10 чэрвеня ў гісторыі. Сусветны дзень мадэрну. Палон Усяслава. Трагедыя Лідзіцэ. Нарадзіўся бард В. Аўраменка.

Сусветны дзень мадэрну (World Art Nouveau Day, з 2013 года).

Устаноўлены для прапаганды мастацтва высокага стылю мадэрн ў архітэктуры, жывапісу, паэзіі, музыцы, а таксама захавання яго спадчыны. Дата прымеркавана да дня скону выдатных прадстаўнікоў мадэрну Антоніа Гаўдзі і Эдэна Лехнера.

У Магілёве стыль мадэрн прадстаўлены будынкам сялянскага зямельнага банка, у якім зараз месціцца мастацкі музей імя П. Масленікава.

Міжнародны дзень геральдыкі (International Day of Heraldry).

Геральдыка, гербазнаўства – спецыяльная гістарычная навука, якая вывучае паходжанне, развіццё, грамадска-прававое значэнне і фармаванне герба і інстытут яго карыстання. 

Інтэнсіўнае развіццё геральдыкі ў ВКЛ пачалося пасля заключэння Гарадзельскай уніі 1413 года, калі 47 найбольш знатных родаў Княства атрымалі гербы.

У ХVІІ стагоддзі распаўсюдзілася гарадская геральдыка. Уласныя гербы мелі больш за 100 беларускіх гарадоў.

1067 год. Кіеўскія Яраславічы захапілі ў палон полацкага князя Усяслава Брачыславіча (1029-1101) і двух яго сыноў.

Гэта адбылося падчас сустрэчы “на Ршы”. Першая пісьмовая згадка пра Оршу. 

Пры Ўсяславе Чарадзеі Полацкае княства дасягнула сваёй магутнасці, быў пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор. 

Праз 4 месяцы пасля бітвы на Нямізе (1067), Яраславічы запрасілі Усяслава на перамовы, цалавалі крыж, што не зробяць благога. Але, як толькі Усяслаў пераплыў у чоўне Дняпро для перамоваў, Яраславічы парушылі цалаванне крыжа і схапілі князя з сынамі, адвезлі ў Кіеў і кінулі ў земляную турму. Праз 14 месяцаў, падчас паўстання 1068 года, кіеўляне вызвалілі Усяслава з поруба і абвясцілі вялікім князем кіеўскім.

1633 год. У Магілёве на Троіцу на Дняпры патапілася шмат людзей.

Гэта адбылося падчас пераправы праз раку з Магілёва ў Лупалава. Затануў паром разам з шматлікімі гараджанамі, святарамі.

1794 год. У Гродне ўтворана Цэнтральная дэпутацыя ВКЛ.

Выканаўчы органа паўстання 1794 года.

Заклікі Т. Касцюшкі да простага народа змагацца за незалежнасць выклікалі недавер сялян і сабатаж памешчыкаў. У сялян на працягу стагоддзяў выхоўвалася рабская псіхалогія. Яны, пакорлівыя сваім панам, не былі гатовыя да актыўных дзеянняў у якасці свядомых барацьбітоў за свае правы, за сваю свабоду. Усё гэта ўлічваў Касцюшка і ў кожным звароце да народа стараўся абудзіць яго свядомую актыўнасць, умацаваць веру ў перамогу.

А. Арлоўскі. Паўстанцы Т. Касцюшкі.

1883 год. Нарадзіўся Язэп Гапановіч (1883-1961).

Беларускі грамадскі дзеяч, прадпрымальнік

Быў членам Беларускага гуртка ў Варшаве. У пачатку 1920-х гадоў дзеяч беларускай кааперацыі на Віленшчыне, з ліпеня 1925 года стаў намеснікам старшыні Беларускага нацыянальнага камітэту ў Варшаве.

Быў уласнікам цагельні. Заснавальнік і старшыня Асветнага таварыства беларусаў у Варшаве (1937-1939), аплочваў памяшканне таварыства, дапамагаў незаможным беларускім студэнтам.

Выдаў зборнік вершаў С. Станкевіча «З майго ваконца» (1928). Дзеяч Беларускага камітэту ў Варшаве (1940-1944). Пасля 1956 года ўдзельнічаў у працы Варшаўскага аддзелу Беларускага грамадска-культурнага таварыства, спяваў у хоры таварыства.

Памёр 20 мая 1961 года.

1910 год. Памёр Мікалай Нікіфароўскі (1845-1910).

Беларускі этнограф, фалькларыст, краязнавец, сябра геаграфічнага таварыства, таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім універсітэце.

Рэдактар часопіса “Этнографическое обозрение”, паплечнік па даследаваннях магілёўца Паўла Шэйна (1826-1900).

Аўтар грунтоўных “Нарысаў Віцебскай Беларусі” (8 частак), “Нарысаў простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку”, “Простанародныя прыкметы і павер’і, прымхлівыя абрады і звычаі, легендарныя паданні пра асобы і мясціны” (змяшчае 2307 народных прыкмет, павер’яў, забабонаў, абрадаў, звычаяў). 

1917 год. У Менску выйшаў першы нумар газеты «Вольная Беларусь».

Беларускамоўная грамадска-палітычная, эканамічная і літаратурная газета нацыянальна-дэмакратычнага кірунку пад рэдакцыяй Язэпа Лёсіка.

Выдавалася Беларускім нацыянальным камітэтам, потым Таварыствам беларускай культуры да лістапада 1918 года.

Газета закрылася па заняцці Менска бальшавікамі.

1919 год. У Вільні ўтворана Цэнтральная беларуская рада Віленшчыны і Гродзеншчыны.

Гэта адбылося падчас працы Беларускага  з’езда Віленшчыны і Гродзеншчыны (9-10 чэрвеня). 

Рада – орган палітычнага прадстаўніцтва беларускага нацыянальнага руху Заходняй Беларусі на чале К. Дуж-Душэўскім і М. Кахановічам. Рада выступала ў абарону правоў беларусаў, спрыяла развіццю беларускай культуры, кааперацыі, займалася дабрачыннасцю на карысць пацярпелых ад вайны і дзяцей-сірот. У палітычнай дзейнасці прытрымлівалася актаў БНР.

Удзельнікі з’езда. Пасярэдзіне стаіць К. Дуж-Душэўскі.

1923 год. Памёр Міхал Федароўскі (1853-1923)

Беларускі і польскі фалькларыст, этнограф, археолаг.

Сабраў каля 1 500 беларускіх песенных і танцавальных мелодый, 5 000 беларускіх народных песень, каля 10 000 прыказак, сотні казак, загадак, якія выдадзеныя у 8-томнай працы “Люд беларускі”. Аўтар этнаграфічнай працы “Пружана і яе ваколіцы”.

1942 год. Нямецкімі войскамі сцёртая з твару зямлі чэшская вёска Лідзіцэ.

Непасрэднай падставай для расправы стала забойства Рэйнхарда Гейдрыха, пратэктара Багеміі і Маравіі, учыненае 27 мая 1942 года ў Празе. Жыхары вёскі былі абвінавачаныя ва ўкрывальніцтве чэхаславацкіх патрыётаў, якія здзейснілі замах.

Усё мужчынскае насельніцтва старэйшае за 15 гадоў, а гэта 172 чалавекі, было расстраляна, 195 жанчын былі адпраўленыя ў канцэнтрацыйны лагер Равенсбрук. З 98 дзяцей было пакінута 13 дзяцей узростам да аднаго года і прыдатныя для анямечвання. Астатнія дзеці былі забітыя ў газавай камеры ў лагеры смерці каля Хелмна. Усе будынкі вёскі былі спаленыя.

Трагедыя Лідзіцэ.

1958 год. Нарадзіўся Васіль Аўраменка.

Магілёўскі паэт, бард, пісьменнік, урач-неўрапатолаг па прафесіі.

Сталы аўтар часопіса “ARCHE”, удзельнік праекту “Радыё Свабода” “Барды Свабоды”, бардаўскіх канцэртаў, сябра клубу аматараў гісторыі і падарожжаў “Чароўны ўспамін”, аўтар паэтычных зборнікаў, кнігі пра інтымнае жыццё, неафіцыйнага гімну Магілёва.

1972 год. Нарадзіўся Пітэр Серафіновіч.

Брытанскі акцёр беларускага паходжання.

Пачаў працу на радыё BBC Radio 1, прымаў удзел у розных шоў на радыё і тэлебачанні, у тэлесерыялах на брытанскім і амерыканскім тэлебачанні.

Вядомы і ў якасці акцёра агучання, працаваў у рэкламе, дубляжы.

Яго брат Джэймс Серафіновіч – сцэнарыст і рэжысёр, сястра Хелен – замужам за сцэнарыстам Грэгэмам Лінеганам.

2020 год. Памёр Валерый Гаркуноў (1947-2020).

Беларускі глебазнавец, краязнавец, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар МДУ імя А. Куляшова.

Член геаграфічнага таварыства і таварыства глебазнаўцаў, галоўны рэдактар часопіса “Магілёўскі мерыдыян”.

Даследчык глеб Магілёўскай вобласці, аўтар 50 прац па структуры глебавага покрыва вобласці і ўсходняй Беларусі.

Дзень у гісторыі. 18 красавіка. Дзень помнікаў. Аблога Мсціслава. Стварэнне БДУ. Нарадзіліся друкар І. Фёдараў, археолаг Я. Тышкевіч, скульптар В. Магучы

Сусветны дзень радыёаматара (World radio amateur day).

Устаноўлены ў гонар заснавання 18 красавіка 1925 года ў Парыжы Міжнароднага саюза радыёаматараў. Менавіта ў гэты дзень, у сталіцы Францыі энтузіястамі радыёсправы быў створаны «Міжнародны радыёаматарскі саюз», закліканы аб’яднаць усіх людзей, якія займаюцца радыёаматарскай сувяззю, якая ў той час лічылася чымсьці фантастычным.

Свята таксама з’яўляецца нагодай падзякаваць і адзначыць працу радыёаматараў падчас стыхійных бедстваў – яны падтрымліваюць сувязь, калі іншыя «прафесійныя» сістэмы выходзяць з ладу.

Міжнародны дзень помнікаў і мясцін (International Day of Monuments and Places, з 1984 года).

Гэты дзень устаноўлены ў 1983 годзе Асамблеяй Міжнароднага савета па пытаннях аховы помнікаў і славутых мясцін, створанай пры ЮНЕСКА.

Свята – нагода яшчэ раз прыцягнуць увагу шырокай грамадскасці і прадстаўнікоў улады да пытанняў абароны і захавання розных мясцовых помнікаў і гістарычных мясцін і аб’ектаў сусветнай культурнай спадчыны.

На Беларусі ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА уваходзяць Нацыянальны парк “Белавежская пушча” (з 1992 года), замкавыя комплексы ў Міры, Нясвіжы, пункты геадэзічнай Дугі Струвэ. 

У папярэдні спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА уключаны Аўгустоўскі канал, Спаса-Праабражэнская царква і Сафійскі сабор у Полацку, Барысаглебская (Каложская) царква ў Гродне, культавыя збудаванні абароннага тыпу, драўляныя цэрквы Палесся.

Архітэктурны ансамбль праспекта Незалежнасці ў Мінску прэтэндуе на статус аб’екта Спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў складзе транснацыянальнай намінацыі з папярэдняй назвай “Сацыялістычная пасляваенная архітэктура ў краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы”.

У спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў Беларусі ўваходзяць: абрады “Калядныя цары”, “Юр’еўскі карагод”, Будслаўскі фэст, культура бортніцтва Беларусі і Польшчы, саломапляценне Беларусі.

1386 год. Вялікі князь смаленскі Святаслаў ўзяў у аблогу горад Мсціслаў.

Святаслаў лічыў Мсціслаў сваёй вотчынай на той падставе, што горад быў заснаваны ў 1135 годзе смаленскім князем Расціславам Мсціслававічам. У 1180 годзе смаленскі князь Раман Расціслававіч адпісаў паселішча ў валоданне свайму сыну Мсціславу, які пераўтварыў яго ў сталіцу ўдзельнага княства.

Ва ўмовах унутрыпалітычнай барацьбы ў ВКЛ вялікі князь смаленскі Святаслаў Іванавіч падтрымаў полацкага князя Андрэя Альгердавіча, спадзяючыся вярнуць страчаны раней Мсціслаў, аблажыў горад, аднак узяць яго не здолеў.

29 красавіка падышло вялікалітоўскае войска на чале з Свідрыгайлам, Карыбутам, Лугвенам і Вітаўтам. Бітва адбылася на рацэ Віхры, вялікалітоўскае войска перамагло, Святаслаў Іванавіч загінуў у бітве.

1510 год(?). Нарадзіўся Іван Фёдараў (Федаровіч, 1510–1583).

Усходнееўрапейскі друкар, пачынальнік друкарскай справы ва Украіне і ў Маскоўскай дзяржаве.

Месца яго нараджэння невядома, але, зыходзячы з геральдычнай трактоўкі друкарскага знака Фёдарава, некаторыя навукоўцы лічаць, што ён паходзіць дробнай заходнебеларускай ці палеска-падляшскай шляхты, падпісваўся радавым гербам Рагозаў «Шранява».

Вучыўся ў Кракаўскім універсітэце.

Працаваў друкаром ў Маскве. У 1564 годзе разам з Пятром Мсціслаўцам выдаў у Маскве першую дакладна датаваную расійскую друкаваную кнігу «Апостал», у 1565 – 2 выданні «Часоўніка».

У 1566 годзе з-за ганенняў Фёдараў і Мсціславец пакінулі Маскву і накіраваліся ў Беларусь. Заснавалі друкарню ў Заблудаве каля Беластока, надрукавалі «Евангелле вучыцельнае».

У канцы 1572 – пачатку 1573 года пераехаў у Львоў і заснаваў там першую ва Украіне друкарню, дзе ў 1574 выдаў першую ўкраінскую дакладна датаваную друкаваную кнігу «Апостал», потым надрукаваў у Львове «Азбуку».

Фёдараў у Астрожскай друкарні, у 1578 годзе надрукаваў новае выданне «Азбукі» з дапаўненнямі, пазней – Псалтыр і Новы Запавет, «Храналогію» Андрэя Рымшы – першы беларускі друкаваны каляндар і першы асобна выдадзены твор беларускай паэзіі, «Астрожскую Біблію».

Памёр 16 снежня 1583 года ў Львове.

1518 год. Вялікі князь і кароль польскі Жыгімонт Стары ажаніўся з Бонай Сфорцай.

Жыгімонт Стары (1467–1548), сын Казіміра Ягелончыка, унук Ягайлы. Бона Сфорца (1494–1557) – міланская прынцэса, вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта.

Бона Сфорца адыгрывала пры сваім мужы значную ролю ў палітычным жыцці дзяржавы, намагалася забяспечыць стальцы Польшчы і ВКЛ сыну Жыгімонту Аўгусту.

Разам займаліся мецэнацтвам, мелі значную бібліятэку, запрашалі да свайго двара вядомых скульптараў, архітэктараў, жывапісцаў, падтрымалі першадрукара Ф. Скарыну. Імкнулася ўзмацніць палітычную ўладу і эканамічную моц манархіі, абараняла дзяржаўныя землі ад незаконнага прысваення феадаламі.

Бона Сфорца правяла эканамічную рэформу – Валочная памера (1557) на прынцыпах інтэнсіўнага вядзення гаспадаркі, з выкарыстаннем меліярацыі, палепшанага севазварота, з унармаваным падаткаабкладаннем.

Паспрыяла пашырэнню найноўшых заходнееўрапейскіх кулінарных, культурных, тэхнічных дасягненняў, спажывецкіх прыхільнасцяў эпохі Рэнесансу ў Польшчы і ВКЛ. З яе дзейнасцю звязваюць з’яўленне або пашырэнне ў меню арыстакратыі экзатычнай усходняй садавіны – апельсінаў, лімонаў, гранатаў, фігаў, прыпраў – шафрану, фенхелю, імбіру, цынамону, цукру, а таксама аліўкаў,  разынак, мігдалаў, марцыпанаў, рысу і іншых. 

Найбольш яскравым новаўвядзеннем эпохі Боны лічыцца салата і іншая агародніна, а таксама ўвядзенне ў карыстанне відэльцаў.

Імем Боны Сфорцы была названа цэнтральная плошча мястэчка Моталь (зараз – плошча Леніна).

1563 год. Іван Фёдараў (1510–1583) і Пётр Мсціславец (?-1577) скончылі падрыхтоўку да друкавання ў Маскве першай кнігі «Апостал».

Кніга друкавалася з 19 красавіка 1563 да 1 сакавіка 1564 года. Гэта першая дакладна датаваная руская друкаваная кніга. Захаваўся 61 асобнік. Рыхтуючы яе да выдання, першадрукары правялі вялікую тэксталагічную і рэдактарскую работу, аб чым сведчыць Сымон Будны ў прадмове да Новага Запавету (Лоск, 1574).

48 заставак гэтай кнігі, надрукаваных з 20 дошак, 22 буквіцы і іншыя друкарскія аздабленні вызначаюцца высокім мастацкім майстэрствам.

Фёдараў (Федаровіч) і Мсціславец стварылі старадрукарскі стыль, які потым атрымаў вялікае пашырэнне ў мастацкім аздабленні друкаваных і рукапісных кніг. Шрыфт «Апостала» Фёдараў выкарыстоўваў і ў іншых сваіх выданнях.

1814 год. Нарадзіўся Яўстафій Тышкевіч (1814–1873).

Беларускі археолаг, гісторык, этнограф і краязнавец, граф.

Служыў у розных установах, у тым ліку ў канцылярыях віленскага генерал-губернатара, Чарнігаўскага, Палтаўскага і Харкаўскага генерал-губернатара, быў Барысаўскім павятовым маршалкам, ганаровым папячыцелем мінскай губернскай гімназіі.

На беларускіх землях вывучаў курганы, гарадзішчы і замчышчы. З’яўляўся членам Дацкага каралеўскага таварыства аматараў старажытнасцей, Стакгольмскай каралеўскай акадэміі выяўленчага мастацтва, гісторыі і старажытнасцей.

Заснаваў Віленскую археалагічную камісію і Віленскі музей старажытнасцей.

Аўтар прац археалагічнага і краязнаўчага характару.

Памёр 25 жніўня 1873 года ў Вільні.

У 2022 годзе пастаўлены помнік каля Акадэміі Навук у Мінску (фота).

1838 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Дыбоўскі.

Беларускі, расійскі, польскі заолаг, батанік, палеантолаг, мінеролаг і фалькларыст. Доктар мінералагічных навук. Брат Бенедыкта Дыбоўскага.

Скончыў Дэрпцкі ўніверсітэт.

За ўдзел у паўстанні 1863–1864 гадоў прыгавораны да турэмнага зняволення.

Працаваў у Дэрпцкім універсітэце. Даследаваў выкапнёвыя рэшткі Усходняй Прыбалтыкі, Сібіры, флору i фаўну Навагрудчыны i іншых частак Расійскай імперыі.

Збіраў беларускі фальклор. Апублікаваў «Беларускія прыказкі з Навагрудскага павета» (768 тэкстаў), «Беларускія загадкі з Мінскай губерні» (112 тэкстаў).

Памёр 27 ліпеня 1910 года.

1850 год. Памерла Ганна Цюндзявіцкая (Прушынская, 1803–1850).

Аўтарка папулярных гаспадарчых дапаможнікаў, папулярнай кулінарнай кнігі «Літоўская гаспадыня» (1848).

Збірала народныя кулінарныя і лекавыя рэцэпты, правярала іх на практыцы.

Некаторыя даследчыкі лічылі аўтарам «Літоўскай гаспадыні» В. Завадскую. Аўтарства Г. Цюндзявіцкай атрыбутавана прафесарам А. Мальдзісам.

Таксама Цюндзявіцкая падрыхтавала да друку дапаможнік “Гаспадарчы штогоднік”, які выйшаў ужо пасля яе смерці. Пакінула рукапіс працы пра сялянскія лекавыя рэцэпты.

1921 год. Пастанова Прэзідыума ЦВК ССРБ аб адкрыцці ў Мінску Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 

Першыя рэальныя крокі да яго стварэння зрабіў Народны сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі ў сакавіку 1918 года. Працу над праектам універсітэта ўзначальвалі М. Доўнар-Запольскі, Я. Карскі. Намаганнямі Беларускага нацыянальнага камісарыята ў Маскве і Беларускага культурна-асветнага таварыства ў Коўне былі створаны правобразы класічнага ўніверсітэта – Беларускі народны ўніверсітэт.

11 ліпеня 1921 года ў гарадскім тэатры абнародаваны тэкст Дэкрэта аб адкрыцці БДУ. Афіцыйна адкрыўся 30 кастрычніка 1921 года.  

Першым рэктарам стаў гісторык Уладзімір Пічэта.

1 лістапада 1921г. на трох факультэтах – рабочым, медыцынскім і грамадскіх навук – пачаліся заняткі для 1390 студэнтаў. Працавалі 14 прафесараў, 59 выкладчыкаў і 10 асістэнтаў.

Зараз у БДУ 26 факультэтаў, інстытутаў, 191 кафедра, 16 корпусаў, 8000 супрацоўнікаў,  25 500 студэнтаў.

1956 год. У в. Свенск Слаўгарадскага раёна нарадзіўся Віктар Несцяроўскі.

Украінскі географ, геолаг, доктар геалагічных навук, прафесар, дырэктар Геалагічнага музея Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта.

Скончыў Кіеўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Т. Шаўчэнкі. Працаваў у Інстытуце геалагічных навук НАН Украіны, у Кіеўскім ўніверсітэце імя Т. Шаўчэнкі.

Аўтар больш за 200 навуковых прац. Першаадкрывальнік Уладзімірэцкай бурштынавай зоны ў Ровенскай вобласці. Кіраўнік універсітэцкага аддзялення Мінералагічнага таварыства Украіны. Падрыхтаваў 5 кандыдатаў навук.

1959 год. Нарадзіўся Валерый Магучы.

Беларускі скульптар.

Скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў.

Удзельнік выставак у Мінску, Санкт-Пецярбургу, Германіі.

Працаваў у Віцебску. З 2018 года жыве ў г. Віфлеем, штат Нью-Гэмпшыр, ЗША.

Працуе ў манументальнай і станкавай скульптуры. Аўтар помнікаў паэтэсе Е. Лось, М. Шагалу, І. Салерцінскаму, герба  Віцебска, дыптыха скульптур «Асклепій» і «Гіпакрат», мемарыяльных дошак З. Азгуру, В. Быкаву, шэрагу медалёў.

2019 год. Зацверджаны герб і сцяг Магілёўскага раёна.

Фота з адкрытых крыніц.