Касцюковічы адзначаюць юбілей – знаёмімся з горадам

У чымсьці пікантны, у чымсьці панылы гарадок з паўтысячагадовай гісторыяй. Знаёмімся з райцэнтрам, у якім пераплялася незнакамітая мінуўшчына з  яўрэйскай гісторыяй і сучаснае сяброўства з  нямецкім Дзіцэнбахам. 

Сёлета Касцюковічы адзначаюць круглую дату – 515 год з часу заснавання.

Першы пісьмовы ўспамін пра сяло Касцюкова ў Лучыцкай воласці датуецца 1508 годам. Тады паселішча ўваходзіла ў склад Мсціслаўскага ваяводства. У 1730-я гады ў Касцюковічах было 35 дымоў. 

Пад 1739 годам яны ўпамінаюцца як прыватнаўласніцкае мястэчка менскага гараднічага Ю. Іваноўскага. У гэты час тут дзейнічалі 2 царквы.

Пасля падзелу Рэчы Паспалітай Касцюковічы апынуліся ў складзе Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні. Маёнтак знаходзіўся ў валоданні заможнага роду Цеханавецкіх. 

Паступова насельніцтва пачынае расці. Калі ў 1800 годзе ў Касцюковічах было 88 двароў, то праз паўстагоддзі ўжо 224 двары. У гэты час Касцюковічы набылі вядомасць коннымі кірмашамі, тут працавала 14 крамаў. Адзначым, што ў 1826 годзе ў мястэчку адкрылася павятовае вучылішча.   

На 1880 год у мястэчку было 327 двароў, дзейнічалі царква (мураваная) і сінагога (драўляная), працавалі 7 скураапрацоўчых майстэрняў, прыёмны пакой, паштовая станцыя, царкоўнапрыходская школа, 3 малітоўныя школы, аптэка, штогод праводзіліся 2 кірмашы.

У канцы ХІХ стагоддзя ў Касцюковічах працавалі броварны завод, 8 гарбарных майстэрняў, царкоўнапрыходская школа, бальніца і аптэка; дзейнічалі 2 цэрквы і сінагога, а таксама штогод праводзіліся 2 кірмашы. У мястэчку ў гэты час налічвалася 411 двароў. У ім працавалі 2 пенькатрапальныя, 6 скураапрацоўчых, 5 маслабойных, 2 абараначныя прадпрыемствы, вадзяны млын, сукнавальня, 3 крупадзёркі, 20 ганчарняў, 5 кузняў, 104 крамы, 3 заезныя двары, 3 карчмы і нават хлебазапасны магазін. 

У даваенныя гады ў Касцюковічах развівалася перапрацоўчая прамысловасць. А ў 1930-х гадах быў узведзены будынак ільнокамбіната, цагельні, швейнай фабрыкі. Сёння ў Касцюковічах функцыянуюць перапрацоўчыя прадпрыемствы, прадукцыя якіх вядома не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і за яе межамі.

Касцюковічы адзін з нешматлікіх беларускіх гарадоў, які значна вырас ужо пасля распаду СССР. Рост пачаўся ў канцы 80-х разам з пачаткам будаўніцтва прадпрыемства па выпуску цэменту і працягнуўся да пачатку 2000-х, затым колькасць гараджан некалькі знізілася і адносна стабілізавалася. Цяпер у горадзе налічваецца 15,2 тысячы жыхароў. Вядома, уся дэмаграфія цалкам залежыць ад патрэб у працоўных руках прадпрыемства-гіганта – Беларускага цэментнага завода. У дадзены момант яно дае працу 2,5 тысячам чалавек, прыкладна кожнаму чацвёртаму жыхару райцэнтра працаздольнага ўзросту.

Кінатэатр, нудны цэнтр

Касцюковічы з’яўляюцца адным з самых аддаленых гарадоў краіны, але не самым ўсходнім райцэнтрам. У горадзе можна выдзеліць стандартны набор кварталаў для населенага пункта: прамзона, прыватны сектар, раён вакзала (Камунары) і досыць нудны цэнтр горада. 

У цэнтры Касцюковіч знаходзіцца будынак гасцініцы, які радуе вока, а побач з ім лакалізуецца пляцоўка, дзе намешнага ўсяго патрошку: сцэна з лозунгам “Квітней, Беларусь!”, ідэалагічныя банэры, фантан і лаўкі. Выглядае такая пляцоўка трохі безгустоўна. 

Праз дарогу ад гасцінічнага комплексу размешчаны шараговы будынак мясцовага райвыканкама і вялікі помнік правадыру пралетарыята.

У цэнтры горада знаходзіцца таксама кінатэатр “Юнацтва”, які досыць густоўна аформлены, а яшчэ Дом рамёстваў, размешчаны ў старым будынку першай паловы ХХ стагоддзя.

Цэнтральная частка райцэнтра забудавана капітальнымі 2–5-павярховымі дамамі, у паўночнай частцы жылы квартал з 2–4-павярховых дамоў. 

Ужо ў сучасным горадзе сфарміраваліся новыя пяці- і сяміпавярховыя раёны. Самы вялікі спальны раён горада – Маладзежны, які з’яўляецца сапраўдным заапаркам розных будаўнічых праектаў і мадыфікацый.

Апантанасць камянямі 

Па ўсіх Касцюковічах размешчана каля дзясятка камянёў, прычым практычна кожны з іх памятны. Некаторыя выглядаюць як сапраўдныя велічныя валуны, вялікія і неабдымныя. 

Як правіла, на памятных камянях выгравіраваны надпіс ці прымацавана мармуровая пліта з тэкстам ці малюнкам. Асабліва варта адзначыць два валуна, прысвечаных 400-годдзю і 500-годдзю горада, пастаўленыя з прамежкам у 16 гадоў. Валун, прысвечаны 400-годдзю знаходзіцца на прыступчатым пастаменце і паўстаўлены ў невялікім гарадскім парку ў 1992 годзе.

На адной з цэнтральных вуліц горада размешчаны вялікі камень, які паставілі з нагоды 500-годдзя Касцюковічаў у 2008-м. На валун прымацавалі дошку з датай, арнаментам і сімволікай  горада. Прычым і ў гэтым выпадку для каменя чамусьці зрабілі цэментную падстаўку.

Камяні адлюстроўваюць змену з вызначэннем даты заснавання паселішча. У 1992 годзе святкавалі 400-годдзе, бо адносілі першы летапісны ўспамін пра Касцюковічы да 1592 года, а вось у 2008 годзе святкавалі ўжо 500-годдзе, бо заснаванне горада пачалі адносіць да 1508 года. 

На ўваходзе ў мясцовую гімназію знаходзіцца камень, што пастаўлены з нагоды заснавання раённай гімназіі ў 2006 годзе. 

Камень з выбітым на ім надпісам знаходзіцца і пры ўваходзе ў сквер 60-годдзя Вялікай Перамогі.

У горадзе рамешчана Алея Дружбы, якая злучае Касцюковічы і нямецкі горад-падбацім Дзіцэнбах. Яна была закладзена ў 2006 годзе. Адзначым, што ў 1997 годзе было заснавана «Кола сяброў Касцюковічы-Дзіцэнбах», а ўжо ў 2009 годзе ў Касцюковічах падпісалі Пагадненне аб парадненні паміж гарадамі.

Адметна, што Алея Дружбы пачынаецца таксама памятным каменем, які пазначае пачатак сімвалічай гарадской лакацыі.  

Будынкі XIX–пачатку XX стст., яўрэйскія могілкі і праваслаўная царква

Асаблівую прыгажосць надаюць гораду будынкі XIX – пачатку XX стагоддзяў, што некалі ўяўлялі сабой шараговую забудову. Калі прагуляцца па вуліцах горада і крыху пафантазіраваць, то можна ўявіць, як выглядаў горад сто гадоў таму. 

Старая забудова, якая налічвае паўтары дзясяткі розных па стылю старых будынкаў, захавалася няблага. Цяпер старыя будынкі выкарыстоўваюцца па-рознаму: у некаторых размешчаны гандлёвыя кропкі, аднак палова гістарычных аб’ектаў не выкарыстоўваюцца альбо знаходзяцца ў закінутым стане. 

Гарадской адметнасцю з’яўляюцца і яўрэйскія могілкі, бо Касцюковічы ў канцы ХІХ стагоддзя ўяўлялі з сябе яўрэйскае мястэчка, у якім жыло дзве тысячы іўдзеяў, а гэта было больш за палову насельніцтва паселішча – 65%. Праўда, яшчэ ў даваенны час пры савецкай ўладзе колькасць яўрэяў Касцюковічаў стала нязменна скарачацца і напачатку вайны іўдзейскае насельніцтва складала менш за 40%.

Сёння на яўрэйскіх могілках знаходзяцца розныя тыпы пахаванняў і рознага часу: ад ХІХ стагоддзя да сённяшняга часу.

Галоўным сакральным аб’ектам горада з’яўляецца Крыжаўзвіжанская царква, якая была пабудавана ў 1999 годзе і з’яўляецца славутасцю Касцюковічаў. Цікава, што яна пабудавана на месцы цаглянага храма 1835 года. 

Прасавлаўная цагляная царква 1830-х дзейнічала больш за 90 гадоў, аднак ў 1929 годзе ў час антырэлігійнай палітыкі савецкай улады храм быў закрыты, а святар быў рэпрэсаваны і высланы ў Сібір. Праз чатыры гады, у 1933 годзе, храм быў узарваны. 

Станцыя Камунары і чырвона-зялёная рытуалка

Касцюковічы размешчаны на чыгунцы Крычаў – Унеча, але сама станцыя называецца Камунары. Для Беларусі падобная з’ява рэдкая, хоць і не ўнікальная. Гэта не асобны тапонім, які застаўся ад населенага пункта, гэта напамін пра эпоху пракладкі лініі, пачатку 20-х гадоў. Будаўніцтва станцыі паспрыяла ўзнікненню новых камун каля пляцоўкі, так і замацавалася. Цікава, што сама чыгуначная станцыя заснавана ў 1918 годзе і да 1923 году мела назву Касцюковічы, аднак пасля найменне было зменена на сучаснае. 

Сама станцыя ляжыць за пару кіламетраў ад асноўнай часткі горада, хоць чыгуначнае палатно праходзіць праз увесь населены пункт. Будынак чыгуначнай станцыі выглядае досыць просценька, без архітэктурных асаблівасцяў.   Наогул раён Камунараў дастаткова аддалены ад іншых частак Касцюковічаў, тут даволі пустынна і ціха.

Нягледзячы на ​​аддаленасць вакзала, у выпадку з Касцюковічамі гэта не паспрыяла развіццю грамадскага транспарту, аўтобусы ў цэлым ходзяць рэдка.

Праз дарогу ад будынка чыгуначнага вазкала знаходзіцца будынак імпазантнай рытуальнай крамы касцюковіцкага райпо, пабудаваны за савецкім часам. 

Чырвона-зялёная каларыстыка крамы рытуальных паслуг наводзіць на пэўныя развагі.

Фота mogilev.media i з адкрытых крыніц

Крычаўскі агратэхнічны каледж адзначае 135-годдзе

Крычаўскі агратэхнічны каледж – адна з найстарэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь. Яго гісторыя бярэ сваё пачатак у XIX стагоддзі, калі ў Расійскай імперыі з’явіліся першыя прафесійныя школы. 

У 1880-х гадах па ўсёй Расійскай імперыі былі створаны тэхнічныя і рамесныя вучэльні, а пры агульнаадукацыйных школах адчыняліся рамесныя класы. Такія рамесныя класы былі адкрыты ў Крычаве ў 1888 годзе пры 1-м народным вучылішчы. А ў 1905 годзе замест іх была пабудавана рамесная вучэльня, якая праіснавала да 1924 года.

Крычаўская рамесная школа мела 2 аддзяленні: слясарна-кавальскае і сталярна-такарнае.

Навучанне праходзіла 4 гады. Двухпавярховы цагляны будынак рамеснай школы з дапаможнымі памяшканнямі быў пабудаваны на месцы згарэлых рамесных класаў з захаваннем усіх строгіх тэхналагічных патрабаванняў таго часу. Адкрыццё школы адбылося ў студзені 1905 году. Будынак рамеснай вучэльні быў спалены ў гады Другой сусветнай вайны.

У цяперашні час Крычаўскі прафесійны агратэхнічны каледж з’яўляецца вядучай навучальнай установай аграрнай і будаўнічага комплексу Магілёўшчыны. У 2017 годзе да Крычаўскага каледжу быў далучаны філіял «Слаўгарадскі прафесійны ліцэй». Адзначым, што за 130 гадоў свайго існавання прафесійная навучальная ўстанова выпусціла больш за 30 тысяч маладых спецыялістаў.

Фота з адкрытых крыніц

70 гадоў разам – сужэнцы ў Шклове адзначылі ўнікальны юбілей

Надзея і Рыгор Цурпанавы 70 гадоў шчасліва жывуць у шлюбе – гэта Дабрадатнае, альбо яшчэ Жыватворнае, Удзячнае вяселле.

Юбілей у сем дзесяцігоддзяў і для асобы значная круглая дата, а для сямейнай пары рэдкі, важны і значны рубеж. Менавіта столькі прайшлі разам у жыцці шклаўчане Надзея Аляксееўна і Рыгор Анціпавіч Цурпанавы – піша раённая газета “Ударны фронт”. 

70 гадоў не проста прыгожая дата, якая ў народзе завецца Дабрадатнае вяселле, а гэта значыць жыватворнае, добрае, цудоўнае, удзячнае і шчаслівае. Гэта яшчэ і тая гадавіна вяселля, калі сужэнцы кідаюць позірк у мінулае і разумеюць, што каханне, адпраўленае небам – гэта мілата і сапраўднае шчасце. І дзякуй Богу за гэта. 

У гэты дзень прынята дарыць юбілярам усё, што захочуць госці, бо галоўны падарунак лёса тое, што муж і жонка знайшлі адзін аднаго 70 гадоў таму. 

Фота з газеты “Ударны фронт”.

ТОП-5 цікавостак Чэрыкаўскага музея

Зуб і косткі маманта, каменныя сякеры, якар ды іншыя цікавосткі Чэрыкаўскага музея. Расказаем, што можна цікавага тут убачыць.

Установа культуры Чэрыкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей была заснавана ў 1983 годзе. Пад музей у свой час быў выдзелены будынак былога раённага вузла сувязі, зроблены рамонт і рэканструкцыя памяшканняў пад музейныя экспазіцыі. Больш за тры гады ішла інтэнсіўная работа па зборы экспанатаў і камплектаванні музейных фондаў, стварэнні навуковай канцэпцыі экспазіцыі. Цяпер жа яе плошча складае 318 метраў квадратных, а ў фондах музея налічваецца больш за дзевяць тысяч экспанатаў.

Шэсць экспазіцыйных залаў распавядаюць наведвальнікам пра розныя этапы гісторыі Чэрыкаўшчыны, прыроду і народныя традыцыі краю. Адзначым, што музейная прастора арганізавана згодна савецкім прынцыпам музеязнаўства, пагэтаму там ёсць залы прысвечаныя Кастрычніцкай рэвалюцыі і Леменскай школе-камуне.

Зуб, косткі і поўсць маманта

Парэшткі маманта былі знойдзены падчас раскопак стаянак каменнага веку на Чэрыкаўшчыне, а пасля трапілі ў мясцовы краязнаўчы музей. Прычым зуб, бівень і косткі маманта настолькі добра захаваліся, што даюць уяўленне аб памерах старажытнай жывёлы. Уразіць можа і тое, што экспануецца нават поўсць маманта, які некалі хадзіў па чэрыкаўскай зямлі. Парэшткам налічваецца некалькі дзясяткаў тысяч гадоў.

Натуральна, падобныя экспанаты рэдка можна ўбачыць у раённых краязнаўчых музеях, пагэтаму яны выклікаюць усеагульны інтарэс у рознаўзроставых наведвальнікаў.

Камень надмагільны

У фондах краязнаўчага музея знаходзіцца вельмі цікавы культавы аб’ект – надмагільны камень сярэдзіны ХVII ст, які быў знойдзены пры археалагічных раскопках Чэрыкава. Для надмагілляў нашы продкі колісь выкарыстоўвалі валуны ледавіковага паходжання. На чэрыкаўскім каменным надмагіллі высечаны наступны тэкст: «Зде лежит раб божи Пилип В«?». На версе каменя выбіты крыж тыпу “Галгофа”, якія мае антрапаморфныя рысы – гэта значыць падобны да фігуркі чалавека.  

Каменнае надмагілле дастаткова масіўнае: даўжыня 77 сантыметраў, а шырыня 42 сантыметра.

Багатыя зборы народнага адзення, вырабаў ткацтва і вязання канца ХІХ – пачатку ХХ ст.

Не кожны гісторыка-краязнаўчы музей можа пахваліцца багатай калекцыяй ручнікоў, набожнікаў і посцілак. Але чэрыкаўскі музей выключэнне: тут знаходзяцца сотні найцікавейшых тканых вырабаў. Прычым усе яны былі сабраны з розных вёсак Чэрыкаўшчыны, у тым ліку з адселеных пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

У музеі знаходзяцца і каштоўныя зборы народнага адзення: андаракаў і фартухоў, жаночых і мужчынскіх кашуль, саматканых паясоў і інш. Добра прадстаўлены ў экспазіцыя “Сялянская хатка” гліняныя вырабы, прадметы побыту і прылады працы, якія даюць уяўленні пра жыццё сялян на Чэрыкаўшчыне ў канцы ХІХ – першай палове ХХ стагоддзя.

Нездарма найбольшую значнасць у музейнай экспазіцыі мае зала этнаграфіі, у якой праходзяць музейныя заняткі абрадавай накіраванасці, рэалізуюцца музейна-адукацыйныя праграмы.

Якар нібыта ХIV стагоддзя 

На ўваходзе ў сам музей можна ўбачыць унікальны экспанат – якар, які супрацоўнікі музея атрыбутуюць ХIV стагоддзем, гэта значыць яшчэ часоў Вялікага княтсва Літоўскага. Якар каваны, чатырохлапавы. Знойдзены ён быў у р. Сож каля вёскі Гранава Чэрыкаўскага раёна ў 1998 годзе. Памеры яго нямалыя – даўжынёй 130 сантыметраў.

Якар на ўваходзе ва ўстанову культуры выключна выконвае функцыю рэпрэзентатара, бо пасля такога экспаната гасцям горада захочыцца наведаць і музейныя пакоі. Што да даціроўкі якара XIV чтагоддзем, то варта крытычна ўспрымаць гэтую інфармацыю – у тыя часы наўрадці гаспадары сталі б ахвяраваць такой вялікай колькасцю метала дзеля якара.

Каменныя сякеры

Адметнымі экспанатамі з’яўляюцца каменныя сякеры рознага часу, знойдзеныя падчас археалагічных даследаванняў Чэрыкаўскага раёна. Частка каменных клінападобных сякер адносіцца да эпохі неаліта. Свідраваныя сякеры, якія складаюць другую частку калекцыі, адносяцца да эпохі бронзавага веку на тэрыторыі Беларусі.

Ёсць у экспазіцыі і жалезная сякера, якую музейшчыкі чамсусьці даціруюць XVI стагоддзем. Яна быццам бы таксама знойдзена падчас археалагічных даследаванняў Чэрыкаўшчыны і прыцягвае ўвагу наведвальнікаў. Мы ж ведаем, што гэта нішто іншае, як склюд – сякера-цясак, якой яшчэ і ў ХХ стагоддзі апрацоўвалі бярвенне.

Фота  mogilev.media, dkmf.by

Герб Горак з’явіўся 155 год таму – расказваем гісторыю сімвала

Атрыманне геральдычнага сімвала  Горкамі адбылося 27 жніўня 1867 года.  Гэтаму папярэднічала ператварэнне паселішча ў павятовы цэнтр, што юрыдычна было замацавана 28 снежня 1861 года. 

Дагэтуль Горкі былі толькі казённым мястэчкам, а павятовы цэнтр знаходзіўся ў Копысі, з якога ў Горкі і былі пераведзены павятовы суд з дваранскай аптэкай, павятовае казначэйства, паштовая кантора, гарадская бальніца, канцылярыя і іншыя ўстановы. 

Важна адзначыць, што першы варыянт гарадскога сімвала быў распрацаваны яшчэ ў 1862 годзе, аднак ён не быў зацверджаны. Другі варыянт гарадскога сімвала атрымаўся ўдалым, пазнавальным і сэнсава звязаным з асаблівасцямі месца. 

На эмблеме Горак выяўлены тры горкі, яікя адлюстроўваюць халмісты ланшафт горада і ваколіц. У сваю чаргу зялёныя калоссі, што вырастаюць з гор, абазначаюць паселішча як цэнтр развітога земляробства. Сапраўды ў гэты час Горкі ператварыліся ў цэнтр сельскагаспадарчай адукацыі, бо ў 1840 годзе была адкрыта земляробчая школа, якая ў 1848 г. была ператворана ў земляробчы інстытут. Аднак шчыт герба горада на той час падзяляўся на дзве часткі, дзе адну займаў сучасны сімвал Горак, а другую герб Магілёўскай губерні. Боль за тое, тагачасны герб з двух частак быў аздоблены вежай з трыма зубцамі. 

Вось як гэта выглядала – на прыкладзе іншых гарадоў і мястэчак Магілёўшчыны

На працягу часу герб горада панёс некаторыя змяненні: знікла вежа з зубцамі і герб Магілёўскай губерні, аднак самая галоўная эмблема засталася і менавіта яна сімвалізуе цяперашнія Горкі. 

Дрыбін адзначае юбілей – знаемімся з горадам

Шапавальны край у самым малым райцэнтры Беларусі.

Малады раённы цэнтр з дагледжанымі жылымі кварталамі, багаты народнымі традыцыямі і гісторыяй, з нестандартнай сучаснай архітэктурай і адметным фестывалем 

Сёлета Дрыбін адзначае 25 год, як паселішча атрымала статус пасёлка гарадскога тыпу  

Дрыбін – самы малады раённы цэнтр Магілёўскай вобласці, які пачаў актыўна забудоўвацца ў сувязі з перасяленнем сюды жыхароў з радыеактыўна забруджаных тэрыторый пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. 

Статус гарадскога пасёлка Дрыбін атрымаў толькі ў 1997 годзе. Гэтаму папярэднічала аднаўленне Дрыбінскага раёна ў канцы 1989 года. У 1990-я гады ў звязку з аднаўленнем раёну і статусу гарадскога пасёлка ў Дрыбіне разгарнулася масштабнае будаўніцтва. Аднак тым не менш на сёння Дрыбін з’яўляецца самым маленькім раённым цэнтрам Беларусі, а яго насельніцтва складае ўсяго тры тысячы чалавек. 

Аднак, Дрыбін вырас і стаўся раённым цэнтрам не з вёскі, а з невялікага ўсходнебеларускага мястэчка са сваёй гісторыяй.

У раёна тры даты нараджэння і дзве даты скасавання

 

Свой адлік Дрыбін вядзе ад 1569 года як шляхецкага ўладання ў Мсціслаўскім ваяводстве. У свой час нават канцлер ВКЛ Леў Сапега ў сваім тэстаменце (1633) згадаў «вёску і пушчу Дрыбінскую». 

Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай у 1654 – 1667 гг. гэтая мясцовасць апынулася ў цэнтры баявых дзеянняў: 8 кастрычніка 1660 года непадалёк ад Дрыбіна абаронцы Вялікага Княства Літоўскага пад камандаю гетмана вялікага Паўла Яна Сапегі  здабылі перамогу над маскоўскімі захопнікамі. 

Станам на 1784 год мястэчка з’яўлялася цэнтрам маёнтку Цеханавецкіх, тут быў 181 двор, 25 крамаў, млын, царква. У 1830 годзе ў Дрыбіне заснавалі вінакурнае прадпрыемства. 

У 1845 годзе выбухнула выступленне сялян супраць прыгоннага права, жорстка задушанае расійскімі салдатамі. У 1877 годзе мясцовасць перайшла ў валоданне Урангеля фон Гюбенталя. На 1880 год Дрыбін налічваў 250 двароў, існавалі царква, два малітоўныя дамы, валасная ўправа, бальніца, два млыны, школа пісьменнасці. 

Апрача сельскай гаспадаркі жыхары займаліся промысламі, найбольш вядомымі былі дрыбінскія шапавалы. Паводле перапісу 1897 г. у Дрыбіне было 1828 жыхароў, сярод якіх 856 праваслаўных і 971 іудзей. З 1903 года ў мястэчку дзейнічала пажарнае таварыства, у 1910—1911 гадах адкрыліся паштова-тэлеграфная кантора і ашчадная каса.

 

У 1924 годзе ўпершыню быў утвораны Дрыбінскі раён, аднак у 1935 годзе ён быў прыбраны. Наогул у раёна тры даты нараджэння і дзве даты скасавання. У 1930-я гады ў Дрыбіне працавалі вадзяны і нафтавы млыны, кузня, кравецкая майстэрня «Чырвоная ігла», шавецкая майстэрня, арцель «Смычка», смалакурны завод, арцель «Смалапрадукцыя», хлебапякарня, крухмальны, масларобча-сыраварны і шапавальны заводы. Падчас Другой сусветнай вайны нямецкая акупацыйная адміністрацыя стварыла ў Дрыбіне лагер смерці, дзе знішчылі 2,5 тыс. чалавек.

 

Самы малы райцэнтр Беларусі

Дрыбін знаходзіцца ў баку ад буйных аўтатрас, за 64 км на паўночны ўсход ад Магілёва. Аўтамабільнымі дарогамі злучаны з Магілёвам і Горкамі. Самы малы райцэнтр Беларусі можа здзівіць падарожнага сваёй утульнасцю і дагледжанасцю, што ўбачыш не ў кожным мястэчку ці нават у буйным горадзе.

Вывучыць цэнтр Дрыбіна не складана, бо трэба прагуляцца ўсяго хвілін па дваццаць у адзін і другі бок. Цэнтр мястэчка заўсёды выглядае ўпарадкаваным і прыбраным, хоць і іншыя раёны горада таксама не надта адстаюць у гэтым сэнсе. Між іншым, праект забудовы і планавання Дрыбіна распрацавалі яшчэ ў 1982 годзе. 

У Дрыбіне дзве цэнтральных вуліцы, якія арыентуюцца з захаду на ўсход: адна носіць імя лідара бальшавікоў Леніна, а другая – Савецкая. Дарэчы, менавіта вуліца Савецкая падзяляе Дрыбін на дзве часткі: стары Дрыбін з драўлянымі хатамі і невялічкімі катэджамі і новы Дрыбін з масівам пяціпавярховых дамоў і адміністрацыйнымі будынкамі. Нягледзячы на прысутнасць у тапаніміцы мястэчка розных савецкіх назваў, помніка Леніну ў Дрыбіне не існуе. Сярод гарадскіх найменняў адзначым невялічкую вуліцу, названую ў гонар вядомага беларускага пісьменніка Максіма Гарэцкага.

 

Сярод мясцовых адметнасцяў варта адзначыць будынак, у якім размяшчаюцца пракуратура, суд, натарыяльная служба і ЗАГС. Архітэктурна ён выглядае нестандартна, бо ў ім прасочваецца гульня з аб’ёмамі і формамі. 

Дарэчы, цэлы комплекс адміністрацыйных будынкаў у Дрыбіне пабудавалі пасля таго, як мястэчка зноўку аднавіла статус раённага цэнтра. Адным з нешматлікіх яскравых будынкаў савецкага перыяду, што захаваўся ў Дрыбіне, з’яўляецца мясцовая дзіцячая мастацкая школа.

 

На зліцці трох рэк

Масіў панэльных і цагляных шматпавярховых дамоў у Дрыбіне размешчаны ў трох кластэрах. Цагляныя дамы часам вылучаюцца нязвыклай для раённага цэнтра архітэктурнай формай жылых пабудоў. Раёны, дзе размешчаны панэльныя і цагляныя дамы настолькі добра дагледжаны, што могуць нават прэтэндаваць на якую-небудзь рэспубліканскую ўзнагароду па ўпарадкаванасці кварталаў і двароў. 

 

Асобна вылучаецца масіў невялікіх чатырохкватэрных двухпавярховых домікаў з агародамі, якія будавалі для першых перасяленцаў адразу пасля чарнобыльскай трагедыі. Гэты раён у параўнанні з іншымі выглядае больш блякла, але таксама досыць прывабна.

 

Адзначым, што ў мястэчку ёсць гасцініца, якая называецца проста – «Дрыбін». У параўнанні з іншымі раённымі гасцініцамі яна дае наведвальнікам досыць якасныя і недарагія паслугі.  

У мястэчку ёсць некалькі месцаў, дзе можна адпачыць. Кафэ-бар «Малахіт» – месца паломніцтва аматараў добра пагуляць і «адарвацца», рэстаран «Фламінга» – месца культурнага адпачынку, правінцыйны рэстаран з дэмакратычнымі коштамі. 

Ёсць гэтаксама невялікае кафэ з сімвалічнай назвай “Проня”. Дарэчы, гарадскі пасёлак Дрыбін стаіць у месцы зліцця Проні з рэкамі Быстрая і Гольша. 

 

“Картушніцкі лемезень”

 

Дрыбін – даўняе мястэчка гістарычнай Мсціслаўшчыны, вядомае тутэйшымі шапаваламі, якія распрацавалі ўласную ўмоўную мову – «катрушніцкі лемезень». 

Мястэчка і ваколіцы прываблівае турыстаў у першую чаргу сваім унікальным промыслам — шапавальствам (ручное валянне валёнак), які стаўся рэгіянальным брэндам і часткай нематэрыяльнай спадчыны Беларусі. 

 

На фестываль насельніцтва павялічваецца ў два разы

З 2011 года ў раённым цэнтры праводзіцца фестываль “Дрыбінскія таржкі” мэтай якога з’яўляецца захаванне і папулярызацыя не толькі шапавальства, але і народных творчасці, промыслаў і раместваў у шырокім сэнсе, а таксама прыцягненне ўвагі дзяцей, падлеткаў, юнакоў і дарослых да беларускіх народных традыцый, абрадаў і звычаяў, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Прычым на фестываль прыязджаюць з розных куткоў Беларусі і Расіі, а таксама госці з бліжэйшага замежжа.

Фестываль народнай творчасці, промыслаў і рамёстваў “Дрыбінскія таржкі” звычайна досыць шматгранны, бо праводзіцца два дні. На ім можна не толькі паесці стравы народнай кухні, набыць сувенір, аднак і паўдзельнічаць у кірмашовых забавах і народных гульнях. Акрамя таго, можна паўдзельнічаць у мастар-класах па народных рамёствах і промыслах, у тым ліку па валянні валёнак і спрачыніцца да шапавальскага навыку. 

Апошнім часам фестываль мае высокую папулярнасць і падчас яго правядзення насельніцтва Дрыбіна павялічваецца ў два разы.

Дрыбінскі гісторыка-этнаграфічны музей таксама звязаны з шапавальскім промыслам. У музеі ёсць шапавальскае майстэрня, дзе займаюцца дзеці і дарослыя. Больш за тое, на папулярызацыю промысла і стварэнне адпаведнай экспазіцыі па шапавальству ўстанове культуры неаднаразова вылучаліся нямалыя датацыі.  

Дарэчы, наведвальнікі музея могуць пазнаёміцца не толькі з тэхналогіяй выраблення валёнак, але і з асноўныямі прыладамі працы, якія выкарыстоўваюцца ў гэтым промысле. 

Усяго ў музеі знаходзяцца 6 залаў, якія прысвечаны промыслам і рамёствам, народнаму адзенню і мясцовай прыродзе, ваенным падзеям, археалогіі і гісторыі развіцця Дрыбінскага раёна і абразам XIX-XX стст.

 

Сярод іншых адметнасцяў можна вылучыць брацкую магілу (1943-1944 гг.), дзе знаходзіцца абеліск загінулым салдатам. 

Менавіта па Проні падчас вайны на працягу дзевяці месяцаў ішлі жорсткія баі паміж савецкімі войскамі і войскамі гітлераўскай Германіі.

 

Да архітэктурных славутасцяў Дрыбіна адносяцца вадзяны млын і драўляная Свята-Праабражэнская царква. Вадзяны млын пачатку ХХ стагоддзя стаіць на рацэ Радзебка – прытоку Проні. Драўляная Спаса-Праабражэнская царква, у сваю чаргу, датуецца 1940-мі гадамі. 

Размешчана яна ў звычайнай драўлянай хаце, прычым ініцыятарам яе збудавання быў мясцовы жыхар. Адзначым таксама, што ў Дрыбіне захаваліся старыя яўрэйскія могілкі, а вядомая ізраільская балерына і выкладчыца класічнага балета Мія Арбатава нарадзілася ў 1911 годзе менавіта ў гэтым беларускім мястэчку. 

А яшчэ ў ваколіцах Дрыбіна, за 1 км на паўднёвы захад ад паселішча знаходзіцца старажытны курган і дзве археалагічныя стаянкі каменнага веку.

Краснаполле адзначае юбілей – знаёмімся з горадам

Паселішча з адным адзіным прамысловым прадпрыемствам і з ментальным вінегрэтам, дзе пераплятаецца савецкасць, прыхільнасць да рускай культуры і тутэйшы культурніцкі пласт.

Сёлета Краснаполле адзначае юбілей – 215 год з часу заснавання.

Першыя звесткі аб узнікненні гандлёва-рамеснага паселішча на месцы сённяшняга раённага цэнтра на падставе гісторыка-археалагічных дадзеных адносяцца да 1707 года. З 1773 года Краспаполле ўвайшло ў склад Чэрыкаўскага павета Мсціслаўскага ваяводства. З 1774 года краснапольскія землі спачатку пэўны час належалі князю Аляксандру Галіцыну, а пасля перайшлі ва ўладанне фаварыта расейскай імператрыцы Кацярыны ІІ Рыгора Пацёмкіна.

Ужо да 1846 года мястэчка Краснаполле было вядома як буйны гандлёва-рамесны цэнтр ўсходняй Магілёўшчыны, куды з’язджаліся не толькі мясцовыя, але і расійскія і ўкраінскія купцы, асабліва ў дні кірмашоў. 

У другой палове 19-га стагоддзя Краснаполле ўваходзіла ў склад Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні і належала Бенкендорфам. Тут знаходзіліся народнае вучылішча, аптэка, сельская бальніца на 20 месцаў, тры скураныя майстэрні і броварня, 3 гарбарных і 9 маслабойных заводаў, вадзяны млын. На 1890 год у мястэчку было 412 будынкаў, штогод праводзілася чатыры кірмашы. Па дадзеных усеагульнага перапісу насельніцтва 1897 года мястэчка Краснаполле налічвала больш за 3 тысячы жыхароў, аднак у асноўным гэта было яўрэйскае насельніцтва.

У савецкі час, нягледзячы на тое, што Краснаполле стала раённым цэнтрам, мястэчка заставалася невялікім. Тут не было створана буйной прамысловасці, пагэтаму прыток насельніцтва быў невялікім. Тым не менш за савецкім часам Краснаполле вырасла амаль ў два разы, аднак працягвала заставацца маленькім мястэчкам Магілёўшчыны.

Найменне горада

Ёсць дзве версіі паходжання назвы Краснаполле. Адна з іх звязваецца з “Красным полем” – месцам бітвы Пятра І са шведамі ў Паўночнай вайне. Нездарма ў розных частках мястэчка на сёння можна пабачыць драўляныя гарматы з выявай сучаснага герба Краснаполля. Другая версія тлумачэння тапоніма “Краснае поле” –  месца, якое багатае чырвонай глінай.

Аднак варта адзначыць, што ў пісьмовых крыніцах паселішча згадваецца таксама пад назвай Маластоўка па найменню рэчкі, што цячэ праз мястэчка. Напрыклад, пад такой назвай узгадваецца сучасны раённы цэнтр у 1784 годзе. Праўда ў далейшым паселішча ўжо фігуруе пад назвай Краснаполле.  Якая назва больш гістарычная і  аўтэнтычная – гэтае пытанне застаецца адкрытым.

 

Герб БССР, маленькая плошча з помнікам Леніну і шыльда Пушкіну

Краснаполле – адзіны горад у Магілёўскай вобласці, у якім на будынку мясцовага райвыканкама дагэтуль размешчаны герб не Рэспублікі Беларусь, а Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Ды і сам райвыканкам можа здзівіць бэзава-шэрай расфарбоўкай фасада, што не характэрна для раённых адміністрацыйных будынкаў.

Зусім недалёка ад мясцовага райвыканкама, на невялікай местачковай плошчы, размешчаны мармуровы помнік правадыру камуністаў – Уладзіміру Леніну. Прычым выгляд помніка стварае ўражанне, што ўсталяваны ён быў недзе 10-15 год таму, настолькі добрая яго захаванасць. Вобраз Леніна ў скульптурнай выяве выглядае досыць стрыманым: худы і высакаваты, з завостраным тварам, без ускінутай уверх рукі, а наадварот схаванай у кішэні верхняга адзення.

Цэнтральная плошча мястэчка, на якой знаходзіцца помнік правадыра пралетарыята, выглядае вельмі сціплай, з простай забудовай. Больш за тое, яе не замасцілі пліткай, а пакінулі у адзежы старога асфальта.

У цэнтра горада таксама размешчаны будынак Белпошты, адметны тым, што на ім знаходзіцца шыльда, якая ўсталявана з нагоды 200-годдзя з часу нараджэння Аляксандра Пушкіна. Гэта круглая дата адбылася яшчэ ў 1999 годзе, калі і была ўсталявана шыльда на будынку пошты. Натуральным чынам класік рускай літаратуры не мае ніякага дачынення да Краснаполля, нават гіпатэтычнага.

Працягам савецкай спадчыны з’яўляецца ваданапорная вежа з зоркай, якая знаходзіцца ў канцы мястэчка на вуліцы Энергетыкаў. Вежа ўяўляе цікавасць менавіта ў спалучэнні з зоркай, бо архітэктурна яна выглядае досыць стандартна.

 

Аддаленасць, неразвітая прамысловасць, аграэстэтыка

Гарадскі пасёлак Краснаполле пяты з канца спіса раённых цэнтраў Беларусі, па колькасці насельніцтва ў рэспубліцы, але ўзначальвае найменш населены раён краіны, які сур’ёзна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Больш за тое, Краснапольскі раён аддалены ад ўсіх транзітных трас і чыгуначных дарог, а таксама не мае развітой прамысловасці.

Яшчэ адносна нядаўна ў мястэчку былі размешчаны камбінат будматэрыялаў і апрацоўкі ільну, масларобны і агароднінасушыльны заводы, а таксама хлебазавод, аднак іх дзейнасць была спынена з прычыны нерэнтабельнасці. Толькі ўявіце сабе, што раён не выпускае свайго хлеба і яго завозяць з суседніх раёнаў. На сайце райвыканкама белым па чорнаму напісана: “У Краснапольскім раёне ажыццяўляе вытворча-гаспадарчую дзейнасць адна прамысловая арганізацыя – Краснапольскае унітарнае вытворчае камунальнае прадпрыемства “Жылкамунгас”.

Прадстаўлена ў Краснаполлі ў шырокім выглядзе і аграэстэтыка. Паселішча адзначаецца тым, што ў мястэчку шмат размаляваных у розныя колеры камянёў, што, здаецца, больш нідзе столькі не ўбачыш, хоць мястэчка па тэрыторыі дастаткова маленькае. Для аматараў рознакаляровага ўспрыняцця свету Краснаполле будзе сапраўдным раем на Зямлі, дзе камяні размаляваны ва ўсе колеры вясёлкі.

 

Адметнасці раённага цэнтра

Маленькае Краснаполле адметна тым, што ў ім штогод праводзіцца міжрэгіянальны фестываль аматарскіх тэатраў «Тэатральныя вечары». «Тэатральныя вечары» прадстаўлялі сабой своеасаблівы форум, месца для абмеркаванняў тэатральных праблем, спектакляў, для ўстанаўлення зносін акцёраў, рэжысёраў, аматараў тэатральнага мастацтва. 

З 2013 года фестываль праводзіцца штогод і мее статус міжрэгіянальнага. Ён аб’ядноўваў аматарскія тэатры розных напрамкаў з усіх куткоў нашай краіны і краін замежжа. У 2018 годзе прайшоў VII Міжрэгіянальны фестываль аматарскіх тэатраў «Тэатральныя вечары», які быў прымеркаваны да 100-годдзя Краснапольскага народнага тэатра. Нездарма каля жоўтага будынка мясцовага цэнтра культуры размешчана малая архітэктурная форма ў выглядзе двух масак як сімвалаў фестываля.

Штогод у Краснаполлі таксама праводзіцца фестываль народных промыслаў і раместваў «Краснапольскі глечык». Яго асноўныя мэты – выяўленне і падтрымка таленавітых самабытных майстроў народнай творчасці Краснапольшчыны, а таксама адраджэнне, захаванне і развіццё творчасці майстроў Магілёўскага краю, падтрымка лепшых узораў народнай творчасці. У Краснаполлі для адраджэння ганчарнага промыслу стварылі нават ганчарную мастэрню, у якой спецыялісты могуць даць майстр-клас па вырабе не толькі ганчарнага посуду, але і вырабе гліняных цацак-свісцёлак. Сімвалічна, што на гербе раённага цэнтра размешчана выява залатога гарлача.

Сярод іншых адметнасцяў адзначым шэраг старых будынкаў канца ХІХ — пачатку ХХ стст. Прычым у адным з такіх будынкаў знаходзіцца мясцовы гісторыка-этнаграфічны музей, які налічвае пяць экспазіцыйных і выставачных залаў, якія падрабязным чынам знаёмяць з мінулым Краснапольшчыны. 

Адзначым таксама яўрэйскія могілкі, якія знаходзяцца фактычна ў ваколіцах мястэчка, што некалі былі важным месцам, бо яўрэйскае насельніцтва стагоддзе таму складала значную частку жыхароў мястэчка.

Роўна сто год таму быў зроблены першы здымак чыгуначнага вакзала ў Крычаве

Чыгуначныя шляхі запачаткавалі новую гісторыю Крычава, без якіх горад бы выглядаў зусім іначай.

Сёлета першаму фотаздымку чыгуначнага вакзала ў Крычаве спаўняецца

роўна сто год. Гэта досыць важная і сімвалічная дата для горада, бо чыгуначная дарога істотна змяніла жыццё Крычава. Трэба прыгадаць, што на пачатку ХХ стагоддзя Крычаў меў статус мястэчка з шасцю тысячамі жыхароў і не адыгрываў асаблівай ролі ў рэгіёне.

Будаўніцтва чыгуначнай дарогі Орша-Крычаў-Унеча пачалося яшчэ ў 1908 годзе ў часы Расійскай імперыі. Аднак тэмпы працы былі дастаткова нізкімі, бо

выкарыстоўвалася пераважна ручная праца. У часы Першай сусветнай вайны будаўніцтва чыгункі спынілася і было адноўлена толькі ў 1920 годзе ўжо пры савецкай ўладзе. 

У 1923 годзе будаўніцтва чыгуначнай лініі Орша-Крычаў-Унеча было скончана, аднак лічыцца што ў Крычаў першы рабочы цягнік прыбыў яшчэ ў 1921 годзе.

Для патрэбаў пасажыраў быў пабудаваны на чыгуначнай станцыі будынак вакзала. На

сённяшні момант захаваўся фотаздымак вакзала прыпыначнага пункта, які датуецца 1922 годам. 

На ім выяўлены аднапавярховы будынак, што быў пабудаваны для патрэбаў пасажыраў. У ім размяшчаліся зала чакання на 95 пасажыраў, касы і буфет, даведачнае бюро і кладовая, а таксама кантора станцыі, дзяжурны і начальнік станцыі. Ад таго першаснага будынка не захавалася, але добра, што каштоўны здымак не знік. Наогул на сённяшні момант з’яўляецца праблематычным лакалізаваць стары будынак чыгуначнага вакзала. Трэба дадатковыя мэтанакіраваныя пошукі гісторыкамі і краязнаўцамі дакументаў у архівах, каб адказаць на пытанне ці быў стары будынак вакзала на месцы сучаснага.

З’яўленне чыгункі ў Крычаве ў пачатку 1920-х гг. паспрыяла не толькі развіццю горада, але і будаўніцтву новага гарадскога раёна – Вакзал. Без гэтага раёна на сённяшні момант ужо цяжка ўявіць гарадское жыццё.  

 

Клічаў адзначае юбілей – знаёмімся з горадам

Зусім юнае паселішча з транспартнымі праблемамі і тыповай савецкай архітэктурай. І з унікальным дэндрапаркам 

Першая згадка сучаснага горада адносіцца да 1592 года як вёскі Клічава Віцебскага ваяводства яшчэ ў часы Вялікага княства Літоўскага, г. зн. 430 год таму. Пад 1738 годам Клічаў узгадваецца як дзяржаўнае сяло ў складзе Любашанскага староства, а ў 1775 годзе паселішча ўжо мела статус мястэчка і ўваходзіла ў Мацэвіцкае войтаўства. 

У 1865 годзе статус Клічава панізілі да сяла, у якім у канцы ХІХ стагоддзя жыло больш за паўтысячы чалавек. Паступова Клічаў вяртае статус мястэчка і напачатку ХХ стагоддзя ў ім пачынае працаваць гута, на якой выраблялі бутэлькі, аптэчны, парцалянавы і хімічны посуд.

Паступовая ўрбанізацыя Клічава пачалася толькі ў 1920-я гг., калі мястэчка зрабілі цэнтрам раёна Бабруйскай акругі. Ужо пазней, у 1938 годзе Клічаў атрымаў афіцыйны статус пасёлка гарадскога тыпу. Нягледзячы на тое, што мястэчка (або гарадскі пасёлак) доўгі час быў цэнтрам раёна, статус горада ён атрымаў толькі ў 2000-м годзе. Адзначым, што Клічаў менавіта з тых беларускіх гарадоў, што вырас натуральным чынам у савецкі час.

 

Цяжка дабрацца, савецкая архітэктура

У Клічаве дагэтуль захоўваецца пэўная праблема з траспартнай інфраструктурай. У Клічаў нязручна дабірацца на грамадскім транспарце – горад знаходзіцца ўдалечыні ад асноўных буйных дарог. Чыгунка таксама ў баку, хоць з Клічавам звязана рэгулярным траспартам. Бліжэйшая чыгуначная станцыя Нясета па дарозе Магілёў-Асіповічы размяшчаецца ў 7 кіламетрах ад Клічава. Уся гарадская інфраструктура абмяжоўваецца толькі аўтастанцыяй. 

Нягледзячы на атрыманне статуса горада і правядзенне абласных Дажынак у 2017 годзе ў Клічаве транспартная праблема так і не вырашылася.

Пры гэтым Клічаў невялікі і досыць кампактны гарадок, які абыйсці можна за некалькі гадзін. У цэнтры горада знаходзіцца досыць стандартны набор функцыянальных будынкаў грамадскага прызначэння. Атмасферу тут ствараюць збудаванні ў стыле неакласіцызма, што паўсталі ў пяцідзесятых-шасцідзесятых гадах. 

Агульную карціну савецкага мінулага дадаюць помнікі, якія з’явіліся ў Клічаве прыкладна ў той жа час. Можа здзівіць хіба тое, што на цэнтральнай плошчы горада будынак мясцовага райвыканкама не з’яўляецца архітэктурнай дамінантай, а выглядае шэравата і будзенна ў параўнанні з будынкам дома культуры або аддзела адукацыі, якому ў Клічаве адведзена эклектычнае збудаванне з калонамі. 

Помнік Леніна невялікі, у натуральны рост лідара бальшавікоў з зусім сціплым пастаментам, размешчаным паміж будынкамі Дома рамёстваў і Клічаўскім аддзелам адукацыі. Як працяг савецкай атмасферы горада – парк з алеямі і атракцыёнамі з васмідзесятых.

У Клічаве няма ніякіх старых помнікаў архітэктуры, а даваенных жылых збудаванняў захаваліся адзінкі. Забудова цэнтральных вуліц складаецца з невысокіх двухпавярховых будынкаў, сярод якіх адзінкі вылучаюцца архітэктурнымі асаблівасцямі. У спальным раёне горада ўсе панэльныя дамы падобны адзін да аднаго, двары якіх слаба ўладкаваны. 

 

Адметнасці горада

Сярод адметнасцей горада ў першую чаргу варта назваць мясцовы дэндрапарк, які знаходзіцца на ўскрайку горада. 

У жыхароў Клічава самым папулярным месцам для адпачынку з’яўляецца якраз дэндрапакр, створаны рукамі Клічаўскага лясгаса. Вядома, не кожны раённы цэнтр можа пахваліцца такім адметным прыродным аб’ектам. Адзначым, што ў гэтым прыгожым месцы сабрана ўнікальная калекцыя раслін – больш за 2500, з іх 105 відаў з розных краін свету.

Досыць нестандартным помнікам можна назваць “Рог дастатку”, які здалёк выглядае казачным персанажам гнома. Скульптурная выява адпавядае прыказцы “з рога ўсяго многа”: бульба, рыба, цыбуля і гарбузы, яблакі і баранкі, нават чугунок з кашай і збан з малаком. З’явілася такая скульптура ў Клічаве напярэдадні правядзення Дажынак у 2017 годзе.  

Нямала ў Клічаве помнікаў звязаных з падзеямі Другой сусветнай вайны, бо Клічаўшчына лічыцца партызанскім краем. У гарадку ёсць Курган Славы, брацкія магілы савецкіх жаўнераў, помнікі партызанам, якія вызвалялі горад ад нямецкай акупацыі. Асабліва цікавым выглядае помнік ваенным журналістам. Менавіта на Клічаўшчыне падчас вайны выпускаліся падпольныя газеты «За Радзiму!», “Голас партызана”, партызанскія лістоўкі і іншыя выданні.

Пры знаёмстве з горадам нельга і абмінуць мясцовы краязнаўчы музей, які складаецца ажно з дзевяці экспазіцыйных залаў. У музеі можна атрымаць досыць грунтоўную інфармацыю пра мінулае Клічава і Клічаўшчыны. Аднак адметнасць музея яшчэ і ў тым, што супрацоўнікі ўстановы культуры вырашылі адрадзіць старую традыцыю аптэкарскіх агародаў. Руплівая праца па пошуку насення для ўласнага агарода дала свой плён – вырошчваецца больш за сто лекавых раслін, якія стагоддзямі выкарыстоўвалі нашы продкі. 

Фота: blishch.by

Народныя калектывы з Чавускага раёна святкуюць юбілеі

Адзін з іх мае статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Адразу два фальклорных калектыва Чавускага раёна святкуюць на гэтым тыдні свае юбілеі. 65-гадовы юбілей адзначае фальклорны калектыў «Незабудкі» з Галавенчыц Чаускага раёна, 45-гадовы  святкуе ансамбль народнай песні “Раніца” Каменскага сельскага Дома народнай творчасці.

Па водгуках спецыялістаў, народная фальклорная група “Незабудкі” вёскі Галавенчыцы – самы яркі і цікавы аўтэнтычны калектыў у Магілёўскай вобласці. Гэта прыклад сапраўднага аднаўлення і захавання мясцовай традыцыйнай культуры.

Калектыў быў створаны 65 гадоў назад, у 1957 годзе, з мясцовых жыхарак. Цяпер ён аб’ядноўвае трох удзельніц яшчэ першага складу – Людмілу Каханоўскую, Валянціну Філіпчанку і Людмілу Кавалёву, а ансамблю і яго творчасці прысвоены статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

У рэпертуар “Незабудак” уваходзяць старажытныя народныя песні, абрадавыя і бытавыя.

29 кастрычніка, у Каменскім сельскім Доме народнай творчасці адбудзецца юбілейны канцэрт народнага ансамбля народнай песні «Раніца». 

Ансамбль ўзнік у 1977 годзе з удзельнікаў хора (створаны ў 1972 годзе  маладым старшынёй мясцовага калгаса “Ленінскі шлях” Рыгорам Іванчанка). Аранжыроўкі ансамбля былі смелымі, і традыцыйныя народныя песні гучалі незвычайна сучасна, што заўсёды выклікала жывы водгук у слухача. 

У аснове рэпертуару калектыву доўгі час былі такія творы, як “Вішанька”, “Зялёна лісце”, “Ляшчына”, “Свякроўка”, “Ярыца” і іншыя. За 45-гадовую гісторыю ансамблем было выканана больш за 300 песень.

“Раніца” – удзельнік многіх фестываляў, конкурсаў, свят: “Беларусь – мая песня”, “Таленты роднага краю”, “Гуляй, гамон!”, “Сузор’е талентаў” і іншых, “У госці да радзімічаў”, “Зялёныя святкі”, “Пятроўскія радасці”, “Александрыя збірае сяброў” і іншых. У 1995 годзе ансамблю “Раніца” было прысвоена званне “народны”. 

На сённяшні дзень у складзе «Раніцы» выдатна спяваюць і радуюць слухачоў сваёй творчасцю Тамара Дзюўбакова, Лілія Рамнянок, Алена Мурашка, Святлана Чуркіна, Таццяна Шынкарова, Вікторыя Куцечка, Вольга і Лілія Глінковы. А яшчэ ўвесь час ідзе пошук жамчужын аўтэнтычнай этнаграфічнай спадчыны, вядзецца праца са старажыламі вёсак Каменскага сельсавета, пераймаецца старадаўняя манера выканання.

фота: chausynews.by