У ААТ «Краснапольскі» правялі нараду з удзелам старшыні райвыканкама Аляксандра Яфімчыкава, намесніка начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы Таццяны Шалашовай і дырэктара гаспадаркі Івана Бондарава.
Разбіралі праблему: кароў спраўна асемяняюць, але прыплод не адпавядае паказчыкам.
Рашэнне знайшлі – праводзіць нарады па пытаннях фізіялогіі кароў і вытворчых паказчыках двойчы на месяц. Акрамя гэтага, даручана правесці «дэталёвы фізіялагічны аналіз пагалоўя на кожным аб’екце з запаўненнем адпаведных бланкаў» і забяспечыць «граматную сарціроўку жывёл і падрыхтоўку да асемянення».
Яфімчыкаў падкрэсліў, што ад прафесіяналізму ветэрынарнай службы, брыгадзіраў і асемянатараў «наўпрост залежыць эканамічны дабрабыт гаспадаркі». Выкананне пастаўленых задач будзе «на асаблівым кантролі».
Як двойчы на месяц праводзімыя нарады ў райвыканкаме павінны паўплываць на здольнасць кароў выношваць цялят, у справаздачы не тлумачыцца.
Але здаецца, што ў Яфімчыкава, Шалашовай і Бондарава іншых варыянтаў папросту не засталося.
Фота раённай газеты.
