Расійскае выданне “Вёрстка” паведамляе, што на Магілёўшчыне ў Асіповіцкім раёне ўжо пачалося будаўніцтва лагера для байцоў ПВК “Вагнер” на 24 000 квадратных метраў і на восем тысяч чалавек.
Па словах суразмоўцы, лагераў будзе некалькі, адзін з іх размесціцца недалёка ад горада Асіповічы. Выданне заяўляе, што гэтую інфармацыю ім пацвердзілі ў Асіповіцкім лясніцтве. “Мы працуем, ужо сёння працуем. Заўтра да абеду стаіць задача [пабудаваць]» – сказаў суразмоўца «Вёрсткі». Ён дадаў, што плошча лагера складзе 24 тысячы квадратных метраў, ён будзе разлічаны на восем тысяч ложкаў.
Крыніца «Вёрсткі», блізкая да кіраўніцтва Магілёўскай вобласці, пацвердзіла, што ўладам дадзена ўказанне пабудаваць лагер для ПВК у рэгіёне. Інфармацыю аб тым, што наймітаў адправяць у Беларусь, пацвярджаюць і сваякі ўдзельнікаў групы “Вагнер” – адзначае выданне.
Адна са сваячак са спасылкай на свайго знаёмага паведаміла, што падраздзяленні ПВК Вагнера, якія засталіся ў Растове-на-Доне, накіруюць у Беларусь. Яшчэ адна суразмоўніца выдання распавяла “Вёрстцы”, што яе муж, які ў суботу знаходзіўся ў Растове, паведаміў ёй аб адпраўцы ў Беларусь “хутчэй за ўсё”, але больш на сувязь не выходзіў.
Адначасова, гэтую інфармацыю ставяць пад сумнеў аўтары Тэлеграм-канала “Рыбарь”, заклікаючы не давяраць “апазіцыйнаму СМІ”, не разабраўшыся ў сітуацыі.
Фота з адкрытых крыніц