрукарскі стыль, які потым атрымаў вялікае пашырэнне ў мастацкім аздабленні друкаваных і рукапісных кніг. Шрыфт «Апостала» Фёдараў выкарыстоўваў і ў іншых сваіх выданнях.

Фёдараў «Апостал»

1814 год. Нарадзіўся Яўстафій Тышкевіч (1814–1873).

Беларускі археолаг, гісторык, этнограф і краязнавец, граф.

Служыў у розных установах, у тым ліку ў канцылярыях віленскага генерал-губернатара, Чарнігаўскага, Палтаўскага і Харкаўскага генерал-губернатара, быў Барысаўскім павятовым маршалкам, ганаровым папячыцелем мінскай губернскай гімназіі.

На беларускіх землях вывучаў курганы, гарадзішчы і замчышчы. З’яўляўся членам Дацкага каралеўскага таварыства аматараў старажытнасцей, Стакгольмскай каралеўскай акадэміі выяўленчага мастацтва, гісторыі і старажытнасцей.

Заснаваў Віленскую археалагічную камісію і Віленскі музей старажытнасцей.

Аўтар прац археалагічнага і краязнаўчага характару.

Памёр 25 жніўня 1873 года ў Вільні.

У 2022 годзе пастаўлены помнік каля Акадэміі Навук у Мінску (фота).

Яўстафій Тышкевіч

1838 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Дыбоўскі.

Беларускі, расійскі, польскі заолаг, батанік, палеантолаг, мінеролаг і фалькларыст. Доктар мінералагічных навук. Брат Бенедыкта Дыбоўскага.

Скончыў Дэрпцкі ўніверсітэт.

За ўдзел у паўстанні 1863–1864 гадоў прыгавораны да турэмнага зняволення.

Працаваў у Дэрпцкім універсітэце. Даследаваў выкапнёвыя рэшткі Усходняй Прыбалтыкі, Сібіры, флору i фаўну Навагрудчыны i іншых частак Расійскай імперыі.

Збіраў беларускі фальклор. Апублікаваў «Беларускія прыказкі з Навагрудскага павета» (768 тэкстаў), «Беларускія загадкі з Мінскай губерні» (112 тэкстаў).

Памёр 27 ліпеня 1910 года.

Уладзіслаў Дыбоўскі

1850 год. Памерла Ганна Цюндзявіцкая (Прушынская, 1803–1850).

Аўтарка папулярных гаспадарчых дапаможнікаў, папулярнай кулінарнай кнігі «Літоўская гаспадыня» (1848).

Збірала народныя кулінарныя і лекавыя рэцэпты, правярала іх на практыцы.

Некаторыя даследчыкі лічылі аўтарам «Літоўскай гаспадыні» В. Завадскую. Аўтарства Г. Цюндзявіцкай атрыбутавана прафесарам А. Мальдзісам.

Таксама Цюндзявіцкая падрыхтавала да друку дапаможнік “Гаспадарчы штогоднік”, які выйшаў ужо пасля яе смерці. Пакінула рукапіс працы пра сялянскія лекавыя рэцэпты.

Ганна Цюндзявіцкая

1921 год. Пастанова Прэзідыума ЦВК ССРБ аб адкрыцці ў Мінску Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 

Першыя рэальныя крокі да яго стварэння зрабіў Народны сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі ў сакавіку 1918 года. Працу над праектам універсітэта ўзначальвалі М. Доўнар-Запольскі, Я. Карскі. Намаганнямі Беларускага нацыянальнага камісарыята ў Маскве і Беларускага культурна-асветнага таварыства ў Коўне былі створаны правобразы класічнага ўніверсітэта – Беларускі народны ўніверсітэт.

11 ліпеня 1921 года ў гарадскім тэатры абнародаваны тэкст Дэкрэта аб адкрыцці БДУ. Афіцыйна адкрыўся 30 кастрычніка 1921 года.  

Першым рэктарам стаў гісторык Уладзімір Пічэта.

1 лістапада 1921г. на трох факультэтах – рабочым, медыцынскім і грамадскіх навук – пачаліся заняткі для 1390 студэнтаў. Працавалі 14 прафесараў, 59 выкладчыкаў і 10 асістэнтаў.

Зараз у БДУ 26 факультэтаў, інстытутаў, 191 кафедра, 16 корпусаў, 8000 супрацоўнікаў,  25 500 студэнтаў.

Беларускі народны ўніверсітэт

1956 год. У в. Свенск Слаўгарадскага раёна нарадзіўся Віктар Несцяроўскі.

Украінскі географ, геолаг, доктар геалагічных навук, прафесар, дырэктар Геалагічнага музея Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта.

Скончыў Кіеўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Т. Шаўчэнкі. Працаваў у Інстытуце геалагічных навук НАН Украіны, у Кіеўскім ўніверсітэце імя Т. Шаўчэнкі.

Аўтар больш за 200 навуковых прац. Першаадкрывальнік Уладзімірэцкай бурштынавай зоны ў Ровенскай вобласці. Кіраўнік універсітэцкага аддзялення Мінералагічнага таварыства Украіны. Падрыхтаваў 5 кандыдатаў навук.

Віктар Несцяроўскі

1959 год. Нарадзіўся Валерый Магучы.

Беларускі скульптар.

Скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў.

Удзельнік выставак у Мінску, Санкт-Пецярбургу, Германіі.

Працаваў у Віцебску. З 2018 года жыве ў г. Віфлеем, штат Нью-Гэмпшыр, ЗША.

Працуе ў манументальнай і станкавай скульптуры. Аўтар помнікаў паэтэсе Е. Лось, М. Шагалу, І. Салерцінскаму, герба  Віцебска, дыптыха скульптур «Асклепій» і «Гіпакрат», мемарыяльных дошак З. Азгуру, В. Быкаву, шэрагу медалёў.

Валерый Магучы

2019 год. Зацверджаны герб і сцяг Магілёўскага раёна.

Магілёўскі раён

Магілёўскі раён

Загалоўнае фота: mogilev.media

Дзень у гісторыі. 15 красавіка. Дзень культуры. Магілёўская архідыяцэзія. “Міс Свету”

Дзень экалагічных ведаў (Day of environmental knowledge, з 1992 года).

Устаноўлены на Канферэнцыі ААН у Рыа-дэ-Жанейра па праблемах навакольнага асяроддзя. Асноўная мэта свята – прасоўванне экалагічных ведаў і фарміраванне экалагічнай культуры насельніцтва, інфармаванне грамадскасці аб стане спраў у галіне экалагічнай бяспекі і аб стане навакольнага асяроддзя, а таксама выхаванне і падрыхтоўка грамадзяніна, які ўмее думаць экалагічна.

Экалагічная адукацыя – прыярытэтны напрамак навучання і выхавання ў свеце. Дзейнасць па фармаванні экалагічнай культуры насельніцтва і беражлівых адносін да навакольнага прыроднага асяроддзя – гэта заклад бяспечнай будучыні для ўсяго чалавецтва.

Дзень экалагічных ведаў значны не толькі для тых, хто займаецца экалагічнай асветай і адукацыяй, але і для ўсіх жыхароў планеты, бо гаворка ідзе аб бяспечным жыцці ў будучыні ўсіх нас. Прывіццё экалагічнай культуры сёння – залог захавання здароўя будучых пакаленняў.
дзень эколага

Міжнародны дзень культуры (International Day of Culture).

Дата свята звязана з прыняццем 15 красавіка 1935 года ў Вашынгтоне Пакта Рэрыха – першага міжнароднага акта аб ахове культурных каштоўнасцей, які стаў асновай многіх дзеючых дамоўленасцей аб захаванні культурнай спадчыны.

Ідэя збору правілаў, якія рэгулявалі б ахову помнікаў гісторыі і культуры ад разбуральнага ўплыву знешніх сіл, узнікла ў мастака і філосафа Мікалая Рэрыха яшчэ ў першай палове ХХ стагоддзя. У 1929 годзе ён звярнуўся да ўрадаў і народаў розных краін з прапрацаваным праектам міжнароднай дамовы, які сцвярджаў перавагу захавання культурнай спадчыны перад ваеннай неабходнасцю. Яго падтрымалі многія вядомыя дзеячы культуры і навукі. Праект Пакта Рэрыха адобрылі Камітэт па справах музеяў пры Лізе нацый і Панамерыканскі саюз.

М. Рэрых  адлюстраваў сімвал свята ў выглядзе трох чырвоных кругоў у чырвонай акружнасці на белым фоне (на фота).

Міжнароднаму дню культуры штогод прысвечаны розныя мерапрыемствы. Ладзяцца ўрачыстыя канцэрты, выставы нацыянальных культур, канферэнцыі і лекцыі на розныя культурныя тэмы, музычныя і паэтычныя вечарыны, танцавальныя і тэатралізаваныя паказы і многае іншае.

дзень культуры
440767-1

Сусветны дзень мастацтва (World Art Day, з 2019 года).

Сусветны дзень мастацтва, закліканы садзейнічаць прасоўванню, распаўсюджванню і атрыманню задавальнення мастацтва, быў абвешчаны на 40-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў 2019 годзе.

Мастацтва стымулюе творчасць, інавацыі і культурную разнастайнасць усіх народаў свету і адыгрывае важную ролю ў абмене ведамі і заахвочванні цікаўнасці і дыялогу. Гэтыя якасці, якімі мастацтва заўсёды валодала і будзе валодаць, калі мы працягнем падтрымліваць асяроддзе, у якім артысты і свабода творчасці заахвочваюцца і абараняюцца.

Свята своечасова нагадвае нам аб тым, што мастацтва можа аб’ядноўваць і звязваць нас нават у самых складаных абставінах. Нядаўнія канфлікты і крызісы, у тым ліку пандэмія COVID-19, ясна паказалі нам, што сіла мастацтва заключаецца ў тым, каб аб’ядноўваць людзей, натхняць і вылечваць іх і дзяліцца прыгожым.

дзень мастацтва

1684 год. Нарадзілася Марта Скаўронская – расійская імператрыца Кацярына I (1864–1727).

Кіруючая імператрыца ў 1721–1727 гадах. Другая жонка Пятра I, маці імператрыцы Лізаветы Пятроўны, Ганны – герцагіні гальштэйнскай, бабка імператара Пятра III.

Прайшла шлях да стальца больш казачны, чым Папялушка. Існуюць звесткі, што Скаўронскія (Скаўрашчукі) паходзілі з Мінскага ваяводства, з-пад Мінска. Бацька Марты Самуіл (або Янка) Скаўрашчук быў прыгонным селянінам Сапегаў і ад прыгнёту ўцёк ва ўладанні шведаў.

У 1702 годзе трапіла ў палон да Б. Шарамецева, які перадаў яе А. Меншыкаву. У 1706 годзе Марта была прывезена ў Магілёў і саступлена Меншыкавым Пятру I. Выйшла замуж за цара ў лютым 1712 года.

Мела ўплыў на цара. Вакол Кацярыны гуртавалася новая знаць, у тым ліку выхадцы з Беларусі: А. Меншыкаў, П. Ягужынскі, П. Шафіраў і іншыя.

У час яе панавання расійскі ўрад пачаў выкупляць з прыгону ў паноў на Беларусі і ў Літве братоў і сясцёр Кацярыны. Яны і іх нашчадкі ў 1742 годзе ад імператрыцы Лізаветы атрымалі графскія тытулы – Скаўронскія, Гендрыкавы, Яфімоўскія.

У гонар яе названы горад Екацерынбург, Кацярынінскі палац у Царскім Сяле.

Кацярына I

1783 год. Утворана каталіцкая Магілёўская архідыяцэзія.

У 1773–1783 гадах – каталіцкая епархія (дыяцэзія) у Расійскай імперыі пасля Першага падзелу Рэчы Паспалітай.  Скасавана 13 красавіка 1991 года і ўключана ў Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію.

Архідыяцэзіі падпарадкоўваліся 1 мільён каталікоў Расіі на усход ад магілёўскага мерыдыяна, у тым ліку ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, Фінляндыі (да 1920 года).

Магілёўскія мітрапаліты, як правіла, знаходзіліся ў Санкт-Пецярбургу.

Пры СССР былі разбурылі ўсе структуры каталіцкай царквы. На падставе дэкрэту Пія XI у 1926 годзе Магілёўская архідыяцэзія была падзелена на пяць апостальскіх адміністратур: у Магілёве, Маскве, Ленінградзе, Харкаве і Казані, Самары і Сімбірску. Само існаванне архідыяцэзіі і мітраполіі да канца 1930-х стала фармальнасцю.

Пры аднаўленні і рэарганізацыі структур каталіцкай царквы на тэрыторыі СССР Папам Янам Паўлам II была ўтворана Мінска-Магілёўская архідыяцэзія і мітраполія, чыя юрысдыкцыя абмяжоўвалася толькі Беларуссю.

Фрэска
Найбольш вядомая фрэска з касцёла Св. Станіслава з панарамай горада 1765 года. Злева двухвежавы кармеліцкі касцёл да перабудовы

1847 год. Памёр Станіслаў Юндзіл (1761–1847).

Прыродазнавец, адзін з першых даследчыкаў расліннага і жывёльнага свету Беларусі, доктар філасофіі і тэалогіі, прафесар Віленскага ўніверсітэта, загадчык кафедры гісторыі прыроды.

Атрымаўшы пасвячэнне на ксяндза, настаўнічаў у піярскіх школах.

Пасля сканчэння Віленскай акадэміі, кіраваў шчучынскай школай піяраў, рэфармаваў у ёй выкладанне ў адпаведнасці з новым статутам Адукацыйнай камісіі, пачаў ствараць навуковы гербарый мясцовай флоры. Пры ім школа стала адной з лепшых піярскіх школ.

Працаваў у піярскай школе Вільні, калекцыянаваў насякомых, птушак, гербарныя ўзоры ў наваколлях Вільні, Ліды і Шчучына, складаў настаўленні-дапаможнікі са звесткамі пра лекавыя расліны Беларусі, Літвы і Польшчы і іх выкарыстання, напісаў навуковы трактат па батаніцы, бібліяграфічны нарыс, працы «Апісанне лiтоўскіх раслін паводле сістэмы Лінея», «Аб саляных радовішчах і солі ў Стоклішках».

З 1792 года працаваў, з перапынкамі, прафесарам Віленскай акадэміі. Арганізаваў батанічны сад, які ўзначальваў 27 год, стварыў кабінет гісторыі прыроды, распрацаваў метады знішчэння саранчы, напісаў кнігі «Прыкладная батаніка, ці звесткі аб уласцівасцях і ўжытку раслін у гандлі, эканоміцы, рукадзеллі, аб іх радзіме, размнажэнні і даглядзе», «Асновы батанікі», «Кароткі курс заалогіі», мемуары — каштоўную крыніцу з гісторыі Віленскага ўніверсітэта і культурнага жыцця ВКЛ.

Пад псеўданімам Ваўрынец Кастрыца выдаваў сатырычны часопіс «Бібліяфобія».

Станіслаў Юндзіл

1852 год. У Парыжы памёр Тадэвуш Тышкевіч (1774–1852).

Дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ і Расійскай імперыі.

Падчас паўстання 1794 года быў ад’ютантам Якуба Ясінскага, кіраваў атрадам у Вільні. Удзельнік абароны Прагі (прадмесце Варшавы).

За ўдзел у аўстра-французскай вайне 1809 года ўзнагароджаны ордэнам «Віртуці Мілітары».

У вайну 1812 года ваяваў на баку французаў, генерал кавалерыйскай брыгады, удзельнічаў у баях пад Мірам, Смаленскам, у Барадзінскай бітве. 

Падчас паўстання 1830–1831 гадоў узначаліў Часовы паўстанцкі ўрад Літвы, на чале паўстанцкіх войск штурмаваў Вільню.

Тадэвуш Тышкевіч

1900 год. Нарадзіўся айцец Васіль, Уладзімір Тамашчык.

Беларускі грамадскі і рэлігійны дзеяч, архіепіскап Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Актывіст беларускага руху ў Заходняй Беларусі, належаў да КПЗБ.

Пасля трох гадоў адбывання тэрміну ў польскай турме, з 1930 года жыў у Чэхаславакіі. Скончыў Пражскі політэхнічны ўніверсітэт.

Працаваў у Пражскім інстытуце заалогіі, браў удзел у грамадскім беларускім жыцці, быў сакратаром старшыні Рады БНР Васіля Захаркі.

З пачаткам Другой сусветнай вайны працаваў у беластоцкай газеце «Новая дарога», у Беларускім камітэце. Удзельнічаў у Другім Усебеларускім кангрэсе.

З 1944 года у эміграцыі ў Германіі. Быў старшынём Беларускага цэнтральнага камітэта. У 1949 прыняў манаства пад імем Васiль і стаў епіскапам Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

У 1951 годзе пераехаў у Нью-Ёрк. Стаў архіепіскапам Канадска-Амерыканскім. Браў актыўны ўдзел у беларускім грамадскім жыцці ў ЗША.

Забіты невядомымі ў сваёй кватэры ў Нью-Ёрку 9 чэрвеня 1970 года.

Уладзімір Тамашчык

1940 год. У мінскай турме памёр Павел Корчык (Язэп Лагіновіч, 1894–1940).

Настаўнічаў на Капыльшчыне, удзельнічаў у Першай cусветнай вайне, у беларускім вайсковым руху. Удзельнік З’езда беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту ў Віцебску ў снежні 1917 года.

Удзельнічаў у Слуцкім збройным чыне, быў інтэрнаваны.

З 1921 года працаваў у Вільні. Сузаснавальнік Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі, сябар Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні, Першы сакратар Кампартыі Заходняй Беларусі, рэдактар газет «Наш Сцяг», «Вольны Сцяг».

У 1924 годзе быў арыштаваны польскай дэфензівай, але з дапамогай партызанаў вызвалены, збег у БССР. З 1925 года вярнуўся ў Заходнюю Беларусь на падпольную партыйную работу. У 1928 годзе арыштаваны ў Берліне нямецкай паліцыяй і высланы ў СССР, але зноў вяртаецца ў Польшчу.

Па прыбыцці ў Мінск, арыштаваны НКУС у 1936 годзе як «агент польскай дэфензівы», асуджаны на 5 гадоў, сасланы ў лагер у Комі АССР. 15 сакавіка 1938 года прыгавораны да расстрэлу, але прысуд не выканалі і вярнулі Корчыка ў Мінск. 26 кастрычніка 1939 года ў другі раз прыгавораны да расстрэлу.

Павел Корчык

1951 год. Дзень нараджэння міжнароднага конкурсу прыгажосці “Міс Свету”.

У гэты дзень у рэкламнага агента Эрыка Морлі з Лондана ўзнікла ідэя арганізаваць конкурс, фінал якога адбыўся 29 ліпеня. Дзякуючы гэтай падзеі Лондан атрымаў славу сталіцы сусветнай прыгажосці.

За званне першай прыгажуні ў свеце ў першым конкурсе прэтэндавала 26 дзяўчат з Вялікабрытаніі, Даніі, ЗША, Нідэрландаў, Францыі і Швецыі. Яны з’явіліся на сцэне ў купальніках “бікіні”, у той час яшчэ не вядомых у Англіі, чым зрабілі фурор.

Першай пераможцай конкурсу “Міс Свету” ў 1951 годзе стала 22-гадовая шведка Керсцін (“Кікі”) Хокансан. У якасці прыза яна атрымала чэк на 1 000 фунтаў, каралі і магчымасць з’яўляцца на старонках таблоідаў.

У СССР першы конкурс прыгажосці адбыўся толькі ў 1988 годзе. Арганізацыяй агляду “Міс Масква-88” займаўся камсамол, спонсарам выступіў канцэрн “Бурда”.

Але самы першы конкурс прыгажосці адбыўся 19 верасня 1888 года ў бельгійскім горадзе Спа. Тады 21 дзяўчына з 350 кандыдатак дасягнула фіналу, дзе выключна мужчынскае журы “аглядала” іх за зачыненымі дзвярыма.

А першы конкурс “Міс Еўропа” быў праведзены ў 1929 годзе ў Парыжы.

“Міс Свету”
Першая “Міс Свету” Кікі Хокансан

1958 год.  Нарадзіўся Леанід Маракоў (1958–2016).

Пісьменнік, журналіст, гісторык, энцыклапедыст, даследчык рэпрэсій савецкіх уладаў на Беларусі.

Скончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут. Працаваў на заводзе ЭВМ, у Акадэміі навук.

У сярэдзіне 1990-х гадоў звярнуўся да пошуку інфармацыі пра расстралянага бальшавікамі дзядзьку, любімага вучня Янкі Купалы, паэта 1930-х гадоў Валера Маракова.  Даследаванне біяграфіі паэта і іншых рэпрэсаваных сваякоў ператварылася ў планамернае і прафесійнае даследаванне гісторыі ўсіх беларускіх культурных і грамадскіх дзеячаў, якія пацярпелі ў гады сталінскага кіравання.

Аўтар унікальнага энцыклапедычнага даведніка ў 10 тамах «Рэпрэсаваныя пісьменнікі, навукоўцы, работнікі адукацыі, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794–1991», у які ўвайшлі біяграфіі больш за 20 000 дзеячаў беларускай культуры, расстраляных ці загінулых у сталінскіх канцлагерах (ГУЛАГу), кніг “Знішчэнне”, “Ахвяры і карнікі”, даведніка «Рэпрэсаваныя праваслаўныя святары і царкоўныя служыцелі Беларусі. 1917–1967».

Леанід Маракоў

2010 год. Памёр Алег Елізараў (1969–2010).

Беларускі мастак-авангардыст. Апошняя яго карціна “Адзінокае неба” набыта сузаснавальнікам карпарацыі “Майкрасофт” Стывам Бламерам.

Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага ўніверсітэта.

Падчас вучобы вылучаўся добрай падрыхтоўкай, пачаў выкарыстоўваць мінімум фарбы, эксперыментаваў з дадаваннем розных матэрыялаў, прыйшоў да свайго «белага стылю».

Працаваў у полацкай Дзіцячай мастацкай школе, дзе сфарміраваўся своеасаблівы стыль аўтара, у большасці работ якога асноўным кампазіцыйным элементам з’яўлялася полацкая архітэктура, белы, святочны настрой горада. У Полацку заснаваў і згуртаванне маладых мастакоў «Белы Круг».

Пасля Полацка, працаваў у салігорскай мастацкай школе.

Быў аўтарам і ўдзельнікам шматлікіх персанальных і калектыўных выстаў.

Алег Елізараў

2015 год. Памёр Уладзімір Содаль (1937–2015).

Беларускі літаратуразнавец, краязнавец. 

Інвалід па зроку з дзяцінства. Працаваў на Беларускім тэлебачанні, рэдактарам асветніцкіх перадач «Роднае слова», «У кожнага была свая вайна». Сябар Рэспубліканскай Рады Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны, рэдкалегіі газеты «Наша слова».

Удзельнік Устаноўчых з’ездаў БНФ, ТБМ, адзін з падпісантаў творчай інтэлігенцыі ліста ў ЦК КПСС аб стане беларускай мовы ў рэспубліцы. Неаднойчы быў затрыманы або збіты за свае палітычныя погляды..Даследчык творчасці класікаў беларускай літаратуры. Занесены ў кнігу гонару «Рупліўцы твае, Беларусь».

Уладзімір Содаль