Дзень у гісторыі. 2 чэрвеня. Магілёўцам вярнулі цэрквы. Заснаваны Байканур. Новачаркаск залілі крывёй. Нарадзіліся Ю. Віцьбіч, Э. Малафееў, К. Карстэн.

Дзень адмовы ад празмернасцяў у ежы. Дзень здаровага харчавання  (A Day of Abandoning Excesses in Food. Day of Healthy Eating, з 2011 года). 

Праводзіцца ў процівагу амерыканскаму святу “Нацыянальны дзень, калі можна есці ўсё, што хочацца”.

Цікавыя факты. 

Па папулярнасці ў свеце сярод прадуктаў на першым месцы знаходзяцца макароны, на другім і трэцім – мяса і рыс.

Здароўе чалавечага арганізма на 74% залежыць ад той ежы, якую ён спажывае.

На планеце толькі 44% жыхароў пры выбары прадуктаў харчавання кіруюцца меркаваннямі здароўя. Астатнія 66% выбіраюць прадукты сыходзячы з іх кошту.

1633 год. Выйшаў загад караля Уладзіслава IV Вазы аб магілёўскіх цэрквах.

Жыхарам Магілёва вярталіся ўсе праваслаўныя цэрквы, якія былі зачынены і  запячатаны ў 1619 годзе. Гэта адбылося пасля паўстання гараджан 1618 года.

Увосень 1618 года ўніяцкі мітрапаліт І. Кунцэвіч пажадаў наведаць Магілёў і абярнуць жыхароў ва ўніяцтва, аднак жыхары горада пры яго набліжэнні сталі біць трывогу ў вечавы звон. Былі зачынены ўсе гарадскія вароты, на сценах і валах былі расстаўлены ўзброеныя людзі. Пасля гэтага ўлады горада разам з натоўпамі народа з харугвамі ў руках выйшлі насустрач Кунцэвічу, пачалі праклінаць яго як вераадступніка і нават пагражалі забіць, калі ён не адыдзе ад Магілёва. Паўстанне ўзначальваў бурмістр Магілёва Багдан (Мірон) Собаль.

Пасля гэтага Кунцэвіч асабіста адправіўся са скаргай у Варшаву да караля Жыгімонта III. Паводле каралеўскага ўніверсала ад 22 сакавіка 1619 года ўсе завадатары паўстання ў ліку 20 чалавек павінны былі быць пакараныя, на горад быў накладзены буйны штраф на карысць казны, а ўсе праваслаўныя цэрквы і манастыры з іх маёнткамі і прыбыткамі былі перададзены ў падпарадкаванне Кунцэвічу. 

Пры гэтым у рашэнні спецыяльна згадана, што справа тычыцца не прыгнёту веры, а бунту і абразы не толькі архімандрыта, але і самога караля. Акрамя таго, 20 лістапада кароль забараніў жыхарам Магілёва будаваць цэрквы без дазволу Кунцэвіча.

Кароль Уладзіслаў IV Ваза.

1792 год. Наданне каралём С. Панятоўскім герба Браславу “Вока Божае”.

У хрысціянскай іканаграфіі вока ў цэнтры сонечных прамянёў або ў трохвугольніку з’яўляецца агульнавядомым сімвалам чароўнай сілы або ж Тройцы.

Вока сімвалізуе назіранне Бога за жыццём і дзеяннямі людзей, трохкутнік – трыадзінства Бога – Айца, Сына і Духа Святога. Сонца з найстаражытнейшых часоў з’яўляецца сімвалам жыцця, агню, які валодае ачышчальнай сілай.

“Вока Божае” на гербе Браслава ў сімвалічнай форме перадае Божую апеку над горадам, захоўвае яго ад усіх бед. Выява чалавечага вока шырока выкарыстоўваецца для ўпрыгажэння алтароў ў храмах і на прадметах культавага прызначэння.

Цяперашні герб зацверджаны 20 студзеня 2006 года. У краязнаўчым музеі Браслава сабраны шматлікія дакументы з выявай гарадскога сімвала. Больш чым за два стагоддзі свайго існавання ізаграфія герба практычна заставалася нязменнай. Герб Браслава адносіцца да гісторыка-геральдычных помнікаў Беларусі.

1905 год. Нарадзіўся Юрка Віцьбіч (Стукаліч, Алесь Крыжаніч; сапраўднае імя – Серафім Шчарбакоў; 1905-1975).

Беларускі пісьменнік, дзеяч беларускай эміграцыі.

У студзені 1941 года арыштаваны ДПУ. Падчас вайны – член Цэнтральнага ўрада Беларускага культурнага згуртавання, у 1944 годзе выдаў зборнікі публіцыстыкі “Вяліскія паўстанцы. Гэньдзікаўскія змагары”, “Нацыянальныя Сьвятыні”, быў рэдактарам часопіса “Узвышша”.

У 1943 годзе перавёз з Віцебска ў Полацк рэшткі Еўфрасінні Полацкай, якія там знаходзяцца і сёння, спрыяў аднаўленню Полацкай праваслаўнай епархіі. З 1944 года – на эміграцыі.

У 1946 годзе разам з Н. Арсенневай стварыў літаратурнае аб’яднанне “Шыпшына”. Рэдагаваў шэраг беларускіх газет, у тым ліку “Беларускае слова”, выступаў на Радыё “Свабода”. Аўтар цікавых гістарычных нарысаў “Плыве з-пад Святой гары Нёман”. Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рыверы.

Помнік змагарам за свабодную Беларусь у Саўт-Рывер.

1942 год. Нарадзіўся  Эдуард Малафееў

Футбаліст, беларускі і расійскі трэнер па футболу, нападнік зборнай СССР, Заслужаны майстар спорту СССР, Заслужаны трэнер БССР і СССР.

Гулец за маскоўскі “Спартак”, у 1963-1974 – у мінскім “Дынама” (забіў 114 галоў), у 1963-1968 гадах гуляў за зборную СССР. Срэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы 1964.

Пасля заканчэння кар’еры перайшоў на трэнерскую працу. У 1978 г. узначаліў мінскае «Дынама», якое прывёў да золата чэмпіянату СССР (1982). Пазней яшчэ два разы вяртаўся ў «Дынама» (1988-1991, 2001-2002).

У 1984-1986 гадах быў галоўным трэнерам зборнай СССР, якая пад яго кіраўніцтвам перамагла ў адборачным турніры да чэмпіянату свету 1986.

Пазней трэніраваў розныя клубы Расіі, Беларусі і Літвы. У 2000-2003 быў галоўным трэнерам зборнай Беларусі, якую прывёў да лепшага дасягнення (3 месца ў адборачным турніры да чэмпіянату свету 2002).

У снежні 2009 года быў прызначаны галоўным трэнерам салігорскага «Шахцёра». Абяцаў прывесці клуб да залатых медалёў чэмпіянату, але з-за хваробы пакінуў пасаду галоўнага трэнера ўжо ў маі 2010 года.

1955 год. Прынята Пастанова Савета Міністраў “Аб новым палігоне для Міністэрства абароны СССР” – Байканура.

Будаўніцтва касмадрома ішло ў пустыннай казахскай мясцовасці ў рэжыме найстрогай сакрэтнасці. 

У маі 1957 года з палігона быў зроблены першы пуск міжкантынентальнай балістычнай ракеты Р-7, потым – першы ў гісторыі штучны спадарожнік Зямлі (4 красавіка 1957), першы касмічны карабель з чалавекам на борце (Ю. Гагарын, 12 красавіка 1961). 

З Байканура ляталі ў космас і пяць беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, уключаючы і першую жанчыну-касманаўта В. Церашкову (бацька У. Церашкоў родам з в. Выйлава Бялыніцкага раёна, загінуў на фінскай вайне; маці – А. Церашкова родам з в. Ерамееўшчына Дубровенскага раёна).

1962 год. Падаўлены стыхійны мітынг і дэманстрацыя працоўных Новачаркаска Растоўскай вобласці.

Заліты крывёй з дапамогай войск Паўночна-Каўказскай ваеннай акругі. Жыхары пратэставалі супраць павышэння коштаў на прадукты харчавання. Падчас вайсковай аперацыі па “навядзенні парадку” былі забітыя 23 чалавекі, каля 40 чалавек атрымалі раненні. Зроблены масавыя арышты. У ходзе судовага разбору над удзельнікамі хваляванняў у Новачаркаску 14 чалавек былі прызнаны арганізатарамі беспарадкаў, 7 чалавек прыгавораны да расстрэлу, астатнія – да заключэння на тэрмін ад 10 да 15 гадоў.

Як сказана ў пастанове Вярхоўнага Савета Расіі “Аб падзеях у г. Новочеркаску ў чэрвені 1962 года” ад 22 мая 1992 года, “партыйна-савецкімі ўладамі ў г. Новачаркаску была жорстка задушана з ужываннем войскаў мірная дэманстрацыя працоўных, якія патрабавалі паляпшэнні свайго сацыяльна-эканамічнага становішча. Загінулі і атрымалі раненні дзясяткі ні ў чым не вінаватых людзей, у тым ліку жанчыны і дзеці. Многія ўдзельнікі падзей былі падвергнутыя судовай расправе за дзеянні, якія з’явіліся адказам на неправамерныя і правакацыйныя паводзіны ўладаў”.

1970 год. Нарадзіўся Віталь Шкраба (1970-2008).

Беларускі прафесійны баксёр, двухразовы чэмпіён Беларусі ў суперцяжкай вазе (97 кг). Праводзіў баі з многімі вядомымі баксёрамі, у тым ліку  з М. Валуевым і М. Паповым.

17 ліпеня 2008 года знойдзены мёртвым з нажом у грудзях у сваёй кватэры ў Салігорску. Версія следства – самагубства.

1972 год. Нарадзілася Кацярына Карстэн (дзявочае – Хадатовіч).

Беларуская вяслярка ў акадэмічным веславанні, “Кацярына Вялікая беларускага веславання”. Першая двухразовая алімпійская чэмпіёнка ў алімпійскай камандзе Беларусі (1996, 2000); шасціразовая чэмпіёнка свету. Заслужаны майстар спорту СССР. Першы поўны кавалер ордэна Айчыны (2008). 

У 1998 годзе выйшла замуж за нямецкага бізнесмена В. Карстэна. Жыве ў Германіі.

Падпісала адкрыты ліст спартыўных дзеячаў краіны, якія выступаюць за дзеючую ўладу Беларусі пасля жорсткіх падаўленняў народных пратэстаў у 2020 годзе.

2009 год. Зацверджаны герб Лепеля.

Герб «у чырвоным полі Пагоня» дараваны гораду 20 ліпеня 1852 года.

17-тысячны горад згадваецца з 1439 года. Меўся замак, гандлёвы порт. У свой час належыў Л. Сапегу, у 1772-1776 гадах быў сталіцай Полацкага ваяводства. У горадзе працуюць прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі, дрэваапрацоўчай і харчовай прамысловасці, ГЭС.

Дзень у гісторыі. 12 сакавіка. Канец савецка-фінскай вайны. Азарыцкія лагеры смерці. «Салідарныя з Беларуссю». Пашырэнне НАТА. Нарадзіўся П. Лепяшынскі

1851 год. Памёр Ян Баршчэўскі (1794-1851).

Беларускі і польскі літаратар, выдавец, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.

Вядомы за свой найбуйнейшы твор «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», паводле якога на “Беларусьфільме” зняты фільм В. Туравым.

Аўтар вершаў на беларускай мове, паэм, балад, аповесцей, «Нарыса паўночнай Беларусі». Яго вершы «Дзеванька», «Гарэліца» пакладзены на музыку А. Абрамовічам.

Скончыў Полацкі езуіцкі калегіум. Падарожнічаў па наваколлях возера Нешчарда, па Беларусі, у тым ліку па  Мсціслаўшчыне. Збіраў беларускі фальклор, апісваў курганы і гарадзішчы.

Выкладаў на Беларусі, у Пецярбургу. Выконваючы даручэнні марскога ведамства, пабываў у Францыі, Вялікабрытаніі і Фінляндыі. Сябраваў з А. Міцкевічам, Т. Шаўчэнкам, Г. Шапялевічам.

Займаўся выданнем штогадовага альманаха «Niezabudka» (1840-1844).

Па запрашэнні польскага пісьменніка Г. Жавускага пераехаў у г. Чуднаў на Валыні. Пасяліўся ў доме графіні Ю. Жавускай, дзе таксама жыў мастак-графік Напалеон Орда. Ва Украіне збіраў матэрыялы пра археалагічныя аб’екты, падарожнічаў.

Памёр ад сухотаў. Пахаваны ў Чуднаве.

У красавіку 2019 года ў Чудніве была ідэнтыфікаваная магільная пліта Я. Баршчэўскага, яна месцілася на адным з прыватных падворкаў, куды была калісьці перанесеная з разрабаваных за савецкім часам каталіцкіх могілак. На надмагіллі надпіс па-польску: «Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей. Пісьменнік натхненняў і пачуцця. Жыў годна 70 гадоў».

У гонар пісьменніка пастаўлены помнікі на беразе возера Нешчарда, у Чуднаве.

Тытульны ліст кнігі «Шляхціц Завальня». Мастак Рудольф Жукоўскі

1868 год. У в. Студзянец сённяшняга Клімавіцкага раёна нарадзіўся Панцеляймон Лепяшынскі (1868-1944).

Выхаванец магілёўскай гімназіі. Прафесійны рэвалюцыянер, доктар гістарычных навук. Паплечнік У. Леніна. Стваральнік Ліцвінавіцкай школы-камуны.

Працаваў у наркамасветы, Маскоўскім універсітэце і Камуністычнай Акадэміі, дырэктарам гістарычнага музея, Музея рэвалюцыі ў Маскве. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Камісіі па распрацоўцы гісторыі РКП(б).

Аўтар драм, рамана, аповесці, апавяданняў, успамінаў, навуковых прац па гісторыі, народнай асветы, пра А. Грыбаедава, М. Салтыкова-Шчадрына і іншых.

Памёр 30 верасня 1944 года.

У Беларусі існуе Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Лепяшынскага за лепшы публіцыстычны твор.

Яго імя носіць вуліца ў Магілёве. У Чэрыкаве таксама ёсць вуліца Лепяшынскага, але ў гонар его брата – Мадэста, стваральніка Леменскай школы-камуны каля Чэрыкава.

У 1986 годзе зняты мастацкі фільм «Нетерпение души» аб стварэнні Ліцвінавіцкай школы-камуны, дзе ў ролі Лепяшынскага зняўся В. Ціханаў. У аграгарадку Ліцвінавічы Кармянскага раёна працуе мемарыяльны музей П. Лепяшынскага.

1871 год. У Парыжы памёр Леанард Ходзька (1800-1871).

Беларускі і польскі гісторык, публіцыст, выдавец.

Сябра таварыства філарэтаў, паплечнік А. Міцкевіча, Я. Чачота, Т. Зана, быў сакратаром кампазітара М. Агінскага.

З 1822 года на эміграцыі, жыў у Парыжы.

Аўтар паэм, біяграфіі Т. Касцюшкі, «Папулярнай гісторыі Польшчы», выдаў зборнікі твораў А. Міцкевіча, І. Красінскага, мемуары М. Агінскага, працы па гісторыі, геаграфіі, статыстыцы, у тым ліку «Польшча», у якой шмат матэрыялаў пра Беларусь.

Сабраў 125 тамоў дакументаў па гісторыі Польшчы, Беларусі, Украіны.

1922 год. Памёр пры загадкавых абставінах Кузьма Цярэшчанка (1888-1922).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч.

Скончыў Маскоўскі сельскагаспадарчы інстытут. У час вучобы ў Маскве актыўны ўдзельнік беларускага студэнцкага гуртка.

Старшыня Пскоўскай беларускай рады, дэлегат з’езда беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту ў Віцебску і Усебеларускага з’езда ў Мінску, член Віленскай беларускай рады.

У 1919 годзе быў камісарам Міністэрства беларускіх спраў Літоўскай тарыбы ў Беластоку, Гродне, міністр унутраных спраў БНР.

З восені 1919 года старшыня Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску, адзін з кіраўнікоў Цэнтральнага Беларускага саюза сельскай гаспадаркі. Член Найвышэйшай Рады БНР.

Працаваў на адказных пасадах у Цэнтральным Беларускім саюзе сельскай гаспадаркі.

1932 год. Заснавана Краснапольская раённая газета “Чырвоны сцяг. Краснаполле».

З моманту заснавання называлася “Чырвоны сцяг”, затым – “Голас Краснапольшчыны”.

Перыядычнасць выхаду: серада, субота. За час выдання выйшла 10784 нумары.

1940 год. Падпісанне мірнага дагавору паміж СССР і Фінляндыяй. Канец савецка-фінскай вайны (30 лістапада 1939 – 12 сакавіка 1940).  

Вайна фармальна не аб’яўлялася, але СССР афіцыйна разарваў дыпламатычныя адносіны з Фінляндыяй.

Прычынай для вайны быў названы інцыдэнт артылерыйскага абстрэлу тэрыторыі СССР.  Праз шмат гадоў М. Хрушчоў пісаў, што гэты абстрэл быў арганізаваны савецкім камандармам 1-га рангу Р. Куліком.

Стратэгічнае становішча СССР па выніках вайны пагоршылася: быў падарваны яго міжнародны аўтарытэт, Ліга Нацый выключыла яго са сваіх членаў, Фінляндыя адышла ад палітыкі нейтралітэту і зблізілася з Германіяй.

У захопніцкай, вельмі непапулярнай у народзе  вайне СССР паказаў сваю слабасць: 131 476 забітымі і згінуўшымі без весткі (страты фінаў – 22 830), 200 000 параненых, 51 000 захварэўшых. Страты 406 самалётаў супраць 62 фінскіх, 653 танкаў супраць 50 фінскіх.

За баявыя подзвігі ў савецка-фінляндскай вайне 20 беларусам і ўраджэнцам Беларусі было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, у тым ліку В. Кучараваму з Чэрыкава, І. Саламонікаву з-пад Магілёва, А. Целешаву з-пад Чавус. 

1944 год. Нямецкімі захопнікамі створаны тры Азарыцкія лагеры смерці ў Даманавіцкім (зараз Калінкавіцкі) раёне ў якасці жывой заслоны на шляху наступу Чырвонай арміі.

Створаны па загаду камандзіра 9-й арміі Ё. Гарпэ. У лагеры прыгналі каля 50 000 жыхароў Гомельскай, Магілёўскай і Палескай абласцей БССР, Смаленскай і Арлоўскай РСФСР.

Папярэдне ў лагеры завезлі хворых на сыпны тыф, каб сарваць наступ Чырвонай арміі за кошт эпідэміі сярод вайскоўцаў.

19 сакавіка 1944 года наступаючыя часткі Чырвонай арміі знайшлі гэтыя лагеры на балотах. Подступы да іх былі замінаваныя. Ніякіх пабудоваў, нават лёгкага тыпу, на тэрыторыі лагераў не было. Зняволеныя размяшчаліся на зямлі. Ім было забаронена разводзіць вогнішчы, збіраць галлё для падсцілкі.

З  трох лягераў вызвалілі 33 480 чалавек, з іх 15 960 (48 %) дзяцей да 13 гадоў і 13 072 (39 %) жанчынаў, 4 448 (13 %) старых.

У 1965 годзе на месцы лагераў узвялі мемарыяльны комплекс, у 2004 годзе ў Азарычах адчынілі Музей памяці.

2006 год. На Замкавай плошчы ў Варшаве прайшоў першы канцэрт пад лозунгам «Салідарныя з Беларуссю».

Праведзены напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

“Салідарныя з Беларуссю” – серыя канцэртаў, праведзеных польскай грамадскай арганізацыяй Ініцыятыва «Вольная Беларусь» у Варшаве на Замкавай плошчы. На канцэртах выступалі польскія і беларускія музыкі Л. Вольскі, Зм. Вайцюшкевіч, А. Кулінковіч, Руся і іншыя.

Другі канцэрт быў праведзены 25 сакавіка 2007, трэці – 30 сакавіка 2008 года.

1988 год. Нарадзілася Марына Літвінчук (Паўтаран).

Беларуская вяслярка на байдарцы. Трохразовая чэмпіёнка свету, шасьціразовая чэмпіёнка Еўропы, двухразовы бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў (2012, 2016).

Чэмпіёнка Еўропы 2011 году ў гонцы-адзіночцы на 5000 м, прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы.

1999 год. У блок НАТА ўступілі Чэхія, Польшча і Венгрыя.

Гэта было 4-е пашырэнне ваенна-палітычнай арганізацыі краін Паўночнай Амерыкі і Еўропы, створанай на падставе Паўночнаатлантычнага дагавора ад 4 красавіка 1949 года. І першы выпадак уступлення былых сацыялістычных краін, былых членаў Варшаўскай дамовы 1955-1991 гадоў.

У 2004 годзе да НАТА далучыліся Балгарыя, Эстонія, Латвія, Літва, Румынія, Славакія, Славенія, у 2009 годзе – Албанія, Харватыя, у 2017 – Чарнагорыя, у 2020 – Паўночная Македонія.

Перамовы аб магчымым далучэнні вядуцца з Грузіяй, Сербіяй, Босніяй і Герцэгавінай, Украінай. Імкнецца ў НАТА і Малдова.

18 мая 2022 года прадстаўнікі Фінляндыі і Швецыі перадалі ў штаб-кватэру НАТА афіцыйныя заяўкі на далучэнне да Альянсу.

Беларусь удзельнічае ў Савеце еўраатлантычнага партнёрства з 1992 года, у праграме «Партнёрства дзеля міру» – з 1995 года. Пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры НАТА адкрыта ў 1998 годзе. 

Адносіны Беларусі з НАТА застаюцца складанымі. Першае сур’ёзнае абвастрэнне адбылося пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. Наступны віток супрацьстаяння адбыўся ў 2020-2021 гадах на фоне беларускіх пратэстаў, інцыдэнта з самалётам Ryanair і інструменталізацыі нелегальных мігрантаў на мяжы Беларусі з Польшчай і Літвой.

У сувязі з уварваннем Расіі ва Украіну ў 2022 годзе, у Беларусі нечакана заявілі аб гатоўнасці супрацоўнічаць з НАТА.