Усе міні-палігоны адыходаў зачыняць – абяцае Мінпрыроды трэці год запар

У Беларусі за 2023 год плануюць зачыніць усе міні-палігоны цвёрдых бытавых адыходаў – інфармуе БелТА са словаў супрацоўніцы Мінпрыроды Кацярыны Нясцюк.

У мінулым годзе па краіне быў рэкультываваны 61 міні-палігон і застаецца яшчэ 55. У планах міністэрства прадугледжана поўная іх ліквідацыя на працягу 2023 года. Але ж такія самыя мэты па закрыцці міні-палігонаў былі і два гады назад, калі Мінпрыроды абяцаў іх зачыніць да 31 снежня 2021 года.

Завод у Бабруйску так і не з’явіўся.

У жніўні 2021 года упраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі Магілёўскага аблвыканкама анансавала будаўніцтва трох рэгіянальных палігонаў з заводамі па перапрацоўцы адыходаў – у Бабруйску, Магілёве і Крычаўскім раёне.

Першы з іх, завод у Бабруйску магутнасцю 100 000 тон для абслугоўваня горада, а таксама Бабруйскага, Глускага, Кіраўскага, Клічаўскага і Асіповіцкага раёнаў павінен быў запрацаваць да 2022 года. Прайшло больш года, а завод так і не пачаў сваю дзейнасць. У жніўні 2022 года планы памяняліся і тэрміны ўвядзення адсунуліся на пачатак 2023 года – паведамляла “Звязда”.

Аналагічны бабруйскаму павінны з’явіцца заводы і ў Магілёве да 2025 года, у Крычаўскім раёне – да 2028 года, але аб ходзе выбару пляцоўкі, праектавання, будоўлі пакуль мала яснасці.

Вядома толькі, што магілёўскі завод будзе абслугоўваць сваю зону – абласны цэнтр, Бялыніцкі, Быхаўскі, Горацкі, Дрыбінскі, Круглянскі, Чавускі, Магілёўскі, Шклоўскі раёны. Астатнія раёны вобласці на ўсходзе – Крычаўскі, Клімавіцкі, Касцюковіцкі, Краснапольскі, Мсціслаўскі, Слаўгарадскі, Хоцімскі, Чэрыкаўскі – будуць свае адкіды перавозіць для перапрацоўкі пад Крычаў (за 30-70 км).

Фота мае ілюстрацыйны характар

Расійскія вайскоўцы занялі Асіповіцкі артылерыйскі палігон

Беларускія ваенныя інструктары навучаюць ваяваць мабілізаваных на вайну расійскіх рэзервістаў пад Асіповічамі. Рэха выбухаў стала мясцовай штодзённасцю. 

Афіцыйна анансавана, што ў Беларусь на розныя палігоны ў бліжэйшы час прыбудуць 9 тысяч расійскіх салдат. Частка з іх размешчана на Магілёўшчыне.

Мясцовыя жыхары адзначаюць, што расіяне пачалі прыбываць у Асіповічы яшчэ да таго, як было афіцыйна абвешчана аб стварэнні “сумеснай групоўкі войскаў”. Сур’езных канфліктаў паміж расіянамі і беларусамі пакуль не назіраецца. Хаця любоў мабілізаваных ваяк да паходаў у харчовыя магазіны за так званымі “моцнымі” прадуктамі штодзённага ўжывання, асіпаўчане ўжо прыкмецілі.  А да кананады ад выбухаў тутэйшы люд ужо прызвычаіўся. 

“Сталіцай беларускай артылерыі” пафасна называе Асіповічы дзяржаўная прэса. У савецкія часы ў горадзе кватаравала артылерыйская дывізія. Цяпер жа ў ваенным гарадку Паўднёвы суседнічаюць 51-я гвардзейская артылерыйская брыгада, 336-я рэактыўная артылерыйская брыгада і 465-я ракетная брыгада. 

фота: sb.by

Не дзіўна, што на палігоне пад Асіповічамі вядзецца падрыхтоўка расійскіх артылерыстаў. 

 

Асіповічам 150 год. Экскурс у гісторыю гораду

Юбілей Асіповічы адзначылі на прамінулых выхадных – 6-7 жніўня. Паводле афіцыйнай інфармацыі, святкавалі яго з размахам.

«Сотні жыхароў гораду былі задзейнічаны ва ўрачыстым шэсці прадпрыемстваў, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, – паведаміла мясцовая раёнка. – На галоўнай плошчы гораду яблыку не было дзе ўпасці. Прыкавала ўвагу шматлікіх гледачоў сваім выступленнем рота Ганаровай варты Мінскай ваеннай камендатуры ў суправаджэнні ваеннага аркестра».

Асіповічы, як “цэнтр сусвету”

Асіповічы, адзін з самым «маладых» райцэнтраў Магілёўшчыны, але пасля Магілёва і Бабруйску – найвялікшы горад рэгіёну. Тут жыве амаль 30 тысяч чалавек.

 

Асіповічы буйны чыгуначны вузел. Цягнікі разыходзяцца тут на захад у бок Слуцка, поўнач – у Мінск, поўдзень – у Бабруйск і Гомель і на ўсход у Магілёў. Ад Асіповічаў да сталіцы 90, а да Магілёва – 140 кіламетраў.

 

Лічыцца, што ад 18 стагоддзя на месцы Асіповіч была аднайменная вёска. Яе насельніцтва займалася земляробствам, рыбалоўствам, паляваннем ды сплаўляла лес. З гістарычных звестак вядома, што ў 1777 годзе ў ёй было 16 сялянскіх двароў. Ёю валодаў Дамінік Еранім Радзівіл – апошні прадстаўнік нясвіжскай мужчынскай лініі роду Радзівілаў.

Чым славуты Дамінік Еранім Радзівіл

З 1810 году ён служыў у войску Княства Варшаўскага, меў званне палкоўніка. У чэрвені 1812 годзе наперадзе свайго палку ачоліў урачысты ўваход войскаў Напалеона ў Вільню, калі той паабяцаў свабоду і незалежнасць Вялікаму Княству Літоўскаму і Рэчы Паспалітай.

Дамінік Еранім Радзівіл удзельнічаў у напалеонаўскай выправе на Маскву, за ўдзел у бітве пад Смаленскам узнагароджаны Ордэнам Ганаровага легіёну.

З кастрычніка 1812 году атрымаў званне маёра Імператарскай Гвардыі, браў удзел у бітве пад Ліпскам. Атрымаўшы цяжкую кантузію ў бітве пад Ханаў, памёр у Францыі 11 лістапада 1813 году.

Улады Расейскай імперыі арыштавалі маёнткі Дамініка Радзівіла за ўдзел яго ў вайне на баку Напалеона.

З вёскі да гораду…

Асіповічы разрасліся да памераў мястэчка, а затым гораду падчас будаўніцтва Лібава-Роменскай чыгункі ў другой палове XIX стагоддзя. Асіповічы – сталі першым паселішчам сучаснай Магілёўшчыны, дзе праклалі чыгунку. У Магілёве тагачасная прыкмета цывілізацыі з’явілася толькі напачатку 20 стагоддзя.

Асіпаўчане лічаць сімвалам гораду помнік паравозу, а дзень чыгуначніка святкуюць тут з асаблівым размахам.

Подзьвіг партызана

У 1943 годзе на станцыі Асіповічы партызан Фёдар Крыловіч знішчыў чатыры нямецкія эшалоны з палівам, снарадамі і танкамі «Тыгр». Гэтая дыверсія ў тым ліку паспрыяла перамозе Савецкіх войск у бітве на Курскай дузе.

За подзвіг Кірыловіча ўзнагародзілі ў 1949 годзе ордэнам Леніна і тое, дзякуючы заступніцтву будучага кіраўніка савецкай Беларусі Кірыла Мазурава. Помнік герою паставілі толькі ў 2009 годзе, калі Беларусь была незалежнай.

Асіповічы – горад артылерыстаў-ракетчыкаў

У Асіповічах за савецкім часам было некалькі буйных вайсковых частак. Цяпер тут дыслакуюцца артылерысты-ракетчыкі. Непадалёк ад райцэнтру распрасціраецца вайсковы палігон, які выкарыстоўваецца падчас беларуска-расійскіх манеўраў.

Фота з рэсурсаў: gzt-akray.by, planetabelarus.by, be-tarask.wikipedia.org, ekskursii.by