Дзень у гісторыі. 17 лютага. Першы падзел Рэчы Паспалітай. Трагедыя Росіцы. Марш “недармаедаў”. Нарадзіліся археолаг К. Тышкевіч, падарожнік па Амерыцы К. Ельскі

Міжнародны Дзень спантанай праявы дабрыні (International Spontaneous Kindness Day, з 1998 года). 

Устаноўлены па ініцыятыве міжнародных дабрачынных арганізацый на канферэнцыі ў Токіа. У гэты дзень, як заклікаюць арганізатары, трэба імкнуцца быць добрым да ўсіх, і не проста добрым, а добрым бязмежна і бескарысліва.

Калі чалавек чакае падзякі за сваю дабрыню, гэта не можа лічыцца сапраўднай дабрынёй.

Добрыя справы самі па сабе павінны дастаўляць вам задавальненне, і пры гэтым, даючы нешта іншым ці дапамагаючы ім, вы не павінны чакаць узнагароды. Такая сапраўдная дабрыня.

Нямногія ў наш неспакойны час здольныя на такі “подзвіг” – у стане стомленасці і раздражненні ад надзённых клопатаў мы ўсё часцей абыякава праходзім міма чужых праблем, пакуль яны не закрануць нас саміх.

І тады мы шукаем падтрымку і ўдзел у людзей, для якіх “бескарыслівая дапамога”, “міласэрнасць” і “спагадлівасць” не проста словы, а сэнс жыцця, які стаў пакліканнем.

1772 год.  Прускі кароль Фрыдрых II і Кацярына II падпісалі Пецярбургскую канвенцыю аб першым падзеле Рэчы Паспалітай.  

5 жніўня 1772 года набыла моц аналагічная руска-аўстрыйская канвенцыя. У верасні 1772 года рускія, аўстрыйскія і прускія войскі занялі адпаведныя тэрыторыі. 

Рэч Паспалітая працягвала існаваць, але яе тэрыторыя істотна скарацілася. У верасні 1773 года кароль Станіслаў Панятоўскі прызнаў новыя межы, падпісаўшы мірныя дамовы з Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй. 

Наступныя падзелы Рэчы Паспалітай адбыліся ў 1793 і 1795 гадах.

1806 год. Нарадзіўся Канстанцін Тышкевіч. 

Беларускі археолаг, гісторык, краязнавец, адзін з заснавальнікаў беларускай археалогіі. На аснове ўласных калекцый разам з бацькам і братам стварыў Лагойскі музей старажытнасцей. 

Член навуковых таварыстваў Вільні, Кракава, Масквы, Прагі, Парыжа, Лондана. 

Адзін з заснавальнікаў Віленскага музея старажытнасцей, член Віленскай археалагічнай камісіі. Даследаваў каля 200 курганоў, гарадзішчаў і замчышчаў. 

У памяць аб вучоным з 2007 года праводзіцца водная экспедыцыя «Шляхам Тышкевіча» па Віліі. 

Памёр 13 ліпеня 1868 года.

1837 год. Нарадзіўся Канстанцін Ельскі. 

Беларускі вучоны-біёлаг, географ, геолаг і падарожнік.

Сваяк кампазітара С. Манюшкі.

Вучыўся ў  Маскоўскім і Кіеўскім універсітэтах. Адзін з першых у Расійскай імперыі дарвіністаў.

Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863-1864 гадоў ва Украіне. Жыў у эміграцыі. 

Займаўся геалагічнай практыкай у Турцыі, працаваў у парыжскім Прыродазнаўчым інстытуце, даследаваў Французскую Гвіяну ў Паўднёвай Амерыцы (1865-1869), Перу (1869-1878), Кардыльеры, вярхоўі Мараньёна – аднаго з вытокаў Амазонкі. Прэпараваныя ім пудзілы адпраўляліся ў музеі Еўропы, адных толькі павукоў даслаў каля 300 экзэмпляраў, адкрыў невядомыя віды жывёл. Сустваральнік і захавальнік прыродазнаўчага музея ў перуанскай Ліме.

Па вяртанні з Амерыкі, працаваў у Варшаве, захавальнікам прыродазнаўчых калекцый Кракаўскай акадэміі навук, у Турцыі, Германіі. Удзельнічаў у геалагічных экспедыцыях на французскі паўвостраў Брэтань, у балканскай Далмацыі.

У гонар вучонага названы від лаўра, некаторыя віды птушак і звяроў.

Памёр 26 лістапада 1896 года.

1937 год. У вёсцы Машанакі Магілёўскага раёна нарадзілася Зінаіда Бандарэнка. 

Герой Сацыялістычнай працы, Ганаровы хімік СССР.

Усё яе працоўнае жыццё прайшло на Магілёўскім вытворчым аб’яднанні «Хімвалакно»: прадзільшчыца, апаратчыца. Выбіралася ад калектыва Дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1976-1981). 

Упершыню ў СССР разам з напарніцай выйшла з брыгады каб на дваіх абслугоўваць адразу 15 станкоў. Пераможца пяці пяцігодак.

1938 год. Памёр у ГУЛАГу  Міхась Багун. 

Беларускі паэт, празаік, перакладчык.

Працаваў у газетах «Чырвоная Полаччына», «Літаратура і мастацтва», у Белдзяржвыдавецтве.

Аўтар лірычных рамантычна-акрыленых твораў: шэрагу зборнікаў, паэм. Пісаў і апавяданні для дзяцей.  Перакладчык на беларускую мову М. Астроўскага «Як гартавалася сталь», вершаў А. Пушкіна, У. Маякоўскага, Э. Багрыцкага і іншых.

Некаторыя яго вершы, пакладзеныя на музыку, увайшлі ў фальклорныя запісы.

Арыштаваны ў лістападзе 1936 года, прыгавораны да 8 гадоў пазбаўлення волі.

1943 год. Нацысты спалілі 1530 жыхароў, уключая двух каталіцкіх святароў, вёскі Росіца Верхнядзвінскага раёна. 

16-18 лютага тут прайшла карная аперацыя «Зімовы цуд». Карнікі звезлі мясцовых жыхароў у стайню і падпалілі яе. Святары Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра адмовіліся пакінуць сваіх парафіянаў і прынялі разам з імі пакутніцкую смерць.

У 1999 годзе Ян Павал II абвясціў ксяндзоў Ю. Кашыру і А. Ляшчэвіча блаславёнымі. 19 жніўня 2000 года ў Росіцы адбылося паўторнае асвячэнне касцёла.

Па колькасці ахвяр Росіца – трэцяя на Беларусі апасля в. Боркі Кіраўскага раёна (2000), былой в. Ала Светлагорскага раёна (1758 чалавек).

1949 год. Заступіў на пасаду першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вайцман (1874–1952). 

Ураджэнец м. Моталь пад Пінскам. Выбітны навуковец-хімік, палітык, прэзідэнт (1929-1946) Сусветнай сіянісцкай арганізацыі. Заснавальнік даследчага інстытуту, які цяпер носіць ягонае імя.

Ганаровы доктар Ерусалімскага універсітэта, Ганаровы грамадзянін Ерусаліма.

1952 год. Нарадзіўся Уладзімір Крываблоцкі. 

Беларускі мастак-манументаліст, жывапісец. Скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка (дыпломнай працай стаў вялізны два з паловай метры ў вышыню трыпціх «Хатынь»), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.

Маляваць пачаў у дзяцінстве, свае малюнкі дасылаў у газету «Піонэр Беларусі» і тройчы перамагаў у конкурсах.

Асновай творчасці з’яўляецца Беларусь, яе мінуўшчына, людзі, прырода. Прымаў удзел у рэканструкцыі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета, аздабленні будынку Нацыянальнай бібліятэкі.

Творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Беларускім гісторыі і культуры, Магілёўскім абласным мастацкім, Віцебскім краязнаўчым музеях.

Яго вітражы ўпрыгожваюць многія будынкі Мінска, Кобрына, Брэста, Цэнтральнага Батанічнага сада,  Ушацкага Музея народнай славы, Палаца Культуры Мсціслава. Паліпціх «Рэквіем» памерам 33 м² – у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. 

Жывапіс прысвечаны вязням канцлагеру ў Азарычах ствараўся 3,5 гады. За гэту працу быў вылучаны на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

«Зямля», мазаіка на фасадзе Брэсцкага электра-механічнага завода

1955 год. Нарадзіўся Уладзімір Вішнеўскі. 

Беларускі мастак-графік, кніжны ілюстратар, жывапісец, скульптар, педагог. Акадэмік графікі Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Загадчык кафедры графікі Беларускай Акадэміі мастацтваў. Выдатны майстар станковай і кніжнай графікі, працуе ў тэхніках афорта, літаграфіі, тэмперы.

Аўтар шматлікіх графічных серый, сярод іх «Птушкаловы», «Кірмаш спадзяванняў», «Пабудова чалавека», «Туга страчанага сусвету», ілюстрацый да кніг У. Ягоўдзіка, Якуба Коласа, К. Крапівы, А. Разанава, М. Лужаніна, Ф. Дастаеўскага, А. Пашкевіч (Цёткі).

За ілюстрацыі кніг «Вянок беларускіх народных песень» і «Палата кнігапісная» М. Нікалаева атрымаў дыпломы беларускіх рэспубліканскіх конкурсаў «Мастацтва кнігі».

Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, у прыватных зборах Беларусі і замежжа.

2013 год. Памёр Сакрат Яновіч. 

Беларускі, польскі пісьменьнік, публіцыст, грамадскі дзеяч Беласточчыны. Працаваў ў газеце «Ніва», узначальваў Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне, займаўся актыўнай літарганізатарскай дзейнасцю. У яго Villa Socrates праходзілі шматлікія беларускія і міжнародныя інтэлектуальныя спатканні. 

Аўтар зборнікаў апавяданняў і мініяцюр, каля 30 кніг, сярод якіх «Беларусь, Беларусь», «Доўгая смерць Крынак» і інш. Пераклаў на польскую мову «Вітражы» Я. Брыля, п’есу Я. Шабана «Шрамы» для Драматычнага тэатра імя Я. Вянгеркі ў Беластоку.

2017 год. У Мінску адбыўся «Марш абураных беларусаў» супраць прэзідэнцкага Дэкрэта № 3 і эканамічнай палітыкі ўлад. 

Удзельнічала больш за 2 000 чалавек. Арганізатарамі акцыі сталі апазіцыйныя палітыкі М. Статкевіч, У. Някляеў і іншыя. Марш прайшоў ад Кастрычніцкай плошчы па праспекце Незалежнасці да будынка Міністэрства па падатках і зборах Беларусі, каля якога адбыўся кароткі мітынг.

Затым пратэсты перакінуліся на іншыя гарады Беларусі: Гомель, Магілёў (каля 500 чалавек прайшлі па вуліцы Ленінскай), Брэст, Гродна, Віцебск і іншыя. Удзельнікі маршу актыўна даводзілі, што яны не “дармаеды”, і пратэставалі супраць уторгнення непразрыстай дзяржавы ў зоны асабістай свабоды грамадзян.

Дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», больш вядомы як Дэкрэт аб дармаедстве, быў выдадзены 2 красавіка 2015 года. Ён не адпавядае Канстытуцыі, міжнародным дагаворам і іншым заканадаўчым актам краіны. 

Падобны ўказ быў прыняты ў 1961 годзе ў СССР, там дармаедства адносілі да крымінальна-каральных злачынстваў.

Улады Беларусі рабілі спробы ўвесці падатковы збор з беспрацоўных грамадзян з 2013 года, з ініцыятывы прэм’ер-міністра М. Мясніковіча.

Дзень у гісторыі. 26 студзеня. Перамога на Уле. Расстрэл уніятаў. Самы вялікі ў свеце алмаз. Выжыць пры падзенні з 10 кіламетраў. Беларуская мова стала дзяржаўнай. Памерлі Алесь Адамовіч, Уладзімір Мулявін.

  Міжнародны дзень мытніка (International Customs Day, з 1983). 

Прафесійнае свята ўсіх працаўнікоў мытных службаў планеты. Устаноўлена да 30-годдзя Сусветнай мытнай арганізацыі (World Customs Organization). На сённяшні дзень Сусветная мытная арганізацыя аб’ядноўвае 182 дзяржавы-члены, якія кантралююць 98% усяго міжнароднага гандлю.

Беларусь уступіла ў Сусветную мытную арганізацыю ў 1993 годзе.

У Вялікім Княстве Літоўскім мытня месцілася ў каморы. Мыта (цло) збіралі з купцоў за правоз тавараў праз мяжу і па землях ВКЛ.

1564 год. Войскі ВКЛ у ходзе Лівонскай вайны разбілі маскоўскую армію на рацэ Ула.

Вялікалітоўская кавалерыя ў 10 000 шабель на чале з вялікім гетманам Мікалаем Радзівілам Рудым, Р. Сангушкам і Р. Хадкевічам  перамагла 24-тысячную маскоўскую армію П. Шуйскага на рацэ Уле на Іванскіх палях пад Чашнікамі. 

Імклівая франтальная атака, спалучаная з нападам з тылу, павярнула маскоўцаў наўцёкі, якіх гналі «5 міляў» і значную частку ўзялі ў палон. 

Мясцовыя сяляне не толькі прыносілі важныя звесткі пра рух маскоўскага войска, але і ўдзельнічалі ў бітве. Ваяводу Шуйскага забіў сякерай адзін з мясцовых сялян. 

Гэтая перамога, разам з наступнай перамогай на Дуброўне пад Оршай у тым жа годзе, сарвала планы вялікага маскоўскага паходу 1564 года.

1617 год. Мінскі кашталян Пётр Тышкевіч пацвердзіў права мусульман на мячэць пабудаваную ў Татарскай слабадзе. 

Слабада ўзнікла ў сувязі з пасяленнем тут у пачатку XVI стагоддзя ўзятых у палон крымскіх татараў, якія ўдзельнічалі ў набегах на беларускія землі і былі разбітыя пад Клецкам у 1506 годзе, хаця існуе меркаванне, што масавае пасяленне палонных татараў у Мінску ўзнікла значна раней, яшчэ ў часы вялікага князя Вітаўта. 

Першая драўляная мячэць з’явілася ў Мінску ў 1599 годзе, на яе месцы на пачатку 1900-х гадоў быў узведзены мураваны будынак, разбураны ў 1962 годзе для будаўніцтва гасцініцы «Юбілейная». Каля мячэці знаходзіўся мізар, які таксама быў знішчаны ў 1960-я. 

На тэрыторыі краіны было больш за 10 мячэцей, зараз засталіся ў Іўе, Мінску, Смілавічах, Навагрудку, Слоніме. 

Мінская мячэць, 1918.

1690 год. Памёр Марцыян Аляксандр Агінскі. 

Дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Адзін з уплывовых магнатаў. Чашнік, стольнік, крайчы і канцлер вялікі літоўскі, ваявода троцкі.

Граф «на Дуброўне», меў ва ўласнасці многія землі, у тым ліку Рагачоўскае староства.

Удзельнік Паўночнай вайны (1655-1660), вайны з Маскоўскай дзяржавай (1654-1667). На чале ўласнага палка браў удзел у Хоцінскай бітве (1673). Удзельнік падпісання «Вечнага міру» (1686) з Масковіяй.

Сябар праваслаўнага Віленскага Святадухаўскага і Магілёўскага Богаяўленскага брацтваў.

1784 год. Бенджамін Франклін выказаў шкадаванне аб тым, што арол стаў сімвалам ЗША, заяўляючы, што ён упадабаў бы індычку. 

Пасля абвяшчэння незалежнасці першых штатаў ЗША ў 1776 годзе перад амерыканцамі стаў выбар – каго лічыць нацыянальным сімвалам. Эмблемай свабоднай Амерыкі вырашана было зрабіць толькі тую птушку, якая насяляе толькі ЗША.

Такіх выявілася дзве – белагаловы арлан і дзікая індычка. Спрэчкі працягваліся цэлых 6 гадоў. Бенджамін Франклін быў катэгарычна супраць арлана, лічыў яго ганебным, баязлівым і злосным: “Гэта птушка нізкай маралі, як тыя людзі, хто жыве жорсткасцю і рабаваннем. Індычка ж, хоць дурная і самазадаволеная, але ўсё ж лепшы выбар.”

1874 год. Пры абароне сваёй царквы ад ператварэння яе ў праваслаўную загінула 13 беларускіх сялян-уніятаў з в. Пратулін на Падляшшы. 

500 уніятаў вёскі, узброеныя каламі, занялі абарону вакол царквы, каб не пусціць туды праваслаўнае духавенства. Супраць вернікаў 2 роты царскіх салдатаў ужылі зброю: 9 чалавек забіта, з 14 цяжка параненых 4 памерлі. Аналагічныя сутыкненні уніятаў з войскамі адбыліся ў вёсках Дралёва (загінула 5 чалавек) і Палубічы.

У 1875 у Парыжы ў іх гонар быў выбіты медаль з надпісам «Братам-русінам, замардаваным маскоўскім царызмам, за вернасць царкве і Польшчы. 1874» з імёнамі 18 уніятаў, забітых у Пратуліне і Дралёве. 

6 кастрычніка 1996 года 13 падляшскіх мучанікаў урачыста беатыфікаваны ў Рыме.

1905 год. У Паўднёвай Афрыцы знойдзены самы вялікі ў гісторыі чалавецтва алмаз “Кулінан” – 3106 каратаў, 621,2 грам. 

Выпадкова вынайдзены кіраўніком рудніка “Прэм’ер” Ф. Уэлсам пры вячэрнім абыходзе, калі ён заўважыў яркі бляск і зіхаценне, якія зыходзілі з кропкі на сценцы кар’ера. 

Сваю назву атрымаў у гонар уладальніка рудніка Т. Кулінана. Камень дзівіў усіх не толькі сваімі вагой і  памерам 10 x 6,5 x 5 сантыметраў – з’яўляўся абломкам буйнейшага крышталя, – але і дзіўнай чысцінёй, поўнай адсутнасцю мінеральных уключэнняў, бурбалак і расколін. 

Кошт дыямента быў такі высокі, што на працягу шэрагу гадоў на яго не знаходзілася пакупніка. Ён два гады быў выстаўлены на ўсеагульны агляд у банку ў Ёханэсбургу. 

Камень быў набыты за 150 000 фунтаў стэрлінгаў і падораны англійскаму каралю да дня яго нараджэння 9 лістапада 1907 года. 

Сучасныя эксперты-гемалогі лічаць, што пакупнікам унікальны камень дастаўся практычна дарма: па цэнах таго часу яго кошт складаўся не менш за 8 мільёнаў фунтаў, а цяперашні эквівалентны кошт – 94 тоны золата. 

У 1908 годзе “Кулінан” вырашана было разбіць на часткі і аграніць. Для гэтага яго адправілі ў Амстэрдам да знакамітых ювеліраў братам Асскор. Алмаз быў расколаты на 9 буйных частак і каля 100 дробных. 

Агранка камянёў была завершана ў 1912 годзе. Было атрымана 105 дыяментаў агульнай вагой 1063,65 карата, 34,25% ад масы зыходнага каменя. 9 самых буйных і знакамітых дыяментаў складаюць гонар англійскай кароны.

1947 год. Нарадзілася Святлана Акружная. 

Беларуская актрыса. Народная артыстка Беларусі.

Скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. З 1969 года працуе ў Беларускім нацыянальным драматычным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа.

Сыграла больш за 30 роляў у тэатры, а таксама ў кіно, у тым ліку, у фільмах “Плач перапёлкі”, “Зацюканы апостал” і іншых. Пра яе асаблівы талент напісана больш 450 нарысаў і артыкулаў у кнігах, часопісах, газетах і біяграфічных даведніках, зняты дакументальны фільм «Святлана» (рэжысёр А. Трафіменка).

1961 год. Нарадзіўся Уэйн Грэцкі

Знакаміты канадскі хакеіст. Унук выхадца з Гродзеншчыны Цярэнція Грэцкі. 

Адзін з самых вядомых спартсменаў XX стагоддзя. У Нацыянальнай хакейнай лізе, дзе Грэцкі атрымаў мянушку «Вялікі», ён усталяваў 61 рэкорд і неаднаразова заваёўваў індывідуальныя прызы Лігі, уключаючы 9 прызоў самаму каштоўнаму гульцу і 10 — лепшаму бамбардзіру сезону. 

Быў у ліку 5 спартсменаў, якія запалілі агонь Алімпіяды-2010 у Ванкуверы. 

Увайшоў у сімвалічную зборную стагоддзя «Centennial All-Star Team» Міжнароднай федэрацыі хакея з шайбай.

1972  год. Югаслаўка Вясна Вулавіч засталася жывой пасля падзення з самалёта з вышыні 10160 метраў. Рэкорд Кнігі Гінэса. 

Самалёт югаслаўскай кампаніі JAT, на якім яна была сцюардэсай, пралятаючы над нямецкай вёскай Хінтэрхермсдорф, узарваўся ў паветры, а яго абломкі ўпалі ў раёне чэхаславацкай вёскі Србска-Камяніцы. 

Вуловіч аказалася адзінай выжылай у гэтым рэйсе, паколькі знаходзілася ў хвасце самалёта і была прышпілена рамянямі бяспекі. 

Яна была некалькі сутак у коме, правяла некалькі месяцаў у шпіталях: пералом чэрапа, зламаныя абедзве нагі і тры пазванкі, з-за чаго некаторы час была паралізаваная ніжэй пояса. 

Пасля трагедыі, ужо не змагла быць сцюардэсай і працавала ў кампаніі JAT на адміністрацыйнай пасадзе.

1990 год. Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон «Аб мовах». Абвяшчэнне беларускай мовы дзяржаўнай. 

Закон аб мовах павінен быў спыніць татальную русіфікацыю Беларусі. Беларуская мова абвяшчалася адзінай дзяржаўнай у Беларусі, расійская мова — «мовай міжнацыянальных зносін».

Але на Рэферэндум 1995 года, разам з іншымі пытаннямі, першым было вынесена: «Ці згодныя вы з наданнем рускай мове роўнага статусу з беларускай?». 

Улетку 1998 года у Закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» былі ўнесены змены і дапаўненні. У адпаведнасці з імі была выключаная ўзнёслая прэамбула Закона і ўстаноўлены ў якасці дзяржаўных моваў беларуская і руская мовы. 

З прыняццем новай рэдакцыі Закона аб мовах ад 13 ліпеня 1998 года было спынена прыярытэтнае развіццё беларускай мовы, як і адменена дзяржаўная праграма яе развіцця.

Некаторыя сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што 1/3 беларусаў заяўлялі пра свабоднае валоданне беларускай мовай, але толькі каля 6 % беларусаў гавораць, што ўвесь час карыстаюцца беларускай мовай, амаль 74 % увесь час карыстаюцца рускай, а 21 % не карыстаюцца беларускай мовай наогул.

У афіцыйнай сферы выкарыстанне беларускай мовы вельмі абмежаванае. Справаводства ў Беларусі амаль цалкам рускамоўнае.

Назвы населеных пунктаў на дарожных паказальніках падаюцца, у асноўным, на беларускай мове, хоць часам сустракаюцца і рускамоўныя шыльды.

Удзельная вага вучняў школ з беларускай мовай навучання каля 10% і яна мае тэндэнцыю да скарачэння.

8 лістапада 2021 года Вярхоўны суд Беларусі ліквідаваў “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”.

1994 год. Памёр Алесь Адамовіч. 

Беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч.

Крытык, навуковец, кінасцэнарыст, публіцыст. Доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР, Саюза журналістаў СССР і Саюза кінематаграфістаў. 

Дырэктар Усесаюзнага НДІ кінематаграфіі, сустаршыня Міжнароднага фонду «Дапамога ахвярам Чарнобыля». Народны дэпутат СССР. Удзельнік працы Сойму БНФ. 

Найбольш вядомы па творах, якія экранізаваны – «Вайна пад стрэхамі», «Сыны сыходзяць у бой» (аўтар і выканаўца песень У. Высоцкі), «Хатынская аповесць», «Я з вогненнай вёскі», «Карнікі» (ляглі ў аснову сцэнару кінафільма «Ідзі і глядзі»).

Суаўтар «Блакаднай кнігі», аўтар серыі артыкулаў пра творчасць Максіма Гарэцкага, кніг публіцыстыкі.

У п. Глушы Бабруйскага раёна, дзе прайшло дзяцінства пісьменніка, ёсць вуліца яго імя, у 2018 адкрыты арт-аб’ект — «Прыпынак Адамовіча», у 2019 – адкрыты бюст.

2003 год. Памёр Уладзімір Мулявін. 

Беларускі і рускі артыст, спявак, кампазітар, народны артыст БССР і СССР, Заслужаны дзеяч культуры Польшчы, заснавальнік і мастацкі кіраўнік ансамбля «Песняры».

Працаваў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, у ансамблі Беларускай ваеннай акругі. Стварыў ВІА «Лявоны» (1968), які ў 1970 годзе змяніў назву на «Песняры».

У 1976 годзе гастраляваў з «Песнярамі» у ЗША разам з амерыканскай кантры-групай «Нью Крысці Мінстрэлс».

У яго творчай дзейнасці своеасаблівае выканальніцкае майстэрства спалучалася з глыбокім веданнем народнай песеннай творчасці, захаваннем і ўзбагачэннем яе лепшых традыцый. Аўтар шматлікіх апрацовак беларускіх народных песень, якія вызначылі стыль і творчую накіраванасць ансамбля, арганічна спалучаюць стылістыку беларускай народнай песеннасці і эстраднай музыкі.

Узнагароджаны медалём і  ордэнам Францыска Скарыны.

14 мая 2002 года трапіў у аўтакатастрофу, 26 студзеня 2003 года памёр у Маскве ў шпіталі імя Бурдэнкі.