аграрыі

Аграрыяў Магілёўшчыны забіраюць у войска – трэцяя за месяц спроба вырашыць кадравае пытанне

Працаўнікоў беларускіх сельскагаспадарчых арганізацый, “якія правініліся”, будуць накіроўваць у распараджэнне Міністэрства абароны на два-тры месяцы – акурат на час жніва. Так кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой на нарадзе ў Асіповіцкім райвыканкаме абвясціў пра «мабілізацыйны рэжым» уборачнай кампаніі, які напярэдадні ўвёў яго начальнік.

Ствараюцца «тройкі»

Спісы будуць складаць утрох – старшыня райвыканкама, ваенны камісар і кіраўнік сельскагаспадарчай арганізацыі. Падставай стануць не толькі правапарушэнні, але і тое, што чалавек «правініўся» або «нашкодзіў». Іншымі словамі – любыя прэтэнзіі кіраўніцтва.

Магілёўшчына, як самая адсталая і самая пакорлівая вобласць краіны, першай кінулася выконваць указанні канчаткова ашалелага дзеда.

Ваенны камісар Магілёўскай вобласці Максім Уласаў паведаміў, што ўжо з суботы ваенкамы выязджаюць у гаспадаркі і разам са старшынямі райвыканкамаў фарміруюць «дадзеную катэгорыю грамадзян». На выпадак, калі нехта спадзяецца адседзецца, Уласаў папярэдзіў: зборы «курортам» не стануць, а тыя, хто правініўся, «адчуюць усе радасці вайсковай службы».

Тры спробы за месяц

Пошукі бясплатнай і бяспраўнай працоўнай сілы для заняпалага беларускага АПК ідуць ужо цэлы месяц.

На пачатку ліпеня Лукашэнка асабіста ўгаворваў прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева адпускаць суайчыннікаў працаваць у Беларусь – «у нас узбекаў любяць». Першай партыі, прывезенай у Віцебскую вобласць, хапіла на суткі: рабочыя запісалі відэазвароты пра старое жыллё ў інтэрнаце, падман з аплатай і заробкі ў 300-400 долараў – і адмовіліся працаваць. Аднаго з іх неўзабаве прымусілі выбачацца на камеру.

21 ліпеня на селектарнай нарадзе Лукашэнка перайшоў да другой схемы: прыгразіў адпраўляць на трактар і камбайн любога чыноўніка – ад урада да райвыканкамаў, а «тых, хто не хоча працаваць» – у войска і на ахову мяжы з Украінай.

Да таго моманту на палях ужо працавалі і іншыя «мабілізаваныя» ведамствы: напрыклад, на поўдзень Магілёўскай вобласці яшчэ на пачатку месяца выйшаў міліцэйскі механізаваны атрад, а днямі ў ААТ «Краснапольскі» прыбылі следчыя, каб… дапамагчы стратнаму калгасу з адгрузкай збожжа. Схема з вайсковымі зборамі стала лагічным працягам маразму.

Зноў наплявалі на закон

Юрыдычна новая схема азначае, што адміністрацыйная і крымінальная адказнасць за парушэнні на вытворчасці замяняецца адпраўкай у вайсковую часць – без аглядкі на ўзрост, стан здароўя і вайскова-ўліковыя спецыяльнасці. Прававой базы для такой мабілізацыі ў мірны час у беларускім заканадаўстве няма. Але хто і калі ў Беларусі кіраваўся заканадаўствам? З лёгкай рукі састарэлага дыктатара парушэнне законаў стала сярод яго чыноўнікаў прыкметай добрага тону.

Фота БелТА.

← Усе навіны Магілёва