Двор дома №5 па вуліцы Ракасоўскага ў Чэрыкаве стаў новай кропкай на карце беларускага абсурду. Жыхар дома зняў чатыроххвіліннае відэа, як работнікі камунгаса засыпаюць ямы асфальтагранулятам проста ў лужыны пасля дажджу. Ролік разышоўся ў TikTok – і замест таго, каб прыбраць прычыну скандалу, мясцовыя прапагандысты выпусцілі ўласны апраўдальны сюжэт.
Спачатку – удар па аўтары зыходнага відэа: «хуліган», «хайпануў», «запіліў трэндавы кантэнт», «не разабраўшыся, што ды чаму».
Пра тое, што чалавек зняў відавочны абсурд: гранулят, які тоне ў бруднай вадзе – ні слова. Потым «правільная» жыхарка пацвярджае, што ўчора прыехалі трактары і ўсё зарабілі. І нарэшце – татуіраваная прадстаўніца камунгаса: «у гэтым месцы было прынята рашэнне выціснуць гэтую ваду асфальтагранулятам, у далейшым будуць выкананы работы па ўкладцы асфальтабетоннай сумесі».
Прапагандыст завяршае сюжэт дзіўнай формулай: «Магчыма, у мясцовым камунальніку спрацавалі занадта аператыўна. Але ў такое надвор’е адрэагаваць па-іншаму было немагчыма».
Занадта аператыўна – гэта калі кідаюць гранулят у ваду, ведаючы, што першы ж дождж яго вымые. Па-іншаму было магчыма: дачакацца сухога дня, адпампаваць лужыну, выраўняць аснову, засыпаць нармальную сумесь. Не зрабілі не таму, што «нельга», а таму, што ямам у двары – дзясяткі гадоў, а зварот жыхароў трапіў не ў папяровую скрыню выканкама, а ў TikTok.
Абяцанне «ў хуткім часе ўчастак прывядуць у парадак» гучыць як класічны беларускі вексель – без даты і без гарантый.
Фота: скрыншот відэа cherikovnews.
