Дзень у гісторыі. 17 лютага. Першы падзел Рэчы Паспалітай. Трагедыя Росіцы. Марш “недармаедаў”. Нарадзіліся археолаг К. Тышкевіч, падарожнік па Амерыцы К. Ельскі

Міжнародны Дзень спантанай праявы дабрыні (International Spontaneous Kindness Day, з 1998 года). 

Устаноўлены па ініцыятыве міжнародных дабрачынных арганізацый на канферэнцыі ў Токіа. У гэты дзень, як заклікаюць арганізатары, трэба імкнуцца быць добрым да ўсіх, і не проста добрым, а добрым бязмежна і бескарысліва.

Калі чалавек чакае падзякі за сваю дабрыню, гэта не можа лічыцца сапраўднай дабрынёй.

Добрыя справы самі па сабе павінны дастаўляць вам задавальненне, і пры гэтым, даючы нешта іншым ці дапамагаючы ім, вы не павінны чакаць узнагароды. Такая сапраўдная дабрыня.

Нямногія ў наш неспакойны час здольныя на такі “подзвіг” – у стане стомленасці і раздражненні ад надзённых клопатаў мы ўсё часцей абыякава праходзім міма чужых праблем, пакуль яны не закрануць нас саміх.

І тады мы шукаем падтрымку і ўдзел у людзей, для якіх “бескарыслівая дапамога”, “міласэрнасць” і “спагадлівасць” не проста словы, а сэнс жыцця, які стаў пакліканнем.

1772 год.  Прускі кароль Фрыдрых II і Кацярына II падпісалі Пецярбургскую канвенцыю аб першым падзеле Рэчы Паспалітай.  

5 жніўня 1772 года набыла моц аналагічная руска-аўстрыйская канвенцыя. У верасні 1772 года рускія, аўстрыйскія і прускія войскі занялі адпаведныя тэрыторыі. 

Рэч Паспалітая працягвала існаваць, але яе тэрыторыя істотна скарацілася. У верасні 1773 года кароль Станіслаў Панятоўскі прызнаў новыя межы, падпісаўшы мірныя дамовы з Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй. 

Наступныя падзелы Рэчы Паспалітай адбыліся ў 1793 і 1795 гадах.

1806 год. Нарадзіўся Канстанцін Тышкевіч. 

Беларускі археолаг, гісторык, краязнавец, адзін з заснавальнікаў беларускай археалогіі. На аснове ўласных калекцый разам з бацькам і братам стварыў Лагойскі музей старажытнасцей. 

Член навуковых таварыстваў Вільні, Кракава, Масквы, Прагі, Парыжа, Лондана. 

Адзін з заснавальнікаў Віленскага музея старажытнасцей, член Віленскай археалагічнай камісіі. Даследаваў каля 200 курганоў, гарадзішчаў і замчышчаў. 

У памяць аб вучоным з 2007 года праводзіцца водная экспедыцыя «Шляхам Тышкевіча» па Віліі. 

Памёр 13 ліпеня 1868 года.

1837 год. Нарадзіўся Канстанцін Ельскі. 

Беларускі вучоны-біёлаг, географ, геолаг і падарожнік.

Сваяк кампазітара С. Манюшкі.

Вучыўся ў  Маскоўскім і Кіеўскім універсітэтах. Адзін з першых у Расійскай імперыі дарвіністаў.

Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863-1864 гадоў ва Украіне. Жыў у эміграцыі. 

Займаўся геалагічнай практыкай у Турцыі, працаваў у парыжскім Прыродазнаўчым інстытуце, даследаваў Французскую Гвіяну ў Паўднёвай Амерыцы (1865-1869), Перу (1869-1878), Кардыльеры, вярхоўі Мараньёна – аднаго з вытокаў Амазонкі. Прэпараваныя ім пудзілы адпраўляліся ў музеі Еўропы, адных толькі павукоў даслаў каля 300 экзэмпляраў, адкрыў невядомыя віды жывёл. Сустваральнік і захавальнік прыродазнаўчага музея ў перуанскай Ліме.

Па вяртанні з Амерыкі, працаваў у Варшаве, захавальнікам прыродазнаўчых калекцый Кракаўскай акадэміі навук, у Турцыі, Германіі. Удзельнічаў у геалагічных экспедыцыях на французскі паўвостраў Брэтань, у балканскай Далмацыі.

У гонар вучонага названы від лаўра, некаторыя віды птушак і звяроў.

Памёр 26 лістапада 1896 года.

1937 год. У вёсцы Машанакі Магілёўскага раёна нарадзілася Зінаіда Бандарэнка. 

Герой Сацыялістычнай працы, Ганаровы хімік СССР.

Усё яе працоўнае жыццё прайшло на Магілёўскім вытворчым аб’яднанні «Хімвалакно»: прадзільшчыца, апаратчыца. Выбіралася ад калектыва Дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1976-1981). 

Упершыню ў СССР разам з напарніцай выйшла з брыгады каб на дваіх абслугоўваць адразу 15 станкоў. Пераможца пяці пяцігодак.

1938 год. Памёр у ГУЛАГу  Міхась Багун. 

Беларускі паэт, празаік, перакладчык.

Працаваў у газетах «Чырвоная Полаччына», «Літаратура і мастацтва», у Белдзяржвыдавецтве.

Аўтар лірычных рамантычна-акрыленых твораў: шэрагу зборнікаў, паэм. Пісаў і апавяданні для дзяцей.  Перакладчык на беларускую мову М. Астроўскага «Як гартавалася сталь», вершаў А. Пушкіна, У. Маякоўскага, Э. Багрыцкага і іншых.

Некаторыя яго вершы, пакладзеныя на музыку, увайшлі ў фальклорныя запісы.

Арыштаваны ў лістападзе 1936 года, прыгавораны да 8 гадоў пазбаўлення волі.

1943 год. Нацысты спалілі 1530 жыхароў, уключая двух каталіцкіх святароў, вёскі Росіца Верхнядзвінскага раёна. 

16-18 лютага тут прайшла карная аперацыя «Зімовы цуд». Карнікі звезлі мясцовых жыхароў у стайню і падпалілі яе. Святары Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра адмовіліся пакінуць сваіх парафіянаў і прынялі разам з імі пакутніцкую смерць.

У 1999 годзе Ян Павал II абвясціў ксяндзоў Ю. Кашыру і А. Ляшчэвіча блаславёнымі. 19 жніўня 2000 года ў Росіцы адбылося паўторнае асвячэнне касцёла.

Па колькасці ахвяр Росіца – трэцяя на Беларусі апасля в. Боркі Кіраўскага раёна (2000), былой в. Ала Светлагорскага раёна (1758 чалавек).

1949 год. Заступіў на пасаду першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вайцман (1874–1952). 

Ураджэнец м. Моталь пад Пінскам. Выбітны навуковец-хімік, палітык, прэзідэнт (1929-1946) Сусветнай сіянісцкай арганізацыі. Заснавальнік даследчага інстытуту, які цяпер носіць ягонае імя.

Ганаровы доктар Ерусалімскага універсітэта, Ганаровы грамадзянін Ерусаліма.

1952 год. Нарадзіўся Уладзімір Крываблоцкі. 

Беларускі мастак-манументаліст, жывапісец. Скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка (дыпломнай працай стаў вялізны два з паловай метры ў вышыню трыпціх «Хатынь»), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.

Маляваць пачаў у дзяцінстве, свае малюнкі дасылаў у газету «Піонэр Беларусі» і тройчы перамагаў у конкурсах.

Асновай творчасці з’яўляецца Беларусь, яе мінуўшчына, людзі, прырода. Прымаў удзел у рэканструкцыі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета, аздабленні будынку Нацыянальнай бібліятэкі.

Творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Беларускім гісторыі і культуры, Магілёўскім абласным мастацкім, Віцебскім краязнаўчым музеях.

Яго вітражы ўпрыгожваюць многія будынкі Мінска, Кобрына, Брэста, Цэнтральнага Батанічнага сада,  Ушацкага Музея народнай славы, Палаца Культуры Мсціслава. Паліпціх «Рэквіем» памерам 33 м² – у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. 

Жывапіс прысвечаны вязням канцлагеру ў Азарычах ствараўся 3,5 гады. За гэту працу быў вылучаны на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

«Зямля», мазаіка на фасадзе Брэсцкага электра-механічнага завода

1955 год. Нарадзіўся Уладзімір Вішнеўскі. 

Беларускі мастак-графік, кніжны ілюстратар, жывапісец, скульптар, педагог. Акадэмік графікі Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Загадчык кафедры графікі Беларускай Акадэміі мастацтваў. Выдатны майстар станковай і кніжнай графікі, працуе ў тэхніках афорта, літаграфіі, тэмперы.

Аўтар шматлікіх графічных серый, сярод іх «Птушкаловы», «Кірмаш спадзяванняў», «Пабудова чалавека», «Туга страчанага сусвету», ілюстрацый да кніг У. Ягоўдзіка, Якуба Коласа, К. Крапівы, А. Разанава, М. Лужаніна, Ф. Дастаеўскага, А. Пашкевіч (Цёткі).

За ілюстрацыі кніг «Вянок беларускіх народных песень» і «Палата кнігапісная» М. Нікалаева атрымаў дыпломы беларускіх рэспубліканскіх конкурсаў «Мастацтва кнігі».

Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, у прыватных зборах Беларусі і замежжа.

2013 год. Памёр Сакрат Яновіч. 

Беларускі, польскі пісьменьнік, публіцыст, грамадскі дзеяч Беласточчыны. Працаваў ў газеце «Ніва», узначальваў Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне, займаўся актыўнай літарганізатарскай дзейнасцю. У яго Villa Socrates праходзілі шматлікія беларускія і міжнародныя інтэлектуальныя спатканні. 

Аўтар зборнікаў апавяданняў і мініяцюр, каля 30 кніг, сярод якіх «Беларусь, Беларусь», «Доўгая смерць Крынак» і інш. Пераклаў на польскую мову «Вітражы» Я. Брыля, п’есу Я. Шабана «Шрамы» для Драматычнага тэатра імя Я. Вянгеркі ў Беластоку.

2017 год. У Мінску адбыўся «Марш абураных беларусаў» супраць прэзідэнцкага Дэкрэта № 3 і эканамічнай палітыкі ўлад. 

Удзельнічала больш за 2 000 чалавек. Арганізатарамі акцыі сталі апазіцыйныя палітыкі М. Статкевіч, У. Някляеў і іншыя. Марш прайшоў ад Кастрычніцкай плошчы па праспекце Незалежнасці да будынка Міністэрства па падатках і зборах Беларусі, каля якога адбыўся кароткі мітынг.

Затым пратэсты перакінуліся на іншыя гарады Беларусі: Гомель, Магілёў (каля 500 чалавек прайшлі па вуліцы Ленінскай), Брэст, Гродна, Віцебск і іншыя. Удзельнікі маршу актыўна даводзілі, што яны не “дармаеды”, і пратэставалі супраць уторгнення непразрыстай дзяржавы ў зоны асабістай свабоды грамадзян.

Дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», больш вядомы як Дэкрэт аб дармаедстве, быў выдадзены 2 красавіка 2015 года. Ён не адпавядае Канстытуцыі, міжнародным дагаворам і іншым заканадаўчым актам краіны. 

Падобны ўказ быў прыняты ў 1961 годзе ў СССР, там дармаедства адносілі да крымінальна-каральных злачынстваў.

Улады Беларусі рабілі спробы ўвесці падатковы збор з беспрацоўных грамадзян з 2013 года, з ініцыятывы прэм’ер-міністра М. Мясніковіча.