Дзень у гісторыі. 18 красавіка. Дзень помнікаў. Аблога Мсціслава. Стварэнне БДУ

Сусветны дзень радыёаматара (World radio amateur day).

Устаноўлены ў гонар заснавання 18 красавіка 1925 года ў Парыжы Міжнароднага саюза радыёаматараў. Менавіта ў гэты дзень, у сталіцы Францыі энтузіястамі радыёсправы быў створаны «Міжнародны радыёаматарскі саюз», закліканы аб’яднаць усіх людзей, якія займаюцца радыёаматарскай сувяззю, якая ў той час лічылася чымсьці фантастычным.

Свята таксама з’яўляецца нагодай падзякаваць і адзначыць працу радыёаматараў падчас стыхійных бедстваў – яны падтрымліваюць сувязь, калі іншыя «прафесійныя» сістэмы выходзяць з ладу.

дзень радыёаматара

Міжнародны дзень помнікаў і памятных мясцін (International Day of Monuments and Places, з 1984 года).

Гэты дзень устаноўлены ў 1983 годзе Асамблеяй Міжнароднага савета па пытаннях аховы помнікаў і славутых мясцін, створанай пры ЮНЕСКА.

Свята – нагода яшчэ раз прыцягнуць увагу шырокай грамадскасці і прадстаўнікоў улады да пытанняў абароны і захавання розных мясцовых помнікаў і гістарычных мясцін і аб’ектаў сусветнай культурнай спадчыны.

На Беларусі ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА уваходзяць Нацыянальны парк “Белавежская пушча” (з 1992 года), замкавыя комплексы ў Міры, Нясвіжы, пункты геадэзічнай Дугі Струвэ. 

У папярэдні спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА уключаны Аўгустоўскі канал, Спаса-Праабражэнская царква і Сафійскі сабор у Полацку, Барысаглебская (Каложская) царква ў Гродне, культавыя збудаванні абароннага тыпу, драўляныя цэрквы Палесся.

Архітэктурны ансамбль праспекта Незалежнасці ў Мінску прэтэндуе на статус аб’екта Спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў складзе транснацыянальнай намінацыі з папярэдняй назвай “Сацыялістычная пасляваенная архітэктура ў краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы”.

У спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў Беларусі ўваходзяць: абрады “Калядныя цары”, “Юр’еўскі карагод”, Будслаўскі фэст, культура бортніцтва Беларусі і Польшчы, саломапляценне Беларусі і выцінанка.

Помнікі

1386 год. Вялікі князь смаленскі Святаслаў ўзяў у аблогу горад Мсціслаў.

Святаслаў лічыў Мсціслаў сваёй вотчынай на той падставе, што горад быў заснаваны ў 1135 годзе смаленскім князем Расціславам Мсціслававічам. У 1180 годзе смаленскі князь Раман Расціслававіч адпісаў паселішча ў валоданне свайму сыну Мсціславу, які пераўтварыў яго ў сталіцу ўдзельнага княства.

Ва ўмовах унутрыпалітычнай барацьбы ў ВКЛ вялікі князь смаленскі Святаслаў Іванавіч падтрымаў полацкага князя Андрэя Альгердавіча, спадзяючыся вярнуць страчаны раней Мсціслаў, аблажыў горад, аднак узяць яго не здолеў.

29 красавіка падышло вялікалітоўскае войска на чале з Свідрыгайлам, Карыбутам, Лугвенам і Вітаўтам. Бітва адбылася на рацэ Віхры, вялікалітоўскае войска перамагло, Святаслаў Іванавіч загінуў у бітве.

горад Мсціслаў

1510 год(?). Нарадзіўся Іван Фёдараў (Федаровіч, 1510–1583).

Усходнееўрапейскі друкар, пачынальнік друкарскай справы ва Украіне і ў Маскоўскай дзяржаве.

Месца яго нараджэння невядома, але, зыходзячы з геральдычнай трактоўкі друкарскага знака Фёдарава, некаторыя навукоўцы лічаць, што ён паходзіць з дробнай заходнебеларускай ці палеска-падляшскай шляхты, падпісваўся радавым гербам Рагозаў «Шранява».

Вучыўся ў Кракаўскім універсітэце.

Працаваў друкаром ў Маскве. У 1564 годзе разам з Пятром Мсціслаўцам выдаў у Маскве першую дакладна датаваную расійскую друкаваную кнігу «Апостал», у 1565 – 2 выданні «Часоўніка».

У 1566 годзе з-за ганенняў Фёдараў і Мсціславец пакінулі Маскву і накіраваліся ў Беларусь. Заснавалі друкарню ў Заблудаве каля Беластока, надрукавалі «Евангелле вучыцельнае».

У канцы 1572 – пачатку 1573 года пераехаў у Львоў і заснаваў там першую ва Украіне друкарню, дзе ў 1574 выдаў першую ўкраінскую дакладна датаваную друкаваную кнігу «Апостал», потым надрукаваў у Львове «Азбуку».

Фёдараў у Астрожскай друкарні, у 1578 годзе надрукаваў новае выданне «Азбукі» з дапаўненнямі, пазней – Псалтыр і Новы Запавет, «Храналогію» Андрэя Рымшы – першы беларускі друкаваны каляндар і першы асобна выдадзены твор беларускай паэзіі, «Астрожскую Біблію».

Памёр 16 снежня 1583 года ў Львове.

Іван Фёдараў

1518 год. Вялікі князь і кароль польскі Жыгімонт Стары ажаніўся з Бонай Сфорцай.

Жыгімонт Стары (1467–1548), сын Казіміра Ягелончыка, унук Ягайлы. Бона Сфорца (1494–1557) – міланская прынцэса, вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта.

Бона Сфорца адыгрывала пры сваім мужы значную ролю ў палітычным жыцці дзяржавы, намагалася забяспечыць стальцы Польшчы і ВКЛ сыну Жыгімонту Аўгусту.

Разам займаліся мецэнацтвам, мелі значную бібліятэку, запрашалі да свайго двара вядомых скульптараў, архітэктараў, жывапісцаў, падтрымалі першадрукара Ф. Скарыну. Імкнулася ўзмацніць палітычную ўладу і эканамічную моц манархіі, абараняла дзяржаўныя землі ад незаконнага прысваення феадаламі.

Бона Сфорца правяла эканамічную рэформу – Валочная памера (1557) на прынцыпах інтэнсіўнага вядзення гаспадаркі, з выкарыстаннем меліярацыі, палепшанага севазварота, з унармаваным падаткаабкладаннем.

Паспрыяла пашырэнню найноўшых заходнееўрапейскіх кулінарных, культурных, тэхнічных дасягненняў, спажывецкіх прыхільнасцяў эпохі Рэнесансу ў Польшчы і ВКЛ. З яе дзейнасцю звязваюць з’яўленне або пашырэнне ў меню арыстакратыі экзатычнай усходняй садавіны – апельсінаў, лімонаў, гранатаў, фігаў, прыпраў – шафрану, фенхелю, імбіру, цынамону, цукру, а таксама аліўкаў,  разынак, мігдалаў, марцыпанаў, рысу і іншых. 

Найбольш яскравым новаўвядзеннем эпохі Боны лічыцца салата і іншая агародніна, а таксама ўвядзенне ў карыстанне відэльцаў.

Імем Боны Сфорцы была названа цэнтральная плошча мястэчка Моталь (зараз – плошча Леніна).

Жыгімонт Стары ажаніўся з Бонай Сфорцай

1563 год. Іван Фёдараў (1510–1583) і Пётр Мсціславец (?-1577) скончылі падрыхтоўку да друкавання ў Маскве першай кнігі «Апостал».

Кніга друкавалася з 19 красавіка 1563 да 1 сакавіка 1564 года. Гэта першая дакладна датаваная руская друкаваная кніга. Захаваўся 61 асобнік. Рыхтуючы яе да выдання, першадрукары правялі вялікую тэксталагічную і рэдактарскую работу, аб чым сведчыць Сымон Будны ў прадмове да Новага Запавету (Лоск, 1574).

48 заставак гэтай кнігі, надрукаваных з 20 дошак, 22 буквіцы і іншыя друкарскія аздабленні вызначаюцца высокім мастацкім майстэрствам.

Фёдараў (Федаровіч) і Мсціславец стварылі старадрукарскі стыль, які потым атрымаў вялікае пашырэнне ў мастацкім аздабленні друкаваных і рукапісных кніг. Шрыфт «Апостала» Фёдараў выкарыстоўваў і ў іншых сваіх выданнях.

Фёдараў «Апостал»

1814 год. Нарадзіўся Яўстафій Тышкевіч (1814–1873).

Беларускі археолаг, гісторык, этнограф і краязнавец, граф.

Служыў у розных установах, у тым ліку ў канцылярыях віленскага генерал-губернатара, Чарнігаўскага, Палтаўскага і Харкаўскага генерал-губернатара, быў Барысаўскім павятовым маршалкам, ганаровым папячыцелем мінскай губернскай гімназіі.

На беларускіх землях вывучаў курганы, гарадзішчы і замчышчы. З’яўляўся членам Дацкага каралеўскага таварыства аматараў старажытнасцей, Стакгольмскай каралеўскай акадэміі выяўленчага мастацтва, гісторыі і старажытнасцей.

Заснаваў Віленскую археалагічную камісію і Віленскі музей старажытнасцей.

Аўтар прац археалагічнага і краязнаўчага характару.

Памёр 25 жніўня 1873 года ў Вільні.

У 2022 годзе пастаўлены помнік каля Акадэміі Навук у Мінску (фота).

Яўстафій Тышкевіч

1838 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Дыбоўскі.

Беларускі, расійскі, польскі заолаг, батанік, палеантолаг, мінеролаг і фалькларыст. Доктар мінералагічных навук. Брат Бенедыкта Дыбоўскага.

Скончыў Дэрпцкі ўніверсітэт.

За ўдзел у паўстанні 1863–1864 гадоў прыгавораны да турэмнага зняволення.

Працаваў у Дэрпцкім універсітэце. Даследаваў выкапнёвыя рэшткі Усходняй Прыбалтыкі, Сібіры, флору i фаўну Навагрудчыны i іншых частак Расійскай імперыі.

Збіраў беларускі фальклор. Апублікаваў «Беларускія прыказкі з Навагрудскага павета» (768 тэкстаў), «Беларускія загадкі з Мінскай губерні» (112 тэкстаў).

Памёр 27 ліпеня 1910 года.

Уладзіслаў Дыбоўскі

1850 год. Памерла Ганна Цюндзявіцкая (Прушынская, 1803–1850).

Аўтарка папулярных гаспадарчых дапаможнікаў, папулярнай кулінарнай кнігі «Літоўская гаспадыня» (1848).

Збірала народныя кулінарныя і лекавыя рэцэпты, правярала іх на практыцы.

Некаторыя даследчыкі лічылі аўтарам «Літоўскай гаспадыні» В. Завадскую. Аўтарства Г. Цюндзявіцкай атрыбутавана прафесарам А. Мальдзісам.

Таксама Цюндзявіцкая падрыхтавала да друку дапаможнік “Гаспадарчы штогоднік”, які выйшаў ужо пасля яе смерці. Пакінула рукапіс працы пра сялянскія лекавыя рэцэпты.

Ганна Цюндзявіцкая

1921 год. Пастанова Прэзідыума ЦВК ССРБ аб адкрыцці ў Мінску Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 

Першыя рэальныя крокі да яго стварэння зрабіў Народны сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі ў сакавіку 1918 года. Працу над праектам універсітэта ўзначальвалі М. Доўнар-Запольскі, Я. Карскі. Намаганнямі Беларускага нацыянальнага камісарыята ў Маскве і Беларускага культурна-асветнага таварыства ў Коўне былі створаны правобразы класічнага ўніверсітэта – Беларускі народны ўніверсітэт.

11 ліпеня 1921 года ў гарадскім тэатры абнародаваны тэкст Дэкрэта аб адкрыцці БДУ. Афіцыйна адкрыўся 30 кастрычніка 1921 года.  

Першым рэктарам стаў гісторык Уладзімір Пічэта.

1 лістапада 1921г. на трох факультэтах – рабочым, медыцынскім і грамадскіх навук – пачаліся заняткі для 1390 студэнтаў. Працавалі 14 прафесараў, 59 выкладчыкаў і 10 асістэнтаў.

Зараз у БДУ 26 факультэтаў, інстытутаў, 191 кафедра, 16 корпусаў, 8000 супрацоўнікаў,  25 500 студэнтаў.

Беларускі народны ўніверсітэт

1956 год. У в. Свенск Слаўгарадскага раёна нарадзіўся Віктар Несцяроўскі.

Украінскі географ, геолаг, доктар геалагічных навук, прафесар, дырэктар Геалагічнага музея Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта.

Скончыў Кіеўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Т. Шаўчэнкі. Працаваў у Інстытуце геалагічных навук НАН Украіны, у Кіеўскім ўніверсітэце імя Т. Шаўчэнкі.

Аўтар больш за 200 навуковых прац. Першаадкрывальнік Уладзімірэцкай бурштынавай зоны ў Ровенскай вобласці. Кіраўнік універсітэцкага аддзялення Мінералагічнага таварыства Украіны. Падрыхтаваў 5 кандыдатаў навук.

Віктар Несцяроўскі

1959 год. Нарадзіўся Валерый Магучы.

Беларускі скульптар.

Скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў.

Удзельнік выставак у Мінску, Санкт-Пецярбургу, Германіі.

Працаваў у Віцебску. З 2018 года жыве ў г. Віфлеем, штат Нью-Гэмпшыр, ЗША.

Працуе ў манументальнай і станкавай скульптуры. Аўтар помнікаў паэтэсе Е. Лось, М. Шагалу, І. Салерцінскаму, герба  Віцебска, дыптыха скульптур «Асклепій» і «Гіпакрат», мемарыяльных дошак З. Азгуру, В. Быкаву, шэрагу медалёў.

Валерый Магучы

2019 год. Зацверджаны герб і сцяг Магілёўскага раёна.

Магілёўскі раён

Магілёўскі раён

Загалоўнае фота: mogilev.media

Дзень у гісторыі. 15 сакавіка. Дзень Канстытуцыі. Маршы свабоды, недармаедаў і ”Хаўер”

Сусветны дзень правоў спажыўца (World Consumer Rights Daу, з 1983 года).

Устаноўлены па рашэнні Генасамблеі ААН. 

15 сакавіка 1962 года прэзідэнт ЗША Дж. Кенэдзі, выступаючы ў Кангрэсе, сказаў: “Спажыўцы, па азначэнні, гэта ўсе мы. Спажыўцы – гэта найбуйны эканамічны пласт… Але гэта адзіны голас, якога часцяком не чуваць”.

Амерыканскі прэзідэнт назваў тады чатыры асноўныя і неад’емныя правы спажыўца: на бяспеку, на інфармацыю, на выбар і права быць пачутым.

9 красавіка 1985 года Генасамблея ААН прыняла Кіруючыя прынцыпы для абароны інтарэсаў спажыўцоў.

цялежка

Дзень Канстытуцыі.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынята 15 сакавіка 1994 года на сесіі Вярхоўнага Савета. Набыла сілу 30 красавіка 1994 з моманту яе апублікавання.

Тагачасны старшыня Вярхоўнага Савета М. Грыб узгадвае, што асноўны закон краіны прымаўся вельмі цяжка і складана – па главах, па раздзелах, літаральна па радках – неабходна было, каб прагаласавалі дзве траціны дэпутатаў.

24 лістапада 1996 года па ініцыятыве А. Лукашэнкі быў праведзены рэферэндум, на падставе якога ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Абноўлены тэкст Канстытуцыі набыў сілу 27 лістапада 1996 года. Дадатковыя змены былі ўнесены ў Канстытуцыю пасля рэферэндуму 2004 года.

У гэты ж дзень у 2022 годзе, год таму назад, уступае ў дзеянне новая Канстытуцыя, прынятая на “рэферэндуме” 27 лютага 2022 года.

Самы першы збор законаў канстытуцыйнага характару – Статут ВКЛ (1529). Статут быў удасканалены ў 1566 і 1588 гадах. Выданне 1588 года захоўваецца ў Музеі гісторыі Магілёва.

У Беларусі было некалькі канстытуцый: 1918 (часовая, БНР), 1919, 1927, 1937, 1978 і 1994 года.

Дзень канстытуцыі

1781 год. Нарадзіўся Юзаф Завадскі.

Віленскі друкар і выдавец.

Вучыўся выдавецкай справе ва Уроцлаве і Лейпцыгу. У 1803 годзе адкрыў друкарню ў Вільні. Калі ў 1805 годзе да яго перайшла ўніверсітэцкая друкарня, ён злучыў дзве друкарні і заснаваў выдавецтва. Быў сябрам масонскай ложы «Гарлівы Літвін».

Яго сыны Адамі і Фелікс, таксама былі выдаўцамі.

Памёр 5 снежня 1838 года. Пахаваны ў Вільні на Антокальскіх могілках.

Юзаф Завадскі
Абеліск на магіле Ю. Завадскага

1789 год. У губернскіх Магілёве і Полацку адкрыты рускія галоўныя народныя вучылішчы.

Створаны расійскімі ўладамі на анэксіраванай па І Раздзелу тэрыторыі ВКЛ. Адзначаліся нізкім узроўнем адукацыі і русіфікатарскай скіраванасцю. Галоўныя, губернскія, вучылішчы былі 4-х класнымі.

Адкрыццё вучылішча ў Магілёве адбывалася з вялікай помпай: архіяпіскап Г. Каніскі правёў урачыстую службу і ўзначаліў хросны ход з царквы ў вучэльню. 

Па першым часе ў вучылішчах працавалі толькі прысланыя з цэнтральных расійскіх губерняў настаўнікі. 

У 1809 годзе вучылішча пераўтворана ў мужчынскую гімназію.

гімназія №3

1881 год. Нарадзіўся Аляксей Назарэўскі.

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, дзейнічаў у Заходняй Беларусі.

У 1922 годзе быў абраны ў польскі Сенат, быў членам Беларускага пасольскага клуба. Працаваў у магістраце г. Баранавічы.

Арыштаваны НКУС 2 студзеня 1940 года, асуджаны на 8 гадоў лагераў. У верасні 1941 года быў вызвалены з Сіблага і накіраваны ў Паўладарскую вобласць.

Далейшы лёс невядомы.

Аляксей Назарэўскі

1893 год. У в. Палуж (зараз Краснапольскі раён) нарадзіўся Андрэй Мрый (Шашалевіч).

Беларускі празаік, журналіст, перакладчык. Вязень ГУЛАГу.

Настаўнічаў у Краснаполлі, разам з братам і шваграм стварыў першы ў раёне народны тэатр, выдаваў рукапісны часопіс «Пралеска», збіраў народную лексіку, дасылаў яе ў Слоўнікавую камісію Інбелкульта.

Найбольш вядомы сваім сатырычным раманам на савецкую рэчаіснасць «Запіскі Самсона Самасуя».

Супрацоўнік часопіса «Наш край», інспектар Цэнтральнага бюро краязнаўства, член літаратурнага аб’яднання «Узвышша», стылістычны рэдактар у газеце «Звязда».

У 1934 годзе арыштаваны НКУС па «справе краснапольскіх настаўнікаў». Асуджаны да лагераў. Зноў арыштаваны ў чэрвені 1940 года, асуджаны і адпраўлены ва Усць-Вымскі канцлагер Комі АССР.

Медкамісіяй прызнаны інвалідам і 23 верасня 1943 года быў вызвалены і адпраўлены паміраць дадому.

Паводле некаторых звесткак 8 кастрычніка 1943 года забіты рэцэдывістамі ў цягніку.

У Магілёве яго імя носіць бульвар.

Андрэй Мрый

1921 год. Нарадзіўся Васіль Мялешка.

Беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук, прафесар. Аўтар манаграфіі «Могилев в XVI-XVII вв.», даследчык гісторыі Магілёва. Удзельнік Другой Сусветнай вайны.

Працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР, старшынёй камісіі Акадэміі навук па гісторыі сельскай гаспадаркі і сялянства Беларусі.

Вывучаў праблемы класавай барацьбы ў беларускай вёсцы, прааналізаваў тры формы сялянскіх выступленняў: пасіўнае супраціўленне (скаргі, адмова ад выканання павіннасцей, уцёкі), узброеныя акцыі (напады на маёнткі, сутычкі з узброенымі атрадамі і інш.), паўстанні  – на Каменшчыне, 1736-1754 і Крычаўскім старостве, 1740-1744.

Памёр 5 верасня 2004 года.

Васіль Мялешка

1927 год. Закладзены ДнепраГЭС.

На беразе Дняпра, на скале “Каханне”, каля Запарожжа з’явіўся сцяг з надпісам “Днепрабуд пачаты”. 

Першая чарга ГЭС была пабудавана ў 1932 годзе. Узровень у Дняпры, у тым ліку ў Магілёве, павысіўся, былі затоплены Кабяляцкія парогі (з 2000 г. – помнік прыроды мясцовага значэння) у Оршы.

ДнепраГЭС

1930 год. У Віцебску нарадзіўся Жарэс Алфёраў.

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы за распрацоўку паўправадніковых гетэраструктур і стварэнне хуткіх опта- і мікраэлектронных кампанентаў. Яго даследаванні адыгралі вялікую ролю ў інфарматыцы. Акадэмік АН СССР, Расійскай акадэміі, НАН Беларусі. Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. Віцэ-прэзідэнт АН СССР.

Працаваў у Фізіка-тэхнічным інстытуце імя А. Іофэ, старшынёй Навукова-адукацыйнага комплекса «Санкт-Пецярбургскі фізіка-тэхнічны навукова-адукацыйны цэнтр» РАН.

Аўтар больш як 500 навуковых прац, трох манаграфій і каля 50 вынаходніцтваў.

Памёр 1 сакавіка 2019 года.

Жарэс Алфёраў

1938 год. Расстраляны ўраджэнец Магілёва Мікалай Красцінскі (1883–1938).

Рэвалюцыянер, дыпламат.

Вучыўся ў Магілёўскай, Віленскай гімназіях, на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта. 

Усё жыцце, з 1903 года, быў на службе бальшавікоў, якія яго і расстралялі. За партыйную работу ў Вільна, Віцебску неаднаразова арыштоўваўся. У 1914-1917 гадах быў сасланы на Урал, быў старшынёй Екацярынбургскага рэвалюцыйнага камітэта.

У першыя месяцы Савецкай улады прызначаны намеснікам галоўнага камісара Дзяржаўнага банка. Яго рукой былі падпісаны першыя савецкія грошы.

Пасол у Германіі (1921-1930), удзельнічаў у Генуэзскай канферэнцыі. У 1930 годзе прызначаны першым намеснікам народнага камісара замежных спраў СССР.

У 1937 годзе арыштаваны, прыгавораны да вышэйшай меры пакарання.

У яго гонар названа вуліца ў Екацярынбургу.

Мікалай Красцінскі

2000 год. У Мінску прайшоў «Марш свабоды».

Масавая вулічная акцыя ў абарону незалежнасці Беларусі, правоў чалавека і дэмакратыі, супраць паглыблення беларуска-расійскай інтэграцыі.

Намер прэзідэнтаў Б. Ельцына і А. Лукашэнкі стварыць Саюзную дзяржаву быў сустрэты масавымі вулічнымі акцыямі пратэсту. 

Першы «Марш свабоды», арганізаваны апазіцыяй 17 кастрычніка 1999 года, адзначыўся брутальнымі сутыкненнямі ўдзельнікаў з міліцыяй і АМАПам.

Другі «Марш свабоды» 2000 года быў  прымеркаваны да дня прыняцця Канстытуцыі Беларусі. Міжнародная супольнасць салідарызавалася ў падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў, што стрымала А. Лукашэнку, які за суткі да пачатку маршу пагражаў, што ад удзельнікаў акцыі «паляціць шмаццё».

У вулічнай акцыі ў Мінску ўзялі ўдзел да 40 000 чалавек, у тым ліку ў маршы – 15 000.

У Магілёве на марш выйшла каля 150 чалавек.

«Марш свабоды» 2000

2013 год. 10 год таму назад на Беларусь абрынуўся цыклон «Хаўер».

Ад стыхіі таксама пацярпелі Венгрыя, поўнач Украіны і захад Расіі.

«Хаўер» – наймацнейшы падобны прыродны катаклізм у гісторыі Беларусі. 

Падчас цыклону пачаўся вялікі снегапад пры моцным ветры да 28 м/с. Па ўсёй краіне стаў транспарт, прыкметна павялічылася колькасць аварый, адбыўся транспартны калапс (аўтазаторы дасягалі 20 км), без святла засталіся 1728 трансфарматарных падстанцый, 558 населеных пунктаў, было перанесена святкаванне Масленіцы, скарэктаваны расклад заняткаў у навучальных установах.

12 сакавіка Белгідрамет спрагназаваў пагаршэнне надвор’я, 14 сакавіка быў абвешчаны чырвоны ўзровень небяспекі і штармавое папярэджанне. Але інфармацыя аб шкале ўзроўняў небяспекі да «Хаўера» давалася Белгідраметам толькі ў МНС, і шырокія слаі насельніцтва не маглі ацаніць ступень рэальнай небяспекі ўмоў надвор’я.

Па збегу абставінаў напярэдадні катаклізму кіраўнікі дзяржавы адбылі на пасяджэнні ў Пецярбург і Маскву. З вышэйшых асоб застаўся толькі другі намеснік прэм’ера А. Калінін.

Месцамі таўшчыня снежнага покрыва склала 57 см, а ў выніку моцнай завеі, што актыўна пераносіла снежныя масы, у многіх месцах гурбы дасягалі 1 м і вышэй. У Слаўгарадскім раёне выпала 26 мм ападкаў.

Для барацьбы са снегам у Мінску і іншых гарадах 19 сакавіка былі праведзены суботнікі.

цыклон «Хаўер»

2017 год. У Мінску, абласных цэнтрах, буйных гарадах прайшлі масавыя маршы пратэсту вядомыя як “Маршы недармаедаў” у адказ на Дэкрет №3. 

Дзень 15 сакавіка аб’яўлены нацыянальным днём барацьбы з падаткам на беспрацоўе.

Гэта быў 8-ы пратэст недармаедаў з пачатку года. Першы адбыўся 17 лютага. Усяго за год адбылося 22 маршы, апошні – 21 кастрычніка.

Дэкрэт № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” быў падпісаны 2 красавіка 2015 года. Самі акцыі пратэсту выліліся толькі пасля атрымання грамадзянамі «ліста шчасця» – ліста ад падатковай інспекцыі з прад’яўленнем аб выплаце «падатку на дармаедства».

Усяго падатковыя органы разаслалі каля 470 000 апавяшчэнняў на выплату падатку. 20 лютага 2017 года павінен быў скончыцца апошні тэрмін выплаты гэтага збору.

“Маршы недармаедаў”

Дзень у гісторыі. 5 студзеня. Нарадзілася Еўфрасіння Полацкая. Пабудаваны мост “Залатыя вароты”

Дзень работнікаў сацыяльнай абароны Беларусі. 

Гэта свята непасрэдна датычыцца больш як 35 тысяч чалавек, якія працуюць у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, а таксама, і іх падапечных. А гэта – ні многа ні мала – больш за 1,8 мільёнаў людзей, якія стаяць на ўліку ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Найбольш запатрабаванай на сёння формай сацыяльнага абслугоўвання пажылых і інвалідаў з’яўляецца дапамога на даму. Яе атрымліваюць каля 90 тысяч непрацаздольных жыхароў краіны.

Дзень соцработніка

1104 год. Нарадзілася Еўфрасіння Полацкая (Прадслава). 

Святая ў праваслаўных і грэка-каталікоў, апякунка Беларусі. 

Полацкая князёўна і ігумення, першая ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе падарожніца, паломніца. 

У 1167 годзе ішла ў паломніцтва па Дняпры, праз Оршу, праз месца, дзе зараз стаіць Магілёў, магла прыпыняцца там, дзе зараз месціцца Падмікольскі манастыр. 

У 1187 г. яе мошчы былі перанесены з Ерусаліма ў Кіева-Пячорскую лаўру. 

У 1910 годзе пры вяртанні машчэй з Кіева ў Полацк, рака з парэшткамі святой стаяла тры дні ў Іосіфаўскім саборы ў Магілёве.

Еўфрасіння Полацкая

1826 год. У Бабруйскай крэпасці арыштавалі дзекабрыста Тызенгаўзена.

У ноч з 4 на 5 студзеня 1826 года ў Бабруйскай крэпасці быў арыштаваны камандзір Палтаўскага палка Васіль (Вільгельм) Карлавіч Тызенгаўзен і адпраўлены ў Магілёў па справе дзекабрыстаў.

Васіль Тызенгаўзен

1875 год. Памёр Адам Завадскі

Віленскі друкар і выдавец.

Пасля бацькі Юзафа Завадскага ўзначаліў выдавецтва Завадскага. Яго жонка – Вінцэнціна Завадская – аўтар папулярнай кулінарнай кнігі «Літоўская кухарка» (Вільня, 1854).

Супрацоўнічаў з многімі пісьменнікамі, у тым ліку з В. Дунінам-Марцінкевічам, у 1846 годзе выйшла яго першая кніга «Сялянка». Перапісваўся з М. Асорыя-Цяплінскім наконт выдання «Snopka Nadniemeńskiego» і збору яго твораў.

Адам Завадскі

1891 год. Нарадзіўся Адам Пучкар-Хмялеўскі. 

Рымска-каталіцкі святар, грамадскі і культурны дзеяч.

Вучыўся ў Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу, дзе далучыўся да беларускага нацыянальнага руху. Святар з 1916 года, служыў у Бабруйску, Іркуцку, мінскіх касцёле Святых Сымона і Алены, кафедральным касцёле, у парафіях Койданава, Заслаўя, Воўчкавіч.

У 1926 годзе на з’ездзе каталіцкіх святароў Мінскай губерні выступіў з прапановай утварэння каталіцкай дыяцэзіі на чале з беларускім біскупам, падпарадкаваным непасрэдна Ватыкану, а не польскай іерархіі. 

Арыштоўваўся ЧК у 1920, ДПУ БССР у 1933 годзе. Разам з іншымі святарамі асуджаны і сасланы ў лагеры.  

Загінуў 1 верасня 1938 года.

1907 год. У в. Радучы Чавускага раёна нарадзіўся Кастусь Губарэвіч.  

Беларускі драматург. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Настаўнічаў, працаваў у газетах «Палеская праўда», «Літаратура і мастацтва»,  на Белдзяржкіно, «Беларусьфільме», Беларускім радыё, у Міністэрстве культуры.

Аўтар вершаў, апавяданняў, зборнікаў апавяданняў, драм, лірычных камедый, шэрагу гісторыка-рэвалюцыйных і ваенна-патрыятычных п’ес, у тым ліку «Цытадэль славы» (пастаноўка 1949; пад назвай «Брэсцкая крэпасць», 1953), «Простая дзяўчына», «На крутым павароце», «Брэсцкі мір», «Партызанская зона». Выступаў як кінадраматург: сцэнарыі фільмаў «Баям насустрач», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Паланэз Агінскага» і іншых.

Памёр 3 ліпеня 1987 года.

Кастусь Губарэвіч

1931 год. Нарадзіўся Уладзімір Піліповіч

Беларускі вучоны ў галіне лазернай фізікі і аптычнай апрацоўкі інфармацыі. Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, акадэмік. Заслужаны дзеяч навукі. Лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і Беларусі.

Працаваў у Інстытуце фізікі АН БССР, загадчыкам Лабараторыі электронікі дырэктарам Інстытута электронікі Акадэміі навук.

Вынікі яго даследаванняў і распрацовак адлюстраваны больш чым у 400 навуковых працах, у тым ліку ў 3 манаграфіях. У галіне лазернай фізікі і аптычнай апрацоўкі інфармацыі створана прызнаная навуковая школа, сярод яго вучняў 3 дактары і 32 кандыдаты навук.

Памёр 2 красавіка 2018 года.

Піліповіч доктар

1933 год. У Сан-Францыска пачалося будаўніцтва аднаго з самых вядомых у свеце мастоў – “Залатая Брама”, “Залатыя Вароты” (Golden Gate Bridge). Вісячы мост праз праліў Залатыя Вароты. 

Ён злучае горад Сан-Францыска на поўначы паўвострава Сан-Францыска і паўднёвую частку акругі Марын, побач з прадмесцем Саўсаліта. Быў самым вялікім вісячым мостам у свеце з моманту адкрыцця ў 1937 і да 1964 года. 

Даўжыня моста – 1970 метраў, даўжыня асноўнага пралёта – 1280, вышыня апор – 230 метраў над вадой. Ад праезжай часткі да паверхні вады – 67 метраў.

мост Сан-Францыска

1938 год. Нарадзіўся Аляксандр Вайтовіч

Беларускі акадэмік, фізік і палітык. Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Еўрапейскай акадэміі навук, мастацтваў і славеснасці.

Працаваў у Інстытуце фізікі АН БССР, дырэктарам Інстытута малекулярнай і атамнай фізікі НАН Беларусі, прэзідэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1997-2000), Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу (2000-2003), загадчыкам лабараторыі Інстытута фізікі імя Б. Сцяпанава акадэміі навук.

Аўтар прац па лазернай фізіцы і оптыцы, дынаміцы нелінейных сістэм, фізіцы нанапамерных структур.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі за цыкл работ «З’явы анізатрапіі ў лазерах і прынцыпы палярызацыйна лазернай спектраскапіі», Прэмія НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН імя В. Капцюга за цыкл работ «Лазерная спектраскапія высокага дазволу і яе фундаментальныя прыкладанні».

Аўтар каля 250 навуковых прац, у тым ліку 2 манаграфій, даведніка, 25 вынаходніцтваў.

Аляксандр Вайтовіч

1947 год. Нарадзіўся Валерый Юркоў, магілёўскі мастак.

Нарадзіўся ў Валгаградзе. Вучыўся ў Пензенскім мастацкім вучылішчы імя К.А Савіцкага (1963–1968), скончыў аддзяленне графікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (1977).

Удзельнік мастацкіх выставак (1975). Член Беларускага саюза мастакоў (1988).

Працаваў у станковай графіцы (літаграфія, акварэль) і жывапісе. Улюбёным жанрам быў пейзаж, сюжэты для якога чэрпаў з роднай прыроды.

Валерый Юркоў

1958 год. Нарадзіўся Ігар Бархаткоў

Беларускі мастак-жывапісец, калекцыянер. Яго бацька Антон Бархаткоў – славуты мастак, старэйшы брат Вітольд, хроснік акадэміка жывапісу Бялыніцкага-Бірулі, жонка Алена – мастачка.

Мастакі Бархатковы выстаўляюцца ў знакамітых галерэях па ўсім свеце, але жывуць у вёсцы пад Мінскам.

Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, вучыўся ў П. Крохалева і М. Данцыга. Вучыўся ў творчых майстэрнях Акадэміі мастацтваў СССР у г. Мінску ў славутага М. Савіцкага.

Работы мастака знаходзяцца ў прыватных калекцыях у краінах СНД і за мяжой.

Мастакі Бархатковы
Мастакі Ігар і Алена Бархатковы

1984 год. У Мінску заснаваны музей «Дом Ваньковічаў». 

Адкрыты ў 2000 годзе да 200-годдзя з дня нараджэння мастака Валенція Ваньковіча (1800—1842) як філіял Нацыянальнага мастацкага музея – музей «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя». Помнік палацава-сядзібнай архітэктуры, былы дом прадстаўнікоў беларускага шляхецкага роду Ваньковічаў.

У флігелі ўпраўляючага знаходзіцца офіс турыстычнай фірмы. У двары сядзібы ўстаноўлены помнік В. Ваньковічу. У сядзібным комплексе адрэстаўраваны гаспадарчы корпус, у якім спачатку знаходзіліся стайні і карэтная, а цяпер рэстаран «Грай», сядзібны дом, дзве афіцыны, гаспадарчыя пабудовы, фруктовы сад.

У мемарыяльных залах музея экспануюцца дакументы пра Валенція Ваньковіча і яго род, фотаздымкі і каляровыя рэпрадукцыі партрэтаў яго пэндзля, жывапісныя копіі, сапраўдныя жывапісныя творы іншых мастакоў першай паловы XIX стагоддзя, сучаснікаў Ваньковіча.

У астатніх пакоях дэманструюцца сядзібныя партрэты, прадметы ўбрання, мэбля XVIII-XIX стагоддзяў, партрэтная галерэя.

Ваньковічы Дом