Дзень у гісторыі: 23 жніўня. «Балтыйскі шлях». Пакт «Молатава-Рыбентропа». Нарадзіўся паэт Пімен Панчанка. Памёр журналіст Алесь Ліпай

Міжнародны дзень памяці ахвяраў гандлю людзьмі і яе ліквідацыі.

Адзначаецца з ініцыятывы Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў з 1998 года.

23 жніўня 1791 году адбылося найбуйнейшае паўстанне рабоў на востраве Сан-Дамінга, сучасным Гаіці, які ў той час быў французскай калоніяй. 

Гэта падзея паклала пачатак выкаранення рабства. На 150-й сесіі выканаўчага савету ЮНЕСКА было прапанавана адзначаць яе штогод.

Дата пачатку паўстання і стала Міжнародным днём памяці ахвяр гандлю людзьмі і яго ліквідацыі.

1633 год. Крычаву было нададзенае Магдэбургскае права.

Горад атрымаў герб: «у чырвоным полі залаты крыж, побач з якім срэбны меч».

Прывілей на самакіраванне надаў Крычаву кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза.

Крычаў упершыню згадваецца ў 1136 годзе.

Цяпер 26 тысячны горад – вялікі прамысловы цэнтр на ўсходзе Магілёўшчыны.

1847 год. Памёр Ян Чачот.

Паэт, фалькларыст, мовазнавец.

Выдаў 6 зборнікаў аўтэнтычных беларускіх народных песень у перакладзе на польскую мову і ў арыгінале.

Упершыню паставіў пытанне аб прынцыпах будучага «крывіцкага» правапісу, зрабіў спробу ўнармавання беларускай граматыкі.

Беларускую мову называў «славянакрывіцкай мовай», шырока выкарыстоўваў выраз «Белая Русь».

За ўдзел у таемных студэнцкіх гуртках трапіў пад пераслед расійскіх уладаў. Быў высланы ў Сібір. У Беларусь вярнуўся толькі праз 9 гадоў.

1895 год. Памёр Міхал Андрыёлі.

Ілюстратар і мастак.

Удзельнік паўстання 1863-1864 гадоў. За яго трапіў у ссылку.

Ілюстраваў варшаўскія часопісы, падручнікі гісторыі, даведнікі.

Аўтар кампазіцыяў «Гедымін будуе Віленскі замак», «Смерць Кейстута», партрэтаў, помнікаў архітэктуры.

1917 год. Нарадзіўся Пімен Панчанка.

Народны паэт Беларусі.

Аўтар 31 зборніка паэзіі, кніг, літаратурна-крытычных артыкулаў, а таксама перакладаў твораў замежных літаратараў.

Пімена Панчанку называюць выкрывальнікам савецкай бюракратыі.

1938 год. Нарадзіўся Мікола Сташкевіч.

Гісторык.

Даследчык гісторыі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, палітычных партый і грамадскіх рухаў Беларусі XIX-XX стагоддзяў, станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці ў XX стагоддзі.

1939 год: Паміж Гітлераўскай Германіяй і СССР падпісаны дагавор аб ненападзенні.

У гісторыі вядомы, як пакт «Молатава і Рыбентропа».

У тайным пратаколе да яго быў зацверджаны падзел Усходняй Еўропы. Да сфераў інтарэсаў СССР адносіліся Фінляндыя, Эстонія, Латвія, Літва, усходняя Польшча, Бесарабія.

1989 год. «Балтыйскі шлях».

2 мільёны грамадзян Латвіі, Літвы, Эстоніі, узяўшыся за рукі, сталі ўздоўж дарогі Вільнюс-Талін. Яе працягласць – 600 км.

«Балтыйскі шлях» быў арганізаваны ў 50-ю гадавіну падпісання Пакту «Молатава–Рыбентропа». 

Акцыяй рэспублікі савецкай Прыбалтыкі заявілі аб імкненні да аднаўлення дзяржаўнага суверэнітэту. Праз два гады гэта стала рэальнасцю.

1954 год. Памёр Васіль Русак.

Нацыянальны дзеяч, выдавец.

Удзельнік Беларускага вайсковага з’езду і Першага Ўсебеларускага кангрэсу.

Старшыня з’езду Случчыны, прэзідыуму Рады Случчыны, удзельнік Слуцкага паўстання, камандзір Другога Грозаўскага палка.

Кіраўнік Пражскага Беларускага нацыянальнага камітэту, выдавец і фундатар «Biełaruski śpieŭnik», «Iskry Skaryny».

У 1945 годзе арыштаваны ў Празе савецкай контрвыведкай, асуджаны на 10 гадоў. Памёр у ГУЛАГу.

2018 год. Памёр Алесь Ліпай.

Журналіст і паэт.

Заснавальнік і кіраўнік першай у Беларусі незалежнай інфармацыйнай кампаніі БелаПАН (1991) і сайту «Беларускія навіны».

Кампанія БелаПАН разгромленая рэжымам Лукашэнкі. Ад 2021 году за кратамі трое калегаў Ліпая – Ірына Леўшына, Дзмітрый Наважылаў і Андрэй Аляксандраў.

Ліпай быў першым карэспандэнтам у Беларусі Радыё «Свабода».

Ён аўтар кніг паэзіі. У 1990-х гадах арганізаваў дастаўку ў Беларусь

звыш 1000 кніг, выдадзеных беларускай дыяспарай у Нямеччыне, і распаўсюдзіў іх па школах і бібліятэках.

У чэрвені 1996 году пад час вызвалення закладнікаў, захопленых у дзіцячым садку, узяў інтэрв’ю ў тэрарыста, адцягнуўшы тым самым ягоную ўвагу на сябе.

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

16 жніўня. Дзень у гісторыі. Марш «За Свабоду» па ўсёй краіне. Мсціславу нададзенае Магдэбургскае права. Нарадзіліся: «нашанівавец» Аляксандр Уласаў і ініцыятар стварэння беларускай «Радыё Свабода» Мікола Абрамчык. Сталін пастанавіў паланёных гітлераўцамі салдат лічыць здраднікамі

Дзень малінавага сочыва.

Адзначаецца ад 2015 году і прымеркаваны да дня, калі славяне прыносілі падзяку маліне і шанавалі Ісака-Малінніка.

Лічылася, што з’едзеная на Ісака-Малінніка жменя маліны напаўняе цела асаблівай сілай супраць прастудных захворванняў, а зваранае ў гэты дзень сочыва дапамагае ўсёй сямʼі перажыць зіму без сурʼёзных хвароб.

1634 год. Мсціславу нададзены прывілей на вольнасць – Магдэбургскае права.

Горадам з самакіраваннем Мсціслаў зрабіўся з указу Караля польскага і Вялікага князя Літоўскага Уладзіслава Вазы за дапамогу гараджанаў у вызваленні з-пад маскоўскай акупацыі Смаленску.

Мсціслаў займеў герб «у залатым полі збройная рука з мячом – Малая Пагоня».

За часамі расійскай улады Мсціславу прыдумалі іншы герб. Да Малой Пагоні дамалявалі ці то ваўка, ці лісіцу.

1869 год. Памерла Альбіна Габрыэля Пузына.

Пісьменніца, паэтка, мемуарыстка.

Аўтарка ўспамінаў «Мая памяць», якія багата ілюстраваны малюнкамі, літаграфіямі і фотаздымкамі, уяўлялі панараму жыцця ўсіх слаёў грамадства паўночна-заходняй Беларусі, змяшчалі каштоўную інфармацыю пра мастацкае жыццё краю, паўстанне 1830-1831 гадоў.

1874 год. Нарадзіўся Аляксандр Уласаў.

Грамадскі дзеяч, рэдактар-выдавец газеты «Наша ніва», польскі сенатар.

Чалец Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Меў багатую бібліятэку, шмат архіўных матэрыялаў пра «нашаніўскі» перыяд, нацыянальную асвету ў Заходняй Беларусі.

У 1939 годзе быў арыштаваны савецкімі органамі ўнутраных спраў паводле абвінавачвання ў «шпіёнска-правакатарскай дзейнасці». Паводле лагернай даведкі «памёр ад паралюшу сэрца».

Рэабілітаваны ў 1961 годзе.

1878 год. Нарадзіўся Дамінік Сямашка.

Палітык. Дзеяч беларускага нацыянальнага руху на Віленшчыне.

Удзельнічаў у пасяджэнні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, якая абвясціла незалежнасць БНР. Прыхільнік федэрацыі Беларусі і Літвы.

Кіраўнік Міністэрства беларускіх спраў Літвы. Уваходзіў у склад літоўскай дэлегацыі пры заключэнні мірнага дагавора паміж Літвой і РСФСР 1920 г. «як прадстаўнік беларускага насельніцтва Віленскай і Гродзенскай губерняў».

1903 год. Нарадзіўся Мікола Абрамчык.

Грамадскі і палітычны дзеяч, прэзідэнт Беларускай Народнай Рэспублікі. Дзеяч беларускай эміграцыі ў Чэхаславакіі, Францыі.

Старшыня Беларускага нацыянальнага цэнтру, удзельнік антыкамуністычнага руху, прэзідэнт Лігі за вызваленне народаў СССР.

Ініцыятар стварэння беларуская рэдакцыі Радыё «Вызваленне/Свабода».

 

1941 год. Паланёныя нацыстамі савецкія салдаты абвяшчаліся здраднікамі, а іх сем’і пазбаўляліся дзяржаўнай падтрымкі.

Такі ўказ выдала стаўка Сталіна.

Паводле загаду, здраднікамі адразу станавіліся сотні тысяч ваеннапалонных. Па розных падліках, трапіла ў палон і прапала без вестак ад 3,4 да 4,6 млн савецкіх вайскоўцаў і ваеннабавязаных.

1945 год. СССР падпісаў дагавор пра мяжу з Польшчай па «лініі Керзона» 1919-1920 гадоў.

У выніку рэспубліка-пераможца ў вайне з нацыстамі Беларусь згубіла кожнага трэцяга жыхара, пазбавіўшыся Беластоцкай вобласці і яшчэ 3 раёнаў Брэсцкай вобласці. Не ўбачыла БССР і абяцанай Калінінградскай вобласці.

https://tunnel.ru/media/images/2020-08/post/722/151572664_33069.jpg 

1935 год. Нарадзіўся Аляксандр Падлужны.

Мовазнавец, заснавальнік беларускай фанетычнай школы.

У 1990-я гады быў намеснікам старшыні Дзяржаўнай камісіі ўдасканалення беларускага правапісу і кіраўніком рабочай групы па падрыхтоўцы праекту новай рэдакцыі «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», старшынём Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры НАН Беларусі.

2020 год. У Мінску адбыўся самы масавы пратэст у гісторыі Беларусі «Марш за свабоду».

У ім удзельнічала больш за 300 тысяч чалавек.

Падобныя маршы прайшлі ў іншых гарадах Беларусі.

Пратэсты 2020 году, сталі адказам на афіцыйныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся 9 жніўня. Паводле іх, перамог Лукашэнка. Абурэнне выклікаў гвалт сілавікоў, якія выкарыстоўвалі супраць пратэстоўцаў спецсродкі і збівалі іх. У першыя тры дні пасля выбараў былі затрыманыя тысячы людзей.

Выбары 2020 году прывялі да глыбейшага палітычнага крызісу ў краіне, які не пераадолены дагэтуль. Рэжым Лукашэнкі знішчыў цалкам незалежную прэсу і арганізацыі грамадзянскай супольнасці. Супраць рэжыму Лукашэнкі былі ўведзеныя санкцыі Еўрапейскіх краінаў, ЗША.

 

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў

У Магілёўскім гарвыканкаме паставілі «помнік рускаму гвардзейцу Сямёнаўскага палка». Пакуль у выглядзе статуэткі

Гэты полк сфармаваў расійскі самадзержца Пётр І, які загадаў у 1708 годзе спаліць Магілёў.

На першым паверсе гарвыканкаму ў зачыненым кіёску «Магілёўсаюздруку» паставілі толькі статуэтку ў выглядзе помніка, з адпаведным надпісам.

Цяпер «расійскі салдат» разам з ахоўнікам-міліцыянтам у будынку гарадской адміністрацыі сустракае наведнікаў.

Як удалося высветліць, макет «помніка рускаму гвардзейцу Сямёнаўскага палка» падарылі магілёўскім чыноўнікам госці з Расіі. Гарвыканкам вырашыў яго паставіць на першым паверсе свайго будынку. Пры ўваходзе ў яго ўсталяваная шыльда са звесткамі хто і калі Магілёву дараваў магдэбургскае права. Такім чынам, мясцовая ўладная вертыкаль захавала «паліткарэктнасць» між Усходам і Захадам.


Сямёнаўскі полк быў сфармаваны расійскім самадзержцам Пятром І ў 1691 годзе ў падмаскоўным сяле Сямёнаўскае. Тады будучы імператар, які пазней стане славутым у Беларусі забойствам манахаў у Полацку і знішчэннем Сафійскага сабору, забаўляўся вайсковымі гульнямі. Для яго сабралі пацешныя войскі, якія называлі «пацешнымі сямёнаўцамі».

У 1708 годзе на загад Пятра І яго паплечнік Аляксандр Меншыкаў спаліў Магілёў.